Славяне й Балты
3 Арыйцаў Славяне й Балты былі найбліжшыя між собку. Выглядае, што, просьле выдзяленьня з арыйскай прарадзімы, Славяне й Балты яшчэ жылі якісь час із сабою супольным жыцьцём.
Разьдзяліўшыся, суцэльныя Славяне і суцэльныя Балты спачатна былі чыстымі Арыйцамі ды чыстымі Славянамі і чыстымі Балтамі. 3 часам яны сталі дыфэрэнцыявацца, значыцца асобныя часьці іх сталі ўсё балей і балей розьніцца адна ад аднае. Гэная дыфэрэнцыяцыя паўставала, як із прычыны прыроднага развою, так і з прычыны памальнага мяшаньня зь іншымі народамі. Адныя часьці Славян мяшаліся з народамі даарыйскімі, другія - зь іншымі галінамі народаў арыйскіх. Гэтак, тая часьць Славян, каторая ўвыйшла ў склад Украінцаў, зьмяшалася з даарыйскім народам; іншая часьць Славян, што сталася складовай этнічнай часьцяй Славен, зьмяшалася зь Фінамі. Яшчэ іншая часьць Славян, а пайменна тая, што ўвыйшла ў склад беларускага або крывіцкага народу, спрадвеку, г. зн. яшчэ жывучы супольным жыцьцём ізь іншымі часьцьмі Славян, мяшалася із суседнімі плямёнамі балтыцкімі. Чым даўжэй трывала гэтае мяшаньне, тым балей гэтая часьць Славян адзьдзялялася ад іншых іх часьцеў. I наадварот, чым балей адзьдзялялася, тым большае наставала мяшаньне з Балтамі. Рэзультат быў той, што з часьці Славян і часьці Балтаў утварыўся апрычоны крывіцкі народ. Адначасна і іншыя часьці Славян выдзяліліся ў вапрычоныя народы. Пры гэтым і тутака Славяне-Арыйцы накінулі сваю мову неарыйцам, што як часьці ўвыйшлі ў склад новых народаў; нават і этнічным часьцем арыйскім новых народаў іх складовыя часьці славянскія накінулі сваю мову. Гэткім парадкам, што да ўдзяржаньня й пашырэньня свае мовы, элемэнт славянскі гуляў тую самую ролю ў вадносінах да іншых галінаў арыйскіх, якую Арыйцы згулялі ў вадносінах да неарыйцаў.
Гэткім парадкам паўстаў наступны сьцяг народаў із славянскімі мовамі: Крывічы, Кашубы (на ўзьбярэжжу Балтыцкага мора, ля Віслы і на заход ад яе), Славенцы (на паграніччу з Італяй цяпер сталіца іх Любляна), Украінцы, Верхне-Лужыцкія Сэрбы, Дольна-Лужыцкія Сэрбы (абодва апошнія народы цяпер жывуць часткова ў Заходніх Прусах, часткова ў Саксоніі), Чэхі, Славакі, Палабы (па раццэ Лабе - Эльбе), Сэрба-Харваты, Баўгары й Славене (ля воз. Ільменя).
Дзеля сваіх моваў славянскіх менаваныя народы былі ўважаны за народы славянскія. Дзеля таго тыя зь іх, што апынуліся ў суседзтве народаў іншых, нічога супольнага із Славянамі ня маючых, зваліся Славянамі (а ня новымі назовамі, бо ня было патрэбы адрозьневаньня іх ад іншых народаў, гукаючых славянскімі мовамі. Гэтак, назоў Славян удзержылі Славенцы, Славакі і ільменскія Славене.
Як відаць із разьмяшчэньня старых асаблівасьцеў асобных моваў славянскіх кажная зь іх паўстала беспасярэдне з мовы праславянскай. Паўстаньне апрычоных моваў славянскіх, а, значыцца, і мовы крывіцкай, сталася не раней як за Нараджэньне Хрыста і не пазьней як у VI в. па Хрысту.
