Кароль польскі, вялікі князь літоўскі, курфюрст саксонскі ад 1733 г.
Наша краіна мела яшчэ аднаго валадара, які панаваў трыццаць гадоў. Гэта быў другі манарх з Саксонскай - дынастыі, другі Сас. Пры ім дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай значна аслабеў. Рэч Паспалітая знаходзілася ў яшчэ большай залежнасці ад суседніх краін, асабліва ад Расіі, чым на пачатку XVIII ст.
Гады маладосці і сталасці нямецкага прынца
Фрыдрых Аўгуст быў адзіным законным сынам свайго бацькі, караля польскага і вялікага князя літоўскага, курфюрста саксонскага Аўгуста Моцнага. Ён належаў да старажытнай нямецкай дынастыі Вэцінаў (вядомай з X ст.), уладароў Саксоніі. Ад 1089 г. Вэціны былі маркграфамі Майсенскай маркі, створанай нямецкімі феадаламі на захопленых землях заходніх славян па рацэ Лабе (Эльбе). У 1247 г. гэты саксонскі княжацкі род атрымаў ландграфства Цюрынгію. У 1485 г. род падзяліўся на дзве лініі - эрнесцінскую і альберцінскую. Апошняя атрымала Майсен і большую частку Цюрынгіі. У 1547 г. галава альберцінскай лініі атрымаў тытул курфюрста Саксоніі (г. зн. ён быў князем-выбаршчыкам у калегіі з сямі князёў, якая выбірала пажыццёва імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі).
Фрыдрых Аўгуст нарадзіўся ў сталіцы Саксоніі Дрэздэне 17 кастрычніка 1696 г. Маці яго, Хрысціяна Эбергардына (1671-1727), была дачкой маркграфа Брандэнбургскага-Байройт (з малодшай лініі Гогенцолернаў) з дробнага княства на поўдні Нямеччыны. Бацька - Аўгуст Моцны (1670-1733) - займаўся палітычнымі і вайсковымі справамі, атрымаў польскую карону, вольны час прысвячаў палюбоўным уцехам і зусім не займаўся сынам. Маці і бабка Ганна Соф'я (1647-1717), дачка дацкага караля, - лютэранкі, і Фрыдрыха выхоўвалі ў лютэранскай традыцыі. Маці не магла дараваць мужу, з якім фактычна разышлася, не толькі пастаянную здраду, але большае - тое, што ён стаў католікам, каб заняць каралеўскі пасад. Таму сама так ніколі і не стала каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай. Маці маленькага прынца разлічвала, што яе сын здолее адстаяць пратэстанцкую (у большасці) Саксонію ад наступу "папістаў". Часам нават думала аб дзяржаўным перавароце, каб перадаць уладу сыну, адабраўшы саксонскі трон ад нялюбага мужа.
Бацька ж, наадварот, лічыў што раней ці пазней сын будзе ягоным наступнікам і на польскім троне, таму намагаўся знайсці ў Рэчы Паспалітай прыхільнікаў саксонскай дынастыі, а значыць і сына. Больш за тое, Аўгуст Моцны разлічваў атрымаць для сваёй дынастыі імператарскі трон. Дынастыя Габсбургаў вымірала ў мужчынскім родзе: у апошніх двух братоў Габсбургаў, Іосіфа і Карла VI, было толькі жаночае патомства. Аўгуст Моцны намагаўся ажаніць сына з адной з аўстрыйскіх эрцгерцагінь, якіх у Габсбургаў хапала.
