Разьдзел III. Свабода?
На досьвітку мы прыйшлі на падворак, які стаяў убаку ад дарогі. Мы падышлі да хаты, пагрукалі ў дзьверы й чакалі адказу. У дзьвярах зьявіўся спужаны чалавек і спытаўся, хто мы такія. Мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі, уцяклі ад немцаў і толькі-толькі апынуліся на радзіме. Мы папрасілі яго расказаць нам пра тое, што чуваць у краіне. Селанін паглядзеў на нас і сказаў: "Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце разам зь імі, каб вызваліць нас!" Я пачуваўся так, як быццам у мяне трапіла маланка. Мы адкрылі раты ад здзіўленьня. Мы не разумелі, што ён кажа. Мы зьбеглі ад немцаў на радзіму, у нашую ўзьяднаную краіну! Дык чаму ж ён загадвае нам пайсьці й вяртацца зь немцамі? Няўжо ён ня ведае, што значыць быць у палоне? Селянін на гэна спытаўся, ці ведаем мы, што такое жыць пад савецкай акупацыяй. Ён параіў нам ісьці прэч, забыцца пра ягоны падворак і трымацца далей ад саветаў. Ён дадаў, што мы зрабілі найвялікшую памылку, калі ўцяклі ў Савецкі Саюз.
Мы моўчкі стаялі ла дзьвярэй. Гэта было неверагодна!. Ня можа быць, каб гэта адбывалася з намі! Мы вярнуліся на сваю ўлюбёную радзіму, каб жыць вольнымі й зьдзейсьніць свае мары. І што тутака робіцца?!
Я запрапанаваў пайсьці ў Беласток, дзе ў Косьціка была сямья й дзе нам маглі тое-сёе растлумачыць. Мы йшлі вельмі асьцярожна, і нам спатрэбілася два дні, каб трапіць да Косьцікавага дзядзькі. За гэты час мы моцна стаміліся, былі галоднымі, зьбітымі з панталыку, але не спыняліся нідзе, бо памяталі словы селяніна. Калі мы прыйшлі ў Беласток, Косьцік ледзь не звар'яцеў: ён ведаў кожную вуліцу, кожны куток і рухаўся проста да хаты свайго дзядзькі.
Калі мы пагрукалі ў дзьверы, было каля дзесяці раніцы. Дзьверы адчыніла Косьцікава цётка й застыла на месцы, бо не чакала нас убачыць. Калі ж яна ўпусьціла нас у хату, радасьць сыйшла зь ейнага твару, і відаць было, што яна пасумнела й нечага баіцца. Я спытаўся, што яе турбуе, але цётка адказала, што ейны муж зможа лепш растлумачыць сытуацыю. (Косьцікаў дзядзька працаваў у гарадзкой адміністрацыі й лепш ведаў палітычнае становішча.) Мы прынялі гарачую ванну, якую цётка прырыхтавала для нас, і гэта было так прыемна - быць чыстым. Праўда, мыла было вельмі дрэннай якасьці, і я спытаўся, ці ня знойдзецца ў цёткі іншага, але яна адказала, што калі прыйшлі саветы, мыла, соль і цукар зьніклі. Нам далі чыстую бялізну, і мы памылі сваю вопратку. Потым мы пагаліліся й нарэсьце маглі пачувацца людзьмі.
Косьцікаў дзядзька вярнуўся дахаты й разгубіўся. Ён згроб Косьціка ў абдымкі са сьлязьмі на вачох. Дзядзька паведаміў нам, што Беларусь была "вызваленая" 17 верасьня 1939 году. Савецкія войскі ўвайшлі ў краіну, і Беларусь зрабілася часткай Савецкага Саюза. Па ягоных словах, беларусы спачатку добра паставіліся да гэтага, але вельмі хутка ўсё зьмянілася. Пасьля "вызваленьня" быў праведзены плебісцыт, і адзінадушна (што магчымае толькі ў Савецкім Саюзе) было вырашана, што заходняя частка далучаецца да ўсходняй з мэтай утварэньня адзінай рэспублікі. Заможныя сяляне ("кулакі") разглядаліся як эксплуататары, "непажаданыя элементы" й высылаліся ў Сібір. (Заможнымі лічыліся тыя сяляне, у каго было больш за дзьве каровы, альбо два каня й мелася больш за дзесяць гектараў зямлі.) Косьцік ціха спытаўся пра сваіх бацькоў, якія былі даволі багатымі. Дзядзька нейкі час памаўчаў, а потым сказаў, што яны зьніклі. Аднойчы ноччу да іх хаты пад'ехаў чорны варанок, нейкі чалавек даў ім дзьве гадзіны, каб сабрацца, а затым яны зьніклі. Пасьля пра іх нічога не было чуваць. Косьцікаў бацька не зрабіў саветам нічога дрэннага - ён працягваў працаваць на чыгунцы й урабляць сваю зямлю разам з жонкай і сынам, якога, па чутках, адправілі ў лягер у Сібір. Мы ня верылі сваім вушам.
Я спытаў Косьцікавага дзядзьку, што я, на ягоную думку, мушу рабіць. Ён адказаў, што дасьць мне сотню рублёў на дарогу, і папрасіў забыцца на тое, што я наведваў ягоны дом, і што ў мяне ёсьць сябар Косьцік. Я пачуваўся так, як быццам бы ён даў мне абухом па галаве. Я думаў, што ўва ўсім гэным маецца нейкая памылка. Я ўцёк з палону й вярнуўся на радзіму, каб вывучаць медыцыну, а тутака… Косьцікаў дзядзька абняў мяне й сказаў, што празь нейкі час я змагу зразумець становішча лепш.
Нашае разьвітаньне з Косьцікам было вельмі эмацыйным, бо мы столькі перажылі разам! Мы паабяцалі пісаць адзін аднаму, як толькі ўсё ўсталюецца. Дамовіліся як-небудзь сустрэцца й за чаркай узгадаць свае прыгоды. Мы абняліся. Нашыя вочы напоўніліся сьлязьмі, і я выйшаў. Я адчуваў, што ўжо ніколі не пабачу яго.
Я накіраваўся на чыгуначны вакзал. Я добра запомніў папярэджаньне дзядзькі ня ехаць пасажырскім, каб не апынуцца ў бядзе, бо вельмі часта праводзіцца праверка пашпартоў. Ізноў я не разумеў гэтага. Нашто ім трэба было правяраць уласных грамадзянаў? Але мне прыйшлося прымірыцца з сытуацыяй. Я ня мог рызыкаваць, бо самым галоўным на той момант было вярнуцца дамоў і пабачыць маці.
Разам з пасажырскімі меліся яшчэ вагоны для перавозкі збожжа: саветы ў вялікай колькасьці вывозілі яго зь Беларусі й Украіны ва ўнутраныя раёны Савецкага Саюза. Гэта мяне зьдзівіла, бо я думаў, што ў Савецкім Саюзе мусіць быць дастаткова збожжа. Я вырашыў не купляць квіток, а прабрацца ў адзін з такіх вагонаў.
Ноччу мы прыбылі ў Баранавічы, і я злез зь цягніка. Усё выглядала такім знаёмым, такім утульным. Я пачуваўся так упэўнена, што пайшоў і купіў у касе квіток да Наваградка. А чацьвертай вечара мы выехалі, і я пабачыў знаёмыя пейзажы. Мае сэрца моцна забілася, а вочы напоўніліся сьлязьмі, але я стараўся хаваць свае эмоцыі, каб не прыцягнуць увагі. Празь некалькі гадзінаў цягнік прыбыў у Наваградак.
Я ведаў, што мае маці жыве ў кватэры на вуліцы Карэліцкай. Калі я дайшоў да рогу вуліцы, то аслупянеў: футах у дзесяці ад мяне стаяла маці, якая дагэтуль нават ня ведала, мёртвы я ці жывы. Мы абодва разгубіліся. Потым кінуліся адзін аднаму ў абдымкі й заплакалі. Мы не маглі вымавіць ні слова, але нарэсьце маці, якая ўсё яшчэ трымала мяне, сказала: "Пойдзем дадому, сынок". Мы былі моцна ўзрушаныя й спрабавалі зразумець, што адбываецца. Моўчкі мы накіраваліся да двухпакаёвай кватэры маёй маці.
Кватэр было так мала, што ніхто ня меў права жыць асобна, і разам з маёй маці жыла медсястра з Савецкага Саюза. Калі мы прыйшлі, яе не было, і мы пачалі размаўляць, сьмяяцца й плакаць. Мы трымалі адзін аднаго за рукі, і нам спатрэбіўся пэўны час, каб супакоіцца. Маці згатавала мне паесьці й сказала, што ня можа ўжыцца са сваёй суседкай і думае, што тая працуе на КГБ. Людзі былі перакананыя, што ўсе, каго прысылаюць з Савецкага Саюза, - гэбісты й мусяць паведамляць саветам пра ўсё, што чуюць альбо што падаецца ім падазроным. Яны павінны былі даносіць на ўсіх, асабліва на патрыётаў.
Мая маці намалявала вельмі сумную карціну ў дачыненьні да становішча ў краіне. "Вызваленьне" прынесла толькі савецкую акупацыю. І яна была больш небяспечнай і шкоднай, чым папярэдняя польская акупацыя. Палякі, прынамсі, паважалі грамадзянскія правы беларусаў. Пад палякамі мы, ва ўсякім разе, маглі выбіраць сваіх прадстаўнікоў, друкаваць кнігі, перыядычныя выданьні, выказваць патрыятычныя настроі. Але, калі прыйшлі Саветы, людзі пабачылі сапраўдны твар камунізму й бальшавізму. Заможныя сяляне, шмат настаўнікаў, былыя актывісты, палітыкі бясьследна зьніклі. Некаторыя потым апынуліся ў лягерух у паўночных раёнах Савецкага Саюза. На Беларусь апусьцілася заслона цемры. Паўсюдна панавалі маўчаньне й страх, і нават сямейныя зборы сталі нейкімі штучнымі. Усе так баяліся абмяркоўваць падзеі, што нават членам сямьі ўжо ніхто не давяраў.
Цяжка зразумець, як дакладна паўстала такая сытуацыя. Талстой аднойчы заўважыў, што ён баіцца зьяўленьня Чынгіс Хана з тэлефонам. Сталін якраз і стаў новым Чынгіс Ханам, у распараджэньні якога знаходзіліся сучасныя тэхнічныя сродкі. Ён кантраляваў Усходнюю Эўропу й пераўтварыў яе, па сутнасьці, у турму, дзе былі падаўленыя ўсе свабоды. Ягоная вядомая канстытуцыя, якая гарантавала права збораў і свабоду слова зьяўлялася фарсам. Фіранкамі. На самой справе, гэта толькі Камуністычнай партыі было гарантаванае вяршэнства ў палітыцы, эканоміцы, навуцы й іншых сфэрах жыцьця. Эканоміка была цэнтралізаваная ў Маскве й, як вынік, пагаршалася год ад году. Усе тавары, якія раней можна было набыць у Заходняй Беларусі, вельмі хутка зьніклі. Салдаты Чырвонай Арміі, агенты акупантаў (настаўнікі, адміністратары, партыйцы) былі замежнікамі - у асноўным з Расеі. Яны ніколі ня ўмелі размаўляць па-беларуску й невідушча падпарадкоўваліся свайму начальству ў Маскве. Беларускі ўрад у Менску складаўся з марыянетак Масквы. Напачатку, напрыканцы 1920-х гадоў, беларускі рух перажыў уздым, але быў спынены чысткамі 1930-32 гадоў. Лідэры руху былі рэпрасаваныя, і большасьць зь іх - забітыя. Некаторыя памерлі ў савецкім ГУЛАГу. Мала хто выжыў. Я ўзгадаў, як чуў у Польшчы, што савецкая ўлада забівае сваіх уласных дзеячоў і што тыя прызнаюць сваю віну й, здаецца, паміраюць дабравольна. Тады я думаў, што гэна была антысавецкая прапаганда, створаная палякамі. Аднак цяпер я пабачыў, што, магчыма, памыляўся.
Мае маці адкрыта выказала свае страхі й хваляваньні. Яна загадала мне пайсьці да гарадзкіх уладаў, каб зарэгістравацца й атрымаць дакументы. Яна баялася, што маёй гісторыі не павераць і я магу апынуцца ў астрозе альбо ў лягеры на ўсходзе Савецкага Саюза.
Каля шасьці вечара вярнулася медсястра. Яна была высокай, хударлявай, з прыгожай таліяй й маленькім задком у шчынкай спадніцы. У яе былі маленькія грудзі, і, здаецца, я мог бачыць саскі пад сіняй кашуляй. У яе былі карыя вочы й тонкія выгнутыя бровы. Яна была пекнай, але нечага не хапала. У ёй не было жыцьця.
Калі яна ўвайшла, маці прадставіла мяне, і медсястра зьлёгку ўсьміхнулася, хаця выдавала на тое, што я яе не зацікавіў. Потым яна павярнулася й пайшла ў свой пакой. Празь нейкі час яна зьявілася йзноў, папіла з намі гарбаты й вярнулася да сябе.
Паколькі ў кватэры цяпер знаходзідася медсястра, размова зьмянілася. Мы з маці пачалі гаварыць пра нашую сямью ў Любчы й абмяркоўваць, што мне лепш зрабіць: застацца тутака альбо падацца туды. Я сказаў, што, хутчэй, паеду ў Львоў, які знаходзіўся тады ў Савецкай Украіне, дзе меўся ўніверсітэт і дзе мае сябры, Язэп Сажыч і Янка Хутар, вывучалі медыцыну. Я хацеў, каб мяне залічылі да верасьня.