Падзел Балтаў
У тым самым часе і Балты падзяліліся на гэткія апрычоныя народы: Прусы (пазьней, у XVIII в. канчальна шчэзьлі), Яцьвягі, Голядзь, Жамойць або Жмудзь із Аўкштотай (яны ў XIX в. прысабечылі сабе назоў "Ліцьвіны", "Літва") і Латышы. Яцьвягі жылі на заходнім узьбярэжжу цяперашняга прастору крывіцкага (беларускага), а Голядзь - на ўсходнім. Абодва апошнія народы зьліліся із славянска-балтыцкім народам крывіцкім, пры чым, проці іншых балтыцкіх плямёнаў, зьліліся яны даволі позна, асабліва Яцьвягі.
Антрополёгічны тып крывіцкі
Паўстаўшы ізь зьліцьця часьці Славян із часьцяй Балтаў, Крывічы тым самым стварылі апрычоны антрополёгічны тып, апрычоную славянска-балтыцкую ці - накш - крывіцкую расу. Раса гэтая - чыста арыйская, бо Славяне й Балты былі чыстыя Арыйцы. Крывіцкая мова ёсьць аднэй з моваў славянскіх, у каторай адно крышку захавалася элемэнту балтыцкага. Затое мноства балтыцкіх словаў захавалася ў географічных назовах крывіцкіх, а ня мала і ў крывіцкіх назовах асабовых (прозьвішчах), ведама, побач із назовамі паходжаньня славянска-крывіцкага.
3 усіх народаў, гукаючых славянскімі мовамі, толькі адны Крывічы або Беларусы маюць у народным мастацтве геомэтрызм, гэта значыцца, што орнамэнт складаецца зь геомэтрычных хвігураў (крыжыкаў, трыкутнікаў, рубчыкаў, зубчыкаў, грабелькаў, грэбенчыкаў, аконцаў, студні і іншага злучэньня розных ліняў). Гэткія хвігуры маем на паясох, ручнікох, абрусох, наагул розных тканінах, ды на кераміццы. Такі-ж геомэтрызм ёсьцека ў народным мастацтве народаў балтыцкіх. Ведама, у народным мастацтве адбіваецца псыхіка народаў.
Псыхічны тып Крывіча паказуе на зьліцьцё ў ім псыхічнага тыпу Славяніна з тыпам Балта. Крывіч кемны, быстры, борзда орыентуецца, вельмі здольны да вышшых перажываньнеў душэўных, ён лёгка працінаецца абстрактнымі ідэямі, лёгка захапляецца поэзіяй і мастацтвам, наагул ён даволі пачуцьцёвы і не матэрыялісты, - гэта ўсё рысы славянскія. А, з другога боку, натура Крывіча глыбокая, трывалая, узьдзержлівая, ён станаўкі, упорысты і вельмі адпорны на ўсялякі ўціск, даволі скрытны, ня лёгка праяўляецца (трэба з Крывічом доўга пажыць, каб яго пазнаць), - гэта рысы тыпу балтыцкага. Крывіч ня ўспыхавае й ня выбухае, на'т ня борзда загараецца, але ўгарэўшыся гарыць доўга, гарыць усярэдзіне, на'т тады, калі знадворку здаецца згаслым. На вайне Крывіч спакойна-адважны. Можна сказаць, што ў крывіцкім тыпе зьліліся лепшыя рысы абедзьвіх галінаў арыйскіх - славянскай і балтыцкай.
Плямёны крывіцкія
Просьле свайго ўтварэньня крывіцкі народ ня доўга жыў сусярэдзіўшыся ў водным месцу. Разрастаючыся й пашыраючыся на вялізарных прасторах ён дэцэнтралізаваўся і дзеля таго падзяліўся на асобныя плямёны. Ужо ў VI в. ведама, што часьць племені Дрыгвічоў нейкім спосабам адарвалася ад свайго пня і апынулася на Балканах, у Македоніі. Грэкі звалі іх Другувітай. У VI в. яны былі ўжо хрысьцянмі і мелі свайго біскупа. 3 часам яны растаялі сярод Баўгар, але сьляды мовы крывіцкай (дзеканьне, аканьне і некаторыя іншыя) і дагэтуль асталіся ад іх у некаторых баўгарскіх гаворках.
