Ян Казімір Ваза (1609-1672)

Ян Казімір, сын караля Польшчы, вялікага князя літоўскага і караля Швецыі Жыгімонта Вазы, не з'яўляўся кандыдатам на каралеўскі пасад. Ён быў малодшым сынам караля ад другога шлюбу і малодшым братам каралевіча Уладзіслава, слыннага прэтэндэнта на маскоўскі трон. Маці Яна Казіміра - аўстрыйская эрцгерцагіня Канстанцыя, малодшая сястра першай жонкі караля Жыгімонта Вазы і германскага імператара Фердынанда II.

Ян Казімір Ваза (Jan II Kazimierz Waza)
Ян Казімір Ваза (літаграфія Лессэра, адбіта ў тыпаграфіі Дзванкоўскага)

Маладосць

Нарадзіўся Ян Казімір 22 сакавіка 1609 г. у Кракаве і гадаваўся пры двары. Навучыўся некалькім мовам. Акрамя польскай, добра ведаў лацінскую, нямецкую, італьянскую і французскую. Звестак пра навучанне беларускай мове няма. Але паколькі дзяржаўнай мовай Беларуска-Літоўскай дзяржавы была беларуская, то, хутчэй за ўсё, пэўнае веданне мовы было, бо потым яму давялося - і шмат - займацца афіцыйнымі актамі дзяржавы.

Жыццё Яна Казіміра было неспакойным, напоўнена рознымі падзеямі і прыгодамі. У 1633-1634 гг. ён разам з братам Уладзіславам удзельнічаў у Смаленскай вайне, у якой расійская армія баярына Шэіна са згоды цара вымушана была капітуляваць, аддаўшы саюзным польскім і беларуска-літоўскім войскам усю артылерыю. Потым, у 1635 г., Ян Казімір браў удзел у Трыццацігадовай вайне, будучы палкоўнікам у аўстрыйскім войску. У 1637 г. кароль Уладзіслаў накіраваў брата ў Вену з дыпламатычнай місіяй - прывезці каралю жонку, эрцгерцагіню Цэцылію Рэнату, дачку імператара Фердынанда II Габсбурга, па сутнасці, стрыечную сястру Уладзіслава. Ян Казімір зблізіўся з венскім дваром і Габсбургамі і ў 1638 г. паехаў у Іспанію. Мэтаю было атрымаць там ад караля Іспаніі Філіпа IV Габсбурга чын іспанскага адмірала і пасаду віцэкараля Партугаліі (Партугалія ў 1581-1640 гг. была ў складзе валоданняў іспанскай кароны).

Падчас марскога падарожжа легкадумна затрымліваўся на стаянках у міжземнаморскіх партах Францыі. Якраз у гэты час Францыя ваявала з Іспаніяй. Па загаду прэм'ер-міністра Францыі ўсёмагутнага кардынала Рышэлье ў маі 1638 г. Ян Казімір быў затрыманы ў адным з партоў, арыштаваны і кінуты ў вязенне. Толькі праз два гады па просьбе кіраўніцтва Рэчы Паспалітай у лютым 1640 г. каралевіч быў вызвалены і вярнуўся дадому.

У маі 1643 г. Ян Казімір Ваза зноў едзе ў Еўропу. На гэты раз у Італію. Там насуперак волі караля, свайго брата, нечакана ўступае ў ордэн езуітаў. Але года толькі хапіла каралевічу вытрымаць манастырскія патрабаванні. I хоць кароль Уладзіслаў ужо пагадзіўся з абраным духоўным лёсам свайго брата, Ян Казімір неспадзявана выйшаў з ордэна езуітаў і неўзабаве атрымаў сан кардынала. Але адзенне насіў свецкае, вярнуўся ў Польшчу і нават пачаў думаць пра жаніцьбу. Усё гэта складвала пра яго меркаванне як пра чалавека няпэўных, зменлівых пазіцый і жаданняў.

І кароль, і князь

Кароль Уладзіслаў Ваза памёр 20 мая 1648 г. Гэта супала з пачаткам вялікага казацка-сялянскага паўстання на Украіне на чале з гетманам Багданам Хмяльніцкім. У Рэчы Паспалітай пачалася падрыхтоўка да выбараў новага караля. Дзве групоўкі магнатаў і шляхты вылучылі двух кандыдатаў на трон. Адным быў самы малодшы брат нябожчыка-караля Караль Фердынанд Ваза, каталіцкі біскуп. Яго падтрымлівала тая групоўка, якая патрабавала рашучай вайны супраць украінскіх казакоў і жорсткага задушэння паўстання. Другая групоўка дамагалася пагаднення з казакамі, каб потым пачаць вайну хрысціянскіх дзяржаў супраць мусульманскай Турцыі і яе васала - Крымскага ханства. На чале гэтай групоўкі былі вялікі канцлер каронны Ежы Асалінскі і каралева-ўдава Марыя Людвіка Ганзага-Мантуанская, другая жонка караля Уладзіслава Вазы, за якой стаяла Францыя.

