Рыцар Свабоды (Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, 1888-1942)

Падпольны фронт

Некаторыя крыніцы сьведчаць пра тое, што Вінцэнт Гадлеўскі падчас нямецкай акупацыі кіраваў падпольнай арганізацыяй “Беларускі Народны Фронт” (БНФ). Упершыню пра гэтую арганізацыю напісаў у красавіку 1946-га ў эміграцыйным часопісе “Ruch” (“Рух”) Станіслаў Станкевіч. Па ягонай вэрсіі, “Кс. В. Гадлеўскі, Генэральны Школьны Інспэктар Беларусі, потым расстраляны нямецкім Гэстапо, быў закладчыкам і правадыром “Беларускага Народнага Фронту” - вельмі пашыранай супроцьнямецкай нелегальнай арганізацыі. Гэтая арганізацыя аб'ядноўвала вялікі круг беларускай інтэлігэнцыі, і шляхам вуснае прапаганды выясьняла ўсю шкоднасьць нямецкае палітыкі. Яна інсьпіравала ўсе выступленьні беларускіх легальных дзейнікаў у абароне беларускага народу. Гэтак, напрыклад, зь яе ініцыятывы на зьезьдзе кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомачы ў Менску 21.8.1943 (насамрэч, гэтая падзея адбылася ў сакавіку 1943 году - С. Ё.) неспадзявана для немцаў і пастаўленага імі шэфа гэтае арганізацыі было зложана дамаганьне злучэньня ўсіх беларускіх этнаграфічных земляў і прызнаньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі” (Каранеўскі Я. [Станіслаў Станкевіч] Пад гнётам нямецкага фашызму // “Ruch” (у мэтах кансьпірацыі месцам выданьня пададзена “Італія”, насамрэч - Зах. Нямеччына), 1946, № 1, красавік).

Пацьвярджае гэтую інфармацыю і Гіпаліт Паланевіч, які падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у Менску: “Кс. В. Гадлеўскі адначасна із школьнай дзейнасьцю, а часта й пры ейнай дапамозе, вёў арганізацыйную працуў нелегальнай беларускай нацыянальнай антыфашысцкай і антыкамуністычнай арганізацыі “Беларускі Народны Фронт” (Няміга Г. [Гіпаліт Паланевіч].Беларускае школьніцтва пад нямецкай акупацыяй Беларусі ў вайну 1941-1944 гг. // Запісы БІНіМ (Нью-Ёрк), 1989, №19, б. 108).

Усевалад Родзька ў сваіх паказаньнях у турме дзяржбясьпекі (на сёньняшні дзень апублікаваныя толькі ўрыўкі зь іх) згадвае, што падчас нямецкай акупацыі акрамя Беларускай Незалежніцкай Партыі і Арганізацыі Беларускіх Нацыяналістаў яшчэ існаваў Беларускі Цэнтральны Фронт на чале з Вінцэнтам Гадлеўскім (Соловьев А. Белорусская центральная рада: создание, деятельность, крах. Менск, 1995, б. 91).

Спынімся таксама на артыкуле А. Пякарскага “Сумная гадавіна (Да дзесятай гадавіны арышту й расстрэлу ксяндза Вінцэнтага Гадлеўскага)”, надрукаванага ў газэце “Бацькаўшчына” 25 сьнежня 1952 году. Пякарскі піша: “Дзякуючы свайму становішчу, ён (Гадлеўскі - С. Ё.) меў беспасярэдні кантакт зь беларускай школьнай моладзьдзю й настаўнікамі, што былопатрэбным для зарганізаваньня беларускага руху супраціву. Такія [с]еткі супраціву ўзрасталі й множыліся. Увапошнія месяцы свайго жыцьця ксёндз Гадлеўскі… поўнасьцю аддаецца тады тайнай дзейнасьці сярод беларускіх патрыётаў, раскрываючы перад імізлачынныя антынародныя мэты гітлераўскага акупанта й пераконваючы абнеабходнасьці быць стойкімі й непахіснымі ў змаганьні. Ён у прыватных гутарках і нарадах зь беларусамі стараўся ўзмацняць іхны патрыятызм і пераконваць аб неабходнасьці самаабароны перад нямецкім вынішчэньнем. Гэтая ягоная нацыянальна-патрыятычная дзейнасьць гарманічна вязалася здзейнасьцю рэлігійнай”.

Адным з кіраўнікоў нацыянальнага антынацыскага падпольля называе Гадлеўскага П. Рагач у сваім “Кароткім аглядзе гісторыі Беларусі” (Кліўленд-Нью-Ёрк-Талін, 1990, б. 86).

Яшчэ адно сьведчаньне пакінуў Яўхім Кіпель: “Ксёндз Гадлеўскі і надалейтрымаў свае палітычныя кантакты і ці раз выказваў свае незалежніцкія погляды: ён верыў, што Беларусь зможа стаць незалежнай. Тым болей, што Гадлеўскі знаходзіў нямала аднадумцаў сярод тагачаснае беларускае інтэлігенцыі. Групы перакананых беларускіх незалежнікаў пэрыядычна зьбіралісято на кватэрах, то ў пасьляпрацоўныя гадзіны ў канцылярыях, то ў школьныхпамешканьнях ды дыскутавалі магчымыя крокі дзеля здабыцьця ўсё большае свабоды дзеяньняў, выступленьняў у друку з дамаганьнямі большае палітычнае самастойнасьці... Думаю, зборкі нацыянальнага актыву (незалежніцкая плынь) у Менску пачаліся з ініцыятывы менавіта айца Гадлеўскага” (Кіпель Я. Эпізоды. Нью-Ёрк, 1998, бб. 214-216).

