Пуцявінамі змагання і пакутаў (Палута Бадунова, 1885-1938)

Свае і чужыя

Палута Бадунова стала сведкай і ўдзельніцай усёй драматычнай гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Левае крыло Беларускай Сацыялістычнай Грамады, спалучаючы рэвалюцыйна-сялянскія і дзяржаўна-незалежніцкія пазіцыі, лічыла Польшчу, Расею, Нямеччыну патэнцыйнай геапалітычнай небяспекай для Беларусі. Таму, калі кіраўніцтва Рады БНР звярнулася да германскага канцлера з просьбай аб заступніцтве, паплечнікі Бадуновай успрынялі гэты крок як "здраду рэвалюцыі і беларускаму народу".

У знак пратэсту Т. Грыб, П. Бадунова, А. Карач і Я. Бялевіч пакінулі Народны Сакратарыят і ўтварылі апазіцыю ў Радзе БНР. Адначасова адбыўся распад Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Прыхільнікі левага яе крыла аб'ядналіся ў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР) і абвясцілі аб стварэнні партыйнай фракцыі ў Радзе. У Цэнтральны камітэт новай партыі ўвайшлі Тамаш Грыб, Язэп Мамонька і Палута Бадунова. Сваёй мэтай партыя бачыла барацьбу за ідэалы рэвалюцыі і сацыялізму, заклікала працоўных выступіць супраць "прыгнёту і самаўпраўства германскіх акупантаў", каб усталяваць сапраўднае народаўладдзе ў Беларусі.

Эсэры разгарнулі актыўную дзейнасць і дзякуючы гэтаму ўмацавалі свае пазіцыі на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Шэрагі партыі значна папоўніліся, пад яе ўплыў трапілі Сялянскі і Настаўніцкі звязы, на тэрыторыі Менскай і Гарадзенскай губерняў пад кантролем эсэраў пачалі фармавацца партызанскія аддзелы - "Сувязь беларускага працоўнага сялянства".

Увосень 1918 года, калі нямецкія войскі пачалі паступова пакідаць тэрыторыю Беларусі, а на іх месца прасоўвалася Чырвоная Армія, БПСР паспрабавала перахапіць ініцыятыву ў дзяржаўна-нацыянальным вызначэнні, заклікаючы працоўных краю правесці па ўсёй тэрыторыі Беларусі выбары ў мясцовыя Рады як паўнапраўныя органы ўлады. Прапаноўвалі неадкладна склікаць II Усебеларускі з'езд для пацвярджэння і юрыдычнага замацавання незалежнасці БНР*. Дзеянні Чырвонай Арміі эсэры разглядалі як агрэсію супраць Беларускай Народнай Рэспублікі, і таму была абвешчана тактыка барацьбы супраць "двох акупантаў" - імперыялістычнай Нямеччыны і Савецкай Расеі.

