Пачатак Інфлянцкай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі

Абвастрэнне сітуацыі ў Інфлянтах.

Да сярэдзіны XVIст. Інфлянцкая (Лівонская) дзяржава апынулася ў абставінах сур'ёзнага ўнутрыпалітычнага крызісу[1]. Гэта праявілася ў першую чаргу ў раздрабленні палітычнай улады і падзенні яе аўтарытэту. Немалую ролю ў гэтым адыгралі сацыяльныя і этнічныя антаганізмы. Пабудаваныя на сярэднявечных прынцыпах кіравання, інфлянцкія ўладныя структуры выявілі сваю недзеяздольнасць у новых умовах XVI ст. Усё гэта ўвасобілася перш за ўсё ў ваенным аслабленні Інфлянцкай дзяржавы.

Крызісным становішчам Інфлянтаў не прамарудзілі скарыстацца ў сваіх інтарэсах узмацнелыя суседнія краіны. Маскоўская дзяржава і Вялікае Княства Літоўскае амаль што сінхронна прыступілі да дзеянняў па пашырэнні свайго ўплыву ў Інфлянтах. Жыгімонт Аўгуст пачаў праяўляць пільную зацікаўленасць справамі ў Інфлянтах з 1552 г. У хуткім часе па ініцыятыве прускага князя Альбрэхта каралеўскі двор пачаў будаваць планы па ўзмацненні свайго ўплыву ў Інфлянцкай дзяржаве. У агульных рысах яны былі распрацаваны ў 1554-1555 гг.[2] З другой паловы 50-х гг. XVI ст. інфлянцкі напрамак паступова становіцца прыярытэтным у знешняй палітыцы ВКЛ.

Зацікаўленасць ВКЛ у падпарадкаванні Інфлянтаў вынікала са стратэгічна-абарончых меркаванняў і гандлёва-эканамічных інтарэсаў краіны. Геапалітычнае становішча Інфлянтаў дазваляла кантраляваць паўночныя раёны Маскоўскай дзяржавы, стварыць супраць яе шырокі наступальна-абарончы плацдарм. Адначасова кантроль над інфлянцкай тэрыторыяй даваў магчымасць сачыць за развіццём падзей у Балтыйскім моры і будаваць уласную балтыйскую палітыку, маючы выдатную партовую інфраструктуру. Як паказалі польскія даследчыкі, памкненні да ўсталявання кантролю над басейнам Балтыйскага мора з'яўляліся адной з галоўных знешнепалітычных задач для Жыгімонта Аўгуста[3].

Кантраляванне Інфлянтаў было важным з пункту гледжання гандлёва-эканамічных інтарэсаў ВКЛ. Рака Дзвіна звязвала з Лівоніяй яго паўночна-ўсходнія раёны. Цесна злучанай з Інфлянтамі была таксама Жамойцкая зямля. Дзвінскі гандлёвы шлях з'яўляўся адным з найважнейшых выхадаў да Балтыйскага мора і звязваў ВКЛ з Заходняй Еўропай[4]. Спрыяльная кан'юнктура ў гандлі збожжам і іншымі таварамі дыктавалі неабходнасць авалодання ключавымі гандлёвымі артэрыямі дзеля павялічэння аб'ёмаў гандлёвага абмену з заходнееўрапейскімі краінамі[5].

Мапа Інфлянтаў (Лівоніі)
Мапа Інфлянтаў (Лівоніі) 1573 г.

Зацікаўленасць у вышэйшых кіруючых колах ВКЛ, безумоўна, выклікалі багатыя зямельныя масівы ў Інфлянтах. Магчымасць пашырыць землеўладанні за кошт добра апрацаваных інфлянцкіх земляў вабіла літоўскую магнатэрыю і шляхту. Гэты каланізацыйны фактар асабліва выразна праяўляўся ў грамадскіх настроях у першыя гады Інфлянцкай вайны[6]. Аднак кіраўніцтва ВКЛ было вымушана ахалоджваць падобныя памкненні, стараючыся заручыцца падтрымкай мясцовай эліты ў Лівоніі.

