Апалогія Рэчы Паспалітай

Res publica communis est
parens omnium nostru[1]

Герб Рэчы ПаспалітайНемагчыма аспрэчваць той факт, што за апошняе дзесяцігоддзе адбылася сапраўдная рэвалюцыя ў асэнсаванні гісторыі Беларусі перыяду Cярэднявечча і Новага часу. Аднак некаторыя погляды, якія засталіся ў спадчыну ад расійскай імперскай і савецкай (не ў меншай ступені імперскай) гістарыяграфіі, падтрыманыя рознымі "фобіямі" нашых сучаснікаў, дагэтуль працягваюць паспяхова дамінаваць у гістарыяграфіі незалежнай Беларусі. Да такіх трывала замацаваных у свядомасці многіх беларускіх гісторыкаў штампаў перш за ўсё належыць ацэнка Люблінскай уніі і, адпаведна, усяго перыяду Рэчы Паспалітай у гісторыі нашага народу. Безумоўна, цяпер погляд М.Любаўскага на падзеі 1569 года як на тую мяжу, пасля якой "скончылася самастойнае існаванне Літоўска-Рускай дзяржавы і адбылося "ўцелаўленне" яго ў Карону Польскую"[2], не знаходзіць шырокага кола прыхільнікаў. Аднак у цэлым негатыўнае стаўленне да Люблінскай уніі і да перыяду знаходжання Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў працягвае панаваць у беларускай гістарыяграфіі. Падобны погляд на гэты акт у адносінах да беларуска-літоўскай дзяржавы падтрымліваюць і асобныя польскія гісторыкі. Так, вядомы даследчык права Ю.Бардах адзначае: "Страты ў выніку асіміляцыі найвышэйшых сацыяльных слаёў мелі, бясспрэчна, негатыўныя вынікі для народаў Літвы і Заходняй Русі, пазбаўляючы іх натуральных для таго часу лідэраў"[3]. Хаця ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі і пачалі назірацца пэўныя тэндэнцыі да перагляду ўсталяванай раней традыцыі ў трактоўцы гэтай праблемы, аднак яны яшчэ не вызначаюць агульнай карціны.

Наспеў час ацаніць усе тыя плюсы і мінусы, якія прынесла Вялікаму Княству Літоўскаму Люблінская унія, а таксама разгледзець тыя абвінавачанні, якія традыцыйна выстаўляюцца на адрас федэратыўнай дзяржавы ў адносінах да беларускага народу. Безумоўна, праблема існавання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай патрабуе спецыяльнага капітальнага даследавання і карэннага перагляду падыходаў. Дадзеныя ж зацемкі ставяць мэтаю толькі акрэсліць тыя кірункі, што патрабуюць больш грунтоўнай распрацоўкі, і выказаць погляд, адрозны ад паноўнага ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі.

* * *

У беларускай гістарыяграфіі стала замацаваўся погляд на XVI стагоддзе як на "залаты век" нашай дзяржаўнасці. Насамрэч такі эпітэт правамерна ўжываць толькі ў адносінах да старабеларускай культуры. Менавіта ў гэты час разгортваецца дзейнасць Ф.Скарыны і С.Буднага, М.Гусоўскага і В.Цяпінскага… Але ж для дзяржаўна-палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага ХVІ стагоддзе стала катастрофаю. Гэта было абумоўленае ў першую чаргу неадпаведнасцю дзяржаўнага ладу краіны надзённым патрабаванням часу.

Суседства з жорстка цэнтралізаванымі краінамі - Масковіяй і Крымскім ханствам, якія маглі ў кароткі тэрмін перавесці на ваенныя рэйкі ўсе свае матэрыяльныя, чалавечыя і эканамічныя рэсурсы, вымагала дзеля дзейснага супраціву іх экспансіі ўзмацнення апарату кіравання Вялікага Княства Літоўскага. Аднак, нягледзячы на тое, што дзяржаўная сiстэма ВКЛ i характарызавалася шырокаразгалiнаванай сiстэмай органаў дзяржаўнага кiравання, iх дзейнасць была малаэфектыўнай. У вялікай ступені слабасць краіны была абумоўленая і фактычнай аўтаномнасцю складовых яе частак. Сітуацыя пагаршалася таксама сталай адсутнасцю вялікага князя, які з'яўляўся адначасова і каралём польскім (вось ужо і сапраўды: бадай, менавіта Крэўская, а не Люблінская унія заклала падмурак у працэс заняпаду краіны!). Рост прывілеяў шляхты паступова прыводзіў да страты ёю сваёй галоўнай функцыі - абароны межаў дзяржавы. З цягам часу асноўная збройная сіла краіны - паспалітае рушанне - станавілася ўсё больш архаічнай і неэфектыўнай. Дастаткова згадаць, што скліканае перад вайсковымі выправамі рыцарства нярэдка, адбыўшы "попіс" (агляд паспалітага рушання), велізарнымі масамі ад'язджала не ў лагеры, а дадому. Збіранне ж грошай на выплату найманаму войску было праблематычным з прычыны недасканаласці выканаўчае улады. Характэрна, што ў гэтых умовах Вялікае Княства вельмі часта проста не мела сродкаў для паспяховага вядзення ваенных дзеянняў. Часам (як у вайне з Маскоўскай дзяржавай 1534-1537 гадоў) нашая дзяржава была вымушаная спыняць паспяховыя ваенныя дзеянні на варожай тэрыторыі праз адсутнасць грошай у скарбе… І гэта адбывалася ў часе імклівага ўзмацнення Масковіі.