Але для гэтага трэба было перавесці Фрыдрыха ў каталіцтва. Аўгуст II паабяцаў папе Кліменту ХІ, што ў знак удзячнасці за дапамогу ў вяртанні польскага трона, ён перахрысціць сына ў новую веру. У 1711 г. ён забірае ад маці сына нібы для таго, каб у Ярославе пазнаёміць юнага каралевіча з Пятром I. Адтуль адпраўляе яго ў падарожжа па еўрапейскіх краінах: у Нямеччыну, Францыю, Італію, у габсбургскія краіны - Чэхію, Аўстрыю, Венгрыю. Суправаджаў каралевіча інфлянцкі ваявода Ю. Кос, а ў Франкфурце-на-Майне да прынца далучыліся святары-езуіты Коглер і Салерна. 27 лістапада 1712 г. у Балоньі Фрыдрых Аўгуст перайшоў у каталіцтва, а потым абвясціў пра гэта публічна ў Вене. Падарожжа працягвалася да 1714 г. Ад таго часу Фрыдрых Аўгуст знаходзіўся пад уплывам езуітаў: гэта, безумоўна, сапсавала ягоныя адносіны з маці, і ён моцна перажываў.
20 жніўня 1719 г. малады каралевіч ажаніўся ў Вене з эрцгерцагіняй Марыяй Ёзэфай (1699-1757), дачкой імператара Ёзэфа I. Яна мела на мужа вялікі ўплыў і фактычна замяніла сваім уздзеяннем ранейшы ўплыў ягонай роднай маці. Ад гэтага шлюбу было 14 дзяцей (на працягу 20 гадоў), але трое памерлі ў дзяцінстве. Старэйшы сын, Фрыдрых Хрысціян (1722-1763), стаў пасля смерці бацькі яго наступнікам у Саксоніі, але быў курфюрстам толькі два месяцы. Хоць і здольны дзяржаўны дзеяч, але вельмі хваравіты. Ад яго пайшла далейшая саксонская дынастыя, прадстаўнікі якой дагэтуль жывуць у Нямеччыне. Адну дачку Фрыдрых Аўгуст выдаў замуж за іспанскага караля Карла III, другую - за курфюрста баварскага, трэцюю - за Людовіка, дафіна Францыі (бацькі каралёў Людовіка XVI, Людовіка XVIII і Карла Х). Па жаночай лініі ў Фрыдрыха Аўгуста цяпер шматлікае патомства ў каралеўскіх дамах Еўропы. Адзін з сыноў- Франц Ксаверы (1730-1806) - зрабіў добрае ўражанне на варшаўскае грамадства і хацеў нават дабіцца кароны. Другі сын - Карл (1733-1796) - ажаніўся з польскай арыстакраткай Францішкай Красіньскай. Ён здолеў увайсці ў фавор да царыцы Лізаветы Пятроўны і нават у 1758- 1763 гг. заняць трон Курляндыі, але быў пазбаўлены такога ганаровага месца Кацярынай II.
Аўгуст Моцны ў Польшчу сына не вазіў, засцерагаючыся апазіцыі, якая магла зрабіць ягонага сына сваім правадыром (што, дарэчы, здаралася ў XVIII ст. на еўрапейскіх дварах), але рыхтаваў яго да заняцця трона не толькі ў Дрэздэне, але і ў Варшаве. Фрыдрых Аўгуст прымаў удзел у пасяджэннях нешматлікага кабінета Аўгуста II у Дрэздэне, удзельнічаў у перамовах з дыпламатамі іншых краін.
Каб забяспечыць каралеўскі і велікакняжацкі пасад у Рэчы Паспалітайдля сваёй дынастыі, Аўгуст II заключыў пагадненні з магнацкімі групоўкамі, абяцаючы Рэчы Паспалітай моцную падтрымку і саюз з багатай, эканамічна моцнай Саксоніяй. Збіраючыся захаваць цэласнасць Рэчы Паспалітай, групоўка князёў Чартарыйскіх пайшла на такое пагадненне з Аўгустам Моцным, хоць фармальнага саюзу з Саксоніяй заключана не было. Гэтым забяспечвалася ў будучыні абранне Фрыдрыха Аўгуста каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім. Адначасова групоўка мела на мэце правесці рэформы дзяржаўнага ладу, умацаваць цэнтральную ўладу ў дзяржаве, правесці таксама эканамічныя рэформы.
