Паўстанне 1794 г. у Беларусі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай

Паражэнне паўстання. Трэці падзел Рэчы Паспалітай.

Пасля гэтых падзей у Беларусі пад кантролем паўстанцаў фактычна заставалася толькі Гародня з часткай Гародзенскага павета. Сюды ненадоўга пераехала Цэнтральная Дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Пад Гародню сцягваліся ўцалелыя паўстанцкія аддзелы Т.Ваўжэцкага з Жамойці, А.Хлявінскага i П.Грабоўскага з-пад Вільні. Тут знаходзіўся і Якуб Ясінскі, які так і не паспеў цалкам сфарміраваць па загаду Т.Касцюшкі “надпушчанскую” паўстанцкую дывізію. 29 верасня 1794 г. у Гародню ўсяго на адзін дзень прыехаў Т.Касцюшка разам са сваім сакратаром Ю.Нямцэвічам для азнаямлення з сітуацыяй. Касцюшка пераканаўся, што горад утрымаць не ўдасца. Ён аддаў загад пакінуць Гародню і ўсе сілы накіраваць на абарону Варшавы. 30 верасня апошнія паўстанцкія аддзелы пакінулі Гародню.

Ваенная і палітычная сітуацыя складвалася не на карысць паўстанцаў і ў Польшчы. Яшчэ ў пачатку чэрвеня аб'яднаныя расійска-прускія войскі ў бітве каля мястэчка Шчаканіцы прымусілі армію Касцюшкі адступіць. 15 чэрвеня прускія войскі занялі Кракаў, а Касцюшка вымушаны быў адступіць да Варшавы. Там ён арганізаваў абарону горада і прымусіў ў жніўні-верасні 1794 г. адысці ад яго прускія войскі і расійскі корпус пад камандаваннем генерала Ферзена. 10 кастрычніка пад Мацяёвіцамі каля 15 тыс. паўстанцаў на чале з Т.Касцюшкам далі бой колькасна большаму корпусу генерала Ферзена. Скончыўся ён на карысць расійскага боку. Тысячы паўстанцаў загінулі або трапілі ў палон. Трапіў у палон і сам цяжка паранены Т.Касцюшка. Начальнікам узброеных сіл паўстання 12 кастрычніка 1794 г. Найвышэйшая Нацыянальная Рада прызначыла замест Касцюшкі яго земляка Тамаша Ваўжэцкага.

Бітва пад Мацяёвіцамі.
Раненне Касцюшкі ў бітве пад Мацяёвіцамі
Мастак Ян Багуміл Плерш. 1794 г.

4 лістапада войскі пад камандаваннем Суворава авалодалі ўмацаваным прадмесцем Варшавы - Прагай, Толькі пасля гэтага было прынята рашэнне аб капітуляцыі Варшавы. Штурм Прагі Суворавым увайшоў у гісторыю як “пражская разня”. Падчас яго загінулі тысячы мірных жыхароў, каля 10 тыс. паўстанцаў. Сярод абаронцаў Прагі было да 5 тыс. прадстаўнікоў ВКЛ. На барыкадах Прагі загінуў і легендарны Я.Ясінскі.

Менавіта за жорсткае задушэнне паўстання А.Сувораў атрымаў ад Кацярыны II званне фельдмаршала, а таксама больш за 13 000 прыгонных сялян Кобрынскага павета. Усяго ж расійскім вайскоўцам і грамадзянскім чыноўнікам было раздадзена больш за 80 тыс. прыгонных сялян Беларусі.

Бітва пад Мацяёвіцамі.
Казакі выносяць параненага Тадэвуша Касцюшку з поля бою пад Мацяёвіцамі
Мастак Ян Багуміл Плерш. 1794 г.

Шансаў на перамогу ў паўстанні 1794 г. было няшмат. Яго не падтрымалі асноўныя масы сялянства, гараджане, а кансерватыўныя колы шляхты ў кіраўніцтве паўстаннем імкнуліся да таго, каб не дапусціць шырокага выступлення гарадскіх нізоў і сялянства. Акрамя таго, сабатаж і невыкананне распараджэнняў Т.Касцюшкі, а часта і адкрытая здрада падрывалі сілы паўстанцаў.

У пачатку паўстання Т.Касцюшка і іншыя яго кіраўнікі спадзяваліся, што Аўстрыя, Прусія і Расія не змогуць накіраваць значныя сілы супраць паўстанцаў па прычыне ўцягнення іх у барацьбу з Турцыяй і Францыяй. Аднак Прусія і Аўстрыя аслабілі націск на рэвалюцыйную Францыю і сканцэнтравалі значныя сілы супраць Рэчы Паспалітай "двух народаў" і тым самым не далі магчымасць тут вызваленчаму руху спалучыцца з сацыяльнымі пераменамі, здольнымі памяняць састарэлыя парадкі. Больш за ўсё суседнія манархіі палохала магчымасць узнікнення новай, рэфармаванай, не выключна шляхецкай, а ўсесаслоўнай Рэчы Паспалітай, у якой сапраўды маглі б запанаваць воля, роўнасць і незалежнасць.

Нягледзячы на тое што паўстанне пацярпела паражэнне, яго значэнне ў гісторыі Еўропы велізарнае. Ідэі вызваленчага дэмакратычнага руху не загінулі, а шырока распаўсюдзіліся ў Аўстрыі, Прусіі, Расіі. Для Беларусі паўстанне 1794 г. стала першым этапам паступовага фарміравання ўласнага нацыяльна-вызваленчага руху, які развіваўся ў наступныя часы.