Маскоўскія валадары па меры росту магутнасці сваёй дзяржавы выказвалі ўсё большыя прэтэнзіі на землі Вялікага Княства. Калі Васіль ІІІ не хаваў імкнення далучыць да сваёй краіны Кіеўшчыну, Смаленшчыну і Полаччыну, ягоны сын Іван IV Жахлівы жывіў планы далучэння да Масковіі ўжо ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. Баяры першага маскоўскага цара на перамовах з пасламі Жыгімонта Аўгуста проста заяўлялі: "Не толькі што Руская зямля ўся, але і Літоўская зямля ўся - бацькаўшчына гаспадара нашага…" Нядзіўна, што войны за набыццё гэтай "бацькаўшчыны" набылі перманентны характар. У перыяд з 1492 да 1569 году адбылося шэсць "маскоўскіх" войнаў (разам з Інфлянцкай). На 79 год прыйшлося ажно 36 ваенных…

Мілітарныя магчымасці Масковіі дазволілі ёй, нягледзячы на шэраг паразаў ад велікакняскага войска, паступова рухацца да сваёй мэты - поўнага падпарадкавання земляў Вялікага Княства Літоўскага. Ужо з 1494 году ўсходняя мяжа дзяржавы (за некаторымі невялікімі выключэннямі) няўхільна пасоўвалася на захад. У той год Вялікае Княства Літоўскае страціла землі ў вярхоўях Акі і Вязьмы. У 1503 годзе да Масковіі перайшлі Чарнігаў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Пуціель, Рыльск, Гомель, Любеч, Бранск і іншыя - агульным лікам 29 гарадоў і 70 валасцей[4] . У 1514 годзе быў страчаны Смаленск… У выніку маскоўскіх войнаў плошча Вялікага Княства Літоўскага зменшылася прыблізна з 900 тыс. кв. км да 520-550 тыс. кв. км, гэта значыць на 39%…

Краіна імкліва набліжалася да страты незалежнасці. І канец існавання дзяржавы, здавалася, стаў неўнікнёны з уступленнем Вялікага Княства Літоўскага ў Інфлянцкую вайну. Гэтая вайна ішла нешчасліва для нашай дзяржавы. Дарма што ў паасобных бітвах велікакняскія войскі дасягалі перамогі (прычым, як правіла, над большымі сіламі непрыяцеля), катастрофа імкліва набліжалася. У лютым 1563 году войскі Івана Жахлівага ўзялі Полацак, што фактычна адкрывала ворагу дарогу на сталіцу Вялікага Княства - Вільню. Спробы авалодаць становішчам патрабавалі ад краіны велізарных высілкаў. Так, большая частка велікакняскіх маёнткаў была аддадзеная пад заклад; гарады, корчмы, яўрэі і інш. абкладзеныя новымі падаткамі; была ўведзена манаполія на соль, на памол мукі і на гандаль ляснымі таварамі; павышаны мыты… У некаторых гарадах прыбыткі ад акцызаў, манаполіяў і ўнутраных мытных выплатаў выраслі больш як на 1000%. У галіне простых падаткаў збор серабшчызны вырас у многа разоў. Калі ў 1542 годзе збіралася ўсяго каля 22 тыс. коп грошаў, то ў 1567 годзе - ужо 105,5 тыс. коп. І гэта пры тым, што ўсходнія землі краіны былі спустошаныя варожымі войскамі й абязлюдзелі.

Дзяржава высілілася да рэшты. Аднак сілаў для далейшай барацьбы ўсё роўна не ставала. Дапамогі трэба было шукаць у суседзяў - Кароны Польскай, якая згадзілася даць яе адно пры ўмове уніі. І сапраўды, пасля Любліна чаканая дапамога надышла. Так, Карона Польская выдзеліла на маскоўскую кампанію 1 300 000 злотых (прыкладна 528,5 тыс. коп грошаў), пры тым што яе гадавы бюджэт складаў усяго каля 600 000 злотых. У 1579 годзе каля 20 тысяч жаўнераў (сярод якіх былі значная колькасць завербаваных на каронныя грошы іншаземных наймітаў) былі накіраваныя Польшчай на дапамогу велікакняскаму войску. І, хацелася б нам таго ці не, мусім прызнаць, што вяртання Полацку і перамогі ў Інфлянцкай вайне ўдалося дамагчыся толькі дзякуючы заключэнню Люблінскай уніі.

Варта задумацца над тым, што адбылося б з беларускім народам у выпадку пераходу Вялікага Княства Літоўскага пад уладу Масковіі. Думаецца, цалкам можна згадзіцца з поглядам А.Трусава: "Можна па-рознаму ставіцца да ўмоў, падпісаных у Любліне, але нельга забываць аднаго. Ці існавала б цяпер наагул беларуская нацыя, калі б Масковія захапіла Вялікае Княства Літоўскае ў XVI стагоддзі? Дастаткова толькі згадаць лёс самабытнай наўгародскай культуры. Што засталося ад "Господина Великого Новгорода" пасля "этнічных чыстак", зробленых Іванам Грозным і яго папярэднікамі? Быў знішчаны самабытны ўсходнеславянскі этнас, які меў сваю архітэктуру, жывапіс, летапісанне, устойлівыя рэспубліканскія традыцыі грамадскага і палітычнага жыцця…"

І сапраўды, дзякуючы менавіта Люблінскай уніі Вялікаму Княству Літоўскаму наканавана было праіснаваць яшчэ два стагоддзі. Два стагоддзі, якія далі магчымасць беларусам захаваць сваю тоеснасць і сфармавацца ў нацыю.