*Палітычныя партыі Беларусі. Мн., 1994. С. 173

Эсэры, у адрозненне ад правай часткі Рады, не пакінулі Менска пасля заняцця яго бальшавікамі. Апошнія не прыніжалі ролі БПСР як палітычнай сілы, але супернікам яе не лічылі. Пра гэта сведчыць выззаленне кіраўнікоў партыі Я. Мамонькі і П. Бадуновай ужо праз суткі пасля арышту. Бальшавікі знайшлі больш эфектыўны сродак ізаляцыі сваіх палітычных апанентаў - ініцыятыву ў дзяржаўна-нацыянальным будаўніцтве яны рашуча ўзялі ва ўласныя рукі, а БНР абвясцілі варожай савецкай уладзе акцыяй буржуазных нацыяналістаў. У адказ эсэры адмовіліся прызнаць абвешчаную 1 студзеня 1919 года БССР, уважаючы яе за марыянеткавае стварэнне, і заклікалі да яе байкоту. Анексія Расеяй Віцебскай, Смаленскай і Магілеўскай губерняў толькі падмацавалі антымаскоўскія пазіцыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Аднак неўзабаве вызначальны палітычны фактар памяняўся з усходняга на заходні. 3 пачаткам 1919 года польскія войскі Язэпа Пілсудскага пачалі паступова прасоўвацца на тэрыторыю Беларусі. 23 красавіка яны занялі Вільню і рушылі далей. Я. Пілсудскі выдаў адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага, у якой абгрунтаваў сваю вызвольную ад бальшавікоў місію і дэклараваў мэту стварэння пад эгідай Польшчы канфедэрацыі народаў былой Рэчы Паспалітай. Беларусам ён абяцаў падтрымку ў стварэнні ўласнага войска і аднаўленне дзейнасці Рады і ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як і іншыя беларускія партыі, эсэры з насцярожанай зацікаўленасцю паставіліся да лозунгаў Я- Пілсудскага. Заставалася спадзяванне знайсці паразуменне на аснове агульнасці гістарычнага лёсу і нацыянальных задачаў, на салідарнасць з сацыялістычнымі коламі Польшчы. У выніку эсэры катэгарычна не падтрымалі ўтварэнне бальшавікамі 27 лютага 1919 года гэтак званай "Літоўска-Беларускай рэспублікі" і пайшлі на кантакты з польскімі ўладамі. Гэты крок адразу абвастрыў канфлікт з балылавікамі. Ужо ад вясны 1919 года на савецкай тэрыторыі эсэры перайшлі на нелегальнае становішча, а ўвосень тут пачаліся арышты.

У той жа час магчымасць альянсу з Польшчай эсэры абумоўлівалі захаваннем поўнага суверэнітэту беларускага руху і катэгарычна адмаўлялі саступкі ў дзяржаўна-палітычных пытаннях. Яны, бадай, першымі заўважылі ў фактах арыштаў беларускай інтэлігенцыі і закрыцця беларускіх школаў рэпрэсіўныя памкненні польскіх уладаў. На беларускім з'ездзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны, скліканым лаяльнай да польскай дзяржавы групай на чале з Браніславам Тарашкевічам у Вільні 9-10 чэрвеня 1919 года, эсэраўская дэлегацыя адкрыта заявіла аб сваёй апазіцыі да праяваў польскіх экспансіянісцкіх планаў і дамаглася прыняцця з'ездам рэзалюцый аб поўнай падтрымцы ідэі незалежнай і непадзельнай Беларусі. На гэта палякі арыштавалі лідэра партыі Тамаша Грыба, абвінаваціўшы ў закліку да антыпольскага паўстання. Пасля зняволення ў Горадні яго перавезлі ў варшаўскую турму.

Бадунова неадкладна пачала барацьбу за вызвален-не таго, хто быў дарагі не толькі як паплечнік, але і як блізкі ёй чалавек. Яна сама накіравалася спачатку ў Горадню, затым у Варшаву шукаць падтрымкі ў лідэраў польскіх сацыялістаў. Але намаганні не даюць вынікаў - пасля сямі месяцаў канцлагера Тамашу Грыбу прызначылі месцам жыхарства Лодзь і забаранілі выезд у Беларусь. На радзіму ён ужо не вярнуўся.

У гэтых умовах асноўны цяжар па кіраўніцтве партыяй лёг на Бадунову. У Варшаве, клапоцячыся аб вызваленні Т. Грыба, яна імкнулася адначасова развязаць і найбольш вострыя палітычныя праблемы: дамагалася фінансавай падтрымкі партыйнай дзейнасці на падсавецкай тэрыторыі, спрабавала пераадолець недавер паміж эсэрамі і "паланафільскай" часткай Рады БНР, пераконваючы абодва бакі пакінуць вузкапартыйныя і асабістыя амбіцыі і аб'яднаць сілы дзеля агульных мэтаў. Рабіла гэта яна з усёй сваёй настойлівасцю і тэмпераментам, пра што сведчыць кароткая справаздача аднаму з бліжэйшых паплечнікаў па партыі Клаўдусю Дуж-Душэўскаму:

