Паўстанне 1794 г. у Беларусі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай

Асаблівасці паўстання ў Беларусі і Літве.

Якуб ЯсінскіЯкуб Ясінскі. Невядомы мастак. Каля 1794 г.

З самага пачатку паўстанне ў Беларусі і Літве набыло свае адметныя рысы, якія не прадугледжваліся ва ўзорным Кракаўскім акце. На першым этапе разгортвання паўстання ў ВКЛ можна казаць аб яго большым радыкалізме. Так, ва “Універсале да ваяводстваў і паветаў ВКЛ і гарадоў вольных” Найвышэйшая Рада хаця і ў досыць лагоднай форме, але крытыкавала манархію. У гэтым дакуменце літвінскія паўстанцы выразна засведчылі і свае адносіны да рэвалюцыйнай Францыі: мужны народ французскі, разам з іншымі, падае нам сяброўскую руку, патрабуе паўстання нашага, дае нам для таго дапамогу ў розным выглядзе...” Заява гэта была дэкларатыўнай, але знамянальнай у тагачасных міжнародных абставінах.

Характэрна, што тэкст віленскага “Універсала...” ад 24 красавіка варшаўскія газеты публікавалі са скарачэннямі. Былі прамінуты словы пра “слабога караля” і аб чакаемай дапамозе з боку Францыі. У сувязі з гэтым аўстрыйскі дыпламат у Варшаве Бенядзікт дэ Кашэ паведамляў у Вену: “Віленская рэвалюцыя не ўзяла за ўзор кракаўскі ці варшаўскі паўстанцкі маніфест, замест гэтага абвясціла свой уласны акт... якога галоўнай мэтай мае быць ліквідацыя трона і апора на французскія ўзоры пры дапушчэнні, што французскі народ не пакіне паўстанцаў без падтрымкі” [1]. У такім жа напрамку інфармаваў свой урад і шведскі пасол у Рэчы Паспалітай Ёган Хрыстофер Таль.

Якуб Ясінскі і яго паплечнікі ў ВКЛ больш выразна змаглі засведчыць і сацыяльны імператыў у паўстанні. Лозунгам паўстання ў Княстве сталі словы “свабода, роўнасць, незалежнасць”. У Польскім каралеўстве замест слова “роўнасць” прысутнічала “цэласць”. Пры гэтым можна дапусціць, што ў тэрміне “роўнасць” акрамя выразнага сацыяльнага акцэнту літвінам бачылася патрэба засведчыць і правы ВКЛ на самастойны ўдзел у паўстанні. У гэтым сэнсе істотным быў факт утварэння самастойнага ў асноўных пытаннях (арганізацыя войска, скарбу і нават вядзенне магчымых міжнародных сувязей) органа -Найвышэйшай Рады ВКЛ, што кракаўскім актам не прадугледжвалася. Найвышэйшая Рада Вялікага Княства праіснавала толькі да 10 чэрвеня 1794 г. Потым ёй на змену прыйшла Цэнтральная Дэпутацыя ВКЛ, ужо поўнасцю падпарадкаваная Т.Касцюшку і Найвышэйшай Нацыяльнай Радзе ў Варшаве.

Першыя дакументы, абвешчаныя ў Вільні, былі з насцярожанасцю ўспрыняты ў Польшчы. Аднавіліся спрадвечныя абвінавачванні літвінаў ў сепаратызме. Тым не менш Віленскім актам ад 24 красавіка фактычна было адноўлена ранейшае становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай “двух народаў”, значна абмежаванае Канстытуцыяй 3 мая 1791 г. Аднак неабходнасць змагання з агульным ворагам, наяўнасць супольных мэт у паўстанні - здабыццё свабоды, роўнасці і незалежнасці - больш аб'ядноўвала, чым раз'ядноўвала дзве часткі дзяржавы.

Аб агульнасці падыходаў да арганізацыі паўстання ў ваяводствах і паветах сведчыла арганізацыя “парадкавых камісій” згодна з Кракаўскім актам. “Парадкавыя камісіі” павінны былі стаць арганізацыйнымі цэнтрамі паўстання на месцах. Як форма мясцовай адміністрацыі яны ўзніклі яшчэ падчас працы Чатырохгадовага сейма. Аднак у перыяд паўстання 1794 г. іх прэрагатывы былі пашыраны і прыстасаваны амаль выключна для яго патрэб. Толькі 30 мая Найвышэйшая Нацыянальная Рада ў Варшаве прыняла палажэнне аб умовах стварэння і парадку працы “парадкавых камісій”. Згодна з ім у склад “камісій” павінен быў увайсці 21 "камісар”, якіх “самі выберуць абывацелі з найбольш дастойных”[2]. Пры іх фарміраванні захоўваўся саслоўны прынцып: 8 чалавек ад землеўладальнікаў (шляхты), 8 - ад мяшчанства і 5 чалавек - ад святарства. Сяляне былі пазбаўлены прадстаўніцтва ў “парадкавых камісіях”. У склад “камісій” уваходзілі сем аддзелаў: парадку, бяспекі, справядлівасці, скарбу, харчавання, войска і інструкцый. Ваяводскія і павятовыя “парадкавыя камісіі” адначасова выконвалі функцыі органаў мясцовага самакіравання і з'яўляліся прадстаўнікамі цэнтральнай улады. У Беларусі і Літве яны, як правіла, падпарадкоўваліся Цэнтральнай Дэпутацыі. У палажэнні аб “парадкавых камісіях” асаблівая ўвага была звернута на тое, каб у тых месцах, дзе меліся жыхары уніяцкага ці праваслаўнага веравызнанняў, у склад “камісій” абавязкова ўводзіліся іх прадстаўнікі.

