Я. Станкевіч - Этнаграфічныя й гістарычныя тэрыторыі й граніцы Беларусі
- Беларускія этнаграфічныя граніцы
- Смаленшчына
- Калужчына, Арлоўшчына, Куршчына
- Колькі зацемкаў да беларускае мовы Цьвершчыны
- Граніцы гістарычныя
- Асобныя гаспадарствы беларускія
- Вялікае Княства Літоўскае
Этнаграфічныя землі народу, значыцца землі, на каторых ён жывець суцэльнай сваёй масаю, што захавала свае этнаграфічныя асаблівасьці, маюць для яго найвялікшае значаньне, бо на таковых землях ён мае прыроднае права быць самым гаспадаром, маць свае гаспадарства, нат калі ў мінуласьці ён быў безгаспадарствавым. Прыкладам такіх у мінуласьці безгаспадарствавых народаў, што просьле першае сьветнае вайны здабылі палітычную незалежнасьць, могуць быць нашыя суседзі - Лятувісы, Латышы й Эстонцы; яны, паміж дзьвюма сьветнымі войнамі, праявілі добрыя гаспадарствавыя здольнасьці ў собскіх гаспадарствах.
Калі яшчэ пра народы ў мінуласьці безгаспадарствавыя могуць узьнікаць сумлевы, ці здольныя яны да собскага гаспадарствавага быцьця, то пра народ, што маў у мінуласьці свае гаспадарства, такія сумлевы мусяць адпасьці; ён вякамі свайго мінулага гаспадарства давёў свае гаспадарствавыя здольнасьці. Дзеля таго гістарычная гаспадарствавасьць народу мае для яго другое просьле этнаграфічнае тэрыторыі вялізарнае значаньне. Землі, што ўходзілі калісь у склад беларускага гаспадарства, ё беларускімі гістарычнымі землямі, а граніцы гэтых земляў будуць беларускімі гістарычнымі граніцамі.
Чым народ сьпелыны культурна й палітычна, тым большую вагу ў ягоным жыцьцю і ягоных імкненьнях мае традыцыя, ягоная гісторыя, а значыцца, і ягоныя гістарычныя землі зь іхнымі граніцамі. Народы імпэрыялістычныя прэтэндуюць нат на землі іншых народаў, калі таковыя землі належылі або належаць да іхнага гаспадарства. Адылі, калі землі аднаго народу належылі да гаспадарства народу другога, то гэта найчасьцей бывала з крыўдаю народу безгаспадарстваваму. Дзеля таго "гістарычныя" прэтэнсі на чужыя землі нельга ўважаць за справядлівыя, бо з такіх прэтэнсяў вынікала-б, што адна крыўда мала-б быць подам (падставаю) крыўдзе дальшай, мала-б яе апраўдаваць, калі наадварот, усякая крыўда павінна быць папраўлена. Апрача таго, калі-б згадзіцца з гістарычнымі прэтэнсямі на этнаграфічна чужыя землі, то безгаспадарствавыя народы былі-б пазбаўленыя свайго прыроднага права на собскае гаспадарства.
Як народ неімпэрыялістычны й дэмократычны, Беларусы ня маюць ніякіх прэтэнсяў да тых этнаграфічна небеларускіх земляў, што належылі калісь да беларускага гаспадарства. Мова пра такія землі, як належачыя калісь да Беларусі, можа маць адно значаньне акадэмічнае. Галоўная наша ўвага зварочуецца на тыя гістарычныя землі беларускія, каторыя пакрываюцца землямі этнаграфічнымі альбо ў межах гэтых. Дзеля таго вынікае патрэба сьпярша паказаць беларускія землі этнаграфічныя і іхныя граніцы.
Няма каментарыеў. Ваш каментарый будзе першы.
Вы можаце пакінуць свой каментарый, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.