С. Ёрш - Рыцар Свабоды (Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, 1888-1942)

  1. Прадмова
  2. Біяграфічная даведка
  3. За і супраць
  4. Падпольны фронт
  5. Ці была “незалежніцкая маналітная група”?
  6. Гадлеўскі і Родзька
  7. Каардынацыйны цэнтар
  8. Рэпрэсіі акупантаў
  9. Палітычнае забойства
  10. Вэрсіі

Каардынацыйны цэнтар

З часам падпольныя арганізацыі значна пашырылі свае шэрагі і ўжоналічвалі сотні людзей. Новыя сябры Супраціву нічога ня ведалі пра ягоную ранейшую дзейнасьць, структуру і г. д. У гэтай сытуацыі Вінцэнт Гадлеўскі летам 1942 г. распачынае стварэньне прадстаўнічага каардынацыйнага цэнтру беларускага нацыянальнага антынацыскага руху Супраціву. Характэрна, што менавіта летам 1942-га адбылася і першая арганізацыйная нарада кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі, якую склікаў Усевалад Родзька.

Важнае сьведчаньне пра абставіны стварэньня Гадлеўскім каардынацыйнага цэнтру пакінуў Юры Сабалеўскі, былы пасол у польскі Сейм, які да 1943 г. працаваў у Баранавічах, пазьней - кіраўнік Беларускай Самапомачы ў Менску: “Пад восень 1942 г. прышла ў Баранавічы кансьпірацыйная вестка, што ў адказ на нямецкую палітыку ў Беларусі, паўстае антынямецкі кансьпірацыйны рух пад провадам кс. Гадлеўскага і віленскі беларускі актыў улучыўся ў гэтую акцыю. Прапануецца Баранавічам уліцца ў гэты рух і дэлегаваць свайго зьвязоваго ў склад кіруючага штабу. Галоўная палітычная арыентацыя арганізацыі была ўвязка з Захадам і шуканьне там дапамогі ў справах беларускага вызваленьня, як ад папярэдніх, так і ад нямецкіх акупантаў. У прынцыпе праект да прыняцьця, але што да зрэалізаваньня, то паўсталівялізарныя засьцярогі і запытаньні, аднак вызначаецца прадстаўнік і ёнуваходзіць у безпасрэдныя зносіны з Менскам. Адбылося некалькі ўступных спатканьняў і дзьве арганізацыйныя канфэрэнцыі. З астатняе канфэрэнцыі наш зьвязовы прывёз вельмі непацяшаючыя весткі. Кс. Гадлеўскі быў нэрвова настроены і не патрафляў удаводніць сваіх поглядаў. Аб надзеях на падтрымку беларускага пытаньня праз дальшы Захад, менавіта праз Англію, даваў вельмі невыразныя тлумачэньні. Можна было разумець, што кантакт нібыта наладжаны, другі раз, што кантакт толькі шукаецца. Наш прадстаўнік гатоў быў думаць і дапушчаць, што ці не разьведка Андэрса [напэўна, аўтар меў на ўвазе Сікорскага - С. Ё.] з Лёндану шукае сабе дарог у беларускае серадовішча? У астатняй нарадзе бралі ўдзел асобы цесна зьвязаныя з нямецкімі палітычнымі ўстановамі і кансьпірацыя ад немцаў была ненадзейнай. Наш прадстаўнік з многімі выстаўлянымі на канфэрэнцыі пытаньнямі не пагадзіўся і заявіў абсваім выхадзе з арганізацыйнага цэнтру. Былі і іншыя меркаваньні закрытага зьместу…

Наведваю Вільню. Там курсіравалі толькі чуткі аб тварэньні падпольля супроць немцаў з цэнтрам у Менску і віленскі беларускі актыў паўстрымаўсяад ангажаваньня ў гэтую акцыю. Дапушчаўся ўдзел недзе вельмі далёка польскага ПОВ [Польскай Арганізацыі Вайсковай. Насамрэч, у 1942 г. польскай кансьпірацыя ўжо мела назву Арміі Краёвай - С. Ё.], або можа - акружнаю дарогаю - і самых немцаў праз Бэрлін. Кідацца на супраціў Немцаў, Польшчы і Саветаў адначасова - будзе безразсуднасьцю, тым больш, што няма ніякае надзеі на падтрымку звонкі” (Сабалеўскі Ю. Мае ўспаміны аб сьв. памяці кс. В. Гадлеўскім // Незалежная Беларусь (Лянгэнфэльд, Зах.. Нямеччына), 1953, № 1(7), студзень).

