Януш Радзівіл (1612-1655)

Януш РадзівілЯнуш Радзівіл (1612-1655), ваявода віленскі, гетман вялікі літоўскі, займае сваё асобае месца сярод слаўнага Радзівілаўскага роду. Польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч, аўтар шматлікіх гістарычных раманаў, вывеў яго здраднікам у рамане "Патоп". Здраднік у адносінах да каго? Польскай Кароны, ці радзімы князя - Вялікага княства Літоўскага? Вобраз Януша Радзівіла ў гэтым таленавітым творы далёкі ад сапраўднасці.

Генрык Сянкевіч не мог пазбыцца анахранізму ў ацэнцы ролі Януша Радзівіла ў войнах XVII стагоддзя, ён не хацеў зразумець палітыку ваяводы, не браў пад увагу, што Літва ў 1655 годзе не з'яўлялася Польшчай. Радзівіл не мог пакінуць на пагібель Вялікае княства Літоўскае, каб ратаваць Карону. Ен меў не толькі права, але і абавязак бараніць Літву больш, чым Польшчу. Вялікі раманіст чамусьці абыходзіць пагрозу Літве ў ліпені 1655 года з боку Расіі. Чаму?

Польскі даследчык і пісьменнік С. Мацкевіч адказвае на гэта пытанне так: "Трылогія Сянкевіча павінна была прайсці цэнзуру царскай канцылярыі. Там дазвалялі пісаць пра вайну са шведамі, а не з расіянамі, якія заўсёды грэбавалі гістарычнай праўдай. Вось чаму пісьменнік толькі ўпамінае некаторых рускіх ваеначальнікаў, захоп Вільні і то без праўдзівага паказу. К сораму нашаму мы павінны адзначыць, што вялікая справа пісьменніка была скалечана цэнзурай".

Некалькі радкоў з маналога Януша ў "Патопе" дапамогуць адчуць цяжкія пакуты князя:

"Прышоў гнеў Госпада, часіна такіх бедстваў і такога ўпадку, што ад звычайных сродкаў нам ужо не падняцца, а калі я хачу знайсці новыя адзіныя магчымасці, якія прывядуць да перамогі, мяне пакідаюць нават тыя, якія пакляліся мне ў вернасці на распяцці. Клянуся крывёю і ранамі Хрыста! Няўжо ты думаеш, што я навечна аддаўся пад пратэктарат Карла Густава, што і сапраўды думаю злучыць нашу краіну са Швецыяй, што гэты дагавор, за які мяне назвалі здраднікам, будзе працягвацца болей года?

...Я хачу выратаваць айчыну, і ўсе сродкі для гэтага прыгодныя. Я злучыўся са шведамі, каб іх зброяй перамагчы другога ворага, выгнаць яго з нашых межаў, зноў вярнуць згубленыя землі... Ці ж магу я дапусціць, каб адбылося тое, што пагражае нам гібеллю? У дзесяты, у соты раз я пытаю, які ёсць іншы сродак? Хай жа творыцца воля Гасподняя. Я бяру гэтую адказнасць на свае плечы. Я вызвалю свой край ад вайны! Я клянуся ўсімі нябеснымі свяціламі, гэтымі трапяткімі зоркамі, што, калі толькі хопіць здароўя і сілы, я зноў адбудую краіну і зраблю яе яшчэ больш магутнай, чым была яна раней!"

Укладаючы гэтыя палымяныя словы вялікага патрыёта ў вусны Януша, Сянкевіч лічыць іх няшчырымі, бо, на яго думку, Радзівіл марыць і дбае толькі пра асабістыя інтарэсы, нават хоча ўскласці на сваю галаву карону самастойнага караля Вялікага княства Літоўскага. "Няможна гэта называць здрадай,- лічыць Станіслаў Мацкевіч.- Гетман дзейнічаў па абставінах. Абавязкам яго, як гетмана вялікага літоўскага, было ў першую чаргу бараніць Рэч Паспалітую ад Расіі, ад Усходу. Абавязкам войска кароннага было бараніцца ад Захаду. У тых складаных абставінах Януш Радзівіл не мог весці барацьбу на два фронты".