* * *

Негатыўная ацэнка Люблінскага акту, які нібыта значна абмежаваў незалежнасць нашай краіны, назіраецца ў многіх працах[5]. І сапраўды, Люблінская унія задумвалася кароннай шляхтай як акт інкарпарацыі Вялікага Княства Літоўскага ў склад Польшчы. Аднак гэта зусім не азначае, што гэтыя намеры былі ажыццёўленыя. А як вядома, у гісторыі рэальна ацэньваецца не тое, што мелася б быць, а тое, што адбылося ў рэчаіснасці.

Між тым, пры заключэннi Люблiнскай унii Княства захавала свой суверэнiтэт, фактычна аб'яднаўшыся з Каронай у дзяржаўны саюз.

Паводле Люблiнскай унii 1569 года "Карона Польская i Вялiкае Княства Лiтоўскае ёсць адным непадзельным i аднародным целам, а таксама не розная, а адзiная Рэч Паспалiтая, якая з дзвюх дзяржаваў i народаў у адзiны народ злучылася i звязалася". Трываласць гэтай унii павiнныя былi забяспечыць лiквiдацыя спадчыннасцi велiкакняскага пасаду ў ВКЛ, супольны манарх i найвышэйшы заканадаўчы орган у выглядзе супольнага сойму Кароны i Вялікага Княства Літоўскага з забаронаю правядзення асобных соймаў.

Аднак ужо ў самiм акце Люблiнскай унii былi закладзеныя i асновы дзяржаўнай адасобленасцi Вялікага Княства Літоўскага, якое заставалася "пры тытуле, дастоiнствах i ўрадах усiх шляхетных станаў". Iснаванне ж асобных урадаў i органаў у Кароне i ў Княстве, кампетэнцыя якiх абмяжоўвалася тэрыторыяй толькi адной з гэтых дзяржаваў, стварала вакуум цэнтральнай выканаўчай улады ў РП. Такім чынам, "была створаная адзiная заканадаўчая ўлада сумеснага сойму пры захаваннi падвойнай выканаўчай улады ў асобных урадах"[6]. Захоўваўся свой звод законаў у выглядзе Статуту Вялікага Княства Літоўскага. Абедзве часткі навастворанай дзяржавы павінныя былі мець уласныя войскі, што падпарадкоўваліся асобным гетманам. Прадугледжвалася ўвядзенне адзiнай манеты для Рэчы Паспалітай, але кожная з дзяржаваў мелася яе бiць пад уласнымi сiмваламi...

Трэба адзначыць, што межы суверэнiтэту Вялікага Княства Літоўскага з цягам часу значна пашырылiся. Нягледзячы на забарону акту Люблiнскай унii, з 70-80-х гадоў XVI стагоддзя тут збiраюцца асобныя соймы, а ў 1581 годзе ствараецца Галоўны трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

Ужо 27 студзеня 1588 года Жыгiмонт Ваза, жадаючы схiлiць на свой бок лiцвiнаў, што не ўзялi ўдзелу ў ягонай элекцыi i каранацыi, зацвердзiў новы Статут, якi юрыдычна замацоўваў асобнасць Княства ад Кароны Польскай. У прыватнасцi, паводле гэтага Статута кароль абавязваўся, што "ў том паньстве Вялікам Князстве Літоўскім і ва ўсіх землях, яму прыслухаючых, дастойнасцей духоўных і свецкіх гарадоў, двароў, грунтоў, староств, урадаў земскіх і дворных пасэсій або ў дзяржанне і пажыванне і векчнасцей жадных чужаземцам і загранічніком, ані сусядом таго паньства даваці не маем... Родзічам Вялікага Князства Літоўскага, дастоенства і ўрады ўсякія маюць быці даваці добра значным і праўдзіве незмышлене ў том ваяводзтве або павеце аселым". Мiж тым, акт Люблiнскай унii прадугледжваў, "каб вольна было заўседы як паляку ў Лiтве, так i лiцвiну ў Польшчы ўсялякiм слушным спосабам набываць маёнткi".

Мала таго, у гэтым найвышэйшым прававым зводзе Карона, з якой Вялікае Княства Літоўскае звязвалася ў 1569 годзе "ў адно цэлае", нават i не згадваецца, чым фактычна адмаўляецца Люблiнскi акт.

Ужо з 1581 года ў пастановах, якiя прымалiся на соймах, тыя артыкулы, што тычылiся Вялікага Княства Літоўскага, былi сабраныя ў асобныя "Канстытуцыi Вялiкага Княства Лiтоўскага" (напачатку [1581 г.] - "Артыкулы да права Вялiкага Княства Лiтоўскага", затым [1590 г.] - "Справы Вялiкага Княства Лiтоўскага"), што вiдавочна падкрэслiвала самастойнасць Княства ў складзе Рэчы Паспалітай.

Пачынаючы з 1628 года неаднаразова забаранялася войскам абедзвюх частак Рэчы Паспалітай парушаць межы сваiх дзяржаў. "Пастанаўляем, - казала канстытуцыя 1628 года, - каб жаўнер лiтоўскi... за межы, да Кароны, не прыходзiў i ў Кароне не спыняўся, анi таксама жаўнер каронны ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм".

Вялікае Княства Літоўскае праводзіла адносна самастойную замежную палітыку і неаднаразова падпісвала міждзяржаўныя пагадненні без уліку меркавання Кароны.

