Пачатак Інфлянцкай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі

Страта Полацка ў 1563 г.

Пачынаючы з верасня 1562 г., маскоўскае кіраўніцтва пачало рыхтавацца да маштабнай выправы на ВКЛ. Сам час яе падрыхтоўкі і правядзення паказваў, што ўлады імкнуліся максімальна выкарыстаць фактар нечаканасці. У восеньскі перыяд баявыя дзеянні, як правіла, згортваліся з-за неспрыяльных умоў надвор'я і немагчымасці здабываць правіянт без вялікіх выдаткаў. У зімовы ж час на ваенным фронце надыходзіла амаль поўнае зацішша. У гэтых абставінах Іван IV вырашыў ажыццявіць без перабольшання дзёрзкую ваенную аперацыю. Мала хто мог меркаваць, што для ўдару будзе абраны Полацк. Выбар менавіта Полацка дыктаваўся, напэўна, яго размяшчэннем на рацэ Дзвіне. Захоп горада адрэзаў бы Віцебск ад дзвінскага шляху, а ўсё паўночна-ўсходняе памежжа ВКЛ - ад цэнтра краіны. Аднак найважнейшым было тое, што Полацк перакрываў сувязь па Дзвіне з Інфлянтамі. Адсюль досыць зручна было пагражаць інфлянцкай тэрыторыі, у тым ліку і далёкай Рызе - канчатковай мэце змагання Івана IV.

У сваім абгрунтаванні выправы на Полацк маскоўскае кіраўніцтва называла чатыры прычыны[1]. Першая з іх мела яўны ідэалагічны характар - дыскрымінацыя праваслаўнага насельніцтва з боку пратэстантаў-лютэран. Асаблівы рэлігійны каларыт полацкай выправе надавала ўзяцце маскоўскім царом з сабою крыжа Еўфрасінні Полацкай, які перад гэтым захоўваўся ў Смаленску. Тым самым абгрунтоўвалася справядлівасць акцыі, якая прымала характар вяртання святыні на сваё месца.

Наступныя тры абгрунтаванні выправы на Полацк цалкам упісваюцца ў кантэкст тагачасных канфліктных маскоўска-літоўскіх адносін. Гэта ігнараванне літоўскім бокам царскага тытула Івана Грознага, сутыкненне інтарэсаў у Інфлянтах і нацкоўванне крымскіх татар на Маскоўскую дзяржаву, што засведчыў перахоп лістоў Жыгімонта Аўгуста ў Крым. Увага пры гэтым акцэнтавалася перш за ўсё на інфлянцкіх справах, дзе ў супрацьстаянні з ВКЛ Масква, безумоўна, прайграла першы этап барацьбы.

Рашэнне аб падрыхтоўцы вялікай выправы маскоўскага войска на ВКЛ было прынята ў верасні 1562 г. Усе мерапрыемствы павінны былі праводзіцца ў строгай сакрэтнасці. Пачаткам выправы трэба лічыць 30 лістапада, калі з Масквы ў Мажайск выступіў цар Іван IV. Зрабіўшы там роспіс палкоў, ён прызначыў канчатковую дату збору на 5 студзеня 1563 г. у Вялікіх Луках[2].

Складаным і адкрытым для дыскусіі застаецца пытанне пра колькасць маскоўскага войска. Пасля супастаўлення розных даных і меркаванняў можна прыйсці да высновы, што актыўная частка войска складала не больш за 60 тыс. чалавек. Аднак у ім мелася і вялікая колькасць дапаможных сіл. Трэба таксама адзначыць, што ў войску было 150-200 гармат разнастайнага калібру[3].

Што гэтаму вялізнаму войску змаглі супрацьпаставіць літвіны? Колькасць узброеных людзей, якія трапілі пасля захопу Полацка ў маскоўскі палон, складала ўсяго 2 тыс. чалавек. Вядома, што тут знаходзіліся тры польскія наёмныя роты колькасцю 500 чалавек. У замку мелася ад 20 да 40 гармат[4].

