Напалеон Орда (1807-1883)

Напалеон ОрдаБог шчодра надзяліў яго талентамі. Ён быў мастаком, кампазітарам, піяністам, педагогам. І праз гэтыя таленты нястомна дасканаліў сваю душу – тое самае патаемнае, дзеля спраўджвання якога ўсе мы прыходзім на зямлю. Бацькі назвалі яго Напалеонам, і ён, як той ваяр, адваёўваў у нябыту найпрыгажэйшыя куточкі Бацькаўшчыны – яе касцёлы, цэрквы, кляштары, замкі, палацы, сядзібы, каб падарыць нашчадкам тую Беларусь, пра якую без яго пэндзля, без яго душы і сэрца мы маглі б ніколі не даведацца. Ён ствараў мастацкі вобраз Радзімы.

Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 г. у маёнтку Варацэвічы, што стаяў на ўскраіне вёскі з такой жа назвай непадалёку ад Пінска (на жаль, сёння ад фальварка, якім Орды валодалі з ХVІІІ ст., нічога не засталося).

Бацька Напалеона Орды Міхал (ён рана памёр) быў маршалкам Кобрынскага павета, а па спецыяльнасці – інжынерам-фартыфікатарам (будаваў дарогі і каналы на Палессі). Маці – Юзафіна (дачка пінскага мечніка і гарадскога суддзі Мацея Бутрымовіча) – была таленавітай піяністкай. Мяркуючы па даволі рэдкім імені сына, бацькі не толькі захапляліся французскім імператарам, але і звязвалі з яго асобай спадзяванні на адраджэнне былой Рэчы Паспалітай. У пэўнай ступені гэта імя вяло Напалеона Орду па жыцці амаль ад самага яго пачатку: будучы студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага універсітэта, ён апынуўся сярод удзельнікаў тайнага студэнцкага таварыства "Заране", за што ў 1827 г., на ІV курсе, быў выключаны з універсітэта і арыштаваны.

У 1830 г. Напалеон Орда служыў салдатам у расейскай коннай гвардыі Літоўскага корпуса, а калі выбухнула паўстанне, стаў у шэрагі паўстанцаў. За асабістую мужнасць ён атрымаў самую высокую ўзнагароду – Залаты Крыж "Virtuti Militari" (Воінская доблесць), але як афіцэр (у корпусе Гераніма Рамарыны яму далі званне капітана), што здрадзіў прысязе расейскаму прастолу, быў прыгавораны да пакарання смерцю і таму мусіў уцякаць за мяжу. Амаль год ён блукаў па Еўропе, пакуль у верасні 1833 г. трапіў са Швейцарыі ў Парыж (з пашпартам на чужое імя, як слуга свайго сябра Цітуса Плонскага). На шчасце, Напалеона Орду пазнаёмілі з графам Людвікам Платэрам, які меў добрыя стасункі з уладамі і паспрыяў уцекачу атрымаць статус эмігранта.

У Парыжы Напалеон Орда, які ў маленстве вучыўся музыцы, пазнаёміўся з Фрэдэрыкам Шапэнам, і той хутка стаў не толькі яго настаўнікам у музыцы, але і сябрам. Па парадзе Ф. Шапэна ў 1833 г. Орда выдаў свае творы для фартэпіяна (паланэзы, вальсы, мазуркі, серэнады), ухваленыя Ф.Шапэнам і Ф.Лістам, а таксама рамансы і песні на словы Стэфана Вітніцкага і Адама Плуга (Антона Пяткевіча). У 1838 г. Н. Орда апублікаваў "Альбом твораў польскіх кампазітараў", даход ад выдання якога ахвяраваў бедным суайчыннікам. Цікава, што ў Парыжы наш слынны зямляк два гады быў нават дырэктарам славутага тэатра Італьянскай оперы (так беларускі Напалеон заваёўваў Францыю). Пасля дырэктарства ён займаўся выкладаннем музыкі і кампазітарствам. У тагачасным Парыжы жылі Адам Міцкевіч, Анарэ дэ Бальзак і Стэндаль, Фрэдэрык Шапэн, Ферэнц Ліст, Джаакіна Расіні, Джузепэ Вэрдзі, Шарль Гуно, Гектар Берліёз, а таксама Паліна Віардо і Іван Тургенеў. Яны прынялі Орду ў сваё асяроддзе. У мастацкай студыі П'ера Жэрара ён вучыўся жывапісу і разьбе.

У 1843 г. Напалеон Орда ўзяў шлюб з францужанкай Ірэнай Бугле.

Варацэвічы. Маёнтак Ордаў
Варацэвічы. Маёнтак Ордаў.

