Міхал Карыбут Вішнявецкі (1640-1673)

Паходжанне

Пасля таго як у верасні 1668 г. Ян Казімір Ваза адрокся ад трона каралём польскім і вялікім князем літоўскім стаў Міхал Карыбут Вішнявецкі.

Міхал Карыбут ВішнявецкіКнязь Міхал Карыбут Вішнявецкі паходзіў са старажытнага княжацкага роду. Радавод свой Вішнявецкія вялі ад літоўскага князя Карыбута Дзмітрыя Альгердавіча, князя Ноўгарад-Северскага, аднаго з малодшых Альгердавых сыноў і таму да свайго прозвішча дадавалі яшчэ прыдомак Карыбут. Яны лічылі сябе нашчадкамі малодшага сына Карыбута Дзмітрыя - Фёдара, ад якога паходзілі князі Збаражскія і Вішнявецкія на Украіне.

Продак князёў Вішнявецкіх князь Міхал Збаражскі, які жыў на пачатку XVI ст., валодаў замкам Вішнявец на Валыні. Ён і ягоныя сыны ўжо насілі прозвішча Вішнявецкія. Гэта быў багаты праваслаўны княжацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім. Вішнявецкія былі ўладальнікамі значных маёнткаў, займалі адміністрацыйныя пасады ў розных частках гаспадарства, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Так, Іван Міхайлавіч Вішнявецкі быў дзяржаўцам эйшышскім, варнянскім, чачэрскім і прапойскім, яго брат Фёдар - таксама дзяржаўцам прапойскім і чачэрскім, а іх брат Аляксандр - рэчыцкім старостам. Але найбольш праславіўся ўнук заснавальніка роду - Дзмітрый Іванавіч Вішнявецкі, пра якога потым спявалі песні на Украіне. Гэты князь, староста чаркаскі і канеўскі, быў адным з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць туркаў і крымскіх татараў. У 1554-1555 гг. ён пабудаваў на дняпроўскай выспе Малая Хорціца крэпасць, з чаго і пачалася Запарожская Сеч. У знак пратэсту супраць загаду вялікага князя літоўскага (і караля польскага) Жыгімонта Аўгуста спыніць казацкія напады на Крым і Турцыю (каб не выклікаць нападаў у адказ) Дзмітрый Вішнявецкі перайшоў на бок рускага цара Івана IV Грознага (Жахлівага) і двойчы ўдзельнічаў у паходах рускага войска на Крымскае ханства. Праз колькі гадоў падчас Лівонскай вайны, Дзмітрый Іванавіч вярнуўся на Украіну - у Чаркасы. У 1563 г. запрашаецца баярамі на малдаўскі трон, але ягоны атрад быў разбіты ў бітве з войскамі гаспадара Стэфана IX. Вішнявецкі трапіў у палон, быў выдадзены туркам, якія не забыліся пра яго налёты на іх, і ў тым жа 1563 г. пакараны смерцю ў Канстанцінопалі.

Бацька Міхала Вішнявецкага

Праз два пакаленні род князёў Вішнявецкіх, як і многіх іншых украінскіх і беларускіх магнатаў перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва. Да другой галіны роду належаў славуты ў першай палове XVII ст. Іярэмія Міхал Вішнявецкі (1612-22.08.1651). Гэта быў буйны магнат на Украіне. Ягоныя асноўныя маёнткі знаходзіліся на Левабярэжнай Украіне і складалі цэлую латыфундыю з 56 гарадоў мястэчак і вёсак з насельніцтвам 288 тысяч чалавек. Сталіцай яе быў горад Лубны (цяпер Палтаўская вобласць). У афіцыйных дакументах гэтае суцэльнае ўладанне называлася "панствам", "дзяржавай".

У князя Іярэміі (па-ўкраінску Ярэмы) было сваё 12-тысячнае войска. Ён прымаў замежных паслоў і пасылаў у іншыя краіны сваіх. Акрамя таго, князь Вішнявецкі меў крэпасці і маёнткі на Валыні і Палессі. У свой час вучыўся ў школе езуітаў і ведаў "навукі" на еўрапейскім узроўні, але гаварыў па-польску няправільна, са шматлікімі ўкраінскімі словамі і выразамі (так бы мовіць, "трасянкова"). Іярэмія Вішнявецкі ўзначальваў групу польскіх магнатаў, якая выступала супраць цэнтралізацыі ўлады ў Рэчы Паспалітай. 3 1646 г. быў ваяводам рускім (цэнтр ваяводства - горад Львоў).