Сутнасць планаў Жыгімонта Аўгуста і Альбрэхта па падпарадкаванні Інфлянтаў заключалася ў авалоданні ключавымі адміністрацыйнымі пасадамі праз сваіх стаўленікаў і далейшай секулярызацыі духоўных дзяржаўных утварэнняў, г. зн. наданні ім свецкага характару. За ўзор трансфармацыі палітычнага ладу і дзяржаўных структур была выбрана пруская мадэль. Правадніком гэтых планаў у Інфлянтах павінен быў стаць рыжскі арцыбіскуп Вільгельм[7].

Аднак рэалізацыя данай палітыкі сутыкнулася з жорсткім супрацьдзеяннем з боку Інфлянцкага ордэна. Ордэнскі магістр В. Фюрстэнберг справядліва бачыў у іх пагрозу для існавання Інфлянцкай дзяржавы. Арышт рыжскага арцыбіскупа ордэнскімі ўладамі ў 1556 г. рэзка пагоршыў адносіны Ордэна з Польшчай і ВКЛ. Засяродзіць увагу на інфлянцкіх справах кіраўніцтву ВКЛ дазволіла заключанае ў гэтым жа годзе шасцігадовае перамір'е з Маскоўскай дзяржавай, а таксама параўнальна добрыя адносіны з Крымскім ханствам.

У 1557 г. Жыгімонт Аўгуст аб'явіў вайну Інфлянцкаму ордэну. Польска-літоўска-прускае войска рушыла ў напрамку Інфлянтаў. У выніку праведзеных на мяжы ВКЛ з Інфлянтамі перамоў Ордэн быў вымушаны пагадзіцца на ўмовы гаспадара Польшчы і ВКЛ[8]. Дзякуючы заключанай Пазвольскай дамове ва ўнутрыпалітычным канфлікце ў Інфлянтах верх узяла пралітоўская партыя. У хуткім часе гэта прывяло да выбару на пасаду магістра Інфлянцкага ордэна Г. Кетлера[9].

Трохі раней, у 1554 г., канчаўся тэрмін перамір'я паміж Інфлянтамі і Маскоўскай дзяржавай. З мэтай яго падаўжэння ў Маскве адбыліся перамовы, якім было наканавана стаць вузлавым момантам у шэрагу падзей, што прывяло да вайны. У выніку перамоў было падпісана чарговае пагадненне. Новае значэнне атрымаў пункт аб “юр'еўскай даніне”. Згодна з ім Дэрпцкае біскупства павінна было выплаціць пскоўскаму намесніку вялікую грашовую суму, якую дэрптцы запазычылі за апошнія 50 год. Для збору даніны даваўся трохгадовы тэрмін[10].

Жыгімонт АўгустВялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст Маскоўскі цар Іван ЖахлівыМаскоўскі цар Іван IV

У тэксце дамовы меўся таксама пункт пра забарону ўступлення Інфлянтаў у ваенныя саюзы з Польшчай, Літвой і Швецыяй. Аднак 14 верасня 1557 г. паміж ВКЛ і Інфлянтамі было падпісана патаемнае пагадненне аб ваеннай узаемадапамозе, якое павінна было пачаць дзейнічаць пасля сканчэння ў 1562 г. перамір'я ВКЛ з Масквой. Калі б Інфлянцкая дзяржава падверглася інтэрвенцыі раней гэтага тэрміну, ВКЛ не было абавязанае дапамагаць свайму паўночнаму суседу[11].

22 студзеня 1558 г. выправай маскоўскага войска ў глыб Інфлянтаў распачалася Інфлянцкая вайна. Былі спустошаны значныя абшары[12]. Як аказалася, з ваенна-стратэгічнага пункту гледжання ў гэтай акцыі былі вельмі цьмяныя мэты. Па сваім характары яна нагадвала тагачасныя набегі крымскіх татар на рускія землі без відавочнай задачы захопу тэрыторыі[13].

З пачаткам вайны кіраўніцтва Інфлянтаў ліхаманкава стала шукаць знешняй дапамогі. У сакавіку 1558 г. у Вільню спешна прыбыло інфлянцкае пасольства. Аднак Жыгімонт Аўгуст адмовіў Інфлянтам у дапамозе, параіўшы заключыць з Масквой замірэнне на любых умовах да 1562 г., г.зн. да сканчэння тэрміну літоўска-маскоўскага перамір'я[14]. Для кіраўніцтва ВКЛ пачатак ваенных дзеянняў у Лівоніі быў поўнай нечаканасцю. Яно яўна не разлічвала на такое хуткае разгортванне вайны з боку Масквы.

