Ян Сабескі (1629-1696)

Ян Сабескі быў другім "Пястам" на каралеўскім троне ў Польшчы і вялікім князем літоўскім. Шляхта зноў выбрала ў 1674 г. караля са свайго асяроддзя. Зноў не Радзівіл, Любамірскі, Патоцкі, Пац ці Сапега - не радавіты магнат, і не замежны прынц ці кароль, а нашчадак заможнай шляхты заняў трон у Рэчы Паспалітай.

Ян Сабескі (Jan Sobieski)
Ян Сабескі (малюнак Яна Матэйкі)

З роду герба "Яніна"

Ян Сабескі належаў да старажытнага роду герба "Яніна", але не надта вядомага і не надта багатага. Продкі яго вызначыліся падчас Лівонскай вайны. Дзед Яна Сабескага - Марэк Сабескі - удзельнічаў у войнах канца XVI - пачатку XVII ст., быў спачатку харунжым надворным каронным (г. зн. польскім), потым кашталянам люблінскім, а з 1598 г. - ваяводам люблінскім. Марэк Сабескі атрымаў землі ў Заходняй Украіне ў якасці ўзнагароды за добрую службу. Родная цётка Яна - Ганна (дачка Марэка) - прыняла манаства, уступіўшы ў ордэн брыгітак у Горадні, пазней з'яўлялася настаяцелькай манастыра (памерла ў 1650 г.).

Бацька Яна - Якуб Сабескі (1580-1646) - некалькі разоў абіраўся дэпутатам соймаў Рэчы Паспалітай, а чатыры разы нават маршалкам (старшынёю) соймаў. Якуб Сабескі быў таксама дыпламатам, ездзіў з пасольствамі ў Рым, Вену, Парыж. Купіў у Заходняй Украіне маёнткі Злочаў, Памараны, Збораў... У 1641 г. стаў ваяводам рускім, а ў 1646-м - кашталянам кракаўскім, меў староствы Трэмбавельскае, Стрыйскае, Калушскае ды інш.

Маці Яна Сабескага Тэафанія Даніловіч (1607-1661), таксама з польскага шляхецкага роду (венгерскага паходжання) з Заходняй Украіны, выйшла замуж за ўдаўца - Якуба Сабескага - і нарадзіла яму двух сыноў і дачку. Тэафанія Даніловіч была дачкой Яна, ваяводы рускага, і Зоф'і Жулкеўскай, дачкі знакамітага палкаводца Станіслава Жулкеўскага, гетмана вялікага кароннага, пераможцы шведаў пад Рэвелем, маскоўскіх войскаў пад Клушынам (1610) і ў іншых бітвах. Гэта ён у 1610 г. на чале польскіх і беларуска-літоўскіх атрадаў заняў Маскву. Так што Ян Сабескі быў праўнукам Станіслава Жулкеўскага.

Старэйшы брат Яна - Марэк (1628-1652) - з'яўляўся старастам краснастаўскім і явораўскім, але памёр маладым. Сястра Кацярына (1634-1694) была двойчы замужам: у першым шлюбе з князем Уладзіславам Дамінікам Заслаўскім-Астрожскім, у другім - з князем Міхалам Казімірам Радзівілам, ваяводам віленскім і гетманам польным літоўскім, уладальнікам Нясвіжа. Такім чынам, Сабескі быў звязаны сваяцтвам з магнацкімі сем'ямі на Украіне і Беларусі.

Маладыя гады

Ян Сабескі нарадзіўся 17 жніўня 1629 г. у замку Алеска (Рускае ваяводства, дзе галоўным горадам лічыўся Львоў). Дзяцінства прайшло ў Жолкве, маёнтку гетмана Жулкеўскага, выхаванне - у рыцарскай традыцыі роду Жулкеўскіх. У 1640 г. разам з братам хлопчык быў адпраўлены ў Кракаў, дзе абодва вучыліся ў калегіі Навадворскага, а з 1643 да 1646 г. - на філасофскім факультэце Кракаўскай акадэміі. У 1646 г. абодва паехалі на вучобу за мяжу - у Лейпцыг, Антверпэн, Парыж, Лондан, Гаагу. Займаліся вывучэннем замежных моў, літаратуры, вайсковых і палітычных спраў а ў 1648 г. вярнуліся на радзіму.

