"Бацька" - Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч

10 лютага нарадзіўся славуты сын беларускае зямлі - яе абаронца і нацыянальны герой генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Ён жыў, змагаўся і паклаў сваё жыцце за волю Бацькаўшчыны.

Адвечная Памяць Героям!

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч

ПОКЛІЧ БАЦЬКІ

Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла-радасна сонцэ,
І гоман пачуў я з роднай стараны:
"Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!"

Сынкі! А мы штожа!
Нам будзе нягожа,
Каб мы не пайшлі на падмогу!

Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
І будзем гатовы ў дарогу!

СТАНІСЛАЎ БУЛАК-БАЛАХОВІЧ
(творчы пс. БАЦЬКА)
25.ХІ.1919, Рэвель.

За што ваяваў
Станіслаў Булак-Булаховіч?

Яшчэ пры жыцці генерал Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1939) стаў легендай. Яго, абаронцу сялянскіх інтарэсаў, ужо ў маладыя гады называлі "бацькам". Як сведамы антыкамуніст С.Булак-Балаховіч ваяваў у арміях розных дзяржаваў. Ён узначальваў корпус генерала Юдзеніча ў 1919 годзе. Яго Беларускі аддзел удзельнічаў у баях супроць Палескай групы Чырвонай арміі пад час расейска-польскай вайны. А калі ў Рызе пачалася ганебная польска-расейская змова супраць Беларусі, генерал зрабіў свой выбар.

У студзені 1920-га з аддзелам на паўтары тысячы шабляў генэрал быў прыняты ў склад войска БНР. Яго армія ў верасні 1920 года пачала сваю вайну (якую можна назваць беларуска-расейскай), за вызваленне Беларусі ад бальшавікоў. Кавалерысты Балаховіча, якія сталі самай баяздольнай часткаю гэтага войска, зьдзейсьнілі пераход з Латвіі на Палесьсе, ушчэнт разьбілі 67-мы полк хвалёнай 1-й коннай арміі чырвоных, узялі Пінск...

У лістападзе таго самага 1920 году ўжо 20-тысячная армія Булак-Балаховіча распачала імклівы наступ усьцяж Прыпяці. У сярэдзіне лістапада, як сведчыў на З'ездзе Случчыны стрыечны брат генерала Язэп Балаховіч, у войску было ўжо каля 60 тысяч чалавек.

6 лістапада 1920 года балахоўцы перайшлі ў наступ па абодвух берагах Прыпяці. 8 лістапада ўзялі Петрыкаў, выбіўшы з горада часціны 10-й дывізіі чырвоных. Цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасці С.Булак-Балаховіча стаў Мазыр, адбіты ў бальшавікоў 10 лістапада. У гэты ж дзень балахоўцы вызвалілі Каленкавічы (цяпер Калінкавічы). Далей беларуская армія працягвала наступаць на Оўруч і Чарнобыль, а левым крылом - на Рэчыцу, якую жаўнеры Балаховіча занялі раніцою 17 лістапада.

С.Булак-Балаховіч не толькі ваяваў, ён спрабаваў увасобіць у жыццё ідэю беларускай дзяржаўнасці. Пры канцы верасня 1920 года ўзнік Беларускі Палітычны Камітэт на чале з Вячаславам Адамовічам-старэйшым. Гэты камітэт звярнуўся да генерала з лістом, у якім выказаў упэўненасць, што яго "армія прынясе Беларусі сапраўдную вольнасць і магчымасць стварэння свайго дзяржаўнага быту". Заняўшы Мазыр, С.Булак-Балаховіч абвясціў сябе "начальнікам Беларускай Дзяржавы". Цывільную ўладу перадаў сябрам Беларускага Палітычнага Камітэта, якія прыбылі з Варшавы ў Мазыр. Былі нават выдадзеныя паштовыя маркі. На месцы спрабавалі ўтварыць органы самакіравання.

Але цывільная праца працягвалася вельмі нядоўга. У ходзе ваенных дзеянняў настаў пералом. Разгром у Крыме галоўных сілаў генерала Ўрангеля дазволіў камандаванню Чырвонай арміі перакінуць у Беларусь значныя падмацаванні. Пад іх націскам пачаўся адыход войска Булак-Балаховіча. 2-я пяхотная дывізія нашых жаўнераў упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада 1920 года вымушана была пакінуць горад.

Нягледзячы на вялікія страты, асноўная частка беларускай арміі прабралася праз заслоны 33-й кубанскай казацкай дывізіі, амаль знішчыўшы яе, і 24 лістапада фарсіравала раку Пціч. 26 лістапада рэшткі войска генерала Булак-Балаховіча выйшлі праз Жыткавічы на польскі бок і былі раззброеныя.

У наступныя гады генерал працягваў барацьбу з бальшавікамі, фармаваў партызанскія аддзелы і накіроўваў іх на тэрыторыю Савецкай Беларусі. Да канца жыцця ён заставаўся на антыкамуністычных і антыфашысцкіх пазіцыях. Загінуў Станіслаў Булак-Булаховіч у верасні 1939 года, пад час абароны Варшавы ад нямецкіх захопнікаў.

Жывучы ў міжваеннай Польшчы брыгадны генэрал Балаховіч кіраваў Саюзам былых удзельнікаў нацыянальных паўстаньняў. Ён быў перакананым антыфашыстам, але яшчэ больш непахісным антыкамуністам, што прывяло яго ў армію Франка. У верасьні 1939-га на чале аддзелу дабраахвотнікаў Балаховіч абараняў Варшаву, а затым змагаўся з акупантамі ў шэрагах польскага Супраціву. Памяць пра беларускага генэрала-незалежніка, застрэленага гестапаўцамі пры спробе арышту, ушанаваная ў назьве вуліцы ў горадзе Белавежа на Беласточчыне, есьсьць ганаровая табліца героя і ў Варшаве.

Партрэт супярэчлівай, але, безумоўна, выбітнай асобы Балаховіча будзе няпоўным, калі не згадаць, што генэрал ня толькі ўсё жыцьцё не забываў беларускай мовы, але і пісаў на ёй вершы.

ВІНШАВАЛЬНЫЯ ПЛЯКАТЫ
 
А4, версыя 1 (jpeg, 1MB)   А4, версыя 2 (jpeg, 1MB)
Каментары чытачоў
Аляксей. напiсаў(ла) 10.12.2008 09:20
Дзякуй вялікі за плакаты!
Андрэй напiсаў(ла) 20.08.2010 22:55
А тут зусim iншае напiсана. Дзе прауда? http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D1%83%D0%BB%D0%B0%D0%BA-%D0%91%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%85%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D1%87,_%D0%A1%D1%82%D0%B0%D0%BD%D0%B8%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2_%D0%9D%D0%B8%D0%BA%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D1%87

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.