За выбар ваяваць з Расіяй Януша нельга судзіць, бо ў той час амаль уся Літва была ў агні, толькі Нясвіж яшчэ бараніўся, абложаны расейцамі. "Апалінскі адкрыў дарогу шведам да Польшчы, кароль Ян Казімір пакінуў Варшаву і аддаў яе на рабаванне шведам",- сцвярджае сумленны даследчык Станіслаў Мацкевіч.

Калі б не саюз са Швецыяй, маскоўскі цар захапіў бы ўсю Беларусь і далучыў бы яе да Расіі, як зрабіў ён з Казанскім ханствам. Але інтарэсы Беларусі мала цікавілі і Сянкевіча і рускіх гісторыкаў. Беларуская навука доўга маўчала. 3 лёгкай рукі Генрыка Сянкевіча на доўгія стагоддзі Януш Радзівіл, найвысакароднейшы патрыёт, быў аб'яўлены здраднікам.

Вернемся да храналагічных фактаў з жыцця Януша.

Бацькам Януша быў знакаміты палкаводзец Крыштоф Радзівіл (1585-1640), ваявода віленскі, вялікі гетман літоўскі, а маці - Ганна з вядомага беларускага роду Кішкаў. У сям'і нарадзілася шасцёра дзяцей, але выжылі толькі двое - Януш і малодшая за яго сястра Кацярына.

Усе продкі, пачынаючы ад Мікалая Рудога, былі кальвіністамі, і Януш выхоўваўся ў веры сваіх бацькоў. Ранняе дзяцінства прайшло ў родавых маёнтках Біржах, Дубінках, Попелу, Кейданах, дзе хлопчык атрымаў пачатковую адукацыю. Калі сыну споўнілася трынаццаць гадоў, бацька накіраваў яго вучыцца ў Слуцк у мясцовую гімназію, дзе юнак правучыўся тры гады. У шаснаццаць яго паслалі вучыцца за мяжу. Спачатку Януш паехаў у Варшаву, потым у Берлін, а ў Ліпску паступіў вучыцца ва універсітэт. Адукацыю закончыў у Галандыі. Януш быў высокаадукаваным чалавекам, ведаў некалькі моваў і свабодна гаварыў на іх.

У маладосці ён шмат падарожнічаў, наведаў Лондан, Брусель, Парыж, выканаў у Галандыі некалькі заданняў польскага караля і за гэта атрымаў чын падкаморага Вялікага княства Літоўскага. Ведаючы патрэбы сваёй дзяржавы, малады патрыёт за свой кошт наняў каля тысячы пяхоты і дзвесце драгунаў, некалькі пушкароў і вайсковых інжынераў і з гэтым войскам вярнуўся на радзіму. У кастрычніку 1633 года ён знаходзіўся сярод тых, хто бараніў Смаленск, дзе княства атрымала перамогу. Пасля вайны Януш вярнуўся ў Вільню, адкуль яго хутка паклікалі ў Кракаў выконваць абавязкі падкаморага пры двары караля Уладзіслава IV.

Як і большасць Радзівілаў, якія былі сапраўднымі патрыётамі княства і лічылі Люблінскую унію 1569 года вялікім злачынствам для краю, Януш не мог змірыцца з палітыкай Кароны, якая ўсё больш абмяжоўвала самастойнасць і незалежнасць ліцвінаў. Словы пра роўнасць і вольнасць княства ўсё часцей заставаліся толькі словамі, а на справе парушаліся. I сам кароль, і палякі хацелі б лічыць княства сваёй вотчынай і распараджацца ў ім, як у сябе ў Кароне. Як і просты народ, літоўскія магнаты таксама давалі адпор палякам, адстойваючы свае правы.

Як піша Барыс Сачанка, "Януш Радзівіл многае ведаў ад свайго бацькі, які быў старадаўняга, а значыць, незалежнага літоўскага гарту, многае паспеў пабачыць на свае вочы сам, таму асабліва не хаваў сваіх антыпольскіх настрояў, праяўляў іх адкрыта і нават эмацыянальна, бо меў гарачы і бурны характар".