Нягледзячы на спрыяльную для жыцця і творчасці атмасферу найцудоўнейшага з гарадоў свету, Орда сумаваў па родных мясцінах і, як толькі ў 1856 г. расейскі імператар абвясціў эмігрантам амністыю, вярнуўся ў Варацэвічы, пакінуўшы ў Парыжы жонку і сына Вітольда. Перад вяртаннем Орда мусіў даць клятву на вернасць імператару.

На радзіме яго чакалі цяжкія выпрабаванні. Маёнтак быў канфіскаваны: пасля паўстання 1830–1831 гг. улады ўзнялі пытанне аб "отобрании имения у преступника ІІ разряда" [1]. Маці Напалеона Орды доўга змагалася за сваю маёмасць. Акрамя "мяцежнага" сына ў яе былі яшчэ чатыры дачкі, якія мелі права на частку маёнтка. Справу вёў спачатку гродзенскі, потым кобрынскі суд, а далей – Сенат. Мясцовыя ўлады нават намагаліся дапамагчы Юзафіне Ордзе. Кобрынскі павятовы прадвадзіцель дваранства так характарызаваў сям'ю Ордаў перад высокімі ўладамі: "Что же касается поведения и благонадежности сей помещицы и сына ея Напалеона, последний, знакомый мне еще с молодых лет, поведения очень хорошего и совершенно благонадежен. Г-жа же Юзефина Орда по высокому воспитанию и врожденным чувствам нежности, кротости и тихости нрава, будучи всегда примерною матерью, достойною госпожою и истинною христианкою сими отличающими ее нравственными качествами приобрела всеобщее почитание". [2]

Вільня. Руіны палацу Барбары Радзівіл.
Вільня. Руіны палацу Барбары Радзівіл.

Аднак хадайніцтва не дапамагло, і ў 1859 г. пасля смерці Юзафіны маёнтак быў перададзены ў дзяржаўны скарб, а Напалеон Орда атрымаў рэшту ацэначнай сумы за маёмасць – 5790 рублёў 50 капеек срэбрам. На базе маёнтка ўлады зрабілі тры фермы, і Гродзенская палата дзяржаўнай маёмасці дазволіла Напалеону Орду ўзяць іх у арэнду. Ён планаваў арганізаваць даволі цікавую гаспадарку: "...я принялся за улучшение хозяйства, для чего переделал и перестроил в тех фермах все экономические строения, закупил молотильные машины и прочие земледельческие орудия; для осушения полей и болот выкопал рвов до 4656 саженей и для унавоживания полей содержу скота 670 штук и овец испанских 1000 штук. Это все сделано мною без содержания казны" [3].

Гэта было апошняе, што ўдалося зрабіць у маёнтку.

Мерачоўшчына. Палац Вандаліна Пуслоўскага і дом, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.
Мерачоўшчына. Палац Вандаліна Пуслоўскага і дом, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.

У 1863 г. зноў выбухнула паўстанне. Дакладна невядома, ці браў Орда ў ім ўдзел, але яго абвінавацілі ў садзейнічанні арганізацыі паўстання (накіраванні сялянаў у "шайку мяцежнікаў"), незаконным хаванні зброі і папераў "абуральнага зместу". У 1866 г. улады арыштавалі 60-гадовага Орду, зняволіўшы яго ў кобрынскай турме. Да абвінавачвання далучылі нават тое, што сын Орды Вітольд-Эдуард-Генрых служыў у французскай арміі (згадаем, што ён быў грамадзянінам Францыі і ніяк не мог парушыць воінскіх законаў Расіі). У 1867 г. ваенна-палявы суд прыгаварыў Орду да высылкі ў аддаленыя губерні Расіі. Жонка Орды Ірэна пісала розныя прашэнні. Справа дайшла да ўмяшальніцтва пасла Францыі. Вырак перагледзелі і скасавалі. 30 мая 1867 г. Напалеон Орда даў падпіску, што будзе бязвыезна жыць у сваякоў у маёнтку Моладава Кобрынскага павета (яго сястра Гартэнзія Скірмунт выйшла замуж за ўладальніка гэтай сядзібы). Маёнтак у Варацэвічах быў страчаны назаўсёды. Яго выява засталася ў малюнках гаспадара, а апісанне – у інвентарах і судовых справах...

