Рыцар Свабоды (Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, 1888-1942)

Гадлеўскі і Родзька

Вінцэнт Гадлеўскі і Ўсевалад Родзька пазнаёміліся ў другой палове 1940-га - у пачатку 1941 году ў Варшаве. Родзька ў той час працаваў сакратаром кракаўскай філіі варшаўскага Беларускага камітэту. Паводле Анатоля Бадуліна, Гадлеўскі і Родзька ў Варшаве абмяркоўвалі праграму “Беларускага Нацыянальнага Фронту” і меркавалі, што гэтая арганізацыя “павінна стаць асновай усяго палітычнага жыцьця Беларусі пасьля яе акупацыі немцамі” ды “прызнавалі статут “АУН” за узор для беларускіх нацыяналістаў” (“Националист - это человек, сделавший уверенный шаг к фашизму” // Советская Белоруссия, 1996, № 115, 20 чэрвеня). 

Бадулін сьцьвярджае, што складаць праграму БНФ Гадлеўскаму дапамагалі, акрамя Родзькі, яшчэ Мікола Шчорс і… Ян Станкевіч (Тамсама). Яшчэ адзін факт, які пацьвярджае, што В. Гадлеўскі і Я. Станкевіч ня мелі разнагалосьсяў, а працавалі супольна. Нацыянал-сацыяліст Фабіян Акінчыц пісаў у лістападзе 1940-га ў рапарце ў ведамства Розэнбэрга: “[Я.] Станкевіч і рымска-каталіцкі сьвятар Гадлеўскі плывуць у адным цячэньні” (Bialoruskie Zeszyty Historyczne, 2000, № 13, б. 17). Паводле Бадуліна, пасьля акупацыі Беларусі нямецкія ўлады ўбачылі небясьпеку ў дзейнасьці БНФ і “не далі яму расьці, і дзейнасьць арганізацыі спынілася” (Советская Белоруссия, 1996, 20 чэрвеня).Ад сябе дададзім, што, аднак, не спынілася дзейнасьць падпольнага ФронтуГадлеўскага.

Такім чынам, на пачатак нямецка-савецкай вайны ў Польшчы існавалі паўлегальны БНФ В. Гадлеўскага і нелегальная АБН Я. Станкевіча. В. Пануцэвіч сьцьвярджае, што ўжо ў 1940-41 гг. у Польшчы існавала падпольная Беларуская Незалежніцкая Партыя і БНФ прыкрываў яе структуры. Заданьнем групаў БНП, нібыта, было “у далейшым ахапіць густой сеткай усю Беларусь пасьля спадзяванага нямецкага паходу на Ўсход” (Беларуская царква, 1965, №28, б. 74). Паводле Пануцэвіча, Гадлеўскі ў Варшаве “напісаў праграму БНП дзеля дэтальнага зьвязаньня пад прысягай сяброў у вернасьці яе ідэалёгіі й кіраўніцтву”. Арганізатарам суполак партыі ў Варшаве ён называе Я. Станкевіча, а ў Лодзі і Кракаве - Ус. Родзьку (Тамсама, б. 75, 76). Аднак пытаньне з часам заснаваньня БНП дасюль канчаткова нявысьветленае і пакуль неапублікаваныя дакумэнтальныя доказы існаваньня партыі ўжо ў 1940-41 гг. Калі не лічыць першага нумару “Бюлетэню Беларускай Незалежніцкай Партыі”, які пазначаны 1940 годам (НАРБ, ф. 3500,в. 2, спр. 51, арк. 45) і які савецкая выведка называла “бюлетэням беларускіх эмігрантаў за 1940 г.” (Вяртаньне БНП, б. 130). Аднак “Бюлетэнь БНП” №1, які захоўваецца ў фондах Расейскага дзяржаўнага архіву сацыяльна-палітычнай гісторыі (РДАСПГ, ф. 17, в. 125, спр. 251, арк. 119) ня мае даты і ягоны зьмест мае адрозьненьні ад “менскага варыянту”. Загадка…