Але і суседнія дзяржавы рыхтаваліся да магчымай смерці Аўгуста II, каб прадухіліць узмацненне Рэчы Паспалітай і захаваць у ёй паўанархічныя парадкі. У верасні - снежні 1732 г. Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі трактат, паводле якога на польскі трон павінен быць абраны кандыдат, які захаваў бы добрыя адносіны з суседнімі дзяржавамі. Выключалася кандыдатура Станіслава Ляшчынскага. На перыяд выбараў новага караля Расія, Аўстрыя і Прусія на межах Рэчы Паспалітай мелі намер выставіць адпаведную колькасць войскаў, каб пры неабходнасці аб'яднаць свае сілы на працягу чатырох тыдняў. Дамовіліся і наконт кандыдатуры на трон - гэта быў партугальскі прынц Эмануіл [1697-1766], малодшы брат караля Жуана V (1689-1750), а жонка караля даводзілася сястрой германскаму імператару Карлу VI. Суседнія дзяржавы мелі кандыдата, у якім манархі не сумняваліся. Да таго ж усе тры дзяржавы не хацелі саюзу Саксоніі і Рэчы Паспалітай.

Аўгуст III. Малюнак Яна Матэйкі.
Абранне Аўгуста каралём
На пачатку 1733 г. Аўгуст II Моцны і Чартарыйскія рыхтавалі сойм, на якім хацелі правесці рэформы. Аднак у ноч на 1 лютага ў Варшаве памёр кароль, вялікі князь і курфюрст. Пачалося бескаралеўе. Фрыдрых Аўгуст II заняў трон у Саксоніі. А ў Рэчы Паспалітай моцная групоўка магнатаў і шляхты падтрымала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Партугальскі кароль не згадзіўся на кандыдатуру Эмануіла, а прапанаваў другога свайго брата - інфанта Антонія. Таму імператар Карл VI вырашыў падтрымаць больш рэальную кандыдатуру - саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста, якога падтрымлівала іншая групоўка. Трэба было перш за ўсё дамовіцца з Расіяй.
У жніўні 1733 г. Фрыдрых Аўгуст II дамовіўся з урадам імператрыцы Ганны Іванаўны. Ад імя Рэчы Паспалітай ён павінен быў адмовіцца ад прэтэнзій на Ліфляндыю, абяцаў як курфюрст саюз паміж Саксоніяй і Расіяй на 18 гадоў прызнаваў за царыцай імператарскі тытул і запэўніваў, што пасля выбрання каралём зробіць усё магчымае, каб і Рэч Паспалітая прызнала гэты тытул. Ён абяцаў захаваць у Рэчы Паспалітай усе свабоды (па сутнасці анархічны лад). Фаварыту царыцы Ганны - Эрнэсту Ёгану Бірону - на словах збіраўся аддаць герцагства Курляндскае як васальную дзяржаву ў дачыненні да Рэчы Паспалітай. Мусіць, гэтае апошняе абяцанне пераважыла ўсе іншыя. Ганна Іванаўна падтрымала кандыдатуру саксонскага курфюрста. Аўстрыю ён таксама пераканаў. Карл VI быў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду Габсбургаў. Спрэчка вялася за аўстрыйскую спадчыну пасля яго. Карл VI хацеў пакінуць усе свае краіны (Аўстрыю, Венгрыю, Чэхію, Аўстрыйскія Нідэрланды) дачцэ Марыі Тэрэзіі. Аднак Аўгуст Моцны раней прэтэндаваў на аўстрыйскую спадчыну ад імя сваёй нявесткі Марыі Ёзэфы, жонкі цяперашняга курфюрста, бо яна была дачкой старэйшага брата Карла VI - імператара Ёзэфа, які памёр у 1711 г. Яшчэ ў ліпені 1733 г. саксонскі курфюрст даў абяцанне Аўстрыі падтрымаць правы Марыі Тэрэзіі на ўсю спадчыну імператара.