Аднойчы на радзе Сената ў Вільні, дзе ўдзел браў і польскі кароль, успыхнула спрэчка паміж гетманам Вялікага княства Літоўскага Крыштофам Радзівілам і каралём Уладзіславам IV. Янушаў бацька адстойваў інтарэсы княства, даваў зразумець палякам, што не яны тут гаспадары. Не здолеўшы пераканаць Крыштофа ў сваёй праваце, не знаходзячы патрэбных аргументаў, кароль спыніў сейм. Януш Радзівіл не стрымаўся і хоць быў у свіце караля, прыгразіў палякам: "Пачакайце, прыйдуць часы, калі не праз дзверы, а праз вокны мы будзем вас выкідваць!". Абражаны кароль і прыдворныя патрабавалі ад Януша, каб ён прасіў прабачэння, але той адмовіўся гэта зрабіць. Наступны бурны канфлікт адбыўся ў Варшаве, дзе Радзівілы мелі свой дом і куды аднойчы не пусцілі адну вельмі ўплывовую асобу.

Польскі кароль, будучы хітрым палітыкам, не мог адкрыта парваць адносіны з Радзівіламі, некаранаванымі каралямі Літвы. Ён мусіў з імі лічыцца, але ў душы варожасць засталася. А пакуль кароль не парываў сувязей з Радзівіламі, Януша лічыў нават сваім сябрам, часта браў з сабою ў розныя паездкі, на паляванне.

Сам паслядоўны кальвініст, Януш закахаўся ў каталічку і насуперак бацьку ажаніўся з ёю. Вяселле адбылося ў 1638 годзе. Адразу ж пачаліся непаразуменні і нават сваркі паміж бацькам і сынам. Яшчэ да заручын Крыштоф даводзіў, што "мой сын ніколі не возьме каталічку. Я адмовіў каралевічу Яну Казіміру, калі той сватаўся да маёй дачкі, не паглядзеў на слёзы жонкі і Кацярыны (дачкі). Не пойдзе сын насуперак бацькі, бо ён - мая родная кроў, мой аднадумец. Скажу больш. Уся мая надзея на яго. Упэўнены, што ён аддасць жыццё за вольнасць роднага краю - Вялікага княства Літоўскага".

Жонка рабіла ўсё, каб Януш Радзівіл прыняў яе веру. У гэтым жа напрамку дзейнічаў і кароль і іншыя "сябры". У той час літвіны масава пераходзілі ў каталіцкую веру ці ва уніяцтва. Але Януш не здрадзіў веры сваіх бацькоў. Жонка дамаглася толькі таго, што былі звольнены былыя бацькавы слугі - кальвіністы, Кацярына Патоцкая набірала на іх месца толькі католікаў.

У 1640 годзе бацька Януша памёр, пакінуўшы сыну багатую спадчыну, а ў 1642 годзе заўчасна памерла і Кацярына Патоцкая. Януш вырашыў ажаніцца другі раз, але ўзяць ужо не каталічку. Сваты паехалі да гаспадара Малдавіі Базыля Лупулы, каб высватаць Янушу яго дачку Марыю. Выбар адобрыў і польскі кароль, хаця яму не вельмі падабалася, што нявеста была праваслаўнай. Але ў гэты час Рэч Паспалітая рыхтавалася да вайны з Портай (Турцыяй) і трэба было мець саюзніка на поўдні. Ім мог быць малдаўскі гаспадар. Лупул быў не супраць Радзівілаў і з радасцю аддаў старэйшую дачку ў Літву.

Жаніцьба на Марыі Лупула зблізіла Януша з праваслаўем, якое было пашырана ў княстве. У 1646 годзе Радзівіл атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага. Пасля гэтага ён выехаў з патаемнай місіяй да свайго цесця Базыля Лупулы ў Ясы, а потым завітаў і да князя сяміградскага Юрыя Ракачы, каб заручыцца іх падтрымкай у вайне з Турцыяй. Шукаў Януш падтрымкі і ў католікаў княства. 3 гэтай мэтай збудаваў некалькі касцёлаў у сваіх маёнтках, але гэта не падабалася кальвіністам і праваслаўным.

Надыходзілі смутныя часы для Рэчы Паспалітай. Па Люблінскай уніі кіеўскія, валынскія, падольскія землі, якія раней уваходзілі ў Вялікае княства Літоўскае, адышлі да Кароны. Хутка тут пачаліся спрэчкі і процістаянне супраць польскіх паноў. Сітуацыя надта абвастрылася, калі чыгірынскага сотніка Багдана Хмяльніцкага пакрыўдзіў сусед - пан Чаплінскі. Абураны злачынствам Чаплінскага, Хмяльніцкі аб'яднаў казакаў і аб'явіў сябе гетманам, пачаўшы сапраўдную вайну з Каронай. Яго універсалы траплялі і ў Літву (Беларусь).

