Жыцьцё пад агнем. Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі

Разьдзел IV. Нарэсьце - вызваленьне! Альбо?

Мяне спыніла паліцыя й спыталася, хто я такі. Я адказаў, што сядзеў да вайны ў савецкай турме, але размаўляць буду толькі зь іхным камандзірам. Тады мяне прывялі ў маленькі паліцэйскі ўчастак, у пакой, які ахоўваўся. Я йзноў спужаўся. Да мяне хутка вярнуліся ўспаміны пра КГБ.

Мяне выклікалі да мясцовага камэнданта. Я адразу пазнаў чалавека за сталом. Гэна быў Яўген Клімовіч. Мы вучыліся разам у польскай гімназіі, і ён быў на год ці два старэй за мяне. Яўген граў на гітары й сьпяваў прыгожым тэнарам. Некалі ён быў закаханым у маю стрыечную сястру, Ніну Бітус, і прыязджаў да нас у Любчу на вакацыі.

Яўген спытаўся, хто я такі. Я ня мог паверыць, што настолькі зьмяніўся, што ён не пазнаў мяне. Я згубіў каля трыццаці кіляграмаў вагі й, відаць, дрэнна выглядаў. У мяне адрасла барада, валасы былі растрапаныя, вопратка - брудная й парваная. Я зірнуў на Яўгена, назваў па імені й сказаў, як мяне клічуць. Я нагадаў яму пра Ніну, цётку Любу, пра тое, як мы купаліся, лавілі рыбу летам у Любчы. Яўген зьмяніўся ў твары. Ён быў агаломшаны, але потым згроб мяне ў абдымкі й паведаміў, што ёсьць цяпер камэндантам гэтага ўчастка й мусіць ачысьцьць гэтую мясцовасьць ад камуністаў, адплаціць ім за тое, што яны зрабілі з намі. Я сказаў, што ўсе камуністы зьбеглі, а людзі, што засталіся, ня маюць да іх дачыненьня й самі ад камуністаў нацярпеліся. Яўген заўважыў, што нельга быць такім даверлівым, бо некаторыя бальшавікі пахаваліся па хатах і ў лясох і ўсё яшчэ пагражаюць нам. Хаця, па ягоных словах, гэта быў ня самы лепшы час, каб абмяркоўваць рэчы накшталт, і прапанаваў мне выпіць. Але я так саслаб, што пабаяўся піць. Тады мяне пакармілі, я памыўся, атрымаў чыстую вопратку й цёплы ложак і адразу ж заснуў.

Нараніцу, калі я прачнуўся, Яўген прапанаваў мне сьняданак. Ён даў мне брытву, мыла й піджак. Цяпер я пачуваўсы значна больш прэзентабельным. Я спытаўся, ці ня чуў Яўген чаго пра маю сямью. Той адказаў, што, як пачалася вайна, ён згубіў сувязь зь імі. Я падумаў, што ён проста ўхіляецца ад адказу, бо жыве ўсяго толькі ў дваццаці-пяці кілямэтрах ад Любчы.

Яўген загадаў селяніну, які меў каня й брычку, адвезьці мяне ў Любчу. Я заўважыў, што селяніна гэта ня надта ўзрадавала й паехаў ён неахвотна. Я ўзьлез у брычку й спытаў свайго сябра, ці не зрабіўся ён, часам, палякам. Яўген адказаў, што, магчыма, і так, бо вучыўся ў польскай гімназіі, жыў пад палякамі й быў каталіком. Ён сказаў, што ў гэтай мясцовасьці быць палякам выгадней за ўсё й што ён абавязаны Польшчы больш, чым якой іншай краіне. Я прамоўчаў, але быў крыху расчараваным.

Мы праехалі ня больш за пяць кілямэтраў, як селянін спыніўся й загадаў мне злазіць. Я запярэчыў, што па загадзе камэнданта ён мусіць адвезьці мяне ў Любчу. Я паабяцаў, што заплачу, як прыедзем, бо ў мяне тамака сямья. Селянін адказаў, што ехаць празь лес надта небяспечна, бо наўкола поўна чырвонаармейцаў і гэбістаў. Ён не зьбіраўся рызыкаваць празь мяне жыцьцём і пагрозьлівым тонам загадаў зьлезьці. Што зробіш - я падпарадкаваўся й пайшоў пешшу.

Калі я йшоў праз Налібоцкую пушчу, я пачуваўся, як у храме. Я хутка забыўся на абразу селяніна й амаль што на сваё мінулае. Я быў у стане экстазу ў гэным такім прыгожым і знаёмым лесе. Мне рабілася ўсё лепш і лепш. Стома амаль прайшла, магчыма, таксама дзякаваць добраму сну й ежы. Хаця мне ўсё яшчэ было балюча дыхаць, не хапала паветра, і я адчуваў, што ў лёгкіх у мяне вада.

Я йшоў з хуткасьцю тры-чатыры кілямэтры ў гадзіну й пад вечар дайшоў да паўднёвага краю пушчы. Яна была вядомым запаведнікам і захоўвалася ледзь не ў першабытным стане. Празь яе йшла толькі адна дарога, якая вяла ў Любчу й далей - у Наваградак. У 1933 годзе беларускія патрыёты хаваліся ў пушчы ад перасьледу палякаў. Патрыёты зрэдку наляталі на паліцэйскі ўчастак, які кантралявалі палякі.

Гэны лес, зь ягонай расьліннасьцю, дзікай прыродай і доўгай гісторыяй, меў вялікае значэньне для мяне. Я часта хадзіў сюды зь Любчы зьбіраць грыбы, на паляваньне альбо проста, каб пагуляць, паназіраць за прыродай.

На адлегласьці я ўжо мог распазнаць Нёман, знаёмую царкву, маёнтак Набокавых. Я спыніўся й укленчыў, каб атрымаць поўную асалоду, ад гэнага відовішча. Ці пабачу я сваю маці? Што мяне тамака чакае? Я пайшоў шпарчэй. Заставалася яшчэ кілямэтры са два да пантоннага маста на рацэ. Хутка я перайшоў яе й накіраваўся да хаты майго дзеда. Кожны крок, кожны камень і куст былі мне знаёмыя й нагадвалі дзяцінства й шчасьлівыя дні разам з братам Вальтэрам. Я ўзгадаў, як мы рыбачылі, каталіся на лодцы, плавалі. У мяне паліліся сьлёзы з вачэй. Я плакаў ад шчасьця, бо быў свабодны, жывы й дома.

Я падышоў да гаспадаркі свайго дзеда. Я пералез праз плот, мінуў агарод, сад і падышоў да цёплай хаты, дзе я правёў столькі шчасьлівых дзён. Я спыніўся ля дзьвярэй. Страх, што я магу ня ўбачыць сваю маці паралізаваў мяне. Потым дзьверы адчыніліся й выйшла цётка Люба. Яна была ў шоку. Затым выйшлі мой дзед і мая бабка. Яны пачалі плакаць. Яны не маглі паверыць, што я вырваўся з рук КГБ. Я ня чуў амаль нічога з таго, што яны казалі. У мяне мелася толькі адно пытаньне: "Дзе маці?" Усе замаўчалі. Тады цётка Люба паведаміла мне, што мая маці загінула ад нямецкай бомбы, калі праводзіла эвакуацыю пацыентаў з лячомніцы ў Наваградку. Яна загінула на сваім пасту, падчас выкананьня сваіх абавязкаў, якраз як і бацька. Цётка сказала, што мая маці - гераіня, якая, як і мой бацька загінула на перадавой.

Я разрыдаўся. Я ніколі так ня лямантаваў. Сеў на лаўку ля дзьвярэй, сагнуўся й плакаў. Ніхто мне не перашкаджаў. Ня ведаю, колькі прайшло часу перад тым, як я знайшоў у сабе моц узьняцца й спытаць, дзе маці пахаваная. Мне адказалі, што на ваенным магільніку ў Наваградку, і я вырашыў перавезьці ейныя парэшткі ў Любчу, каб пахаваць яе побач з маім бацькам і братам.

Ня памятаю, што было потым. Я, здаецца, пайшоў у хату, памыўся й пераапрануўся ў чыстую бялізну й кашулю. Вадаправоду тады не было, і ваду трэба было награваць. Мяне памыла мая цётка, якая йзноў пачала плакаць, калі пабачыла шнары на сьпіне, якія засталіся пасьля допытаў у КГБ. Яна нічога не пыталася. Не хацела верадзіць і без таго балючыя раны. Яна асьцярожна абцерла мяне ручніком і пацалавала шнары. Я пачуваўся так добра! Нарэсьце нехта пра мяне клапаціўся! Мяне йзноў нехта любіў!

Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб уладкавацца дома, прызвычаіцца да сапраўднай свабоды. Сьмерць маці была цяжкім ударам для мяне, і я ня мог пакуль плянаваць далейшае жыцьцё. Я жыў аднім днём. Я пазьбягаў размоваў і бавіў шмат часу ля Нёмана, хадзіў на шпацыр уздоўж лесу. Ня ведаю, ці думаў я ўвогуле пра што. У галаве ў мяне было пуста. Я ня ведаў, што рабіць. Я ня верыў, што на гэтай зямлі ёсьць месца, дзе я змагу дасягнуць нечага. На той час я нават забыўся на сваю асноўную мэту - медыцыну. Цяпер я разумею, што знаходзіўся тады ў стане моцнай дэпрэсіі. Мне было ўсё роўна жывы я ці мёртвы. Аднак пасьля некалькіх дзён на сьвежым паветры, на сонцы, пасьля добрай ежы ўсё пачало мяняцца. Нягледзячы на зьбядненьне, выкліканае вайной, бабуля, зь ейнай дабрынёй, здолела раскарміць мяне так, што я йзноў стаў дужым мужыком.

Праз тыдзень я вырашыў ісьці ў Наваградак, каб прывезьці ў Любчу цела маці. Вандроўка гэная была цяжкой. Я яшчэ добра памятаў маці. Я пачуваўся ў нечым вінаватым перад ёю, бо расчараваў яе, ня спраўдзіў свае й ейныя намеры, скараціў ёй жыцьцё. Я пачуваўся бездапаможным, бо ўжо ня мог нічога зьмяніць.

Нарэсьце я прыйшоў у Наваградак. Гэта было месца, дзе я праўчыўся ў школе, перажыў першае каханьне, першыя рачараваньні й посьпехі, месца, дзе я бачыў маці апошні раз. Я накіраваўся ў лячомніцу й знайшоў медсястру, якая мела добрыя адносіны з маёй маці, дапамагала ёй на працы й у выкліках на дом. Яна расказала мне пра нямецкую атаку й як загінула маці. Яна дадала, што мая маці загінула пры выкананьні службовых абавязкаў і лічылася гераіняй.