На наступны дзень я рана падняўся й пайшоў наведаць аднаго добрага сябра, зь якім мы вучыліся ў польскай гімназіі - Янку Плескача. Янка быў на дзьве клясы старэй за мяне, але ў нас былі вельмі давяральныя адносіны й мы заўсёды адкрыта абмяркоўвалі нашае стаўленьне да палітычнай сытуацыі ў Польшчы. Янка зьяўляўся антыкамуністам і выступаў за свабоду слова й правы чалавека. Ён змагаўся за правы беларускіх меншасьцяў, кшталту жыдоў. Ён зрабіў накід гісторыі Беларусі, дзе падкрэсьліваў, што нашая краіна захоўвала вернасьць дэмакратыі й заўсёды давала прытулак тым, хто спрабаваў унікнуць перасьледу, напрыклад, французскіх пратэстантаў і гішпанскіх жыдоў. Янка моцна зьдзівіўся, калі пабачыў мяне, бо чуў, што я загінуў на фронце. Я запэўніў яго, што ёсьць жывым і здаровым і надта прагну вярнуцца да вучобы, каб займацца медыцынай, і што зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі Беларусь будзе йзноў вольнай. Янка сур'ёзна паглядзеў на мяне й запрасіў прысесьці. Ён растлумачыў мне, што інфармацыя, якую ён зараз паведаміць мне, зьяўляецца прыватнай і што яго арэштуюць і адправяць у Сібір, калі нехта даведаецца, што ён гэтай інфармацыяй валодае. Янка коратка абмаляваў мне сытуацыю, якая панавала ў Беларусі, што было падобным да таго, што распавяла мне маці. Ён пацьвердзіў, што саветы падаўляюць вальнадумства й зьнічтажаюць усіх і ўсё, што нейкім чынам зьвязана зь беларускім нацыяналізмам. Ён паведаміў, што студэнты, якіх польская паліцыя акрэсьліла як камуністаў, былі арыштаваныя й зьніклі. Янка лічыў, што я моцна памыліўся, што вярнуўся. Ён параіў мне пайсьці ў гарадскую адміністрацыю й пабачыцца зь дзяўчынай пад прозьвішчам Абрамовіч. Яна вучылася ў адной клясе са мной у польскай гімназіі й, паколькі была жыдоўкай, хутка атрымала адміністратыўны пост у гарадзкіх ворганах кіраваньня. Савецкі ўрад і КГБ выказвалі шмат сымпатыі да жыдоў, што разыходзілася з антысеміцкай палітыкай пры Польшчы. Саветы абвесьцілі жыдоў раўнапраўнымі грамадзянамі, якія атрымалі нават болей правоў за ўсіх астатніх, бо яны цяпер займалі амаль усе адміністратыўныя й больш-менш уплывовыя пасты.
Я накіраваўся ў пашпартны стол, дзе працавала Абрамовіч, і яна вельмі ўзрадавалася, калі пабачыла мяне. Калі я паведаміў ёй, што зьяўляюся ваеннапалонным, яна дала мне знак, каб я маўчаў і ня ўзгадваў нічога пра свае ўцёкі. Яна параіла мне зманіць, што я прыбыў зь іншага горада й хацеў бы зарэгістравацца ў Наваградку. Праз колькі хвілінаў я атрымаў пашпарт са сваім прозьвішчам і адрэсай і зрабіўся паўнапраўным грамадзянінам Савецкай Беларусі. Абрамовіч запрапанавала сустрэцца крыху пазьней, каб абмеркаваць некаторыя дэталі. Тым самым вечарам мы сустрэліся ў рэстарацыі, і Абрамовіч папярэдзіла мяне, што мы ня можам гаварыць пра палітычную сытуацыю, і ўвесь час нэрвова азіралася па баках. Мы замовілі каву й гутарылі пра нашае мінулае ў польскай гімназіі й пра асабістае жыцьцё Абрамовіч. Яна была заручаная з адным з маіх прыяцеляў. Значна пазьней, калі я пабачыў Абрамовіч наступным разам, яна йшла ў калёне, якую эсэсаўцы вялі на растрэл.
Перад тым, як я выехаў у Львоў, мы з маці зьезьдзілі ў Любчу, каб пабачыцца з раднёй і пабываць на бацькавай магіле. Да мяне вярнуліся дзіцячыя ўспаміны пра папярэднія прыезды. Калі я быў малым, я шкадаваў, што ў мяне няма бацькі, але цяпер я ўжо быў дарослым і адчуваў, што не разумею, чаго мне не хапала. Маці, са сьлязьмі на вачах, павярнулася да мяне й сказала, што яна спадзяецца, што я буду гэткім жа, як і мой бацька. Яна сказала, што будзе маліцца за мяне, каб я патрапіў на медыцынскі факультэт і спраўдзіў сваю мару стаць лекарам. На той момант я быў упэўнены, што не падвяду яе. Я глядзеў на ейнае маленькае цела, якое было такім моцным, і яна ў той дзень пераўтварылася ў волата ў маіх вачах. Я так любіў і паважаў яе. Яна столькім ахвяравала, каб дапамагчы мне. Мая маці была ня вельмі рэлігіёзнай. Яна наведвала царкву раз на год, на вялікодную службу. У ейным пакоі вісела йкона, і перад ёй - лампадка. Ікона заставалася вісець і пры польскай, і пры савецкай акупацыі. У большасьці хат іконы зьніклі, калі прыйшлі саветы. Было вельмі лёгка пазнаць тых сьлепакоў, якія раней наведвалі царкву кожную нядзелю й былі вельмі рэлігіёзнымі, але раптам, калі ўлада стала савецкай, прыбралі йконы, кінулі хадзіць да царквы й сталі атэістамі. Мая ж мяці, як хадзіла да царквы раз на год раней, так і працягвала рабіць гэта й за саветамі. Яна была жанчынай зь цьвёрдымі прынцыпамі.
Мы вярнуліся ў Наваградак, і я сеў у цягнік, каб пабачыцца са сваімі сябрамі ў Львове.
На жаль, я спазьніўся на медыцынскі факультэт. Мае сябры параілі мне запісацца на які-небудзь іншы, хаця яны й баяліся, што я разгублюся ў такім вялікім горадзе, як Львоў, і не змагу жыць тамака без апекі. У выніку, яны прапанавалі мне вярнуцца ў Беларусь, хаця й разумелі, што ў Наваградку вельмі хутка змогуць вылічыць, адкуль я зьявіўся, і рэпрасаваць. Да мяне таксама даходзілі ўжо чуткі, што ўсе, хто вярнуўся з Германіі, лічыліся ненадзейнымі й высылаліся ў Сібір. Нягледзячы на ўсё гэта, мы зь сябрамі прабавілі некалькі цудоўных дзён разам у Львове. Мы размаўлялі адкрыта, бо давяралі адзін аднаму, і сыйшліся на тым, што камуністычная рэчаіснаьць ёсьць турмой, дзе пралетарыят - раб савецкай сыстэмы. Мы падзівіліся таму, як Сталін здолеў унушыць страх і пакорнасьць мільёнам людзей.
Празь некалькі дзён я вярнуўся ў Наваградак, а потым знайшоў у Любчы месца выкладчыка нямецкай мовы ў рускай школе. Я вырашыў год папрацаваць тамака, а наступным - падаваць дакументы на медыцынскі факультэт. Я ад'ехаў у Любчу недзе напрыканцы верасьня 1940 году. Я быў моцна расчараваны тым, што не патрапіў на медыцынскі факультэт, але я пачуваўся яшчэ больш расчараваным у дачыненьні да савецкай сыстэмы. Навіны пра ўсемагутную Камуністычную партыю й КГБ рабіліся ўсё больш жахлівымі й неверагоднымі.
Калі я прыехаў у Любчу, мне падалося, што час спыніўся. Мяне ўразіла мірная атмасфэра на берагах Нёмана, і я бавіў шмат часу, назіраючы, як мае вучні ловяць у гэтай рацэ рыбу, плёскаюцца, катаюцца на лодках.
Мая бабуля, здаецца, не зьмянілася. Яна падавалася мне ўсё гэткай жа старой, спагадлівай, клапатлівай. Мой дзед зрабіўся крыху лядашчым і ніяк ня мог прыстасавацца да пераменаў, асабліва да новага часу, пераведзенага на дзьве гадзіны наперад. Я памятаю, як дзед неяк сядзеў на ложку, драмаў з адчыненым ротам, а потым раптам прачнуўся й спытаўся, колькі часу. Я адказаў, што дзесяць гадзінаў, але дзед хацеў даведацца, па якім часе - новым альбо старым. Я супакоіў дзеда, што па старым, і толькі тады ён заснуў ізноў. Яму зусім не падабалася новая сытуацыя, і ён заўсёды бурчэў наконт яе. Ён цяпер згубіў уладу саматужнага адваката й дарадцы, бо зьмяніліся законы. Ён больш ня меў права слова ў грамадзкім жыцьці, бо цяпер усім кіравала Камуністычная партыя. На дзедава месца былі прызначаныя новыя людзі, якія прыехалі здалёк, і мяне непрыемна ўразіла тое, што яны ўсе размаўлялі выключна па-расейску.
Школа, дзе я выкладаў, разьмяшчалася ў старым маёнтку сямьі Набокавых. Нашыя заняткі праходзілі ў прыгожых, але крыху занядбаных пакоях. Шкада было бачыць, што гэныя пэрлы архітэктуры барока выкарыстоўваюцца ў мэтах русіфікацыі. Усе каштоўнасьці з маёнтка зьніклі, бо тады было звычайным тое, што гістарычныя каштоўнасьці вывозяцца зь Беларусі ў Расею.
Набокавы былі дваранамі, якія паходзілі ад рускіх і немцаў. Малады Набокаў якраз і зьяўляецца аўтарам "Лаліты" й іншых твораў. У дзяцінстве Набокаў увесь час спрабаваў зьбегчы са сваіх харомаў, каб пагуляць з намі, але яго заўсёды вярталі назад і папракалі нянькі, якія не хацелі, каб яго "запэцкалі" простыя людзі. Блакітнавокі, сьветлавалосы Набокаў быў добра выхаваным і вельмі прыязна да нас ставіўся. Ён заўсёды прасіў прабачэньня за тое, што ня можа запрасіць мяне дадому, бо гэта парушыла б усталяваныя правілы. Ён часта таемна прыходзіў да нас, бо ў нас была вельмі ўтульная атмасфэра, што яму так падабалася, і мы частавалі яго чым-небудзь. Ён некалькі разоў казаў мне, што не хацеў бы вяртацца дадому, а лепш застаўся б у нас і жыў тым жыцьцём, якое было ў мяне. Пасьля "вызваленьня" саветамі сямья Набокавых некуды зьнікла, відаць, апынулася ў Сібіры. Аднак мой сябар здолеў уцячы ў Германію і адтуль - у ЗША, дзе ён памёр у 1987 годзе.
Я накіраваўся ў школу, каб абмеркаваць сваё назначэньне. Дырэктар школы, Міхайлаў, таксама размаўляў па-расейску. Усе настаўнікі спрабавалі ўвесьці гэтую мову ў выкладаньне. Я папрасіў прабачэньня за тое, што па-расейску не размаўляю, і выказаў зьдзіўленьне з нагоды таго, што ў Любчы, горадзе з трыма тысячамі насельнікаў, семсот зь якіх былі жыдамі, а астатнія - беларусамі па этнічным паходжаньні, усе размаўляюць па-расейску. Дырэктар быў моцна зьдзіўлены маёй заўвагай і незадаволены. Ён спытаў, ці ня ёсьць я адным з тых нацыяналістаў, якія адмаўляюцца гаварыць па-расейску. Мне гэнае пытаньне падалося крыху правакацыйным, і, паколькі я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі аб палітыцы русіфікацыі ў Савецкім Саюзе, адказаў, што не зьяўляюся нацыяналістам, але мне падаецца зусім натуральным, што людзі павінны размаўляць на сваёй роднаё мове, калі ўжо мая краіна была вызваленая саветамі й аб'яднаная пад назвай Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Я заявіў, што назва "Беларуская" ўказвае на тое, што мы ёсьць асобнай рэспублікай, і што, на маю думку, мы мусім мець пэўныя прывілеі й правы, кшталту, размаўляць на роднай мове. Я сказаў, што ня маю нічога супраць таго, каб вывучаць рускую, нямецкую, лацінскую й іншыя мовы, але настойваю на тым, што мы мусім мець права размаўляць па-беларуску. Я, натуральна, зрабіў на дырэктара дрэннае ўражаньне й баяўся, што ён вырашыць высьветліць маё паходжаньне.
Наступным днём дырэктар спытаўся ў мяне, ці ня ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю, які выкладае рускую мову ў той самай школе. Я пацьвердзіў гэта, і дырэктар параіў мне пераняць сьветапогляд дзядзькі. Мой дзядзька Базыль атрымаў адукацыю ў Расеі й размаўляў па-расейску. Ён вельмі добра ведаў рускую літаратуру. Калі я спытаў яго, чаму ён, беларускі патрыёт, так захапляецца рускай літаратурай, ён адказаў, што яна надта прыгожая. Я ня стаў пярэчыць дзядзьку й нічога ня меў супраць таго, каб ён размаўляў па-расейску, каб выказаць свае думкі й пачуцьці. У польскім парлямэнце й сенаце ён абараняў правы беларусаў і заўсёды размаўляў па-беларуску дома. Дырэктару я адказаў, што дзядзька Базыль ня мае на мяне ніякага ўплыву ў дачыненьні да нацыяналістычных і палітычных поглядаў і, здаецца, запэўніў дырэктара.
Навучаньне ў школе, дзе я працаваў, грунтавалася на праграме дзесяцігадовай адукацыі. У вялікіх гарадох школьныя адукацыйныя стандарты былі значна вышэйшымі й па заканчэньні школы вучні былі лепш падрыхтаваныя да паступленьня ва ўніверсітэт. Аднак нават у вялікіх гарадох стандарты не былі такімі высокімі, як у польскай гімназіі.
Я пачаў працаваць настаўнікам, але незадаволены гэтым абавязкам, я арганізоўваў спартыўныя мерапрыемствы. Я ўвёў гімнастыку, баскетбол, валейбол, лыжны спорт. Малады расейскі настаўнік Міша быў моцна ўражаны маімі намаганьнямі. Ён зьяўляўся камсамольцам, членам камуністычнай моладзевай арганізацыі, якая была першым крокам на шляху да членства ў кампартыі. На прыступку ніжэй за камсамольцаў знаходзілііся піянеры, своеасаблівы эквівалент скаўтаў. Усе гэтыя арганізацыі выпрацоўвалі ў членах камуністычны дух невідушчага падпарадкаваньня кіраўнікам арганізацыяў.
