Уладзіслаў Ваза (1595-1648)

Кароль па паходжанні

Уладзіслаў Ваза, якога, дарэчы, нават у Польшчы называлі паводле старажытнага беларускага звычаю Уладзіславам Зыгмунтавічам, нарадзіўся 9 чэрвеня 1595 г. у Лобзаве, каля Кракава. Ён належаў да шведскага каралеўскага роду і быў старэйшым сынам Жыгімонта Вазы - караля Польшчы, вялікага князя Беларуска-Літоўскай дзяржавы і караля Швецыі, у склад якой уваходзілі Фінляндыя і паўночная частка Эстоніі.

Валоданні Вазаў займалі ўсё паўночнае, усходняе і значную частку паўднёвага ўзбярэжжа Балтыкі. Але калі Уладзіслаў быў яшчэ хлопчыкам, бацька страціў шведскі трон і доўгі час, як і сын, намагаўся яго адваяваць. Гэтая акалічнасць уздзейнічала на ўсю палітыку ў балтыйскім рэгіёне на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Уладзіслаў працягваў ужываць тытул шведскага караля, хоць ніколі не валодаў шведскім тронам.

Маці Уладзіслава - Ганна - была дачкою аўстрыйскага эрцгерцага Карла Габсбурга, а яе брат - Фердынанд II - потым стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі. Калі хлопчыку было тры гады, у часе родаў (пятых, дарэчы) маці памерла, бо медыцынская дапамога была яшчэ недасканалая, і жанчыны, нават у каралеўскіх палацах, часта паміралі пры родах. Праз некалькі гадоў бацька ажаніўся з малодшай сястрой маці.

Уладзіслаў Ваза (Władysław Vasa, Ladislaus Vasa)
Уладзіслаў Ваза. Малюнак Пітэра Паўла Рубенса. XVII ст.

Нягледзячы на тое, што кароль Рэчы Паспалітай выбіраўся пажыццёва, а не атрымліваў трон у спадчыну, пэўныя колы шляхты бачылі ва Уладзіславе караля-наступніка. Ён і сам рыхтаваўся да ролі гаспадара дзяржавы. Старанна вучыўся не толькі розным навукам, але і вайсковай справе.

На троне маскоўскім

Падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй на пачатку XVII ст., калі кароль Жыгімонт Ваза аблажыў Смаленск, для спынення вайны "тушынцы", былыя прыхільнікі Ілжэдзмітрыя II і ворагі цара Васіля Шуйскага, вылучылі новую кандыдатуру на царскі трон. Адным з ініцыятараў гэтага палітычнага кроку быў лідэр тушынскай групоўкі - тушынскі (альтэрнатыўны) патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Філарэт, бацька Міхаіла Раманава, заснавальніка царскай дынастыі Раманавых у Расіі.

Дэлегацыя баяраў і дваранскіх тушынцаў прыбыла пад Смаленск і 4 (14) лютага 1610 г. падпісала дагавор з каралём. Паводле дагавора, кароль згаджаўся адпусціць Уладзіслава Зыгмунтавіча на маскоўскі трон, і там, у Маскве, каралевіча мусіў каранаваць патрыярх. Дагавор замацоўваў пануючае становішча ў дзяржаве баяраў і дваран, забяспечваў ім ды купцам свабодныя паездкі за мяжу, перш за ўсё ў Рэч Паспалітую. У Маскве дазвалялася пабудаваць касцёл, але схіляць да каталіцкага веравызнання рускіх людзей забаранялася. Палітычны сэнс дагавора заключаўся ў тым, што кандыдатура Уладзіслава на цараванне афіцыйна была зацверджана, хаця кароль свайго сына ў Маскву так і не адпусціў.

У ліпені 1610 г. цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона. Тым часам польска-літоўскае і ўкраінскае войска падышло да Масквы з аднаго боку, а Ілжэдзмітрыя II - з другога.

Новы маскоўскі ўрад - "сямібаяршчына" - праз месяц заключае новы дагавор (на аснове лютаўскага) з каралём і абвяшчае Уладзіслава, ужо ў другі раз, царом Расіі. Дарэчы, у дарэвалюцыйных школьных падручніках, якія адпавядалі афіцыйнаму пункту погляду на гістарычныя падзеі, Уладзіслаў лічыўся ажно два гады, з 1610 да 1612 г. (да другога апалчэння пад кіраўніцтвам К. Мініна і Дз. Пажарскага), царом Расіі ў пераліку рускіх цароў.