Наваградак і Менск бамбілі ў той самы дзень - 22 чэрвеня 1941. Гэна быў звычайны дзень: людзі былі ў царкве, апранутыя ў сьвяточныя строі, альбо грэліся на сонцы ў садох. Каля 10 гадзінаў раніцы невядома адкуль зьявіліся нямецкія бамбардыроўшчыкі "Стука," якія зьнішчылі тры чвэрткі горада. Не было ніякага папярэджаньня. Немцы хацелі дэмаралізаваць насельніцтва, згодна з правіламі "бліцкрыг." Зьдзівіць ворага, разбурыць лініі сувязі й абарончыя збудаваньні. Дарогі былі блакіраваныя савецкай адміністрацыяй, арміяй, міліцыяй, гэбістамі, якія ўцякалі ад немцаў. Панавалі разгубленасьць і хаос. Ніхто не падазраваў, што немцы будуць бамбіць такі ціхі горад, як Наваградак, дзе не былі разьмешчаныя ні ўзброеныя сілы, ні ваенныя заводы. Маці была на працы. Раніцай яна рабіла апэрацыі, а паўднём аглядала пацыентаў. Звычайны працоўны дзень быў парарваны выцьцём нямецкіх бамбардыроўшчыкаў. Яны зьявіліся, бы з-пад зямлі, і пачалі бамбіць лячомніцу. Маці кінулася выводзіць пацыентаў у парк, які знаходзіўся побач, потым вярнулася ў будынак, каб дапамагчы іншым. У яе трапіў аскепак бомбы й разарваў ёй чэрап. Маці звалілася й усё яшчэ трымала за руку пацыента, які цудам застаўся жывым. Яна ўжо ніколі не пабачыць свайго сына. Гэтым разам не праз КГБ, а праз новых заваёўнікаў. Ейныя пакуты скончыліся.

Я атрымаў дазвол ад гарадзкой адміністрацыі. У мяне не было грошай, і я прапанаваў работнікам адміністрацыі, што заплачу ў Любчы, калі яны дапамогуць мне давезьці цела. Гэта ўсё было надта страшна. Я павінны быў назіраць за тым, як выкапваюць згнілое цела, завернутае ў прасьціну з лячомніцы. Мне спатрэбіліся сьведкі адтуль, якія маглі б апазнаць цела. Яго паклалі ў дамавіну, паставілі яе на калёсы, і мы шэсьць гадзінаў ішлі да Любчы.

Я адзін ішоў за дамавінай. Я йзноў быў са сваёй маці, размаўляў зь ёю, прыгадваў, як мы езьдзілі да магілы бацькі. Нейкім чынам, пад канец гэнай дваццаціпяцікілямэтровай вандроўкі я вырашыў, што зьмяню сваё жыцьцё.

Я прывез маці дадому. Бабуля настойвала, каб мы паклікалі бацюшку, каб той адпеў маці. Мне было ўсё роўна. Я ня думаў, што ад гэных малітваў будзе нейкая карысьць. Можа для бабулі й цёткі, але не для маці. Мы аднесьлі дамавіну на могілкі й пахавалі побач з маім бацькам. Нарэсьце яны ўзьядналіся. Я ўзгадаў, як яна не хацела сыходзіцца зь іншымі мужчынамі пасьля сьмерці бацькі - так яна аго кахала. Яна была такой вернай, і нарэсьце ім абодвум быў дадзены спачын.

Мы вярнуліся дамоў і дні пайшлі за днямі. Я бавіў час каля ракі. Мне не хацелася лавіць рыбу. Мне нічога не хацелася рабіць.

Я даведаўся, што майго дзядзьку арыштавалі незадоўга да вайны. Дзядзьку Шчатырку саслалі. Большасьць беларускай інтэлігенцыі загналі ў вагоны для скаціны й адправілі ў Сібір. Дзядзька Базыль здолеў нейкім чынам уцячы, вярнуўся ў Любчу й распавёў, як яго арыштавалі й дапрошвалі. Мы параўналі тое, што нам казалі ў КГБ. Дзядзьку Базылю даводзілі, што я, быццам бы, агаварыў яго й пацьвердзіў, што ён належыць да шпіёнскага кола. Мне казалі тое самае пра дзядзьку.

Але мяне не цікавіла палітыка. У галаве ў мяне было зусім пуста. Адзінай радасьцю было апынуцца каля ракі, на прыродзе. У мяне быў дваякі настрой. З аднаго боку я цешыўся з таго, што свабодны, а з другога - ня мог знайсьці месца, да якога я належаў. Я пачуваўся вельмі прыгнечаным пасьля савецкай турмы й сьмерці маці. Я пачаў выпіваць разам са сваімі сябрамі. Алкаголь на пэўны час дапамагаў мне, але пасьля працьвярэжваньня мне рабілася яшчэ горш.

Тым часам я сустрэўся са сваёй ранейшай пасіяй Наташай. Я быў добра прыняты ейнай маці (бацька ейны памёр), якая хацела суцішыць мой боль пасьля сьмерці маці. Я ня быў закаханым у Наташу, але я ёй падабаўся, і яна рабілася надта агрэсіўнай. Яна пачала дражніць мяне, што я згубіў у палоне здольнасьць быць мужчынам. Яна падазравала, што нешта мусіла здарыцца, бо я ўжо не такі настойлівы, як у школе. Я не апраўдваўся, але й не хацеў узнаўляць нашыя адносіны, тым больш, што мой сябра Янка Хутар быў закаханы ў Наташу. Гэта было б несправядліва ў дачыненьні да яго.

Я заўважыў, што паміж Наташай і ейнай маці ўсё часьцей здараюцца сутычкі. Некалькі разоў дзяўчына запрашала мяне пакатацца на ровары. Аднойчы яна прызналася мне, што замужам. Я быў моцна зьдзіўлены гэтым. Яна распавяла мне, што падчас савецкай акупацыі матэрыяльнае становішча было вельмі цяжкім, а ейны муж, на пятнаццаць гадоў старэй за яе, служыў у гарадзкой адміністрацыі. Ён меў нейкае дачыненьне да разьмеркаваньня ежы й жыў у дастатку. Калі Наташа апынулася ў цяжкім становішчы, бо да ўсяго іншага ейная маці хварэла на артрыт, яна зайшла замуж за гэнага чалавека. Яна сказала, што не кахала яго. Я спытаўся, нашто яна распавядае мне пра ўсё гэта. Проста Наташа хацела, каб я ведаў, што яна ўсё яшчэ кахае мяне. Я адказаў, што гэта нічога не мяняе. Што яна замужняя жанчына, і нам лепш не сустракацца, бо ейны муж можа гэта няправільна зразумець. Пасьля доўгага маўчаньня, яна заявіла, што хоча ад мяне дзіця. Я быў агаломшаны такой простай, адкрытай прапановай. Я быў выхаваны ў кансерватыўным духу й лічыў сямью сьвятыняй, недатыкальным саюзам двух людзей, якія мусяць заставацца вернымі адзін аднаму. Я ня ведаў, што адказаць. Яна спыталася, ці не зрабілася са мной чаго-небудзь у турме, што не дазваляе мне быць мужчынам і зрабіць дзіця. Мяне гэта моцна зачапіла, бо ў турме, сапраўды, такое магло здарыцца. Дагэтуль у мяне не было магчымасьці давесьці адваротнае ні сабе, ні каму-небудзь іншаму, але нават цяпер я ня бачыў у гэтым неабходнасьці. Я адказаў, што, незалежна ад таго, што Наташа думае, я не гатовы прыняць ейную прапанову.

Празь некалькі дзён ейная маці паклікала мяне на госьці. Яна паведаміла мне, што дачка пачуваецца моцна прыгнечанай, і ёй не хапае маёй і Янкавай кампаніі. Я пагадзіўся пабачыцца з Наташай, і мы паехалі катацца на маім ровары. Яна хацела апошні раз пагаварыць са мной, і, магчыма, пасьля гэтага мы ўжо ніколі не сустрэнемся й ня будзем сябраваць. Яна села перада мной на ровар, і мы паехалі за горад на поўнач - у пекны лясок, дзе аднойчы гулялі й любаваліся прыродай. Наташа ўзяла з сабой паесьці, самагонкі й коўдры. Яна паводзіла сябе вельмі спакушальна, і мне было сапраўды цяжка не паддацца на ейныя чары. Ня ведаю, дзе яна гэтаму наўчылася. Яна заўсёды дурэла з хлапцамі ў школе, білася зь імі, але была амаль недатыкальнай. Яе немагчыма было пацалаваць, бо немагчыма было падступіцца. Нешта зьмянілася.

Наташа пачала йзноў дражніць мяне й казаць, што гэта апошняя магчымасьць для мяне даказаць, што я мужчына, і што нарадзіць ад мяне дзіця - апошняя ейная просьба. Я маўчаў нейкі час, а потым устаў і рэзка загадаў ёй сесьці на ровар, інакш я пакіну яе ў лесе адну. Яна падпарадкавалася й, са сьлязьмі на вачах, спыталася, чаму я адмаўляюся ад яе. Мы больш не размаўлялі. Я завёз яе дамоў і кінуў тамака. Я ня бачыў яе пасьля таго вельмі доўга, а потым сустракаўся выпадкова некалькі разоў. Паміж іншым я закахаўся ў дзяўчыну, і гэта сталася сапраўдным каханьнем, якое прывяло да шлюбу.

Хутка са Львова, дзе ён вучыўся на інжынера, вярнуўся сын дзядзькі Базыля Міхаіл. Я сказаў, што было б файна, калі б ён застаўся, бо мне няма чаго рабіць, а так бы мы маглі хадзіць вудзіць рыбу альбо купацца разам. Міхаіл адказаў, што цяпер час не адпачываць, а дзейнічаць. Ён распавёў мне пра нацыянальны ўздым на Ўкраіне, пра тое, што ўкраінцы абвесьцілі незалежнасьць, але немцы не прызналі яе. І хаця шмат хто зь дзеячоў нацыянальнага руху быў арыштаваны, астатнія не гублялі надзеі й арганізоўвалі школы, украінскую паліцыю й узброеныя сілы пад наглядам немцаў. Міхаіл лічыў, што й для беларусаў надышоў час нацыянальнага самасьцьвярджэньня й вяртаньня духу беларускасьці, падаўленага саветамі. Спачатку я нічога не адказаў на гэна, але празь нейкі час мяне захапіла гэная йдэя. Мой энтузіязм быў абуджаны патрыятызмам Міхаіла.

Першыя нямецкія войскі прыйшлі ў Наваградак 5 ліпеня 1941 году, і было прызначанае ваеннае камандаваньне. Аднак палякі раптам, пры падтрымцы немцаў, пачалі арганізоўваць польскую паліцыю. Гэна была віна Беларускага камітэта ў Берліне, які складаўся з патомкаў палякаў, што размаўлялі па-беларуску. Яны зрабілі выгляд, што зьяўляюцца беларусамі, і былі пасланыя на акупаваныя тэрыторыі з мэтай стварэньня паліцыі й адміністрацыі. У Наваградку паліцыя цалкам складалася з польскіх патрыётаў, якія размаўлялі па-польску. Такая сытуацыя заставалася праз усю акупацыю. Нашыя намаганьні зьмяніць нешта сталіся няўдалымі. У 1941 годзе быў пэўны момант, калі нам падалося, што мы здолеем дамагчыся свайго, калі напалову беларус-напалову ўкраінец апынуўся на чале паліцыі, але ён быў беспрынцыповым чалавекам і хутка паддаўся ўзьдзеяньню палякаў і адмовіўся рэарганізаваць паліцыю ў больш беларускую ўстанову. Польскія актывісты выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі ва ўзьдзеяньні на нямецкае ваеннае камандаваньне. Жандары папоўнілі акупацыйныя войскі, так званы Вермахт. Яны выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі. Напрыклад, прыгожыя польскія дзяўчаты мусілі спакушаць нямецкае камандаваньне, каб дамагчыся рашэньняў на карысьць палякаў. Калі ж беларусы пярэчылі гэным рашэньням, іх абвінавачвалі ў сымпатыі да камуністаў. Спатрэбілася шмат часу, каб займець нейкі ўплыў на немцаў.