Такім чынам, Рэч Паспалітую можна разглядаць як федэратыўную дзяржаву з элементамі канфедэрацыі, у якой Вялікае Княства Літоўскае валодала асноўнымі атрыбутамі дзяржаўнасці. Таму пра поўнае падпарадкаванне нашай краіны Польшчы не можа быць і гаворкі. Прынамсі, да часоў Канстытуцыі 3 траўня 1791 года, якая абвясціла Рэч Паспалітую адзінай унітарнай дзяржавай. Хаця… хто ведае, як бы рэалізавалася на практыцы гэтае палажэнне, калі б гісторыя адпусціла федэратыўнай дзяржаве яшчэ колькі часу існавання. Маецца ж досвед Люблінскай уніі, якая прадугледжвала тое самае…

* * *

Сярод асноўных абвінавачанняў у адрас Рэчы Паспалітай - перадача Кароне земляў Украіны, якія раней належалі беларуска-літоўскай дзяржаве. "…Тэрыторыя дзяржавы змяншалася больш чым у два разы. А з гэтым траціліся вялікія багацці і вайсковая магутнасць"[7]. "…Вялізныя і багацейшыя землі Вялікага Княства былі ўключаныя ў склад Польшчы, што, канечне, аслабіла і без таго падарваную Лівонскай вайной эканоміку Княства… Тэрыторыя Княства звузілася ў асноўным да літоўскіх і беларускіх земляў"[8].

Што ж прынесла Вялікаму Княству страта Ўкраіны? Ці сапраўды гэта спрычынілася да далейшага аслаблення дзяржавы і яе заняпаду? Ёсць усе падставы меркаваць, што гэта не так ці не зусім так.

Па-першае, слабасць цэнтральнай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім рабіла велізарную тэрыторыю, якой яна валодала, фактарам не станоўчым, а адмоўным: дзяржава, якая вяла бесперапынныя войны на ўсходзе, проста не была ў стане абараняць свае слабазаселеныя паўднёвыя тэрыторыі, якім пагражала пастаянная небяспека з боку Крымскага ханства, саюзнага Маскве. Барацьбы на два фронты Вялікае Княства не вытрымала б. Ды, фактычна, такой барацьбы яно ўнікала ўсімі сродкамі. Ужо з другой паловы ХV стагоддзя нашая дзяржава пачала плаціць Бахчысараю вялікую штогадовую даніну. Так, у пачатку XVI стагоддзя хан Мехмет Гірэй хваліўся маскоўскаму паслу, што яму з Вялікага Княства Літоўскага плыве "летам і зімою… золата струменямі". Аднак гэта не гарантавала вызвалення Вялікага Княства ад небяспекі з поўдня. Штогод татары рабілі набегі на Валынь, Кіеўшчыну, дабіраючыся часам ажно да беларускіх земляў. Вядома, што да Люблінскай уніі Крымскае ханства нападала на Вялікае Княства Літоўскае не менш за 75 разоў. Такім чынам, Вялікае Княства, з аднаго боку, плацячы даніну і, з другога боку, "плацячы" разрабаванымі гарадамі і вёскамі, угнанымі ясырам і быдлам, стала надзейнай даходнай крыніцай крымскага хана.

Між тым, занятае бесперапыннымі войнамі з Масковіяй, Вялікае Княства не магло даць адпор агрэсару. Украіна фактычна была пакінутая на волю лёсу. Паводле рэвізіяў замкаў сярэдзіны ХVІ стагоддзя, на ўкраінскіх землях існавала толькі 12 гаспадарскіх замкаў, прычым толькі чатыры з іх - канеўскі, чаркаскі, брацлаўскі і вінніцкі - знаходзіліся непасрэдна каля небяспечнай стэпавай зоны. Астатнія месціліся ў басейне Прыпяці, што дае падставу сцвярджаць, што лінія абароны Вялікага Княства Літоўскага ад татарскіх нападаў праходзіла менавіта тут. Неабходна адзначыць, што і гэтыя замкі не былі забяспечаныя належнай залогай. Увесь цяжар абароны Ўкраіны ад татараў амаль цалкам лёг на плечы тамтэйшага насельніцтва і, у асноўным, на магнатаў, якія вымушаныя былі трымаць дзеля гэтага шматлікую надворную міліцыю. Але без дзейснай дапамогі з Вільні, якую тая не магла даць, далейшы лёс гэтых земляў быў даволі праблематычным.

Такім чынам, перадача Ўкраіны Кароне пазбавіла Вялікае Княства Літоўскае велізарных цяжкасцяў, звязаных з абаронай паўднёвых межаў, пераклаўшы гэты невыносны цяжар на Польшчу.

Па-другое, мяжа паміж Вялікім Княствам і Каронай прайшла менавіта па паўднёвых межах беларускай этнічнай тэрыторыі. Асноўная частка Вялікага Княства, яе метраполія, а менавіта беларускія і літоўскія землі, пазбавілася велізарных праблемаў, звязаных з наяўнасцю ў межах дзяржавы розных этнасаў, што, безумоўна, з'яўляецца адным з найгалоўнейшых фактараў аслаблення дзяржавы. Варта згадаць, што ў гісторыі Еўропы з XVI стагоддзя назіралася тэндэнцыя да ўзвышэння монанацыянальных краін. Так, галоўную ролю ў еўрапейскай палітыцы паступова пачалі адыгрываць Францыя, Англія, Швецыя. У той жа час назіралася прыкметнае аслабленне полінацыянальных "універсальных" краінаў. У першую чаргу гэта тычыцца, безумоўна, Святой Рымскай Імперыі, якая паступова ператваралася ў кангламерат фактычна незалежных адно ад аднаго дзяржаўных утварэнняў. Бясспрэчна, што для эпохі позняга сярэднявечча характэрнай з'яўлялася і іншая тэндэнцыя: існавалі прыклады росту магутнасці і шматнацыянальных дзяржаваў, такіх як Масковія і Асманская імперыя. Аднак міжэтнічныя праблемы, якія з неабходнасцю ўзнікалі ў такога роду краінах, паспяхова нейтралізоўваліся моцнай, часцей за ўсё абсалютысцкай цэнтральнай уладай, якая забяспечвала падаўленне слабейшых, менш шматлікіх народаў і падпарадкаванне іх большым, дамінантным. Такой улады ў Вялікім Княстве Літоўскім не існавала, таму раней ці пазней міжнацыянальныя канфлікты тут павінныя былі праявіцца ва ўсёй сваёй разбуральнай сіле.