Мая дзейнасьць зацікавіла Міхаіла, і аднойчы, калі ў мяне быў дзесяціхвілінны перапынак паміж заняткамі, Міша адвёў мяне ўбок і запрасіў прагуляцца й пагутарыць пра тое-сёе. Ён спытаўся, як мне падабаецца мая праца, і паведаміў, што ён уражаны тым, што я арганізую спартыўныя мерапрыемствы для вучняў. Ён сказаў, што я раблю карысную, але безнадзейную рэч, таму што яе не падтрымліваюць наверсе, бо я ня ёсьць камсамольцам. Я спытаў, ці не прапануе ён мне ўступіць у камсамол, і Міхаіл адказаў, што гэта было б нядрэнна. Ён растлумачыў, што калі я зраблю гэтак, то ў мяне будзе больш шанцаў самарэалізавацца, і яшчэ я змагу потым уступіць у кампартыю. І калі я ўжо здолею апошняе, то будучыня будзе маёй, па словах Міхаіла. Ён гаварыў з такім запалам, што мне на нейкі момант падалося, што я сапраўды мог бы стаць членам партыі. Я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі пра дзейнасьць Камуністычнай партыі. Я ніколі ня меў дакладнага ўяўленьня пра ейную дзейнасьць, але я памятаў пра тое, што зьнікалі кулакі й нават удзельнікі Грамады, якая, лічылася, супрацоўнічае з камуністамі. Падазрэньні й ненавісьць да камуністаў усё ўзмацняліся ўва мне, і я ніяк ня мог уявіць сябе камсамольцам. Я таксама ведаў, што ў дачыненьні да ўсіх, хто хацеў уступіць у камсамол, праводзілася праверка мінулага, бацькоў і дзядоў. Я баяўся, што, калі яны даведаюцца, што я нелегальна вярнуўся ў Беларусь, то мяне таксама залічаць у "непажаданыя элементы". Я падзякаваў Мішу за ягоную шчодрую прапанову, але заўважыў, што не заслужыў яшчэ пачэснай магчымасьці стаць касамольцам, бо ёсьць пакуль ідэялягічна непадрыхтаваным. Мне спатрэбіцца час, каб абмеркаваць усё гэта. Я паабяцаў, што празь нейкі час дам Мішу больш пэўны адказ. Ён папрасіў доўга ня думаць і дадаў, што спадзяецца, я дам станоўчы адказ.
Тым самым днём, за вячэрай, я паведаміў сваёй сямьі, што здарылася. Мая цётка Люба проста скамянела. Яна сказала, што я не змагу пазьбегнуць уступленьня ў камсамол, а той факт, што Базыль Рагуля - мой дзядзька, скончыцца для мяне непрыемнасьцямі. Я на гэна заўважыў, што яны ўжо ведаюць пра нашае сваяцтва, і выказаў сваё зьдзіўленьне тым, што Базыль яшчэ тутака. Я дадаў, што ведаю пра кампартыю шмат дрэнных рэчаў і што ніколі не ўступлю ў яе. Позна вечарам прыйшоў мой дзядзька Базыль, і я распавёў яму пра свае клопаты. Дзядзька падкрэсьліў, што я не павінны ўступаць ў партыю, бо, калі я зраблю гэта, то аддамся ў рукі сыстэмы, ад якой ужо ня здолею адкараскацца. Рашэньне было прынятае, і цяпер стаяла пытаньне, як адзьцягнуць размову зь Мішам і як адмовіць яму.
Жыцьцё тым часам працягвалася, і я нейкім чынам зрабіўся абыякавым да падзеяў, што адбываліся наўкола. Я рыбачыў, а калі ў лістападзе выпаў сьнег, катаўся на лыжах у лесе непадалёк. Мне падабалася назіраць за жывёламі, і я ніколі не забіў нічога большага за зайца. Нягледзячы на армейскую падрыхтоўку, я ня быў добрым стралком. Аднойчы я забіў зайца і ня мог нават знайсьці ранку. Я прынес яго дадому, і мае пачалі кпіць зь мяне, што заяц памер ад страху, калі пачуў стрэл. Але я ня надта захапляўся паляваньнем. Мне больш падабалася хадзіць на лыжах, бавіць час на самоце, калі я мог упарадкаваць свае думкі.
Памятаю, як мой дзядзька сказаў, што мы не заўсёды атрымліваем тое, на што спадзяемся, і што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не была беларускай, а толькі новым набыткам Савецкага Саюза. Калі мы былі пад польскай акупацыяй, то змагаліся за тое, каб захаваць свае школы, сваю мову й сваю культуру. Але мы адкрыта размаўлялі па-беларуску, чыталі беларускія кнігі й, да 1932 году, нават мелі штотыднёвае перыядычнае выданьне. Мы друкавалі й перавыдавалі кнігі сваіх знакамітых паэтаў і пісьменьнікаў, у тым ліку Янкі Купалы й Якуба Коласа. Але жыцьцё пад саветамі аказалася ня тым, чаго чакалі людзі. Замест вызваленьня саветы прынесьлі новую хвалю тэрора, русіфікацыю, матэрыяльны заняпад і нечуваны зьдзек з боку партыі й КГБ.
Нарэсьце надышоў час даць адказ на прапанову стаць камсамольцам. Аднойчы да мяне прыйшоў намесьнік дырэктара, каб абмеркаваць са мною курс нямецкай мовы. Я паскардзіўся, што мне цяжка вучыць дзяцей бяз кніг і іншых дыдактычных матэрыялаў. Намесьнік паабяцаў дапамагчы. Потым ён дадаў, што ніколі ня меў магчымасьці пагаварыць са мной пра маё мінулае й што ён, увогуле, хацеў бы даведацца пра мяне крыху больш. Ён сказаў, што чуў, што я быў ваеннапалонным у Германіі, і пацікавіўся, як я здолеў вярнуцца ў Беларусь. Я адказаў, што гэна ўсё старыя й непрыемныя ўспаміны, і я не лічу, што яны такія ўжо цікавыя. Я распавёў, што чуў, быццам у Беларусі йзноў адчыніліся школы, да таго ж я хацеў вывучаць медыцыну й таму сплянаваў уцёкі. Намесьнік спытаўся, ці былі ў мяне цяжкасьці зь пераходам мяжы. Я адказаў, што не, бо нямецкія патрулі знаходзіліся далёка, а потым я накіраваўся ў Беласток і там сеў у цягнік на Наваградак. Намесьнік зьдзівіўся, што саветы не спынілі мяне для кантролю й не арыштавалі мяне. Я зманіў, што ня думаў, што ваеннапалоннаму трэба нечага баяцца. Я скончыў словамі пра тое, што Нямеччына ўжо ў мінулым, што я нарэсьце дамогся свабоды й цяпер хацеў бы спакойна працаваць у школе. Намесьнік хацеў дазнацца, ці паведаміў я пра свае ўцёкі ўладам. Я адказаў, што хадзіў у гарадзкую адміністрацыю ў Наваградку. Натуральна, я не ўзгадаў Абрамовіч. Некаторы час панавала цішыня, бо намесьнік, відаць, чакаў яшчэ нейкіх прызнаньняў ад мяне. Маё сэрца пачало моцна біцца. Я стараўся не выдаваць сваёй трывогі, але мне здавалася, што рэчы сьціскаюцца вакол мяне. Я ўжо чуў, што парушальнікаў мяжы адпраўляюць у лягеры на тры гады, згодна са 120 артыкулам. Потым намесьнік дырэктара павярнуўся да мяне й спытаўся, ці прыняў я рашэньне наконт камсамолу. Я адказаў, што мне яшчэ патрэбна крыху часу, каб вывучыць гісторыю Камуністычнай партыі й ведаць тыя рэчы, якія ён ужо ведаў. Я дадаў, што не хачу быць навабранцам, які нічога ня ведае пра гісторыю Кампартыі й ейную дзейнасьць у Савецкім Саюзе. Намесьнік адказаў не адразу. Ён заявіў, што разумее мяне, але ягоны голас гучаў ня надта пераканаўча. Я быў упэўнены, што намесьнік гэбіст і што ён яшчэ будзе абмяркоўвацю маю будучыню ў пэўнай установе.
Дома я ўсім расказаў, што адбылося, і павісла маўчаньне. Цётка Люба, якая ўсхвалявалася больш за ўсіх, параіла мне пакінуць Любчу й пайсьці туды, дзе мяне ніхто ня ведае. Але я падумаў, што калі я гэта зраблю, будзе выдаваць на тое, што я вінаваты ў нечым і спрабую пазьбегчы расплаты за грахі, хаця на самой справе ніколі іх не ўчыняў. Я вырашыў застацца, што аказалася няўдалым рашэньнем, і працягваў працаваць настаўнікам, займацца з вучнямі спортам, у першую чаргу лыжамі.
Незадоўга перад Ражаством 1940 году я наведаў свайго стрыечнага брата Вальтэра, сына цёткі Любы. Я на лыжах пайшоў да яго ў лес, дзе Вальтэр служыў лясьнічым. Гэна было вельмі ціхае месца, і я прабавіў там шмат часу за размовамі пра маё мінулае, маю будучыню й пляны майго брата. Ён быў сьціплым чалавекам, безь ніякіх асаблівых памкненьняў. Вальтэр скончыў польскую гімназію, вучыўся ў Варшаве, здаецца, на ветэрынара. Але ён сышоўся з благімі людзьмі, магчыма, нават ужываў наркотыкі й алкаголь і так і не атрымаў адукацыі. Вальтэр вярнуўся дадому й пачаў працаваць у якасьці лясьнічага. Ён быў прыемным чалавекам, гадоў на шэсьць старэй за мяне, і адзіным сябрам-мужчынам, які ў мяне тады меўся. У мяне не было бацькі, а дзядзька Косьця быў чалавекам слабым, нерашучым, і я, хаця й любіў яго, але не паважаў, не ўважаў за прыклад мужчыны. Вальтэр быў адзіным чалавекам, зь якім я бавіў час: на рыбалцы, у вандроўках і г.д.
Ражаство ў Любчы было ціхім і прыемным. Сабраліся мая маці, дзядзька Базыль, Вальтэр і ягоная беспрацоўная сястра Ніна. Упершыню мы падрабязна абмяркоўвалі маю будучыню. Мая маці моцна хвалявалася за мяне й прапанавала мне паехаць у які-небудзь вялікі горад, дзе я мог бы згубіцца. Ізноў, я не ўяўляў, як гэта магчыма.
Прайшлі Ражаство й Новы год, а я працягваў працаваць у школе й зрэдку наведваў маці. Паміж тым, я пасябраваў з адной настаўніцай, якая, як і большасьць зь іх, была з Савецкага Саюзу. (Савецкія ўлады лічылі, што мясцовым настаўнікам нельга давяраць выкладаньне камуністычных прынцыпаў.) Настаўніца неяк захварэла, і я стаў часьцей бачыць яе: наведваць, прыносіць сочыва, якое зварылі мая цётка й бабуля. Адносіны паміж намі пацяплелі. Дайшло нават да мілосьцяў і абдымкаў, але нічога сур'ёзнага паміж намі не было, і я ніколі ня меў ніякіх сур'ёзных намераў наконт яе. Калі дзяўчыне палепшала, яна прапанавала нам выпіць разам. Яна выцягнула бутэльку гарэлкі й нейкі селядзец і заявіла, што мы п'ем за нашую будучыню, бо павінны хутка зарэгістраваць шлюб. (На той час ажаніцца было вельмі лёгка: тры рублі - і вы ўжо муж і жонка, трыццаць - і вы разьведзеныя.) Я быў у шоку! Я сказаў дзяўчыне, што не зьбіраўся зь ёю жаніцца. Тады яна пачала распытваць мяне, чаму ж я прыходзіў, прыносіў ёй падарункі. Я адказаў, што гэта таму, што яна мне падабаецца й што я хацеў, каб яна пачувалася, як дома. Я паспрабаваў пераканаць яе, што ўвогуле не адношуся да тых людзей, якія жэняцца, ва ўсякім разе цяпер. Я зьбіраўся спачатку скончыць вучобу, зрабіць што-небудзь у жыцьці. Мне было тады дваццаць, а ёй - на два ці тры гады больш, і яна не магла альбо не хацела мяне зразумець. Яна пачувалася пакрыўджанай. Для мяне гэта было нешта новенькае: жанчына прапануе мужчыну ажаніцца зь ёю. Гэта што, было вызваленьне жанчынаў? Можа, Савецкі Саюз зьмяніў прыроду жанчыны? Я не разумеў. Я цьвёрда сказаў ёй, што хацеў бы застацца ейным добрым сябрам, але не жаніцца. Яна загадала мне пакінуць яе й ніколі больш не прыходзіць. Я бачыў яе некалькі разоў у школе, але яна не падымала вачэй і рабіла выгляд, што ня ведае, хто я такі. Яна больш не прысаджвалася да мяне падчас школьных перапынкаў, і я пачуваўся няўтульна. Так, як быццам зрабіў нешта дрэннае - але ж я ні ў чым ня быў вінаватым! Я быў упэўнены, што ніколі не абражаў, не выкарыстоўваў яе, а толькі быў прыязным, спагадлівым. Мне падабалася жаночая кампанія, і магчыма, у нас што-небудзь атрымалася б, каб яна не зрабіла гэную рэзкую прапанову пабрацца шлюбам.
20 студзеня, калі я вячэраў, у хату ўвайшоў таварыш Сакалоў, які быў школьным інспектарам, і сказаў, што мусіць абмеркаваць са мной пэўныя прапановы ў дачыненьні да спартовых мерапрыемстваў. Я адказаў, што даем і тады сустрэнуся зь ім, але ён настойваў на тым, што гэта тэрміновая справа, і што яна зойме ня больш за паўгадзіны. Я апрануў зімовае паліто з футраным каўнерам і кучомку (падарунак маці), і мы рушылі ўздоўж Замкавай вуліцы. Мяне вельмі ветліва запрасілі зайсьці ў нейкі будынак, каб пагутарыць пра заняткі лыжамі. Я не ўсьведамляў, што гэны будынак - сядзіба КГБ, і што людзі, якія пераступаюць ейны парог, рэдка выходзяць адтуль вольнымі.
Начальнік КГБ спытаўся, ці не хацеў бы я вучыць новых рэкрутаў хадзіць на лыжах. Я адказаў, што заняты ў школе, але магу дапамагаць па выходных і пасьля паўдня, калі буду вольны. Ён запрасіў мяне прайсьці ў кабінет, каб далей абмеркаваць гэную справу, і загадаў таварышу Сакалову пачакаць палову гадзіны. Начальнік вельмі ветліва запрасіў мяне ў пакой, ля дзьвярэй якога стаялі два салдаты зь вінтоўкамі. Я быў зьдзіўлены, але ўсё яшчэ нічога не падазраваў. Мне загадалі сесьці, хаця я й выказаў жаданьне пастаяць. Калі я сеў, гэбіст запусьціў рукі ў мае кішэні, выцягнуў некаторыя дакументы й паведаміў, што я арыштаваны. Я быў агаломшаны. Я спытаў, за што, і начальнік адказаў, што гэта будзе вядома празь некалькі дзён. Я хацеў ведаць, у чым мяне абвінавачваюць альбо падазраюць. Мне адказалі, што ні ў чым, але я мушу застацца ў іхнай установе на ноч.