I хоць пасля жнівеньскага дагавора 1610 г. Масква прызнала Уладзіслава царом, а жыхары прынеслі яму прысягу на вернасць, бацька і на гэты раз не адпусціў 15-гадовага сына на царства. Тым не менш маскоўскі ўрад кіраваў дзяржавай ад імя Уладзіслава. Каб падтрымаць маскоўскі ўрад і заняць трон, 17-гадовы Уладзіслаў разам з войскам, якое ўзначаліў гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч, падступіў да Масквы, але быў адбіты войскамі другога рускага апалчэння і казакамі князя Дз. Трубяцкога.

Маскоўскі баярскі ўрад спыніў сваё існаванне ўвосень 1612 г. - пасля заняцця Масквы войскам Мініна і Пажарскага і капітуляцыі Крамля, дзе знаходзіўся польска-літоўскі гарнізон і прыхільнікі ўрада Уладзіслава. Сярод іх, дарэчы, быў і Міхаіл Раманаў які неўзабаве на Земскім саборы 1613 г. быў абраны царом.

У 1617-1618 гг. нарэшце малады каралевіч Уладзіслаў, які меў у дадатак тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, ужо сам узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць свой трон. Праз Беларусь польска-беларускае войска Уладзіслава на чале з гетманам Хадкевічам зноў пайшло на Маскву. З поўдня на дапамогу Уладзіславу паспяшаліся ўкраінскія казакі на чале з гетманам П. Сагайдачным. Падтрымалі Уладзіслава і данскія казакі, і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў часоў паўстання Івана Балотнікава. Такая іх пазіцыя падмацоўвалася шматлікімі дарчымі граматамі цара Уладзіслава розным групам насельніцтва (з пэўнымі ільготамі), а гэта вельмі напалохала дваранскі ўрад Міхаіла Раманава, хаця, між іншым, ён складаўся з людзей, якія раней цесна супрацоўнічалі з польска-літоўскімі інтэрвентамі. Урад спешна пачаў рыхтаваць войскі.

Маскоўскія ваяводы здавалі Уладзіславу і Хадкевічу гарады. Здаўся Дарагабуж, потым Вязьма. У 1618 г. ваенныя дзеі адбываліся каля Масквы. Вычарпаныя баявыя рэсурсы і значныя страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перамовы. Недалёка ад Масквы, у вёсцы Троіцка-Сергіеўскага манастыра Дэуліне 1 (11} снежня 1618 г. было заключана замірэнне тэрмінам больш як на 14 гадоў. Умовы Дэулінскага замірэння былі цяжкія для Расіі. Да Беларуска-Літоўскай дзяржавы (была ў складзе Рэчы Паспалітай) фармальна адыходзілі адвечныя беларускія землі Смалешчыны (за выключэннем Вязьмы] з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаў, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы - Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў Лебядын і Ахтырка на Украіне. Каралевіч захаваў тытул рускага цара, але і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.

У наступныя гады Уладзіслаў удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Турцыяй (1621), у вайне са Швецыяй (1626-1629), у якіх удасканальваў сваё вайсковае майстэрства і навуку камандавання. Відаць, ваенная справа была яму даспадобы. Нават у часе падарожжаў па краінах Еўропы ён цікавіўся вайсковымі справамі...

Кароль, але не цар

30 красавіка 1632 г. памёр кароль Жыгімонт Ваза. Аўтарытэт Уладзіслава Зыгмунтавіча сярод шляхецкай масы быў вялікі, і на выбарчым сойме Рэчы Паспалітай 8 лістапада таго ж года ён аднагалосна быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім.

Пачатак яго панавання быў незайздросны. Карыстаючыся бескаралеўем, Міхаіл Раманаў распачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай. На Смаленск накіравалася армія пад кіраўніцтвам баярына М. Шэіна, які яшчэ ў 1609-1611 гг. узначальваў абарону Смаленска. Шэін ўзяў Дарагабуж і аблажыў Смаленск. З невялікімі сіламі гетман польны літоўскі Крыштаф Радзівіл здолеў двойчы ў сакавіку 1633 г. прарваць аблогу і падмацаваць смаленскі гарнізон атрадамі пяхоты і боепрыпасамі. Армія Шэіна затрымалася ля Смаленска. Абстрэл горада цяжкімі гарматамі і штурм вынікаў не далі.

