Рыцар Свабоды (Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, 1888-1942)

Ці была “незалежніцкая маналітная група”?

Напярэдадні Другой сусьветнай вайны каардынацыйны цэнтар беларускага вызвольнага руху адсутнічаў. Прэзыдэнт БНР Васіль Захарка, які жыў у Празе Чэскай, ня меў каля сябе дзейных і шматлікіх прыхільнікаў, якія маглі б ажывіць ідэю Беларускай Народнай Рэспублікі і сфармаваць Раду альбо Ўрад. Больш таго, Захарку ў сваёй палітычнай гульні выкарыстоўваў ЯнЕрмачэнка, будучы старшыня Беларускай Народнай Самапомачы ў Менску. Віленскі беларускі актыў у гэты час быў разцярушаны: частка яго трапіла ў рукі НКВД, частка засталася на месцы, але зусім бязьдзейнаю, некаторыя выехалі на тэрыторыю акупаванай немцамі Польшчы альбо ў Нямеччыну.

Як пішуць дасьледчыкі Ўладзімер Сакалоўскі і Ўладзімер Ляхоўскі, “напярэдадні наступленьня нямецкіх войскаў на Беларусь, увачавідкі паўстала пытаньне аб неабходнасьці стварэньня адзінага кіруючага цэнтру разрозьненымі беларускімі арганізацыямі” (Сакалоўскі Ўл., Ляхоўскі Ўл. Нямеччына й беларускі нацыянальны рух напярэдадні й у першыя гады Другое Сусьветнае вайны // Bialoruskie Zeszyty Historyczne, 2000, № 13, б. 15). І сапраўды, патрэба каардынацыйнага цэнтру моцна захапіла Вінцэнта Гадлеўскага і яго паплечнікаў.. 19 чэрвеня 1941 г. у Бэрліне быў створаны правобраз будучага беларускага ўраду - Беларускі Нацыянальны Цэнтар (БНЦ) на чале зь Міколам Шчорсам (За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Лёндан, 1960, бб. 77-78). “Да кс. Гадлеўскага, які меў вялікі маральны аўтарытэт, далучаліся эмігранцкія асяродкі Прагі, Рыгі, Парыжа, таму ягоная група мела значна большую палітычную вагу, чымсьці прыхільнікі Акінчыца” (Bialoruskie Zeszyt Historyczne, 2000, № 13, б. 16).

Аднак дзейнасьць БНЦ на Беларусі натрапіла на перашкоды з боку нямецкіхакупацыйных уладаў ужо летам 1941-га, і расчараваны Шчорс выехаў у Варшаву. Гадлеўскі, наадварот, прыяжджае ў Беларусь, каб мацаваць і арганізоўвацьнацыянальны рух.

Пісьменьнік Рыгор Мурашка паведамляў савецкай выведцы, што летам 1941 году (праўдападобна, у ліпені-жніўні) ў Менску прайшоў “неафіцыйны сход” беларускага актыву. Сярод удзельнікаў ён назваў Аляксея Сянькевіча, Уладзіслава Казлоўскага, Міколу Караленку, Янку Краўчонка, Антона Адамовіча ды інш. “На сходзе выказваліся пажаданьні “браць самым” тое, чаго ня могуць даць улады, намякалася на неабходнасьць стварэньня арганізацыі паўлегальнага характару, напрыклад, саюзу настаўнікаў, вайсковых беларускіх зямляцтваў, саюзу шафёраў і чыгуначнікаў, - успамінаў Мурашка. - Можна было падумаць, што ўсе гэтыя выказваньні натхняюцца нейкімагульна-беларускім палітычным цэнтрам, якому і давядзецца прывесьці іх да жыцьця” (Платонов Р. Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное. По документам Национального архива Республики Беларусь. Менск, 2000, б. 98).