Ян Сабескі ўдзельнічаў у вайне супраць казацкага войска Багдана Хмяльніцкага ў бітве ля Зборава. Абодва браты змагаліся супраць казакоў і татараў ля Берастэчка ў 1651 г. У гэтай бітве Ян Сабескі быў цяжка паранены ў галаву. Брат загінуў у бітве ля Батога. У той бітве Ян не ўдзельнічаў, бо лячыўся ў Львове: перад гэтым ён быў паранены на дуэлі з Казімірам Пацам, які потым стаў ягоным палітычным апанентам. У 1653 г. палкоўнік Ян Сабескі камандаваў казацкай харугвай (лёгкай конніцай) у бітве супраць украінскіх казакоў і крымскіх татараў.

Сабескі - палкаводзец

У кастрычніку 1655 г. падчас шведска-польскай вайны Ян Сабескі з войскам харунжага кароннага Аляксандра Канецпольскага прынёс прысягу на вернасць шведскаму каралю Карлу X Густаву, войскі якога захапілі амаль усю Польшчу. Але ў сакавіку наступнага года Ян Сабескі пакінуў шведаў і перайшоў у войска Стэфана Чарнецкага, удзельнічаў у баях супраць шведаў у Вялікай Польшчы, Прусіі і ля Торуня, чым цалкам рэабілітаваў сябе і атрымаў ад караля Яна Казіміра чын харунжага кароннага. Уліпені 1656 г. падчас бітвы ля Варшавы Сабескі камандаваў злучанымі вайсковымі атрадамі палякаў і крымскіх татараў, якія атакавалі шведаў і брандэнбуржцаў Ян Сабескі браў удзел у баях супраць інтэрвенцыйнай арміі трансільванскага князя Юрыя II Ракачы, а ў 1658 і 1659 гг. - зноў супраць шведаў у Прусіі і ля Торуня. У тым жа 1659 г. Ян Сабескі ўпершыню быў абраны дэпутатам сойма. Праз год кароль Ян Казімір - за заслугі перад Айчынай - даў яму пажыццёва староства Стрыйскае. Восенню 1660 г. Ян Сабескі камандаваў палком у бітвах з казакамі гетмана Юрыя Хмяльніцкага і расійскімі войскамі на Украіне. Ягоны баявы вопыт у сутычках са шведамі, украінскімі казакамі, крымскімі татарамі і Масквою гартаваў ягоны характар палкаводца і чалавека.

Каханне - раз i назаўсёды

Малады харунжы каронны быў ласкава прыняты пры каралеўскім двары. Яшчэ ў 1655 г., калі Яну было 26 гадоў закахаўся ён ў прыгажуню Марыю Казімеру дэ ля Гранж д'Арк'ен, выхаванку каралевы Людвікі Марыі, французскай жонкі караля Яна Казіміра. Дзяўчыне было толькі 14. Гэтая францужанка, ці, як Сабескі называў яе, Марысенька, стала адзіным моцным яго каханнем на ўсё жыццё. Каралева Людвіка спрыяла закаханаму вайскоўцу, якому, лічыла, наканавана вялікая кар'ера.