Я спытаў дзядзьку Базыля, што, на ягоную думку, нас чакае. Калі ён быў у польскім парлямэнце й сенаце, ён цесна супрацоўнічаў з нямецкай меншасьцю, якая тады была арыентаваная на дэмакратыю. Мой дзядзька думаў, што немцы, магчыма, рэарганізуюць Савецкі Саюз такім чынам, што Беларусь зможа мець пэўную самастойнасьць і самакіраваньне. Дзядзька Базыль спарадзіў ува мне нацыянальную годнасьць і гонар, а таксама пачуцьцё абавязку спрычыніцца да нацыянальнага адраджэньня.

Памятаю адно выступленьне дзядзькі ў Любчы, дзе ён прамаўляў на кірмашовым пляцы перад натоўпам сялянаў, што сабраліся, каб прадаць тое, што вырасьцілі. Ён гаварыў пра мінулае, пра камуністаў, пра магчымасьці адрадзіць беларускую нацыю. Ён сыйшоў з падводы на кірмашовым пляцы са словамі, што я, ягоны пляменьнік, працягну прамову. Дзядзька падпіргнуў мяне на падводу. Я быў агаломшаны. Я ніколі ў жыцьці не выступаў з прамовамі. Але мяне заахвоціў дзядзька ды й самі сяляне, таму я ўскочыў на калёсы й сказаў прамову. Я выказаў сваё расчараваньне ў савецкім рэжыме й шкадаваньне, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не апраўдала спадзяваньні, якія наш народ меў пад палякамі. Я дадаў, што Савецкі Саюз пераўзышоў палякаў у жорсткасьці й бесчалавечнасьці. Я моцна расхваляваўся, адчуваў энтузіязм, эмацыйны ўздым і нават сарваў апладысменты.

Нешта засела ў маёй душы й у галаве й пачало расьці. Я раптам зрабіўся надта актыўным. Я вярнуўся да жыцьця, і мой фізычны стан таксама палепшаў, дзякаваць маёй зацікаўленасьці ў беларускім адраджэньні. Маё месца, як сказаў мне дзядзька, было ў Наваградку.

У Наваградку я сустрэўся са сваім старым сябрам Базылём Плескачом. Ён быў адным з самых разумных людзей, якіх я ведаў. Ён скончыў універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні й меў дыплом юрыста. Падчас нямецкай акупацыі Базыль працаваў міравым судзьдзёй у Наваградку. Пляскач вёў крымінальныя справы й ня меў ніякага дачыненьня да палітычных справаў, якія былі ў руках немцаў і жандармерыі.

Базыль распавёў мне пра апошнія тыдні савецкай акупацыі. Пра масавыя арышты й высланьне, пра зьнічтажэньне ўсяго, што было беларускім па зьмесьце ці форме.

Кароткая савецкая акупацыя Заходняй Беларусі за год нарабіла больш шкоды, чым польская за дваццаць гадоў. Зьнічтажэньне ўсяго беларускага, падпарадкаваньне народу пры дапамозе тэрора й страха зьяўлялася плянам Сталіна, і ён здолеў дамагчыся свайго, хаця й няпоўнасьцю. Шмат хто зь беларусаў спадзяваўся, што ўзьяднаньне краіны будзе гістарычнай падзеяй і прывядзе да незалежнасьці Беларусі. Але на самой справе ўсё сталася інакш. Нават тыя людзі, што былі найбольш інфармаванымі пра дзейнасьць КГБ - прылады Сталіна - ня верылі, што ён можа выкарыстоўваць такія сродкі. Усе ж, хто выказваў расчараваньне, бясьследна зьнікалі.

Я ведаў, што ўсё, што кажа Базыль, ёсьць праўдай, таму што я на сабе адчуў жорсткія метады гэбісцкіх расьсьледваньняў. Калі б допыты працягваліся, я сам, магчыма, падпісаў бы прызнаньне, каб спыніць псыхалягічны й фізычны зьдзек. Па-праўдзе, я ня веру, што нехта змог бы доўга вытрымліваць катаваньні й супрастаяць. Я ўяўляю, што прымусіла маршала Тухачэўскага, якога абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Нямеччыны ў перыяд з 1936 па 1937, сазнацца ў "грахах". Ён ня быў шпіёнам - проста не пагаджаўся са Сталіным. Каля 35 тысячаў афіцэраў былі абвінавачаныя ў здрадзе Сталіну й альбо расстраляныя, альбо сасланыя ў ГУЛАГ. Гэта сьведчыць пра тое, што Сталін быў параноікам. Любы, хто аказваўся больш папулярным, чым ён, разглядаўся як пагроза й зьнішчаўся.

Немцы вельмі хутка прасоўваліся на ўсход і напрыканцы верасьня дайшлі да Смаленска. Генерал Браўчніц прапанаваў Гітлеру спыніць наступ, пакінуць Беларусь, Украіну й Прыбалтыку ў якасьці буферных краінаў, забясьпечыць армію ўсім неабходным і затым рушыць далей. Аднак Гітлер не пагадзіўся з гэнай прапановай, зьняў Браўчніца з пасады Камандуючага ўсходнім фронтам і замяніў яго больш паслухмяным чалавекам, які й рушыў на ўсход. Адзін з членаў "Остміністэрыюм," барон фон Энгельхард, які меў у Берліне высокі пост, таксама падтрымліваў плян пакінуць Беларусь, Украіну й Балтыйскія краіны як буферныя дзяржавы, што стала б базай далейшага заваяваньня Савецкага Саюза, але прапанова Энгельхарда засталася па-за ўвагай Фюрэра. Гітлер наважыў да канца лістапада папіць гарбаты ў Маскве.

У верасьні я сустрэўся зь дзядзькам Базылём і спытаўся, ці верыць ён яшчэ ў тое, што немцы дапамогуць нам узнавіць незалежнасьць. Той адказаў, што больш ня ўпэўнены ў гэтым, як раней, і што немцы зрабілі тую самую памылку, што й Напалеон у 1812 годзе. Напалеон, які перайшоў Нёман, заходнюю мяжу Расеі, 22 чэрвеня 1812 года, пагрэбаваў абозамі з правіянтам і кінуўся на ўсход, да Масквы. Мой дзядзька прадказаў, што немцы прайграюць і гэта пазбавіць іх будучыні. Аднойчы на сустрэчы, дзе прысутнічалі немцы, якія ўмелі па-расейску й спачувалі абодвум бакам: і нам, і немцам, - дзядзька падвыпіў і засьпяваў рускую песьню "Калі я прыйшоў у Расею, я трымаў усю Эўропу ў руках". Гэную песьню сьпявалі пасьля паражэньня Напалеона. Дзядзьку загадалі замаўчаць, бо ён моцна рызыкаваў. Немцы не данесьлі на дзядзьку й пасьля нават прызначылі яго камэндантам Дзятлава, дзе ён давёў эканоміку да найвышэйшага ўзроўню. Народ давяраў дзядзьку й верыў яму, а дзядзька даволі адкрыта выказваўся пра памылку немцаў, пра тое, што ня верыць ім больш, і што яны, у рэсьце рэшт, будуць разьбітыя.

Да мяне дайшлі чуткі, што ў Наваградак прыедзе сьвятар Гадлеўскі. Ён быў вядомым патрыётам, блізкім па палітычных поглядах майму дзядзьку. Гадлеўскі жыў у аднаго польскага сьвятара, і я пайшоў наведаць яго тамака. Я прадставіўся як пляменьнік Базыля Рагулі й сказаў, што хацеў бы атрымаць інфармацыю пра стан рэчаў. Гадлеўскі адказаў, што яму патрэбны час, каб разабрацца ў сытуацыі. Ён быў няўпэўнены ў тым, што нам трэба спадзявацца на немцаў і чакаць, пакуль яны навяжуць нам заходнюю культуру замест мангольскай культуры Сталіна. Гадлеўскі дадаў, што назіраў за падзеямі на іншых акупаваных тэрыторыях і яму здаецца, што ў нас яшчэ будуць праблемы з акупацыйнымі сіламі. Гадлеўскі параіў мне не здавацца, нягледзячы ні на якія цяжкасьці, і распаўсюджваць ідэю нацыянальнай незалежнасьці, рабіць усё, каб людзі ганарыліся сваёй нацыяй.

Недзе ў лістападзе нямецкая армія была спыненая пад Масквой. Гэную навіну мы атрымалі празь нелегальнае польскае радыё ў Лёндане й нелегальную радыёстанцыю ў Польшчы.

Па завядзёнцы ўсіх таталітарных сыстэмаў нямецкае радыё перадавала інфармацыю ненадзейную й, часта, далёкую ад сапраўднага стану рэчаў. Яны казалі толькі, што пасьпяхова рухаюцца на ўсход, што было няпраўдай. Немцы былі спыненыя Саветамі й прымушаныя контратакаваць. Гэна дало нам надзею, што зь немцамі будзе лягчэй дамовіцца й яны дадуць нам больш свабоды й незалежнасьці, створаць буферную дзяржаву зь Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі, што дазволіць супрацьстаяць Савецкаму Саюзу. Мы ўсё яшчэ аддавалі перавагу нямецкай акупацыі, а не савецкай. Магчыма, таму, што яшчэ дрэнна ведалі немцаў.

Немцы, пры дапамозе СС, зганялі жыдоўскае насельніцтва зь вёсак і гарадоў у гета, якое знаходзілася на тэрыторыі былога раённага суда на вуліцы Карэліцкай. Яны ўтрымоўваліся за агароджай і мусілі працаваць на немцаў: шыць ваенную форму, чаравікі. Матэрыял для гэтага літаральна кралі ў беларускага насельніцтва. Канечне, тое, што жыды мусілі абшываць нямецкую армію, - дзіцячая забава ў параўнаньні з тым, што рабілася Сталіным. Але абодва гэтыя дыктатары, Сталін і Гітлер, прынесьлі людзям аднолькава шмат гора сваёй жорсткасьцю, бесчалавечнасьцю й разбурэньнямі, накіраванымі супраць чалавека. Немцы хваліліся сваім тысячагадовым Рэйхам, але ён усё больш і больш рабіўся пустым месцам, як мы даведваліся, што немцы не непераможныя й іх можна спыніць. Але ўсё ж мы верылі ў моц немцаў, спадзяваліся, што яны перамогуць Савецкі Саюз і будзе знойдзенае палітычнае рашэньне, якое задаволіць былыя саюзныя рэспублікі. Мы спадзяваліся, што зь цягам часу ў нас зьявіцца магчымасьць утварыць незалежную дзяржаву й атрымаць свабоду.