Па-трэцяе, пераход Украіны ў склад Польшчы дазволіў Вялікаму Княству пазбавіцца такой пякучай праблемы, якой з'яўлялася праблема казацтва.

Казацкую супольнасць, якая была выхаваная ў духу поўнага адмаўлення дзяржавы, з поўным правам можна назваць найяскравейшым прыкладам панавання ахлакратыі. Прызвычаеныя да гранічнай сваволі, нават да анархіі, казакі "не хацелі слухаць нікога: ні гарадской улады, ні ўлады гаспадара, ні ўлады дзяржаўнай ці старастаў каралеўскіх. Не плацілі падаткаў, адмаўляліся выконваць дзяржаўныя павіннасці. Не былі ні мяшчанамі, ні гарадской галотай, ні халопамі, ні шляхтай. Карацей кажучы, не змяшчаліся ў рамкі тагачаснага феадальнага грамадства"[9]. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што казацтва з'яўлялася самым няўжыўчывым элементам у тых дзяржавах, з якімі звязваў іх гістарычны лёс. Цалкам зразумелым з'яўляецца і той факт, што казацтва ніколі, нават у сярэдзіне XVIІ стагоддзя, калі для гэтага склаліся выключна спрыяльныя ўмовы, так і не здолела стварыць уласнай дзяржавы. Выхаванае ў духу адмаўлення любой формы ўлады, яно не ўспрымала і ўлады ўласных гетманаў, якіх ставіла і скідала паводле свайго капрызу, часта пазбаўляючы жыцця. На засілле свавольнага натоўпу скардзіліся ўсе гетманы. Так, напрыклад, Дзям'ян Мнагагрэшны прызнаваўся: "Жадаю перад смерцю здаць гетманства. Калі я памру, то ў казакаў такі звычай - гетманскія пажыткі ўсе разнясуць, жонку, дзяцей і сваякоў маіх жабракамі зробяць; дый тое ў казакаў бывае, што гетманы сваёй смерцю не паміраюць…"[10]. Мазепа скардзіўся, што казацтва "ніколі ніякай улады і кіраўніцтва над сабой мець не хоча"[11].

Асноўнай крыніцай існавання казакоў былі рабаўнічыя паходы на татараў і туркаў, што істотна ўскладняла стасункі з Портай і пагражала выбухам збройнага канфлікту. Турэцкія султаны ўжо ў лістах да Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста неаднаразова скардзіліся на казацкае свавольства, але, нягледзячы на шматлікія забароны, падобныя выправы працягваліся. Так, ужо ў 1606 годзе ў адказ на чарговы пратэст туркаў урад Рэчы Паспалітай паведамляў, што не можа нічога зрабіць з казакамі, бо гэта "племя неаселае, непаслухмянае, разбэшчанае, складзенае з уцекачоў маскоўскіх, татарскіх, турэцкіх, рускіх, валошскіх, без айчыны і веры, якое жыве з рабункаў і зладзейства, бяспечнае ў сваіх сховішчах над Дняпром і над іншымі рэкамі, не мае свайго маёнтку, небяспечнае для чужога, не прызнае і не трывае над сабою ніякай улады…"[12]. Такім чынам, краіна жыла пад пастаяннай пагрозай вайны з адной з найбольш магутных тагачасных дзяржаваў, якую ўвесь час правакавалі рабаўнічыя казацкія набегі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Непавага да якіх-кольвек інстытутаў улады рабіла казацтва небяспечным выбуховым матэрыялам у складзе краіны. І сутыкненне з дзяржавай раней ці пазней павінна было адбыцца. Яно і адбылося ў XVIІ стагоддзі. Форма гэтага сутыкнення, у прынцыпе, магла быць любой. Але выступленне, не без інспірацыі з Масквы, набыло рысы барацьбы за веру. Раней абыякавыя да рэлігійных пытанняў, казакі сталі зацятымі барацьбітамі з уніяй і каталіцтвам, пастаянна шукаючы пратэкцыі то ў праваслаўнай Масквы, то ў мусульманскіх Турцыі і Крымскага ханства…

Можна сцвярджаць, што менавіта казаччына сваімі шматлікімі паўстаннямі і прывяла Рэч Паспалітую ў сярэдзіне XVIІ стагоддзя да жаху "гістарычнага хаосу" - да крывавага "Патопу".

Але асноўны цяжар вайны на Ўкраіне цяпер ужо несла Польшча…

* * *

Нарэшце, адным з найбольш сур'ёзных абвінавачанняў у адрас Рэчы Паспалітай з'яўляецца тэза пра Люблінскую унію як пра зыходны пункт, ад якога пачалася паланізацыя беларускага народа. Якраз з моманту ўкладання гэтага акту, на думку шматлікіх аўтараў, беларуская мова "пачала выцясняцца з усіх сфераў дзяржаўнага жыцця, усяляк ганьбіцца і прыніжацца. Менавіта з гэтага часу і бярэ пачатак заўзятая беларусафобія, зневажанне ўсяго беларускага з боку польска-каталіцкага асяроддзя, што і прывяло ў 1696 годзе да забароны беларускай мовы ў афіцыйнай сферы"[13].

Сапраўды, бясспрэчным з'яўляецца той факт, што ў канцы XVI і на працягу XVII стагоддзя паланізацыя найвышэйшых слаёў грамадства ўзмацнілася. Безумоўна, Люблінская унія адыграла тут сваю ролю. Аднак паспрабуем паглядзець на гэтую праблему шырэй.