Падаўленне паўстання 1794 г. дазволіла Расіі, Аўстрыі і Прусіі перайсці да канчатковай ліквідацыі Рэчы Паспалітай. Перагаворы аб апошнім падзеле дзяржавы пачаліся яшчэ падчас змагання з паўстаннем і доўжыліся амаль год.

Напачатку Расія спрабавала максімальна абмежаваць памеры тэрытарыяльных захопаў Прусіі і Аўстрыі. Але яны сталі відавочнымі ўжо ў 1794 г. Прусія 3 красавіка 1794 г. захапіла паўстанцкі Кракаў, а Аўстрыя, інтарэсы якой гэтым былі істотна закранутыя, у адказ у другой палове ліпеня таго ж года акупіравала Сандамірскае ваяводства і большую частку Холмшчыны.

У сваю чаргу расійскія войскі фактычна акупіравалі і не збіраліся пакідаць захопленую імі велізарную тэрыторыю. Яна распасціралася ад Жамойці да Валыні, з паўднёва-заходнімі беларускімі землямі, з гарадамі Вільня, Гародня, Наваградак, Берасце. У руках расійскага войска знаходзілася і Варшава.

Шляхам узаемных кампрамісаў Расія і Аўстрыя імкнуліся абмежаваць занадта, на іх погляд, вялікія патрабаванні Прусіі. Ім удалося першымі дамовіцца паміж сабою і ўрэгуляваць мяжу на Валыні і па рацэ Буг, падпісаўшы 3 студзеня 1795 г. адпаведнае пагадненне. Прусія была вымушана абмежаваць свае намеры і далучылася да падзельнай канвенцыі толькі 24 кастрычніка 1795 г.

Вывезены спачатку ў Гародню, а потым у Санкт-Пецярбург Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25 лістапада 1795 г. вымушаны быў адмовіцца ад трона ў страчанай дзяржаве. Канчатковае вызначэнне межаў апошняга падзелу Рэчы Паспалітай паміж краінамі-падзельніцамі адбылося ў ліпені 1796 г. Апошнія дамовы паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, звязаныя з ліквідацыяй дзяржавы, былі падпісаны ў 1797 г. Пры гэтым было ўстаноўлена, што ніхто з трох манархаў не будзе мець права выкарыстоўваць тытул польскага караля і вялікага князя літоўскага.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі адышла апошняя ацалелая частка Вялікага княства Літоўскага з Вільняй, герцагства Курляндскае, Заходняя Валынь і частка Холмскай зямлі агульнай плошчай 120 тыс. км2 з насельніцтвам каля 1 млн 200 тыс. чалавек: Насельніцтва ўласна беларускіх зямель у складзе Віленскага, Наваградскага, Гародзенскага і часткі Берасцейскага ваяводстваў складала да 840 тыс. чалавек. Аўстрыя атрымала Кракаўскае, Сандамірскае, Люблінскае, часткі Мазавецкага, Берасцейскага і Падляшскага ваяводстваў памерам 47 тыс. км2 з насельніцтвам 1 млн 500 тыс. жыхароў. Прусія займела большую частку Мазавецкага ваяводства разам з Варшавай, часткі Падляшскага, Гародзенскага, Троцкага ваяводстваў і Жамойці памерам у 48 тыс. км2 з насельніцтвам каля 1 млн. чалавек. Пры гэтым частка этнічна беларускіх зямель (Беластоцкая акруга) да 1807 г. таксама апынулася ў Прускім каралеўстве.

Нягледзячы на тое што гвалтоўная ліквідацыя Рэчы Паспалітай была безумоўным парушэннем усіх міжнародных правоў, еўрапейскія краіны, занятыя вайной з рэвалюцыйнай Францыяй, абыякава паставіліся да Гэтага факта.

Ліквідацыя Рэчы Паспалітай адбылася ў перыяд спробы яе рэфармавання. Падзел дзяржавы супаў з намаганнямі магутных феадальных манархій Еўропы не дапусціць распаўсюджання ў Рэчы Паспалітай рэвалюцыйных французскіх уплываў.

Для насельніцтва беларускіх зямель сітуацыя, звязаная з трохступенньм пераходам у склад Расійскай імперыі, апірышча феадальных парадкаў, была далёка не адназначнай. Шляхта, ураўнаваная ў правах з расійскім дваранствам, за выключэннем удзельнікаў паўстання, нічога не страціла са сваіх правоў і прывілегій. Асцярожным і абачлівым спачатку было стаўленне царызму да каталіцкага і уніяцкага святарства. Беларускі ж прыгонны селянін апынуўся пад новым бізуном расійскага самадзяржаўя. Эканамічнае і палітычнае развіццё Беларусі трапіла пад уціск захавальнай палітыкі царызму, накіраванай на кансервацыю рэгрэсіўных феадальных адносін, з пункту гледжання інтарэсаў існавання беларускай культуры і мовы беларусы ў выніку далучэння сваіх зямель да Расійскай імперыі трапілі з “гаршка” паланізацыі на “патэльню” русіфікацыі.

У нябыт адышла старая феадальная Рэч Паспалітая, а новая, рэфармаваная не паспела ўсталявацца. У гэтым была віна не толькі знешніх захопнікаў, але недальнабачнасць і абмежаванасць палітыкі кансерватыўных колаў самой Рэчы Паспалітай.