Паўстанне 1794 г. у Беларусі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай

Пачатак узброенай барацьбы.

24 красавіка 1794 г. з абвяшчэння на рынку ў Кракаве “Акта паўстання жыхароў Кракаўскага ваяводства” пачалося паўстанне ў Польшчы. Галоўнай яго мэтай дэкларавалася “вызваленне Польшчы ад чужаземнага жаўнера, вяртанне і забеспячэнне цэласці яе межаў, ліквідацыя ўсялякага насілля і узурпацыі як замежнай, так і ўнутранай, забеспячэнне народнай свабоды і незалежнасці Рэчы Паспалітай”. Акт паўстання прызначыў Касцюшку “найвышэйшым і адзіным павадыром і кіраўніком усяго паўстання ... проста з волі народа пакліканага і абранага” [1].

Тадэвуш Касцюшка
Тадэвуш Касцюшка дае прысягу на Кракаўскім рынку 24 сакавіка 1794 г.
Мастак Войцех Коссак. 1911 г.

У якасці мясцовых органаў па кіраўніцтву паўстаннем прадугледжвалася стварэнне “парадкавых камісій” па ваяводствах і паветах. Яны ў сваю чаргу павінны былі стварыць “дазорныя ўправы”. Кожная “дазорная ўправа” павінна была ахапіць 1000-1200 сялянскіх гаспадарак. Прадугледжвалася стварэнне новых рэвалюцыйных судоў, якія павінны былі разглядаць крымінальныя справы аб злачынствах, накіраваных супраць паўстання. Аднак новыя органы ўлады - камісіі, управы і суды - не скасоўвалі стары дзяржаўны апарат. Кракаўскі акт паўстання не прадугледжваў і ліквідацыі манархіі.

Палонныя маскалі.
Ян Кілінскі вядзе рускіх палонных па вуліцах Варшавы.
Мастак Войцех Коссак. 1908 г.

Першая спроба арганізаванага выступлення ў ВКЛ адбылася на тэрыторыі Жамойці, у Шаўлях. Там 16 красавіка 1794 г. быў абвешчаны “Шавельскі акт” паўстання, падпісаны ў асноўным вайскоўцамі. Заклікаючы да паўстання, яго ўдзельнікі на чале з А.Хлявінскім вызначылі мэтай “вяртанне свабоды Айчыне”, перамогу над тыраніяй і пакаранне здраднікаў. Але лёс паўстання ў ВКЛ у многім залежаў ад таго, у чыіх руках застанецца ВКЛ.

Ужо з другой паловы 1793 г. Вільня стала адным з цэнтраў падрыхтоўкі паўстання ў Рэчы Паспалітай. Рэвалюцыйная ідэалогія будучага выступлення засноўвалася на бачанні яго, па прыкладу Т.Касцюшкі, не толькі вайсковым, але і ўсесаслоўным рухам з выразным антыманархічным і антыфеадальным адценнем. Засваенне французскага вопыту “віленскімі якабінцамі” на чале з Якубам Ясінскім непасрэдным чынам адбілася на іх дзейнасці як на арганізацыі паўстання, так і на вызначэнні ў ім ролі ВКЛ на правах самастойнай арганізацыйна-дзяржаўнай часткі. Менавіта французская рэвалюцыя заклікала не толькі да сацыяльнага, але і нацыянальнага вызвалення, абяцала ўсім паднявольным народам падтрымку ў іх змаганні.

Вільня паўстала ўначы з 22 на 23 красавіка 1794 г. Каля 700 чалавек рэгулярнага войска ВКЛ, размешчанага ў сталіцы, пры дапамозе некалькі соцень мясцовых жыхароў у выніку нечаканага нападу і двухгадзіннага бою захапілі ў палон больш за 1000 чалавек з расійскага акупацыйнага гарнізона разам з генералам Арсеньевым.

