Люблінская унія 1569 г.

Перадумовы уніі.

З пачаткам Інфлянцкай вайны Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў надзвычай цяжкім становішчы. Вайсковая дэзарганізацыя, недахоп фінансавых сродкаў абумовілі няўдачы ў ваенных дзеяннях, якія з 1562 г. ужо вяліся на тэрыторыі Беларусі. Быў страчаны кантроль над значнай часткай Інфлянтаў, здадзены Полацк. Безупынна раслі падаткі (сярэбшчына ў 1560-я гг. была ўтрая і нават у пяць разоў большая, чым у 30-я ці 40-я гг. XVI ст.[1]), закладаліся гаспадарскія маёнткі, што, аднак, не прыносіла жаданых вынікаў. Стала відавочна, што аднаасобна спыніць агрэсію Маскоўскай дзяржавы, а тым больш вярнуць страчаныя землі Княства не можа. Такая сітуацыя вымушала палітычную эліту ВКЛ ісці на больш шчыльныя кантакты з Каралеўствам Польскім. У той жа час кіруючыя колы Польшчы адназначна звязвалі сваю дапамогу літвінам у вайне з заключэннем дзяржаўнай уніі паміж краінамі. Паступова ідэю моцнай уніі падтрымаў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст. У 1560-я гг. адбыўся шэраг сеймаў, як супольных, так і асобных у ВКЛ і Польшчы, на якіх абмяркоўваліся ўмовы будучага унітарнага саюзу.

У верасні 1562 г. з'езд шляхты ВКЛ, што адбыўся пад Віцебскам, вылучыў асноўныя пастулаты уніі з Польшчай: правядзенне супольных сеймаў для абрання будучага караля і вялікага князя, арганізацыя сумеснай абароны, збліжэнне дзяржаўна-прававога поля дзвюх краін. Без выканання гэтых патрабаванняў шляхта адмаўлялася плаціць падаткі, у тым ліку і сярэбшчыну[2]. Традыцыйна, гэтая ініцыятыва трактуецца як сведчанне супярэчнасцей паміж шляхтай, якая імкнулася да уніі дзеля атрымання польскіх правоў і свабод, і магнатэрыяй, што ўсяляк блакіравала заключэнне уніі, каб не дапусціць палітычнай эмансіпацыі сярэдняга і дробнага шляхецтва і не згубіць свайго сацыяльна-палітычнага ўплыву ў аб'яднанай краіне[3]. Аднак ужо сам склад пасольства, накіраванага з-пад Віцебска да Жыгімонта Аўгуста, не дазваляе гаварыць пра выключна шляхецкі характар віцебскай канфедэрацыі 1562 г. Узначалілі дэпутацыю магнаты: стольнік ВКЛ Ян Хадкевіч і Мальхер Шэмет. Правамерна трактаваць гэтае выступленне з пункту гледжання ўнутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ паміж Радзівіламі і Хадкевічамі[4]. Ды і аналіз саміх патрабаванняў дазваляе сказаць, што канфедэрацыя 1562 г. была не рэхам на ідэю уніі, а заклікам аб дапамозе ў вайне. Ні шляхта, ні магнаты не хацелі інкарпарацыі ў склад Каралеўства Польскага, яны хацелі толькі дзяржаўнага саюзу з агульным манархам і сеймам для вырашэння абаронных і іншых агульных спраў.

Страта 15 лютага 1563 г. Полацка ў ходзе Інфлянцкай вайны яшчэ больш выразна паказала неабходнасць для ВКЛ моцнага саюзу з Польшчай. У маі-чэрвені гэтага года адбыўся сейм Княства ў Вільні. Літвіны згадзіліся на перамовы аб уніі і накіравалі на сейм у Варшаву дэлегацыю ад паноў-рады, шляхты і г. Вільні ў складзе 28 чалавек. Віленскі сейм распрацаваў інструкцыю, на якіх умовах ВКЛ магло заключыць унію. Такімі ўмовамі былі заключэнне пастаяннага саюзу дзвюх дзяржаў, якія мелі агульнага манарха, выбіранага са згоды абодвух бакоў, а таксама супольныя сеймы дзеля вырашэння агульных спраў. У той жа час павінны былі захоўвацца ўсе правы і вольнасці ВКЛ, асобыя сеймы і суды, пасады, заканадаўства, войска[5]. Палітычная эліта Княства падкрэслівала, што перамовы аб уніі патрэбны, каб атрымаць польскую дапамогу ў Інфлянцкай вайне[6].