Але 12 верасня 1733 г. 12 тысяч шляхты-выбаршчыкаў абралі Станіслава Ляшчынскага каралём польскім і вялікім князем літоўскім, спадзеючыся, што ён абароніць незалежнасць дзяржавы. Меншасць выбаршчыкаў пакінула сход выбарчага сойма. Гэтае выбранне і стала зачэпкай для ўвядзення на тэрыторыю Рэчы Паспалітай расійскіх войскаў. Пачалася вайна 1733-1735 гг. за польскую спадчыну. Прыхільнікамі Фрыдрыха Аўгуста былі польскія і ў значнай ступені беларуска-літоўскія магнаты і шляхта, залежная ад іх (Любамірскія, Радзівілы і Сапегі). Пераважалі Радзівілы і Сапегі. Яны ўлічвалі небяспеку з боку расійскіх войскаў сваім багатым маёнткам і да таго ж знаходзіліся ў апазіцыі да польскіх магнатаў. Войска літоўскае было таксама за С. Ляшчынскага.
Расійскі ўрад у верасні 1733 г. увёў свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Ім супрацьстаялі малалікія часці кароннай арміі. Расійская армія генерал-аншэфа графа П. П. Ласі імклівым маршам падышла да Варшавы і заняла прадмесце сталіцы - Прагу. Туды пераехала тысяча прыхільнікаў саксонскага курфюрста (а хутчэй праціўнікі Станіслава Ляшчынскага). Яны абвясцілі канфедэрацыю. Галоўную ролю адыгрывалі кракаўскі ваявода князь Т. Любамірскі, наваградскі ваявода князь М. Ф. Радзівіл, расійскі генерал-фельдмаршал Я. К. Сапега. 5 кастрычніка 1733 г. гэтая меншасць выбаршчыкаў, у сваю чаргу, у вёсцы Камень, ля прадмесця Прага, абвясціла саксонскага курфюрста каралём пад імем Аўгуста III. У Еўропе Аўгуста III лічылі кандыдатам царыцы Ганны Іванаўны. Такая сітуацыя вельмі нагадвала абранне Станіслава Ляшчынскага каралём у 1704 г., але тады антыкароль не ўтрымаўся на троне.
Станіслаў Ляшчынскі мусіў адступіць у Гданьск, дзе дарэмна чакаў дапамогі ад Францыі. Дапамога прыйшла невялікая, ды і позна. Расійскія войскі займалі галоўныя пункты ў Польшчы. З захаду на тэрыторыю Польшчы ўступілі саксонскія войскі. Каб замацаваць сваё становішча, 17 студзеня 1734 г. Аўгуст III разам з жонкай каранаваўся ў Кракаве.
На баку Станіслава Ляшчынскага ў 1734 г. выступала канфедэрацыя, якая арганізавалася ў Дзікове (цяпер частка горада Тарнабжэга) пад камандаваннем люблінскага ваяводы А. Тарлы. Яе праграмай была барацьба за незалежнасць краіны і дзяржаўнае рэфармаванне. Але гэтая канфедэрацыя не здолела адбіць наступу інтэрвентаў. Расійскія войскі пад камандаваннем генерал-фельдмаршала Б. К. Мініха аблажылі Гданьск, і ў ліпені 1734 г. горад капітуляваў, а С. Ляшчынскі ўцёк у Прусію, потым эміграваў зноў у Францыю. Большасць польскіх магнатаў перайшла на бок Аўгуста III. І ўсё ж Аўгусту III давялося змагацца з Дзікоўскай канфедэрацыяй.
Вайна за польскую спадчыну набыла агульнаеўрапейскі характар. Фармальна ў абарону Станіслава Ляшчынскага выступіла Францыя - выступіла супраць Расіі, Аўстрыі і Саксоніі. Французы нанеслі паражэнне аўстрыйскім войскам у Італіі. Вайна закончылася ў кастрычніку 1735 г. падпісаннем прэлімінарнага дагавора. У лістападзе 1738 г. быў падпісаны канчатковы Венскі трактат паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 г. далучыліся Расія, Саксонія і Рэч Паспалітая. Францыя дамаглася аслаблення Аўстрыі. Каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім прызналі Аўгуста III. Станіслаў Ляшчынскі захаваў пажыццёва тытул караля і вялікага князя і атрымаў (таксама пажыццёва) герцагствы Латарынгію і Бар (тамсама, дзе і Латарынгія). Расія ўзмацніла свой уплыў на Рэч Паспалітую і захавала яе слабы, паўанархічны дзяржаўны лад, карысны для далейшых мэтаў расійскай палітыкі.