Падчас казацка-сялянскай вайны на Украіне ў сярэдзіне XVII ст. Іярэмія Вішнявецкі з 6-тысячным войскам у 1648 г. прайшоў маршам па Паўночнай Украіне ад Чарнігава да Львова, адбіўшы атакі казацка-сялянскіх атрадаў. Паход суправаджаўся масавымі рэпрэсіямі ва ўкраінскіх вёсках і гарадах. Вішнявецкі выступаў супраць усякіх перамоў з Багданам Хмяльніцкім. Ён быў прыхільнікам жорсткай палітыкі супраць казакоў і сялян.

Пры выбарах караля ў 1648 г. Іярэмія Вішнявецкі падтрымаў кандыдатуру Караля Фердынанда Вазы, "кандыдата вайны", і быў супраць кандыдатуры Яна Казіміра Вазы, "кандыдата міру". Пасля абрання Яна Казіміра аказаўся ў няміласці. Вішнявецкі ўдзельнічаў у войнах з Багданам Хмяльніцкім. У 1649 г. ён вылучыўся пры абароне Збаражу, а ў 1651 г. - у бітве пад Берастэчкам. 22 жніўня 1651 г. Іярэмія Міхал Вішнявецкі падчас эпідэміі памёр. У выніку казацка-сялянскай вайны вялікія маёнткі на Левабярэжнай Украіне для сям'і Вішнявецкіх былі страчаны.

Іярэмія Вішнявецкі быў звязаны сваяцтвам з іншымі арыстакратычнымі сем'ямі. Ягоная маці Рэгіна была дачкой гаспадара Малдавіі Іярэміі Магілы і стрыечнай сястрой кіеўскага праваслаўнага мітрапаліта Пятра Магілы (памёр у 1647 г.). Жанаты князь Іярэмія быў з Грызельдай Канстанцыяй Замойскай, дачкой канцлера вялікага кароннага і ўладальніка багатай Замойскай ардынацыі (амаль аўтаномнага ўладання). Ад гэтага шлюбу ў князя Іярэміі і нарадзіўся адзіны сын Міхал, якому лёсам і людзьмі наканавана было стаць каралём.

Маладыя гады

Міхал Томаш Вішнявецкі нарадзіўся 31 жніўня 1640 г. у Вішняўцы на Валыні. Да 1642 г. знаходзіўся ў Замосці, у сваёй бабкі Кацярыны Замойскай. Пасля смерці бацькі з 1651 г. выхоўваўся пад наглядам біскупа плоцкага Караля Фердынанда Вазы, брата караля Яна Казіміра. Вучыўся ў езуіцкай школе, пазней, па стыпендыі караля, - у Празе Чэскай, а таксама ў Дрэздэне і Вене. Адукацыю атрымаў някепскую, ведаў некалькі замежных моў: французскую, нямецкую, італьянскую, турэцкую, татарскую і, безумоўна, лацінскую. Некаторы час служыў у аўстрыйскім войску і атрымаў ступень палкоўніка. Пасля вярнуўся да маці ў Замосце, дзе ўладальнікам вялікай латыфундыі (Замойскай ардынацыі) быў ягоны дзядзька, брат маці Ян Замойскі, ваявода сандамірскі.

У лістападзе 1663 г. Міхал Вішнявецкі прыняў удзел у ваеннай кампаніі караля Яна Казіміра на Украіну супраць расійскіх войскаў. Камандаваў уласным палком пяхоты з 600 чалавек. Гэты паход караля на Левабярэжную Украіну скончыўся безвынікова, бо расійскія войскі адступалі і ў вялікія бітвы не ўвязваліся. Больш нічым у гэты час Міхал Вішнявецкі не вызначыўся. Падчас рокашу (выступлення) магнатаў пад кіраўніцтвам Е. Любамірскага супраць караля малады Міхал Вішнявецкі падтрымаў караля Яна Казіміра. У 1668 г. кароль і вялікі князь Ян Казімір Ваза адмовіўся ад трона. У Рэчы Паспалітай пачалося бескаралеўе.