На пачатку 1558 г. ВКЛ апынулася ў складаным знешнепалітычным становішчы. Разам з абвастрэннем сітуацыі ў Інфлянтах зноў нагадала пра сябе даўняя праблема на паўднёвым памежжы. Нечаканая выправа крымскіх татар у канцы 1557 г. у глыб Падолля і Валыні (па сведчаннях маскоўскага боку, татарскае войска дасягала 20 тыс. чалавек) прымусіла літвінаў чарговы раз звярнуць увагу на свае дачыненні з Крымскім ханствам. Іх пагаршэнне скоўвала ініцыятыву кіраўніцтва ВКЛ на іншых напрамках.

Готхард КетлерГотхард Кетлер, лівонскі магістар. Мікалай Радзівіл ЧорныМікалай Радзівіл Чорны, канцлер Вялікага Княства Літоўскага.

Прапанаваны Масквой у лютым 1558 г. антыкрымскі саюз прымушаў задумацца пра выбар знешнепалітычных прыярытэтаў. Стрыманую пазіцыю заняў Мікалай Радзівіл Чорны. Ён заявіў, што хана “изгонити из Крыму не хитро”, аднак гэта можа выклікаць вайну з Турцыяй, а няма ўпэўненасці, што ў гэтым выпадку Іван IV “на своем слове устоит” і не нанясе ВКЛ удар у спіну. Нягледзячы на скепсіс канцлера ВКЛ, маскоўскія прапановы не былі адразу ж адхілены. Аднак Жыгімонт Аўгуст выслаў у Стамбул свайго пасланца са скаргай на варожыя дзеянні крымскага хана Даўлет-Гірэя. У выніку мір з Асманскай імперыяй і яе васалам Крымскім ханствам быў пацверджаны, а набег 1557 г. ахарактарызаваны як прыкрае непаразуменне[15]. Літвіны, такім чынам, здолелі забяспечыць сабе мір на паўднёвай мяжы. Адразу ж пасля гэтага Маскве далі зразумець, што антыкрымскае пагадненне з ёю заключана не будзе. У Вільні існаванне Крымскага ханства разглядалася як стрымальны фактар, які не дазваляў Маскоўскай дзяржаве на поўную моц разгарнуць ваенныя дзеянні супраць Вялікага Княства[16].

Пасля безвыніковых перамоў аб вечным міры на пачатку 1559 г. літоўскія паслы ўпершыню звярнуліся да інфлянцкай праблемы. Акцэнтавалася ўвага Івана IV на недапушчэнні “хрысціянскага кровапраліцця” і на кроўных сувязях Жыгімонта Аўгуста з рыжскім арцыбіскупам Вільгельмам, што давала яму падставы заступіцца за Інфлянты[17]. У Літве добра разумелі што пасля авалодання Інфлянтамі Масква адразу распачне вайну з ВКЛ[18]. Таму вельмі важным быў перахоп ініцыятывы, а ліхаманкавы пошук кіраўніцтвам Інфлянцкага ордэна знешняй ваеннай дапамогі толькі ствараў спрыяльныя ўмовы для гэтага.