Жаўнеры Касцюшкі.
Жаўнеры Касцюшкі.
Мастак Міхал Стаховіч.

У перыяд паўстання ў ВКЛ функцыяніравала да 23 “парадкавых камісій”: дзве ваяводскія - берасцейская і віленская і 21 павятовая [3]. Большая частка з іх цалкам ці часткова дзейнічала на тэрыторыі Беларусі, ахопленай паўстаннем. Але колькасць камісій не была пастаяннай. Яна змянялася ў залежнасці ад ходу ваенных дзеянняў. Паколькі ваенныя дзеянні ішлі не на карысць паўстанцаў і тэрыторыя паўстання паступова звужалася, скарачалася і колькасць “парадкавых камісій”. З-за кароткага тэрміну паўстання многія з іх у Беларусі не змаглі адпаведным чынам разгарнуць сваю работу. У кожным павеце акрамя “парадкавых камісій” абіраўся і дзейнічаў так званы “генерал зямянскі” ці “генерал міліцыі”. Ён дапамагаў “парадкавым камісіям” у арганізацыі паспалітага рушання і ўзначальваў добраахвотныя паўстанцкія фарміраванні. На сваёй пасадзе “генерал зямянскі” пасля адпаведнага прадстаўлення Цэнтральнай Дэпутацыі ВКЛ ці ваяводскай “парадкавай камісіі” зацвярджаўся Т.Касцюшкам, які падпісваў адпаведны “патэнт”. У Беларусі найбольш вядомымі “зямянскімі генераламі “ падчас паўстауня былі ў Віленскім ваяводстве Т.Корсак і Ю.Стакоўскі, у Берасцейскім - М.Пашкоўскі; у паветах: Браслаўскім - К.Беліковіч, Ашмянскім - К.Коцел, Лідскім - К.(Юзаф) Нарбут, Ваўкавыскім - Сегень, Гародзенскім - К.Ельскі, Кобрынскім - К.Рушчыц [4].

Адным з галоўных пытанняў, ад вырашэння якога залежаў поспех паўстання, было стаўленне да яго сялянства. Ужо 30 красавіка Найвышэйшая Рада Народа Літоўскага абвясціла зварот пад назвай “Да земляробаў і люду вясковага”. У ім ад імя шляхецтва і святарства выразна, у выглядзе закліку, прагучала прызнанне неабходнасці ўстанаўлення сацыяльнай роўнасці: “пакінем жа адрозніваць рознасць нашых станаў, усе мы людзі і грамадзяне адной Айчыны”. Гэты “зварот” не толькі абвяшчаў пра аднаўленне Канстытуцыі 3 мая, якая “шчаслівы пачатак вызвалення сялянства паклала”. У ім гаварылася таксама, што “воля перад законам і свабода для вас ад народа ўжо прыгатаваная” [5]. Можна толькі здагадвацца, што канкрэтна стаяла за гэтым абяцаннем Рады аб “прыгатаванай свабодзе”. Да выдання Т.Касцюшкам “Паланецкага універсала” (7 мая 1794 г.) заставаўся тыдзень і наўрад ці Найвышэйшай Радзеў Вільні было нешта пра гэта вядома. Магчыма, новы дакумент, які рыхтаваўся, перастаў быць актуальным у сувязі з тым жа “Паланецкім універсалам”, згодна з якім сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, але без зямлі, а тыя, што далучаліся да паўстання, вызваляліся ад прыгону. “Зварот” тым не менш рассылаўся з Вільні па паветах. Напрыклад, у Лідскім павеце ён быў занесены ў кнігу земскага суда ўжо 3 мая 1794 г. [6]