Абранне на трон

Вакантны трон адразу прывабіў шматлікіх кандыдатаў. У справу ўмяшаліся і замежныя двары, у першую чаргу французскі і аўстрыйскі, чые прыхільнікі былі сярод магнатэрыі Рэчы Паспалітай. Стаць каралём польскім і вялікім князем літоўскім намагаліся прынц Луі Кандэ ("Вялікі Кандэ"), французскі палкаводзец, блізкі родзіч французскага караля Людовіка XIV. Прааўстрыйская групоўка вылучыла кандыда-туру герцага латарынгскага Карла. Былі названыя таксама кандыдатуры расійскага цара Аляксея Міхайлавіча і яго сына царэвіча Фёдара. Кандыдатамі выступілі і брандэнбургскі кур-фюрст Фрыдрых Вільгельм Гогенцолерн, італьянскія прынцы, шведская экс-каралева Крыстына Ваза і брат англійскага караля Джэймз Сцюарт (з часам англійскі кароль Якаў II).

Аднак пэўная група магнатаў і шляхты выступіла супраць выбараў замежных кандыдатаў, прапануючы кандыдатуру "Пяста", г. зн. радавітага жыхара Рэчы Паспалітай. Пачалася агітацыя менавіта за такую кандыдатуру. Біскуп хэлмінскі і падканцлер каронны Анджэй Альшоўскі разаслаў па паветах на перадвыбарчыя соймікі пракламацыю "Цэнзура кандыдаторум" з прапановай выбраць абывацеля (грамадзяніна) Рэчы Паспалітай.

6 чэрвеня 1669 г. элекцыйны (выбарчы) сойм выключыў з выбараў кандыдатуру французскага прынца Кандэ. 17 чэрвеня шляхта, пасля нейкіх чутак, пачала страляць па сенатарскім павільёне, абвінаваціўшы магнатаў у здрадзе. Доўга вагаліся ў выбары дэпутаты ад Вялікага Княства Літоўскага. У складзе кіраўніцтва апазіцыі быў і швагер Яна Сабескага - падканцлер і гетман польны літоўскі Міхал Казімір Радзівіл з Нясвіжа. У апазіцыю новаму каралю ўваходзілі ваяводы і кашталяны з усёй Рэчы Паспалітай. Прадстаўнікі ваяводстваў і паветаў Беларуска-Літоўскага гаспадарства, нягледзячы на супраціўленне магнацкіх сем'яў Радзівілаў і Пацаў, выказаліся за кандыдатуру Міхала Вішнявецкага.

29 чэрвеня 1669 г. каралём быў абраны "Пяст" - Міхал Карыбут Вішнявецкі.

Гэта быў кандыдат шляхты, а не магнатаў. Шляхта лічыла, што малады, нежанаты і небагаты князь, не спрактыкаваны ў палітыцы, без вялікіх амбіцый і ў той жа час старанны вернік-католік не будзе для шляхты і для яе вольнасці небяспечным. Магнаты пад ціскам шляхты вымушаны былі пагадзіцца на выбар маладога Вішнявецкага, але не любілі яго. Яны цягнулі час з абвяшчэннем яго каралём, а потым перайшлі ў апазіцыю, перш за ўсё гэта прафранцузская партыя (ці, як іх называлі, "незадаволеныя") на чале з арцыбіскупам-прымасам (галавой каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай) М. Пражмоўскім і гетманам вялікім каронным Янам Сабескім. Магнаты цяпер мусілі кланяцца беднаму, на іх погляд, князьку, які яшчэ перад сваёй элекцыяй (выбарам) пазычаў грошы ў замежных дыпламатаў, а цяпер "цудам" быў узняты на трон. Яны з пагардай гаварылі пра новага караля: "Ну што за караля абралі? У яго нават няма шастака (сярэбраная шасціграшовая манета. -А. Г), каб купіць сабе грэбень". Апазіцыя распускала плёткі пра караля, быццам ён імпатэнт або гомасексуаліст. У сваіх лістах Ян Сабескі і яго жонка Марысенька называлі караля "малпай".