На той час у нас была пэўная магчымасьць разьвіваць сваю культуру, мову, сьпевы й танцы. Нам было дазволена вучыць нашую моладзь, што мы рабілі ў вельмі патрыятычным духу. Зьявіліся новыя патрыятычныя песьні, квітнелі танцы й сьпевы ня толькі ў Наваградку, але й на іншых тэрыторыях, дзе перавагала беларуская інтэлігенцыя. У Наваградку мы прыкладалі шалёныя намаганьні - мы зь вялізнай энэргіяй займаліся арганізацыяй культурных мерапрыемстваў. На шэраг канцэртаў мы запрасілі немцаў, і тым спадабалася: яны адгукнуліся на душэўнасьць нашай беларускай культуры.

За Саветамі я сядзеў у турме і толькі цудам застаўся жывы. Апроч таго, я вельмі добра валодаў нямецкай мовай, а таму новы наваградзкі бурмістар ахвотна прыняў мяне на працу. Немцы хацелі, каб нейкі беларус заняў пасаду перакладніка ў новасфармаванай нямецкай адміністрацыі. Мяне прадставілі штабсляйтэру Вольфмаеру. Гэты каранасты немец у брунатнай форме з свастыкай на левай руцэ сустрэў мяне досыць прыхільна. Ён энэргічна рыхтаваў прыезд цывільнай адміністрацыі, структураў, якія ў будучыні меліся забясьпечыць кіраваньне тэрыторыяй. Хаця Вольфмаер ставіўся да мяне няблага, я ўсё ж не прызнаваўся, што быў у нямецкім палоне, бо баяўся, што мяне могуць зноў вывезьці ў Нямеччыну або арыштаваць, нягледзячы на тое, што я нацярпеўся ад Саветаў. Я нават пасябраваў з штабсляйтэрам. Гэты асабісты стасунак зрабіў мяне вельмі ўплывовым чалавекам у адміністрацыі Наваградзкай акругі, Наваградзкага "гебіту", як тады гэта называлася. Вольфмаер рыхтаваў рэзыдэнцыю, мэблю: чакаўся прыезд нямецкага камісара. Ён часта браў мяне з сабой у Вільню, едучы па мэблю. Я быў яму карысны як перакладнік, бо я валодаў і нямецкай, і польскай, і расейскай, і беларускай мовамі. Па дарозе - а дарога да Вільні няблізкая, гадзіны тры-чатыры на машыне ці грузавіку - я распавядаў яму пра Беларусь, яе гісторыю, яе народ, я тлумачыў яму, што за польскім часам беларусаў дыскрымінавалі, не давалі адчыняць школы зь беларускай мовай навучаньня, душылі нацыянальны рух. Я распавядаў, як усё беларускае бязьлітасна нішчылі Саветы і як перашкаджае разьвіцьцю беларускага народа адсутнасьць уласнай інтэлігенцыі, эліты, правадыроў. Аднойчы я наўпрост сказаў яму, што польскія перакладнікі і палякі ў адміністрацыі і паліцыі несправядліва абвінавачвалі беларускіх патрыётаў у тым, што яны быццам бы камуністы, пасьля чаго гэтыя людзі зьнікалі, мабыць, гінулі недзе. Ён сур'ёзна выслухаў мяне і паабяцаў разабрацца. Пазьней, іншым разам, ён паабяцаў мне, што калі некага будуць абвінавачваць у супрацоўніцтве з камуністамі, дык будуць пытацца ў мяне. Я ведаў мясцовых людзей і ведаў, хто чаго варты. Паступова я стаў перабіраць усё большы ўплыў пры вызначэньні лёсаў тых, каго падазравалі ў сувязях з камуністамі, і ў мяне зьявілася магчымасьць абараняць іх. Я не рабіў адрозьненьняў між людзьмі: хоць шмат хто зь беларусаў і называў сябе камуністамі за Польшчай, але насамрэч яны былі проста беларускімі патрыётамі, якія спрабавалі знайсьці нейкі шлях для спрыяньня культурнай і палітычнай справе свайго народу. Беларусі трэба было стаць незалежнай дзяржавай, і мы ўсе без разбору, стары й малы, спадзяваліся, што немец пераможа Саветы, і тым самым у нас зьявіцца магчымасьць аднавіць дзяржаўнасьць.

Мой добры сябар Язэп Сажыч вярнуўся з Львову, і я хацеў, каб яго прызначылі начальнікам наваградзкай паліцыі, каб узмацніць у ёй беларускі ўплыў. Ён жа не схацеў займаць гэты пост. Сажыч распавёў мне, што адбылося на Ўкраіне: з прыходам немцаў украінскія нацыяналісты абвесьцілі аб стварэньні незалежнай дзяржавы. Але немцы схапілі іх, і іхныя сьляды згубіліся ў турмах і канцлягерах. Нямеччына была адназначна не гатова дазволіць Украіне стаць незалежнай, і той энтузыязм, зь якім украінцы кінуліся напачатку супрацоўнічаць зь немцамі, стаў згасаць. Язэп сказаў, што ён не давярае немцам, але гатовы стварыць падразьдзел беларускага войска і падрыхтаваць салдатаў, дапамога якіх магла б некалі спатрэбіцца для стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Мяне вельмі засмуціла, што немцы, па словах Язэпа, ня маюць намеру даць Беларусі незалежнасьць, а проста хочуць выкарыстоўваць нас як працоўную сілу, каб мы працавалі на іх, пакуль нямецкія жаўнеры ваююць на ўсходзе. Але што было рабіць? Савецкаму Саюзу мы былі непатрэбныя, прыходзілася выкарыстоўваць немцаў. Нам прыходзілася чакаць, наладжваць мясцовае самакіраваньне і разьвіваць беларускае культурнае жыцьцё. Мы мелі магчымасьць адкрыць школы і свабодна вывучаць сваю мову й літаратуру. А барацьбу за незалежнасьць мы былі гатовы пачаць, як толькі надарыцца спрыяльная палітычная сытуацыя.

У Наваградку мы заснавалі "Народны дом", такі беларускі дом, дзе людзі арганізавалі хор, ансамбль танцу, тэатар, чыталі там лекцыі. Я сустрэўся з доктарам Орсам, каб абмеркаваць зь ім праблему адукацыі і адкрыцьця гімназыі. Аднак немцы не дазвалялі адкрываць школы вышэй сёмае клясы, нават чуць пра гэта не хацелі. Тады мы вырашылі дабівацца дазволу на адкрыцьцё настаўніцкіх курсаў, каб падрыхтаваць настаўнікаў для пачатковых школаў. Мы напісалі адпаведны мэмарандум нямецкай адміністрацыі Наваградку і неўзабаве нашу прапанову ўхвалілі. Праграма "Настаўніцкіх курсаў" адпавядала праграме старэйшых клясаў сярэдняй школы, хоць гэта было забаронена. Мы пачалі падрыхтоўку беларускай моладзі па гэтай праграме. Доктар Орса, прызначаны адказным за адзьдзел адукацыі Наваградзкай акругі, хацеў, каб знайшлося паболей здольных настаўнікаў, а знайсьці іх было цяжка. Аднак мы імкнуліся, каб адукацыйныя стандарты былі як мага вышэйшымі. Рэч у тым, што за польскім часам мала хто зь беларусаў мог дазволіць сабе адправіць свае дзеці вучыцца ва ўнівэрсытэт. Праўда, Чэхаславаччына адчыніла свае дзьверы перад беларусамі, і шмат людзей, у тым ліку і доктар Орса, і ягоная жонка Натальля трапілі ў Праскі ўнівэрсытэт. Па сканчэньні ён атрымаў тытул доктара біялёгіі. Натальля вывучала беларускую літаратуру. Вярнуўшыся ў Заходнюю Беларусь, яны знайшлі сабе працу ў школах, але ў той час Польшча дазваляла толькі пачатковую адукацыю для беларусаў. Польскі ўрад імкнуўся спольшчыць школы, а беларускіх настаўнікаў засылаў у Вялікапольшчу, каб яны не "заражалі" наваградзкую моладзь беларускім духам.

Доктар Орса і ягоная жонка шчыравалі над тым, каб закласьці падмурак сыстэмы адукацыі ў Наваградзкай акрузе. Ён арганізоўваў настаўнікаў, інспэктараў, асабіста наведваў кожную школу акругі, імкнуўся адрадзіць беларускую культуру. Ён быў маім найбліжэйшым дарадцам, і калі я страчваў меру ў сваіх поўных энтузыязму плянах, ён быў здольны сьцішыць мой энтузыязм. Дзякуючы яму я дзейнічаў больш лягічна і пасьпяхова. Ён ведаў пра БНП і папрасіў мяне, каб ён, застаючыся па-за яе шэрагамі, працаваў на агульную справу і дапамагаў мне ўсімі магчымымі спосабамі. Менавіта дзякуючы яму так званыя настаўніцкія курсы сталіся цэнтрам сярэдняй адукацыі для ўсёй акругі, прычым, магчыма, адным з найлепш арганізаваных у Беларусі. Натальля навучала беларускай мове й літаратуры і дапамагала падбіраць настаўнікаў, і я вельмі ганарыўся, што й мяне ўключылі ў групу настаўнікаў.

Свайму сябру Юзіку Савічу я прапанаваў не вяртацца на службу ў паліцыю, а пайсьці настаўнікам фізкультуры да нас на курсы. Фізычнае выхаваньне, сказаў я яму, будзе насамрэч ваеннай падрыхтоўкай, каб загартаваць кадры для будучых узброеных сілаў. Мы тады ўсё яшчэ верылі, што немцы, якіх запынілі пад Масквой, будуць змушаны зьвярнуцца да нас па дапамогу ў арганізацыі ўзброеных частак. Юзік ахвотна пагадзіўся, і неўзабаве беларускія хлопцы апранулі самаробную ўніформу і практыкаваліся, маршавалі, сьпяваючы нашы песьні. Так мы рыхтавалі будучых афіцэраў. Школа знаходзілася ў будынку, які мы пачалі будаваць яшчэ за польскай акупацыяй для гімназіі. Настрой ва ўсіх быў вельмі прыўзьняты. Да нас прыходзіла шмат моладзі. На курсах выкладаліся матэматыка, фізыка, лаціна, беларуская мова й літаратура, эўрапейская гісторыя ды іншыя прадметы. Мы рыхтавалі навучэнцаў так, каб яны маглі працягваць вучобу на ўнівэрсытэтах, аднак жа ўсе ўнівэрсытэты былі закрытыя. Немцы й ня думалі даваць беларусам магчымасьць атрыманьня вышэйшае адукацыі. Мы былі патрэбны ім як працоўная сіла.