Нягледзячы на прыхільнасць Марысенькі, Ян Сабескі саступіў больш багатаму і ўплывоваму канкурэнту Яну Замойскаму (1627-1665), ваяводзе кіеўскаму і ардынату Замойскаму (Замосце з багатымі маёнткамі), які ў 1658 г. ажаніўся з Марыяй Казімерай д'Арк'ен. Але каханне Сабескага пакінула ў старапольскай літаратуры помнік прыгожага пісьменства: ягоныя лісты да каханай - найлепшыя ўзоры стылістыкі палкага і адукаванага закаханага. Шлюб Марыі Казімеры быў няўдалым. Яна па-ранейшаму сустракалася з Янам Сабескім (ён меў маёнтак па суседстве, у Піляшковіцах). Перапіска паміж імі ўзмацнілася. Больш за тое, у 1661 г. у варшаўскім касцёле кармелітаў Сабескі даў клятву на вернасць сваёй каханай.

Каралева канчаткова перацягнула Сабескага ў каралеўскі, прафранцузскі лагер. Ён абіраўся некалькі разоў дэпутатам соймаў выступаў за ўзмацненне каралеўскай улады і абранне прынца Кандэ наступнікам трона ў Варшаве. У 1663 г. з войскам пад камандаваннем караля Яна Казіміра (разам з украінскімі казакамі гетмана Правабярэжнай Украіны Паўла Тэтэры) удзельнічаў у паходзе супраць Расіі. Войскі дайшлі да Глухава і Сеўска, але вымушаны былі адступіць. Сабескі камандаваў ар'ергардам і мужна адбіваў атакі расійскіх войскаў і казацкага войска Левабярэжнай Украіны.

7 красавіка 1665 г. памёр ваявода Замойскі. Нягледзячы на жалобу, Ян Сабескі ўжо 14 мая патаемна абвянчаўся з Марыяй Казімерай Замойскай, багатай 24-гадовай удавой (дзяцей у яе не было). Афіцыйны шлюб адбыўся 5 ліпеня 1665 г. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся тры сыны - Якуб Людвік, Аляксандр і Канстанцін - і дачка Тэрэса Кунегунда (1676-1710), якая выйшла замуж за баварскага курфюрста Максіміліяна II. Яе сын Карл Альберт (унук Я. Сабескага) (1697-1745), таксама курфюрст, нават стаў у 1742 г. імператарам Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі. Дачка Якуба Людвіка (унучка Сабескага) Марыя Клементына выйшла замуж за Джэймза Эдварда Сцюарта, сына зрынутага ў 1688 г. англійскага каталіцкага караля Якава II, прэтэндэнта на англійскі трон.

У год (1665), калі нарэшце наладзілася сямейнае жыццё, Ян Сабескі стаў маршалкам вялікім каронным (лічыўся першым міністрам, вышэй за канцлера). Падчас рокашу гетмана польнага Е. С. Любамірскага, які выступіў супраць рэформаў дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай, Сабескі ўзяў бок караля. Але часта ад'язджаў з войска, каб сустракацца з маладой жонкай. У 1666 г. атрымаў ад караля булаву гетмана польнага кароннага. Ваяваў ён супраць ракашан Е. С. Любамірскага неахвотна, нават пацярпеў паразу і ў ліпені 1666 г. з радасцю падпісаў з імі пагадненне, якое скончыла грамадзянскую вайну. Планы рэформаў былі перакрэслены. "Залатая вольнасць" шляхты і магнатаў захавалася.

Вайсковая i дзяржаўная дзейнасць

Толькі скончылася грамадзянская вайна, а ўжо зноў пачалася новая вайна на Украіне. Гетман Правабярэжнай Украіны Пётр Дарашэнка разам з крымскімі татарамі выступаў супраць Кароны. Андрусаўскае перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй у студзені 1667 г. паказала, што ваяваць Рэч Паспалітая і Расія ўжо больш няздольныя. Тады Турцыя выступіла супраць Рэчы Паспалітай, узяўшы пад сваю апеку казакоў і крымскіх татараў. Казацка-татарскае войска (да 30 тысяч чалавек) гетмана Дарашэнкі рушыла на Львоў Насустрач выступіў атрад з невялікімі сіламі (3 тысячы конніцы, пяхоты і артылерыі). 6 кастрычніка 1667 г. адбылася бітва каля Падгайцаў (на ўсход ад Галіча). Войску Сабескага дапамагалі ўкраінскія сяляне, якія раней уцяклі ў Падгайцы. Атакі казакоў і татараў былі адбіты, і яны былі вымушаны заключыць мір, бо ў гэты час запарожцы на чале з атаманам Іванам Сірко напалі на Крымскае ханства (гэта той Сірко, што з'яўляецца аўтарам вядомага ліста запарожцаў да турэцкага султана: "Ты шатане турэцкі, чорта праклятага брат і таварыш...").

