Ваеннае майстэрства славян і балтаў у канцы V - пачатку IX стст

У папярэдніх частках гэтага раздзелу мы паспрабавалі аднавіць ход падзей на беларускіх землях у V-IX стст. пры дапамозе крытычнага супастаўлення археалагічных крыніц і акрэсліць ролю вайны ў жыцці славянскіх і балцкіх плямёнаў і яе ўплыў на развіццё грамадства шляхам асцярожнай рэканструкцыі. Калі ж справа даходзіць да даследавання ваеннага майстэрства, вышэйзгаданых метадаў становіцца яўна недастаткова. Вядома, археалагічныя знаходкі зброі могуць даць прыблізнае ўяўленне аб спосабах вядзення бою, а вайсковую арганізацыю можна аднавіць, грунтуючыся на яе натуральным паходжанні з арганізацыі грамадскай. Але гэта прывядзе нас толькі да тэарэтычных высноваў аб тым, як выглядала вайна ў тыя часы. Між тым вайна як справа цалкам практычная тады, як і ў любую іншую эпоху, пастаянна развівалася ў рэчышчах новых формаў і спосабаў, перасягаючы межы, адведзеныя ёй тэорыяй. Таму дакладнае ўяўленне аб вайне могуць даць толькі пісьмовыя крыніцы, якія падаюць яе рэаліі і дынаміку праз апісанне канкрэтных падзей.

Пры гэтым мы непазбежна сутыкаемся з новай праблемай - фактычнай адсутнасцю пісьмовых звестак аб ваенных падзеях на беларускіх землях у тыя часы. Самая блізкая адлегласць, на якую мы можам да гэтых падзей падысці, - апісанне ў крыніцах кшталту ўжо згаданых "Цудаў св. Дзімітрыя Солунскага" і "Арозія караля Альфрэда" падзей на Балканах і па ўзбярэжжы Балтыйскага мора, дзе жылі, адпаведна, славянскія і балцкія плямёны, роднасныя, але не тоесныя славянам і балтам, якія насялялі тады беларускія землі. Згодна з гэтым мы мусім звяртацца да аналогій, заснаваных на прыняцці існавання падобных гістарычных з'яў у народаў, якія маюць роднаснае этнічнае паходжанне альбо знаходзяцца на падобнай ступені развіцця. Выкарыстоўваць яго мы мусім вельмі асцярожна, бо пры ўсёй этнічнай роднаснасці балканскіх славян і славян, якія засялялі бсларускія землі, а таксама Вульфстанавых эстыяў (прусаў) і плямёнаў усходніх балцкіх культур паміж імі існавалі і істотныя адрозненні. Балканскія славяне і прусы знаходзіліся значна бліжэй да цэнтраў візантыйскай і заходняй цывілізацый, да важнейшых гандлёвых шляхоў і ваявалі з мацнейшымі непрыяцелямі. Таму можна меркаваць, што яны знаходзіліся на вышэйшым узроўні развіцця ўвогуле і ваеннага майстэрства ў прыватнасці за плямёны, якія жылі на беларускіх землях. У далейшым мы будзем улічваць гэты факт. Больш за тое, каб паменшыць патэнцыйныя магчымасці для памылак, мы звузім кола скарыстаных пісьмовых крыніц да тых, якія могуць забяспечыць найбольш блізкія і прамыя аналогіі. Па некалькіх прычынах мы мусім аддаць перавагу візантыйскім крыніцам VI-VII стст. Па-першае, заснаваныя на багатых старажытнагрэчаскіх пісьмовых традыцыях, у параўнанні з урыўкавымі заходнімі крыніцамі, яны падаюць больш грунтоўныя, падрабязныя і якасныя звесткі пра ваеннае майстэрства славян. Па-другое, яны апісваюць удзел у ваенных дзеяннях на Балканах славянскага племені драгувітаў, магчыма, роднасных дрыгавічам. Пры гэтым мы будзем улічнаць і супастаўляць звесткі з іншых пісьмовых і непісьмовых крыніц.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.