Панаванне Аўгуста III
Так ва ўмовах інтэрвенцыі пачалося панаванне навязанага Рэчы Паспалітай караля і вялікага князя. Але даволі хутка значная колькасць магнатаў і шляхты, з іх кансерватыўнымі поглядамі і жаданнем захаваць такое становішча, як было раней, не зважаючы на агульныя змены ў Еўропе ў XVIII ст., прымірылася з каралём і нават задаволілася тым, што федэратыўная дзяржава - Рэч Паспалітая (гэта значыць і Польшча, і Беларуска-Літоўскае гаспадарства) не рухалася наперад. У гэты час у шляхецкім асяроддзі была распаўсюджана прымаўка: "Пры каралі Сасе еш, пі і распускай пас". Шляхце падабаўся багаты каралеўскі стол: на абед у палацы падавалася не менш чым дваццаць страў. Ад гэтага пайшло крылатае выслоўе: "Я сёння еў, як кароль польскі". Шляхта і асабліва магнаты, перанялі ў караля любоў да раскошы. Але да караля вялікай любові ў шляхты не было.
Пацыфікацыйны (міратворчы) сойм, які засядаў у чэрвені - ліпені 1736 г., урэшце скончыў грамадзянскую вайну. Падчас панавання Аўгуста III гэта быў адзіны сойм, праведзены да канца. Наступныя соймы зрываліся дзякуючы правілу аднагалосся (ліберум вета). У асноўным інспіратарамі зрыву соймаў (ад 1738 да 1752 г.) была "рэспубліканская апазіцыя" на чале з Патоцкімі; яны выступалі супраць караля, а потым і Чартарыйскіх за захаванне так званых рэспубліканскіх вольнасцяў без каралеўскай цэнтральнай улады. Да зрыву соймаў мелі дачыненне таксама расійскі і прускі пасланнікі. Але і ў 1754-1762 гг. соймы таксама зрываліся. Наогул пры Аўгусце III было сарвана 14 соймаў. Ніводнага закону за гэты перыяд не было прынята. Цэнтральная ўлада была вельмі аслаблена. Фактычна кіраўніцтва дзяржавай было дэцэнтралізавана, а ўлада ў паветах перайшла да соймікаў, якія вырашалі фінансава-падатковыя праблемы зыходзячы з мясцовых, павятовых, задач і патрэбаў.
Сам Аўгуст III гэтай краіны не любіў і не ведаў. Ён так і не навучыўся гаварыць па-польску, ездзіў у Варшаву вельмі рэдка, і то пад прымусам абставін. Каб прымаць дзяржаўныя акты, трэба было знаходзіцца на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Аўгуст III прыязджаў з Саксоніі на некалькі дзён ці тыдняў у памежны горад Усхову, дзе адбываліся ягоныя нарады з Сенатам Рэчы Паспалітай, і намагаўся хутчэй вярнуцца ў Дрэздэн. Прыязджаў таксама на соймы. Двойчы наведаў Горадню, дзе збіраліся соймы ў 1744 і 1752 гг., але не столькі для удзелу ў соймах (дарэчы, сарваных), колькі дзеля паляванняў у Белавежскай пушчы. Аднак ліхалецце Сямігадовай вайны, калі прускія войскі займалі Саксонію, прымусіла Аўгуста III пераехаць у нейтральную Рэч Паспалітую.
