Паўстанне 1794 г. у Беларусі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай

Выкарыстанне партызанскай тактыкі.

Адметнай рысай паўстанцкіх дзеянняў у Беларусі было выкарыстанне партызанскіх, дыверсійных метадаў змагання. Да таго ж паўстанцы імкнуліся перанесці барацьбу ў так званы “расійскі кардон”, на анексіраваную раней тэрыторыю ВКЛ. 1 чэрвеня 1794 г. Якуб Ясінскі. выдаў універсал да павятовых конных дыверсійных 300-асабовых аддзелаў. Яны павінны былі ўвайсці ў “расійскі кардон”, адцягнуць на сябе сілы акупантаў і, сеючы паніку ў тыле непрыяцеля, адначасова ўздымаць на паўстанне мясцовую шляхту, мяшчанства і сялян. Гэту ініцыятыву ўхваліў Т.Касцюшка. Ён адзначыў, што “ў Літве генерал Ясінскі (загадам Касцюшкі ад 11 мая Ясінскаму было прысвоена званне генерал-лейтэнанта) апярэдзіў маю думку, калі выдаў да сваіх суайчыннікаў праўдзівыя звароты ... якія на ўвесь край павінны быць распаўсюджаны” [1]. Акрамя гэтага універсала Ясінскім была складзена асобная “ Інструкцыя для тых, хто ўваходзіў у расійскі кардон”. Яна рэгламентавала жорсткі парадак дзеянняў і паводзін паўстанцаў на акупаванай тэрыторыі. Паводле яе дыверсійныя акцыі павінны былі прывесці да аслаблення сіл праціўніка, што дазволіла б больш упэўнена дзейнічаць асноўным сілам паўстанцаў.

Адным з першых здолеў ажыццявіць такі намер сябар Найвышэйшай Рады Вялікага княства Літоўскага Міхал Клеафас Агінскі. Ён атрымаў дазвол ад Я.Ясінскага на правядзенне разведвальна-дыверсійнага рэйду ў напрамку Менска. 12 чэрвеня ён выйшаў з-пад Вільні на чале асабовага аддзела колькасцю 500 чалавек (200 чалавек кавалерыі пад камандаваннем маёра Т.Корсака і 300 стральцоў, узброеных і забяспечаных уласным коштам самога Агінскага) і накіраваўся пад Валожын. Там Агінскі разбіў невялікі расійскі гарнізон, захапіўшы пры гэтым значныя запасы вайсковай амуніцыі, харчавання, і рушыў на Івянец. У Івянцы быў абвешчаны зварот да жыхароў Менскага ваяводства. У ім са спасылкай на тое, што ён пасланы ад “мужнага генерал-лейтэнанта Ясінскага”, Агінскі заклікаў далучацца да паўстання, каб “вярнуць Айчыне волю”.

З Менска насустрач Агінскаму па загаду губернатара Няплюева былі высланы значныя сілы. 16 чэрвеня пад Вішневам паўстанцаў сустрэлі і разбілі расійскія войскі. Толькі рэшткі аддзела (150 чалавек кавалерыі і частка стральцоў) змаглі разам з Агінскім прабрацца пад Крэва да Ясінскага. Т.Касцюшка, якому М.Агінскі прадставіў рапарт аб сваёй выправе пад Менск, нягледзячы на няўдачу, адзначыў яе вартасць і карысць: вораг занепакоены, трэба імкнуцца, каб і надалей ён адцягваў значныя сілы для прыкрыцця сваіх тылоў.

Прыкладна ў той жа час з падобнай місіяй у Паставы быў накіраваны з Вільні на чале асабовага коннага аддзела (60 чалавек) падпалкоўнік Т.Гарадзенскі. Там ён згодна з “Інструкцыяй" Ясінскага абвясціў Віленскі акт паўстання, рэквізаваў мясцовую канцылярыю і канфіскаваў грашовую касу. У адпаведнасці з радыкальнымі патрабаваннямі Ясінскага сурова распраўляцца не толькі са здраднікамі, але і з тымі, хто спрабаваў ухіляцца ад барацьбы з непрыяцелем, Т.Тарадзенскі загадаў паставіць на пастаўскім рынку дзве шыбеніцы для здраднікаў. Ніхто павешаны не быў, але з Паставаў аддзел Гарадзенскага выйшаў папоўнены (у яго ўвайшлі 200 чалавек са “шляхты і ўзброеных сялян”) [2].

Касінеры.
Касінеры.
Мастак Міхал Стаховіч.