Назоў Крывічы спачатку не абыймаў усяго народу, але быў толькі назовам аднаго племені, бо ня жывучы, як і іншыя народы таго часу, супольным, хоць-бы мала веле сцэнтралізаваным жыцьцём, наш народ даўгі час ня меў свайго агульнага назову, але кажнае племя звалася сваім назовам пляменным. Нягледзячы на гэта, усе нашыя плямёны чуліся свае між собку, ведалі, што яны належаць да аднаго народу. Радніў іх адзін псыхічны тып, адзін характар і адна мова, бо гаворкі асобных плямёнаў надта мала розьніліся адна ад аднае, складаючы разам адзін крывіцкі язык.
Былі гэткія плямёны крывіцкія:
1.Дрыгвічы. Яны займалі прастор між Прыляцей і Дзьвіной. Як сказана вышэй часьць Дрыгвічоў неяк адарвалася ад цэласьці гэтага племені і ў VI в. апынулася на Балканах. Назоў "Дрыгвічы" відавочна паходзіць ад "дрыгва", бо яны засялялі балоцістую, дрыгвістую землю.
2.Дзераўляне або Дзерава займалі прастор паўдзённага Палесься, што быў на паўдня ад Дрыгвічоў. Зваліся яны так дзеля таго, што засялялі мясцовасьць лясістую.
Адно нядаўна ўстаноўлена, што Дзераўляне належылі да народу крывіцкага. Довады іх прыналежнасьці гэткія:
а) Дагэтуль бальшыня даўнейшага прастору дзераўлянскага занята крывіцкай моваю, а на асталай часьці ёсьць асноўныя асаблівасьці крывіцкае мовы (развой ненацісьненых самагукаў накшы чымся націсьненых), каторыя сьветчаць, што раней і тамка была мова крывіцкая, але пазьней шчэзла, відавочна з прыходам туды ўкраінскага насяленьня з паўдня.
б) Подле антрополёгаў Xв. Вовка ("Антропологічні особлівості украінського народа") і Талька-Грынкевіча антрополёгічны тып насяленьня ўсяго Палесься аднолькавы з антрополёгічным тыпам Крывіча.
3. Севяране або Север займалі прастор ад Дзясны, Сейма й Сулы - левых прытокаў Дняпра. Апрача таго Севяране ў сваім колёнізацыйным руху на паўдня і паўднявы ўсход даходзілі да р. Данца, каторы зваўся ў старыну "северскім", і Дона. Колёніяй северскай была на'т Тмутаракань на паўабтоку Тамані ля Азоўскага мора (дзе цяпер Керч). Як ведама зь летапісаў, Тмутаракань "цягнула" да Чарнігава і наагул да Северскай зямлі.
Яшчэ нядаўна ў навуццы было хістаньне што да нацыянальнай прыналежнасьці Севяран, але цяперака іхняя крывіцкасьць цьвёрда ўстаноўлена. Прычыніўся да гэтага галоўна профэсар П. Растаргуеў, што сам паходзіць ізь Севершчыны.
Вось довады крывіцкасьці Севяран:
а) У бальшыні даўнейшага асяродка Севяран цяперака жывуць Крывічы (Беларусы), а што да паўднявой часьці, дзе цяпер Крывічоў нямашака, ведама, калі адтуль Севяране выйшлі або былі выгублены і што ў XVII в. туды прыйшло насяленьне чужое, украінскае, з правага боку Дняпра.
б) Кіеўскі летапісец лічыць Севяран сваімі крывіцкім (беларускім) плямёнам. Ён піша: "Радимичи, Вятичи и Север один обычай имяхуть".
в) Северскі характар прастору ў Чарнігаўшчыне, занятага цяпер у бальшыні Крывічамі (Беларусамі) пацьвярджае археолёгія.
г) У XVII, XVIII і на'т XIX вв. назовам "Севяране", "Северцы" назызалі Крывічоў (Беларусаў) Чарнігаўшчыны.
Назоў "Севяране", "Север" паходзіць не ад север ("поўнач"), але быў дадзены гэтаму племені яго даўнейшымі суседзьмі, Іранцамі.