Акрамя паляванняў у лясах Саксоніі, недалёка ад свайго замка Губертсбурга, Аўгуст III любіў страляць у сабак, якіх спецыяльна вабілі на двор ягонага замка, любіў выразаць фігуркі з паперы, ахвотна праводзіў час з прыдворнымі блазнамі. А ўвогуле гэта быў апатычны і недаступны чалавек, але вельмі давяраў сваім фаварытам, якіх праз некаторы час мяняў. Акрамя айцоў-езуітаў, спачатку вялікі ўплыў на караля меў ягонага сябра ў маладых гадах Аляксандр Юзаф Сулкоўскі, граф, а потым і князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, лоўчы надворны літоўскі і першы міністр саксонскага кабінета (1733-1738), ён жа генерал саксонскай пяхоты. Але ў лютым 1738 г. Сулкоўскі патрапіў у няміласць караля і быў звольнены. Яго замяніў здольны і спрактыкаваны палітык - Генрых фон Бруль, які стаў і ягоным міністрам у Польшчы. Каля Аўгуста III былі ягоныя даўнейшыя прыхільнікі Я. Малахоўскі, Ліпскі, Я. Ф. Сапега, Я. К. Л. Браніцкі, Радзівілы, Вішнявецкія. У 1743 г. на першае месца ў Рэчы Паспалітай выйшлі Чартарыйскія, але ў 1752 г. "першую скрыпку" зноў займеў Бруль і Е. Мнішак (апошні прымірыў караля з Патоцкімі, якія былі ў апазіцыі).
З гэтага спісу трэба адзначыць Чартарыйскіх, якія, карыстаючыся даверам караля, намагаліся правесці неабходныя рэформы ў Рэчы Паспалітай: заснаваць спадчынную манархію, абмежаваць магнацкую алігархію і скасаваць ліберум вета. Але падтрымкі караля і ягонага двара не было, таму гэтая спроба скончылася няўдачай. Увогуле ж Аўгуст III цікавіўся рэформамі толькі ў той ступені, каб з іх дапамогай забяспечыць трон у Рэчы Паспалітай каму-небудзь са сваіх сыноў.
У асноўным магнаты Рэчы Паспалітай у перыяд панавання Аўгуста III падзяліліся на дзве групоўкі, якія аспрэчвалі ўладу ў краіне паміж сабой. Караля падтрымлівалі Чартарыйскія і іх шматлікія прыхільнікі, у тым ліку Радзівілы і Сапегі. Адзін з Чартарыйскіх, Міхал, доўгі час быў падканцлерам літоўскім (1752-1775). Ён меў вялікі ўплыў на падзеі ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве. Арыентаваліся Чартарыйскія на Расію, а з 50-х гг. XVIII ст. і на Прусію.
Супраць караля і "прыдворнай партыі" Чартарыйскіх выступала групоўка на чале з Патоцкімі ("рэспубліканцы", або "гетманская партыя"). Яны былі супраць абсалютызму, прыхільнікамі "залатой вольнасці" і захавання ліберум вета. Патоцкія атрымлівалі грашовыя сродкі ад урадаў Францыі і Расіі. У 40-я гады сябравалі з Прусіяй, а ў 50-я - сталі яе ворагамі. Менавіта апазіцыя і зрабіла марнымі спробы рэформаў на соймах 1746 і 1748 гг., сарваўшы іх.
Знешняя палітыка аўгуста III
У знешняй палітыцы Аўгуст III арыентаваўся на Расію, бо дзякуючы ёй стаў каралём. Быў саюзнікам Расіі ўвесь час свайго панавання ў Рэчы Паспалітай і Саксоніі. Таму, маючы ў Пецярбургу падтрымку, Аўгуст III дазваляў сабе часам выступаць супраць Прусіі і Аўстрыі, спадзеючыся атрымаць частку аўстрыйскіх зямель пасля смерці апошняга Габсбурга - імператара Карла VI. Але ў гэтым кірунку актыўнай была Саксонія, якая ўдзельнічала ў еўрапейскіх войнах. Рэч Паспалітая захоўвала нейтралітэт. Але палітыка Аўгуста III ставіла Рэч Паспалітую ў рызыкоўнае становішча. Праз яе тэрыторыю на захад праходзілі расійскія войскі, побач узмацнялася Прусія.