З пачатку ліпеня 1794 г. усё большы непакой Цэнтральнай Дэпутацыі ВКЛ выклікала становішча Вільні. Расійскія войскі ўсялякім чынам імкнуліся захапіць сталіцу Княства. 17-18 ліпеня першая спроба ўзяць яе штурмам не ўдалася. Але з гэтага часу расійскія войскі далёка ад горада ўжо не адыходзілі. Каб адцягнуць адсюль іх сілы, а таксама дапамагчы сваім паплечнікам у Польшчы, у жніўні былі арганізаваны два найбуйнейшыя дыверсійныя рэйды беларускіх паўстанцаў на Віцебшчыну, Меншчыну і Магілёўшчыну. Іх узначальвалі М.Агінскі і С.Грабоўскі.

1 жніўня спачатку невялікі асабовы конны аддзел (50 чалавек) М.Агінскага пакінуў Вільню і праз Немянчын і Свянцяны выйшаў на Браслаўшчыну. Па дарозе ён папоўніўся ўзброенымі фарміраваннямі шляхты і сялян. Колькасць паўстанцаў павялічылася да дзвюх з паловай тысяч чалавек. Сам М.Агінскі называў сваё войска самаахвярным і самаадданым, але кепска дысцыплінаваным і мала спрактыкаваным. На Браслаўшчыне ён пакінуў большую частку паўстанцаў, у тым ліку 1200 касінераў, а сам з трыма эскадронамі конніцы рушыў на Дынабург. Але вызваліць горад такімі малымі сіламі не ўдалося. Вестка аб захопе расійскім войскам Вільні 12 жніўня прымусіла паўстанцаў павярнуць назад.

Бадай самую маштабную спробу палепшыць справы паўстанцаў у Беларусі зрабіў у канцы жніўня - пачатку верасня падпалкоўнік Стэфан Грабоўскі. 17 жніўня яго амаль двухтысячны аддзел з дазволу М.Вяльгорскага каля Івянца ўвайшоў у “закардонную” Меншчыну. Пры гэтым меркаваўся захоп Менска. Але і гэтым разам не пашанцавала паўстанцам, бо непрыяцельскі гарнізон у Менску атрымаў значнае падмацаванне. Тады аддзел Грабоўскага, сышоўшы з ракаўскага гасцінца, і ў абыход горада праз Койданава накіраваўся да Пухавічаў. Па дарозе паўстанцы грамілі расійскія каманды, разбуралі масты, рабілі засекі на дарогах. Паводле сведчання самога М.Рэпніна, у паўстанцаў не было праблем з забеспячэннем харчаваннем і фуражом. Колькасць “грабоўшчыкаў” па дарозе папоўнілася амаль на паўтары тысячы чалавек. 30 жніўня авангард паўстанцаў дайшоў да Бабруйска. Начным нападам горад быў заняты, а невялікі мясцовы гарнізон знішчаны. Ад Бабруйска С.Грабоўскі павярнуў назад, маючы намер захапіць Слуцк. Але пад Любанню шлях яму перагарадзіў генерал П.Цыцыянаў з чатырохтысячным войскам. 4 верасня раніцай пачалася бітва, якая цягнулася цэлы дзень. Пры гэтым С.Грабоўскі апынуўся пад Любанню амаль без пяхоты і значнай часткі конніцы, якія не паспелі напярэдадні пераправіцца цераз раку Арэсу. Паўстанцы біліся мужна, але сілы былі няроўныя. З часткай свайго аддзела колькасцю 250 чалавек С.Грабоўскі вымушаны быў капітуляваць. Т.Касцюшка рэйд Грабоўскага на той час не лічыў неабходным. Даведаўшыся пра яго, ён запатрабаваў, каб паўстанцы выйшлі з “расійскага кардона”, адцягнулі свае сілы пад Берасце і Гародню. Тым не менш той факт, што на нейкі час аддзелу С.Грабоўскага ўдалося адцягнуць на сябе да 4 тыс. расійскага войска ў Беларусі, ужо сведчыў сам за сябе.

Немалыя надзеі ў пашырэнні паўстання ў Беларусі Т.Касцюшка ўскладаў на дзеянні корпуса генерала К.Серакоўскага. У канцы ліпеня ён накіраваўся з-пад Высокага праз Шарашова на Слонім. Яго задачай было прыкрыццё Вільні і адначасова недапушчэнне захопу Берасця. З першапачатковых паўтары тысячы чалавек корпус К.Серакоўскага павялічыўся больш чым удвая за кошт добраахвотнікаў з мясцовай шляхты і сялянства; Асабліва дапамаглі яму ў гэтым берасцейская і кобрынская парадкавыя камісіі. З Кобрынскага павета ў корпус улілося 713 чалавек “павятовай міліцыі” і касінераў пад камандаваннем Казіміра Рушчыца. Каля 500 чалавек добраахвотнікаў прыйшло з Берасцейскага павета пад камандаваннем павятовага генерал-маёра Мацея Франкоўскага.