Пра збор маскоўскага войска ў Вялікіх Луках у памежных замках ВКЛ даведаліся ўжо на пачатку 1563 г. Аднак ліхаманкавыя спробы рады ВКЛ арганізаваць дапамогу Полацку скончыліся поўным фіяска. Прадпісанні рады шляхта папросту праігнаравала. Падчас аблогі Полацка пад камандай гетмана было толькі 2 тыс. жаўнераў з Вялікага Княства і 1400 польскіх наймітаў. З такім малым войскам змагацца супраць маскоўскай навалы было немагчыма. Яно прастаяла ў бяздзейнасці на рацэ Чарніца ўвесь час аблогі і было вымушана адступіць перад небяспекай удару пераважных сіл непрыяцеля[5].

Аблога Полацка
Аблога Полацка, сярэднявечная гравюра

Маскоўскія палкі падышлі да Полацка 31 студзеня 1563 г. і за кароткі час акружылі горад з усіх бакоў. Яго абаронцы адразу пачалі чыніць непрыяцелю перашкоды, абстрэльваючы яго пазіцыі і робячы баявыя вылазкі. Аднак ход падзей развіваўся яўна не на карысць палачан. Дапамога не падыходзіла, і 4 лютага 1563 г. полацкія ўлады вырашылі пайсці на перамовы з непрыяцелем. Яны прасілі спынення агню да 9 лютага 1563 г., каб высветліць, ці згодны палачане на здачу горада. Маскоўскае камандаванне выкарыстала перамовы для далейшага ўмацавання сваіх пазіцый вакол горада. Увесь гэты час царскія ратнікі набліжалі сваегарматы да сцен полацкага пасада. А ўвечары 7 лютага 1563 г. да Полацка падышла цяжкая артылерыя, якая адыграла ў далейшым галоўную ролю ў бамбардзіраванні крэпасці[6].

9 лютага 1563 г. С. Давойна, зразумеўшы безвыніковасць перамоў і ўбачыўшы размяшчэнне маскоўскай артылерыі прама пад пасадскімі сценамі, распарадзіўся запаліць і пакінуць добра ўмацаваны пасад горада. Маскоўскія ратнікі ўварваліся ў пасадскую частку і завязалі бой з палачанамі. Простыя жыхары, якія знаходзіліся тут, убачыўшы такі паварот падзей, вырашылі не ісці ў Верхні замак, а падацца ў маскоўскі лагер[7]. Там апынулася ад 11 да 20 тыс. палачан. Дзеянні С. Давойны выклікалі крытыку з боку мясцовай шляхецкай эліты і польскіх ротмістраў. Разлад у лагеры абаронцаў не спрыяў наладжванню дзейснага супраціўлення і стаў адной з прычын няўдалай абароны горада[8].

Пажар пасада дазволіў маскоўцам падцягнуць артылерыю яшчэ бліжэй да замкавых сцен. Да 13 лютага гарматы былі расстаўлены па ўсім перыметры ўмацаванняў. Суцэльны абстрэл замка на працягу 13-14 лютага, а таксама падпал ягоных сцен канчаткова вырашылі справу. У крэпасці разгарэўся пажар, затушыць які не было ніякай магчымасці. Палачане не праяўлялі актыўнага супраціўлення, яўна ўражаныя нечакана моцным і інтэнсіўным артылерыйскім агнём[9]. Безнадзейнасць становішча прымусіла палачан пайсці на перамовы і здацца на міласць ворагу. Маскоўскае войска ўвайшло ў горад 15 лютага 1563 г. Пры гэтым татары, якія знаходзіліся на царскай службе, пасеклі па невядомых прычынах манахаў-бернардынцаў[10]. Сам Іван IV загадаў утапіць усіх яўрэяў, якія адмовіліся прыняць хрышчэнне[11]. Большасць полацкага мяшчанства падверглася прымусовай дэпартацыі ў глыб Маскоўскай дзяржавы. Па звестках іншаземных крыніц, было выведзена да 50-60 тыс. чалавек[12]. У той жа час звесткі пра масавае знішчэнне полацкіх мяшчан і шляхты хутчэй за ўсё з'яўляюцца несапраўднымі[13].