Падчас перамоў на сейме ў Варшаве, які адбыўся на мяжы 1563-1564 гг., з усёй выразнасцю выявіліся супярэчнасці ў поглядах на характар будучага унітарнага саюзу паміж палякамі і літвінамі. Польскі бок фактычна настойваў на інкарпарацыі.ВКЛ у склад Польшчы. Літвіны не хацелі ісці далей за саюз з агульным манархам і супольнай знешняй палітыкай[7]. Час цягнуўся ў бясплённых спрэчках, а пасля перамогі войска ВКЛ над маскоўцамі 26 студзеня 1564 г. ў бітве пад Улай дэлегацыя Княства на чале з віленскім ваяводам і канцлерам Мікалаем Радзівілам Чорным увогуле 22 лютага гэтага ж года пакінула Варшаву і сарвала перамовы.

Варшпаўскі сойм 1563
Варшаўскі сейм, 1563 г. Тагачасная гравюра

Ужо без літвінаў на Варшаўскім сейме былі прыняты два важныя для будучай уніі рашэнні. 13 сакавіка 1564 г. Жыгімонт Аўгуст саступіў Польшчы свае спадчынныя (дзедзічныя) правы на ВКЛ. У той жа дзень быў прыняты “Reces w sprawie około unii litewskiej” (“Вырак у справе, якая тычыцца літоўскай уніі”), у якім былі зацверджаны ўмовы аб'яднання Княства і Каралеўства (фактычна інкарпарацыя Польшчай ВКЛ). Саюз грунтаваўся на акце Мельніцкай уніі 1501 г.[8] Такім чынам, польскі бок вызначыўся з умовамі будучай уніі. Падобна, што і Жыгімонт Аўгуст больш схіляўся да польскага варыянту аб'яднання дзвюх дзяржаў. Увогуле, у гэты час гаспадар выступаў актыўным прыхільнікам аб'яднання ВКЛ і Каралеўства Польскага. Як правіла, вылучаюць дзве галоўныя прычыны такой пазіцыі Жыгімонта Аўгуста: разуменне, што толькі разам краіны могуць перамагчы ў Інфлянцкай вайне і прадчуванне згасання дынастыі Ягелонаў, пасля чаго быў магчымы разрыў нават персанальнай уніі паміж Княствам і Каралеўствам[9]. Грамадскую ж думку ў ВКЛ наконт польскіх умоў уніі адлюстроўвае ананімны твор “Razmowa Polaka z Litwinem” (1564): “...хацелі б разам з Вамі быць, мець Вашыя вольнасці, але страчваць сваю дзяржаву не жадаем”[10].

З 1564 г. палітычная эліта ВКЛ усяляк імкнулася адцягнуць абмеркаванне уніі. Гэтаму садзейнічала змена ходу Інфлянцкай вайны, звязаная з некаторымі поспехамі, дасягнутымі войскам Княства, а таксама абвастрэннем адносін Маскоўскай дзяржавы з Крымскім ханствам[11]. Акрамя таго, шмат часу займалі рэформы дзяржаўнага ладу ВКЛ. Таму безвынікова закончыліся сеймы ў Парчове (лета 1564 г.) і Пётракаве (сакавік 1564 г.)[12].