Можна дапусьціць, што ў 1940-41 гг. В. Гадлеўскі, сапраўды, напісаў першуюпраграму і статут БНП, і што ім да падпольнай дзейнасьці быў далучаны шэраг маладых беларускіх нацыяналістаў (Родзька, Зыбайла, Лазарэвіч ды інш.).Аднак арганізацыйна партыя аформілася ўжо ў акупаванай немцамі Беларусі. Усевалад Родзька, праўдападобна, атрымаў ад Гадлеўскага заданьне ствараць структуры БНП, уцягваючы ў іх патрыятычны актыў. Яны акрэсьлілі свае ролі: Гадлеўскі - гэта падпольны “каардынацыйны цэнтар”, паўлегальны (а пасьля - нелегальны) БНФ, ён - ідэоляг нацыяналістычнага руху, а ў будучыні, магчыма, і прадстаўнік беларускага нацыянальнага руху Супраціву на Захадзе; Родзька - кіраўнік падпольнай вайскова-палітычнай арганізацыі БНП, якая павінна складацца пераважна з моладзі і стацца баявой сілай Супраціву.

Падобныя схемы падпольных структураў Супраціву існавалі і ў іншых акупаваных немцамі эўрапейскіх краінах, напрыклад, у Летуве. Там падчас нямецкай акупацыі дзейнічалі два падпольных цэнтры: Нацыянальная Рада і Вярхоўны камітэт Летувы. Цэнтры гэтыя дзейнічалі самастойна, але былі паміж сабой цесна зьвязаныя (НАРБ, ф. 3500, в. 2, спр. 46, арк. 288). Кіраўнік Нацыянальнай Рады генэрал Рашцікіс намагаўся стварыць адзіны летувіскі ўрад. Ягоны цэнтар спрычыніўся да стварэньня нелегальнай вайскова-палітычнай арганізацыі “Кейстусіс”. Арганізацыя гэтая зьяўлялася часткай “летувіскага фронту” і падначальвалася непасрэдна генэралу Рашцікісу, лідэру Нацыянальнай Рады. Савецкая выведка паведамляла, што пры ўступленьні ў “Кейстусіс” усе мусяць складаць “прысягу рэлігійнага характару”. Летувіскае падпольле мела сувязь з заходнімі альянтамі праз сваіх прадстаўнікоў у Швэцыі (Тамсама, арк. 288, 288а).

Па летувіскім прыкладзе, БНП таксама магла ўваходзіць у падпольную структуру Гадлеўскага, як яе састаўная частка, і мусіла яму падначальвацца. Акрамя Родзькі пра ролю Гадлеўскага ў БНП маглі ведаць яшчэ некалькі чалавек (напрыклад, Шкялёнак). Аднак уцечка ўсё ж нейкім чынам адбылася і савецкая выведка называла Гадлеўскага “актыўным сябрам БНП” (НАРБ, ф. 4, в. 33а, спр. 524, арк. 184-185).

Паводле В. Пануцэвіча, у канцы жніўня 1941 г. у Варшаве адбылася нарадагрупы Гадлеўскага (Беларуская царква, 1965, №28, б. 93). А ў публікацыі ў “Беларускіх навінах” за дату дату варшаўскага нелегальнага зьезду “выдатнейшых беларускіх палітычных дзеячоў” называецца верасень 1941-га. Гадлеўскі прапаноўвае распрацаваны праект кансьпірацыйнай дзейнасьці, які амаль цалкам быў прыняты прысутнымі. Нарада вызначыла кандыдатам на выезд на Захад В. Гадлеўскага, які, аднак, яго адтэрмінаваў, бо лічыў перадчасным (Беларускія навіны, 1945, 25 сьнежня). Сярод прысутных на варшаўскай нарадзе былі Мікола Абрамчык і Ўсевалад Родзька. Родзька, па вяртаньні на Беларусь, працягвае ствараць суполкі БНП ды рыхтуе арганізацыйны партыйны зьезд.

Каментары чытачоў
Алесь напiсаў(ла) 14.04.2014 10:16
Ксёндз Гадлеускi - сапрауды нацыянальны герой Беларусi
http://westki.info/artykuly/15596/dyskusiya-syargey-bogdan-hopic-geraizavac-dyversantau-z-dalvica

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.