Мяне разьмесьцілі ў цёмным пакоі, футаў чатырох-шасьці. Я ня мог спаць. Мае думкі круціліся вакол савецкага панятку "вызваленьня." Тыя людзі, якім не давяралі, сыстэматычна, бясьсьледна зьнікалі. Цяпер надышла мая чарга. Уся гэная вайна, усе гэныя ўцёкі - нашто яны былі? Я ўзгадаў чалавека, якога мы пабудзілі, калі перайшлі мяжу: "Ідыёты! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце зь імі, каб вызваліць нас". Я быў маладым, дваццацігадовым ідэалістам, і я быў моцна расчараваны.
Ноччы мне прынесьлі колькі хлеба й кавы. Нараніцу мая стрыечная сястра Ніна прынесла мне крыху паесьці, бялізну, швэдар і настаяла на тым, каб разьвітацца. Каля 7:30 раніцы два ахоўнікі адвялі мяне на чыгуначную станцыю. У цягніку я сядзеў паміж імі, і яны загадалі мне маўчаць і ні з кім не размаўляць, нават калі пабачу знаёмых. Я меў права адказваць на прывітаньні, але толькі не ўступаць у размову. Калі я аслухаюся, то ахоўнікі мелі права ўжыць сілу, каб прымусіць мяне маўчаць. Гэта гучала даволі дзіўна, быццам яны размаўлялі са злачынцам.
Спачатку мяне адвезьлі ў Наваградак, а потым - у астрог у Баранавічах. Шнуркі й папругу ў мяне забралі, і нагавіцы боўталіся ў мяне на клубах. Таксама ў мяне адабралі гадзіньнік, ярлык ваеннапалоннага й усе паперы, якія меліся. Мяне ўкінулі ў камеру, і я апынуўся каля цэбру з экскрэментамі, які мянялі, калі ён напаўняўся. Як навічку мне дасталося самае пачэснае месца.
Было недзе пяць вечара, калі прынесьлі вячэру, якая складалася з надта салонай вэнджанай рыбы й нейкага кшталту вадкага ячневага супу. Хутка соль пачала паліць мне горла, бы агнём, але піць не было чага. Я пагрукаў у дзьверы й папрасіў вады. Мне адказалі, што дадуць вады, калі надыдзе на тое час, і рыкнулі, каб маўчаў. Раптам дзьверы адчыніліся, і было названае маё імя. Мне загадалі йсьці за ахоўнікамі. Я выйшаў, і яны папярэдзілі мяне, каб я трымаў галаву апушчанай і адварочваўся, калі нехта будзе праходзіць. Яны дадалі, што я мушу выконваць іхныя загады, бо інакш са мной можа здарыцца ўсё, што заўгодна.
Як высьветлілася, мяне вялі ў пакой для допытаў. Ён аказаўся амаль пустым - там былі толькі стол, крэсла й савецкі сьцяг. Крэсла стаяла перад сталом і нагадвала, хутчэй, крэсла з бара. Мне загадалі сесьці. Я пачуваўся ня надта каб утульна. Нехта ўвайшоў. Я зірнуў угору й пабачыў маёра КГБ. Ахоўнікі выйшлі, і мужчына спытаўся, ці не хачу я цыгарэту. Я адказаў, што нам давалі надта салоную ежу й мне больш хацелася б вады. Гэбіст сказаў, што я атрымаю ўсё, што захачу, пасьля таго, як ён высьветліць колькі пытаньняў. Ён спытаў маё імя, імя маёй маці, чым яна займаецца й усё пра маю сямью. На ўсё гэта спатрэбілася недзе каля гадзіны, і мяне ўсё мацней мучыла смага. Я сказаў, што ў мяне перасохла ў горле і што мне было б лягчэй гаварыць, калі б я папіў. Маёр параіў ня быць такім нецярплівым, таму што хутка мне дадуць вады. Ён затым пачаў пытацца, як я трапіў у Любчу й ці зьяўляюся я ваеннапалонным. Я распавёў сваю гісторыю й нагадаў, што ім і так добра вядома, што я ваеннапалонны, бо яны забралі мае ярлыкі. Маёр паглядзеў на мяне й сказаў, што, хаця ён не мусіць называць "таварышам" чалавека, які можа быць шпіёнам, але ён верыць, што я не шпіён, і таму назаве мяне "таварышам". Маёр папрасіў мяне расказаць пра палон. І я распавёў яму ўсё, хаця й апусьціў той факт, што пераходзіў мяжу задам-напярод, а таксама папярэджаньні палякаў. Я сказаў, што палякі, наадварот, падбухторвалі мяне ўцячы дамоў і вярнуцца з саветамі, каб вызваліць іх ад немцаў.
Пасьля гадзінаў дзьвюх допыту маёр пакінуў мяне й увайшоў другі гэбіст, які вельмі ветліва павітаў мяне. Ён сказаў мне, што ёсьць навічком, але прагледзеў ужо маю гісторыю наконт таго, як я перайшоў мяжу. Ён хацеў ведаць дэталі, а таксама, чаму я не паведаміў уладам пра сваё вяртаньне, калі апынуўся ў Беларусі. Я паўтарыў, што не лічыў гэна неабходным, бо ўцёк зь нямецкага палону на радзіму. Я пачуваўся вольным у сваёй роднай краіне й хацеў дабрацца дадому, як мага хутчэй. Я паведаміў, што, як толькі я прыехаў у Наваградак, я пайшоў у гарадзкую адміністрацыю, атрымаў дакументы й зьбіраўся паступаць ва ўніверсітэт у Львове. Я яшчэ раз распавёў гіторыю пра тое, як апынуўся настаўнікам у Любчы. Гэбіст на гэна заўважыў, што ўсё правільна, але немцы, магчыма, парушаюць пагадненьне, падпісанае Молатавым і Рыбентропам, і засылаюць у Беларусь шпіёнаў і агітатараў, каб падарваць палітычную стабільнасьць у Савецкім Саюзе. Я пацікавіўся, пытаецца ён альбо сьвярджае гэна як факт. Гэбіст параіў мне падумаць над тым, што ён сказаў, і спытаўся, ці не заўважыў я чаго-небудзь падазронага, што выдавала б на тое, што немцы зьбіраюцца напасьці на Савецкі Саюз. Я ветліва адказаў, што быў ваеннапалонным і што мы не абмяркоўвалі там ваенную стратэгію Нямеччыны, і таму я не магу пацьвердзіць ягоныя падазрэньні. Гэбіст прамаўчаў. Ён прабег вачмі па запісах маёра. У роце ў мяне зусім перасохла, мне рабілася млосна й я пачуваўся няўтульна на гэным крэсьле. Я папрасіў дазволу пайсьці ў прыбіральню, дзе я спадзяваўся папіць вады. Гэбіст даў мне дазвол, але, надзіва, ніякай вады там не было. Аднак я ўсё адно быў рады прайсьціся, разьмяцца, бо ў мяне ўсё цела здраньцьвела ад пастаяннага сядзеньня.
Калі я вярнуўся, мне загадалі сесьці йзноў, так, каб ногі не даставалі да зямлі, і пакласьці рукі на калені. Уся вага майго цела сканцэнтравалася цяпер на задзе, да таго ж я сядзеў на цьвёрдым няўтульным крэсьле. Празь нейкі час гэбіст схапіў графін з вадой і пачаў піць так, што вада цякла ў яго па падбародзьдзі й крапала на кашулю. Гэны кат назваў мяне "Барысам Дзьмітрычам", што лічылася ветлівай формай, і запытаў, ці не хачу я папіць вады. Калі я адказаў станоўча, ён сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то атрымаю вады і мяне вызваляць. Я не разумеў, як чалавека могуць выпусьціць, калі ён прызнае, што зьяўляецца шпіёнам і займаецца контррэвалюцыйнай дзейнасьцю, што да таго ж і няпраўда. Я з выклікам адказаў, што не хачу піць і што мне няма ў чым прызнавацца. Я апусьціў галаву й вырашыў больш нічога не казаць. Мінуў пэўны час, калі гэбіст спытаўся, ці не хачу я пацьвердзіць сваё жаданьне служыць Савецкаму Саюзу і такім чынам атрымаць свабоду. Я спытаўся, што яшчэ яны ад мяне хочуць. Як яшчэ я магу запэўніць іх, што хачу служыць Савецкаму Саюзу лепш, чым я гэта ўжо рабіў. Я працаваў настаўнікам, займаўся з вучнямі спортам і рабіў усё магчымае для выхаваньня моладзі, што задаволіла б любую дзяржаву. Гэбіст заўважыў, што гэта файна, але было б яшчэ лепш, калі б я пагадзіўся даносіць на сваіх дзядзькоў Барыса й Шчатырку, каб запэўніць дзяржаву ў сваёй надзейнасьці. Я быў агаломшаны і сказаў, што, калі я пагаджуся, нават ён ня дасьць мне рукі, бо данос - гэта найбруднейшая справа. Тым больш што й даносіць не было пра што, бо яны ёсьць лаяльнымі грамадзянамі Савецкага Саюза й адданымі настаўнікамі. Я даў гэбісту зразумець, што ня стану шпіёнам у саёй сямьі. Вочы ў гэнага нахабніка шырока адкрыліся. Ён сказаў мне, што найлепшае, што я магу зрабіць для сваёй краіны, - гэта даносіць на антысаветчыкаў, і пацікавіўся, ці не лічу я працу на карысьць Савецкага Саюза ніжэй сваёй годнасьці. Ён распавёў мне пра Марозава, сямігадовага хлопчыка, які стаў героем Савецкага Саюза, бо данёс на сваіх бацькоў-контррэвалюцыянераў. Іх расстралялі, а ён стаў героем. Я падзякаваў, але заўважыў, што не лічу Марозава героем і не шукаю для сябе геройства такога кшталту. Сьледчы адказаў, што я яшчэ пашкадую, што адмовіўся, але, калі я перадумаю, то мушу паведаміць аб гэтым.
Ён устаў, выйшаў, і затым увайшоў іншы сьледчы. Ён сеў за стол, запаліў цыгарэту й пачаў піць ваду. Паверце, калі хто-небудзь хацеў піць гэтак сама, як я тады, той зразумеў бы, якая гэта пакута - глядзець на некага, хто п'е ваду. У мяне язык прысох да нёба, а цела гарэла. Мне было млосна, мяне мучыла смага, і я ня ведаў, што рабіць. Сьледчы зірнуў на мяне, і я заўважыў лютую жорсткасьць у ягоных вачах. Празь нейкі час ён назваў мяне па-бацьку й спытаўся, як я пачуваюся. Я зманіў, што добра. Ён спытаў, ці абдумаў я прапанову ягонага калегі. Я адказаў станоўча й дадаў, што маё рашэньне канчатковае й што я не хачу ўздымаць гэнае пытаньне йзноў. Ён заўважыў, што й не зьбіраецца гэтага рабіць, а проста хоча, каб я яшчэ раз распавёў гісторыю сваіх уцёкаў. Я спаслаўся на тое, што рабіў гэта ўжо два разы, але сьледчы настойваў, бо я, быццам бы, прапусьціў нейкія дэталі. Ці можаце вы сабе ўявіць, што вам трэба распавядаць тую ж самую гісторыю, зь перасохлым ротам, пасьля чатырох-пяці гадзінаў допыту? Калі я пачаў, сьледчы перарваў мяне й загадаў адразу перайсьці да дэталяў, кшталту імені першага чалавека, зь якім я размаўляў на тэрыторыі Савецкага Саюза. Я адказаў, што гэна была мая маці. Сьледчы заявіў, што я маню, і гэта праўда, але што я мог ведаць пра гэнага селяніна? Ды я й ня стаў бы ўблытваць яго. Я сказаў, што мы з Косьцікам разышліся, і я сеў на цягнік у Наваградак. Гэбіст хацеў ведаць, дзе я ўзяў грошы, і я зхлусіў, што Косьцік прынес мне іх на станцыю. Там мы разьвіталіся й ніколі больш ня бачыліся. Сьледчы пачаў даводзіць, што я не дастаткова шчыры зь імі, у адрозьненьне ад Косьціка. Я на гэна заўважыў, што, калі Косьцік казаў нешта іншае, то гэта таму, што яго прымусілі. Я вырашыў прытрымлівацца свайго варыянта падзеяў, бо калі я пачну мяняць усё больш і больш дэталяў, супраць мяне будзе больш абвінавачаньняў.
Допыт працягваўся. Сьледчы хацеў даведацца пра маю дзейнасьць у гімназіі й пра тое, як я падбухторваў вучняў зьбіраць грошы, каб пабудаваць школу. Гэбіст паведаміў, што я вядомы ім як беларускі нацыяналіст, і што немцы, магчыма, зьбілі мяне з панталыку сваёй нацыяналістычнай і антысавецкай прапагандай. Сьледчы даводзіў, што немцы проста гулялі з маімі пачуцьцямі й перацягнулі мяне на свой бок, каб заслаць у Савецкі Саюз зь нейкім заданьнем. Гэбіст хацеў ведаць канкрэтна, якія заданьні я меў для дзядзькі Базыля, якога кшталту шпіёнскую дзейнасьць я распачаў і якую зброю я хаваю ў Налібоцкай пушчы.
Допыты, здаецца, цягнуліся бясконца, а сьледчыя мяняліся раз на дзьве гадзіны. Наступны ўвайшоў і прапанаваў цыгарэту. Я адмовіўся. Потым ён прапанаваў мне вады. Я ведаў, што ён ня дасьць мне яе, і йзноў адхіліў прапанову. Мне рабілася ўсё горш. Вочы ў мяне зьліпаліся. Пакой, здаецца, пачаў круціцца, і мне выдавала, што я падаю з крэсла. Я папрасіўся ўстаць, але гэбіст ня даў мне дазволу. Сьледчы паліў цыгарэту, праглядаў запісы, сьпяваў сабе пад нос папулярную савецкую песеньку й не зьвяртаў на мяне ніякай увагі. Усё было, як у тумане, і я ня ведаў, размаўляю я ўслых ці пра сябе. Мне здавалася, што я на рыбалцы, а потым - у арміі, што я ваеннапалонны й спрабую ўцячы. Гэна было так, быццам у галаве маёй круціўся фільм. Затым я пачуў загад гэбіста распавесьці сапраўдную гісторыю сваіх уцёкаў. Я адказаў, што ўжо паведаміў ім усю праўду й не магу больш нічога дадаць. Ён параіў мне добра падумаць, бо я падабаўся яму, таму што я, відаць, чалавек інтэлігентны. Ён параіў мне падумаць пра маці, якая нават ня ведае, дзе цяпер ейны адзіны сын. Падумаць, што яна будзе адчуваць, калі даведаецца, што я контррэвалюцыянер, які адмаўляецца служыць на карысць Савецкаму Саюзу. Падумаць, як шмат Савецкі Саюз зрабіў пасьля рэвалюцыі, колькі людзей ахвяравалі сваім жыцьцём, каб працоўная кляса, зь якой я паходжу, атрымала свабоду. Падумаць пра дыктатуру пралетарыята, і колькі было праліта крыві. Я сапраўды пачаў думаць пра тое, колькі крыві невінаватых людзей было праліта, колькі сялянаў, якія не хацелі ўваходзіць у калгасы, прафесароў, настаўнікаў было саслана, расстраляна, адпраўлена ў лягеры паміраць павольнай сьмерцю. Я быў крыху разгубленым, бо ня ведаў, сказаў я ўсё гэна ўслых альбо не. Я згубіў арыентацыю ў часе, і мне здавалася, што я зараз страчу прытомнасьць. Раптам сьледчы падышоў да мяне, узьняў і два разы ўдарыў па твары, каб прымусіць мяне гаварыць. Мне хацелася вырвацца й даць яму здачы, але я стрымаў сябе й не сказаў ні слова. Гэна ўзлавала гэбіста. Ён выцягнуў пісталет, прыставіў яго да маёй скроні й сказаў, што маё жыцьцё будзе каштаваць сем капеек, калі я не пагаджуся супрацоўнічаць. Затым ён націснуў на курок. Відаць, я зьнепрытомнеў ад страху альбо шоку, бо, калі я ачуняў, то заўважыў, што гэны сьледчы выйшаў і яго замяніў новы. Ён выглядаў такім сьвежым, шчасьліва ўсьміхаўся, і допыт пачаўся ўзноў.
