Пуцявінамі змагання і пакутаў (Палута Бадунова, 1885-1938)

Доўгае вяртанне на Бацькаўшчыну

Палута БадуноваПалута Бадунова... Што кажа нам, сённяшнім, гэтае імя? У сучасных энцыклапедычных даведніках знаходзім, што яна была адным з лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, сябрам Рады і Народнага Сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі, стаяла на пазіцыях незалежнасці Беларусі, вызнавала сацыялістычную ідэалогію... урэшце, у 1937 годзе была арыштавана сталінскім НКВД і неўзабаве расстраляна. За гэтымі сціслымі радкамі - жыццё неардынарнай асобы, якая для многіх беларускіх патрыётаў у 1920-х га-дах ўвасабляла сабой вобраз нязломнай змагаркі за незалежную Беларусь, сімвал непераможнасці беларускага духу. Не так многа ў найноўшай гісторыі нашай краіны было такіх асобаў, як Палута Бадунова (а тым больш жанчын), якія валодалі дарам уплываць на свядомасць людзей, будзіць у іх пачуццё нацыянальнай годнасці, гуртаваць-і весці за сабой пад лозунгамі нацыянальнай рэвалюцыі. Яна выразна вылучалася ў асяродку тагачасных беларускіх палітыкаў, ёй не былі ўласцівы палітычнае шахрайства, угодлівасць і інтрыгі. Яна заўсёды ішла наўпрост да сваёй мэты. "Змагайся, як мага - зможаш!" - славуты кліч беларускіх эсэраў ёсць мо найлепшы дэвіз яе чыннасці.

У біяграфіі Палуты Бадуновай да апошняга часу заставалася шмат нявысветленых і загадкавых момантаў, ,якія патрабавалі тлумачэння і адказу. Напрыклад, што падштурхнула колішнюю навучэнку Вышэйшых жаночых курсаў у Петраградзе, выхаваную ў расейскай культурнай традыцыі, стаць пад штандары беларускага вызвольнага руху, прысвяціць сваё жыццё справе нацыянальнага вызвалення Беларусі? "Белымі плямамі" ў жыццяпісе заставаліся абставіны яе выгнання за межы савецкай дзяржавы ў 1921 годзе, кароткі час знаходжання ў Заходняй Беларусі, эміграцыя ў Чэхаславакію, а таксама варункі, што змусілі яе зноў вярнуцца ў СССР, ды інш.

На большасць гэтых пытанняў дае адказы ў кнізе пра сваю зямлячку вядомая беларуская даследніца з Гомеля Валянціна Лебедзева. Гэта першая спроба папулярнага біяграфічнага нарыса пра Палуту Бадунову. На падставе багатага архіўнага матэрыялу і звестак, выяўленых у перыёдыцы ды іншай літаратуры, гісторык імкнецца паказаць чыннасць гэтай выдатнай беларускі на фоне тагачасных гістарычных падзеяў.

Валянціна Лебедзева здолела інтуіцыйна адчуць нутраны свет сваёй гераіні, яна развейвае старое ўяўленне пра Бадунову як пра "жалезную лэдзі" беларускага нацыянальнага руху, паказвае драму жанчыны, якая так і не знайшла шчасця ў асабістым жыцці.

"Зямля і воля сялянам і работнікам, незалежнасьць Беларусі, родная мова ў школах" - гэта тыя лозунгі, з якімі беларускія эсэры ішлі ў народ, спадзеючыся, што іхныя словы зварухнуць людзей, уздымуць іх на здзяйсненне беларускай нацыянальнай рэвалюцыі. Ім здавалася, што няма той сілы, якая спыніць іхны рэвалюцыйны чын, "паўстане супраць уваскрашэння народнай душы", насуперак адраджэнню нашай мовы, нацыянальнаму самавызначэнню беларусаў. Але чужынцам, якія мелі дзесяціразовую перавагу ў сілах, зброяй і рэпрэсіямі ўдалося задушыць тады гэты рух за стварэнне беларускай незалежнай дзяржавы. Сёння нехта можа сказаць, што ідэі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, пабудаваныя на рэвалюцыйным рамантызме і сацыяльным утапізме, былі памылковымі. 3 пазіцый сённяшняга дня іх лёгка дакараць у палітычных памылках, у няправільна абранай тактыцы. Але яны былі аднымі з першых, хто пачаў здзяйсняць ідэю беларускай дзяржаўнасці, за іхнымі плячыма не было трывалай традыцыі нацыянальнага вызвольнага руху. Большасці з іх не споўнілася яшчэ і 25 гадоў, самым старэйшым было троху за 30. Маладосць і апантанасць шмат у чым тлумачаць іхны радыкалізм і палітычную безагляднасць. Але тыя ахвяры, прынесеныя Бацькаўшчыне, былі не дарэмныя. Нам яшчэ доўга ісці да той Беларусі, пра якую марылі Палута Бадунова і яе паплечнікі. Але тое, што наша краіна сёння здзейснілася як суверэнная дзяржава, ёсць вялікая заслуга ўсіх тых, што аддалі за яе свае жыцці. Будзем пра гэта заўсёды памятаць.

Уладзімір Ляхоўскі

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Алексей Воробьёв напiсаў(ла) 04.09.2009 14:35
Всё правильно написали, но страх перед переменами сильнее всего сидит в белорусах.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.