Сыны Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі

К. Я. Шышыгіна-Патоцкая 17.11.2010

Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка меў дзевяцёра дзяцей: шасцёра сыноў і трох дачок. Гэта - Ян Юры, Альбрэхт Уладзіслаў, Мікалай, Крыштоф Мікалай, Жыгімонт Караль, Аляксандр Людвік, Эльжбета, Крысціна і Караліна. Па-рознаму склаўся іх лёс. Мікалай памёр немаўляткам. Яму пастаўлены помнік у касцёле Божага цела. Крыштоф Мікалай раптоўна пакінуў гэты свет у Балонні на семнаццатым годзе жыцця. Дзве дачушкі-блізняткі сталі ахвярамі эпідэміі і пахаваны ў адной труне бенедыкцінскага кляштара побач з маці.

Старэйшыя сыны Сіроткі, атрымаўшы пачатковую адукацыю ў Нясвіжы, працягвалі вучобу за мяжой. Спачатку два гады вучыліся ў Браневе (Польшча), потым праз Познань, Варшаву, Прагу трапілі ў Аўгсбург, дзе былі занесены ў спісы вучняў мясцовага езуіцкага калегіума. Яны паглыблена вывучалі рымскае права, матэматыку, нямецкую мову, займаліся музыкай.

У 1604 годзе браты былі запрошаны ў госці да баварскага герцага Максіміліяна I.

Пакінуўшы малодшага брата Крыштофа Мікалая працягваць адукацыю ва універсітэце Балонні, браты Радзівілы накіраваліся ў падарожжа па Італіі. У Ватыкане іх сардэчна прымаў папа Павел V. Страшэнная вестка пра смерць Крыштофа Мікалая (1590-1607) у Балонні перапыніла падарожжа Радзівілаў. Эпідэмія чумы забрала жыццё юнака. Зваротны шлях да Нясвіжа быў незвычайна цяжкім. Труна з целам Крыштофа Мікалая заняла месца ў родавым склепе пад касцёлам. Да нашых дзён збярогся бюст юнака, размешчаны ў левым алтары нясвіжскага храма.

У 1609 годзе старэйшы сын Сіроткі Ян Юры ажаніўся з Элеанорай Язлавецкай-Астрожскай, але гэты шлюб не прынёс шчасця нясвіжскаму князю.

Ян Юры Радзівіл (1588-1625)

Ян Юры Радзівіл Ян Юры Радзівіл

Ян Юры Радзівіл пасля смерці свайго бацькі стаў 6 сакавіка 1616 года II ардынатам нясвіжскім, трокскім кашталянам. У 1617 годзе будучы кароль і вялікі князь Уладзіслаў IV, калі ехаў у Маскву, спыняўся ў Нясвіжы. Чатыры дні гасціў каралевіч у Радзівіла, які рабіў усё, каб уразіць знатнага госця. Сам князь і нясвіжскія езуіты віталі Уладзіслава. Купецкія і рамесніцкія цэхі Нясвіжа выйшлі з харугвамі, на замкавых валах білі гарматы, ды так гучна, што ў вокнах выляталі шыбы. На развітанне нясвіжскі князь падараваў каралевічу дзве вялізныя гарматы.

Пасля заўчаснай смерці жонкі Элеаноры, якая не пакінула патомства, Ян Юры выправіўся ў падарожжа, аб'ехаў Германію, Англію, Францыю, два гады вучыўся ў Падуанскім універсітэце. Ён вырашыў вярнуцца дамоў, ажаніцца, займець дзяцей, але не паспеў. Смерць яго падпільнавала на трыццаць сёмым годзе жыцця. Ён памёр у 1625 годзе і быў таксама пахаваны ў бацькоўскай крыпце.

 

Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл (1389-1636)

Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл

Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл, староста рыжскі, кашталян віленскі, стаў Ш ардынатам нясвіжскім пасля смерці свайго брата. Перажыўшы трагедыю першага кахання, ён ажаніўся з дачкой вялікага канцлера літоўскага Льва Сапегі Ганнай. Гэтую дзяўчыну выбраў сыну бацька. Але Ганна з Сапегаў рана памерла, не пакінуўшы нашчадкаў. Уладзіслаў ажаніўся другі раз на Ганне Соф'і Зяновіч. З чатырох дзяцей ад гэтага шлюбу двое памерлі ў маленстве, а дочкі Эльжбета і Канстанцыя пайшлі ў манастыр бенедыктынак у Нясвіжы.

Асабліва памятным у час гаспадарання Уладзіслава быў 1625 год, калі па ўсёй Рэчы Паспалітай лютаваў мор, які ў кастрычніку таго ж года дайшоў да Нясвіжа.