Тыя самыя пытаньні, нанова й нанова. Я ўжо не заўважаў, як мяняюцца сьледчыя. Нарэсьце ў вачах у мяне пацямнела, і калі я апрытомнеў, то апынуўся ўжо ў камеры з трыццацьцю-сарака іншымі зьняволенымі. Я ляжаў каля цэбра, напоўненага фекаліямі й мачой. Каля мяне сядзеў чалавек, гадоў шасьцідзесяці-шасьцідзесяці пяці, з добрымі блакітнымі вачыма й прыемнай усьмешкай. Ён спытаўся, як мяне клічуць, і ветліва называў мяне Барысам Дзьмітрычам. Стары заўважыў, што я дрэнна выглядаю й прапанаваў мне вады й крыху свайго хлеба. Пасьля таго, як я паеў і папіў, мне палепшала. Мяне моцна кранула абыходжаньне старога. Ён паклаў мне руку на лоб і папрасіў расказаць, як я тутака апынуўся. Я адказаў, што мне варта было паслухацца селяніна, які параіў вярнуцца ў Польшчу й прыйсьці потым зь немцамі, каб вызваліць Беларусь ад саветаў. Я дадаў, што моцна расчараваўся ў савецкай Беларусі, якая была цяпер усяго толькі калёніяй Савецкага Саюза, поўнай хлусьні й незаконнага перасьледу. Пасьля доўгай размовы, у якой я сказаў больш, чым, напэўна, усім астатнім людзям, бо мяне ўсхвалявала спагадлівасьць старога, ён сказаў, што мне прыдзецца заплаціць па вялікім рахунку і што яму моцна мяне шкада.
Мы паспрабавалі заснуць на саломе. Мне прысьнілася мая заплаканая маці й дзед з бабай, якія бядуюць пасьля майго арышту. Я даведаўся, што ў той час, як я быў у астрозе, гадзіне а сёмай вечара чатыры гэбісты без папярэджаньня, ледзь не зламаўшы дзьверы, уварваліся ў хату маіх дзеда й бабкі, дзе жылі яшчэ мае цётка зь дзядзькам і іхныя дзеці. Усіх сагналі ў кут, прымусілі ўзьняць рукі ўгору й абшукалі на прадмет зброі. Маіх дзеда з бабкай таксама выцягнулі зь іхнага маленькага пакойчыка й абшукалі разам з астатнімі. Гэта бязглузьдзіца - падазраваць старых людзей у злачынствах супраць дзяржавы! Пакуль адзін з гэбістаў вартаваў маю радню, астатнія тры абшукалі хату. Яны пазрывалі пошыўкі, параскідалі пер'е, зламалі дзьверцы ў шафах, аблазілі подпал. Я нават не магу апісаць гэную жорсткасьць, зь якой яны абшуквалі хату. Было праверанае ўсё: кнігі, лісты, нататкі, - але знайсьці яны, натуральна, нічога ня здолелі. На шчасьце, ім ня трапіліся лісты ад Янкі Хутара, бо, інакш, хаця ў іх і ня мелася нічога сур'ёзнага, яго б, як і мяне, запісалі ў контррэвалюцыянеры. Маёй цётцы ледзь не зрабілася млосна, а мая бабка, якая не магла даўмецца, што адбываецца, пачала маліцца. Адзін з гэбістаў абазваў яе дурніцай, бо Бог не дапаможа ёй, таму што ейны ўнук - контррэвалюцыянер і яго ўжо нішто ня выратуе. Калі гэбісты пакінулі наш дом, мая сямья сядзела, бы паралізаваная. Моўчкі яны прыбралі ў хаце, і мая цётка прапанавала паведаміць пра ўсё маёй маці ў Наваградку. Усе замоўклі. Яны памяталі, як яна пакутвала, калі я знаходзіўся ў палоне, і нават ня ведала, ці жывы я. І цяпер, праз колькі месяцаў пасьля майго вяртаньня, мяне арыштавалі саветы. Надзеі, здавалася, не было ніякай. Савецкі ўрад, які ніколі нікім не абіраўся, тварыў страшнае зло ў краіне, якую заваяваў. Урад, які мусіць слугаваць свайму народу, пераўтварыў яго ў рабоў. Празь некалькі гадзінаў, калі ўсё йзноў было ў парадку, прынамсі, зьнешне, цётка Люба прапанавала нараніцу зьвязацца з маёй маці. Яны спадзяваліся, што маці, магчыма, паспрабуе разьведаць, што са мной здарылася.
Наступным днём яны знайшлі маю маці ў лячомніцы, дзе яна працавала. Мне пераказвалі потым, што маці толькі-толькі выйшла з аперацыйнага пакоя й, калі ёй перадалі, што тэлефануюць зь Любчы, яна радасна пабегла да апарата, бо спадзявалася, што гэна я. Аднак гэна была ейная сястра, Люба, і яна паведаміла маці дрэнныя весткі. Маці зьбялела й замоўкла, потым спыталася, дзе дакладна я знаходжуся, паклала слухаўку, а затым пабегла ў міліцыю, каб атрымаць даведку пра мяне. Яна расказала дзяжурнаму афіцэру пра мой арышт мінулай ноччу ў Любчы й спыталася, дзе мяне трымаюць. Афіцэр адказаў, што яму нічога не вядома пра арышт і папрасіў больш не турбаваць яго. Але маці настойвала й дадала, што мяне арыштаваў КГБ, і што яна патрабуе, каб афіцэр патэлефанаваў каму-небудзь і спытаўся, што са мной здарылася. Ён загадаў ёй пакінуць яго ў спакоі, калі яна ня хоча непрыемнасьцяў, бо ім вядома пра ейны ўдзел у Грамадзе, беларускай нацыяналістычнай арганізацыі. Афіцэр папярэдзіў, што ёй лепш пакінуць іх дабравольна, інакш яе таксама возьмуць на допыт, і сілай выкінуў маці з участка. (Грамада зьяўлялася больш культурнай, чым палітычнай арганізацыяй, якая мела на мэце захаваньне беларускай мовы й культуры й якая, відаць, была нейкім чынам зьвязаная з Камуністычнай партыяй, якая выкарыстоўвала Грамаду як буфер для сваёй дзейнасьці. Аднак згодна з мэмуарамі майго дзядзькі Базыля, Грамада была чыста нацыяналістычнай арганізацыяй, якая ня мела нічога агульнага з камуністамі.) Маці села на бліжэйшы цягнік на Любчу й пайшла ў мясцовы КГБ. Яна прадставілася дзяжурнаму й паведаміла, што, наколькі яна разумее, яны мінулай ноччу арыштавалі ейнага сына. Дзяжурны пацьвердзіў гэна й дадаў, што ня можа нічога казаць, пакуль ня высьветліцца, якія абвінавачаньні мне прад'яўляюць. Маці заўважыла, што яны ня маюць права затрымліваць мяне, калі ў іх няма пэўных абвінавачаньняў, і папрасіла перадаць мне пакет з грашмі, але ёй адмовілі. Тады маці пайшла да дзеда й, відаць, упершыню ў жыцьці залілася сьлязьмі.
Я здолеў заснуць, але ноччы адчыніліся дзьверы й было названае маё ймя. Мяне выклікалі з камеры. Я выйшаў, і мне загадалі апрануць паліто й начапілі наручнікі. Затым мяне вывелі ў цёмны двор, дзе ўжо чакаў грузавік. Там сядзелі два салдаты й адзін зьняволены.
Гэнай студзеньскай ноччу ярка сьвяцілі зоркі, бо было марозна. Наручнікі вельмі хутка пахаладнелі. Калі мы ехалі, у мяне ад марозу гарэў твар. Празь некалькі гадзінаў мы прыехалі ў Менск - сталіцу Беларускай Савецкай Сацыялісттычнай Рэспублікі. Мы спыніліся каля вялікіх варотаў, якія зачыніліся, як толькі мы заехалі ў двор. Мяне адвялі ў будынак, упіхнулі ў нейкі пакой і абшукалі. Затым мне растлумачылі, што мяне прывезьлі ў Менск для далейшага расьсьледваньня. Мяне абвінавацілі ў тым, што я лёкай беларускай нацыянальнай буржуазіі. Мяне таксама абвінавацілі ў нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасьці, шпіянажы на карысьць Нямеччыны, захоўваньні зброі й падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня супраць Савецкага Саюза. Мне загадалі падпісаць паперу, дзе казалася, што я прачытаў абвінавачаньні супраць мяне. Я адказаў, што ня буду падпісваць лухту. Мне загадалі замаўчаць і не адкрываць рота, пакуль мне не загадаюць. Мне паведамілі, што допыты будуць працягненыя, і, калі расьсьледваньне скончыцца, мне паведамяць пра вынікі.
Мяне павялі па шматлікіх лесьвіцах і я здагадаўся, што астрог быў пабудаваны кругам, з пляцам усярэдзіне. Гэна быў паўцёмны трох-чатырохпавярховы будынак, з ахоўнікамі на кожным паверсе. Ахоўнікі зазіралі ў камерныя вочкі, каб праверыць зьняволеных. Мяне ўпіхнулі ў 17 камеру, і дзьверы за мной зачыніліся. Цяпер ужо знаёмы жахлівы грукат дзьвярэй адрэзаў мяне ад навакольнага сьвету.
Я агледзеў камеру. Над дзьвярыма вісела моцная лямпачка, якая асьвятляла мой ложак. У адным куце стаяў стол, прыкручаны да сьцяны, і крэсла, а ў другім - параша. Камера была футаў чатырох-пяці ўшыркі й недзе дзесяці - у даўжыню. Высока ў сьцяне знаходзілася вакно, але яно было зачыненая знадворку, і толькі ў самым версе была ледзь заўважная шчыліна. Стаяла ноч, і цяжка было разабрацца, колькі сьвятла трапляла праз вакно ўдзень. Я стаяў спіной да дзьвярэй, аглядаў камеру й думаў, колькі яшчэ мне прыдзецца пакутваць у йзаляцыі. Вочка ў дзьвярах адчынілася, і нехта гаркнуў, што я мушу распрануцца й пакласьціся спаць. Ложак трэба было адкінуць ад сьцяны, як у цягніку. Матрац быў саламяным, але мелася падушка. Я заснуў, але раптам прачнуўся, бо па мне нешта паўзло. Гэна былі клапы - сотні клапоў. Я падняўся з ложка, каб атрэсьці іх зь сябе. Потым я лёг на падлогу, але той самы голас загадаў мне йзноў пакласьціся ў ложак.
Раніцай я паскардзіўся, што мяне змучылі клапы, і мне далі нейкае прыстасаваньне, з дапамогай якога іх можна было выгнаць з ложка й шчылінаў у сьцяне, дзе яны хаваліся. Да таго ж зьмянілі матрацы, і наступнай ноччу клапы мяне ўжо не турбавалі. Мне далі вады й нейкага адсырэлага ліпкага хлеба. Хлеб трэба было расьцягнуць на цэлы дзень, бо на палудзень і на вячэру яго не давалі. Я сеў у куце за стол і скамянеў. Я больш нічога не адчуваў. Жыцьцё, здавалася, скончылася, мары разьбіліся, спадзяваньні ня спраўдзіліся. Я думаў пра сваю маці, пра сямью й разважаў, нашто трэба было ўцякаць зь Нямеччыны.
Калі ўзышло сонца, я заўважыў, што шчыліна ў вакне была сантымэтра два-тры. Сонца асьвятляла сьцяну, і я стаў пазначаць на ёй ня толькі дні, але й час сьвітанку, паўднё й захад сонца. Прынамсі, я ведаў час.
Гэнай ноччу, каля дзесяці, мне загадалі легчы спаць, але праз гадзіну ахоўнік адчыніў дзьверы й загадаў ісьці за ім. Мяне павялі празь лябірынт калідораў і некалькі разоў я мусіў паварочвацца тварам да сьцяны. Я тады адчуваў, што нас нехта мінае, магчыма, іншыя зьняволеныя. Мяне прывялі ў пакой бяз вокнаў са сталом і крэслам перад ім, як і раней. Увайшоў і прыязна заўсьміхаўся малады чалавек. Ён быў гладка паголеным і, увогуле, вельмі чысьценькім і акуратным. Ён зрабіў на мяне прыемнае ўражаньне й назваў мяне Барысам Дзьмітрычам. Ён сказаў мне, што мы аднагодкі й што ён хацеў бы называць мяне таварышам, каб падкрэсьліць, што мы зь ім роўныя. Ва ўсякім разе, ў мяне ёсьць шанец стаць роўным. Шанец служыць Савецкаму Саюзу й абараняць яго, як гэта рабіў ён. Ён запэўніў мяне, што гэтыя ганаровыя абавязкі дапамогуць мне зрабіць кар'еру. Але пакуль ён устрымаецца ад таго, каб называць мяне таварышам, але будзе з павагай зьвяртацца да мяне "Барыс Дзьмітрыч". Ён спадзяваўся, што маё сумленьне яшчэ прачнецца й я раскаюся ва ўсіх памылках, што зрабіў. Ён дадаў, што разумее, што я мусіў перажыць у нямецкім лягеры, і ўяўляе, як немцы зьдзекваліся зь мяне, але ўсё цяпер залежала ад мяне. Я цяпер, быццам бы, меў шанец атрымаць прабачэньне й пачаць усё з пачатку.