Перамога пад Падгайцамі прынесла Яну Сабескаму вялікі аўтарытэт сярод шляхты. У лютым 1668 г. кароль Ян Казімір надаў яму годнасць вялікага гетмана кароннага.

Падчас выбараў новага караля ў 1669 г. (пасля адрачэння ад трона Яна Казіміра) Сабескі падтрымаў кандыдатуру прынца Луі дэ Кандэ, сваяка французскага караля. Але шляхта абрала каралём Міхала Карыбута Вішнявецкага. Ян Сабескі разам з галавой каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай арцыбіскупам М. Пражмоўскім стаў на чале апазіцыі. Але апазіцыя вымушана была спыніць атакі на караля. На краіну напала Турцыя, а перш за ўсё крымскія татары. У 1671 г. Сабескі ў некалькіх бітвах разбівае крымскіх татараў на Украіне. Але туркі ў жніўні

1672 г. прымусілі капітуляваць моцную крэпасць Камянец-Падольскі, захапілі некалькі гарадоў. Крымскія татары рабавалі Украіну. Гетман Ян Сабескі з невялікімі сіламі нанёс паражэнне крымскім татарам. Тым не менш Рэч Паспалітая мусіла заключыць з Турцыяй ганебны Бучацкі мір і перадаць Турцыі Падолію, а Брацлаўскае ваяводства і паўднёвую частку Кіеўскага - казацкаму гетману Пятру Дарашэнку, васалу султана. Польшча павінна была плаціць штогадовую даніну султану.

У сакавіку 1673 г. кароль Міхал і апазіцыя прыйшлі нарэшце да згоды. Сойм адхіліў Бучацкі мірны дагавор, і вайна з Турцыяй працягвалася. Гетман вялікі каронны Ян Сабескі сабраў 40-тысячнае польскае войска. Да яго далучылася 12-тысячнае беларуска-літоўскае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Міхалам Казімірам Пацам і гетманам польным літоўскім Міхалам Казімірам Радзівілам. 11 лістапада 1673 г. аб'яднанае войска на чале з Янам Сабескім нанесла знішчальную паразу турэцкай арміі Хусейна-пашы. Гэтая перамога перапыніла наступ турэцкіх войскаў і ўславіла Яна Сабескага. За адзін дзень да вырашальнай бітвы памёр кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі. Трон стаў вакантным.

Ян Сабескі - кароль

19 мая 1674 г. на выбарчым полі Ян Сабескі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Супраць ягонае кандыдатуры актыўна выступіла прааўстрыйская групоўка магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Яе ўзначальвалі Пацы: канцлер вялікі літоўскі Крыштаф Пац, яго стрыечны дзядзька Міхал Казімір - гетман вялікі літоўскі і ваявода віленскі, брат апошняга Казімір - біскуп жмудскі. Яны патрабавалі аднагалоснага выбару, не хацелі прызнаваць Марысеньку каралевай, а сына Якуба - каралевічам. Аднак Сапегі і Радзівілы падтрымалі новаабранага караля, і 5 чэрвеня 1674 г. ён прынёс прысягу. З-за вайны з туркамі каранацыю адклалі, і яна адбылася ў лютым 1676 г. на сойме ў Кракаве.