Спроба вырашыць “сялянскае пытанне”, звароты да сялянства не прайшлі незаўважанымі ў Беларусі. Падчас паўстання наяўнасць сялян у паўстанцкіх аддзелах дасягала часам трэцяй іх часткі. Агульная ж колькасць удзельнікаў паўстання на ўсім яго працягу складала да 30 тыс. чалавек. Адсюль і пільная ўвага расійскага вайсковага камандавання да гэтага пытання. Галоўнакамандуючы расійскімі войскамі ў Рэчы Паспалітай падчас паўстання М.Рэпнін загадваў сваім афіцэрам, каб перш за ўсё стараліся аберагаць сялян і “прывабліваць” іх да сябе. Рэквізіцыі харчавання і фуражу па меры магчымасці трэба было рабіць у шляхты. Сялян, якія добраахвотна пакінулі б паўстанцкія атрады, ён абавязваў узнагароджваць грашыма і адпускаць “на волю”, г. зн. да “свайго” старога ці новага расійскага пана. Услед за М.Рэпніным у “прывабліванні” сялянства вызначыўся адзін з камандзіраў буйнога расійскага атрада ў Беларусі Л.Бенігсен. У в. Беніца пад Смаргонню ён спрабаваў схіліць сялян да непаслушэнства сваім уладальнікам, пры гэтым абнадзейваў іх нібыта магчымасцю атрымання волі.

Т.Касцюшка неаднаразова засцерагаў ад падвойнай небяспекі, якая зыходзіла ад ворага - сілы зброі і “інтрыгі хітрасці”. Ён пісаў: “Маскалі шукаюць спосабу падбухторвання вясковага люду супраць нас... заахвочваюць да лепшай будучыні з дапамогай маскоўскай.., да рабунку двароў, сілай апранаюць у свае мундзіры”.

“Літоўская Рада” таксама не пакінула без увагі ў сваіх адозвах і пракламацыях расійскіх салдат, людзей “у мундзірах”. 8 мая ёю быў абвешчаны спецыяльны зварот да іх. “Салдаты-расіяне, - заклікала Рада, - вы з аблічча чалавечага за людзей ад нас знаныя, строгай уладзе камандзіраў падлеглыя, мы вас лічым за братоў бліжніх і спачуваем вашай долі, бо вы, жадаючы волі, мець і карыстацца ёю не можаце пад тыранскім кіраваннем”. Пракламацыя-зварот, выдадзеная па-польску і па-руску, заклікала простых расійскіх салдат павярнуць зброю супраць “уласных тыранаў”[7]. 27 мая “Літоўская Рада” звярнулася да жыхароў ВКЛ з напамінаннем аб неабходнасці гуманнага стаўлення да расійскіх дэзерціраў, якія будуць прасіць прытулку.

Нельга не адзначыць яшчэ адну істотную асаблівасць хода паўстання 1794 г. у Беларусі, звязаную з шматканфесійнасцю рэлігійнага жыцця ў краі. Заява Т.Касцюшкі - “за адну шляхту біцца не буду” - была арганічна спалучана з яго дэмакратычным стаўленнем да рэлігійнага пытання на сваёй радзіме. Не выпадкова ён вельмі прыхільна сустрэў абранне сваімі суайчыннікамі ў склад берасцейска-кобрынскай парадкавай камісіі васьмі прадстаўнікоў праваслаўнага насельніцтва. Ён рэкамендаваў рабіць такім жа чынам паўсюдна, дзе маюцца праваслаўныя вернікі. У сваім звароце да праваслаўных святароў 7 мая 1794 г. Т.Касцюшка выказаў упэўненасць у аднаўленні незалежнага ад пецярбургскага сінода самастойнага кіраўніцтва праваслаўнай царквой у Беларусі і Польшчы паводле рашэнняў Чатырохгадовага сейма ў маі 1792 г.

Гэту асаблівасць рэлігійнага жыцця ў ВКЛ не магла не ўлічваць і Найвышэйшая Літоўская Рада. У пачатку паўстання яна звярнулася да святарства і жыхароў краю уніяцкага і праваслаўнага абрадаў з заклікам да падтрымкі паўстання на падставе ўсталявання поўнай роўнасці і справядлівасці ў рэлігійным жыцці, што звязвалася з яго перамогай. Кароткі тэрмін паўстання, яго паражэнне не далі магчымасці здзейсніць сапраўды “палітычна мудрыя”, паводле выразу Т.Касцюшкі, намеры.