Я заўважыў перамену ў ягоным голасе, і выдавала на тое, што гэбіст зараз ізноў пачне задаваць пытаньні. Я сказаў, што мяне ўжо дапрошвалі некалькі гадзінаў і што мне няма чаго дадаць. Ён спытаўся, ці ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю. Сьледчы хацеў ведаць падрабязнасьці пра майго дзядзьку, які ня надта спагадліва ставіўся да камуністаў, калі быў польскім сэнатарам. Я сказаў, што ведаю толькі, што дзядзька змагаўся за правы беларусаў як этнічнай меншасьці ў Польшчы й адседзеў за гэна два гады ў віленскай турме. Гэбіст заўважыў, што ўжо ведае ўсё гэта, а таксама тое, што мой дзядзька ніколі ня меў дачыненьня да прагрэсіўнай кампартыі Заходняй Беларусі. Я адказаў, што ня ведаю, наколькі гэная партыя ёсьць прагрэсіўнай, але я ведаю, што ў нас мелася папулярная партыя Грамада, якая прываблівала шмат патрыётаў, бо змагалася супраць зьнявагі беларускага народа ў Польшчы. Гэбіст паведаміў мне, што Грамада падтрымлівалася кампартыяй і што мой дзядзька адмовіўся ад гэнай дапамогі. Я адказаў, што мне гэна невядома. (Я памятаю, як дзядзька аднойчы сказаў мне, што яму прапаноўвалі далучыцца да Грамады, але ён адмовіўся, бо лічыў яе мастом да камунізму. Ён адказаў гэным людзям, што ён не камуніст і што ён мае права мець уласныя палітычныя погляды. Ён дадаў: "Калі я не зьбіраюся на другі бок ракі, то мне не патрэбны й мост".) Канечне, я ня мог распавесьці гэнага сьледчаму, бо тады майго дзядзьку б арыштавалі й пачалі дапытваць, як і мяне. Таму я проста заўважыў, што мой дзядзька падабаўся народу, бо падтрымліваў ідэю беларускага нацыянальнага адраджэньня, а таму яго выбралі ў польскі парлямант, а потым і ў сенат.
Малады чалавек запярэчыў мне, што ў мяне няправільнае ўспрыняцьце мінулага, бо я быў падвержаны прапагандзе, якая зфармавала мае палітычныя погляды. Потым ён пачаў запэўніваць мяне, што я проста ня ведаю гісторыі, і што гэта саветы стварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, вызваліў беларускі народ, адчыніў школы й г.д. Я ня стаў удавацца ў дэталі, але ўсё ж запярэчыў, што Савецкі Саюз ня мог стварыць Беларускую Рэспубліку, бо яна была абвешчаная яшчэ ў 1918 годзе. Сьледчы запярэчыў, што ўсё гэта няпраўда, нямецкая агітацыя, і што беларусы мусяць дзякаваць Савецкаму Саюзу за стварэньне рэспублікі. Я разгарачыўся. Гэбіст уцягнуў мяне ў дыскусію, і я пачаў спрачацца, што той проста ня ведае гісторыі Беларусі. Я ўзбуджана распавядаў пра барацьбу беларускай інтэлігенцыі за незалежнасьць ад Польшчы й Расеі. Я ўзгадаў Княства Літоўскае, Кастуся Каліноўскага, які загінуў ад рукі царскага палача ў 1863 годзе, таму што хацеў, каб Беларусь была незалежнай. Я не ўсьведамляў тады, што выкладаю ім свае палітычныя погляды й патрыятычныя памкненьні. Сьледчы перахітрыў мяне. Працяглы час мы маўчалі. Гэбіст разглядаў паперы ў сябе на стале. Ён сказаў, што яму вельмі шкада мяне. Што я валодаю памылковай інфармацыяй, і мне, відавочна, нехта прамыў мазгі, магчыма, у лягеры для ваеннапалонных.
Сьледчы ведаў, што немцы дазволілі лекару Міколу Скорсу аб'яднаць вялікую колькасьць беларускіх патрыётаў у Беларускі нацыянальны камітэт у Берліне. Шмат хто з гэных патрыётаў вучыўся тамака перад вайной, але некаторыя былі вызваленыя зь лягеруў, і ім была прапанавая праца, як мне. Я сказаў сьледчаму, што мне ніколі ніхто не прамываў мазгоў. Тым больш, што я знаходзіўся ў лягеры нядоўга, і проста не было часу на тое, каб мне навязалі нейкія йдэі. Мы йзноў надоўга замаўчалі. Гэбіст праглядаў паперы, лічыў старонкі, паглядаў на мяне. Ён знарок маўчаў, і я пачаў пачувацца яшчэ больш няўтульна. Я здагадваўся, што сьледчы падазрае мяне ў сувязі з гэным камітэтам і думае, што мяне заслалі ў Беларусь. Гэна было няпраўдай, але як я мог даказаць гэта?
Празь нейкі час гэбіст заўважыў, што я, здаецца, ня надта схільны ды размоваў. Па ягоных словах было ўжо чатыры раніцы, і сьледчы прапанаваў прыпыніць допыт, каб я як сьлед усё абдумаў, а потым расказаў пра сябе крыху больш, чым зараз. Гэбіст націснуў кнопку, увайшоў ахоўнік і загадаў мне ісьці за ім назад у камеру. Калі я ўжо выходзіў, сьледчы заўважыў, што супрацоўніцтва зь імі дапаможа мне атрымаць свабоду. Я прамоўчаў - павярнуўся й пайшоў за ахоўнікам.
У калідорах панавала цемра. Калі дзьверы за мной зачыніліся зь ненавісным ужо бразгатаньнем, я падумаў, што зажыва пахаваны тутака. У мяне пацяжэла галава, і я пачуваўся прыгнечаным. Я зразумеў, што абвінавачаньні, якія мне прад'яўлялі, былі значна цяжэйшымі, чым я мог уявіць. Мяне падазравалі ў тым, што я засланы немцамі з мэтай арганізацыі пэўнай антыўрадавай дзейнасьці, і маю заданьні ад Беларускага камітэта ў Берліне. Прычым, я ня мог даказаць сваю невінаватасьць.
А сёмай раніцы мяне йзноў пабудзілі. Мне не дазвалялі спаць удзень. Я сеў на крэсла ў куце, якое было прыкручанае да сьцяны, і паспрабаваў паспаць, але так, каб не заўважыў ахоўнік. Таксама я зрабіў з хлебнага мякіша шахматы й спрабаваў гуляць сам з сабой: левай рукой супраць сваёй жа правай. Я пачаў уцягвацца ў гульню, але баяўся, што зьеду з глузду.
Некалькі дзён прайшло бяз допытаў. Кожную раніцу й удзень я рабіў зарадку, наколькі гэна было магчыма ў такой абмежаванай прасторы: выконваў хадзьбу, бег на месцы, адзьцісканьні. Я спадзяваўся, што яшчэ, магчыма, надарыцца магчымасьць зьбегчы, і я мушу быць у добрай форме. Я не хацеў мірыцца з тым, што мне прыдзецца сядзець у турме да канца маіх дзён. Я верыў, што нешта можа здарыцца й я буду йзноў вольным.
Ежа кожны дзень была аднолькавая: палова фунта мокрага, ліпкага хлеба, які ня меў ніякага смаку, і рыбны суп са шматкамі бульбы на палудзень і вячэру. Гэнага было дастаткова толькі, каб не памерці, але я не пачуваўся галодным. Я страціў апетыт праз дэпрэсію, прыніжэньне й безнадзейнасьць. Я заўважыў, што губляю вагу й стамляюся хутчэй, чым звычайна.
Аднойчы ў сярэдзіне лютага, апоўначы, пасьля некалькіх гадзінаў адпачынку, мяне йзноў выклікалі на допыт. Я йшоў за ахоўнікам, але гэным разам ён павёў мяне ў сутарэньні. Пакой для допытаў быў гэткім жа самым: крэсла, стол, лямпа. Мне загадалі сесьці, і затым увайшоў афіцэр-гэбіст. Калі я зірнуў на яго, то ў мяне мурашкі пабеглі па скуры. Я спужаўся, спужаўся ўпершыню за ўвесь час. Сьледчы быў надта высокім, з шырокімі плячыма, гадоў сарака-пяцідзесяці. У яго быў вузкі лоб, шырокія бровы, цёмныя вочы, гарбаты нос, вялікія вусны й цяжкое падбародзьдзе зь ямкай пасярод. Афіцэр быў гладка паголены й акуратна апрануты. У яго быў жорсткі, змрочны выраз твару, які не пакідаў вам ніякай надзеі, і стваралася ўражаньне, што гэны чалавек можа выкарыстаць якія заўгодна метады допыту.
Гэбіст сеў, адкрыў маё дасье й, здаецца, не заўважаў мяне. Ён назваў мне сваё імя - калі не памыляюся, Ісаак Гіньзьберг. Раптам ён узьняўся, падышоў да мяне й сказаў, што я манюка. Ён паклаў паперы перада мною й загадаў прачытаць іх, а сам вярнуўся да стала й запаліў цыгарэту. Гэбіст утульна разьмесьціўся на сваім крэсьле, сядзеў сабе ды й пускаў колцы дыму. Я пачаў чытаць і проста ня верыў сваім вачам. Тамака было ўсё, што я расказаў у Баранавічах старому, але, акрамя гэнага, яшчэ тузін рэчаў, якіх я ніколі ня ўзгадваў. Напрыклад, што ў Налібоцкай пушчы я трымаў у падпольным складзе амуніцыю й зброю й што мой брат Вальтэр добра ведае пра гэта. Таксама там казалася, што я атрымаў ад сваіх дзядзькоў Базыля й Шчатыркі, якія, быццам бы, нямецкія шпіёны, загад пашырыць шпіёнскае кола ў раёне Любчы й Наваградка. Акрамя гэнага, я мусіў арганізаваць падпольную армію, каб узьняць паўстаньне супраць Савецкага Саюза. Я сапраўды ня верыў сваім вачам! Усё, што я наказаў старому, было праўдай, але ўсё астатняе - плён хворага ўяўленьня!
Мне спатрэбілася паўгадзіны, каб прачытаць напісанае, і калі я нарэсьце скончыў, то адклаў паперы ўбок і сказаў, што гэна ўсё хлусьня. Што няма ніякай шпіёнскай арганізацыі, ніякага падпольнага руху. Я спытаўся, якім чынам, яны думаюць, я мог пасьпець сабраць склад зброі, стварыць шпіёнскае кола, падпольную армію за такі кароткі час: зь верасьня па студзень? Я нэрвова засьмяяўся й заўважыў, што гэта не я манюка, а тыя, хто спрабуе абвінаваціць мяне ва ўсіх гэных грахах. У той самы момант, калі я сказаў гэна, я зразумеў, што зрабіў памылку. Сьледчы ўскочыў, скінуў мяне з крэсла й ударыў кулаком па галаве спачатку справа, а потым зьлева. На нейкі час я страціў прытомнасьць, а калі ачуняў, то зразумеў, што ляжу на падлозе. Я паспрабаваў узьняцца. Мне было млосна, і ў галаве гудзелі званы. Пакой круціўся, і мяне ванітавала. Я здолеў сесьці на крэсла, і гэбіст, які выглядаў вельмі жорсткім, стаў насупраць мяне. Ён сказаў, што я абразіў яго, калі назваў манюкам, і што я паплачуся за гэна двума днямі йзаляцыі. Я ня мог даўмецца, якога кшталту йзаляцыю ён мае на ўвазе, бо я і так ужо быў ізаляваным у сваёй камеры. Але ў мяне, па словах сьледчага, яшчэ быў шанец выправіць становішча, калі б я падпісаў паперы. Калі я так зраблю, КГБ паставіцца да мяне інакш і будзе больш паблажлівым. Я амаль ня чуў гэных словаў і толькі круціў галавой і паўтараў, што не магу падпісаць дакументы, у якіх ні слова праўды. Тады сьледчы паведаміў мне, што мае дзядзькі й Вальтэр - часьнейшыя за мяне, і што яны якраз-такі пажадалі апраўдацца за сваю дзейнасьць. Ён сказаў, што яны ўва ўсім прызналіся й КГБ паставіўся да іх спагадліва. Я зірнуў на гэбіста й заявіў, што паверу гэтаму, толькі калі пачую гэта ад іх саміх. Не памятаю, што адбылося потым. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб ачомацца ад біцьця. Я ляжаў на падлозе, а сьледчы біў мяне нагой у пахвіну, і тады я зусім страціў прытомнасьць.
Калі я ачуняў, гэбіста ўжо не было ў пакоі. Ахоўнік дапамог мне ўзьняцца, паклікаў другога, і яны напалову вывялі - напалову выцягнулі мяне з пакоя. Я заўважыў, што мы йдзем ня ў камеру, а некуды ў сутарэньні. Яны прывялі мяне да нейкіх дзьвярэй, упіхнулі ўнутр і зачынілі дзьверы. У камеры было напаўцёмна, але я заўважыў матрац у куце. Пакой быў футаў чатырох-шасьці, а то й меней. Сьцены былі вільготнымі, і стаяў смурод. Гэта й называлася йзаляцыяй. Людзі бавілі ў ёй дні й тыдні ў якасьці пакараньня. Няўжо я сапраўды абразіў сьледчага? Я толькі сказаў, што ў паперах была хлусьня, але ён прыняў гэна на свой рахунак. Альбо гэна была проста нагода зламаць мой супраціў? Я ня ведаў.
Празь нейкі час мне прынесьлі вады й хлеба, якіх мусіла хапіць на цэлы дзень. Потым ізноў стала ціха. Я сядзеў на матрацы й абмяркоўваў сваё становішча й будучыню. Я пачуваўся поўнасьцю бездапаможным. Я мог спаць толькі ўрыўкамі ў гэнай халоднай вільготнай камеры.
Ня ведаю, як доўга мяне тамака трымалі - магчыма, дзень ці два. Нарэсьце, дзьверы адчыніліся, і ахоўнік правёў мяне назад у маю камеру. Якая палёгка! Мая камера падалася мне тады гатэльным нумарам! Магчыма, ізаляцыя была мне нават на карысьць, бо цяпер я шанаваў сваю камеру, і яна падавалася мне сапраўды ўтульнай. Аднак я разумеў, што ня мушу рабіць ніякіх імпульсіўных учынкаў, каб нікога не пакрыўдзіць.