Ён пісаў: "Иж не без причин наших слушных мусили есьмо зачати войну и подняти оружие наше на Поляков... иж они, Поляки, прилашчили и подчинили с древних веков земли и провинции Сармацкие..."

Кароннае войска несла паражэнні адно за адным. Нават гетманы каронныя Патоцкі і Каліноўскі трапілі ў палон. Януш Радзівіл разлічваў атрымаць булаву гетмана кароннага, але гэтае жаданне Януша не спраўдзілася. Памёр Уладзіслаў IV, і ўплыў Радзівіла ў Кароне зменьшыўся. Яму нагадалі тыя словы, якія калісьці ён сказаў у Вільні пра палякаў. Тыя баяліся, што ён можа аб'яднацца з Багданам Хмяльніцкім і рушыць на Карону, бо Ьн часта заступаўся за рэлігіі малыя, прыгнечаныя, да таго ж сам быў кальвіністам, жонку меў праваслаўную.

Няўстойліваму становішчу ў краіне спрыялі выбары новага караля. У гэты смутны час неаднаразова ўспыхвалі паўстанні сялян і гараджан, нават і ў Вялікім княстве Літоўскім. Уся паўднёвая частка была ўжо ахоплена імі. У 1649 годзе Януш Радзівіл адбіў у Багдана Хмяльніцкага Пінск, Тураў, Мазыр, Бабруйск. Пасля гэтага пачаліся перамовы з казацкім гетманам, але яны ні да чаго добрага не прывялі.

Новы польскі кароль Ян Казімір загадаў Янушу, каб той палову свайго войска аддаў Кароне пад яе ўладу. Але літоўскі сейм, які сабраўся ў маі 1649 года, не пагадзіўся з такім патрабаваннем. Большасць дэпутатаў выказалася супраць падзелу літоўскага войска, з якім у змаганні за землі княства Януш Радзівіл паказаў сябе таленавітым правадыром, бліскуча правёў бітву пад Лоевам у 1649 годзе і выйграў шмат іншых. У жніўні пераможна ўвайшоў у Кіеў. Ваявода кіеўскі, Ян Ляшчынскі тады пісаў: "У вядзенні вайны і заключэнні міру ніхто не можа быць болын таленавітым за Радзівіла, хацеў бы, каб гетманіў ён сам".

Дзякуючы перамозе Януша Радзівіла пад Зборавам было заключана перамір'е паміж казакамі і польскім каралём. 16 снежня 1649 года ён прыехаў у Варшаву на сейм і перад каралём і сенатам урачыста злажыў здабытыя ў бітве пад Лоевам сцягі разгромленых казацкіх атрадаў, за што ад Сената атрымаў Невель і Себеж, а польскі кароль, каб улагодзіць Радзівіла, надаў яму годнасць старосты Барысава. Але, на жаль, самы папулярны ў краіне князь быў у няміласці ў караля, бо ўвесь час стаяў за самастойнасць і незалежнасць княства. Вось чаму той не хацеў аддаваць яму булаву гетмана. Разглядаючы гэтае пытанне, сейм наогул спыніў паседжанне, бо не здолеў прыняць адпаведнага рашэння. Януш абураўся, злаваў, пісаў, што сейм сарвалі "на зло Вялікаму княству Літоўскаму". Прапанаваў каралю пачаць перамовы, каб стварыць кааліцыю супраць казакаў. У яе маглі б увайсці гаспадар Малдавіі Базыль Лупул, князь сяміградскі і крымскі султан. Кароль згадзіўся з ім. У Януша былі тут свае далёкія планы. Ён хацеў пры дапамозе кааліцыі прымусіць парваць унію Кароны з Літвой.

6 ліпеня 1651 года ў бітве пад Лоевам з казакамі, якімі кіраваў палкоўнік Нябаба, літоўскае войска ў чарговы раз перамагло. Януш Радзівіл пераправіўся праз Дняпро і завалодаў Чарнігавам. 3 жніўня ён быў пад Кіевам, які здаўся без бою.