З 60-х гадоў Напалеон Орда пачаў шмат маляваць. Немагчыма падлічыць тыя вёрсты, што ён праехаў і прайшоў з планшэтам па дарогах Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Першыя эскізы ён рабіў яшчэ ў Еўропе. Графічныя аркушы мастака часта называюць літаграфіямі ці акварэлямі, але арыгіналы яго працаў выкананы кітайскай тушшу і спалучаюць пяшчотныя нюансы манахромнай адмыўкі з сухім графічным малюнкам пяром, што надае творам вытанчанасць і адначасова дакументальнасць. Пяро заўсёды было з мастаком, таму што часта замяняла пэндзаль, і Орда хаваў яго ў капялюш (гэта дэталь перададзена ў помніку мастаку скульптара Ігара Голубева – ён стаіць у Іванаве). Скрупулёзна-дасканалыя творы Орды сёння сталі каштоўнай навуковай крыніцай для гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў, таму што большасці з адлюстраванага ўжо няма. У Каталогу архітэктурных малюнкаў Напалеона Орды, выдадзеным Кракаўскім нацыянальным музеем, значацца 977 малюнкаў і акварэляў. Толькі на Беларусі таленавіты мастак з натуры зрабіў больш як 200 архітэктурных замалёвак. Сярод іх шмат хрысціянскіх святыняў: Сафійскі сабор і Спаса-Еўфрасіннеўская царква ў Полацку, Барысаглебскія цэрквы ў Наваградку і Гродне, кляштары ў Полацку, Нясвіжы, Смілавічах, касцёлы і кальвінісцкія зборы ў Свіслачы, Кобрыне, Іванаве, Ішкалдзі (Баранавіцкі р-н), Гнезне (Ваўкавыскі р-н), Койданаве, Фашчаўцы (Шклоўскі р-н), Сар'і (Верхнядзвінскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Варанянах (Астравецкі р-н), Ружанах (Пружанскі р-н) і інш. Паводле малюнкаў і акварэляў Н.Орды ў 1873–83 гг. мастаком А.Місурэвічам былі створаны і выдадзены літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях) – "Альбом пейзажаў Польшчы". Вялікая колькасць малюнкаў мастака захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве.

Гродна. Каложская царква. Бяроза. Кляштар ордэна картэзіянцаў.
Гродна. Каложская царква. Бяроза. Кляштар ордэна картэзіянцаў.

У музычнай спадчыне кампазітара Напалеона Орды больш як 20 паланэзаў, мноства мазурак, вальсаў, накцюрнаў, полек, серэнадаў; ёсць таксама песні і нават "Меса" (згадаем, што род Ордаў спачатку вызнаваў праваслаўную веру, а потым стаў уніяцкім). Лепшыя музычныя творы кампазітара, асабліва паланэзы, вылучаюцца багаццем фактуры, віртуозным стылем, меладычнасцю. У некаторых пераважае песенны, лірычны пачатак.

У 1873 г. у Варшаве выйшла Ордава "Граматыка музыкі, ці тэарэтычны і практычны дапаможнік па гармоніі і мелодыі з кароткім дадаткам пра фугу, кантрапункт і аркестравыя інструменты". Гэта кніга была значным падручнікам па тэорыі музыкі. Выданне рэцэнзаваў Станіслаў Манюшка, які пісаў: "З асалодай чытаў я працу пра гармонію, выкладанне якой мне здаецца найбольш поўным і даступным для разумення <...> сканфужаны дабрынёй Н.Орды, які прысвяціў мне такую дастойную кніжку".

...З бясконцых вандровак Орда ўзімку вяртаўся да сястры Гартэнзіі (некаторы час ён жыў на Валыні ў маёнтку магната Адама Ржавускага).

Памёр Напалеон Орда 26 красавіка 1883 г. у Варшаве, дзе ён знаходзіўся па справе выдання свайго альбома, але, згодна з завяшчаннем, быў пахаваны ў Янаве (цяпер Іванава Брэсцкай вобласці) у родавым склепе.

Гродна. Катэдральны касцёл.
Гродна. Катэдральны касцёл.

...Мастацтва, безумоўна, дапамагала яму супрацьстаяць адчаю і безвыходнасці. Зямля, якую ён нястомна мерыў сваімі нагамі, і неба, пад якім ён так любіў маляваць, напаўнялі яго сілай і верай. Ён пакінуў нам сваю Беларусь – велічную і рамантычную, абароненую касцёламі, цэрквамі, вежамі, крэпасцямі, замкамі. І сёння, гледзячы на тое, якой яна была, мы думаем пра тое, якой яна яшчэ можа быць.

  • [1] Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне. Ф. 1, воп. 1, спр. 561, л. 4.
  • [2] Тамсама. Ф. 1, воп. 5, спр. 1936, л. 4.
  • [3] Тамсама. Ф. 1, воп. 34, спр. 358, л. 6.

Зося Бараноўская
Крыніца: Наша Вера

Каментары чытачоў
braichukigor@tut.by напiсаў(ла) 29.03.2008 18:30
Помогите связаться с людьми, изучавшими родословную Ордов. Дело в том, что Наполеон Орда в 1861-77 гг. сделал зарисовку родовой Часовни-погребальни в имении Деревянчицы Слонимского уезда, которое принадлежало Петру Орде. Учитель истории СШ №9 г.Слонима Брайчук Светлана.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.