Касінеры.
Сялянская міліцыя паспалітага рушання.
Мастак Міхал Стаховіч.

2 жніўня пад Слонімам авангард паўстанцаў К.Серакоўскага, якіх на той час было ўжо чатыры з паловай тысячы, сутыкнуўся з перадавой часткай корпуса генерала Дэрфельдэна. Расійскі бок, у адрозненне ад паўстанцаў, панёс даволі значныя страты - параненымі і забітымі да 300 чалавек [3]. Нягледзячы на спрыяльныя ўмовы для далейшага наступлення, К.Серакоўскі вырашыў адысці да Ружанаў, а потым пад Бярозы. Ён не рызыкнуў пайсці на Вільню, якая тады фактычна знаходзілася ў аблозе, а накіраваў туды яшчэ з-пад Слоніма толькі аддзел берасцейскіх добраахвотнікаў-касінераў М.Франкоўскага. Яны ўзялі ўдзел у абароне горада 11 жніўня, многія загінулі ў акопах і на віленскіх мурах. Урэшце адыход К.Серакоўскага пад Бярозу, а потым пад Берасце нельга лічыць беспадстаўным. Даходзілі звесткі, што з Украіны ідзе на Беларусь шматтысячны расійскі корпус пад камандаваннем А.Суворава. Менавіта паўстанцам Серакоўскага наканавана было сустрэцца з яго войскамі.

17 верасня непадалёку ад Кобрына, каля в.Крупчыцы, з раніцы і да трэцяй гадзіны дня працягвалася найбуйнейшая бітва часоў паўстання 1794 г. у Беларусі. З абодвух бакоў у ёй узялі ўдзел каля 15 тыс. чалавек. Сярод іх былі і амаль дзве тысячы беларускіх сялян-касінераў, набраных К.Серакоўскім пад Берасцем, Кобрынам, Пружанамі, Слонімам, Бярозай. З інфармацыі “шматлікіх шпегаў” Сувораву былі добра вядомыя абходныя шляхі і падыходы да асноўнай пазіцыі паўстанцаў перад крупчыцкім кляштарам кармелітаў. Перайшоўшы рэчку Трасцяніцу, флангавым манеўрам аддзелы А.Суворава змаглі выйсці амаль у тыл паўстанцам, захапіць узвышша над іх пазіцыяй. Гэта і вызначыла зыход бітвы. Каб не падставіць свае асноўныя сілы пад знішчальны агонь расійскай артылерыі, Серакоўскі аддаў загад адысці. Нават Сувораў вымушаны быў адзначыць мужнасць паўстанцаў: “... атакаваны непрыяцель змагаўся моцна больш за пяць гадзін”. Параненымі, забітымі, прапаўшымі без звестак паўстанцы страцілі каля 2 тыс. чалавек. Большасць палеглых складалі малапрактыкаваныя ў вайсковых справах касінеры. Частка з іх ужо пасля бітвы была пасечана казакамі ў сценах крупчыцкага кляштара, дзе яны шукалі сабе паратунку.

Пасля крупчыцкай бітвы Серакоўскі адвёў асноўную частку сваіх сіл пад Берасце, разлічваючы перагрупаваць іх і дачакацца абяцаных падмацаванняў з Польшчы, каб потым зноў прыняць бой, перакрыць Сувораву шлях на Варшаву. Ён разлічваў, ШТО пасля цяжкай бітвы пад Крупчыцамі будзе мець хаця б пару дзён у запасе. Але ўжо праз дзень, 19 верасня, зноў нечаканым абыходным манеўрам праз Мухавец А.Сувораў на світанні ўдарыў па пазіцыях К.Серакоўскага пад Берасцем, каля Тэрэспаля. Гэты нечаканы напад прывёў да поўнага разгрому корпуса К.Серакоўскага, ад якога ўцалела толькі 700 чалавек. 2645 паўстанцаў былі забіты і паранены або трапілі ў палон. Як адзначаў той жа А.Сувораў, “разбежавшися при сражении в леса, кои не сдаются и сами не являются, перестреливают коныне егеря и иная пехота, как то и в болотах, кои в них не потонули” [4]. Тым не менш Сувораў усё ж амаль на месяц вымушаны быў затрымацца пад Берасцем, перш чым рушыць на сталіцу Польшчы.

Крыніцы:

  • [1] Akty powstania Kościuszki. Warszawa, 1995. T. 3. S. 31-32.
  • [2] Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў, ф. 7, вып. 2, ад. зах. 2869, арк. 201а.
  • [3] РВЦГА, ф. 43, воп. 1, спр. 95, а. 15-16; Mościcki Н. Jenerał Jasiński. S. 276.
  • [4] Польская война 1794 года в реляциях и рапортах А.В.Суворова. Красный архив. 1940. Т. 4. С. 160,162.