Мяне пакінулі ў спакоі на два-тры дні. Потым мяне выклікалі йзноў і прывялі ў звычайны пакой для допытаў. Увайшоў малады лейтэнант і сказаў, што ён ведае пра непаразуменьне, якое паўстала з апошнім сьледчым, але я быў пакараны за тое, што даў волю сваім эмоцыям. Лейтэнант спадзяваўся, што я абмеркаваў сваё становішча й згодны цяпер падпісаць прызнаньне. Ён дадаў, што я яшчэ малады й мяне чакае сьветлая будучыня, калі я прыму савецкі лад як адзінае выйсьце для тых, хто пакутваў ад капіталізму, царскага самаўладзьдзя й палітычнага ўціску з боку Польшчы. Я паглядзеў на сьледчага. Я ўжо нікому не давяраў. Я пакруціў галавой у знак адмаўленьня падпісаць прызнаньне, бо ў ім няма ні слова праўды. Я дадаў, што яны могуць мяне ўзноў пасадзіць у адзіночную камеру, але я нічога не падпішу. Гэбіст заставаўся вельмі прыязным. Ён ня ўзьняў на мяне голасу, ня выказаў гневу. Ён працягваў задаваць тыя самыя пытаньні й распавёў гісторыю пра тое, як ангельцы спрабавалі атрымаць уладу над Індыяй за кошт таго, што нацкавалі індуістаў і мусульманаў адзін на аднаго. Ён параўнаў гэта з намаганьнямі Нямеччыны, якой хочацца пасварыць паміж сабой этнічныя групы ўнутры Савецкага Саюза. Я адказаў, што сумняваюся ў тым, што немцы парушаць пакт аб ненападзе, які яны падпісалі з Савецкім Саюзам. Гэбіст расьсьмяўся на гэна й спытаўся, няўжо я сапраўды думаю, што саветы давяраюць немцам, што яны могуць прыняць фашызм - архіворага савецкай сыстэмы? Ён дадаў, што Савецкі Саюз мусіць быць гатовы да барацьбы й павінны ачышчаць сваё грамадзтва ад такіх людзей, як я, якія хочуць разваліць яго знутры. І ён запэўніў мяне, што яны здолеюць выканаць свой абавязак.
Мяне адвялі ў камеру й пакінулі ў спакоі на некалькі дзён, а потым ізноў дапытвалі дні два-тры.
Гэта працягвалася бясконца. Напрыканцы сакавіка мяне прывялі ў зусім іншы пакой для допытаў. Я пахаладзеў: тамака знаходзілася лаўка з рамянямі, а таксама Гіньзьберг і два ніжэйшых па званьні гэбіста. Гіньзьберг сядзеў якраз насупраць мяне й выглядаў даволі пагрозьліва. Ён пазіраў то ў паперы, то на мяне. Ён паведаміў, што я маю апошні шанец прызнацца ўва ўсім, інакш я сутыкнуся зь вельмі непрыемнымі пасьледзтвамі сваіх паводзінаў. Я адказаў, што ўжо прызнаўся ўва ўсім і што мне няма чаго дадаць. Сьледчы запярэчыў, што гэта ня так, бо інфармацыя, якую яны атрымалі ад Косьціка, ягонага дзядзькі й маіх дзядзькоў, не супадае з тым, што наплявузгаў я, і што калі я не падпішу прызнаньне, у дачыненьні да мяне будуць прымененыя крыху іншыя сродкі допыту. Пагрозьлівым тонам сьледчы сказаў: "Вось папера. Вось асадка. Падпісвай!" Я не зварухнуўся зь месца - толькі моўчкі глядзеў на яго. Потым апусьціў галаву і раптам быў падхоплены двума гэбістамі, пакладзены на лаву тварам уніз і прывязаны. Яны зьнялі мае чаравікі, і я адчуў жахлівы боль. Я не магу яго нават апісаць - гэта было так, быццам нехта прыкладаў да маіх ступней гарачы прас. Гэна быў пякучы боль, які працінаў ногі й мозг. Ня ведаю, колькі яшчэ яны білі мяне па нагах, бо я хутка страціў прытомнасьць. Калі я нарэсьце адкрыў вочы, то быў зусім мокрым, зь мяне лілася вада й я сядзеў на лаве. Мне загадалі сесьці на крэсла, але я ня мог ступаць балючымі нагамі. Тады мне загадалі абуць чаравікі, і я заўважыў, як у мяне апохлі ногі. Каты падзьцягнулі мяне да крэсла, і Гіньзьберг сказаў, што гэна быў толькі маленькі прыклад таго, што робяць з ворагамі Савецкага Саюза, якія ніяк ня хочуць зьмяніцца ў лепшы бок і прызнаць савецкую сыстэму.
Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб здолець хадзіць. Я фанатычна разьвіваў тулава, але пакінуў у спакоі ніжнюю частку цела.
Было недзе дваццатага красавіка, Вялікдзень, дзень, калі расьпялі Хрыста. Я паспрабаваў узгадаць якія-небудзь рэлігійныя сьпевы, а таксама велікодную службу, якую наведвала мая маці, і нават пашкадаваў, што ня веру сьлепа ў Бога, які ёсьць міласэрным і ўсёдаравальным. Я стаў думаць, ці не зрабіў чага, каб заслужыць гэтае пакараньне. Няўжо гэна была Боская воля на тое, што столькі людзей арыштоўваюць, дапрошваюць, расстрэльваюць, адпраўляюць у Сібір? І калі так, то як ён можа быць такім жорсткім? Як ён можа дазволіць, каб людзей наказвалі за тое, чаго яны ніколі не рабілі? Я спрабаваў засяродзіцца, маліцца. Але я ня ведаў малітваў. А можа, я мог бы маліцца сваімі словамі, ці яны тады ня будуць пачутымі? Я паспрабаваў прасьпяваць песьню, якую звычайна выконвалі ў царкве падчас прыгожай велікоднай службы. Але я ня змог пець, бо разумеў, што ня веру ў Бога, створанага царквой. Калі ён сапраўды існаваў, то ўва ўсім сусьвеце, і ня быў адказным за тое, што людзі робяць у дачыненьні адзін да аднага. Я быў упэўнены, што Бог не вінаваты ў разбурэньні й сьмерцях, выкліканых нямецкім нашэсьцем у Польшчы й Чэхаславакіі. Што ён не вінаваты ў рэпрэсіях супраць людзей у Савецкім Саюзе. Я падумаў, што, відаць, Бога сапраўды стварылі людзі й надзялілі яго ўсімі сваімі рысамі, усімі сваімі слабасьцямі. Верагодна, гэта сапраўды так, бо калі б не было людзей, не было б таго Бога, якога мы ведаем дзякуючы царкве, не было б розных рэлігіяў. Бог розны для жыдоў, каталікоў, праваслаўных, мусульманаў, афрыканскіх, індэйскіх плямёнаў, якія не спавядаюць асноўных рэлігіяў. Усе маюць Бога ці багоў, якія створаныя па людзкім падабенстве. Я лічыў, што няварта маліцца гэтаму Богу, бо ён такі ж самы, як і людзі. Такі ж жорсткі й бязьлітасны, як і яны. А вера ў тагасьветнае жыцьцё дапамагае толькі тым, хто знаходзіцца пры сьмерці й хоча спадзявацца, што пабачыць лепшае заўтра. Але я так і не знайшоў адказу на ўсе свае пытаньні пра Бога.
Па нейкай невытлумачальнай прычыне мне дазволілі чытаць кнігі з турэмнай бібліятэкі, якія прыносіў бібліятэкар-зьняволены. Большасьць кніг былі нецікавымі - у асноўным, бальшавіцкая прапаганда, але я атрымліваў таксама пераклады заходняй клясікі на расейскую мову, і чытаў па кніжцы на тыдзень. Аднойчы мне трапілася кніга Лермантава. Адзін зь вершаў у ёй быў пра маці, якая згубіла свайго сына. Тамака казалася, што, як вярба ня зможа ўзьняць свае галіны, так і маці ніколі не забудзе сваё дзіця. Я задумаўся пра сваю маці. Бедная жанчына - яна столькі пакутвала! Колькі яна натрывалася, калі згубіла свайго мужа, а затым - сына. Я думаў пра тое, што яна здолела выгадаваць мяне адна, толькі каб згубіць падчас вайны (калі яна нават ня ведала, ці жывы я), пабачыць на нейкі час, а потым ізноў згубіць. Прычым, калі я быў ваеннапалонным, яна магла хаця б спадзявацца, што я вярнуся, а цяпер, калі мне прад'яўлялі палітычныя абвінавачаньні, надзеі амаль не было. Я выўчыў гэны верш напамяць і дагэтуль ведаю яго.
Празь нейкі час я ўсьвядоміў, што мне спрабуюць адстукваць нешта празь сьцяну на марзянцы альбо наўчыць ёй. Але я ня здолеў гэтага зрабіць. Ня ведаю, чаму, але я не разумеў гэтай сыстэмы й дагэтуль не валодаю ёю. Магчыма, гэта таму, што я баяўся, што любая камунікацыя са зьнешнім сьветам, нават з суседняй камерай, прывядзе да йзаляцыі, а мне гэтага надта не хацелася.
Дні міналі адзін за адным, і, па маім календары, надышло першае траўня - дзень усіх працоўных. Паколькі мяне перавялі ў іншы будынак, я мог бачыць вуліцы Менску й чуць музыку й гукі параду. Мой сьледчы, малады чалавек, сказаў, што, калі я падпішу прызнаньне, то змагу быць сярод сьвяточнага натоўпу. Я ведаў, што гэна няпраўда й што, калі я сапраўды зраблю гэта, то падпішу сьмяротны прыгавор маім дзядзькам і іншым людзям, якія ўцягненыя ў маю справу. Я йзноў паўтарыў, што не падпішу, бо тамака ўсё няпраўда. Тады гэбіст параіў мне назіраць парад праз вакно. Знадворку ўсё падавалася такім вясёлым, але я ня мог даўмецца, як людзі могуць радавацца ў турме, якой для іх стаўся Савецкі Саюз. Сьледчы сказаў, што, калі мне ўжо напляваць на сябе, і я хачу зламаць сабе жыцьцё праз сваю ўпартасьць, то мушу падумаць хаця б пра маці. Ён намякнуў, што маці могуць таксама арыштаваць, і, магчыма, яна раскажа ім пра мяне крыху больш. Гэта было горш за ўсе катаваньні. Я мог вытрымаць зьбіваньні, ізаляцыю, але ня тое, што з маёй маці можа быць тое самае. Упершыню я задумаўся пра тое, каб падпісацца й выратаваць маці. Я вельмі доўга разважаў пра гэна, але потым вырашыў, што, калі ўжо нешта мусіць здарыцца зь ёю, то гэта здарыцца незалежна ад таго, што я зраблю. Яны ўсё роўна арыштуюць яе, калі ўжо наважыліся, але калі я падпішу, яна апынецца палітычным вязьнем.
Празь некалькі дзён мяне ўзноў выклікалі на допыт, і я пабачыў ката Гіньзьберга. Я прырыхтаваўся да найжахлівейшага катаваньня й баяўся, што ня вытрымаю яго й падпішуся. У глыбіні душы я адчуваў, што аднойчы ўсё роўна падпішу, і мяне тады праклянуць, заб'юць, сашлюць. Я ўжо больш ня мог трываць фізычны й духоўны зьдзек.
Надзіва, Гіньзьберг нават не ўздымаў на мяне голасу, быў спакойным, стрыманым, але ягоныя словы праціналі мяне наскрозь. Ён сказаў, што такіх людзей, як я, трэба забіваць. Ён выцягнуў пісталет і сказаў, што аднойчы яны вывязуць мяне за Менск, заб'юць адной куляй, і ніхто не даведаецца, што са мной сталася. Цяпер я ведаю, што мяне зьбіраліся адвезьці ў Курапаты, парослую лесам тэрыторыю недалёка ад Менску, дзе сотні й тысячы беларусаў былі забітыя за злачынствы, якіх яны не ўчынялі, але ў якіх падазраваліся за любоў да радзімы, сваёй мовы й культуры й за супрацьстаяньне жорсткай сыстэме, створанай Сталіным. Толькі ў 1987-1988 гадах масавыя могілкі ў Курапатах былі адкапаныя, і ў іх былі знойдзеныя 30 тысяч чалавек, застрэленых у галаву.
Я разумеў, што доўга не пражыву, што хутка нешта здарыцца. Мяне альбо заб'юць, альбо сашлюць у Сібір. Былі пэўныя моманты, калі мне, здавалася, было ўжо напляваць. Я губляў вагу й задыхваўся. Я рабіў гімнастыку, але мае мышцы атрафіраваліся. Я яшчэ ня ведаў, што ў мяне вадкасьць у левым лёгкім. Я папрасіў ахоўніка адвесьці мяне да ўрача, але салдат адказаў мне, што ўрач будзе толькі празь некалькі дзён і я тады магу да яго зьвярнуцца. Аднойчы дзьверы камеры расчыніліся, увайшла лекарка - жанчына ў форме КГБ - і спыталася, што мяне турбуе. Я адказаў, што адчуваю боль у грудзях, зь левага боку, і што, калі я дышу, то здаецца, што ў мяне вада ў лёгкім. Лекарка агледзела мяне й параіла не турбавацца, бо гэта хутка пройдзе. Я спытаў, што яна мае на ўвазе, але яна прамоўчала - проста павярнулася й выйшла. Можа, ёй ужо было вядома, што мяне расстраляюць? Ці гэта проста савецкая медыцына такая? Можа, гэта нармалёва й савецкія лекары заўсёды так ставяцца да пацыентаў? І чаго я чакаў? Каб мяне накіравалі ў лазарэт, дзе я атрымаў бы чысты ложак і мяне агледзеў бы сапраўдны лекар?
Канечне ж, мне не палепшала. Наадварот, у мяне зморшчылася скура, у маім арганізме больш не было тлушчу, я адчуваў, што ў мяне вада ў грудзях, і мне балюча было дыхаць.
Прайшло некалькі дзён. Я йзноў пачаў гуляць сам з сабой у шахматы, чытаў і вучыў напамяць вершы.