Узяцце Полацка царскай арміяй было, бясспрэчна, самай буйной падзеяй першага этапу Інфлянцкай вайны. Авалоданне гэтым горадам забяспечыла маскоўскім войскам выгаднае стратэгічнае становішча. На іх баку адразу аказалася значная ваенная перавага. Поспех Івана IV выклікаў вялікі міжнародны рэзананс[14]. Апынуўшыся ў цяжкім становішчы і не маючы магчымасцей для хуткага рэваншу, кіраўніцтва ВКЛ вырашыла як мага хутчэй заключыць перамір'е. Маскоўскі двор пагадзіўся на перамір'е да 15 жніўня 1563 г.[15] У чэрвені 1563 г. маскоўскае кіраўніцтва прапанавала падоўжыць яго да 1 лістапада[16]. У сваю чаргу літоўскі бок заявіў аб жаданні захоўваць мір ажно да 25 сакавіка 1564 г.[17] Аднак у Маскве пагадзіліся трымаць перамір'е толькі да 6 снежня 1563 г.[18] Дыпламатычныя зносіны павінны былі завяршыцца прыездам у Маскву вялікага пасольства з ВКЛ.

Існаванне мірнай дамоўленасці не перашкодзіла маскоўскаму боку заняцца далучэннем зямель на левым беразе Дзвіны. Цар зыходзіў з відавочнага для сябе палажэння, што цяпер усё Полацкае ваяводства па праве мацнейшага належыць яму. Вынікам маскоўскіх рэйдаў у глыб Полаччыны, якія адбыліся ўлетку 1563 г., было прывядзенне мясцовага насельніцтва да прысягі на вернасць маскоўскай уладзе, а разам з тым - звыклае спусташэнне тэрыторый. Быў спалены Лукомль, “шкоды немалые” былі нанесеныя ў Лепелі, Чарэі (самы далёкі пункт, якога царскія ратнікі дасягнулі на поўдні), Глыбокім, Беразвечы, Галамыслі і інш. Мноства “людей тамошних” было забрана з усёй маёмасцю ў палон[19]. Такім чынам, нападам маскоўскага войска ўлетку 1563 г. падверглася амаль уся левабярэжная Полаччына. Гэта была самая разгорнутая кампанія, ажыццёўленая царскімі “служылымі людзьмі” на тэрыторыі Полацкай зямлі за ўвесь час Інфлянцкай вайны.

Вялікае Княства не збіралася мірыцца з Масквой. У Вільні былі ўпэўнены ў бесперспектыўнасці перамоў і падрыхтоўцы маскоўскім бокам пад іх прыкрыццём новага ўдару па Літве. Жыгімонт Аўгуст прама пісаў крымскаму хану, што ў Маскву паслы выпраўлены толькі для вызвалення палонных. У Княстве, нягледзячы на адпраўку пасольства, быў абвешчаны збор паспалітага рушэння на 21 лістапада 1563 г.[20] У Вільні спадзяваліся на дапамогу крымскага хана, якога прасілі выступіць у выпадку патрэбы ў напрамку Смаленска, дзе магло б адбыцца злучэнне літоўскіх і крымскіх сіл. Аднак сапраўдны рэванш кіраўніцтва ВКЛ планавала ўзяць улетку 1564 г. Менавіта таму паслы, адпраўленыя ў Маскву, павінны былі згаджацца на заключэнне перамір'я толькі да 1 ліпеня 1563 г. Жыгімонт Аўгуст зноў вялікія надзеі ўскладаў на падтрымку з боку Крыма, просячы хана аб сумесным удары па маскоўскіх землях[21].

Пасольства з ВКЛ у складзе крайчага Юрыя Хадкевіча, маршалка дворскага, дзяржаўцы ляхавіцкага Рыгора Валовіча і пісара Міхайлы Гарабурды прыбыло ў Маскву 5 снежня 1563 г.[22] Перамовы пачаліся з прад'яўлення маскоўскім прадстаўніцтвам максімальных тэрытарыяльных прэтэнзій. Затым бакі перайшлі да абмеркавання канкрэтных спраў. Маскоўскі бок прама выказваўся за ўключэнне ў склад акупаванай тэрыторыі ўсёй Полацкай зямлі, разам з Лукомлем і Дрысай, а таксама за доўгатэрміновае перамір'е - на 10-15 год. Літоўскія паслы лічылі, што часовай мяжой паміж ВКЛ і зонай маскоўскага панавання ў Полацкай зямлі павінна быць лінія ракі Дзвіны. Яны згаджаліся на маленькую саступку, даючы згоду на прызнанне за маскоўскім бокам тэрыторыі, адлеглай ад Полацка на левым беразе Дзвіны роўна на адну мілю (прыкладна 8-9 км). У Інфлянтах літвіны прапанавалі прызнаць набыткі кожнага з бакоў. Аднак маскоўскае кіраўніцтва не задаволіў такі падзел іх “вотчыны”, і перамовы скончыліся беспаспяхова[23].