Масавая паланізацыя вярхоў беларускага грамадства пачалася значна раней за падпісанне Люблінскага акту і была звязаная найперш з імклівым пашырэннем кальвінізму на землях Вялікага Княства Літоўскага. Пра памеры кальвінізацыі шляхты можна меркаваць нават паводле таго, што на тэрыторыі дзяржавы адным толькі Мікалаем Радзівілам Чорным былі заснаваныя 162 кальвінскія зборы. Так, у Наваградскім павеце з больш чым 600 шляхецкіх сем'яў не далучыліся да пратэстанцтва ўсяго толькі 16. Дзіўная з'ява: той працэс, які меў запачаткаваць стварэнне нацыянальнай беларускай царквы, адасобленай і ад каталіцкай Варшавы, і ад праваслаўнай Масквы, і тым самым садзейнічаць умацаванню незалежнасці Вялікага Княства, спрыяў пашырэнню на тэрыторыі краіны пальшчызны, бо абсалютная большасць твораў выдавалася беларускімі пратэстантамі на польскай мове.

Аднак гэты феномен падаецца дзіўным толькі на першы погляд: у перыяд Сярэднявечча і ранняга Новага часу паняцця нацыянальнасці ў сучасным разуменні гэтага слова проста не існавала. Ягонае месца займалі паняцці веравызнання і дзяржаўнай прыналежнасці. Таму выкарыстанне польскай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім, злучаным з часоў Крэўскай уніі шчыльнымі сувязямі з Каронай, уяўляецца цалкам натуральным: яно забяспечвала еднасць пратэстантаў Вялікага Княства з іх кароннымі адзінаверцамі. У тую эпоху, калі лаціна пачала паступова саступаць свае пазіцыі на карысць нацыянальных моваў, у нашай дзяржаве польская мова набывала статус мовы міжнацыянальных зносінаў, якая выгадна адрознівалася ад лацінскай тым, што была зразумелая беларусам.

Такім чынам, зусім не Люблінская унія паклала пачатак паланізацыі найвышэйшых колаў грамадства Вялікага Княства Літоўскага. Вытокі яе ляжаць нашмат глыбей. Працэс паланізацыі, шырока распачаты рэфармацыяй, працягваўся і пад сцягам контррэфармацыі. Да сярэдзіны XVII стагоддзя гэты працэс дайшоў да такой мяжы, калі канстытуцыйнае, рэгламентаванае Статутам ВКЛ 1588 году патрабаванне выкарыстання ў афіцыйным справаводстве беларускай мовы фактычна не выконвалася. Яно звялося да афармлення кірыліцай у дакументах уступаў і заканчэнняў, якія ўяўлялі сабою абавязковыя формы, сам жа змест, як правіла, пісаўся польскаю моваю з вялікім дамешкам лаціны. Да канца XVII стагоддзя такая практыка набыла ўсёабдымны характар. Таму нельга пагадзіцца з цверджаннем, быццам пастанова ўсеагульнай канфедэрацыі станаў Рэчы Паспалітай ад 29 жніўня 1696 году, паводле якой афіцыйнае справаводства мелася быць пераведзенае на польскую мову, была інспіраваная каралеўскай уладай "у мэтах канчатковага адарвання мас ад роднай духоўнай спадчыны і поўнага апалячвання"[14]. Тая пастанова сталася толькі канстатацыяй становішча, якое рэальна склалася на землях ВКЛ. Неабходна таксама памятаць, што ініцыятыва прыняцця гэтага акту зыходзіла менавіта ад шляхты ВКЛ, якая ў барацьбе з засіллем магнацкага роду Сапегаў дамагалася "каэквацыі правоў" з кароннай шляхтай. А правы гэтыя, нашмат шырэйшыя ў кароннай шляхты, у масавай свядомасці часта атаясамліваліся і з мовай, на якой вялося справаводства.

Аднак сам факт прыняцця тае пастановы зусім не азначае, што ёю было "забароненае выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржаўным жыцці"[15]. У тых умовах, калі прававая сістэма Вялікага Княства Літоўскага грунтавалася на раней прынятых актах і на прэцэдэнтах, дзяржаўныя службоўцы былі абавязаныя ведаць старабеларускую мову.

Паланізацыя адміністрацыйнага і судовага справаводства, як і мастацкай літаратуры, урэшце, закранула невялікі працэнт насельніцтва: сялянства, найбяднейшае мяшчанства і шляхта фактычна не сутыкаліся з пісьмовай мовай, таму пра паланізацыю пераважнай большасці насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага праз пасярэдніцтва пісьмовых крыніцаў не можа нават ісці гаворка.

Іншая справа - рэлігія, якая працінала ўсе галіны жыцця тагачаснага грамадства. Сапраўды, з пачаткам контррэфармацыі абсалютная большасць беларускай шляхты пачала вызнаваць каталіцкую веру. А ў сувязі з тым, што каталіцкі касцёл паслядоўна ўжываў у набажэнстве польскую мову, шырыў сетку адукацыйных установаў, у якіх "руская" мова не выкладалася і працэс навучання адбываўся на польскай мове, працэс паланізацыі працякаў у даволі буйных маштабах.

