Рыцар Свабоды (Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, 1888-1942)

За і супраць

Дыскусіі наконт удзелу Вінцэнта Гадлеўскага ў беларускім нацыянальным антынацыскім руху Супраціву былі распачатыя ня Ю. Туронкам, а беларускімі эмігрантамі ў пачатку 1960-х гадоў. Каталізатарам гэтых дыскусіяўстаўся нарыс гісторыка Вацлава Пануцэвіча “Кс. Вінцэсь Гадлеўскі. Дзяржаўны Муж і Правадыр Народу” ў часопісе “Беларуская царква” (Чыкага, 1965, №28).Пануцэвіч, спасылаючыся пераважна на ўспаміны людзей (у тым ліку і на свае ўласныя), сьцьвярджае, што Беларуская Незалежніцкая Партыя была закладзеная Гадлеўскім яшчэ ўвосень 1939-га ў Вільні, пад летувіскай акупацыяй. У 1940-41 гг. БНП арганізоўвалася ў Польшчы і Нямеччыне, а пасьля пачатку нямецка-савецкай вайны перанесла сваю дзейнасьць на Беларусь. Пануцэвіч піша,што менавіта Гадлеўскі быў правадыром БНП, а Ўсевалад Родзька, як і Ян Станкевіч, былі ягонымі памочнікамі.

У адказ, у газэце “Беларускі голас” (Таронта) зьяўляецца артыкул пад крыптанімам “Я. В-жан” “Ці правадыр нацыяналістаў?”. Аўтарам гэтага артыкуламог быць вядомы беларускі вайсковец, у час вайны сябра БНП і супрацоўнікабвэра Юрка Вежан (ён друкаваўся яшчэ ў час вайны: Вежан Ю. Пасьмертны ўспамін (сьв. п. Янка Шабановіч) // Bielaruski holas (Вільня), 1943, №4).

“Аўтар нарысу, аднак, пабудаваў сваю працу аб Гадлеўскім не на аснове некіх рэчаістых довадаў, але на электычным мантаваньні розных погаласак, здагадак і ўпрост аўтаравых фантазыяў, - піша ён. - …В.Пануцэвіч фантазыруе, калі цьвердзіць, што “Незалежніцкая Партыя” была зарганізаваная яшчэ перад вайной у Вільні і што яе аснавальнікам быў кс. Гадлеўскі. Называньне сябе “групай незалежнікаў” яшчэ не абазначае, што гэта было ўжо стварэньне партыі. Кожная група беларусаў, як хадэкі, грамадаўцы і іншыя называлі сваю групу незалежніцкай. Беларуская Незалежніцкая Партыя, як узапраўдны партыйны твор, была ачольваная Родзькам… Лідэрам Незалежніцкай Партыі Гадлеўскі ў гэты час ня быў і ня меў каля сябе некай “партыйнай групы” (Беларускі голас, 1965, № 132, лістапад).

У той жа газэце супраць вэрсіі В. Пануцэвіча выступае сябра БНП “Ярыла”:

“Правадыром быў маёр Родзька

Як актыўны сябра БНП у Менску і Вільні, мушу заявіць перад нашым грамадзтвам і гісторыяй, што ані Кіраўнік Родзька, ані іншыя сябры Цэнтральнага Камітэту БНП, ня ўважалі шаноўнага а. В. Гадлеўскага за закладчыка гэтай партыі, ані за ейнага кіраўніка. Навогул, нават сяброўства а. Гадлеўскага ў гэтай партыі ёсьць сумніўным. Таму пісаніна Пануцэвіча ў ягонай “Беларускай Царкве” ёсьць звычайнай брэдняй, як і іншыя падобныя інфармацыі”. (Беларускі голас, 1965, №133, сьнежань).

У далейшым газэта “Беларускі голас” яшчэ неаднойчы вярталася да гэтай тэмы, праўда, не дадаючы ніякіх новых фактаў.

Вернемся, аднак, у першыя пасьляваенныя гады. Упершыню пра Гадлеўскага, як заснавальніка Беларускага Рэзыстансу, напісала газэта “Беларускія навіны” 25 сьнежня 1945 году. Аўтарам артыкула, праўдападобна, быў будучы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Мікола Абрамчык. Ён піша: “[Гадлеўскі] прыйшоў да выснаўку ў неабходнасьці кансьпіратыўнае арганізацыі для барацьбы зь [нямецкім] акупантам. Дзеля гэтага Ён склікае ў верасьні 1941 г. нелегальны зьезд выдатнейшых беларускіх палітычныхдзеячоў, якім Ён запрапанаваў ужо разроблены шырака праект праграмы кансьпіратыўнай працы… У многіх пунктах Беларусі паўсталі закансьпіраваныя асяродкі, лучнікам для якіх быў Гадлеўскі… Сваім жыцьцём Ён прыкрыў усе сьляды і ніткі кансьпіратыўнай арганізацыі. Кінутая Ім ідэя - заснаваная Ім БНП (Беларуская Народніцкая Партыя) - разгортывала сваю працу ад Смаленску аж да Бэрліну, і акупанты ня выкрылі яе кіраўнікоў, аж да свайго собскага скананьня”. Варта зазначыць, што, магчыма,напачатку меркавалася назваць Беларускую Незалежніцкую Партыю “Народніцкай”.