Панаванне Міхала Вішнявецкага

У такіх нялёгкіх абставінах пачалося нядоўгае панаванне Міхала Томаша Карыбута Вішнявецкага. 29 верасня 1669 г.Міхал Вішнявецкі каранаваўся ў Кракаве. Але ўжо першы каранацыйны сойм (з нагоды каранацыі) быў сарваны. Сойм засядаў ад 1 кастрычніка да 12 лістапада. На ім абмяркоўвалася даволі добрая палітычная праграма. Але апазіцыя магнатаў, карыстаючыся правам ліберум вета (аднагалоснага прыняцця законаў), сарвала гэты сойм. Дарэчы, заганная практыка зрыву соймаў працягвалася і далей. Усяго з шасці соймаў у часе панавання Вішнявецкагачатыры былі сарваны. У далейшым малады кароль вымушаны быў абапірацца на розныя магнацкія групоўкі і неўзабаве зрабіўся прыладай у барацьбе магнацкіх клік паміж сабой.

У лістападзе 1669 г. рада сената Рэчы Паспалітай разглядала важную дзяржаўную справу аб жаніцьбе караля. Гэта сапраўды была дзяржаўная справа, бо ад выбару нявесты залежала тое, з якой дзяржавай будуць саюзныя адносіны, а з якой могуць і сапсавацца. Магнаты, якія засядалі ў радзе Сената (асобы, што займалі вышэйшыя пасады ў Польшчы і Беларуска-Літоўскім гаспадарстве), выбралі для караля 16-гадовую нявесту, эрцгерцагіню аўстрыйскую Элеанору Марыю Юзэфу Габсбург, дачку імператара Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі Фердынанда III і сястру імператара Леапольда I. Міхал Вішнявецкі адказаў сенатарам, што згодзен з імі, "каб было выгадна і вам і быў пажытак для Рэчы Паспалітай". Каралю ў гэты час было 29 гадоў.

27 лютага 1670 г. у Чэнстахове адбыўся шлюб. Такі палітычна-сямейны саюз узмацніў пазіцыі Міхала Вішнявецкага. Цяпер ён у сваёй унутранай палітыцы абапіраўся на Габсбургаў і схіліў на свой бок аўстрыйскую партыю магнатаў. Ды і каралева Элеанора хутка стала вернаю сяброўкаю караля. Ад гэтага шлюбу дзяцей не было (у каралевы было два выкідышы), і гэта стала прычынаю дамаганняў апазіцыі разводу караля. (Праз чатыры гады пасля смерці мужа 25-гадовая каралева Элеанора выйшла замуж за герцага латарынгскага Карла, нарадзіла 6 дзяцей і стала продкам Габсбург-Латарынгскага дому, які панаваў у Аўстрыі і Аўстра-Венгрыі да 1918 г.)

Фактычна патрабаванні разводу былі спробамі разарваць саюз з Аўстрыяй. У красавіку 1670 г. апазіцыя сарвала чарговы сойм. Адзін з дэпутатаў выступіў з пратэстам супраць пра-цягу тэрміну пасяджэнняў (дастаткова, каб сойм разышоўся). Наступны, асенні, сойм шляхта ўратавала, пагражаючы апазіцыі вайной. Шэраг законаў і пастаноў быў прыняты.

А ў гэты час нарастала пагроза вайны з Турцыяй. Крымскія татары пачалі нападаць на паўднёвыя раёны Рэчы Паспалітай на Украіне. Тым не менш барацьба апазіцыі супраць караля працягвалася. Наступныя соймы зноў зрываліся. У чэрвені 1672 г. апазіцыя патрабавала ад караля скласці карону, але, увогуле нерашучы чалавек, на гэты раз ён адмовіў. Вакол караля арганізавалася генеральная канфедэрацыя шляхты (вайсковы саюз, які меў характар сойма, але ўжо пастановы канфедэрацыі прымаліся не аднагалосна, як на сойме, а большасцю галасоў). Кароль абвясціў аб скліканні паспалітага рушэння (агульнага апалчэння шляхты).