Людміла, сястра майго сябра Янкі, усё яшчэ жыла ў вёсцы з маці. Ейная маці хацела, каб дачка пайшла вучыцца да нас у Наваградак - у вёсцы ёй не было чаго рабіць. А тут якраз аказалася, што нямецкая адміністрацыя шукала тэлефаністак, і я падумаў, што яна магла б пайсьці на гэтую працу. Я перамовіўся зь Янкам, ён паабяцаў прывезьці яе. Я памятаў яе яшчэ зусім дзяўчынкай, зусім дзіцём. А ўпершыню я ўбачыў яе, калі ёй было толькі пяць гадоў. Памятаю, неяк нават дражніў яе і - аж сорамна - прымушаў яе насіць нам есьці і лазіць за вішнямі. Такою я яе сабе й уяўляў, як пару гадоў таму, перад тым як мяне забралі ў Войска Польскае. І калі яна прыйшла да мяне, я быў проста ўражаны. Я ледзьве пазнаў яе: высокі лоб, даўгія цёмныя валасы, каса з руку, тонкія бровы, вялікія вочы, у якіх іграў вясёлы агенчык, прамы рымскі нос, сьвежая, як персік скура, грацыёзная шыя. Высокія грудзі, гатовыя вырвацца на волю зь цеснага станіку, уздымаліся пры дыханьні, і пад сукенкаю выдзяляліся смочкі. У яе была вузкая талія і маленькая, але вельмі харошая дупка, а спаднічка абцягвала сьцёгны. Я глядзеў на яе затаіўшы дыханьне і ня мог вымавіць ні слова. Янка заўважыў маё здумленьне і спытаўся, ці спадабалася мне ягоная сястра. Я прызнаўся, што яна проста лялечка. Ён кажа: я ня гэта меў на ўвазе, я пытаюся, ці зможаш ты ўладкаваць яе на працу. Зараз жа, кажу я яму. Мы ўсё зрабілі ў той жа дзень, і Вольфмаер пагадзіўся. У лістападзе Людміла звольнілася з працы і паступіла на курсы. Там яна была адной зь лепшых вучаніц. Яна была ва ўсім таленавітая: які прыгожы быў у яе голас, сьпявала, танцавала, а да чаго яна была пекнаю ў беларускім народным строі! А галоўнае, што ў яе быў разумны твар і прамы нос, нетыповы для славянскай расы (нос быў хутчэй нардычны), і гэта прычароўвала мяне. Але ёй было толькі шаснаццаць і яна была занадта маладая. Дык я дамовіўся зь яе бацькам, калі той прыяжджаў у Наваградак дапамагаць доктару Орсу, што яна будзе кватараваць у тым самым доме, дзе жыў я. Мне хацелася, каб яна была ў мяне на вачох, каб мне яе не перабілі ніякія кавалеры, каб мне зь ёй ажаніцца, калі яна дарасьце да паўналецьця. Толькі я яе ўбачыў, я адразу сабе падумаў, што яна стане маёй жонкай, і пасьля таго, хаця я не сказаў ёй ні слова і сустракаўся з мноствам розных дзяўчат, я ведаў, што не змагу пакахаць нікога, апроч яе. Я закахаўся ў гэтую дзяўчыну, але ня мог ёй гэтага сказаць. Я спадзяваўся, што яна заўважыць мяне, але ня мог зразумець, падабаюся я ёй, цікавы я ёй, ці не. Адно я сказаў сабе цьвёрда: яна стане маёй. Як я ўжо казаў, я трохі запіў, і вось аднойчы, вярнуўшыся дахаты позна ўвечары, а я жыў зь сям'ёй Цехановічаў, чую, яны гавораць за сьцяной, чую, кажуць, што я сымпатычны разумны хлопец, але, мабыць, сап'юся. Гэта так уразіла мяне, што, хоць я быў нападпітку, я выліў на галаву кубак халоднай вады і даў сабе слова: больш я ня вып'ю ні капкі. З тых часоў я гарэлкі ў рот ня браў. Праблема была ў тым, што тыя ў Наваградку, хто бачыў, як я п'ю, сталі распускаць чуткі, што я хворы на вэнэрычную хваробу. Тым, хто на яе хварэў, забаранялася піць, казалі, што калі п'еш, дык не вылечваешся. Кожны хворы на нейкі час пераставаў піць, і я заўважыў, што людзі думаюць: у мяне гэтая хвароба. Я спадзяваўся, аднак, што гэтая плётка ня дойдзе да Людмілы. Я пачаў пераадольваць дэпрэсію, не заглядаючы ў шклянку, і зь яшчэ большым энтузыязмам наладжваць беларускае нацыянальнае жыцьцё і браць у ім удзел.

Калі немцы гналі Чырвоную Армію назад да Масквы, па вёсках паразьбягалася процьма палонных, якія баяліся, каб немцы не адправілі іх у лягеры. Яны працавалі парабкамі ў сялян. Калгасы разваліліся і сяляне сталі працаваць аднаасобна. Немцы забіралі частку прадуктаў, каб карміць сваё войска, але частку забіралі ў тэорыі, а на практыцы ўсё, выгадаванае селянінам, распрадавалася за бясцэнак, а немцы канфіскоўвалі ўсё, што маглі, пакідаючы сялянам толькі мінімум, неабходны для выжываньня. Сярод ваеннапалонных каго толькі не было, і жук і жаба, тут былі людзі паходжаньнем з розных частак Савецкага Саюзу, але ўсе яны працавалі добра, бо нікому не хацелася гніць у канцлягерох. Савецкі Саюз не падпісваў Жэнэўскую канвэнцыю, і таму немцы абыходзіліся з палоннымі, як з быдлам. Палонныя мёрлі ў лягерох сотнямі тысяч ад голаду, тыфусу, дызэнтэрыі. Іх заганялі за калючы дрот і амаль не кармілі, іх білі і расстрэльвалі.

Саветы спынілі прасоўваньне нямецкай арміі на ўсход і пачалі арганізоўваць на акупаваных тэрыторыях партызанку, але людзі не хацелі ўвязвацца ў прасавецкую дзейнасьць. Немцы ж у Беларусі і іншых акупаваных краінах зрабілі вялікую памылку. Яны баяліся, што тыя былыя савецкія салдаты, якія працавалі па вёсках, уяўлялі сабой патэнцыйную сілу, якую савецкае падпольле магло б арганізаваць на барацьбу ў нямецкім тыле, таму, баючыся ўзрастаньня магутнасьці партызанаў, яны запатрабавалі, каб усе палонныя вярнуліся ў лягер. Ясна, што любы, хто прайшоў праз лягер, а пасьля папрацаваў на волі ў селяніна, ніколі назад у лягер ня вернецца. У выніку, усе гэтыя палонныя, хаваючыся ад немцаў, пайшлі ў лясы, а каб выжыць, прапітацца, сталі рабаваць вёскі. Яны накралі зброі і з дапамогай гэтай зброі ўладарылі над мясцовымі жыхарамі і зрэдку ўступалі ў сутычкі зь немцамі. Так пачалася так званая партызанка, якая змагалася зь немцамі, але нарабіла мясцоваму насельніцтву больш шкоды, чым тым немцам. Спачатку ў партызанаў не было ніякіх ідэялягічных матываў; яны проста хацелі выжыць і выратавацца ад лягероў.

Адзін такі ваеннапалонны, Віктар, лейтэнант Чырвонай Арміі, дапамагаў Людмілінай маці Тацяне па гаспадарцы, бо сам спадар Мікола Гутар, Людмілін бацька, працаваў у Наваградку школьным інспэктарам, наладжваючы сістэму пачатковых школаў у вёсках. Жонка ж яго мусіла заставацца на сваёй зямлі: трэ было карміць мужа і дачку, у гарадох з харчамі было цяжка. Жыхары гарадоў напаўгаладалі і залежалі ад прывозу харчоў з навакольных вёсак. Усім служачым выдавалі нейкі мінімальны рацыён, але за гэтым чалавек ня мог выжыць. Віктар пасябраваў з Гутарамі, ён быў нечым падобны да іх. Можа, ён тым больш прывязаўся да Гутараў, што яго прыцягвала Людміла. Тады я гэтага ня ведаў. Ён і я былі па розныя бакі барыкадаў. Ён быў беларусам, хлопцам з добрага роду, і, магчыма, у душы ён думаў пра Беларусь, Савецкі Саюз і Нямеччыну тое самае, што думаў я, але ён апынуўся па іншы бок барыкадаў. Аднойчы ўвечары ён разьвітаўся з спадарыняй Гутар і пайшоў у лес, каб ня трапіць у лягер. Ён паабяцаў, што ніхто і пальцам не кране сям'ю Гутараў, неўзабаве да нас дайшлі чуткі, што ягоны партызанскі атрад, што складаўся пераважна зь беларусаў, дзейнічаў сама пад Наваградкам. Ягоны падразьдзел быў не такі, як іншыя партызанскія групы; яны ніколі не забівалі сялянаў, ня гвалцілі жанчын. Гэта была выдатна арганізаваная вайсковая частка, што жыла паводле вайсковага статуту. Пасьля я яшчэ вярнуся да Віктара, бо так атрымалася, што нашы жыцьці, нашы ідэалы аказаліся спалучанымі празь Людмілу. І ён, і я мелі адну мэту - незалежную Беларусь, прынамсі, мне хочацца ў гэта верыць.

Я працягваў выкладаць нямецкую мову і весьці ваенную падрыхтоўку. Сярод маіх вучняў была і Людміла. Каб спадабацца ёй, я яшчэ больш актыўна ўдзельнічаў у школьным жыцьці. Штабсляйтэр Вольфмаер стрымаў сваё слова, і мяне інфармавалі кожны раз, калі некага зьвінавачвалі ў супрацоўніцтве з камуністамі. Так мне ўдавалася вырваць з турмаў і выратаваць ад расстрэлу шмат людзей. Немцы давяралі мне, ніколі не сумняваліся ў маёй сумленнасьці і волі да супрацоўніцтва. Я працягваў працаваць асабістым перакладнікам камісара Траўба, новага гебітскамісара. Мне прыходзілася перакладаць кожны раз, калі ён выступаў з прамовамі або ўдзельнічаў у дыскусыях. І яшчэ калі я ўпершыню сустрэўся з камісарам Траўбам, я растлумачыў яму сваю пазыцыю. Мы супрацоўнічаем зь немцамі, сказаў я, бо Савецкі Саюз не задаволіў нашы нацыянальныя памкненьні. Савецкі Саюз паабяцаў стварыць Беларускую Рэспубліку, але задушыў беларускасьць русіфікацыяй 30-х гадоў. Камісар запэўніў мяне, што нямецкая палітыка істотна адрозьніваецца ад савецкай і што немцы нават ня будуць перасьледаваць нашу мову. Я запярэчыў, што гэтага мала, што мы хочам мець пэўныя гарантыі таго, што нам будзе прадастаўлена некаторая незалежнасьць, нейкая дзяржаўнасьць. Гэта б стварыла для нас мэту, заахвоціла б нас да лепшага супрацоўніцтва зь немцамі, сказаў я яму. Як камісар, ён мусіў наладзіць у акрузе адміністрацыю, гарантаваць бясьпеку і дасылаць усё неабходнае для нямецкага войска. Вось і ўсё, што ён рабіў. Маёй задачай было настроіць яго ў прыхільным да беларускай справы духу і дасягнуць найбольшага, што тады можна было зрабіць - забясьпечыць ператварэньне беларусаў у моцную культурную групу. Яму падабаліся нашы канцэрты, ён з задавальненьнем выступаў перад народам, тлумачыў нямецкую палітыку. Я працягваў выступаць зь беларускіх пазыцый. Я казаў, што беларусы павінны быць не рабамі немцаў, а паўнапраўнымі памочнікамі ў змаганьні з камунізмам. Камісар разумеў нашы праблемы, але зьмяніць накірункі нямецкай усходняй палітыкі ня мог.