Некаторыя эміграцыйныя аўтары, асабліва на старонках таронцкага “Беларускага голасу”, скэптычна ставіліся да факту існаваньня падпольнай арганізацыі, якой кіраваў Гадлеўскі. Напрыклад, гісторык Юрка Стасевіч пісаў: “Пушчаныя каталіцкімі дзеячамі на эміграцыі пагалоскі, што існаваланекая патайная арганізацыя, ачольваная кс. Гадлеўскім, ня маюць ніякіх падставаў”. (Стасевіч Ю. “Нацы”, калябаранцтва і супраца з гітляроўскімі акупантамі // Беларускі голас, 1982, №302, ліпень). У іншым матэрыялеСтасевіч адзначаў: “Пытаньне існаваньня незалежніцкай групы ксяндза Гадлеўскага не выясьнена. Довадаў існаваньня такой групы няма. Спробы кантактаў Грамады зь ім для супрацы проціў Немцаў засталіся бяз выніку. Выцягваць ўнёскі, што група існавала, бо ён арыштаваны і расстраляны, безпадстаўныя. Немцы ведалі яго як вялікага беларускага нацыяналіста, а значыць патэнцыяльнага ворага, а да таго каталіцкага ксяндза. Гэтага было даволі, узяўшы яшчэ пад увагу ягоную дэманстрацыйную адстаўку-пратэст, з становішча Інспэктара Беларускіх школаў. Ня трэба забыць, што расстраляна і такога непалітыка, як Экзарха Вуніяцкай Царквы - Неманцэвіча і іншых. Можна найвышэй дапушчаць, што існавала некая маленькая каталіцка-ксяндзоўская рэлігійная групка, ходаўшаяся аб рэлігійныя справы, чаго даволі было, каб іх перастрэльвана” (Стасевіч Ю. Палітычныя групоўкі на Беларусі [19]41-45 гадоў // Беларускі голас, 1975, № 237, кастрычнік).

У рэцэнзіі на кнігу гісторыка Івана Любачкі пра Беларусь (Bielorussia under Soviet Rule, 1917-1957; Ivan S. Lubachko, 1972 by University Press of Kentacky) у часопісе“Litva” таксама паўстала пытаньне пра нелегальную арганізацыю Гадлеўскага: “Што датычыць “Беларускага Народнага Фронту”, твору кс. Вінцэнта Гадлеўскага, то Любачка адно паўтарае нябыліцы Вакара.У часе Другой [сусьветнай] вайны В. Гадлеўскі стараўся стварыць адно беларускую арыентацыю не на гітлероўскую Нямеччыну, алена альянтаў Амэрыкі. Гэта і прывяло яго да трагэдыі: нямецкага арышту і ягонай ліквідацыі” (Litva (Чыкага), 1973, №5, студзень-сакавік,б. 295).

Вацлаў Пануцэвіч у сваім дасьледаваньні “Кс. Вінцэсь Гадлеўскі. Дзяржаўны Муж і Правадыр Народу” ня згадвае пра існаваньне ў 1941-42 гг. падпольнага Фронту Гадлеўскага, бо, верагодна, нічога пра яго ня ведаў. Ён піша толькі пра кіраўніцтва ім БНП, падаючы дзейнасьць і ролю В. Гадлеўскага ў Супраціве спрошчана.

Насамрэч, выглядае так, што падчас нямецкай акупацыі сапраўды існавала падпольная арганізацыя “Беларускі Народны (альбо Цэнтральны) Фронт” падкіраўніцтвам Вінцэнта Гадлеўскага. Аднак яна была больш падобная на рух, ня мела строгай арганізацыйнай структуры, прынамсі, нам пра яе невядома.Уваходзіла ў яе інтэлігэнцыя, пераважна настаўніцкая. Не стварыла гэтаяарганізацыя і сваёй дакумэнтацыі, друкаванай прадукцыі, бо выкарыстоўвала вусную антынямецкую прапаганду. Другім накірункам дзейнасьці БНФ Гадлеўскага было кантраляваньне легальных беларускіх арганізацый. Іх выкарыстоўвалі дзеля патрабаваньня ад акупацыйнай улады саступак у справе аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці, стварэньня беларускага войска, абароны мірнага жыхарства ад нямецкіх рэпрэсіяў. Зусім магчыма, што БНФ толькі структурна афармляўся, калі СД зьнішчыла яго кіраўніка. Але, паводле С. Станкевіча, арганізацыя працягвала дзейнічаць і пасьля сьмерціВінцэнта Гадлеўскага.

Беларускі Народны (Цэнтральны) Фронт быў нелегальным варыянтам патрыятычнай паўлегальнай арганізацыі “Беларускі Нацыянальны Фронт”, якую В. Гадлеўскі імкнуўся стварыць яшчэ ў сярэдзіне 1930-х гадоў у Вільні, а заснаваў у 1940 г. у акупаванай немцамі Варшаве. Вядомы “Ideolohicny statut Bielaruskaha Nacyjanalnaha Frontu”, напісаны Гадлеўскім, распаўсюд якога ў акупаваным немцамі Менску быў забаронены (Советская Белоруссия, 1996, 20 чэрвеня).

Каментары чытачоў
Алесь напiсаў(ла) 14.04.2014 10:16
Ксёндз Гадлеускi - сапрауды нацыянальны герой Беларусi
http://westki.info/artykuly/15596/dyskusiya-syargey-bogdan-hopic-geraizavac-dyversantau-z-dalvica

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.