На жаль, склад “арганізацыйнага цэнтру” нам невядомы. Але можна меркаваць, што фармаваўся ён пераважна з прадстаўнікоў гарадоў альбо акругаў. Такім чынам, В. Гадлеўскі імкнуўся не абапірацца на ўжо існуючыя падпольныя структуры, а стварыць новы ўзровень кансьпірацыі, уключаючы ў рух шмат новых людзей. Калі б ён пасьпеў закончыць гэтую працу, утварылася б падпольная структура зь некалькіх узроўняў: зьверху яе знаходзіўся б каардынацыйны цэнтар, які аб'ядноўваў прадстаўнікоў беларускіх асяродкаўз многіх рэгіёнаў Беларусі; паралельна магла існаваць рада кіраўнікоў незалежніцкіх арганізацый (В. Гадлеўскі - БНФ, Я. Станкевіч - АБН, Ус. Родзька - БНП, Ю. Саковіч - Беларуская Народная Грамада (БНГ). Узроўні гэтыя цесна перапляталіся, у чым былі свае плюсы і мінусы. Напрыклад, Юльян Саковіч, сябра ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, увосень 1941-га стварыў падпольную групу з былых грамадоўцаў - Беларускую Народную Грамаду. Праўдападобна, гэты ягоны крок быў вынікам агульнай стратэгіі на ўзяцьце пад кантроль усіх сфэраў жыцьця грамадзтва. Грамадоўцы, “левыя” па перакананьнях, не ўвайшлі б у падпольную арганізацыю, якой кіраваў нацыяналіст і рыма-каталіцкі сьвятар Гадлеўскі. Але іх аб'яднаў былы грамадовец Саковіч,да якога яны мелі давер. У выніку, БНГ уваходзіла ў агульны падпольны фронт, пра што нават не здагадваліся сябры арганізацыі. Таму ня дзіўна, што калі С. Хмара ад імя Грамады прапаноўваў Гадлеўскаму супрацу ў змаганьні супраць немцаў, той не адазваўся (Беларускі голас, 1965, лістапад). І В. Гадлеўскіне баяўся іх, як палічылі грамадоўцы, а ўважаў дастатковым ужо тое, што іхкантраляваў Саковіч. Апошні ж перад сябрамі не раскрываў сапраўднага стану рэчаў. Адмоўным наступствам гэтага сталася тое, што, пасьля гібелі Саковіча ў чэрвені 1943-га, Ус. Родзька вымушаны быў аднаўляць страчаны кантакт, а кантроль над арганізацыяй быў згублены безнадзейна. Да новага кіраўніка БНГ Сяргея Хмары ў 1943 г. прысылаў сувязную з Бэрліна Мікола Абрамчык, які імкнуўся стварыць новы каардынацыйны цэнтар Супраціву. Акрамя таго, мы ўжо згадвалі Міколу Шкялёнка, які быў сябрам ЦК АБН, а па сьведчаньню Б. Рагулі ўваходзіў у кіраўніцтва БНП. І такіх прыкладаў шмат.

Каардынацыйны цэнтар Супраціву зьбіраўся стварыць у другой палове 1943-га,пры падтрымцы Ўс. Родзькі, старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык. БНП прапанавала яму пераехаць з Бэрліну ў Беларусь, перайсьці на нелегальнае становішча і “абняць палітычнае кіраўніцтва й выдавецтва нелегальнай прэсы БНП” (Рыдлеўскі Л. З жыцьця й дзейнасьці М. Абрамчыка // З гісторыяй на “Вы”. Вып. 3. Менск, 1994, б. 129). У кастрычніку 1943 г. М. Абрамчык прыяжджае на Беларусь і “навязвае кантакты з мяйсцовымі беларускімі дзеячамі й правадырамі беларускага супраціву немцам. Ён прадстаўляеім паўнамоцтвы - тэстамэнт Захаркі” (Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993, б. 257). Аднак пераехаць “у лясы Беларусі” Абрамчыкне пасьпеў. 10 лістапада 1943 г. ён быў арыштаваны гэстапа ў Бэрліне і дэпартаваны ў Парыж, дзе ўтрымліваўся пад хатнім арыштам (Абрамчык М. Доктар Станіслаў Грынкевіч // Беларус (Нью-Ёрк), 1966, № 110, травень).

Ул. Сакалоўскі і Ўл. Ляхоўскі пішуць: “Такім чынам шэраг фактараў перашкаджаў беларускім нацыянальным дзеячам дабіцца істотных посьпехаў на шляху стварэньня моцнага аб'еднанага каардынацыйнага цэнтру. Галоўным-жафактарам тут была, якраз, пазыцыя саміх нямецкіх уладаў, якія былі яўна незацікаўлены ва ўзмацненьні беларускіх незалежніцкіх сілаў ды ўсё рабілі, каб разьбіць адзінства нацыянальнага лягеру беларусаў” (Bialoruskie Zeszyty Historyczne, 2000, № 13, бб. 19-20).

Дата публікацыі: 12.12.2007


Каментары чытачоў

Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.






Увядзіце код