Большасць насельнікаў горада пакінулі свае хаты і разбегліся па навакольных вёсках. Засталіся толькі некалькі чалавек з калегіума, каб адпяваць і хаваць памерлых. Калі ў лістападзе мор адступіў, удзячныя

Небу мяшчане з дапамогай нясвіжскага князя на Новым месцы, дзе былі пахаваны ахвяры эпідэміі, збудавалі агульны помнік - невялікую уніяцкую каплічку. У ёй знаходзілася вялікая статуя святога Вінцэнта, зробленая з каменя. На сцяне капліцы доўга зберагаўся надпіс: "Усяміласцівейшаму Богу на славу, святому Вінцэнту з Феррары, апекуну дамініканцаў пастаўлена гэтая капліца несвіжанамі як помнік хрысціянскай веры".

Уладзіслаў Радзівіл трымаў пры сваім двары мастакоў, якія пісалі партрэты Радзівілаў і іх сваякоў. Некаторыя даследчыкі лічаць яго стваральнікам знакамітай нясвіжскай партрэтнай галерэі.

 

Жыгімонт Караль Радзівіл (1591-1642)

Жыгімонт Караль Радзівіл Жыгімонт Караль Радзівіл

Жыгімонт Караль Радзівіл ваявода навагрудскі, кавалер мальтыйскага ордэна, стаў IV ардынатам нясвіжскім.

Пасля свайго падарожжа на Мальту Жыгімонт Караль вярнуўся на радзіму і вырашыў далучыцца да братоў-манахаў мальтыйскага ордэна. Бацька доўга адгаворваў сына, але не меў поспеху. Каб дапамагчы сыну заняць больш значнае месца ў ордэне, Сіротка дазволіў сыну будаваць камандорства ў Стадовічах і аддаў ордэну Крошын, Калдычава, Дзераўную. Пры камандорстве пад Баранавічамі меўся шпіталь, дзе браты-рыцары павінны былі аказваць медыцынскую дапамогу ўсім, не звяртаючы ўвагі на веравызнанне. Вядомасць нясвіжскага князя значна ўзрасла. Ён прымаў удзел у шматлікіх ваенных паходах супраць "няверных", пасябраваў з рыцарамі мальтыйскага ордэна многіх еўрапейскіх краін.

 

Аляксандр Людвік Радзівіл (1594-1654)

Аляксандр Людвік Радзівіл Аляксандр Людвік Радзівіл

Аляксандр Людвік Радзівіл апошні сын Сіроткі, ваявода брэсцкі і полацкі, маршалак вялікі літоўскі, V ардынат нясвіжскі ўвайшоў у гісторыю роду Радзівілаў як дбайны гаспадар, пад апекай якога Нясвіж квітнеў і развіваўся, памнажаючы свае багацці, узносячы новыя пабудовы, павялічваючы насельніцтва. Хутка Нясвіж пачаў лічыцца значным культурным цэнтрам Вялікага княства.

Польскі каралевіч Уладзіслаў, стаўшы каралём і вялікім князем, пацвердзіў даўнія прывілеі Нясвіжу. Ён вызваліў горад ад мыты і пошлін і дазволіў перанесці вялікі кірмаш на 24 лютага.

У 1635 годзе ў Нясвіжы была пабудавана уніяцкая царква святога Юрыя, якая размясцілася насупраць бернардынскага касцёла. Першым святаром тут быў Базыль Меляшкевіч. На жаль, да нашых часоў царква не збераглася.

У 1640 годзе ў Нясвіжы ўрачыста адзначалі стогадовы юбілей ордэна езуітаў, які быў створаны ў 1540 годзе. Было наладжана велічнае відовішча. Ад кляштара бенедыктынак пацягнуліся працэсіі да муроў калегіума. Былі выстаўлены трыумфальныя аркі, гербы таварыства, гербы Радзівілаў. Партрэт Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі выдзяляўся сваімі памерамі і прыгажосцю. Школьная моладзь урачыста спявала пад музыку велічныя гімны. На памяць пра той дзень князь Аляксандр Людвік палажыў у касцёле натуральнай велічыні сэрца, адлітае з золата.

Аляксандр Людвік удзельнічаў у ваенных паходах побач з каралём Уладзіславам IV Ваза, які быў яго хросным бацькам. Асабліва цяжкай была бітва за Смаленск у 1633 годзе, дзе нясвіжскі князь цяжка захварэў. Вярнуўшыся ў Нясвіж і крыху акрыяўшы, ён зноў кінуўся ў вір палітычнага жыцця, актыўна выступаў на сеймах і сейміках, адстойваючы правы і свабоды шляхты і княства.

Першай жонкай нясвіжскага ардыната была незвычайнай прыгажосці дзяўчына з дому Валовічаў. Любімая жонка нарадзіла некалькі дзяцей, у тым ліку будучага нясвіжскага ардыната Міхала Казіміра, але яна рана памерла, пакінуўшы сірот. Людвік ажаніўся яшчэ два разы, апошні шлюб узяў з сяброўкай каралевы Лукрэцыяй Марыяй Строзі.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Памёр Аляксандр Людвік Радзівіл у 1654 годзе ў Балонні, куды выехаў на лячэнне. Сын Міхал перавёз труну з целам бацькі ў Нясвіж і пахаваў у родавай крыпце.

К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, "Нясвіж і Радзівілы", Мінск: Беларусь, 2007. - 240 с.: іл.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.