Напрыканцы траўня альбо ў пачатку чэрвеня ўвайшоў ахоўнік і загадаў ісьці за ім. Мяне прывялі ў незнаёмы пакой, дзе за сталом сядзелі тры гэбісты. Мне загадалі сесьці. Адзін зь іх узяў аркуш паперы й пачаў чытаць услых. Ён назваў маё імя, дату нараджэньня, а потым абвесьціў абвінавачаньне ў шпіянажы, арганізацыі шпіёнскага кола на карысць Нямеччыны, распаўсюджваньні анты-савецкай прапаганды, падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня ў Беларусі, а таксама прыгавор да расстрэлу. Гэныя словы зьвінелі ў мяне ў вушах. Мне было дваццаць гадоў, і мяне зьбіраліся забіць за злачынствы, якіх я ніколі не рабіў. Я толькі вярнуўся на радзіму, каб вучыцца далей і стаць лекарам. Няўжо, гэта й было злачынствам? Другі гэбіст спытаўся, ці маю я што сказаць. Я адказаў, што ўжо ўсё паведаміў ім. Тады ён загадаў мне падпісаць прыгавор. Я спытаўся, ці азначае гэта прызнаньне ў пералічаных злачынствах. Гэбіст адказаў, што ў загадзе напісана, што я азнаёмлены з абвінавачаньнямі. Ён дадаў, што я буду расстраляны ўзводам. Я падпісаў. Тады мне паведамілі, што я маю трыццаць дзён, каб напісаць Сталіну прашэньне аб памілаваньні й зьмяненьні прыгавора на дваццаць пяць гадоў у працоўным лягеры. Да мяне вярнулася надзея. У мяне было яшчэ трыццаць дзён.
Мяне адвялі назад у маю камеру, дзе я сабраў свае рэчы, а потым закінулі ў іншую камеру, адмысловую - для сьмертнікаў. Тамака ўжо было каля дзевяці чалавек, якія выглядалі старэй за мяне. Адзін зь іх спытаўся, як мяне клічуць, колькі мне гадоў, які прыгавор і ці прасіў я аб памілаваньні. Я адказаў, што, на мой погляд, лягер лепш за сьмерць, бо ў нас будзе шанец выжыць.
Я ўладкаваўся каля інжынера, гадоў пяцідзесяці, які быў моцна прыгнечаным. Сярод ночы ён прачнуўся, пачаў плакаць і біцца галавой аб сьцяну. Ён распавёў мне, што быў вымушаны разьвесьціся з жонкай, кінуць траіх дзяцей, бо яго абвінавацілі ў злачынствах супраць Савецкага Саюза. Цяпер жыцьцё было для яго бессэнсоўным. Я вырашыў пазнаёміцца зь ім бліжэй. Я выцягнуў свае шахматы й запрасіў інжынера згуляць раз-другі й пагутарыць.
Я чытаў на сьцяне ймёны, даты, абвінавачаньні тых, хто сядзеў тутака да нас. Іх было поўна, яны былі асуджаныя на сьмерць за злачынствы, якіх не рабілі й дзень пры дні чакалі непазьбежнага.
Аднойчы раніцай нас пабудзілі выбухі. Мы не ўяўлялі, што гэна магло быць. Нехта выказаў здагадку, што гэна ваенныя вучэньні. Калі так, то яны мусілі быць надта сур'ёзнымі, бо сьцены нашай камеры дрыжэлі. Гэна была раніца 22 чэрвеня 1941 года.
Да нас у камеру ўвайшоў хлопец, гадоў васемнаццаці, і паведаміў: "Таварышы! Немцы бамбяць Менск!" Значыць, пачалася вайна. Мой мозг ажывіўся. Зьявілася надзея, але затым - страх. Магчыма, гэбісты расстраляюць нас усіх і мы не пасьпеем атрымаць памілаваньне ад Сталіна.
Наступнай ноччу бамбілі праз кожныя пятнаццаць хвілінаў. На досьвітку ўвайшоў ахоўнік і загадаў усім выйсьці. Няўжо нас расстраляюць? Нас вывелі ў двор астрога, а потым - на вуліцы Менску. Горад гарэў. Некалькі будынкаў непадалёк ад турмы былі разбураныя. Як толькі мы выйшлі за межы астрога, мы пабачылі яшчэ адну калёну зьняволеных - недзе каля дзесяці тысячаў чалавек.
Зь неба пачуўся жахлівы віск, і нехта закрычаў, каб усе паляглі на зямлю, бо зараз немцы будуць бамбіць вуліцы. Над намі праляцелі самалёты й паскідалі бомбаў у розных накірунках. Я падпільнаваў магчымасьць прыстаць да іншага натоўпу зьняволеных і забіўся глыбока між імі. Недзе праз паўгадзіны ахоўнік загадаў усім замаўчаць, і нехта з гучнагаварыцелем закрычаў, што зьняволеныя з "амерыканкі" мусяць выйсьці, інакш іх расстраляюць. Я сказаў самому сабе, што змагу выжыць, толькі калі застануся ў новым натоўпе, што й зрабіў.
Мы павольна пайшлі калёнай ва ўсходнім накірунку - да мястэчка Чэрвень, якое знаходзілася кілямэтрах у шасьцідзесяці ад Менску. Калі мы йшлі, я зразумеў, што такое "бліцкрыг". Чырвоная Армія не была падрыхтаванай да вайны й адступала ў беспарадку. Калі я ўпершыню пабачыў нямецкія танкі, яны знаходзіліся ў савецкім тыле. Фронту не йснавала.
Была сонечная летняя раніца - яшчэ ніякай сьпякоты й лёгкі ветрык. Як гэта цудоўна - дыхаць сьвежым паветрам! Мяне трымалі ў камеры каля шасьці месяцаў. Мне не дазволілі рабіць гімнастыку ў двары, і я пакідаў камеру, толькі калі хадзіў на допыты. Нарэсьце я выйшаў з турмы!
Калёна, якая расьцягнулася на некалькі кілямэтраў, павольна рухался наперад з ахоўнікамі справа й зьлева. Рабілася ўсё цяплей, нават горача. Раптам нам усім загадалі збочыцць з дарогі, каб адпачыць. Праз колькі часу мы рушылі йзноў. Слабейшым загадалі застацца пры дарозе, а потым расстралялі, калі іх мінула калёна. Вось тады я парадаваўся, што рабіў зарадку. Нягледзячы на вадкасьць у лёгкім, я працягваў ісьці. Я трымаўся калёны, каб мяне не забілі пры дарозе. Раптам я зразумеў сваю памылку: на мне было паліто, якое маці падарыла мне на Ражаство - з футраным каўнерам, а гэта адрозьнівала мяне ад астатніх. Да мяне падышоў ахоўнік і спытаўся, ці не з "амерыканкі" я. Я адмоўна пакруціў галавой, але ён сказаў, што пазнаў мяне й загадаў мне збочыць з дарогі. Мы чакалі, пакуль калёна пройдзе, але, дзякаваць Богу, нешта іншае адзьцягнула ўвагу ахоўніка, і ён кінуў мяне. Я хуценька ўціснуўся ў калёну.
Нарэсьце, мы прыйшлі ў чэрвеньскую турму, і нас пастроілі ў двары. Тамака не хапала месца для такой колькасьці людзей. Камісар КГБ аб'явіў у гучнагаварыцель, што зараз усіх правераць пайменна й адпаведна са злачынствамі, у якіх іх абвінавачваюць. Паколькі я бачыў, як адступае Чырвоная Армія, я ня мог паверыць, што ў аховы меюцца з сабой нейкія дакументы на зьняволеных.
У двары пасьпешліва паставілі стол, і за яго селі тры гэбісты. Усе павінны былі падыходзіць да іх, казаць імя й злачынства. Мой сябар, інжынер з камеры сьмертнікаў, спытаўся, што я зьбіраюся рабіць. Я адказаў, што яны ня могуць ведаць, у чым нас абвінавачваюць. Я папярэдзіў яго, што ён мусіць маніць, што заўгодна: што ён вор, злачынца, але толькі не шпіён і контррэвалюцыянер. Інжынер баяўся, што гэбісты могуць знайсьці ягонае ймя. Я адказаў, што мы не павінны ні ў чым прызнавацца, каб паспрабаваць унікнуць сьмерці. Ён не адказаў. Ён быў бледным і дрыжэў. Ягоныя валасы былі зусім сівыя, і здавалася, што яны яшчэ больш пасівелі за два тыдні ў камеры сьмертнікаў. Я ня мог больш нічога параіць яму. Сам я цьвёрда вырашыў не здавацца, бо быў упэўнены, што ахоўнікі ня змогуць праверыць, хто я такі.
Адзін за адным мы пасоўваліся да стала. Я стараўся падслухаць, што кажуць астатнія. Нас падзялілі на дзьве групы. Адна складалася з тых, каго абвінавачвалі ў шпіянажы й контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Іх адводзілі да турэмнай сьцяны й моцна ахоўвалі. Другая - з тых, каго абвінавачвалі ў злачынствах меншай цяжкасьці. Да вечара каля сьцяны назьбіралася недзе тысяча сто чалавек.
Надышла мая чарга. Я выдумаў сабе ймя. У мяне спыталіся, у чым мяне абвінавачваюць. Я сказаў, што ня ведаю. Што мне загадалі нарубіць столькі й столькі кубічных мэтраў, але я хварэў і ня здолеў выканаць заданьня. За гэна мяне, быццам бы, і адправілі ў турму. Я ўжываў простыя сялянскія выразы й зрабіў выгляд, што дурнаваты. Я й сапраўды па-дурному выглядаў: худы, абцягнены жоўтай скурай, крыху абпаленай на сонцы. Мяне накіравалі ў натоўп, які ахоўваўся ня надта моцна. Пасьля мяне йшоў інжынер. Ня ведаю, што ён сказаў, але яго адправілі ў групу ля сьцяны. Я стаміўся й прысеў адпачыць на сонцы й сьвежым паветры. Неба было чыстым і мірным, і я разважаў, што нас чакае.
Аб адзінаццатай вечара мы заўважылі, што другая група зьнікла. Каля паўночы мы пачулі кулямётныя чэргі. Выдавала на сутычку зь немцамі. Нейкі час было ціха. Мы ня ведалі, што тамака здарылася. (Пасьля мясцовыя жыхары распавялі нам, што гэна на ўсходзе ад Чэрвеня расстралялі другую групу.) Каля чатырох раніцы нехта закрычаў, што нас пакінула ахова. Усе паўставалі, узьняўся шум. І сапраўды - аховы не было. Мы адчынілі турэмныя вароты, і ўсе павыбеглі.
Я бег і бег і нарэсьце апынуўся каля пакінутай сялянскай хаты. Тамака меўся подпал, у які можна было залезьці знадворку, што я й зрабіў, каб перачакаць і пагледзець, што будзе далей. Я заставаўся тамака ўвесь дзень і ўсю ноч. На наступны дзень я вылез, каб разгледзецца й, на дзіва, пабачыў на краю вёскі нямецкі танк з экіпажам у чатыры-пяць чалавек. Немцы галіліся. (Яны, відаць, не маглі ўявіць, што можна ваяваць не пагаліўшыся, альбо ім загадвалі.) Я ўзрадаваўся, што пабачыў салдат, але й пабойваўся, бо ня ведаў, што можа здарыцца. Паколькі я гаварыў па-нямецку, я падышоў да іх. Я павітаўся й яны прыязна адгукнуліся. Яны спыталіся, хто я такі. Я адказаў, што быў дагэтуль у савецкай турме, а зараз іду дамоў на захад ад Менска й хацеў бы атрымаць якое-небудзь пасьведчаньне, што дазволіць мне вольна перамяшчацца. Яны адказалі, што мне не патрэбныя ніякія паперы, бо я размаўляю па-нямецку, і мяне ніхто ня спыніць. Я ня ведаў, верыць ім ці не, але яны былі даволі прыязнымі й у добрым настроі. Я не ўсьведамляў, што лініі фронту не было. Яны альбо прарваліся, альбо іх закінулі на парашутах. Саветы былі раскіданыя й ня ведалі, дзе знаходзяцца немцы.
Я пайшоў назад на захад. Ніхто не пытаўся, хто я такі ці што раблю. Я дайшоў да краю пушчы, і раптам нехта па-расейску загадаў мне ўзьняць рукі ўгору. Мяне спыталі, куды я йду. Я адказаў, што быў у турме, а цяпер хацеў бы запісацца ў Чырвоную Армію, але ня ведаю, дзе гэта можна зрабіць. Яны спыталіся, ці магу я пацьвердзіць, што быў у турме. Мне пасьведчаньне далі, калі адабралі гадзіньнік. Я паказаў гэнае пасьведчаньне й мяне адпусьцілі. Я заўважыў яшчэ двух чалавек у кустах. Магчыма, гэна таксама былі зьняволеныя, якія спрабавалі дабрацца дадому. У іх таксама, відаць, папрасілі пасьведчаньні, але мужыкі ўжо выкарысталі іх на самакруткі. Празь некалькі хвілінаў я пачуў два стрэлы й падумаў, што, відаць, іх прынялі за нямецкіх шпіёнаў і расстралялі.
Я рухаўся на захад і назіраў за савецкімі войскамі, якія адступалі бяз зброі, у беспарадку. Не было арганізацыі, належнага камандаваньня. Танкі, вазы, салдаты тысячамі адступалі на ўсход. Мяне зьдзіўляла Чырвоная Армія, пра каторую я чуў столькі прапаганды. Меркавалася, што яна мусіць быць самай моцнай, аднак яна была разьбітая нямецкімі войскамі літаральна за некалькі дзён.
Калі я прыйшоў у Менск, то пабачыў на перакрыжаваньні двух разьняволеных нямецкіх салдатаў, якія былі добра ўзброеныя, і якім здавалася ў палон купка чырвонаармейцаў. Але немцы ня бралі палонных і адпусьцілі іх. Многія з гэных салдатаў засталіся ў навакольных вёсках, дзе працавалі ў гаспадарках і чакалі, пакуль сытуацыя зьменіцца.
Я дайшоў да акраіны Менску й атрымаў шок, калі пабачыў, як немцы расстрэльваюць палонных. Немцы, якія мусілі вызваліць нас, рабілі тое самае, што й саветы на працягу столькіх гадоў.
Хаця я таксама назіраў, як у некаторых вёсках людзі выходзілі з хат з хлебам і сольлю на белых ручніках, каб павітаць немцаў і падзякаваць ім за вызваленьне. Салдаты паводзілі сябе дастаткова прыязна й прымалі паднашэньні. Я бачыў, як вяскоўцы дастаюць з тайнікоў схаваныя йконы, запальваюць лампады й моляцца Богу ад радасьці, што жорсткі рэжым Сталіна нарэсьце скончыўся. Я не ўсьведамляў, што адбываецца. Мяне зьдзівіла, што немцы, якіх сяляне сустракаюць з хлебам-сольлю, расстрэльваюць ваеннапалонных бяз суда й сьледства. На той момант я ня мог думаць і не ўяўляў, што чакае мяне наперадзе.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.