У сувязі з моцнай апазіцыяй каралю Яну Сабескаму ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве з боку прааўстрыйскай групоўкі на чале з Пацамі кароль пачаў пры нагодзе вылучаць на вышэйшыя пажыццёвыя пасады прадстаўнікоў сям'і Сапегаў якія, у сваю чаргу, падтрымлівалі караля. Радзівілы на чале са шваграм караля, уладальнікам Нясвіжа Міхалам Казімірам Радзівілам, натуральна, таксама былі за караля.

Восенню 1674 г. туркі зноў пайшлі на Украіну. Кароль Ян III (так яго афіцыйна называлі) сам павёў войска ў паход. У баях з туркамі каралеўскае войска адбіла гарады Бар, Магілёў-над-Днястром, Брацлаў. У 1675 г. Сабескі малымі сіламі затрымаў татарскі наезд, абараніў Львоў і пагнаў татараў ажно ў Малдавію. Восенню 1676 г. ля ракі Днестр, ля Жураўна, былі адбіты атакі турэцка-татарскага войска і заключаны мір з Турцыяй і Крымам, паводле якога захопленыя туркамі землі Падоліі заставаліся ў іх руках, але выплата штогадовай даніны памерам 22 тысячы злотых (паводле Бучацкага міру) скасоўвалася. Белая Царква і Павалоч вярталіся да Польшчы, але Камянец застаўся ў туркаў. Сойм не зацвердзіў гэты дагавор.

Стаўшы каралём, Ян Сабескі надумаў правесці рэформы, каб узмацніць дзяржаўны лад, у тым ліку ўладу караля, і абмежаваць сваволле магнатаў. Ён таксама намагаўся змяніць кірунак знешняй палітыкі дзяржавы - з усходу на захад. План грунтаваўся на намерах займець сталы мір з Турцыяй і палепшыць адносіны з Расіяй. Рэч Паспалітая збіралася заключыць саюз з Францыяй і Швецыяй супраць Брандэнбургска-Прускай дзяржавы і Аўстрыі, далучыць да Польшчы так званую Княскую Прусію (герцагства Прусія з Кёнігсбергам, або Караляўцом) і такім чынам шырока выйсці да Балтыйскага мора, а таксама далучыць Сілезію да Польшчы (Сілезія тады знаходзілася пад уладай Аўстрыі). Дзеля гэтага Ян Сабескі заключыў з Францыяй у 1675 г. саюзны дагавор, падтрымаў антыгабсбургскае паўстанне куруцаў у Венгрыі і Славакіі пратэстанцкага графа Імрэ Цёкёя, а праз два гады заключыў саюз са Швецыяй. Габсбургі, уладальнікі Аўстрыі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і імператары Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі, у сваю чаргу, пачалі актыўную палітыку ў Рэчы Паспалітай супраць Яна Сабескага і прафранцузскай групоўкі. Яны заключылі пагадненне з Расіяй, а ў самой Рэчы Паспалітай з'ядналі магнацкую апазіцыю на чале з Пацамі ў Літве і Беларусі, а ў Польшчы - з гетманам польным каронным Дымітрам Ежы Вішнявецкім (стрыечным братам былога караля Міхала Карыбута Вішнявецкага), біскупам кракаўскім А. Тшэбіцкім. Апазіцыя ўтварыла нават патаемную канфедэрацыю з мэтай пазбавіць Яна Сабескага трона (каб не даць каралю каранавацца), а потым ужо выступіла супраць дынастыйнай палітыкі караля і супраць яго знешняй палітыкі ў Венгрыі і Прусіі. Апазіцыя рэзка выказалася наконт таго, каб каралеўскі трон успадкаваў каралевіч Якуб, старэйшы сын Сабескага.