"Сябер Душэўскі!
Я ў Варшаве. Толькі што прыехала з Горадні. Бачылася ужо і гаварыла з А. Луцкевічам, Тарашкевічам, Алексюком. Яны саўсім ня ведаюць, што робіцца ў нас у Менску, так вяліка іх адарванасьць... За Грыба сягодня гаварыла з польск. сац. Марачэўскім і іншымі, заўтра пайду да Асмалоўскага... У Горадне я аставіла просьбу і партыйны прыказ, каб усе парт. сілы ехалі працаваць на радзіму, у Менск, я іх тутака ўсіх і ўсё разьнясла, бо яны едуць у Коўна і куды ўгодна, а саўсім забываюць аб Менску..."*

*Беларускі дзяржаўны архід-музей літаратуры і мастацтва, фонд 3, вопіс 1, справа 144, аркуш 1; справа 152, аркуш 31.

Спадзяванні эсэраў на саюз з Польшчай хутка развеяліся, і яны стварылі Беларускі паўстанцкі камітэт для разгортвання антыпольскай барацьбы, адным з кіраўнікоў якога стала П. Бадунова. Адначасова канферэнцыя БПСР пастанавіла выйсці з кааліцыі з "паланафільскімі" партыямі.

Супярэчнасці дасягнулі асаблівага напалу пры падрыхтоўцы да аднаўлення работы Рады. Гэтае пытанне было адным з галоўных для захавання незалежнасці беларускага руху. Але польскі бок, відавочна, імкнуўся трымаць яго пад поўным кантролем і адцягваў дазвол сесіі Рады. Між тым правае крыло Рады баялася адкрытай і самастойнай акцыяй справакаваць рэпрэсіўныя захады. Яно лічыла таксама, што да ўрадавых акцыяў беларускі рух пакуль не даспеў і на гэтым этапе неабходна засяродзіцца на культурніцкай і арганізацыйнай рабоце.

Эсэры ж, наадварот, абсалютным прыярытэтам ва ўмовах барацьбы за дзяржаўнасць лічылі пытанні палітычныя і аднаўленню Рады надавалі прынцыповае значэнне. Паслядоўна рэпрэзентуючы пазіцыю сваёй партыі, Бадунова распачала настойлівую барацьбу за скліканне сесіі і згуртаванне палітычных сілаў. Яна пераконвала ў неабходнасці гэтага старшыню Рады Міністраў Антона Луцкевіча, які знаходзіўся ў Варшаве і вёў напружаныя перамовы з польскімі ўладамі, у тым ліку і Я. Пілсудскім.

Ужо ўрачыстае адкрыццё Рады 12 лістапада 1919 года прадэманстравала катэгарычнае адстойванне эсэрамі прынцыпаў, сцверджаных Трэцяй Устаўной граматай БНР. У адказ на прапанову прэзідыума паслаць прывітальную тэлеграму Я. Пілсудскаму ад імя сваёй партыі Бадунова абвясціла: "Фракцыя БПСР будзе дабівацца, каб Рада Рэспублікі стала на грунт поўнай незалежнасьці і непадзельнасьці БНР, ведаючы, што толькі поўная незалежнасьць дзяржаўнага жыцьця беларускага народа дасьць нашай маладой дзяржаве застанавіць усе тыя, шкодныя для Беларусі ўплывы з розных бакоў, якія мы бачым да гэтага часу, дасьць беларускаму народу сілу нацыянальна зьяднацца і параўняцца з іншымі народамі як культурна, так і эканамічна". Эсэры заявілі, што будуць дабівацца "спыненьня таго страшнага тэрору", які творыцца ў Беларусі, і адкрыта абвясцілі барацьбу "польскай эндэцыі, патапіўшай у крыві правы вольнага Беларускага Народу". Адначасова абвяшчалася актыўная барацьба і з "другой імперыялістычнай Маскоўска-Дзянікінскай сілай, якая ідзе з Усходу" *.

*Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, фонд 60, вопіс 3, справа 770, аркуш 74; Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т.1. 4.1. С. 488^189.

Фракцыя прапанавала рэзалюцыю, у якой дэкларавалася, што "Рада падцьвярджае пастанову сваю ад 25 марца 1918 году аб поўнай незалежнасьці і непадзельнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі павядзе сваю працу ў кірунку здабыцьця прызнаньня перад народамі ўсяго сьвету поўнай незалежнасьці і непадзельнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах..." Радзе Народных Міністраў даручалася неадкладна ўступіць у міжнародныя перамовы аб юрыдычным і фактычным прызнанні Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэзалюцыя была прынята аднагалосна.

Вацлаў ЛастоўскіПрэм'ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, сакратар "Нашае Нівы", старшыня Летувіска-Беларускага таварыства ў Коўне, рэдактар ковенскага часопіса "Крывіч" Вацлаў Ластоўскі, адзін з найбліжэй-шых сяброў Палуты Бадуновай у час эміграцыі. 3 1927 года права-дзейны сябар Інстытута беларускай купьтуры, акадэмік і неадменны сакратар Беларускай Акадэміі навук. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі

Рашучыя дзеянні эсэраў і іх нежаданне ісці на кампрамісы былі расцэнены правым крылом як спроба манапалізацыі кіраўніцтва Радай. У выніку 13 снежня 1919 года замест запланаванага агульнага паседжання Рады адбыліся два. У Юбілейным доме сабралася большасць дэлегатаў. Заслухаўшы дэкларацыю Бадуновай аб разрыве з "буржуазіяй" і "буржуазным урадам", яны пастанавілі абраць новы склад Рады, якую назвалі Народнай, і новага ўрада. У выніку галасавання старшынёй Рады аднагалосна быў выбраны Пётра Крэчэўскі, яго намеснікамі Васіль Захарка і Палута Бадунова. У Кабінет Міністраў, які ўзначаліў Вацлаў Ластоўскі, увайшлі пераважна эсэры: Яўхім Бялевіч, Тамаш Грыб, Аляксандр Цвікевіч, Леанард Заяц.

Адначасова астатнія дэпутаты абвясцілі, што "...частка членаў фракцыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў зрабіла змову, каб захапіць законную ўладу Рады Рэспублікі", і правялі выбары ў Найвышэйшую Раду - своеасаблівую Дырэкторыю з 5 прадстаўнікоў старога кіраўніцтва: Язэпа Лёсіка, Янкі Серады, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Кузьмы Цярэшчанкі і Аляксандра Уласава.

Такім чынам, адбылося арганізацыйнае афармленне двух кірункаў беларускага руху: правае крыло, якое згуртавалася вакол Найвышэйшай Рады, уяўляла сабой сацыялдэмакратычную рэфарматарскую плынь, а левае на чале з эсэрамі - рэвалюцыйную. Гэты падзел і канфрантацыя мелі сапраўды драматычныя наступствы як для ўсёй беларускай справы, так і для прадстаўнікоў абодвух цэнтраў.

Першымі адчулі ціск якраз эсэры. Іх дзейнасць, расцэненая як антыпольская, выклікала рэпрэсіўныя захады акупацыйных уладаў. Ластоўскі і яшчэ некалькі ўрадоўцаў былі арыштаваныя. Праз месяц зняволення на пачатку 1920 года яны выехалі ў Рыгу, дзе пачалі фармаванне эміграцыйных беларускіх палітычных структураў, першай сярод якіх паўстала Цэнтральная Загранічная Рада БПСР.