Крыніцы:

  • [1] ПСРЛ. Т. 29. С. 302-303.
  • [2] Витебская старина. Т. 4. / Изд. А. Сапунов (далей - ВС). Витебск, 1885. С. 27-45.; ПСРЛ. Т. 29. С. 303-304; Александров Д. Н., ВолодихинД. М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII-XVI вв. М., 1994. С. 91-94; Mienicki R. Stanisław Dowojno, wojewoda połocki // Ateneum Wileńskie (далей - AW). 1937. R. 12. S. 459-461; GwaniniA. Sarmacji Europejskiej. Warszawa, 1768. S. 108-109; ВС. T. 4. C. 119-120; Biblioteka Raczyńskich w Poznaniu. Sygn. 93. № 146; Plwąrski K. Niedoszła wyprawa t.' zw. Radoszkowicka Zygmunta Augusta na Moskwę (rok 1567-1568) // AW. 1927. R. IV. Z. 13. S. 261; Natanson-Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Lwów; Warszawa, 1922; Скрынникое Р.Г. Царство террора. СПб., 1992. С. 155; Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001. С. 191-192; Ён жа. Полацкая вайна: 1563-1579 гт. //Адраджэнне. Вып.1. Мн., 1995. С. 63.
  • [3] Сагановіч Г. Захоп Полацка Іванам IV паводле нямецкіх “лятучых лісткоў” 1563 г. // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Полацк, 1998. С. 267; Stryjkowski М. Kronika polska... Т. 2. S. 413.
  • [4] ВС. Т. 4. С. 121-122; Сагановіч Г. Захоп Полацка... С. 267.
  • [5] ВС. Т. 4. С. 53-54; Stryjkowski М. Kronika polska... Т. 2. S. 413.
  • [6] Александров Д.Н., Володихин Д.М. Борьба за Полоцк... С. 99-100; ПСРЛ. Т. 29. С. 308-310.
  • [7] У нямецкіх “лятучых лістках” сцвярджаецца, што горад запалілі самі полацкія мяшчане: Сагановіч Г. Захоп Полацка... С. 255; ВС. Т. 4. С. 120.
  • [8] Górnicki Ł. Dzieje w Koronie Polskiej... S. 125-126; Stryjkowski M. Kronika polska... T. 2. S. 413; ВС. T. 4. C. 52.
  • [9] ПСРЛ. Т. 29. С7 311.
  • [10] Klasztory bernardyńskie w Polsce w jej granicach historycznych. Kalwaria Zebrzydowska, 1985. S. 265; Дзве гісторыі Полацка // Беларускі гістарычны агляд. 1997. Т. 4. Сш. 1-2 (6-7). С. 213.
  • [11] ПЛ. Вып. 2. С. 244.
  • [12] Gwanini A. Sarmacji Europejskiej. S. 108-109; Kappeler A Ivan Groznyj im Spiegel des auslandischen Druckschriften seiner Zeit. Frankfurt/M., 1972. S. 116.
  • [13] Historiae Ruthenicae Scriptores extere XVI saeculi. Vol. I. Berlin-Petropoli, 1841. S. 16, 116.
  • [14] Pirożyński J. Z dziejów obiegu informacji w Europie XVI wieku: Nowiny z Polski w kolekcji Jana Jakuba Wicka w Zurychu z lat 1560-1587. Kraków, 1995. S. 250.
  • [15] Книга посольская. Т. 1. № 153. С. 227-228.
  • [16] РИО. Т. 71. С. 145-146.
  • [17] Книга посольская. Т. 1. № 155. С. 230-231; РИО. Т. 71. С. 167.
  • [18] Книга посольская. Т. 1. № 161. С. 242-243; РИО. Т. 71. С. 170-173.
  • [19] Книга посольская. Т. 1. № 157. С. 234-236; ПСРЛ. Т. 29. С. 325; НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 37, арк. 570-570 адв.
  • [20] РИБ. Т. 30. С. 721-722, 757-758.
  • [21] Книга посольская. Т. 1. № 163. С. 244-246.
  • [22] РИО. Т. 71. С. 196.
  • [23] Там жа. С. 187-302.