Відавочна, што арганізатары сходу (а сярод іх, напэўна, быў Родзька) імкнуліся “пазандзіраваць” настроі менскага актыву, у тым ліку і прыхільнікаўФ. Акінчыца (Казлоўскі, Краўчонак ды інш.), прапанаваўшы ім агульныя тэзы нейкага тайнага пляну. Плян гэты быў распрацаваны яшчэ да нямецка-савецкай вайны сябрамі Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (Гадлеўскім, Шчорсам, Шкялёнкам ды інш.) і пазьней карэктаваўся, у сувязі са зьменай сытуацыі. “Зандзіраваньне”, аднак, закончылася ўцечкай інфармацыі. Як паведамляе Р. Мурашка, неўзабаве нямецкія акупацыйныя ўлады наладзілі “палітычную праверку” настаўніцтва і яго “чыстку”. Было “катэгарычна забаронена ствараць якія-небудзь арганізацыі, саюзы, таварыствы ці аб'яднаньні бяз выдадзенага на гэта дазволу нямецкіх уладаў” (Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное. По документам Национального архива Республики Беларусь, б. 99).

Аднак “агульна-беларускі палітычны цэнтар” быў увасоблены ня толькі і ня столькі ў БНЦ. Верагодна, рэальны “цэнтар” быў цалкам нелегальным і ачольваўся ён Вінцэнтам Гадлеўскім - нездарма кіраўніцтва ў паўлегальным БНЦ было даверана не яму, а Шчорсу.

В. Пануцэвіч сьцьвярджаў, што нелегальная Беларуская Незалежніцкая Партыя была заснаваная ў Вільні ў канцы 1939 г. Як верагодная, гэтая вэрсія былападтрыманая і намі (Ёрш С. Вяртаньне БНП, б. 13, 21). Ю. Туронак лічыць, што ў першай палове 1940 г. у Вільні мог быць пакладзены пачатак Арганізацыі (Партыі) Беларускіх Нацыяналістаў (Беларусь пад нямецкай акупацыяй, б. 36). На карысьцьгэтага сьведчыць і публікацыя ў мюнхэнскай “Бацькаўшчыне” (“За й супраць”, 1948, 18 красавіка). Аднак, на нашу думку, у абодвух выпадках варта гаварыць пра стварэньне аргкамітэтаў, якія складаліся зь некалькіх чалавек. Пануцэвіч жа згадвае толькі пра адну маналітную незалежніцкую віленскую групу, у якую ўвайшлі і Вінцэнт Гадлеўскі, і Ян Станкевіч. А на думку Туронка, яны ачольвалі дзьве асобныя беларускія палітычныя плыні, якія знаходзіліся ў апазыцыі адна да другой…

Недаступнасьць адпаведных архіўных крыніцаў не дазваляе пакуль абгрунтавана высьветліць гэтае пытаньне. Аднак, як вэрсію, можам прапанаваць наступнае. Сапраўды, як піша Пануцэвіч, напрыканцы 1939-га ў Вільні аформілася “незалежніцкая група” ў складзе В. Гадлеўскага, М. Шкялёнка, Ст. Грынкевіча (старэйшага), Ч. Ханяўкі, Я. Станкевіча, Б. Грабінскага. Аб'ядналіся яны наплятформе супраціву адкрытай пралетувіскай палітыцы ксяндза Адама Станкевіча і яго групы (былая Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, пазьней- Беларускае Народнае Аб'яднаньне). Але гэта яшчэ не была ні БНП, ні АБН. Пануцэвіч слушна піша, што названыя дзеячы выпрацавалі “галоўныя прынцыпы беларускай незалежніцкай палітыкі” (Беларуская царква, 1965, №28, б. 64). Удзельнікі групы меркавалі, што Нямеччына нападзе на СССР і “што ён гэтага ўдару ня выдзержыць”, але аслабленая Нямеччына прайграе вайну заходнім альянтам. Таму яны лічылі, што на першым этапе вайны трэба падтрымаць немцаў уіх барацьбе супраць бальшавікоў у Беларусі, а на другім этапе - заходніх альянтаў, якія будуць ваяваць супраць немцаў (Тамсама, б. 65).