Праз кароткі час эсэраўскі цэнтр у замежжы перамясціўся ў тагачасную сталіцу Летувы Коўню. Кіраўніцтва Летувіскай Рэспублікі спадзявалася на падтрым ку беларусаў у развязанні на сваю карысць пытання пра дзяржаўную прыналежнасць Вільні і ў процістаянні Польшчы. Таму яно пайшло на падпісанне беларуска-летувіскай умовы пра дзяржаўна-палітычную дзейнасць беларускага боку на тэрыторыі Летувы і яго фінансавую падтрымку. Гэта дало магчымасць размясціць асноўную частку ўрада В. Ластоўскага ў Коўні, дзе таксама закончвалася арганізацыйнае афармленне замежных эсэраўскіх структур. Пасля адзінаццацімесячнага зняволення сюды прыехаў Тамаш Грыб, на прапанову якога Цэнтральная Загранічная Рада БПСР пераўтварылася ў Камітэт Загранічных груп Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў як агульнапартыйны кіраўнічы цэнтр за мяжой.

Частка эсэраў, што засталася на тэрыторыі Беларусі пад польскай акупацыяй, была вымушана перайсці на нелегальнае становішча. ЦК партыі папоўніўся новымі сябрамі - Я. Трафімавым, М. Маркевічам, М. Асвяцімскім, А. Бараноўскім. Але фактычнае лідэрства тут па-ранейшаму належала Язэпу Мамоньку і Палуце Бадуновай. Менавіта апошняя адыгрывала галоўную ролю ў выпрацоўцы партыйных стратэгічных падыходаў і тактыкі, а таксама арганізацыйных прынцыпаў.

Цэнтральны камітэт БПСР пацвердзіў мэту барацьбы - за незалежную беларускую рэспубліку ў этнаграфічных межах. Галоўным праціўнікам у яе дасягненні па-ранейшаму дэкларавалася польская акупацыя. Але было відавочным, што найбольшую пагрозу для партыі ўяўлялі бальшавікі, вайсковыя і палітычныя фармаванні якіх канцэнтраваліся на ўсходніх межах Беларусі. Нягледзячы на тое што эсэры разглядалі іх як "праваднікоў маскоўскага імперыялізму", тым не менш яны не выключалі магчымасці рэальнага хаўрусу з бальшавікамі ў барацьбе з польскай экспансіяй. Перадумовай палітычнага збліжэння з'яўляліся падабенства праграм і левасацыялістычныя прынцыпы абедзвюх партый.

Тамаш ГрыбСтаршыня ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў Тамаш Грыб. Горадня, 1919 год. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі

Бальшавікі з свайго боку ўважліва сачылі за расстаноўкай сілаў у беларускім нацыянальным руху, і менавіта эсэры, на іх погляд, мелі рэальную палітычную моц. ЧК даносіла, што гэтая партыя "мае значныя сувязі сярод беларускага сялянства і аказвае на яго арганізаваны рэвалюцыйны ўплыў". У асобе Бадуновай яна ба чыла другога пасля Грыба лідэра партыі і "энергічнага работніка".

Падзел урадавых органаў БНР неадкладна выкарысталі бальшавікі. Яны актыўна пачалі шукаць кантакты з левым крылом палітычных партыяў, сярод якіх найбольшую цікавасць уяўлялі эсэры і іх лідэр Палута Бадунова. 3 ініцыятывы ЦК. Кампартыі Летувы і Беларусі ў снежні 1919 года ў Смаленску пачаліся перамовы паміж бальшавікамі і беларускімі эсэрамі, у выніку якіх падпісана пагадненне аб сумесным змаганні за аднаўленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Дакладныя яе формы і сутнасць не вызначаліся, што адпавядала інтарэсам бальшавікоў. Затое было дамоўлена аб супольнай збройнай барацьбе супраць польскай акупацыі, дзеля чаго эсэраўскія партызанскія фармаванні злучаліся з бальшавіцкімі ў адзіную Народную вайсковую самаабарону, а прадстаўнікі КП(б)ЛіБ увайшлі ў склад эсэраўскага Паўстанцкага камітэта. Акрамя Бадуновай у перамовах удзельнічалі Язэп Мамонька, Яўсей Трафімаў, Марк Асвяцімскі, Фабіян Шантыр. Несумненна, што Палута адыграла тут адну з галоўных роляў - яе подпіс на пагадненні стаіць першым.