4 верасня 1651 года Януш Радзівіл злучыўся з войскам Кароны, каб даць рашучую бітву Багдану Хмяльніцкаму, але той раптоўна заключыў з каралём мір, вядомы як Белацаркоўскі. На памяць аб узяцці Кіева Януш Радзівіл загадаў адліць медаль з надпісам: "Гэта табе, каралю Яну Казіміру, Радзівіл аддае ў рукі разбураныя муры Кіева і сайдакі бунтаўшчыкоў".

26 лютага 1652 года на сейме ў Варшаве Януш Радзівіл, гетман літоўскі, дакладаў аб дзеяннях кароннага і літоўскага войска ў барацьбе з казакамі. Гэта выклікала зайздрасць сярод пыхлівых польскіх магнатаў. Яны пачалі весці інтрыгі супраць Радзівілаў, перш супраць Багуслава, потым і самога Януша. Дайшло да шабляў. Каб яшчэ больш распаліць атмасферу, хтосьці пусціў чутку, што памёр вялікі гетман літоўскі Януш Кішка. Кароль, не вельмі давяраючы Радзівілам і баючыся іх, паабяцаў Паўлу Сапегу аддаць таму булаву вялікага гетмана княства. Сапегі варагавалі з Радзівіламі. Раззлаваны і абураны, Януш пакінуў Варшаву, нават не развітаўшыся з каралём, што па тым часе было нечуванай дзёрзкасцю.

У 1653 годзе на сейме ў Брэсце Януш Радзівіл атрымаў ад караля кіраўніцтва Віленскім ваяводствам. У сакавіку 1654 года пасля смерці Януша Кішкі Радзівіл зноў пачаў барацьбу за булаву вялікага гетмана літоўскага і выйграў яе, хаця гэтая перамога дасталася яму нялёгка.

У гэты час Багдан Хмяльніцкі пачаў рыхтаваць нечаканы ўдар па Рэчы Паспалітай насуперак Белацаркоўскаму міру. Ён накіраваў паслоў у Маскву і заключыў у Пераяслаўлі дагавор, па якому Украіна добраахвотна ўз'ядналася з Расіяй. Шок быў страшэнны. Польскі кароль Ян Казімір звярнуўся з Універсалам да казакаў, але схіліць іх на свой бок не змог.

Масква аб'явіла вайну Рэчы Паспалітай. Гэтая вайна 1654-1667 гадоў лічыцца самай трагічнай старонкай у гісторыі Беларусі XVII стагодцзя. Адкрыта пачынаць агрэсію рускі цар Аляксей Міхайлавіч "Цішайшы" не адважыўся. Трэба было дыпламатычна яе замаскіраваць і таму маскоўскія пасольствы ў Рэчы Паспалітай шукалі розныя прычыны, каб выказаць сваё незадавальненне і ўцягнуць краіну ў крывавую вайну. Яны патрабавалі, каб Сенат прыняў умовы Хмяльніцкага і каб былі пакараны тыя падданыя Рэчы Паспалітай, хто памыліўся ў напісанні царскага тытулу. Да сярэдзіны мая 1654 года ўсё было завершана. Гіганцкія па тых часах арміі занялі пазіцыі на граніцах княства і чакалі пачатку дзеянняў. Войска Трубяцкога крычала: "Гатовы за веру праваслаўную, за вас, Гасудароў нашых, і за ўсіх праваслаўных хрысціян без усякай літасці галовы пакласці". На Смаленск ішла 41 тысяча ратнікаў і магутная артылерыя. Групоўка ваяводы князя Шарамецьева налічвала 15 тысяч, асобнае войска Страшнёва ў колькасці 15 тысяч было накіравана на Невель, Полацк, Віцебск, у паўднёва-заходняй арміі, якой кіраваў ваявода князь Аляксей Трубяцкой, налічвалася больш за 15 тысяч ратнікаў. На дапамогу Масковіі па загаду цара Багдан Хмяльніцкі накіраваў на Беларусь 20 000 казакаў. Нежынскі, Чарнігаўскі, Старадубскі палкі рушылі на паўднёвыя рубяжы княства. Ім было загадана ўдарыць з флангаў, захапіць Гомель, Чачэрск, Прапойск, Стары Быхаў. Усяго ў баявых фарміраваннях, накіраваных на Беларусь, налічвалася болын за 100 тысяч чалавек. У гэтай арміі былі і палкі іншаземнага строю - рэйтарскія, салдацкія, драгунскія, гусарскія, забяспечаныя найноўшай зброяй, узначаленыя заходнімі афіцэрамі. У арсенале Маскоўскай дзяржавы было каля 5 тысяч гарматаў. Княства такую армію не магло выставіць. 10-12 тысяч вояў - вось усё, што мела княства падчас барацьбы з арміяй Хмяльніцкага. Нават вольны сейм у Брэсце прыняў каштарыс толькі на 15 тысяч жаўнераў. Была праведзена некаторая работа па абароне гарадоў Смаленска, Віцебска, Полацка. Гэтага было вельмі мала, каб абараніць краіну. Затрымалася місія і з назначэннем вялікага гетмана Рэчы Паспалітай. Варшаўскі сейм, які засядаў з 11 лютага па 28 сакавіка 1654 года, доўга вырашаў пытанне аб булаве. Сімпатыі большасці былі на баку Януша Радзівіла, які сам, як мог, рыхтаваўся да абароны і вайны. Хацеў апярэдзіць Маскву і 16 лютага выдаў Універсал аб зборы войска, у якім пісаў: "Паколькі да мяне даходзяць пэўныя звесткі аб набліжэнні магутных маскоўскіх войскаў да межаў дзяржавы, задумаўшы, як найхутчэй збіць той непрыяцельскі імпэт, нагадваю... і з улады сваёй сурова загадваю, каб вашыя міласці харугваў і камандаў сваіх трымаліся і ад іх ні на крок ад'язджаць не мерыліся... бо я на сейме дзень-другі толькі затрымаюся і потым удзень і ўночы пабягу да Оршы". Казакам ён пісаў, каб тыя "ярма царскага, горшага ад няволі паганскай, на сябе не бралі", а лепей далучаліся б да яго. Але Хмяльніцкі адаслаў гэты зварот у Маскву. А шляхта баялася пакідаць межы сваіх паветаў і не вельмі спяшалася да гетмана.