Ян Казімір Ваза (John II Casimir Vasa)
Ян Казімір Ваза (малюнак Яна Матэйки)

Кандыдатуру Яна Казіміра падтрымалі імператарскія і папскія дыпламаты. Караль Фердынанд адмовіўся ад высокае пасады, і 20 лістапада 1648 г. на сойме шляхта абрала каралём Яна Казіміра. Так ён стаў каралём польскім і вялікім князем Беларуска-Літоўскага гаспадарства. Адначасова аўтаматычна атрымаў тытул караля Швецыі (хаця ім ніколі не быў). Яго бацька Жыгімонт Ваза ў свой час з'яўляўся каралём Швецыі, але быў скінуты з трона родным дзядзькам. Прадстаўнікі беларуска-польскай галіны дынастыі Вазаў не адмаўляліся ад шведскага трона, часам нават вялі войны са шведскай галіной роду. Усе свае акты, якія Ян Казімір цяпер падпісваў ён пазначаў не толькі агульнапрынятай датай, але і гадамі свайго панавання як караля польскага і "караля шведаў і готаў".

17 студзеня 1649 г. Ян Казімір быў каранаваны ў Кракаве і, атрымаўшы ад папы адпаведны дазвол, вызвалены ад духоўнага звання. Гэта дало магчымасць ажаніцца з каралевай-удавой Марыяй Людвікай, якой было 38 гадоў. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся дзяўчынка (пражыла год) і хлопчык (пражыў паўтара месяца). Больш дзяцей у сям'і не было, сам Ян Казімір стаў наогул апошнім прадстаўніком дынастыі Вазаў (па мужчынскай лініі дынастыя Вазаў у Швецыі згасла ў 1632 г., калі вядомы палкаводзец Трыццацігадовай вайны кароль Густаў II Адольф загінуў у бітве).

"Нядоля каралеўства"

Так назваў час панавання Яна Казіміра ў Рэчы Паспалітай адзін з ягоных сучаснікаў. I, сапраўды, усе дваццаць гадоў валадарання апошняга Вазы - гэта суцэльны ланцуг войнаў, захопу тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага рознымі ворагамі, перш за ўсё Расіяй і Швецыяй, час паўстанняў казакоў і сялян, эпідэмій і голаду, вынішчэння насельніцтва. Аднак гэта і перыяд барацьбы за незалежнасць дзяржавы, за самастойнасць як Польшчы, так і Беларуска-Літоўскага гаспадарства, барацьбы розных саслоўяў феадальнай федэратыўнай дзяржавы - шляхты, гараджан і сялян.

Адразу пасля абрання каралём Ян Казімір праводзіў памяркоўную палітыку ў адносінах да Багдана Хмяльніцкага, разлічваючы на пагадненне і прыцягненне гетманскай Украіны да планаванай вайны з Турцыяй. Аднак ужо ў 1649 г. рэчаіснасць паказала, што такая палітыка нерэальная.

Улетку 1649 г. Ян Казімір сам сабраў армію і выступіў у паход, каб вызваліць крэпасць Збараж ад казацка-татарскай аблогі. Пасля бітвы, якая адбылася каля Зборава, быў падпісаны мір, паводле якога прызнавалася аўтаномія трох украінскіх ваяводстваў у складзе Польшчы. Наступная вайсковая кампанія 1651 г. закончылася перамогай польскіх войскаў над казацка-татарскай арміяй у бітве пад Берасцечкам і новым мірам, які скараціў тэрыторыю аўтаномнай Украіны да межаў аднаго Кіеўскага ваяводства.

У гэты час значная частка тэрыторыі Беларусі была таксама ахоплена сялянскімі паўстаннямі, якія ад 1648 да 1651 г. падмацоўваліся казацкімі загонамі. Багдан Хмяльніцкі кідаў іх на Беларусь, каб адцягнуць беларуска-літоўскае войска ад паходаў на Украіну. З вялікай цяжкасцю гетману польнаму літоўскаму Янушу Радзівілу ўдалося здушыць паўстанне і разбіць казацкія атрады.

