Багуслаў Радзівіл (1620 - 1669)

Багуслаў РадзівілБагуслаў Радзівіл (1620 - 1669), канюшы літоўскі, генеральны губернатар Кралеўца, быў адным з самых багатых магнатаў Вялікага княства Літоўскага і належаў да біржанскай лініі гэтага магутнага феадальнага роду. Ён тытулаваўся князем "на Біржах, Дубінцы, Слуцку і Капылі".

Спачатку Слуцкае і Капыльскае княствы належалі на працягу некалькіх стагоддзяў старажытнаму беларускаму роду Алелькавічаў. У 1586 годзе апошні прадстаўнік гэтага роду Юры Юр'евіч памёр, а перад гэтым адышла да госпада і яго жонка Кацярына з роду Кішкаў. Засталася сіратою іх маленькая дачка Соф'я, якая ў чатырнаццацігадовым узросце выйшла замуж за Януша VI Радзівіла з біржанскай лініі. Княгіня Соф'я памерла ў 1617 годзе, а Януш ажаніўся другі раз з Эльжбетай Брандэнбургскай. У 1620 годзе ў іх нарадзіўся сын, названы Багуславам. Хутка бацька памёр, а маці выйшла замуж другі раз. Маленькага Багуслава выхоўвалі ў сям'і Крыштофа Радзівіла. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у кальвінскай школе ў Кейданах. У выніку выхавання і веравызнання ён апазіцыйна ставіўся да пракаталіцкіх пануючых колаў і караля Яна Казіміра. Разам са стрыечным братам Янушам Радзівілам цвёрда трымаўся ідэі самастойнасці Вялікага княства.

Багуслаў быў адважным рыцарам, па-майстэрску валодаў шпагай і быў роўным у фехтаванні героям Аляксандра Дзюма. Малады князь шмат вандраваў, наведаў Прусію, Памеранію, Галандыю, Францыю, сябраваў з асобамі каралеўскай дынастыі, сярод якіх быў і брат польскага караля Ян Казімір. У ліку яго сяброў называюць прынцаў Аранскага, Кандэ, Насаў. Так, у войску Аранскага ён змагаўся за крэпасць Ганд. Багуслаў лічыўся зацятым дуэлянтам і з гэтай прычыны аднойчы быў заключаны ў Бастылію кардыналам Мазарыні, але хутка адпушчаны. Калі яму было 26 гадоў, атрымаў чын харунжага, а потым і тытул канюшага ВКЛ. Дзякуючы сваёй адвазе ён не раз трапляў у розныя прыгодніцкія сітуацыі. Быў выпадак, калі выратаваў жыццё шведскаму каралю Карлу Густаву, а сам, цяжка паранены ў галаву, трапіў у татарскі палон, але хутка быў выкуплены за невялікую плату, бо татары не ведалі, хто да іх трапіў. Князя Багуслава ведалі як высокаадукаванага і таленавітага чалавека з грунтоўнымі навуковымі ведамі і развітым эстэтычным густам. Ён лічыўся асобай новага часу.

Слуцк, рэзідэнцыя князя Багуслава, заставаўся апошнім асяродкам кальвінізму на Беларусі. Сам князь складаў евангелісцкія гімны, якія былі выдадзены ў канцыянале ў 1723 годзе ў Гданьску. Шмат яго пісьмаў захоўваецца ў музеях і бібліятэках, іх лічылі ўзорам эпісталярнага жанру. Багуслаў быў мецэнатам, збіраў творы выяўленчага мастацтва. Шматлікая калекцыя твораў жывапісу галандскіх, нямецкіх, мясцовых майстроў пад канец яго жыцця была сабрана з усіх яго маёнткаў, звезена ў Кралявецкі замак, куды князь быў прымусова высланы каралём Янам Казімірам.

У маладыя гады князь Багуслаў сур'ёзна вывучаў абарончыя сістэмы ў Амстэрдаме і іншых галандскіх гарадах. Па яго праектах былі перабудаваны абарончыя збудаванні ў Слуцку, які набываў форму "ідэальнага горада", запазычанага з часоў Рэнесансу. У рэзідэнцыі князя былі ўзведзены магутныя земляныя ўмацаванні з бастыёнамі і равелінамі. У гэты час узнік новы абарончы замак. Слуцк часоў Багуслава пачаў называцца "бастыёнам Літвы".

Сам князь лічыўся нядрэнным архітэктарам і мастаком. У архівах Радзівілаў у Нясвіжы знойдзены некалькі дзесяткаў яго малюнкаў і чарцяжоў, панарамы гарадоў, эскізы асобных збудаванняў. Цікавасць да дойлідства была настолькі глыбокай, што князя можна было лічыць прафесіяналам, а не аматарам. Яго ўклад у нацыянальнае будаўнічае і цяслярскае рамяство Беларусі было даволі значным. Ім быў распрацаваны і іканастас для праваслаўнага храма ў Слуцку. Асабліва цікавым сярод чарцяжоў трэба адзначыць праект слуцкай ратушы для гарадскога магістрата. Багуслаў Радзівіл мае дачыненне і да распрацоўкі герба горада Слуцка.

У 1669 годзе Багуслаў Радзівіл спадзяваўся атрымаць тытул кашталяна віленскага і жмудскае староства. Ён нават быў запрошаны як сенатар на ўрачыстасці з нагоды каранацыі караля. Але ў выніку інтрыг яго спадзяванні не спраўдзіліся. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

31 снежня 1669 года ён раптоўна памёр у час палявання і быў пахаваны ў Караляўцы (Калінінград) у евангельскім зборы побач з жонкай Ганнай Марыяй. У іх засталася адзіная дачка - Людвіка Караліна.

К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, "Нясвіж і Радзівілы", Мінск: Беларусь, 2007. - 240 с.: іл.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.