24 красавіка ў Вільні быў урачыста прыняты і абвешчаны “Акт паўстання народа Вялікага княства Літоўскага”. Згодна з ім утвараўся свой незалежны орган па кіраўніцтву паўстаннем - Найвышэйшая Рада ВКЛ. Менавіта ёй аддавалася ўся паўната ўлады ў Княстве. У гэты ж дзень 2328 чалавек падпісалі віленскі акт аб пачатку паўстання і далі прысягу на вернасць яму.

Справе больш канкрэтнай арганізацыі паўстанцкага руху прысвячаўся “Універсал да ваяводстваў і паветаў правінцый Вялікага княства Літоўскага і гарадоў вольных”. Ён быў абвешчаны ўжо ад імя Найвышэйшай Рады 24 і 25 (паўторна) красавіка 1794 г. Пачынаўся “Універсал...” словамі: “... Слухай, Народзе Літоўскі, што табе гаворыць не кароль слабы са слабейшага яшчэ трона, не свавольны збор людзей, што нічога акрамя марнага тытулу не маюць, але спакойнае згуртаванне спагадлівых тваіх сыноў, якія доўга для вызвалення твайго працавалі тады, калі ты ўжо ў ім зняверыўся”. Ва “Універсале...” былі акрэслены галоўныя прыярытэты паўстання - “здабыццё свабоды і роўнасці грамадзянскай”, выгнанне расійскіх акупацыйных войскаў, вяртанне ўсіх анексіраваных зямель Вялікага княства Літоўскага.

Для абароны паўстання ад ворагаў і пакарання здраднікаў быў утвораны найвышэйшы Крымінальны суд. З сяброў Найвышэйшай Рады ўтварыліся яе "дэпутацыі” - забеспячэння, публічнай бяспекі, скарбу і таемная (для кіраўніцтва ваеннымі аперацыямі). Старшыня Рады павінен быў мяняцца кожны дзень паводле алфавіта. Прадугледжвалася дапаўненне першапачатковага (з 29 асоб) складу Рады дэлегатамі ад ваяводстваў і паветаў. У такім разе яна мела ўсе падставы ператварыцца ў самастойны паўстанцкі ўрад. Сярод першага складу Рады былі Антоній Тызенгаўз, прэзідэнт г.Вільні, Юзаф Несялоўскі, ваявода наваградскі, Самуэль Корсак, удзельнік слыннага пратэсту на чале з Т.Рэйтанам супраць першага падзелу Рэчы Паспалітай на сейме 1773 г., Марцін Пачобут-Адляніцкі, рэктар Віленскай акадэміі, Якуб Ясінскі, палкоўнік і камендант сталічнага гарнізона. 3 мая Найвышэйшая Рада ВКЛ прызначыла Я.Ясінскага галоўнакамандуючым над усімі паўстанцкімі сіламі ў краі.

Пакаранне смерцю здраднікаў.
Пакаранне смерцю здраднікаў.
Мастак Ян Пётр Норблін. 1794 г.

25 красавіка пасля першага свайго пасяджэння найвышэйшы Крымінальны суд вынес смяротны прыгавор апошняму гетману Княства Шыману Касакоўскаму як здрадніку і галоўнаму памагатаму расійскіх акупацыйных войскаў. Гетмана павесілі прылюдна на “французскі манер”, на вулічным ліхтары, на пляцы перад віленскай ратушай. 14 мая тут жа быў павешаны экс-маршалак Таргавіцкай віленскай канфедэрацыі І.Швыкоўскі. Праявы “якабінскага тэрору” ў Вільні знайшлі свой працяг у Варшаве 9 мая і 28 чэрвеня, дзе былі праведзены аналагічныя акцыі. Так, сярод павешаных апынуліся нават два каталіцкія біскупы, віленскі - І.Масальскі і інфлянцкі - Ю.Касакоўскі [2].

Крыніцы:

  • [1] Historia Polski 1764-1795/ Wybór tekstów. Warszawa, 1954. S. 170,173.
  • [2] Kieniewicz S., Zahorski A., Zajeimki W. Trzy powstania narodowe. Warszawa, 1997. S. 87,90.