Напад Расіі і Швецыі

Чарговае выпрабаванне вытрымала Рэч Паспалітая ў 1654-1655 гг., калі расійскія войскі на чале з царом Аляксеем Міхайлавічам пачалі наступ на тэрыторыю Беларусі разам з украінскімі казакамі наказнога гетмана Залатарэнкі. Пасля баёў у 1654 г. маскоўскія войскі здабылі Смаленск, Полацк, Віцебск і іншыя гарады і мясцовасці. Гарады і крэпасці баранілі не толькі вайсковыя гарнізоны, але і шляхта, гараджане, часам сяляне. Войска вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла з 10 тысяч чалавек манеўравала, каб супрацьстаяць на Беларусі тром расійскім арміям і войску ўкраінскіх казакоў агульнай колькасцю каля 100 тысяч. У 1655 г. была захоплена амаль уся Беларусь, за выключэннем Берасцейскага і часткі Наваградскага ваяводстваў ды гарадоў-крэпасцяў Слуцка і Быхава. Ворагі ўзялі сталіцу дзяржавы Вільню і горад Коўна. Царскія ратнікі і атрады дваранскай конніцы палілі гарады і вёскі, рабавалі маёмасць, забівалі ці выводзілі ў палон людзей. Цар планаваў (як Чынгісхан) вывезці ў Расію 300 тысяч чалавек, здольных рамеснікаў-майстроў і сялян, каб падараваць расійскім памешчыкам новых прыгонных. Аляксей Міхайлавіч, абвясціўшы сябе вялікім князем літоўскім і дадаўшы да свайго тытула словы "гасудар і вялікі князь Белае Русі", далучыў захопленыя землі да Расіі. Тады ж, улетку 1655 г., шведскі кароль са сваёй арміяй захапіў амаль усю тэрыторыю Польшчы, за выключэннем усходніх і ўкраінскіх ваяводстваў і Падляшша, заняў частку Літвы. Захапіўшы большую частку Польшчы, шведскі кароль Карл X Густаў прапанаваў цару Аляксею Міхайлавічу план падзелу Рэчы Паспалітай, аддаючы ўкраінскія землі ад Галіча і Львова праз Луцк да Прыпяці, потым беларускія землі па лініі Слуцк, Менск, Докшыцы і Дзісна. Але цар адмовіўся, бо ягоныя войскі паспяхова працягвалі захоп беларускай тэрыторыі. Нашто ж дзяліцца здабычай?

20 кастрычніка 1655 г. Януш Радзівіл з групай паноў і шляхты заключыў у Кейданах акт дзяржаўнай уніі Вялікага Княства Літоўскага са Швецыяй, прызнаючы караля Карла X Густава сваім вялікім князем. Аднак значная частка беларускай і літоўскай шляхты на чале з Паўлам Сапегам, ад 1656 г. ваяводам віленскім і вялікім гетманам літоўскім, працягвала барацьбу з заваёўнікамі.

Кароль Ян Казімір, пацярпеўшы паражэнне, у лістападзе 1655 г. выехаў у Аполе ў Сілезію, але праз месяц вярнуўся, каб гуртаваць сілы супраць ворага на чале з палкаводцам С. Чарнецкім. Пачаўся шырокі народны рух - шляхты, мяшчан і сялян - супраць шведаў. У 1656 г. польскія войскі нанеслі ворагам знішчальны ўдар. Ян Казімір кіраваў войскам, якое ў чэрвені 1656 г. вызваліла Варшаву. Цар Аляксей Міхайлавіч, захапіўшы вялікую тэрыторыю, вырашыў падпісаць з каралём замірэнне, а сам пачаў вайну са Швецыяй за Прыбалтыку.

А ў гэты час супраць Рэчы Паспалітай выступіла кааліцыя Швецыі, Брандэнбурга, Трансільваніі і Украіны. Саюз быў падпісаны ў снежні 1656 г. у вёсцы Раднот (па-румынску Ернут). Пасля перамогі Швецыя павінна была атрымаць каралеўскую (гэта значыць польскую) Прусію з Гданьскам, Ліфляндыю, Курляндыю, частку Літвы і Мазоўша; Брандэнбург - Вялікую Польшчу з Познанню; Хмяльніцкі - усю Украіну; усё астатняе - трансільванскі (сямігародскі) князь Юрый II Ракачы, а ваяводства Наваградскае планавалася пераўтварыць у асобнае княства для слуцкага князя Багуслава Радзівіла.

У 1657 г. Ракачы спрабаваў захапіць Польшчу, але быў разбіты. Расія працягвала вайну ў Ліфляндыі, але беспаспяхова.

У гэты час Ян Казімір скасаваў саюз з імператарам, бо Аўстрыя не дапамагла Рэчы Паспалітай. Цяпер кароль пачаў арыентавацца на Францыю, дзе каралём быў Людовік XIV. Кароль, якога моцна падтрымлівала каралева Марыя Людвіка і якая мела на яго вялікі ўплыў, распрацаваў план рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Ён прапанаваў выбіраць новага караля не пасля смерці папярэдніка, а пры жыцці, каб не было безуладдзя ў час міжкаралеўя. Аднак сойм 1660 г. і соймікі 1661 г. выказаліся супраць такой рэформы. Узмацнення цэнтральнай улады не адбылося.