Пытанне аб булаве вялікага гетмана Рэчы Паспалітай было вырашана толькі 9 чэрвеня 1654 года, калі на Беларусь ужо рушыла вялізнае маскоўскае войска, пра якое Радзівіл гаварыў: "Устрымаць такое вялікае войскаў пашэсце няма ніякай магчымасці". Да таго ж маскоўскі цар рабіў стаўку на праваслаўнае насельніцтва Беларусі. Ён пісаў: "В Польское королевство и Литовское княжество, матери нашей святовосточной церкви сынам... от многах времен от святыя восточные церкви к вам, чадам ее, от всех православных христиан Малые России моленне было, да законным вспоможеннем, елико верным по верных достоит помогать, поможем. И вот теперь умилостившись мы и Малую Россию, православных хрнстиан, под едниого словесных овец пастыря Христа Бога нашего дзержаву решились принять".

Тым, хто пяройдзе на бок Масквы, апрача захавання маёмасці абяцалі ўзнагароды, прывілеі, матэрыяльную падтрымку.

Калі маскоўскае войска было ўжо ў 70 км ад Смаленска, толькі тады Януш Радзівіл атрымаў, нарэшце, ад караля на Варшаўскім сейме булаву вялікага гетмана. Проста з сейма ён рушыў да Оршы і пачаў збіраць войска. 3 11 тысяч чалавек толькі 4 тысячы было жаўнераў. Ён пісаў: "Што тут рабіць? 4 тысячы на кавалкі рваць ды ісці на падмогу? Ці Літву бараніць?.. Толькі на Спадара Бога спадзяёмся, той няхай сам нас ратуе". Нават у такіх цяжкіх умовах войска Радзівіла шмат шкодзіла ворагу. "Нашы навалілі трупаў мноства, здабылі 5 сцягоў і, пабушаваўшы з непрыяцелем больш трох гадзін, нарэшце адступілі: непрыяцель не меў столькі духу, каб ладзіць пераслед, а толькі страляў з лукаў, баючыся хоць на крок адступіцца ад сваёй пяхоты і гарматаў". Януш Радзівіл горка наракаў, што не прывезлі са Слуцка гарматаў, пораху, ядраў і кнатоў. Ён пісаў, што не па яго віне войска не мае самага неабходнага.

