Ваеннае майстэрства славян і балтаў у канцы V - пачатку IX стст

Умацаванні і аблога

Яшчэ адным важным элементам развіцця ваеннага майстэрства славян і балтаў было будаўніцтва крапасных умацаванняў і выпрацоўка спосабаў іх аблогі. Асноўным відам умацаваных пунктаў у гэты час былі вышэйзгаданыя гарадзішчы-сховішчы, якія мелі важнае ваеннае значэнне. Валоданне гарадзішчам давала ключ да кантролю над усёй яго акругай. Пры нападзе ворага насельніцтва акругі магло перахавацца на гарадзішчы ад небяспекі разам са сваёй маёмасцю, пазбавіўшы нападніка здабычы і не даўшы яму магчымасці замацавацца ў спляндраванай мясцовасці. Пры захопе гарадзішча было надзейным апірышчам для заваёўніка ў справе далейшага падпарадкавання прылеглай акругі. Валоданне ім ставіла ўсю акругу ў залежнасць ад новых гаспадароў. Нават пры адсутнасці ў заваёўніка намеру трывала замацавацца ў дадзенай мясцовасці гарадзішча ўяўляла для яго вялікі інтарэс як месца, дзе засяроджвалася найбольш матэрыяльных каштоўнасцяў таго ці іншага племені. Таму як славяне, так і балты надавалі першаступеннае значэнне належнаму ўмацаванню сваіх гарадзішчаў.

Асноўнымі ўмацаваннямі гарадзішчаў былі валы з драўлянымі сценамі на іх і равы. Абмежаваныя чалавечыя і тэхнічныя рэсурсы вымушалі будаўнікоў дастасоўваць умацаванні да рэльефу мясцовасці, выкарыстоўваючы для будаўніцтва найперш цяжкадаступныя месцы. У якасці натуральных пляцовак выкарыстоўваліся ўзвышшы, мысы пры зліцці дзвюх рэк альбо мысы, адгароджаныя з двух бакоў ярамі. Напрыклад, славянскія гарадзішчы Хатомсль і Хільчыцы знаходзіліся на ўзвышшах. Гарадзішча ў вёсцы Гарадзішча Пінскага раёну размяшчалася на мысавай пляцоўцы памерамі 22x27 метраў. Ягоныя ўмацаванні ўключалі пясчаны вал з напольшага боку і драўляную сцяну па ўсім псрыметры. Сцяна была збудаваная з вертыкальных апорных слупоў, укапаных за 3 метры адзін ад аднаго. Паміж імі былі замацаваныя гарызантальныя бярвенні. Умацаванні дапаўняліся ровам глыбінёй у 3 метры [121].

Мысавыя гарадзішчы таксама шырока выкарыстоўваліся балтамі. Пры гэтым рэльеф, напрыклад, Прыдняпроўя з яго высокімі берагамі рэк дазваляў узводзіць вельмі ўнушальныя ўмацаванні. Гарадзішча Калочын-1 знаходзілася на прастакутным мысе на Дняпры памерамі 42x36 метраў і было абаронена двума валамі і равамі ў абрысе падковы з напольнага боку і яшчэ адным валам па перыметры [122]. Калочынскас гарадзішча ў вёсцы Нікадзімава на мысе на рацэ Быстрая налсжала да складана-мысавага тыпу і мела дзве пляцоўкі, кожная з якіх была ўмацаваная валам са зрубнай драўлянай сцяной [123].

Узгорысты рэльеф цэнтральных і паўночна-заходніх земляў даваў больш магчымасцяў для ўмацавання ўзвышшаў. Банцараўскае гарадзішча ўзгоркавага тыпу Свіла-1 было абароненае трыма канцэнтрычнымі валамі і двума равамі [124]. Памайстэрску выкарыстоўваючы мясцовасць, будаўнікі гарадзішчаў, тым не менш, не спадзяваліся выключна на прыроду. Натуральныя пляцоўкі моцна змяняліся для патрэбаў абароны. Напрыклад, будаўнікі банцараўскага гарадзішча ў вёсцы Гарадзішча Мядзельскага раёну значна пашырылі яго натуральную пляцоўку і эскарпіравалі схілы ўзгорка, гэта значыць, зрабілі іх больш стромкімі і цяжкадасягальнымі [125].

На поўначы і паўночным усходзе беларускіх земляў маглі выкарыстоўвацца і гарадзішчы на балотных выспах [126]. Гарадзішчы на ўзгорках і выспах аб'ядноўваюцца ў адзін тып выспавых паводле сваёй вызначальнай рысы -абароненасці рэльефам з усіх бакоў.