30 жніўня 1633 г. ля Смаленска са сваім войскам з'явіўся кароль і цар Уладзіслаў. Маскоўскае войска было акружана польскім і беларуска-літоўскім войскамі, а таксама ўкраінскімі казакамі. Спроба Шэіна выйсці з акружэння не ўдалася, у ягоным лагеры не хапала ежы. Дваране, даведаўшыся, што конніца крымскага хана рабуе і паліць іхнія маёнткі ў Расіі, пачалі ўцякаць з войска. Нарэшце расійцы капітулявалі (з дазволу цара Міхаіла Раманава) - з умовай вольнага адыходу з лагера са сцягамі і ручной зброяй. Але ўсю артылерыю давялося пакінуць пераможцам. Палянаўскі мір у чэрвені 1634 г. зацвердзіў умовы Дэулінскага замірэння, замацаваўшы Смаленшчыну ў складзе Беларуска-Літоўскай дзяржавы.

Аднак Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула расійскага цара і вярнуць Расіі арыгінал крыжацалавальнай граматы 1610 г. маскоўскіх баяраў аб яго абранні царом.

Уладзіслаў IV Ваза. Манета
Манета 1648 г. з выявая Уладзіслава IV Ваза.

Падчас свайго панавання ў Рэчы Паспалітай Уладзіслаў праводзіў знешнюю палітыку, скіраваную на забеспячэнне інтарэсаў сваёй дынастыі, а не краіны. Пачалі праяўляцца і ягоныя супярэчнасці з магнатамі (асабліва на Украіне), якія сталі моцнай апазіцыяй каралю і нават атрымалі мянушку "каралевяты" - з-за амаль самастойнай улады ў іх шырокіх латыфундыях.

На соймах таксама пачаліся спрэчкі паміж фанатычнымі прыхільнікамі каталіцызму, з аднаго боку, і некатолікамі і католікамі - прыхільнікамі рэлігійнай талеранцыі, з другога, якія стаялі на пазіцыях роўнасці хрысціянскіх веравызнанняў. Уладзіслаў прыняў бок апошніх, збіраў прадстаўнікоў пратэстантаў намагаючыся дасягнуць згоды з каталіцкай царквой. Ён спрыяў пагадненню паміж уніяцкай і праваслаўнай цэрквамі, і шмат цэркваў было вернута праваслаўным.

Больш памяркоўную палітыку, праўда, непаслядоўна, ён праводзіў і ў дачыненні да ўкраінскіх казакоў. У 1632 г. кароль прызнаў іерархію праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай на чале з кіеўскім мітрапалітам, якая была ўзноўлена ў 1620 г. пасля Берасцейскай царкоўнай уніі. У той жа час казацкія паўстанні на Украіне жорстка здушаліся. Перыяд з 1638 да 1648 г., калі паўстанняў не было, называўся гадамі "залатога спакою".

У сваёй знешняй палітыцы Уладзіслаў па-ранейшаму імкнуўся завалодаць шведскім тронам, асабліва пасля смерці караля Густава II Адольфа. Таму падчас Трыццацігадовай вайны, якая ахапіла ўсю цэнтральную частку Еўропы, кароль падтрымліваў непапулярны сярод шляхты саюз з германскім імператарам. Дзеля гэтага Уладзіслаў Зыгмунтавіч у свае 42 гады першы раз ажаніўся. Жонкай стала непрыгожая і некаханая 26-гадовая эрцгерцагіня Цэцылія Рэната, дачка імператара Фердынанда II. Гэта была стрыечная сястра караля, якая памерла праз сем гадоў нарадзіўшы яму дваіх дзяцей: сына Жыгімонта Казіміра, які пражыў усяго сем гадоў і смерць якога нанесла бацьку цяжкую душэўную траўму, і дачку, якая памерла праз месяц пасля нараджэння.

Не быў кароль шчаслівы і са сваёй другой жонкай, з якой ажаніўся ў 1646 г., - Людвікай Марыяй Ганзага, дачкой герцага Мантуі. З ёй ён пражыў два гады і дзяцей не меў. Сапраўды ж кароль Уладзіслаў кахаў толькі сваю палюбоўніцу Ядвігу Лушкоўскую, але мусіў выдаліць яе з двара і аддаць замуж за свайго прыдворнага Выпыскага. Пазней ён шукаў і знаходзіў уцеху з іншымі жанчынамі. У караля быў пазашлюбны сын, граф Уладзіслаў Вазенаў які служыў капітанам гвардыі шведскай каралевы Крысціны, калі тая пасля адмовы ад шведскай кароны жыла ў Рыме.