Ідучы на хаўрус з бальшавікамі, беларускія эсэры спадзяваліся, што іх рэальны аўтарытэт і ўплыў у краі дазволяць забяспечыць парытэтнасць у палітычным партнёрстве і вызначэнні лёсу Беларусі. Сапраўды, на гэты момант партыя фактычна заваявала лідэрства ў нацыянальным руху. Яна налічвала каля 20 тысяч сяброў, пад яе ўплывам знаходзіўся 10-тысячны Звяз моладзі, Звязы настаўнікаў і Звяз паштова-тэлеграфных служачых. Гэта была, бадай, адзіная нацыянальная палітычная сіла, што абапіралася на ўзброеныя партызанскія фармаванні. 3 пункту гледжання бальшавікоў, блок з беларускімі эсэрамі павінны быў забяспечыць выключна тактычныя інтарэсы - выкарыстанне іх уплыву і ўзброеных сілаў эсэраў у барацьбе з палякамі, а таксама падзел і аслабленне беларускага руху.

Змена саюзніцкіх арыентацый і актыўнасць эсэраў вельмі занепакоілі польскі бок. Неадкладна пачаліся вышукі іх лідэраў. Паводле ўспамінаў сястры Марыі Бадуновай, на яе кватэры ў Менску палякі шукалі Пелагею Бадунову. Упэўніўшыся, што яе няма, яны арыштава лі Марыю і на працягу некалькіх дзён дапытвалі пра сястру.

У лютым 1920 года палякам усё ж удалося арыштаваць П. Бадунову. Яе змясцілі ў адзіночную камеру спачатку жаночай турмы, а затым перавялі ў менскую адміністрацыйную. Што датычыць рэжыму зняволення, дык Палута ўспамінала пазней, што ледзь выжыла "пасля страшэнных умоў холаду, ад якога я замярзала смяртэльна, і пагрозы тыфусу, ад якога памерла палова арыштаваных".

Праз месяц яе выпусцілі пад нагляд жандармерыі, аднак ён быў недастаткова пільным: з дапамогай сяброў па партыі (Бялевіча, Бердніка і Трафімава) яе пераправілі ў Смаленск. Пераход быў цяжкі і вельмі небяспечны: давялося пераадольваць разліў Бярэзіны, часам па пояс у сцюдзёнай сакавіцкай вадзе. Па словах Палуты, "у той час ніводная жывая душа не згаджалася на такі пераход, бо палякі вырывалі за гэта вочы, здзекваліся і забівалі".

Між тым візіт у Смаленск меў выключна важнае палітычнае значэнне. У эсэраўска-бальшавіцкім хаўрусе наспяваў сур'ёзны канфлікт, у аснове якога ляжала галоўнае для беларускага руху пытанне дзяржаўнага вызначэння Беларусі. Калі для бальшавікоў ягоныя перспектывы не былі акрэсленыя і ставіліся ў залежнасць ад замежнапалітычных абставінаў, то БПСР з вясны 1920 года абвяшчае сваёй непасрэднай мэтай стварэнне Беларускай Працоўнай Сацыялістычнай Рэспублікі і падрыхтоўку Ўсебеларускага Працоўнага кангрэса для вырашэння пытання.

Захады эсэраў непакоілі і раздражнялі кіраўніцтва Кампартыі Летувы і Беларусі. Яе Цэнтральны камітэт аддаў загад аб палітычнай ізаляцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў на тэрыторыі Беларусі, у Маскву накіроўвалася перакручаная або сфальшаваная інфармацыя пра іхную дзейнасць.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Алексей Воробьёв напiсаў(ла) 04.09.2009 14:35
Всё правильно написали, но страх перед переменами сильнее всего сидит в белорусах.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.