У 1564-1566 гг. у ВКЛ былі праведзены адміністрацыйна-тэрытарыяльная і судовая рэформы. Былі ўтвораны паветы як судовыя, адміністрацыйныя, ваенныя і палітычныя адзінкі. Быў уведзены зразумелы, агульны для ўсёй краіны дзяржаўны лад. У паветах склікаліся сеймікі, на якіх выбіралася па два дэпутаты на вальны сейм. Увогуле, роля сейма ў дзяржаўным жыцці значна пашыралася. Быў зацверджаны новы Статут. Рэформа судаводства абмежавала судовыя паўнамоцтвы магнатэрыі, што было адной з прычын яе палітычнай магутнасці[13]. Магнатэрыя Княства пайшла на рэформы 1564-1566 гг. пад уплывам Жыгімонта Аўгуста, які быў прынцыпова настроены на аб'яднанне ВКЛ і Каралеўства Польскага і праводзіў палітыку, скіраваную на адаптацыю польскіх форм дзяржаўнага ўладкавання ў Княстве[14]. Таксама праз пашырэнне сацыяльна-палітычных правоў павятовага шляхецтва магнаты ВКЛ спрабавалі атрымаць саюзніка ў сваёй палітыцы зацягвання унійных перамоў[15].

Перамовы аб уніі былі працягнуты ў 1566 г. На сейме ў Берасці (красавік-жнівень 1566 г.) літвіны яшчэ раз вызначылі сваё бачанне аб'яднанай краіны: адзіны манарх, які абіраецца разам ВКЛ і Каралеўствам Польскім, супольныя сеймы збіраюцца ў абедзвюх дзяржавах па чарзе, адзіная знешняя палітыка, але законы, кіраванне і межы - асобныя[16]. Па сутнасці, пазіцыя палітычнай эліты Княства ў адносінах да ўмоў уніі заставалася той жа, што і ў 1563 г. Такім чынам, і шляхта, і магнаты імкнуліся да персанальнай уніі, ваенна-абарончага саюзу з захаваннем самастойнасці Княства. З гэтымі ўмовамі дэлегацыя ВКЛ на чале з Мікалаем Нарушэвічам і Юрыем Осцікам накіравалася ў ліпені 1566 г. у Люблін на сейм Каралеўства Польскага, але толькі для азнаямлення палякаў з пазіцыяй ВКЛ, а не для заключэння уніі. Урэшце, Люблінскі сейм 1564 г. скончыўся безвынікова[17].

Аднак у канцы 1567 г. неабходнасць уніі стала відавочнай для ўсяго палітычнага народа ВКЛ. Перамовы з маскоўскім пасольствам, якія праводзіліся ўлетку гэтага года ў Гародні, зайшлі ў тупік. Умовы, вылучаныя пасламі Маскоўскай дзяржавы, былі непрымальнымі для літвінаў[18]. У той жа час буйная ваенная кампанія, арганізаваная у ВКЛ (агульная колькасць войска разам з паспалітым рушэннем, наёмнікамі і польскімі атрадамі налічвала каля 50 тыс. чалавек), скончылася безвынікова[19]. Правал так званай радашковіцкай выправы, нягледзячы на асабістую прысутнасць у войску Жыгімонта Аўгуста, яскрава паказаў неабходнасць для ВКЛ знешняй дапамогі ў паспяховым вядзенні Інфлянцкай вайны. Гэта ў сваю чаргу падштурхнула Княства да актывізацыі перамоў з палякамі аб уніі.

Увосень 1567 г. на з'ездзе земскай службы ў Лебедзева шляхта і паны-рада ВКЛ прасілі Жыгімонта Аўгуста склікаць у наступным годзе супольны з палякамі сейм для заключэння уніі[20]. Можна меркаваць, што кароль і вялікі князь свядома выкарыстаў збор паспалітага рушэння дзеля прапаганды уніі і атрымання згоды на яе з боку шырокіх шляхецкіх мас ВКЛ[21]. Увогуле, ідэя саюзу з Польшчай была досыць распаўсюджана сярод шляхецтва. Напярэдадні Люблінскага сейма 1569 г. жамойцкі сеймік даў сваім паслам наказ - без заключэння уніі назад не вяртацца. Крыху пазней, у маі 1569 г., такі наказ атрымалі і берасцейскія паслы. Паслы Валыні, Падляшша і Жамойці атрымалі ад сваіх выбарцаў неабмежаваныя паўнамоцтвы ў справе уніі[22]. У 1566 г. паслы Віцебскага ваяводства прасілі хутчэй склікаць сейм з Каралеўствам Польскім, бо апасаліся захопу маскоўскімі войскамі[23].