У сістэму фартыфікацыі выспавых гарадзішчаў на балцкіх землях часта ўваходзілі кулгрынды (літ. kulgrinda, ад жамойцк. дыялектн. kulis - камень + grinda - брук), брукаваныя дарогі праз балоты, рэкі, азёры ці іншыя водныя перашкоды. іх задачай было забяспечыць доступ абаронцаў на гарадзішча і ўскладніць магчымасці бесперашкоднага падыходу ворага да ўмацаванняў. У адпаведнасці гэтай мэтай кулгрынды часта пракладаліся пад вадой і мелі звілісты абрыс [127]. Верхні слой бруку складаўся з роўна ўкладзеных камянёў дыяметрам 10-20 см і насцілаўся на аснову альбо на адмысловы ніжні слой, прызначаны для ўмацавання верхняга. Аснова складалася з бязладна ўкладзеных палявых камянёў дыяметрам 50-80 см альбо скінутых у балота пнёў, голля і камлёў, альбо ўяўляла сабой складаную канструкцыю з пакладзеных упоперак сасновых бярвенняў, на якія быў насыпаны пласт пяску. 3 бакоў кулгрынды ўмацоўваліся сасновымі палямі ці каменнымі клінамі і засцерагаліся ад заносу глеем з дапамогай канавак. Падобнае прызначэнне мелі мядгрынды (літ. medgrinda) і жэмгрынды (літ. zemgrinda). Мядгрынды брукаваліся дрэвам, тады як аснову жэмгрындаў складала зямля, часам перасыпаная камянямі ці бярвеннямі. Шырыня кулгрындаў вагалася ад 1,5 да 6 м, даўжыня - ад 3-4да некалькіх соцень метраў [128]. Дарогі такога тыпу былі вядомыя ў Прусіі ўжо з 1 ст. н. э., у Літве - з IV ст., дзе і працягвалі будавацца да ранняга сярэднявечча [129]. Найбольш інтэнсіўна яны ўзводзіліся ў Жамойціі, але некаторыя з іх знаходзяцца досыць блізка да сучаснай тэрыторыі Беларусі. Вядомыя мядгрынды ў вёсцы Обеляй, раён Укмерге (Вількамір) і ў Кярнаве (Кернава), Шырвінцкі раён [130]. Кярнаўская мядгрында датуецца IV-VII стст. [131] Ёсць звесткі і аб падводных дарогах непасрэдна на тэрыторыі Беларусі на возеры Краснае ў Дзісенскім павеце [132] і паміж вёскай Наносы і Мядзелам на возеры Нарач. Нарачанская кулгрында, званая ў народзе Чортавай грэбляй і брукаваная шчыльна пакладзенымі камянямі, знаходзілася на глыбіні прыкладна 125 см ад паверхні вады, узвышалася над дном возера прыкладна на 160 см і мела ў даўжыню каля 1 км; у шырыню забяспечвала прастору для праезду чатырох запрэжаных коней адначасова [133]. Цікава, што традыцыі будаўніцтва дарог, асабліва трывалыя ў заходніх балтаў, дажылі да часоў Вялікага Княства Літоўскага, дзе пераселеныя ў XIII ст. з Прусіі борці ўтварылі саслоўна-прафесійную групу, занятую гэтым рамяством [134].

Нягледзячы на ўяўную з пункту гледжання сённяшняга часу прыступнасць, гарадзішчы добра выконвалі абарончую функцыю і былі значнай перашкодай для тагачасных нападнікаў.

Спосабы аблогі ўмацаванняў натуральным чынам грунтаваліся на ўзроўні развіцця ваеннага майстэрства, эканомікі і тэхнікі таго часу. Пры іх прымітыўнасці аблога была справай нялёгкай. Таму найбольш распаўсюджаным тады спосабам захопу ўмацаванага пункту трэба лічыць нечаканы напад. Нападнікі маглі пры гэтым выкарыстоўваць тую акалічнасць, што гарадзішчы ўсё яшчэ былі ў большай ступені сховішчамі, чым населенымі пунктамі, і таму не заўсёды маглі ахоўвацца дастатковай колькасцю ваяроў. У такім выпадку пасля атакі нападнікі імкліва адступалі як пры захопе, цягнучы за сабой нарабаванае майно і палонных, так і пры няўдачы [135]. Такі спосаб мог асабліва часта выкарыстоўвацца пры рабаўніцкіх нападах, калі нападнікі не ставілі сабе мэты ўтрымання захопленага гарадзішча і яго акругі, а цікавіліся выключна здабычай. У такіх абставінах меркантыльныя мэты нападу не апраўдвалі доўгую аблогу і звязаныя з ёю цяжкасці і рызыку.