Тады апазіцыя (ці "незадаволеныя", як іх называлі) абвясціла сваю канфедэрацыю. Мэтаю яе была дэтранізацыя Вішнявецкага і выбары новага караля з французскіх прынцаў. "Незадаволеныя" звярнуліся па дапамогу да караля Францыі Людовіка XIV. Гэты акт падпісалі 38 сенатараў, міністраў вышэйшых чыноўнікаў і афіцэраў на чале з прымасам М. Пражмоўскім і гетманам вялікім каронным Я. Сабескім. Апазіцыя вылучыла новую кандыдатуру на трон - французскага герцага Шарля дэ Лангвіля (нашчадка няшлюбнай лініі папярэдняй дынастыі Валуа). Нават прапанавалі развесці караля з каралевай і выдаць яе замуж за французскага герцага. Але герцаг загінуў 12 чэрвеня 1672 г. у бітве падчас вайны паміж Францыяй і Галандыяй. Апазіцыянеры пачалі збірацца ў Гданьску. Спробы караля неяк дамовіцца з апазіцыяй не ўдаліся. Тады кароль сабраў паспалітае рушэнне для барацьбы з ворагамі.

Вайна з Турцыяй и смерць караля

Унутраным непарадкам у Рэчы Паспалітай карысталіся суседнія дзяржавы. Так, у 1670 г. кароль, пацвердзіўшы

Андрусаўскае перамір'е 1667 г. з Расіяй, вымушаны быў пакінуць Кіеў Расіі (хаця па ўмовах перамір'я Кіеў перадаваўся Расіі толькі на два з паловай года). Брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм загадаў арыштаваць на польскай тэрыторыі лідэра апазіцыі ў Прусіі Л. Калькштэйна-Сталінскага і пакараць смерцю ў Мемелі (Клайпедзе). Акрамя папяровага пратэсту, Міхал Вішнявецкі нічога не змог зрабіць.

Яшчэ ў сярэдзіне 1672 г. арганізаваліся дзве канфедэрацыі: адна за караля - Галомбская (у Галомбе), другая супраць яго - Шчэбжэшынская на чале з гетманам вялікім каронным (галоўнакамандуючым войскам) Янам Сабескім, за якім стаяла войска. Рэч Паспалітая раскалолася на два лагеры. Грамадзянскую вайну ў краіне прадухіліў напад Турцыі.

Улетку 1672 г. войскі турэцкага султана Мехмеда IV напалі на паўднёвыя межы Польшчы. 100-тысячная турэцкая армія 18 жніўня асадзіла моцную крэпасць Камянец-Падольскі і 27 жніўня 1672 г. прымусіла яе гераічных абаронцаў капітуляваць. Далей турэцкія войскі разгарнулі наступ на Бучач і Львоў. Але Львоў узяць не змаглі. Туркі здолелі захапіць гарады і замкі Збораў, Злочаў, Бучач. Атрады крымскіх татараў рассыпаліся па Украіне, знішчаючы і рабуючы населеныя пункты, ажно за ракой Сан. У гэтай сітуацыі Ян Сабескі з трыма тысячамі конніцы рушыў на поўдзень, разбіваючы па дарозе татарскія атрады. Зрабіўшы хуткі марш, у першай палове кастрычніка Ян Сабескі пры дапамозе мясцовых украінскіх сялян разбіў каля 20 тысяч татараў і вызваліў з палону каля 44 тысяч людзей.

Аднак становішча Рэчы Паспалітай было крытычным, і яна мусіла 18 кастрычніка 1672 г. заключыць з Турцыяй ганебны Бучацкі мір. Турцыя атрымлівала ад Польшчы Падолію разам з Камянцом, а Брацлаўскае ваяводства і паўднёвая частка Кіеўскага перадаваліся турэцкаму стаўленіку - казацкаму гетману Правабярэжнай Украіны Пятру Дарашэнку, які прызнаў залежнасць ад султана. Рэч Паспалітая была абавязана выплаціць выкуп за тое, што туркі знялі аблогу Львова (80 тысяч талераў) і мусіла выплачваць султану штогадовую даніну 22 тысячы злотых.