У красавіку 1942 года я зьезьдзіў з камісарам Траўбам, ягонай жонкай і памочнікамі ў Нямеччыну. Я амаль упэўнены, што ён лічыў мяне добрым хлопцам; я гаварыў па-нямецку, працаваў энэргічна. Ён ведаў таксама, што я беларускі патрыёт і адчуваў, што немцы маглі б выкарыстоўваць мяне лепш. Калі мы ехалі на захад, старыя ўспаміны з палону нахлынулі на мяне. Недзе там, блізка Кёнігсбэргу, куды мы найперш паехалі, знаходзілася вёска Вайзэндорф, у якой я працаваў на нейкага нямецкага селяніна. Калі надарылася пара вольных дзянькоў, я папрасіў у Траўба машыну, каб праехацца. Ён пагадзіўся, і я адразу паехаў у Вайзэндорф. Мне хацелася сустрэцца з Гельгай. Ваеннапалонных у вёсцы больш не было, усё было ціха. Гельга зьдзіўлена адчыніла мне дзьверы. Яна трохі распаўнела, але ў яе былі тыя самыя блакітныя вочы, бялявыя валасы, тыя ж грудзі, тая ж сакавітая дупка. "Гэта ты, Барысе?" - спыталася яна. - "Цябе выпусьцілі?" Я патлумачыў, што я больш не ваеннапалонны, што я свабодны. "А я больш не свабодная," - адказала яна і паказала мне калыску зь дзіцём. Ейны муж ваяваў на ўсходнім фронце. Ува мне ўсё зьмяшалася, але раптам усё вярнулася, наляцелі ўспаміны пра тую сустрэчу ў клуні, пра тое вострае жаданьне жанчыны, страх быць засьпетым і ўсе тыя пакуты, якія давялося перажыць пасьля таго, як я не наважыўся дакрануцца да яе. "Ты ўсё памятаеш, ты не шкадуеш?" - спыталася яна, паглядзеўшы на мяне так, як глядзела тады. - "Я на цябе не злуюся, я ведаю, што іншым разам табе, магчыма, не ўдалося б уцячы". Яна тады ня выдала мяне. Заставацца я болей ня мог. Я пацалаваў яе ў шчаку, і нешта заварушылася ў мяне ў сярэдзіне. Я хутчэй сеў і паехаў у Кёнігсбэрг.

Пасьля мы паехалі ў Заходнюю Нямеччыну, і там я мог бываць, дзе хацеў. Я заўважыў, што габрэі носяць жоўтую зорку Давіда, а на вопратцы людзей родам з Усходу быў прышыты жоўты знак "OST". І да тых, і да тых ставіліся аднолькава кепска. Я бываў усюды, але найбольш мяне цікавіла, у якіх умовах жылі тыя дабраахвотнікі, што з уласнай волі падрадзіліся працаваць на немцаў. "Добраахвотнікаў" набіралі зь беларускай моладзі ў студзені, лютым і сакавіку, а таксама ў лягеры для ваеннапалонных. Іх вучылі ў прафэсыйных вучэльнях на выкананьне рабочай і дробнай адміністрацыйнай працы. Меркавалася, што яны будуць адбудоўваць заводы і рабіць іншую працу такога кшталту. Неўзабаве я іх спаткаў. Я спыніў аднаго такога чалавека з нашыўкай "OST" і спытаўся, хто ён і скуль ён. Ён па-расейску адказаў мне, што ён дабраахвотнік. Да нас ставяцца горш, чым да палонных, сказаў ён, і паказаў мне жытло, у якім іх трымалі: вялізныя баракі, у якіх людзі спалі на саламяных матрацах. Усе яны былі галодныя, стомленыя, змучаныя. Па 12-14 гадзінаў у дзень яны працавалі на чыгунцы, на фабрыках па пашыўцы амуніцыі. Вярнуцца дадому яны не маглі: за ўцёкі пагражала суворая кара. Ва ўсіх працоўных лягерах, якія я наведаў, панавала такая самая галеча, страх, роспач. Калі я быў ваеннапалонным, дык з мной абыходзіліся куды лепш, чым з гэтымі быццам бы свабоднымі людзьмі, якія з добрай ахвоты, самі паехалі ў Нямеччыну, думаючы, што іх там навучаць, зробяць спэцыялістамі, і яны вернуцца ў Беларусь прафэсыяналамі. Бачачы ўсё гэта, я паабяцаў сабе, што буду рабіць усё, каб беларускую моладзь не вывозілі з краіны.

Я купіў у кнігарні кнігу Гітлера "Mein Kampf" (на акупаваных тэрыторыях яе не прадавалі). Цэлы вечар я чытаў яе: Гітлер пісаў пра свае пляны захопу ўсходу, сьцьвярджаючы, што ўсходнеэўрапейскія славяне - гэта гной для нямецкай культуры і што ім нельга дазваляць вучыцца. Гэтыя тэрыторыі плянавалася заваяваць і прымусіць людзей працаваць на нямецкую расу. Цяпер я зразумеў словы барона фон Энгельгарда, зразумеў, чаму ўсе ягоныя намаганьні пайшлі намарна, нягледзячы на немалую падтрымку з структураў узброеных сілаў і з боку палітыкаў, што ведалі трохі ўсходнеэўрапейскую сытуацыю. Цяпер я зразумеў, што толькі Гітлер выракоўваў лёсы кантыненту. Стала ясна, што трэба моцна думаць, перш чым супрацоўнічаць зь немцамі. Немцы не зважалі на карэннае насельніцтва Беларусі, і доказам гэтага служыла рашэньне Гёрынга, які абвесьціў Белавескую пушчу ўласным паляўнічым рэзэрватам, загадаўшы пры гэтым спаліць навакольныя вёскі, каб тутэйшыя жыхары не карысталіся з прыродных багацьцяў пушчы. Пры гэтым загінула шмат дзяцей, жанчын, старых. Ацалелыя схаваліся ў лясох і далучыліся да савецкай партызанкі. І ўсё дзеля таго, каб Гёрынг мог баляваць зь сябрамі і гасьцямі, каб ім было дзе паляваць! Ён распараджаўся непаўторным беларускім лесам, як сваёй бацькаўшчынай.

Калі мы вярталіся ў Наваградак, камісар спытаўся ў мяне пра мае ўражаньні. Я сказаў, што застаўся ў захапленьні ад нямецкай арганізаванасьці, але мне не спадабалася, што работнікаў з усходу разглядаюць як людзей другога гатунку і прымушаюць іх хадзіць з нашыўкамі "OST". Гэта часовая сытуацыя, супакойваў мяне ён. Каб ня выдаць свайго вялікага расчараваньня, я прамаўчаў. Аднак рашэньне не даваць вывозіць моладзь у Нямеччыну было цьвёрдым.

У Наваградку я найперш захацеў спаткацца з Людмілай. Мне яе моцна бракавала, я хацеў абняць яе, пацалаваць. Што гэта была за дзяўчына! Заўсёды шчасьлівая, жыцьцялюбная, заўжды ў гуморы, зь усьмешкаю, прыветная, усё гарэла ў яе руках. А я ўсё баяўся зрабіць рашаючы крок, хоць калі бачыў гэтае юнае цела, у грудзёх у мяне ўсё палала, і пры гэтым я мусіў удаваць стрыманасьць. А яе шчокі таксама чырванелі. Мабыць, яна таксама радая была мяне бачыць.

Пасьля колькідзённых роздумаў я прыняў рашэньне распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, як жывецца нашай моладзі ў Нямеччыне. У школе ладзілі нейкі сход, і я распавёў хлопцам, якіх рыхтавалі на будучых афіцэраў, пра ўбачанае, распавёў пра пляны Гітлера, выкладзеныя ў ягонай кніжцы, і сказаў ім, што ў нас няма выбару. Камуністаў мы падтрымаць ня можам, а зь немцамі таксама трэба быць вельмі асьцярожнымі. Я папрасіў іх перадаваць тое, што я распавёў, людзям, каб ніхто не наймаўся на працу ў Нямеччыну, а калі некага будуць цягнуць туды гвалтам, дык мы мусім дапамагаць ім хавацца. Пасьля гэтага я супрацоўнічаў зь немцамі толькі каб палегчыць дасягненьне беларускіх мэтаў: дапамагаць сваім людзям і ісьці да незалежнасьці.

Пасьля паездкі ў Нямеччыну і майго адкрытага незадавальненьня станам беларускіх работнікаў, вывезеных туды, пагоршыліся мае стасункі зь нямецкімі ўладамі. Мяне ўсё радзей запрашалі на сходы, дзе трэба быў перакладнік. Нешта дайшло да камісара наконт маёй сапраўднай дзейнасьці, і ў траўні 1942 года мяне скінулі з пасады перакладніка, пазбавіўшы ўсіх прывілеяў і картак на харчаваньне, цыгарэты і алькаголь. На маё месца ўзялі спадара Блескача, які падаваўся ім больш памяркоўным, але які насамрэч меў цьвёрдыя палітычныя й нацыянальныя перакананьні. Аднак і ён нядоўга напрацаваў на гэтай пасадзе, неўзабаве вярнуўшыся да юрыспрудэнцыі: ён быў судзьдзёю ў судзе па адміністрацыйных і крымінальных злачынствах, а палітычнымі справамі ён не займаўся.

Толькі мае стасункі з Вальфмаерам не сапсаваліся, нягледзячы на звальненьне. Рэч у тым, што ён быў закаханы ў адну з нашых патрыётак і таму гатовы рабіць для беларусаў усё, што мог. Ён папярэджваў нас пра акцыі, якія рыхтаваліся немцамі, папярэджваў людзей, якіх меліся арыштаваць, дзякуючы чаму яны пасьпявалі ўцячы. Аднак і ён ня змог выратаваць аднаго з самых актыўных сябраў нашай арганізацыі, першага бурмістра Наваградка Панька. Панько быў палымяным патрыётам, вельмі сьвядомым чалавекам і перакананым антыкамуністам. Немцаў ён ненавідзеў амаль гэтак жа моцна, як Саветы, але прыхоўваў гэтую нянавісьць, каб утрымацца на пасадзе. Мы цесна сябравалі зь ім, але ён меў адну слабасьць: ён піў - і нам прыйшлося намучыцца, каб адвярнуць яго ад гэтай хваробы. Цьвярозы ён быў проста золата, набраўшыся ж, ён гатовы быў выдаць усё, што думаў пра немцаў і ўсё свае пляны. І вось аднойчы ён зьнік. Мы папрасілі Вольфмаера ўмяшацца, але на гэты раз нават той ня ведаў, куды падзеўся Панько. Як мы ні намагаліся адшукаць яго, усё бяз толку. Я дабіўся спатканьня з камісарам Траўбам, аднак той паставіўся да мяне вельмі варожа. Яго моцна насьцярожыла таксама маё жаданьне даведацца пра лёс Панька. Пасьля ад жандармаў мы пачулі, што Панько зьнік з уласнай ахвоты, а куды, ніхто ня ведаў, але мы гэтаму ня верылі. Я быў амаль упэўнены, што яго заарыштавалі і згнаілі недзе ў нямецкай турме на падставе нейкага фальшывага абвінавачаньня.

Я ўтрымаўся выкладчыкам нямецкай мовы толькі таму, што мяне не было кім замяніць. Курсам, выхаваньню маладога пакаленьня я аддаваў увесь свой час. Памятаю першы выпуск пяцідзесяці зь нечым курсантаў, сьвята, прамову доктара Орсы, уздым энтузыязму і патрыятычных пачуцьцяў. Як усьцешна было бачыць, што новае пакаленьне беларусаў гатовае для дарослага жыцьця!