Заключэнне ў сакавіку 1559 г. шасцімесячнага перамір'я з Маскоўскай дзяржавай дало час для правядзення неабходных перамоў. Вынікам візіту лівонскага магістра Г. Кетлера ў Вільню сталася заключэнне 31 жніўня 1559 г. дамовы, паводле якой тэрыторыя Інфлянцкага ордэна пераходзіла пад асабістую абарону Жыгімонта Аўгуста. На ўмяшанне ў інфлянцкі канфлікт была атрымана згода вальнага сейма ВКЛ[19]. Літвіны абавязваліся абараняць Інфлянты ад нападаў праціўніка і вярнуць захопленыя маскоўскім войскам інфлянцкія землі на паўночным усходзе краіны. Узамен яны атрымлівалі пад грашовы заклад паўднёва-ўсходнюю частку тэрыторыі Інфлянтаў з замкамі Баўска, Розітэн, Люцэн, Дынабург і Зэльбург. Пасля сканчэння вайны Ордэн меў права выкупіць гэтыя землі. Да заканчэння тэрміну маскоўска-інфлянцкага перамір'я літвіны павінны былі паведаміць Маскве пра пераход Інфлянтаў пад абарону ВКЛ. У гэты ж тэрмін у закладзеных замках павінны былі размясціцца літоўскія гарнізоны. Вызначэнне межаў паміж Інфлянтамі і ВКЛ адкладвалася на канец вайны. На такіх жа ўмовах праз два тыдні да Віленскай дамовы далучыўся рыжскі арцыбіскуп Вільгельм, аддаючы пад заклад замкі Марыенгаўзен і Ленэвард, а таксама двары Лобань і Бірзэн[20].

Крыніцы:

  • [1] Арбузов Л.А. Очерк истории Лифляндии, Эстляндии и Курляндии. СПб., 1912. С. 212-217.
  • [2] Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł (1515-1565): kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939. S. 197; Olewnik J. Polsko-pruski plan inkorporacji Inflant do monarchii jagillońskiej z lat 1552-1555 i jego pierwsze stadium realizacji // Kommunikaty Mazursko-Warmińskie. 1978, r. 4. S. 52-57; Wijaczka J. Prusy Książęce a Polska, Litwa i Inflanty w połowie XVI wieku: działalność dyplomatyczna Asverusa von Brandta w latach 1544-1558. Kielce, 1992. S. 70-75.
  • [3] Bodniak S. Polska a Bałtyk za ostatniego Jagiełłona. Kórnik, 1946. S. 280-282; Lepszy K. Dzieje floty polskiej. Gdańsk, 1947. S. 237-239.
  • [4] Сборник императорского Русского исторического общества (далей - РИО). Т. 1. СПб., 1892. С. 87-89.
  • [5] Павулан А.А. Хозяйственное и политическое значение даугавского торгового пути в XIII-XVIIвв. // Экономические связи Прибалтики с Россией. Рига, 1968. С. 45-46.
  • [6] Русская историческая библиотека (далей - РИБ). Т. 30. Юрьев, 1914. С. 270-271.
  • [7] Karwowski S. Wcielenie Inf lent do Litwy i Polski 1558-1561. Poznań, 1873. S. 21-23; Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł... S. 145-148; Wijaczka J. Prusy Książęce... S. 71-75.
  • [8] Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł... S. 180-187.
  • [9] Арбузов Л.А. Очерк истории Лифляндии... С. 125-126.
  • [10] Шаскольский И.П. Русско-ливонские переговоры 1554 г. и вопрос о ливонской дани // Международные связи России до XVII в. М., 1961. С. 398.
  • [11] Karwowski S. Wcielenie Inflant do Litwy i Polski... S. 42; Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł... S. 184-185.
  • [12] Полное собрание русских летописей (далей - ПСРЛ). Т. 13. Патриаршая, или Никоновская, летопись. М., 1965. С. 289-290.
  • [13] Цікава, што асноўную частку Маскоўскага войска складалі асобы татарскага паходжання: ПСРЛ. Т. 13. С. 287; Разрядная книга 1475-1598 гг. М., 1966. С. 170-171.
  • [14] JJasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł... S. 240-242.
  • [15] РИО. Т. 59. СПб., 1887. С. 535-551, 577; Флоря Б.Н. Проект антитурецкой коалиции в середине XVI в. // Россия, Польша н Причерноморье в XV-XVIIIвв. / Под ред. Б.А. Рыбакова. М., 1979. С. 77-80.
  • [16] Османская империя и страны Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы в XV-XVIвв.: Главные тенденции политических взаимоотношений / Отв. ред. И.Б. Греков. М., 1984. С. 259.
  • [17] РИО. Т. 59. С. 578.
  • [18] Любавский М.К. Литовско-русский сейм: Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. М., 1900. С. 95-96 (дадаткі).
  • [19] РИБ. Т. 30. С. 270-271, 273-274,
  • [20] Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł... S. 250-251.