Зразумела, што шляхта больш за магнатаў цярпела ад вайны і была зацікаўлена ў заключэнні саюзу з Польшчай. Аднак развіццё падзей у 1560-я гг. паказвае, што шляхта ішла ў фарватэры палітыкі магнацкіх груповак (Радзівілаў ці Хадкевічаў) і не была самастойнай палітычнай сілай, у тым ліку ў пытанні заключэння уніі. Тым больш няма аніякіх падстаў сцвярджаць, што шляхта ВКЛ падтрымлівала польскі, інкарпарацыйны варыянт аб'яднання. Як магнатэрыя, так і шляхецтва выступалі за раўнапраўны саюз дзвюх дзяржаў з адзіным манархам, агульнай знешняй палітыкай і супольнай абаронай пры захаванні шырокай унутранай аўтаноміі ВКЛ.

На Гарадзенскім сейме ў красавіку-ліпені 1568 г. усе станы ВКЛ зноў прасілі Жыгімонта Аўгуста склікаць агульны з Каралеўствам Польскім сейм, каб весці на ім перамовы аб унітарным саюзе паміж дзвюма краінамі[24]. Згода была атрымана. Павятовыя сеймікі ў ВКЛ былі прызначаны на 11 лістапада 1568 г., абраныя на іх паслы 9 снежня павінны былі сабрацца ў Воіне, каб папярэдне абмеркаваць з панамі-радай і Жыгімонтам Аўгустам прынцыпы і ўмовы будучай уніі, а 23 снежня 1568 г. павінен быў пачаць працу супольны сейм у Любліне[25]. У гаспадарскіх інструкцыях на павятовыя сеймікі галоўнай прычынай неабходнасці аб'яднання з Польшчай называлася небяспека ад Маскоўскай дзяржавы[26]. На з'ездзе ў Воіне 21 снежня 1568 г. Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей, у якім абавязваўся не парушаць правоў і свабод Княства, не станавіцца адназначна на нейкі бок у пытанні уніі, калі прадстаўнікі ВКЛ або Каралеўства Польскага не будуць на яе згаджацца, а таксама гарантаваў літвінам права свабодна пакінуць сейм у выпадку парушэння іх вольнасцей[27]. Гэта была апошняя спробай палітычнай эліты ВКЛ абараніць свае інтарэсы, свой погляд на ўмовы уніі напярэдадні вырашальнага сейма ў Любліне.

Крыніцы:

  • [1] Łowmiański Н. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983. S. 448-452.
  • [2] Halecki O. Sejm obozowy szlachty litewskiej pod Witebskiem 1562 r. i jego petycja o unię z Polską (Przyczynek do dziejów parlamentaryzmu litewskiego i genezy unii lubelskiej) // Przegląd Historyczny. 1914. T.18, z.3. S. 320-352; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy (Stosunki polsko-litewskie w latach 1569-1588). Warszawa, 2002. S. 18-19; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 39.
  • [3] Лойка ПА. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI - першай трэці XVII ст. Мн., 2002. С. 32; Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. М., 1910. С. 275-276; Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV-XVI в. (Исследования по истории соц.-экон., полит, и культ, развития). М., 1961. С. 543-546; Kosman М. Historia Białorusi. Wroclaw; Kraków; Gdańsk, 1979. S. 103.
  • [4] Янушкевіч A. Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г. //Беларускі гістарычны агляд. Т. 10, сш. 1-2(18-19). 2003. С. 33-36; Kempa Т. Rywalizacja Radziwiłłów i Chodkiewiczów o pierwsze miejsce w elicie politycznej Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 60. i 70. XVI wieku // History, culture and language of Lithuania. Poznań, 2000. S. 195-219.
  • [5] Лаппо И. Литовский Статут 1588 года. Т. 1, ч, 1. Каунас, 1934. С. 235; Любавский MIC. Очерк истории Лнтовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 277-278; WisrierН.Unia. Sceny z przeszlosci Polski i Litwy. Warszawa, 1988. S. 105.
  • [6] РИБ. Т. 30. Литовская Метрика. Отд. 1-2. Ч. 3. Книги публичных дел / Ред. И.И. Лаппо. Юрьев, 1914. С. 324-325.
  • [7] Янушкевіч А. Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г. С. 42-45.
  • [8] Halecki O. Dzieje unii jagiellońskiej. T.2. Kraków, 1920. S. 256-260, 288; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy... S. 24-25, 35. Мельніцкая унія была заключена 23 кастрычніка 1501 г. Паводле яе ўмоў, у ВКЛ і Каралеўства Польскае павінен быў быць адзіны гаспадар, выбраны ў Польшчы на супольным сейме, агульныя сеймы (праводзіліся пачаргова ў Княстве i Кароне), адзіная манета, але захоўваліся асобныя суды i пасады. За ВКЛ пакідаліся тытул і пячатка, знішчалася асобнасць межаў дзвюх дзяржаў, адмянялася забарона палякам сяліцца і займаць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ, гаспадар павінен быў пацвярджаць правы і вольнасці абедзвюх краін. На унію прысягнулі кароль і вялікі князь Аляксандр, польскі бок і тыя літвіны, хто быў у Мельніку. Затым унія павінна была быць зацверджана ўсімі станамі ВКЛ. Аднак гэтага па шэрагу прычын не адбылося: Любавский М. Очерки истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 182.
  • [9] Lulewicz Н. Gniewów о unię ciąg dalszy... S. 37-38.
  • [10] Лаппо И. Литовский Статут 1588 года. Т. 1, ч. 1. С. 242.
  • [11] Сагановіч Г.М. Полацкая вайна: 1563-1579 гг. // Адраджэнне. Вып. 1. С. 67-70.
  • [12] Янушкевіч А. Унія з Каронай ва ўнутрайай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г. С. 46.
  • [13] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. S. 45-53.
  • [14] Там жа. S. 45.
  • [15] Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV-XV1 в. С. 547-548.
  • [16] Довнар-Заполъский М. Польско-литовская уния на сеймах до 1569 года. М., 1897. С. 18.
  • [17] WisnerH. Unia. Sceny z przeszlosci Polski i Litwy. S. 110; Янушкевіч А. Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам 1569 г. С. 47.
  • [18] Соловьев С.М.История России с древнейших времен. М., 2001. Кн. 3 (1463-1584): Т. 6. С. 774-775.
  • [19] Сагановіч Г.М. Полацкая вайна: 1563-1579 гг. С. 72-74.
  • [20] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. S. 61.
  • [21] Янушкееіч А. Унія з Каронай ва ўнутранай палітыцы ВКЛ перад Люблінскім соймам1569 г. С.. 52-54.
  • [22] АСД. Т. 7 (1433-1791). Вильна, 1870. С. 40; Lulewicz Н. Gniewów o unię ciąg dalszy... S. 19-20.
  • [23] Лаппо И. Литовский Статут 1588 года. Т. 1, ч. 1. С. 231, 242-243; Довнар-Запольский М. Польско-литовская уния на сеймах до 1569 года. С. 21.
  • [24] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. S. 62-63.
  • [25] Лаппо И. Литовский Статут 1588 года. Т. 1, ч. 1. С. 243.
  • [26] Любавский М. Литовско-русский сейм. С. 209-212 (приложения).
  • [27] Akta unii Polski z Litwą 1385-1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. Kraków, 1932. S. 189-192; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy... S. 25.