У той дзень на канцэрце мая каханая Людміла сьпявала ў дуэце і сола, а я, гледзячы на яе, баяўся паварухнуцца, настолькі яна была харошая. Я бачыў толькі яе і кахаў яе ўсё мацней і мацней.

Я працягваў распрацоўваць сваю ідэю наконт таго, каб выкарыстоўваць немцаў ва ўласных інтарэсах, пазьбягаючы рабаваньня нашых рэсурсаў Нямеччынай. Мы пачалі наладжваць кантакты з падпольлем, імкнучыся стварыць нейкую арганізацыю ў супрацоўніцтве зь ім, каб атрымалася дзейсная нацыяналістычная структура. Недзе пад канец траўня надарылася добрая нагода для гэтага. Мне пазваніў мой сябар Вова Родзька і запрасіў да сябе ў Менск, каб абмеркаваць сія-тыя нацыянальныя праблемы. Мы сустрэліся зь ім на пачатку чэрвеня 1942 году. Гэта было пад вечар у кватэры начальніка паліцыі Саковіча. Прысутнічалі таксама мой стрыечны брат Міхал Рагуля, Антон Адамовіч, літаратурны крытык зь Менску і вельмі таленавіты журналіст Шкялёнак. Усяго набралася чалавек з восем, і мы прынялі неабходныя меры асьцярожнасьці, напрыклад, прыходзілі на месца збору ў розны час. Наша сустрэча была нелегальнаю, бо тое, што мы зьбіраліся абмяркоўваць, мела вялікае значэньне для будучыні Беларусі. На гэтым паседжаньні была заснаваная нелегальная Беларуская незалежніцкая партыя (БНП). Партыя заставалася вернаю Ўстаўным граматам 1918 году, паводле якіх Беларусь абвяшчалася незалежнаю, а мэтаю партыі было здабыцьцё гэтай незалежнасьці. Мы хацелі ўтварыць Беларускую Народную Рэспубліку, у нашых мэтах было заснаваньне сеткі беларускіх патрыётаў, якая б уплывала на вельмі складаную сытуацыю на акупаваных немцамі тэренах. Пра тое, хто стаіць за БНП, мусілі ведаць лічаныя людзі, каб застрахавацца ад магчымага правалу і нямецкіх рэпрэсіяў. Мы публікавалі газэту "Бюлетэнь БНП", першы нумар якой выйшаў у жніўні досыць вялікім накладам. Адказным за выпуск шмат якіх нумароў быў я, а Людміла дапамагала мне, перахоўваючы, друкуючы і распаўсюджваючы выданьне. Я разумеў, што тым самым яна аказваецца ў небясьпецы, ды ня толькі яна, а таксама ўся яе сям'я, але той час я ня думаў пра асьцярогі. Бюлетэнь заклікаў беларускіх патрыётаў не скарацца, працягваць нацыянальнае змаганьне і дамагацца ад немцаў магчымасьці разьвіваць нацыянальнае жыцьцё. Мы папярэджвалі, што ў немцаў няма намеру даць нам незалежнасьць, што мы патрэбныя ім як працоўная сіла, гной для нямецкай культуры. Мы пісалі пра лёс беларускіх работнікаў у Нямеччыне і вынішчэньне жыдоў. Праца давала нам новую энэргію, і небясьпека толькі ўмацоўвала наш дух - так заўсёды бывае з моладзьдзю, уцягнутай у нелегальнае змаганьне. Старэйшым прыходзілася нават стрымліваць нас, бо празьмерная актыўнасьць магла прывесьці да правалу. Падпольная незалежніцкая сетка імкліва расла па ўсёй Беларусі, рос і попыт на інфармацыйны бюлетэнь. БНП абуджала энтузыязм патрыётаў, надавала сэнс нашаму жыцьцю. Ні хвілінкі не шкадаваў я пра страту пасады ў нямецкай адміністрацыі.

Тым часам актывізавалася дзейнасьць чырвонай партызанкі, партызанскія атрады ўсё часьцей нападалі на вёскі і нямецкі транспарт. Паўстала патрэба ў атрадах самаабароны. Юзік Сажыч, які вучыўся ў Менску ў афіцэрскай школе, вярнуўся дахаты, каб надаць арганізаванасьці такім атрадам у вёсках і мястэчках. Аднак немцы перашкодзілі нашым плянам. Можа ў іх была эўфарыя ад хуткага прасоўваньня нямецкага войска пад Сталінградам. Яны думалі, што абыйдуцца і без беларускай самааховы, а таму не аддалі абяцанай зброі і рыштунку. Становішча было абмеркаванае на пасяджэньні кіраўніцтва БНП. Усе пагадзіліся, што без уласных узброеных сілаў заставацца больш нельга. А нямецкай чыгуначнай паліцыі патрабаваліся фармаваньні для абароны чыгункі ад партызанаў. Я скантактаваўся зь Юзікам Сажычам і абмеркаваў зь ім ад імя БНП пытаньне арганізацыі атрадаў чыгуначнай аховы. Для іх трэ было дастаць форму і зброю. Становішча было цяжкім, але Юзік падрадзіўся дапамагчы нам. Ён змог апэратыўна стварыць цудоўна падрыхтаваныя групы з слухачоў школы, якіх падрыхтавалі на афіцэраў. Ён атрымаў форму ад нямецкай чыгуначнай аховы. Пасьля кароткага навучаньня іх накіравалі ў Ліду, у самае сэрца польскай падпольнай дзейнасьці, у горад, дзе, магчыма, знаходзіўся штаб Арміі Краёвай. На жаль, палякі, замест таго, каб змагацца зь немцамі і чырвонымі партызанамі, імкнуліся ўмацаваць кантроль за Лідчынай і Налібоцкай пушчай, каб цалкам палянізаваць гэтую тэрыторыю. Зьяўленьне Юзікавай часткі ў Лідзе, дзе яна прайшла праз горад зь беларускімі песьнямі, было ўспрынята як чырвоная шматка быком. Раней, пад дуламі акоўцаў-палякаў, Ліда выглядала, як цалкам польскі горад. Літаральна за пару месяцаў Юзік усё зьмяніў. Да яго пацягнуліся людзі, у адміністрацыі шмат якіх палякаў замянілі беларусамі.

Юзіку ў ягонай справе дапамагаў былы начальнік менскай паліцый Саковіч, які пайшоў з гэтай пасады, бо ня меў на ёй свабоды (паліцыю цалкам кантралявала гестапа). БНП паслала Саковіча ў Ліду ўзьнімаць беларускі нацыянальны супраціў. Ён меў заданьне зьвязацца з польскім супрацівам, каб наладзіць супрацоўніцтва, устанавіць давер, каб пазьбегнуць супрацьстаяньня між палякамі і беларусамі, якія мелі агульнага ворага - савецкі рэжым. Саковіч жа пабачыў, што польскія атрады сакрэтна супрацоўнічаюць зь немцамі, атрымліваюць ад немцаў баепрыпасы і амуніцыю пад умовай, што будуць ваяваць ня зь немцамі, а з чырвонай партызанкай, прычым гэта было даволі распаўсюджанай практыкай.

Тым часам пры канцы жніўня трагічны выпадак здарыўся ў Наваградку. Штабсляйтэр Вольфмаер трапіў у засаду ў Налібоках і загінуў. Я называю гэты выпадак трагічным, бо Вольфмаер быў сапраўдным сябрам Беларусі і падзяляў нашы намеры, разумеў нашае стаўленьне да Савецкага Саюзу, нашыя імкненьні пабачыць Беларусь вольнаю. Гэты чалавек ведаў, што мы ніколі ня станем поўнымі хаўруьснікамі Нямеччыны, што мы проста скарыстоўваем зь нямецкае акупацыі, каб разьвіваць нашу справу, але пры гэтым разумеў, што беларускія нацыяналісты маглі б быць у дапамозе дзеля нямецкага змаганьня з камунізмам. Аднак і яму не ўдавалася - ён сам у гэтым прызнаваўся - пераканаць найвышэйшыя ўлады, каб тыя зьмянілі сваё стаўленьне да беларусаў. Ён займаў такую ж пазыцыю, як барон фон Энгельгард, які падтрымліваў ідэю стварэньня незалежнай або, прынамсі, напаўнезалежнай Беларусі ў саюзе зь Нямеччынай, своеасаблівай буфернай дзяржавы, базай для далейшых дзеяньняў супраць Савецкага Саюзу. Спачатку ягоныя погляды на беларусаў сустракалі падтрымку сярод немцаў, але пасьля немцы зьмянілі сваю пазыцыю і вырашылі вызваліць на акупаваных тэрыторыях жыцьцёвую прастору для немцаў без увагі на нацыянальныя памкненьні мясцовага насельніцтва. Энгельгарда скінулі з пасады намесьніка міністра замежных справаў, адправіўшы працаваць лесьніком пад Наваградак. Энгельгард быў аўтарам кнігі "Weissruthenia", гісторыі Беларусі, у якой ён апісаў паходжаньне Беларусі, Вялікае Княства Літоўскае і ў правільным сьвятле падыходзіў да беларускай гісторыі й культуры. Хаця ён страціў увесь свой уплыў, але сустрэцца зь ім і абмеркаваць нашы праблемы было карысна, і аднойчы такая сустрэча адбылася. Трэба сказаць, што мой дзядзька і ён цесна пасябравалі.

Неяк мы былі ў яго разам зь дзядзькам, і я памятаю дзядзькавы словы: "Прабачце, барон, але немцы моцна памыляюцца, паўтараючы памылкі Напалеона. Вы перайшлі Нёман у той самы дзень, што і Напалеон; вы не спынілі прасоўваньня і не арганізавалі шляхоў забесьпячэньня войска, не стварылі буфэрных дзяржаваў у Беларусі і балтыйскіх краінах. Напалеон таксама сьпяшаўся заняць усю Расею і прайграў вайну. Ці ня думаеце вы, барон, што Нямеччына таксама прайграе вайну?" Энгельгард доўга маўчаў, а пасьля адказаў: "Баюся, вы маеце рацыю, але ня ўсё яшчэ страчана. Нямецкае войска хутка наступае на поўдні Савецкага Саюзу. Ёсьць шанцы, што праз пару дзён Сталінград будзе захоплены і тым самым будуць адрэзаны пастаўкі нафты. Гэта можа азначаць канец Савецкага Саюзу". "Я спадзяюся, што так і будзе, але сумняваюся". На тым размова й скончылася. Разьвітваючыся, мой дзядзька папрасіў нікому не распавядаць пра гэтую размову, бо тое, што разумеюць сябры, можа быць згубным, калі гэта стане вядомым каму яшчэ.

У Сталінградзе немцы былі разьбітыя. Ніхто гэтага не чакаў. Пра гэта не адразу стала вядома, толькі ў сьнежні ўдалося пачуць пра гэта па BBC зь Лёндану (іншым крыніцам інфармацыі давяраць было нельга). У нас была магчымасьць слухаць савецкае радыё, але мы лічылі зводкі савецкага радыё прапагандай і ня надта давяралі ім. Немцы сталі рабіцца ўсё больш і больш заклапочанымі, рэпрэсіі ўзмацніліся, але ставала ясна, што немцы прайграюць змаганьне з партызанкай.