Апошнія гады жыцця

У апошнія гады жыцця Уладзіслава Вазы характар знешняй палітыкі змяняецца з паўночнага напрамку н а паўднёвы. Пад уплывам сваёй жонкі Людвікі Марыі Ганзага, а таксама канцлера вялікага кароннага Ежы (Юрыя) Асалінскага і венецыянскага пасла Цьепала кароль Уладзіслаў задумаў план вялікай вайны з Турцыяй у саюзе з Венецыяй. Кароль хацеў адцягнуць турэцкую пагрозу ад польскіх і ўкраінскіх зямель, спыніць вельмі частыя напады крымскіх татараў на ўкраінскія землі, якія ўваходзілі тады ў склад Кароны.

Трэба было шукаць новых саюзнікаў У 1647 г. падпісана пагадненне з Расіяй аб сумеснай барацьбе супраць набегаў крымскіх татараў на ўкраінскія і рускія землі. Адначасова становіцца больш лагоднай палітыка караля ў дачыненні да ўкраінскіх казакоў.

У 1646 г. у Варшаву прыехала дэлегацыя ўкраінскіх казакоў каб узгадніць умовы, паводле якіх казакі разам з польскім войскам удзельнічалі б у вайне супраць Турцыі. У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі казацкай старшыны і рэестравых казакоў. Казакі прапанавалі войска колькасцю 50 тысяч чалавек, у тым ліку з сялян, якіх запішуць у казакі. Але кароль абяцаў залічыць у рэестр - гэта значыць, у вольныя казакі - толькі 20 тысяч, а таксама выдзеліць на Украіне аўтаномную тэрыторыю для казакоў. Кароль пачаў таксама збіраць войска для вайны з Турцыяй.

Незадаволеныя магчымым узмацненнем каралеўскай улады магнаты і заможная шляхта выступілі супраць планаў караля. "Бой" быў дадзены на сойме 1646 г., дзе дэпутаты (паслы) ад шляхты рашуча выступілі супраць задумак караля, абвінаваціўшы яго ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Уладзіславу было выстаўлена патрабаванне распусціць набраныя войскі і больш не збіраць атрады без дазволу сойма. Дэпутаты пагражалі каралю, што калі ён не пагодзіцца на іх умовы, то ўся шляхта, узброіўшыся, выступіць супраць яго. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад сваіх планаў распачаць вайну супраць Турцыі.

Аднак запарожскае казацтва не спынілася і працягвала рыхтавацца да вайны. Вайна гэтая была скіраваная не супраць Турцыі і яе васала - Крымскага ханства, а супраць польскіх шляхцічаў - найпершых прыгнятальнікаў украінскага сялянства. Кіраўнік будучага паўстання Багдан Хмяльніцкі быў моцна пакрыўджаны чыгірынскім падстаростаю Д. Чаплінскім, які, наехаўшы на хутар Хмяльніцкага, забраў каханую жанчыну ад Хмяльніцкага да сябе (праўда, не з найлепшай рэпутацыяй), закатаваў хлопчыка, сына Хмяльніцкага, і судова паставіў пад сумненне правы Б. Хмяльніцкага на маёнтак. Хмяльніцкі едзе ў Варшаву да караля, бо ведаў яго асабіста (разам ваявалі).

Кароль, які пацярпеў паражэнне ад магнатаў і шляхты на сойме, мог толькі паспачуваць Хмяльніцкаму: "А ці мала прыгажунь у Рэчы Паспалітай? Выбірай, якую хочаш, і ажаніся з ёю!" А на просьбу дапамагчы кароль адказаў: "Ты сам шляхціч, маеш зброю і ведаеш, як ёю карыстацца". ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

На Украіне рыхтавалася паўстанне. Кароль яшчэ дачакаўся яго пачатку. Хворы Уладзіслаў знаходзіўся ў мястэчку Мерач (на Нёмане, у Троцкім ваяводстве, на поўнач ад Горадні). Смерць настала 20 мая 1648 г. Ён паспеў даведацца аб першай перамозе казацкага (на чале з Б. Хмяльніцкім) і татарскага войскаў над польскім войскам ля Жоўтых Вод. Смерць Уладзіслава Вазы супала з пачаткам вялікага палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай. Вырашалася пытанне існаваць далей гэтай дзяржаве ці не.

Анатоль Грыцкевіч, "Культура". 1992. 21 снежня
Крыніца: Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч.-Мінск: Кнігазбор, 2009.-468 с.Б.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.