Апошнія гады панавання

Паступова палітычнае становішча Рэчы Паспалітай паляпшалася. Ворагі не маглі канчаткова дамовіцца аб сумесных дзеяннях, пачалі цярпець паражэнні і паступова выходзілі з вайны. У 1657 г. быў падпісаны мір з Брандэнбургам і Прусіяй, у 1660 - са Швецыяй. Нават з казацкай старшынай Украіны ў 1658 г. была падпісана Гадзяцкая ўмова, паводле якой Украіна, якая папярэдне адмовілася ад саюзу з Расіяй, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай у якасці трэцяга члена федэрацыі (так званае княства Рускае). Праўда, праз год другая частка старшыны (расійскай арыентацыі) адмовілася ад уніі, каб вярнуцца ў склад Расіі на правах аўтаноміі.

Ян Казімір Ваза (John II Casimir Vasa)
Ян Казімір Ваза (малюнак Яна Матэйки)

Вайна з Масковіяй на тэрыторыі Беларусі была ўзноўлена ў 1658 г. Ад 1660 г. аб'яднаныя польска-беларускія войскі разам з мясцовымі атрадамі пачалі наносіць удары расійскім войскам. У 1660 г. войскі пад камандаваннем С. Чарнецкага нанеслі расійскім войскам цяжкае паражэнне каля Палонкі і Чарэі. У 1661 г. маскоўскаму ваяводзе Хаванскаму было таксама нанесена паражэнне пад Кушлікамі на Полаччыне. У лютым 1661 г. паўсталі мяшчане Магілёва на чале з бурмістрам Леановічам і за адну ноч перабілі расійскі гарнізон. Мяшчане Дзісны, Себежа, Гомеля і іншых гарадоў таксама або знішчылі, або выгналі царскія фармаванні. У снежні 1661 г. была вызвалена сталіца краіны - Вільня. Такім чынам, царскія войскі былі выціснутыя з тэрыторыі Беларусі. У студзені 1667 г. у Андрусаве (недалёка ад Мсціслава) было падпісана замірэнне на трынаццаць з паловаю гадоў. Маскоўская дзяржава захавала Смаленск і левабярэжную (па Дняпры) Украіну. У Прыбалтыцы Расія не займела нічога.

Страты на Беларусі былі неймавернымі. Гэта была нацыянальная трагедыя беларускага народа. Загінула, было забіта, вымерла ад голаду і эпідэмій, вывезена сілком у Расію палова насельніцтва Беларусі. Насельніцтва Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага і Менскага ваяводстваў скарацілася на 60-70%. Тут застаўся толькі кожны трэці. Страты Наваградскага, Берасцейскага і Віленскага ваяводстваў у людзях складалі 35- 45%. Праваслаўны патрыярх Антыёхіі Макарый III (араб па нацыянальнасці) праязджаў у гэты час праз Беларусь у Маскву, і ў яго дарожным дзённіку знайшлі адлюстраванне жахлівыя малюнкі, якія ён бачыў на сваім шляху. Прызвычаены да жорсткасці на Блізкім Усходзе, ён з цяжкасцю мог паверыць у тыя нялюдскія ўчынкі, якія рабілі войскі маскоўскага цара ў заваяванай краіне.

Супраць Яна Казіміра і яго планаў умацавання цэнтральнай улады ў дзяржаве ў Польшчы склалася апазіцыйная групоўка на чале з гетманам польным каронным Ежы Сэбастыянам Любамірскім. У 1665 г. яна падняла рокаш супраць караля. Хаця спачатку ракашане перамаглі каралеўскае войска, але потым мусілі капітуляваць. Любамірскага суд прыгаварыў да баніцыі (выгнання з радзімы). Але і спроба рэформаў была сарваная.

Новая бяда напаткала Яна Казіміра. У маі 1667 г. памерла ягоная жонка Марыя Людвіка, пастаянная дарадчыца, пад уплывам якой ён заставаўся да канца іх супольнага жыцця. Доўга кароль быў у смутку. Планы рэформаў не здзейсніліся, Рэч Паспалітая шмат пацярпела ў часе войнаў, частка тэрыторыі была страчана. Федэратыўная дзяржава аслабела. Усё гэта прывяло караля да думкі адмовіцца ад трона. 16 верасня 1668 г. Ян Казімір зрабіў гэты крок - адрокся ад трона і назаўсёды выехаў у Францыю да свайго саюзніка караля Людовіка XIV. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Памёр Ян Казімір 16 снежня 1672 г. у горадзе Неверы. Цела караля было перавезена ў Польшчу і ўрачыста пахавана ў студзені 1676 г. у Кракаве ў касцёле на Вавелі.

Анатоль Грыцкевіч, "Культура". 1993. 20 крас.
Крыніца: Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч.-Мінск: Кнігазбор, 2009.-468 с.Б.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.