Больш складаныя спосабы аблогі маглі выкарыстоўвацца, калі бок, які нападаў, планаваў стала завалодаць умацаваннем і яго прылеглай акругай. Для аднаўлення гэтых спосабаў мы зноў звернемся да візантыйскіх крыніц, якія падрабязна апісваюць прыёмы аблогі славянамі візантыйскіх гарадоў на Балканах у VI-VII стст. Паводле сведчання Пракопія, славянам у 551 г. удалося авалодаць крэпасцю Тапэр у Фракіі шляхам штурму. Інтэнсіўнай стральбой з лукаў славянскія стральцы падавілі супраціўленне візантыйцаў, якія са сцен кідалі ў славян камяні і лілі на іх гарачую смалу і алей. Пасля гэтага з дапамогай лесвіц славяне ўварваліся ў горад [136]. Яшчэ лепей з ваеннага і тэхнічнага пункту гледжання былі падрыхтаваныя шматлікія аблогі Солуня (Фесалонікі), у якіх бралі ўдзел і драгувіты. У ходзе аблогі 586 г. славяне разам з аварамі выкарыстоўвалі такія віды абложнай тэхнікі, як: гелеполы (абложныя вежы), вышынёй роўныя гарадской сцяне, з усталяванымі на іх кідальнымі машынамі; "бараны" (тараны) з акутым жалезам рогам; каменямёты; "чарапахі" (штурмавыя навесы), накрытыя для абароны ад агню свежасадранымі скурамі [137]. Пры дапамозе гэтых прылад яны імкнуліся разбурыць гарадскія сцены і падавіць супраціў ленне абаронцаў, адначасова спрабуючы разбурыць сякерамі і ломамі знешнія ўмацаванні перад сценамі [138]. Але няўдача ў рукапашнай сутычцы з абаронцамі і трываласць умацаванняў Солуня прымусілі іх адступіць, кінуўшы ўсю сваю тэхніку [139]. У 616 г. славяне ў чарговы раз паўтарылі напад на горад. Яны ізноў выкарысталі каменямёты, на гэты раз рачэй не з мэтай разбурэння сцен, а каб з дапамогай іх і стральбы з лукаў падавінь абаронцаў на сценах, прыставіць лесвіцы і ўварвацца ў горад. Гэтыя намаганні дапаўняліся спробамі падпаліць гарадскія вароты. Асобная атака была распачатая з боку мора на чоўнах [140]. Штурм скончыўся няўдачай, а велізарныя страты пры марской атацы прымусілі славян адступіць ад гораду [141]. Не спадзеючыся на ўласныя сілы, яны заклікалі на дапамогу аварскага кагана. Аблога, якая адбылася ў 618 г., вялася амаль тымі самымі спосабамі з дадаткам нейкіх запальных сродкаў [142]. Пасля няўдалага штурму славяне і авары былі вымушаныя заключыць мір з жыхарамі Солуня [143].

Грунтуючыся на гэтых звестках, мы можам паспрабаваць асцярожна аднавіць спосабы аблогі крэпасцяў на беларускіх землях з папраўкай на нізкі ўзровень эканомікі і тэхнікі мясцовых плямёнаў. Мы адразу ж мусім выключыць з арсеналаў мясцовых славян і балтаў гелеполы, каменямёты і іншыя машыны. Пабудова такіх машын была малавсрагоднай для плямёнаў на стадыі ваеннай дэмакратыі. Балканскія славяне і авары карысталіся такой тэхнікай толькі запазычыўшы яе ў візантыйцаў праз перабежчыкаў і палонных [144]. Цалкам верагодна, аднак, што прасцейшыя прыстасаванні кшталту навесаў і лссвіц маглі выкарыстоўвацца досыць шырока. Агульная карціна аблогі гарадзішча на беларускіх землях магла выглядаць прыкладна такім чынам. Абложнікі атачалі гарадзішча, адразаючы яго ад знешняй дапамогі. Далей рыхтаваўся і праводзіўся штурм. Стральцы і кідальнікі дзідаў імкнуліся падавіць абаронцаў і пазбавіць іх магчымасці эфектыўна абараняцца са сцен. Іншыя атрады пад прыкрыццём шчытоў і простых навесаў набліжаліся да сцен, цягнучы за сабой лесвіцы. Пры дапамозе лесвіц нападнікі ўзыходзілі на сцены і ўрываліся на гарадзішча, пераходзячы да рукапашнай сутычкі з абаронцамі, якая і вырашала ход штурму. Таксама маглі ажыццяўляцца спробы ўварвацца ўнутр шляхам падпалу сцяны альбо разбурэння яе асобных частак уручную.

У сваю чаргу, абаронцы імкнуліся адбіць нападнікаў стральбой, кіданнем коп'яў і камянёў і іншым супраць-дзеяннем іх спробам узысці на сцены. Таксама маглі прадпрымацца вылазкі з мэтай пазбегнуць спробаў разбурэння і падпалу сцяны і для знішчэння жывой сілы ворагаў. У 632 г. славянам, аб'яднаным у дзяржаве Само, у ходзе трохдзённай абароны крэпасці Вагастысбурк (у сучаснай Чэхіі) удалося нанесці цяжкае паражэнне войскам франкскага караля Дагаберта [145]. Такі поспех мог быць дасягнуты толькі выкарыстаннем актыўных спосабаў абароны.

Найменш ужываемым спосабам аблогі была блакада. Пры нізкім узроўні вытворчасці з эканамічнага пункту гледжання ўтрымліваць войска пад крэпасцю больш-менш доўгі час было не менш цяжкай задачай, чым знаходзіцца ў аблозе.

Урэшце рэшт, гарадзішчы былі досыць надзейным, хаця і не цалкам непрыступным сродкам абароны жыцця і маёмасці племені пры варожых нападах.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.