Аднак вельмі памыляюцца тыя, хто абвінавачвае ў гэтым толькі каталіцкі касцёл, супрацьпастаўляючы яму праваслаўную царкву, у дзейнасці якой яны бачаць "справу аховы народнасці, мовы, культуры…"[16]. Паланізацыйныя працэсы ў асяроддзі праваслаўнага духавенства пусцілі глыбокія карані яшчэ ў перыяд да Берасцейскай уніі 1596 году. Асабліва ж яны ўзмацніліся ў пачатку XVII стагоддзя. Цікава, што тагачасныя апалагеты праваслаўя, якія ў сучаснай гістарыяграфіі нярэдка паказваюцца барацьбітамі за нацыянальную беларускую ідэю, палемічныя творы першай паловы XVII стагоддзя пісалі ў асноўным па-польску (у той час як "здраднікі"-ўніяты - часцей за ўсё па-беларуску).

Гэтаксама даволі сумнеўную ролю ў патрыятычнай адукацыі беларускага народу адыгралі і праваслаўныя брацтвы, нягледзячы на тое што, паводле меркавання некаторых сучасных даследчыкаў, менавіта ў іх заснаванні праваслаўная царква мае самую "вялікую заслугу"[17]. У шматлікіх брацкіх школах студэнтам было забаронена гаварыць між сабою "простай" мовай, дазвалялася размаўляць толькі па-стараславянску, па-грэцку або па-польску. Жывая беларуская мова ў гэтых праваслаўных навучальных установах выкаранялася зусім не з меншым імпэтам, чым у каталіцкіх калегіумах. Таму сапраўды, паводле словаў В. Ластоўскага, "саўсім няслушна прыпісуюць віну спольшчаньня нашай шляхты адзіна езуітам і ўніятам ды прапагандзе каталіцтва. Духавенства праваслаўнае і брацкія праваслаўныя школы налажылі нічуць ня менш сваіх высілкаў у гэтым кірунку"[18].

Аднак гэтым не вычэрпваецца тая роля, якую адыгрывала праваслаўная царква на беларускіх землях у XVI-XVIII стагоддзях. Культурная паланізатарская роля спалучалася ў ёй з палітычнай русіфікатарскай. Уласна, падпісанне Берасцейскай уніі ў 1596 годзе было выкліканае ў першую чаргу той небяспекай з боку праваслаўнай Масковіі, якая здаўна, яшчэ з часоў Івана ІІІ, падмацоўвала імперскія анексіянісцкія планы ў адносінах да земляў Вялікага Княства Літоўскага рэлігійнымі лозунгамі абароны аднаверцаў ад "каталіцкага прыгнёту". А ў сувязі з утварэннем у 1589 годзе Маскоўскага патрыярхату прэтэнзіі Масквы на ўсе праваслаўныя землі нашай дзяржавы сталі выключна небяспечнымі. Падпісанне Берасцейскай царкоўнай уніі - гэта акт у абарону не толькі духоўнай, але і палітычнай незалежнасці краіны. Арыентацыя ж "непрымірымых" праваслаўных на Маскву прынесла незлічоныя бедствы Вялікаму Княству Літоўскаму. Гэта - і сцяг, які быў дадзены ў рукі анархічнаму казацтву; гэта - і падстава як для адкрытых ваенных дзеянняў, так і для ўсё большага ўмяшальніцтва Масковіі ва ўнутраныя справы дзяржавы…[19]

Між тым, унія, якую ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі нярэдка кваліфікуюць як сродак каталізацыі і паланізацыі беларусаў, адыграла ў цэлым станоўчую ролю ў лёсе нашай дзяржавы. Ва ўмовах паланізацыі грамадства менавіта яна сталася тым апірышчам беларускасці, якому ў вялікай ступені мы абавязаныя захаваннем беларускай тоеснасці. У канцы XVI - пачатку XVIІ стагоддзяў беларуская мова панавала ва ўсіх сферах дзейнасці уніяцкай царквы, апроч літургічнай. Нават у другой палове XVIІ і на працягу XVIІІ стагоддзя, калі паланізацыя Вялікага Княства Літоўскага ішла паскоранымі тэмпамі, уніяцкая царква не толькі не ператварылася ў сродак масавай паланізацыі, а, наадварот, стала моцным фактарам захавання нацыянальнай адметнасці.

Калі прыняць пад увагу той факт, што напрыканцы XVIІІ стагоддзя каля 80% сельскага насельніцтва Беларусі належала да ўніяцтва, цяжка пераацаніць ролю апошняга ў станаўленні самаідэнтыфікацыі беларусаў.

А між тым, без Любліна не было б Берасця…

Безумоўна, да ўніяцтва належалі пераважна нізы грамадства. Большасць арыстакратыі і сярэдняй шляхты вызнавалі каталіцтва і, адпаведна, амаль цалкам паланізавалася. Але менавіта ўніяцтва спрыяла захаванню той нацыянальнай глебы, на якой пазней адбыўся працэс нацыянальнага адраджэння.

Хаця і сама шляхта зусім не спяшалася станавіцца палякамі. На працягу ўсяго існавання Рэчы Паспалітай назіраецца найцікавейшы феномен: у свядомасці тагачаснага грамадства трывала ўсведамляецца дзяржаўнасць Вялiкага Княства Лiтоўскага (што, аднак, не замiнала тутэйшай шляхце лiчыць сябе часткаю адзiнай шляхецкай нацыі Рэчы Паспалiтай, але гэта ўжо станавая, карпарацыйная свядомасць). Менавiта гэтае ўсведамленне i дало магчымасць здзейснiць такiя акты, як, напрыклад, падпiсанне Крыштапам Радзiвiлам замірэнняў з шведамi (1626, 1627 гады) у той час, калi Карона працягвала праводзiць ваенныя дзеяннi (што многiмi "караняжамi" было расцэненае як фактычнае скасаванне унii)… Яно ж прывяло да разарвання унii з Польшчай i да падпiсання яе шматлiкiмi прадстаўнiкамi Княства са Швецыяй (1655 год)… Менавiта яно спрычынiлася да падпiсання шляхтаю ад iмя Вялiкага Княства Лiтоўскага ("Рэчы Паспалітай Літоўскай") у 1702 годзе - без ведама кароннай шляхты - саюзу з Расіяй…

Гэтае ўсведамленне асобнасцi дзвюх краiнаў, аб'яднаных Люблiнскай унiяй, падмацоўвалася i ўзаемнай непрыязнасцю памiж абывацелямi кожнае з iх, чаму існуе безліч прыкладаў. Нават польскія даследчыкі прызнаюць, што "паняцце Рэчы Паспалiтай уключае ў сябе адну шляхецкую нацыю i дзве ўзаемна непрыязныя цi, як найменш, недаверлiвыя адна да адной дзяржавы"[20].