Змаганне з апазіцыяй

Вялікія планы караля рэфармаваць дзяржаўны лад краіны не ажыццявіліся. Занадта моцнай была апазіцыя магнатаў якія не хацелі змяншэння сваёй улады як у Польшчы, так і ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве. Ды і шляхта не хацела пазбаўляцца сваёй "залатой вольнасці". Планы караля ўрэшце не падтрымаў і асноўны саюзнік, французскі кароль Людовік ХІV. Яму ўдалося ў 1678-1679 гг. пашырыць тэрыторыю Францыі, заключыць мірны дагавор з шэрагам еўрапейскіх дзяржаў. Цяпер Аўстрыя і Брандэнбург замірыліся з Францыяй, а Брандэнбург стаў нават саюзнікам Францыі. У 1678 г. Расія вярнула Беларуска-Літоўскай дзяржаве страчаныя раней Невель, Себеж і Веліж узамен за адмову Рэчы Паспалітай ад вяртання ёй Кіева, але гэта не ратавала ад новых пагрозаў вайны.

З Турэцкай імперыяй адносіны таксама не палепшыліся.

Ян Сабескі (Jan Sobieski)
Ян Сабескі (малюнак Яна Матэйкі)

Урэшце Яну Сабескаму на гродзенскім сойме 1678-1679 гг. давялося пайсці на кампраміс з апазіцыяй і адмовіцца ад сваіх планаў адносна Прусіі і Венгрыі. Больш за тое, кароль зрабіў паварот у палітыцы да саюзу з Аўстрыяй супраць Турцыі. Апошняе падабалася шляхце - яна хацела вярнуць страчаную раней Падолію. Марыя Казімера пакрыўдзілася на Людовіка XIV, які не лічыўся з ёю як з роўнай сабе каралеваю, а па-ранейшаму глядзеў на яе як на сваю падданую. Ды і яе родных з сям'і Арк'ен Людовік XIV не ўзнёс у шэрагі самай радавітай арыстакратыі.

У 1680-я гг. апазіцыя каралю яшчэ больш узмацнілася. У Польшчы яе ўзначальвалі ваявода рускі С. Ябланоўскі і падскарбі вялікі каронны Я. Морштын, а ў Літве-Беларусі - падскарбі вялікі літоўскі Б. Сапега і гетман вялікі літоўскі Казімір Ян Сапега. Як бачым, Сапегі пры дапамозе караля ўзмацніліся, занялі месца Пацаў і самі ўзначалілі апазіцыю. Міхал Казімір Радзівіл, швагер караля, памёр у 1690 г. Цяпер каралю давялося шукаць іншых паплечнікаў.

Бітва пад Венай

У знешняй палітыцы Ян Сабескі пачаў фармаваць антытурэцкую лігу еўрапейскіх дзяржаў, бо Турцыя ў першую чаргу пагражала Рэчы Паспалітай. 1 красавіка 1683 г. быў падпісаны трактат аб сяброўстве з Аўстрыяй. У той жа год вялікая турэцкая армія рушыла на Аўстрыю і абклала Вену. У верасні 1683 г. з 27-тысячным войскам за восем дзён маршу з Кракава Ян Сабескі падышоў да Вены і ўзначаліў агульнае войска імператара і князёў Германскай імперыі (разам сабралася 70 тысяч чалавек). Войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы ваявала ў Славакіі, выганяючы адтуль турэцкія атрады.

12 верасня каля Вены адбылася бітва, у якой удзельнічалі і асобныя палкі беларуска-літоўскага войска, у тым ліку цяжкая конніца маршалка надворнага літоўскага Ю. Слушкі і брыгада кашталяна віленскага Э. Дэнгофа. Бітва пад Венай скончылася разгромам турэцкага войска. Вена і Аўстрыя былі выратаваны. Больш туркі сюды не прыходзілі. Неўзабаве пачалося вызваленне асноўнай часткі Венгрыі ад турэцкага прыгнёту. Для Рэчы Паспалітай таксама турэцкая пагроза была знята. Вайна працягвалася, і ў 1699 г. Польшча вярнула сабе Падолію і крэпасць Камянец.