Нягледзячы на ўсю важнасць прапагандысцкіх акцый, кіраўніцтву паўстаннем у Вялікім княстве Літоўскім было зразумела, што яго лёс будзе вырашацца на полі бітвы. Адна з першых буйнейшых сутычак адбылася 7 мая 1794 г. каля в.Паляны ў Ашмянскім павеце. Я.Ясінскі меў намер выкарыстаць ініцыятыву, якая на той час амаль поўнасцю была ў руках паўстанцаў, і разбіць трохтысячны аддзел палкоўніка М.Дзеева, які пагражаў Вільні. У паўстанцаў налічвалася каля дзвюх тысяч рэгулярнага войска. Акрамя таго, іх сілы папоўніла амаль тысяча мясцовых сялян-касінераў. Занятая бітва з удзелам артылерыі пачалася раніцай і працягвалася да самага вечара. Расійскі бок не чакаў такога моцнага адпору і пасля шасцігадзіннага бою вымушаны быў адступіць да Смаргоні, пры гэтым страціў 17 чалавек забітымі і 327 параненымі. Паўстанцы страцілі некалькі дзесяткаў забітымі, а 34 чалавекі трапілі ў палон разам з трыма гарматамі, астатнія сілы паўстанцаў адышлі пад Вільню [8].

У рапарце пра бой пад Палянамі палкоўнік М.Дзееў напісаў, што “воины (расійскія. - У.Е.) были так раздражены, что не давали пардону (г. зн. дабівалі параненых), но они (паўстанцы) так были отчаянны, что и раненые оборонялись”. Акрамя таго, каб апраўдаць свой, “канфуз” пад Палянамі, Дзееў вымушаны быў павялічыць сілы Ясінскага ажно да 11 тыс. чалавек. Сярод іх вылучылася ўпартасцю ў змаганні асобная група “канфедэратаў-шляхціцаў, віленскіх стральцоў і мужыкоў, узброеных стрэльбамі, сякерамі, пікамі і косамі”. Поспех Я.Ясінскага пад Палянамі прымусіў генерала П.Цыцыянава паспешліва адвесці з-пад Гародні на прыкрыццё Нясвіжа і трохтысячны корпус, якім ён камандаваў.

Касінеры.
Жаўнеры Касцюшкі.
Мастак Валер Эліаш-Радзікоўскі. 1894 г.

Другая буйная бітва беларускіх паўстанцаў пад камандаваннем Я.Ясінскага з расійскім войскам адбылася 25 чэрвеня пад в. Солы, каля Смаргоні. Але гэта быў ужо іншы час, менш спрыяльны для паўстанцаў. Ініцыятыва па розных прычынах пачала пераходзіць да праціўніка. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла і адстаўка Я.Ясінскага з пасады галоўнакамандуючага паўстанцкага войска ВКЛ. З сярэдзіны мая 1794 г. Т.Касцюшка падзяліў паўстанцкае войска на тры корпусы на чале з Я.Ясінскім, Я.Хлявінскім і П.Грабоўскім. 4 чэрвеня зноў адзіным камандуючым паўстанцкімі сіламі ў ВКЛ быў прызначаны генерал-лейтэнант М. Вяльгорскі, які сваёй бяздзейнасцю пацвердзіў поўную няздатнасць да гэтай пасады.

Пад Соламі сышліся буйны пяцітысячны расійскі корпус Зубава з 16 гарматамі і аддзелы Ясінскага, якія ўключалі да 4 тыс. чалавек. Як і пад Палянамі, у Ясінскага налічвалася каля адной тысячы сялян-касінераў. Бітва пачалася зранку і цягнулася больш за пяць гадзін. Усё вырашыла перавага расійцаў у артылерыі. Паўстанцы, якія мужна стрымлівалі атакі непрыяцеля, пад канец бою трапілі пад шчыльны гарматны агонь і пачалі адступаць. У гэтай бітве загінула каля 300 паўстанцаў, большасць з іх - неспрактыкаваныя сяляне-касінеры [9].

Крыніцы:

  • [1] Kieniewicz S., Zahorski A., Zajeimki W. Trzy powstania narodowe. Warszawa, 1997. S. 87,90.
  • [2] Akty powstania Kościuszki. Kraków, 1918. Т. 1. S. 216.
  • [3] Akty powstania Kościuszki. Kraków, 1918. Т. 1. Wstęp. S. LXX.
  • [4] Bartoszewicz К. Dzieje insurgencji kościuszkowskiej. Wiedeń, 1906. S, 222; НАРБ, ф. 1767, в. 1, с. 101, а. 5а.
  • [5] Энгель А. Архив Виленского генерал-губернатора. Вильно, 1870. Т. 2. Ч. 1. С. 120, 121, 127.
  • [6] НАРБ, ф. 1767, в. 1, с. 101, а. 5.
  • [7] Mościcki H. Jenerał Jasiński i powstanie kościuszkowskie. Warszawa, 1917. S. 152.
  • [8] Расійскі цэнтральны ваенна-гістарычны архіў (далей - РЦВГА), ф. ВИА, воп. 1, спр. 282, арк. 362; Pówstanie kościuszkowskie 1794. Dzieije militarne. Warszawa, 1994. Т. 1. S. 372.
  • [9] РЦВГА, ф. 43, воп. 1, спр. 95, арк. 179-180; Powstanie kościuszkowskie 1794. Dzieje militarne, Warszawa, 1994. T. 1. S. 414.