Юры Туронак бярэ пад сумнеўрэальнасьць прыведзеных у артыкуле фактаў. Ён лічыць, што задачай артыкула было стварэньне вобраза “героя беларускага нацыянальнага руху супраціву, чыстага ад падазрэньняў у супрацоўніцтве зь немцамі”. І гэты вобраз быў “вельмі патрэбны групоўцы Міколы Абрамчыка ў яе палітычнай гульні з акупацыйнымі ўладамі заходніх саюзьнікаў у Нямеччыне” (Беларускі Гістарычны Агляд, Том 6, Сшыткі 1-2 (10-11), 1999).

Але Туронак памыляецца, калі сьцьвярджае, што толькі “Беларускія навіны” стваралі з Гадлеўскага “вобраз героя супраціву”. Насамрэч, такіх публікацый было шмат і яны будуць разгледжаны ў разьдзеле “Падпольны Фронт”.

Пра кіраўнічыя пазыцыі Вінцэнта Гадлеўскага ў БНП сьведчыць шэраг савецкіх крыніцаў. Напрыклад, у кнізе “Война в тылу врага. О некоторых проблемах истории советского партизанского движения вгоды Великой Отечественной войны” (Масква, Палітвыдат, 1974) чытаем: “Нацыяналісты… спрабавалі ўзьдзейнічаць на беларускі народ у завуаліраванай форме. З гэтай мэтай яны стварылі “Беларускую незалежніцкую партыю” (БНП)… Узначалілі яе “ідэоляг” беларускіх нацыяналістаў Гадлеўскі… Родзька, Сянкевіч, Гінько ды іншыя” (б. 429).

У справаздачы савецкай партызанскай разьведкі ад 1943 году праБНП паведамляецца: “У другой палове 1942 году ў Беларусі ўзьнікла т. зв. “Беларуская незалежніцкая партыя”. Цэнтар гэтай палітычнай арганізацыі знаходзіцца ў Менску. Актыўнымі дзеячамі… БНП зьяўляюцца: ксёндз Гадлеўскі…, яго правая рука Аляхновіч… - кіраўнік Віленскага камітэту БНП. Акрамя таго, у склад кіраўніцтва БНП уваходзяць: Родзька Аляксандар [трэба - Ўсевалад]… Сянкевіч Аляксандар [трэба - Аляксей]… і Караленка” (НАРБ, ф.4, в.33а, спр. 524, арк. 184-185).

Пра тое, што Беларускую Незалежніцкую Партыю ачольваў Вінцэнт Гадлеўскі, пісаў Канстанцін Дамарад (Доморад К. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области. 1941-1944. Менск, 1992, б. 287).

Пра дачыненьне Вінцэнта Гадлеўскага да БНП сьведчыць і той факт, што ў № 2 “Бюлетэню БНП” быў зьмешчаны пад крыптанімам “с.” ягоны артыкул “Апошнія гады” (падрабязны аналіз гэтага факту будзе ніжэй).

Пра дачыненьне Гадлеўскага да заснаваньня БНП сьведчыць сябра ЦК гэтайпартыі Барыс Рагуля. Ва ўспамінах “Наваградзкі эскадрон” (Юрэвіч Л. Жыцьцё пад агнём. Менск, 1999; Упершыню ўспаміны былі надрукаваныя ў эміграцыйным часопісе “Наперад”, № 24-26, 1953 г. Адным з аўтараў артыкула, падпісанага “Рагулявец”, быў Б. Рагуля) ён піша пра заснаваньне 7 ліпеня 1942 г. Беларускай Незалежніцкай Партыі, “нелегальнай антыбальшавіцкай і антынямецкай арганізацыі” ды зазначае, што яе арганізатар Ус. Родзька “дзейнічаў у паразуменьні з кс. Гадлеўскім і М. Абрамчыкам” (б. 163).

Сябра БНП Янка Жамойцін успамінаў, як Б. Рагуля ў канцы 1942-га прымаў яго ў яесябры і “растлумачыў, што Беларускую незалежніцкую партыю заснаваў рымска-каталіцкі сьвятар Вінцук Гадлеўскі, якога нядаўна за яго незалежніцкія імкненьні замардавалі немцы” (Жамойцін Я. З перажытага // Лёс аднаго пакаленьня. Беласток, 1996, б. 84).

Такім чынам, маем супрацьлеглыя думкі і сьведчаньні, што да дачыненьня Вінцэнта Гадлеўскага да БНП. Многія пытаньні маглі быць зьнятыя пасьля апублікаваньня паказаньняў у турме савецкай дзяржбясьпекі Ўсевалада Родзькі, на што пакуль спадзявацца не прыходзіцца.

Каментары чытачоў
Алесь напiсаў(ла) 14.04.2014 10:16
Ксёндз Гадлеускi - сапрауды нацыянальны герой Беларусi
http://westki.info/artykuly/15596/dyskusiya-syargey-bogdan-hopic-geraizavac-dyversantau-z-dalvica

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.