Гэтае пачуццё асобнасці і не дазволіла б шляхце канчаткова зліцца з польскім этнасам. І адраджэнне беларускасці ў яе асяроддзі прырэчанае было адбыцца. Не магло не адбыцца. Што, урэшце, і здзейснілася ў ХІХ стагоддзі, калі менавіта прадстаўнікі шляхецкага стану запачаткавалі працэс беларускага нацыянальнага адраджэння.

Згадаем, што працэс дэнацыяналізацыі нацыянальнай эліты адбываўся не толькі на беларускай зямлі. Тое самае мы бачым і ў Нарвегіі, дзе паноўны клас фактычна цалкам успрыняў дацкую культуру, і ў германізаванай Чэхіі… Аднак, калі наспелі гістарычныя ўмовы, калі ў Еўропе запанавала ідэалогія рамантызму з ягоным зваротам да нацыянальных вытокаў, адбылося вяртанне асіміляваных вярхоў грамадства да сваіх каранёў. Не была тут выключэннем і Беларусь.

Характэрна, што працэс адраджэння беларускасці ў ХІХ стагоддзі адбываўся ў нашмат больш складаных умовах, чым у перыяд існавання Рэчы Паспалітай. Агульнавядомым з'яўляецца факт, што паланізацыя беларусаў асабліва вялікія памеры набыла менавіта ў складзе Расійскай імперыі, калі гэты працэс пачаў спалучацца з русіфікацыяй. Ні забарона ўніяцтва, ні скасаванне дзеяння Статута 1588 года, ні насаджэнне расійскага чынавенства, ні перашкоды ў выданні беларускіх кніг, ні замена назваў "Беларусь" і "Літва" на "Северо-Западный край" не здолелі зрабіць гэты край расійскім. Але і польскім ён не стаў: паводле перапісу 1897 года 43,3% тутэйшых дваранаў назвалі роднай мовай беларускую…

* * *

Рэч Паспалітая стала неабходным фактарам захавання не толькі дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага, але і ўвогуле беларускага этнасу ў найскладанейшы перыяд яго існавання. Таму безаглядная крытыка Люблінскай уніі ўяўляецца неканструктыўнай. Рэч Паспалітая прадоўжыла закладзеныя Полацкім княствам і Вялікім Княствам Літоўскім традыцыі беларускай дзяржаўнасці. Таму без перабольшання можна сцвярджаць, што Полацкае княства, Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая - гэта тры калыскі, у якіх адбывалася станаўленне нашага народа.

Генадзь Прыбытка

  1. Рэч Паспалітая ёсць супольнай маці для нас усіх (лац.).
  2. Любавский М. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. - Москва, 1915. - С.312.
  3. Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Ksi?stwa Litewskiego XIV-XVII w. - Warszawa, 1970. - S.62-63.
  4. Праўда, пазней (паводле дамовы 1537 г.) Любеч і Гомель былі вернутыя, але за кошт часткі полацкіх земляў, што было вельмі на руку Маскве: пабудаваныя на гэтай тэрыторыі крэпасці Себеж і Завалочча станавіліся добрым плацдармам на галоўных экспансіянісцкіх кірунках усходняга непрыяцеля - шляху на Полацак і Вільню.
  5. Гл., напрыклад, Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. - Менск, 2000. - С.322.
  6. Halecki O. Dzieje unii Jagiello?skiej: W 2 t. - T.1. - Warszawa, 1919. - S.340.
  7. Ермаловіч, Беларуская дзяржава… - С.322.
  8. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 частках - Ч.1. - Менск, 1994. - С.135.
  9. Wujcik Z. Dzikie pola w ogniu: O Kozaczy?nie w dawnej Rzeczypospolitej. - Warszawa, 1961. - S.17.
  10. Соловьёв С. История России с древнейших времён // Сочинения. - Москва, 1991. - Кн.VІ. - С.107-108.
  11. Ульянов Н. Происхождение украинского сепаратизма. - Москва, 1996. - С.22.
  12. Wujcik Z. Dzikie pola w ogniu… - S.87.
  13. Ермаловіч М. Беларуская дзяржава… - С.324.
  14. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. - Менск, 1996. - С.62.
  15. Тамсама. - С.63.
  16. Нарысы… - С.178.
  17. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры… - С.68.
  18. Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. - Коўна, 1926. - С.498.
  19. Згадаем, напрыклад, сумную ролю, якую адыграў архіяпіскап Г.Каніскі ў гісторыі першага падзелу Рэчы Паспалітай.
  20. Wisner H. Wielkie Ksi?stwo Litewskie - Korona Polska - Rzeczpospolita // Przegl?d Historyczny. - 1976. - T.LXVII, zesz.4. - S.587-588.
Каментары чытачоў
Русін напiсаў(ла) 06.06.2013 08:39
У складзе Рэчы Паспалітай (Рэспублікі Абедзвюх народаў) Беларусь працягвала заставацца аўтаномнай дзяржавай са сваімі Статутамі і войскам. 

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.