Рускія ваяводы пачалі паляванне на невялікі корпус Януша Радзівіла. 12 жніўня пад Шкловам той прыняў бой з пераўзыходзячымі сіламі войска Чаркаскага і перамог, але, на жаль, гэта была апошняя вялікая перамога гетмана. Ваявода Трубяцкой паспяшаўся да Шклова на дапамогу Чаркаскаму. У няроўным баі Януш быў цяжка паранены і адступіў да Барысава. На дапамогу яму прыйшоў стрыечны брат канюшы Вялікага княства Багуслаў Радзівіл з 200 драгунамі. Януш Радзівіл не змог у гэты час уступіць у адкрыты бой з ворагам. Яшчэ не прыйшоўшы да сябе пасля цяжкай раны, ён аддаўся дыпламатычнай місіі: пачаў пасылаць ганцоў да Хмяльніцкага, Юрыя II Ракачы і да шведскага караля Карла X Густава. Тым часам рускія войскі занялі Магілёў, Мінск, Коўна, і, нарэшце, падышлі да Вільні. Абложаная ворагам Вільня не магла спадзявацца на дапамогу. У тыя дні Радзівіл з жалем пісаў: "Шляхта замест таго, каб ісці да войска, разбеглася". Баронячы той ці іншы горад альбо край, Радзівіл быў вымушаны здымаць харугвы з аднаго месца і пераводзіць у іншае. На дапамогу Кароны не было аніякай надзеі.

У Масковіі пачаліся перамовы са Швецыяй, каб падзяліць Вялікае княства на дзве часткі. Мяжа павінна была прайсці ці то праз Слуцк, ці то праз Нясвіж і Мінск. Але хутка Масква пад уздзеяннем перамог ўвогуле не захацела дзяліцца. Цар сам вырашыў давесці вайну да пераможнага канца. Шведскі кароль Карл X Густаў, выкарыстаўшы зручны момант, вырашыў пачаць вайну з Рэччу Паспалітай. На Вялікае княства рушыў маршалак Магнус Дэлягардзі і заняў Біржы. Галоўныя сілы Швецыі пайшлі на Карону. Што магло ў тых умовах рабіць княства? Януш Радзівіл, па словах Багуслава, "аддаў перавагу шведскай пратэкцыі перад маскоўскай тыраніяй". Як піша Генадзь Сагановіч у сваёй кнізе "Невядомая вайна", "гэта быў свядомы і паслядоўны крок вялікага гетмана".

29 ліпеня Януш і Багуслаў Радзівілы афіцыйна выявілі гатоўнасць прыняць пратэктарат Швецыі ды прызнаць шведскага караля Карла X Густава вялікім князем Літоўскім.

Захапіўшы Вільню, казакі пачалі сапраўдную разню мяшчанаў. Натоўпы віленчукоў кінуліся ўцякаць да ракі, каля якой было пабіта ці патоплена мноства людзей. Віленскі біскуп Тышкевіч пісаў: "Не бьшо літасці ані ўзросту, ані полу, усе месцы былі запоўнены крывёю забітых і трупамі, асабліва бернардынскі кляштар, куды, шукаючы схову, людзі збегліся ў асабліва вялікай колькасці".

Некаторыя даследчыкі, путаючы гады, абвінавачвалі Януша Радзівіла ў марадзёрстве свайго ўласнага народа і прысваенні каштоўнасцей "даверлівых віленчукоў". На самай справе было зусім інакш. Г. Сагановіч піша: "Самыя каштоўныя рэчы з Віленскага катэдральнага сабору павінны быў за пэўную плату вывезці ў Кралявец (Калінінград) наваградскі кашталян Мікалай Юдзіцкі, але казакі дагналі яго ды ўсё чыста абрабавалі. Сярод захопленага знайшлі нямала рэліквій, такіх, як алтарны крыж вялікага князя Вітаўта, кубак Ягайлы. Толькі частка каштоўнасцяў з катэдры была ўратавана пробашчам капліцы святога Казіміра Белазорам, які здолеў вывезці іх да Радзівіла II.

Вільня гарэла 17 дзён. Вялікі гетман адвёў сваё войска у колькасці 5 тысяч да Кейданаў. Ён адыходзіў "каб яшчэ вярнуцца і помсціць за попел Вільні".