Расія не лічылася з суверэнітэтам Рэчы Паспалітай. Калі ёй было патрэбна, яна ўводзіла войскі на тэрыторыю Беларусі. Так, у 1735 г. па загаду урада Ганны Іванаўны для гвалтоўнага захопу расійскіх стараабрадцаў, якія пасяляліся ў сваім замежным цэнтры - Ветцы і яе наваколлі, сюды праз дзяржаўную мяжу было накіравана 5 палкоў якім было даручана "ачысціць Ветку" і суседнія слабоды. Дамы стараабрадцаў і манастырскія пабудовы былі спаленыя. У Расію вывезена больш як 13 тысяч чалавек. Такая ж акцыя была праведзена пазней (у 1764 г.), калі генерал Маслаў з двума палкамі вывеў у Расію 20 тысяч чалавек. Рэйды расійскіх войскаў на тэрыторыю нашай дзяржавы атрымалі назву "веткаўскія выгонкі". Расія таксама падтрымала паўстанне ў Крычаўскім старостве ў канцы 1743 - пачатку 1744 г., каб мець зачэпку для ўмяшання, калі гэта спатрэбіцца. Па загаду расійскіх улад камандзір расійскага пагранічнага фарпоста (заставы) падтрымліваў сувязь з Васілём Вашчылам.
Падчас вайны за аўстрыйскую спадчыну паміж еўрапейскімі краінамі (1740-1748) Саксонія прыняла ўдзел у вайне на баку Прусіі супраць Аўстрыі, а пасля перайшла на бок Аўстрыі. Аўгуст III хацеў атрымаць ад Аўстрыі "калідор" праз Сілезію ад Саксоніі да Польшчы. Прускі кароль Фрыдрых II у 1745 г. разбіў аўстра-саксонскую армію. Быў заняты Дрэздэн. Згодна з падпісаным мірам, Сілезія адышла ад Аўстрыі да Прусіі (была занята яшчэ ў 1742 г.), а Саксонія не атрымала нічога. Тэрыторыя Польшчы цяпер была абкружана паўколам прускімі валоданнямі на захадзе і поўначы.
Праўда, Аўгуст III пасля падпісання мірнага трактата з Прусіяй (25 снежня 1745 г. у Дрэздэне) падпісаў на пяць гадоў саюзны дагавор Саксоніі з Францыяй, атрымліваючы за гэта субсідыі ад французскага караля Людовіка XV. А калі скончылася дзеянне гэтага дагавора, то ў 1751 г. падпісаў такі ж дагавор з Англіяй, ахвяруючы ёй 6000 саксонскіх салдат за цяпер ужо англійскія субсідыі. Такая палітыка хістання паміж Англіяй і Францыяй прывяла ўрэшце да таго, што падчас Сямігадовай вайны (1756-1763) прускі кароль Фрыдрых II, супраць якога выступіла Саксонія разам з Аўстрыяй, Расіяй і Францыяй, нанёс паражэнне саксонскай арміі (капітулявала 15 кастрычніка 1756 г. каля Пірны). Аўгуст III мусіў ратавацца ў Варшаве, а пруская армія з невялікім перапынкам рабавала Саксонію ажно да вясны 1763 г.
І хаця Рэч Паспалітая заставалася нейтральнай і падчас Сямігадовай вайны, тэрыторыя яе выкарыстоўвалася абодвума бакамі для сваіх мэтаў. Праз яе праходзілі туды і сюды расійскія, прускія, а часам і аўстрыйскія войскі. Дзяржава не ўдзельнічала ў вайне, аднак насельніцтва яе шмат цярпела ад іншаземных салдат. Расія авалодала камунікацыямі, карысталася прадуктамі харчавання і зімовымі кватэрамі на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Пры гэтым расійскія генералы не лічыліся з насельніцтвам, рабавалі яго пад выглядам дапамогі расійскай арміі. У сваю чаргу, прускі кароль Фрыдрых II у 1760 г. накіраваў свае войскі ў Польшчу, у Пазнанскае ваяводства, і абвясціў маніфест, у якім заявіў, што будзе карыстацца ўсімі прывілеямі, якія мелі ў гэтай краіне расійскія войскі.