Віктар узначальваў моцны партызанскі атрад, які дзейнічаў пад Наваградкам. Пры канцы 1942 году ён выйшаў на кантакт зь Людмілінай маці, якая тады жыла ў вёсцы Багудзенка. Жыцьцё ў Наваградку было вельмі цяжкім: па картках давалі нейкі мізэр, а на базары харчоў было не дакупіцца. Больш-менш прыстойна жылі толькі тыя, каму траплялі прадукты ад сваякоў ці сяброў зь вёсак. Віктар не адзін вечар прагаварыў з багудзенскім настаўнікам Міколам, распавядаючы яму пра жыцьцё ва ўсходняй Беларусі, сваёй бацькаўшчыне, дзе ён скончыў сярэднюю школу і скуль ён пайшоў у Чырвоную армію. Дзіўна было, што памкненьні да стварэньня беларускай дзяржаўнасьці ўсё яшчэ трымаліся і на ўсходзе. Віцебск заставаўся адным з моцных культурных цэнтраў, у тым ліку і беларускага нацыянальнага духу, нягледзячы на татальную дэнацыяналізацыю. Віктараў бацька выкладаў гісторыю і літаратуру ў беларускамоўнай школе, а маці працавала сакратаркаю ў гарвыканкаме. Віктар атрымаў беларускую адукацыю, быў выхаваны ў беларускім духу. Дзейнічаючы пад Наваградкам, вакол нашага цудоўнага возера Сьвіцязь, Віктар таксама абараняў Людміліну маці ад нападу партызанаў (тыя часта зьбівалі або расстрэльвалі мясцовых жыхароў, асабліва тых, чые сем'і жылі ў горадзе, хто лічыўся калябарантам). Дзякуючы сяброўству зь Віктарам, Людміліна маці і ўся іх сям'я жыла досыць няблага: маці не баялася часта наяжджаць у Наваградак, прывозіць сёе-тое з прадуктаў. Яна не магла не заўважыць, што я маю вялікую сымпатыю да яе дачкі, і добра паставілася да нашых стасункаў. А вось Людмілін бацька мне не давяраў, баючыся, што я пацешуся зь ягонай дачкою і кіну. Як жа ён памыляўся і якая малайчына была Людміліна маці.

Ішоў час, мянялася становішча на фронце, мянялася й становішча ў Наваградку, стаўленьне немцаў да нас. Арганізавалася "Самапомач" на чале з доктарам Ермачэнкам, якога гаўляйтэр Кубэ выклікаў з Прагі. Але гэтая арганізацыя была чыста паказушнай, яна мелася стварыць уражаньне, што беларусам дазваляюць мець сякую-такую сыстэму самакіраваньня, якой некалі, магчыма, будзе нададзена адміністратыўная ўлада. Насамрэч "Самапомач" стваралася зусім не для гэтага. Я сустракаўся ў Менску з доктарам Ермачэнкам, і ён мяне ня ўразіў: таўстун, слабая асоба, які імкнуўся ўзбагаціцца пры нагодзе і задаволіць адно свае ўласныя амбіцыі. Такіх і паплечнікаў ён сабе падабраў. Сярод прызначаных ім у розныя мясцовасьці прадстаўнікоў быў і спадар Якуцэвіч з Наваградка. На маю думку, ён быў стопрацэнтовым нямецкім агентам. Уся гэтая задумка з стварэньнем "Самапомачы" хутка выдыхлася, і пасьля забойства Кубэ новы губэрнатар генерал фон Готбэрг скінуў Ермачэнку зь ягонай пасады, выслаў назад у Прагу і забараніў выяжджаць стуль. Беларускія праграма самапомачы і самааховы так шырока й не разгарнуліся: немцы не давалі ні зброі, ні амуніцыі, адзін толькі Юзік Сажыч з сваімі выпускнікамі "настаўніцкіх курсаў" рабіў посьпехі ў Лідзе, разгортваючы беларускую дзейнасьць і спрыяючы нацыянальнаму ўздыму ў гэтых складаных краях, моцна скалянізаваных і кантраляваных польскім падпольлем.

З тае пары, як я выказаў свой непакой абыходжаньнем з нашымі работнікамі ў Нямеччыне, я ні разу больш не сустракаўся з камісарам Траўбам. Мяне папярэджвалі, што я магу стаць ахвяраю нейкай правакацыі, у прыватнасьці, з боку жандармаў, што знаходзіліся пад уплывам польскага падпольля праз тых палячак, якія працавалі служанкамі ў жандармэрыі. Мяне маглі ліквідаваць, адплаціўшы мне такім чынам. Мая сіла заключалася толькі ў тым, што я прайшоў праз савецкую вязьніцу, і ніхто ня мог абвінаваціць мяне ў сымпатыях да Саветаў або да камуністаў. Толькі гэта, мабыць, мяне й ратавала.

Жандармэрыя сапраўды была пад моцным польскім уплывам і працягвала выбарачна перасьледаваць то аднаго, то другога беларускага актывіста, абвінавачваючы іх у сымпатыях да камуністаў, што было няпраўдаю. Людзі зьнікалі адзін за адным. Становішча ў Беларусі ўсё пагаршалася. Удзень у гарадах лютавалі немцы, уначы ў вёсках лютавалі партызаны, і яны сутыкалі людзей ілбамі. А цярпела ад усяго гэтага беларускае насельніцтва, людзі былі ў адчаі. Усе расчараваліся ў нямецкім вызваленьні, становішча было бязвыхадным. Ніхто ня меў упэўненасьці ў будучыні. На немцаў спадзявацца не прыходзілася, пра вяртаньне савецкай акупацыі таксама не хацелася нават думаць. БНП імкнулася ў такой сытуацыі выконваць ролю пасярэдніцы паміж рознымі плынямі, умацоўваючы ідэі незалежнасьці сярод людзей. Бюлетэнь гаварыў людзям праўду. Прадказваючы паразу немцаў і раючы, што рабіць. Мы правільна прадбачылі вынікі вайны, амаль беспамылкова прадказалі падзел Нямеччыны на зоны ўплыву паміж амэрыканцамі і Савецкім Саюзам і раілі людзям выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб апынуцца ў Заходняй акупацыйнай зоне, бо там, спадзяваліся мы, беларусы апынуцца пад абаронай дэмакратычнай сыстэмы. Мы меркавалі, што пасьля перамогі над Гітлерам дэмакратычныя саюзьнікі спыняць сталінскі тэрор і разбурэньне ўсяго, што было чалавечага. Мы меркавалі, што заходнія краіны сутыкнуцца з Савецкім Саюзам. Мы памыліліся: гэта даказвае, што мы ня ведалі, як дзейнічае дэмакратычны мэханізм. Мы не разумелі, што дэмакратыя - гэта лад, калі сам лідэр ня мае права прыняць рашэньне, калі перш трэба падрыхтаваць насельніцтва да нейкага рашэньня. А на Захадзе людзі думалі, што галоўны вораг - гэта Гітлер, тады як Савецкі Саюз - гэта хаўрусьнік. Нельга павярнуць зброю супраць былога саюзньніка. Мы дорага заплацілі за гэтую аблуду, гэта была сапраўды трагічная памылка.

У 1941-42 гадах адбыўся вялікі ўздым беларускай культуры. Натальля Арсеньнева зрабіла беларускі пераклад шматлікіх лібрэта клясычных опэраў, вядомы наш кампазытар Шчаглоў напісаў новую опэру "Кветка шчасьця", а таксама з'явіўся новы гімн, напісаны Арсеньневай. Паўсюль у гарадах і мястэчках ствараліся хоры і танцавальныя ансамблі. Былі адкрытыя беларускія школы, і за адзін год беларуская культура акрыяла ад доўгага савецкага панаваньня, ад рэпрэсіяў 1929-41 гадоў. Мы часта бывалі ў Менску ў опэры зь Юзікам Сажычам. Незабыўныя ўражаньні засталіся ў мяне ад опэры "Кармэн", якую я ўпершыню пачуў па-беларуску. Я назаўжды палюбіў гэтую опэру. Асабліва палюбілася беларусам опэры Гофмана. Словам, 1941-42 гады сталі залатым годам беларускай культуры. Каб нам яшчэ пару гадоў сапраўднай свабоды, такой культурнай свабоды, наш народ, наша нацыя хутка адрадзіліся б і ўсталі нароўні зь іншымі свабоднымі народамі сьвету.

Тады ж быў арганізаваны і Саюз беларускай моладзі. На чале арганізацыі стаў выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту спадар Ганько - энэргічны хлопец, вялікі патрыёт, таксама сябар БНП. Калі немцы сталі разглядаць пытаньне, ці патрэбныя ў Беларусі арганізацыі моладзі, мы праз розныя каналы імкнуліся да станоўчага вырашэньня гэтага пытаньня. На кіраўніка гэтай арганізацыі быў прапанаваны менавіта Ганько. Рост папулярнасьці гэтай арганізацыі быў нават трохі нечаканым для нас - у яе ўступалі тысячы юнакоў. Арганізацыя фармавалася на прынцыпах заходняга скаўцкага руху, і на першы погляд была падобнаю да камсамолу і гітлерюгенду. У СБМ-аўцаў была зялёная форма і бел-чырвона-белыя павязкі на рукавах. Яе сябры аддавалі салют рымскім узмахам рукі, а дэвізам было "Жыве Беларусь!" Усё гэта выглядала вельмі патрыятычна і прыцягальна, а немцы гэта ўсё цярпелі, бо не заўважалі нацыянальнага характару арганізацыі, прыхаванага пад шэрагам вонкавых рысаў, запазычаных ад "гітлерюгенду". Кіраўнікі арганізацыі зьбіраліся прыцягчы ў свае шэрагі шмат юнакоў 13-15 гадоў, а мы меркавалі арганізаваць ваенную падрыхтоўку гэтай моладзі і тым самым закласьці яшчэ адну аснову будучай незалежнай Беларусі. Суполкі СБМ пачалі расьці, як грыбы пасьля дажджу: у Менску, Вільні, Наваградку, Баранавічах і паўсюль-паўсюль. Ганько працаваў вельмі актыўна, лётаў з аднаго канца краіны ў другі і нават атрымаў пэўную падтрымку ад немцаў, якія давяралі яму і цанілі ягоную энэргію, ня ведаючы, што ён - сябар нашай БНП і дзейнічае паводле яе загадаў. Ганько стаў адным з выдаўцоў нашага бюлетэню, дзе выказваў свае думкі наконт палітычнае сытуацыі, выступаючы зь вельмі патрыятычных пазыцыяў.

Янка Жамойцін і Людміла таксама ўваходзілі ў партыю. Людміла бывала ў Менску, прысутнічала на паседжаньнях, хадзіла на канцэрты і ў опэру, наведвала лягеры моладзі ў Слоніме. Мы ўпэўніваліся ў слушнасьці нашай справы, бачачы, зь якім энтузыязмам уступае моладзь у нашу арганізацыю, нягледзячы на неспрыяльную сытуацыю ў Беларусі, на акцыі партызанкі, на паляпшэньне становішча Савецкага Саюзу і на блізкае вяртаньне савецкай улады.

Каментары чытачоў
Zina Gimpelevich напiсаў(ла) 02.04.2018 20:33

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.