4. Радзімічы, што займілі прастор ля Сожа, левага прытоку Дняпра.
5. Вяцічы жылі па р. Аццэ, зьверху Акі ажно да сярэдняй яе цечы.
6. Плямя Крывічы займала верх Дняпра, верх Волгі, верхнюю й сярэднюю Дзьвіну, р. Вялікую і часьць р. Ловаці. Крывічы былі найбольшым і найдзяйнейшым племеням. Яны праявілі вялікія арганізацыйныя й гандлёвыя здольнасьці. Яны ня толькі самі добра арганізаваліся, але нярэдка арганізавалі так-жа іншыя плямёны нашыя. Дзеля таго ў мясцовасьцех, што гадзіліся на адміністрацыйныя пункты, зьяўляліся крывіцкія адміністратары і паўставалі крывіцкія колёніі. Аб гэтым цяпер сьветчаць местачкі й сёлы з назовам "Крывічы" і пад. Гэтак, маем, прыкладам, местачка Крывічы ў пав. Вялейскім, местачка Палачаны (ад Полацак) блізка Маладэчна, местачка Крэва і сяло Крыўск у павеце Ашмянскім, сяло Крывічы ў Лідзкім пав. і г. д., на'т на Палесьсю. Замак Крывы Горад у Вільні быў так сама пастаўлены Крывічамі. "Крывы" значыць тут "крывіцкі". Ад IX в. Крывічы політычна дзяліліся на полацкіх, смаленскіх і пскоўскіх.
Пашырэньне назову "Крывічы" на іншыя плямёны
Дзеля вялікай дзейнасьці племені Крывічоў, імя іхняе памалу пашыралася і на іншыя плямёны нашыя. Дзеля таго ў XII в. назоў "Крывічы" быў ужо назовам агульна-нацыянальным, значыцца і ўсі іншыя плямёны нашыя сталі звацца Крывічамі. Побач із гэтым агульна-нацыянальным назовам "Крывічы", "Крывіччына", "крывіцкі" былі й мясцовыя назовы пляменныя (значыцца Дрыгвічы, Радзімічы і іншыя).
Цікава самае паходжаньне назову "Крывіч". Паходзіць ён ад кроў, крыві, значыцца людзі аднае крыві, аднаго народу. Падобна ад род паўстала родзіч, што спачатна абазначала чалавека таго самага роду, а потым стала абазначаць чалавека таго самага краю, што памаскоўску перадаецца словам земляк, пачэску краян.
ЗАЦЕМКА 1. Найчасьцей у гісторыі назоў аднаго племені пашыраўся на іншыя свае плямёны і станавіўся назовам агульна-нацыянальным. Гэтак сталася, прыкладам, у Чэхаў і іншых, дзе назовы Чэх і г. д. былі спачатна толькі назовам аднаго племені.
ЗАЦЕМКА 2. Колькасьць крывіцкіх плямёнаў адказавала велічыні крывіцкага народу. Меншая ў гэную пару колькасьць Украінцаў дзялілася на пяць плямёнаў (Паляне, Углічы, Ціверцы, Дулебы, Валыняне).
Дзіўным можа здавацца, што ільменскія Славене не дзяліліся на плямёны. Выясьняецца гэта тым, што Славене апынуліся сярод фінскіх народаў; проці розьніцы зь Фінамі нішто былі малыя розьніцы пляменныя. Наадварот суседзтва далёкіх хоць-бы толькі моваю Фінаў прынукала цясьней лучыцца, а не дзяліцца на асобныя плямёны. 3 другога боку, нельга мераць колькасьці Славен колькасьцяй людзёў цяпер гукаючых памаскоўску (мова маскоўская ёсьць моваю старавечных Славен, розьніца між гэтымі мовамі толькі ў часе, але не ў якасьці). Трэба ведаць, што Славене з часам асымілявалі мноства народаў фінскіх; адгэтуль і вялізарнае пашырэньне мовы славенскае. Спачатна Славене былі народам малым, шмат меншым за Крывічоў і Украінцаў.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.