Апошнія гады жыцця
Аўгуст III у канцы жыцця займаўся больш справамі сваёй сям'і. Павыдаваўшы дачок замуж за прынцаў каралеўскіх ці княскіх фамілій, ён намагаўся ўладкаваць сыноў. Старэйшы сын Фрыдрых Хрысціян, хваравіты чалавек, паводле законаў саксонскага дому прызначаўся да заняцця трона ў Дрэздэне. Для трона ў Варшаве больш надаваліся каралевічы Ксаверы (якога бацька чамусьці не любіў) і ўлюбёнец Карл. Пачынаючы ад 1751 г. Аўгуст III намагаўся шляхам дамоў з Англіяй, Расіяй і Аўстрыяй, ды нават і з Францыяй, гарантаваць абранне аднаго з іх каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Атрымаўшы згоду імператрыцы Лізаветы Пятроўны, Аўгуст III здолеў зрабіць ленным (васальным) герцагам Курляндыі сына Карла. Але яго дынастычныя планы не здзейсніліся. У 1763 г. Расія патрабавала ад Карла пакінуць трон у Курляндыі, бо Кацярына II вярнула туды з высылкі Бірона. У Рэчы Паспалітай становішча караля стала менш надзейным, бо Кацярына II паміж Саксоніяй і Прусіяй зрабіла выбар на карысць апошняй, а крыху пазней заключыла з ёю саюз, Расійская імператрыца ва ўнутраных справах Рэчы Паспалітай таксама вырашыла падтрымаць Чартарыйскіх, якія ўжо рыхтаваліся на наступным сойме ўсё ж такі правесці рэформы дзеля ўзмацнення дзяржаўнага ладу, але не на карысць Аўгуста III. Эканамічнае становішча ў краіне пагаршалася. У Рэч Паспалітую плынямі ішлі фальшывыя манеты, іх білі па загаду караля Фрыдрыха II на манетным двары у Дрэздэне, захопленым прускімі войскамі. Анархія ў краіне набірала разгон...
Пасля заканчэння Губертсбургскага міру паміж Аўстрыяй з Саксоніяй і Прусіяй (15 лютага 1763 г.) і адыходу прускіх войскаў з Саксоніі Аўгуст III выехаў з Варшавы ў Дрэздэн, дзе прабавіў некалькі месяцаў выязджаючы на паляванні ці слухаючы любімыя оперы ў тэатры. Жонка яго памерла ў Дрэздэне яшчэ ў 1757 г. падчас акупацыі краю прусакамі. Памёр Аўгуст III раптоўна. Здарылася гэта ў Дрэздэне 5 кастрычніка 1763 г.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"
Панаванне Аўгуста III у Рэчы Паспалітай было перыядам палітычнага крызісу, дэзарганізацыі дзяржаўнай улады, павелічэння залежнасці краіны ад суседзяў і перш за ўсё ад Расіі. Але ў гэты час пачаўся ўздым гаспадаркі, пераход да чыншу ў панскіх гаспадарках (за кошт паншчыны), будаўніцтва мануфактурных прадпрыемстваў, у тым ліку на Беларусі. Ды і ў асвеце былі зроблены новыя крокі: праводзілася рэформа адукацыі, адчыняліся школы піярскага ордэна, куды прымалі дзяцей бацькоў рознага маёмаснага стану, навучанне было бясплатнае, а прадметы адпавядалі патрабаванням, якія былі ў школах іншых еўрапейскіх краін. Аднак гэта ўсё было дасягнута не дзякуючы палітыцы Аўгуста III, а без ягонага якога-небудзь удзелу ўвогуле.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.