Нягледзячы на гэтае паражэнне, кароль Міхал не засцерагаў паўднёвыя землі краіны ад далейшых нападаў туркаў і іх саюзнікаў - крымскіх татараў і казакоў. Ён працягваў збіраць войска, каб расправіцца з апазіцыяй. Але на генеральным з'ездзе шляхты ў Варшаве напачатку студзеня 1673 г.перамаглі прыхільнікі патрыятычнай лініі. Некалькі тыдняў біскуп кракаўскі Анджэй Тшэбіцкі і ваявода віцебскі Ян Храпавіцкі пры дапамозе каралевы Элеаноры і папскага нунцыя Франчэска Буанвізі вялі перамовы з абодвума бакамі. I толькі новая турэцкая пагроза прымусіла абодва лагеры пайсці на згоду (сакавік 1673 г.). "Незадаволеныя" прыбылі ў Варшаву, а генеральны з'езд пераўтварыўся ў так званы пацыфікацыйны (міратворчы) сойм, які выпрацаваў праграму абароны краіны ад турэцкага нашэсця. Сойм зрабіў вялікую саступку шляхце Беларуска-Літоўскай дзяржавы. На сойме 1673 г. было пранятае рашэнне: кожны трэці сойм "станаў каронных і Вялікага Княства Літоўскага" збіраць не ў Кароне, а ў "Вялікім Княстве Літоўскім у горадзе Горадні, за выключэннем соймаў канвакацыйных, падчас міжкаралеўя, а таксама элекцыйных (выбарчых. - А. П) і каранацыйных, якія ў Кароне павінны адбывацца". Сойм адхіліў Бучацкі мірны дагавор у красавіку 1673 г., і вайна працягвалася. Ваенныя дзеянні адбываліся яшчэ і ўвосень.

Напачатку верасня 1673 г. кароль Міхал Вішнявецкі ўрэшце рушыў да вайсковага лагера, але да канца месяца даехаў толькі да Львова. Хаця адчуваў сябе кепска, усё яшчэ хацеў камандаваць арміяй. 8 кастрычніка кароль прыехаў у вайсковы лагер каля Сваравы (на ўсход ад Львова) і правёў агледзіны 40-тысячнага войска кароннага. Але нечакана здароўе караля пагоршылася, і 13 кастрычніка ён вярнуўся ў Львоў. Адразу ж паслалі ганца да каралевы, каб хутчэй ехала да мужа. А ў гэты час польскае войска і 12-тысячнае войска літоўскае пад камандаваннем Яна Сабескага рушыла на турэцкую армію, якая знаходзілася каля крэпасці Хоцін, за Днястром. Кароль Міхал Вішнявецкі ўжо не дачакаўся вестак пра генеральную бітву з туркамі, бо 10 лістапада 1673 г. памёр. Было каралю ўсяго 33 гады. Каралева так і не даехала да Львова і вярнулася ў Варшаву. Прах караля быў пахаваны ў Вавельскай катэдры ў Кракаве ў той самы дзень - 31 студзеня 1676 г., што і прах Яна Казіміра, прывезены з Францыі.

Чатырохгадовае панаванне караля Міхала Вішнявецкага было нешчаслівым для Рэчы Паспалітай. Ён аказаўся няздольным манархам, не змог сканцэнтраваць грамадскія сілы ні на пытаннях унутранай, ні на пытаннях знешняй палітыкі. Ягоная аўстрыйская арыентацыя ў знешняй палітыцы не прынесла поспехаў і не абараніла дзяржаву ад турэцкага нашэсця.

На Беларусі і Літве ў 60-я - першай палове 70-х гг. XVII ст. найбольшага палітычнага ўплыву дамаглася магнацкая сям'я Пацаў. Пасля выбрання Міхала Вішнявецкага Пацы перайшлі на яго бок. Яны былі кіраўнікамі магнацка-шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі. Заняўшы асноўныя дзяржаўныя пасады, на якія іх прызначыў кароль, яны фактычна кіравалі Вялікім Княствам Літоўскім. Такім вось чынам, падчас панавання караля Міхала Вішнявецкага, Вялікае Княства Літоўскае падтрымлівала караля.

Анатоль Грыцкевіч, "Культура". 1993. 16 ліст.
Крыніца: Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч.-Мінск: Кнігазбор, 2009.-468 с.Б.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.