Ці сапраўды ў той час у Вільні ўтварылася “маналітная незалежніцкая група”? Гэта было зусім праўдападобна. А сьцьверджаньне Ю. Туронка пра кардынальную рознасьць палітычных канцэпцый групаў Я. Станкевіча-В. Іваноўскага і Гадлеўскага ў 1940-41 гг. не адпавядае сапраўднасьці. Яны аднолькава ацэньвалі шанцы Нямеччыны ў вайне з СССР, аднолькава арыентаваліся на заходніх альянтаў. Гэтыя групы аб'ядноўвала і тое, як слушна заўважыў Туронак, што яны імкнуліся выкарыстаць нямецкую акупацыю “для разбудовы сіл беларускага нацыяналізму” (Беларусь пад нямецкай акупацыяй, б. 36). Адзінае, што група Станкевіча-Іваноўскага актыўна шукала кантакты з польскім урадам у Лёндане, праводзіла перамовы зь ягонымі прадстаўнікамі, дамагаючыся саступак у “беларускім пытаньні”, пагаджаючыся на будучую “польска-беларускую фэдэрацыю”. Аднак і Гадлеўскі кантактаваў з польскім падпольлем і дапамог яму ў гэтым… праф. Іваноўскі (Беларуская царква, 1965, №28, б. 75). Дык ці былі нейкія супярэчнасьці і разыходжаньні ў праграме ды тактыцы гэтых групаў?

Праўдападобна, у канцы 1939-га - у першай палове 1940-га ў Вільні беларускія незалежнікі прынялі агульны плян дзеяньняў ды падзялілі паміж сабою функцыі і накірункі працы. Гэта была першая спроба стварыць каардынацыйны цэнтар нелегальнага незалежніцкага руху. Таму ня дзіўна, што “палітычныя апанэнты” (па Ю. Туронку) Я. Станкевіч і В. Гадлеўскі ў чэрвені 1940 г. разам пераяжджаюць зь Вільні ў Варшаву. Туронак піша, што на працягу некалькіх месяцаў Станкевіч стварыў падпольную АБН (ПБН), пераважна з сяброў варшаўскага Беларускага камітэту, “апазыцыйна настроеных да палітыкі Шчорса і Гадлеўскага” (Беларусь пад нямецкай акупацыяй, б. 36). Але якім тады чынам у 1940 годзе стаў сябрам ЦК Арганізацыі Беларускіх Нацыяналістаў бліжэйшы паплечнік Гадлеўскага Мікола Шкялёнак? (Жумарь С. Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны. Менск, 1996, б. 7). Як стаўся прыхільнікам “Цэнтру” Станіслаў Грынкевіч, якога Туронак запісвае ў падпольле Станкевіча-Іваноўскага? (Пра сувязь Грынкевіча з “Цэнтрам” згадвае польская крыніца: NKVD o polskim podziemiu. Konspiracja polska na Nowogrodczyz'nie i Grodzien'szczyz'nie. Warszawa, 1997, s. 32). Адказу на гэта Туронак не дае.

У верасьні 1941 г. у Менск зь Вільні прыяжджае “высьветліць на месцы сытуацыю” Вацлаў Іваноўскі. І тут удзельнік групы Гадлеўскага Вітаўт Тумаш прапануе яму заняць ягоную пасаду бурмістра гораду, “паабяцаўшы ўладкавацьу Кубэ ўсе фармальнасьці”. Праўда, Туронак піша, што пасьля гэтага Тумаш спыніў сваё супрацоўніцтва з “групай Шчорса - Астроўскага” (Беларусь пад нямецкай акупацыяй, б. 86).

Можна дапусьціць, што “маналітная незалежніцкая група” існавала ў 1940-41 гг.Пры гэтым нельга выключаць зьяўленьне ў розных палітычных групаў і дзеячоў супярэчнасьцяў, якія, аднак, не адбіваліся на галоўнай стратэгічнайлініі - усе прыватныя інтарэсы былі падначаленыя агульнаму змаганьнюза незалежную Беларускую дзяржаву.

Каментары чытачоў
Алесь напiсаў(ла) 14.04.2014 10:16
Ксёндз Гадлеускi - сапрауды нацыянальны герой Беларусi
http://westki.info/artykuly/15596/dyskusiya-syargey-bogdan-hopic-geraizavac-dyversantau-z-dalvica

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.