Генерал Кіпрыян Кандратовіч (1859-1932)

Прадмова

Расійскія гісторыкі называюць іх вялікімі здраднікамі Расійскай імперыі. Яны - гэта вышэйшыя афіцэры Расіі, генералы і члены світы імператара, якія падчас рэвалюцыі перайшлі ў нацыянальныя рухі і пайшлі па шляхах стварэння на крушнях рухнуўшай імперыі маладых нацыянальных краінаў, хаця называць іх здраднікамі неэтычна, яны прысягалі не Расіі, а імператару. Не стала імператара, не трэба было трымацца і прысягі. Найбольшую прыкрасць у расейскіх гісторыкаў выклікаюць імёны барона Манергейма, гетмана Скарападскага, генерал-лейтэнанта Доўбар-Мусніцкага і генерала ад інфантэрыі Кандратовіча.

Манергейм Карл Густаў Эміль (1867-1951). У 1889-1917 на службе ў рускай арміі, генерал-лейтэнант (1917). Удзельнік 1-й Сусветнай вайны. У 1918 г. узначаліў Узброеныя Сілы Фінляндыі, разагнаў фінляндскіх рэвалюцыянераў і забяспечыў поспех у аддзяленні Фінляндыі ад Расіі (1918). Маршал (1933). Галоўнакамандуючы фінскай арміяй у войнах Фінляндыі супраць СССР у 1939-40 і 1941-44 гг. У 1944-46 прэзідэнт Фінляндыі, пайшоў у адстаўку пад ціскам СССР.

Скарападскі Павел Пятровіч (1873-1945), генерал-лейтэнант рускай арміі (1916). Адзін з кіраўнікоў трагічнага змагання ўкраінскага народа за незалежнасць, гетман Украінскай дзяржавы (1918). Войскі Скарападскага былі разбіты бальшавікамі, сам гетман уцёк у Германію.

Доўбар-Мусніцкі Юзаф Рамуальдавіч (25.10.1867-28.10.1937), генерал-лейтэнант рускай арміі (1917). Скончыў Акадэмію генеральнага штаба (1902). Удзельнік руска-японскай вайны. У час 1-й Сусветнай вайны камандзір дывізій на Каўказскім і Паўночным франтах. У снежні 1916 г. загадаў без суда і следства расстраляць 13 салдатаў, пасля чаго быў пераведзены на Заходні фронт камандуючым 38-га армейскага корпуса 10-й арміі. У красавіку 1917 года выведзены са складу дэлегатаў з'езду арміі за манархічныя выступленні. У 1917 г. са згоды Вярхоўнага галоўнакамандуючага Л. Г. Карнілава арганізаваў на Заходнім фронце 1-шы польскі корпус. 12(25).1.1918 г. аб'явіў вайну Савецкай Расіі. З 1918 г. на польскай службе, генерал брані. У 1919 г. арганізатар і камандуючы польскімі войскамі ў час антыгерманскага паўстання ў так званай прускай Польшчы.

Кандратовіч Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч, генерал ад інфантэрыі (поўны генерал, раўназначна цяперашняму генерал-палкоўніку). У 4-тым томе "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" пра яго сказана:

"КАНДРАТОВІЧ Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч (1859--?), бел. і рус. военачальнік. Ген.-лейт. (1905). Скончыў Мікалаеўскую акадэмію Генштаба. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904- 05, нач. 9-й Усх.-Сібірскай дывізіі. З 1906 камандзір 2-га арм. корпуса, з 1907 пам. туркестанскага ген.-губернатара і камандуючага войскамі, з 1910 камандзір 1-га Каўказскага армейскага корпуса, з 1913 камандзір 23-га армейскага корпуса, удзельнічаў у 1-й Сусв. вайне. У 1884--1900 супрацоўнічаў у газ. "Московские ведомости". Аўтар працы "Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.". У 1917 далучыўся да бел. нац. руху, уваходзіў у Цэнтральную беларускую вайсковую раду, узначальваў спец. аддзел па фарміраванні бел. вайсковых адзінак. У маі--чэрв. 1918 чл. Нар. сакратарыята БНР. У снеж. 1918 разам з В. Ластоўскім узначальваў Савет дзярж. бяспекі БНР. У 1919 як член рады БНР уваходзіў у дэлегацыю БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. Застаўся жыць у Парыжы. Далейшы лёс невядомы."

Аднак, дзякуючы даследванням лідскіх краязнаўцаў і ў першую чаргу Лявона Лаўрэша, апошнія сказы ў энцыклапедычным артыкуле, як і некаторыя іншыя фрагменты гэтага артыкула, больш не адпавядаюць рэчаіснасці. Лёс аднаго з віднейшых беларускіх ваеначальнікаў і нацыянальнага дзеяча Кіпрыяна Кандратовіча на сёння добра вядомы спецыялістам, а зараз мы пастараемся са старонак нашага часопіса зрабіць яго вядомым для ўсіх лідзян і нашых чытачоў за межамі Лідчыны

Станіслаў Суднік.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.