Даведаўшыся аб пратэктараце Швецыі над Вялікім княствам Літоўскім, рускі цар паслаў у Кейданы да Радзівіла пасла Ліхарова з прапановай перайсці пад уладу цара, абяцаючы захаванне свабоды веравызнання, прывілеяў і маёнткай шляхты. Януш Радзівіл з горыччу адказаў: "У павеце каля Вільні ратныя царскія людзі сялян, кабет, малых дзяцей сякуць усіх ды паляць".

20 кастрычніка 1654 года было прынята пагадненне, якое падпісалі 1142 чалавекі - шляхта, магнаты, каталіцкае духавенства, па якому Вялікае княства Літоўскае заключыла саюз са Швецыяй і прызнала шведскага караля вялікім князем літоўскім. Царская армія пачала адступаць і рабавала ўсё, што магла. Не змагла толькі здабыць Слуцк, над абаронай якога вельмі плённа папрацаваў Багуслаў Радзівіл. Трубяцкой зняў аблогу Слуцка і павёў сваю армію на Клецк і Нясвіж, спальваючы ўсё навакол, "а идучи дорогою, села и деревни, и хлеб, и сено, и всякие конские кормы мы по обе стороны жгли и людзей побивали, и в полон имали, и разоряли совсем без остатку, и по сторонам потому ж жечь и разорять посылали" - паведамляў Трубяцкой пра гэты паход.

Злучыўшыся з 5-тысячным казацкім войскам Васіля Залатарэнкі, Трубяцкой накіраваўся ў Нясвіж, дзе ўсё было выпалена, выстаяў толькі адзін замак, у якім абараняўся дваццацігадовы Міхал Казімір Радзівіл.

Спачатку войска падтрымала Януша Радзівіла, асабліва, калі стала вядома, што шведы абяцалі плаціць грошы і забяспечваць зброяй, порахам і іншым ваенным рыштункам. Але Карл X Густаў не выканаў сваіх абяцанняў. Войска падняло бунт і пакінула хворага Януша Радзівіла. Ён усё ж кінуўся за войскам, каб вярнуць яго пад свае харугвы, але пацярпеў няўдачу.

15 снежня Януш Радзівіл закрыўся ў Тыкоціне і пачаў рыхтавацца да абароны. Ён зноў напісаў Густаву, прасіў у яго дапамогі. Але на парозе смерць ужо пільнавала Януша. Чытаем у Сянкевіча: "Лічаныя гадзіны заставаліся пражыць гетману... Яшчэ некалькі месяцаў таму ён вёў перамовы з суседнімі каралямі, а сёння адзін толькі шведскі капітан слухаў яго загады. Страшна сказаць, ён, Радзівіл, у апошнія хвіліны свайго жыцця быў галодны".

У ноч з 30 на 31 снежня 1655 года Януша Радзівіла не стала. На мёртвым яго целе выступілі плямы, якія гаварылі аб тым, што князь быў атручаны. Цела яго пахавалі ў Тыкоціне, дзе ён, цяжка хворы і духоўна прыгнечаны, сустрэў свой канец. Праз два гады Тыкоцін быў заняты літоўскім войскам пад кіраўніцтвам Паўла Сапегі. Труну з целам вялікага гетмана перавезлі ў вотчыну Радзівілаў - Сялец пад Брэстам. Затым па просьбе Багуслава Радзівіла цела князя, нарэшце, супакоілася ў родавым склепе ў Кейданах.

Дачка князя ад першага шлюбу з Кацярынай Патоцкай Ганна Марыя Радзівіл выйшла замуж за Багуслава Радзівіла, стрыечнага брата і паплечніка свайго бацькі. Пра лёс другой жонкі Януша і іх маленькага сыночка Крыштофа расказвае такое паданне. Маці вельмі хвалявалася, каб сына не атруцілі і патрабавала, каб ежу спачатку спрабавалі слугі. Аднойчы хітрая нянька, якую падкупілі ворагі Радзівілаў, разрэзала яблыка нажом, адна старана якога была абмазана атрутным зеллем. Сама з'ела палавіну ад чыстага боку яблыка, а дзіцяці дасталася атручаная. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, "Нясвіж і Радзівілы", Мінск: Беларусь, 2007. - 240 с.: іл.

Каментары чытачоў
Фрол напiсаў(ла) 12.12.2012 15:42
Подробнее пожалуйста об освобождении Янушем Радивилом Турова от казацко-крестьянских "бунтовщиков"

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.