Венская бітва 1683 г
Венская бітва 1683 г. Карціна 17

Пасля гэтай перамогі ўтварыўся антытурэцкі саюз (1684), у які ўвайшлі Рэч Паспалітая, Аўстрыя, рымскі папа і Венецыя. Да саюзу трэба было далучыць і Расію. Дзеля гэтага ў Маскву накіравалася паўнамоцная дэлегацыя на чале з ваяводам пазнанскім К. Гжымултоўскім, якая 6 мая 1686 г. падпісала дагавор аб "вечным міры" з Расіяй, які пацвердзіў умовы Андрусаўскага перамір'я 1667 г. У Расіі засталася Левабярэжная Украіна, Кіеў, Смаленскае ваяводства. Рэч Паспалітая атрымлівала 146 тысяч рублёў, заключаўся саюз Рэчы Паспалітай і Расіі супраць Крымскага ханства. Дагавор прадугледжваў права рускага цара хадайнічаць за праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Менавіта гэты пункт дагавору выкарыстоўваўся рускімі царамі для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у XVIII ст.

Маскоўскі дагавор быў настолькі непапулярны, што Ян Сабескі не хацеў яго ратыфікаваць. Ён быў ратыфікаваны толькі ў 1710 г. (праз 24 гады!), калі войскі Пятра I пасля Палтаўскай перамогі гаспадарылі ў Рэчы Паспалітай.

Астатнія гады панавання Яна Сабескага прайшлі пад знакам барацьбы з апазіцыяй, у складзе якой былі прадстаўнікі і "аўстрыйскай", і "французскай" партый. Караля падтрымлівала толькі прыдворная групоўка і сярэдняя (нават не багатая) шляхта. З шасці соймаў, якія збіраліся ў 1688-1695 гг„ чатыры былі сарваныя.

У Беларуска-Літоўскай дзяржаве супраць Сапегаў выступіла групоўка пад кіраўніцтвам біскупа віленскага Канстанціна Бжастоўскага.

У 1688 г. канфлікт паміж каралём і Сапегамі абвастрыўся з-за спробы караля авалодаць багатым Слуцкім княствам. Кароль хацеў ажаніць свайго сына Якуба са слуцкай княгіняй Людвікай Каралінай Радзівіл (1667-1695), дачкой Багуслава Радзівіла, якая была замужам за маркграфам брандэнбургскім Людвігам (1666-1687), сынам "вялікага курфюрста" Фрыдрыха Вільгельма, але ў красавіку 1687 г. аўдавела. Калі б гэты праект удаўся, то на Беларусі і Літве каралевіч Якуб атрымаў бы багатыя маёнткі з цэнтрамі ў Слуцку, Капылі, Біржах і іншых месцах. Сапегі на сойме рэзка выступілі супраць гэтага плана караля, і кароль вымушаны быў адступіць. Віленскі ваявода і гетман вялікі літоўскі Казімір Ян Сапега быў абвешчаны апекуном слуцкай княгіні, але яна неўзабаве выйшла замуж за графа Нейбургскага Карла Філіпа і ўсе яе ўладанні перайшлі да гэтага нямецкага прынца, які, праўда, ніколі на Беларусь не прыязджаў. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Ян Сабескі. Бітва пад венай
Медаль да 200-годдзя Венскай бітвы. Аверс - бюст Яна Сабескага. Рэверс - трыумфальны ўезд Сабескага ў Вену.

У 1695 г. кароль цяжка захварэў. Усе яго планы былі парушаны. Яшчэ раней, выступаючы на адным з соймаў ён прадказваў няшчасці краіне, якая "не можа выкарыстаць перамогі ў войнах з-за пастаяннай барацьбы за ўладу паміж групоўкамі і супраць караля". 17 чэрвеня 1696 г. Ян Сабескі пасля апаплексічнага ўдару (інсульту) памёр. Зноў пачалося бескаралеўе. Зноў часова ўладу прыняў прымас (галава) каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай - да выбараў наступнага караля.

Анатоль Грыцкевіч, "Культура". 1994. 23 сак.
Крыніца: Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч.-Мінск: Кнігазбор, 2009.-468 с.Б.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.