Этнічныя працэсы на беларускіх землях

У канцы XIII- XVI ст. пачынаецца фарміраванне беларускай народнасці - гістарычна склаўшайся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і суседніх усходніх і паўночных землях устойлівай супольнасці людзей, якая характарызуецца асаблівасцямі мовы, побыту, культуры, рыс псіхікі і самасвядомасці, што перадаюцца з пакалення у пакаленне. Працэс фарміравання гэтых этнічных прыкмет працягваўся амаль чатыры стагоддзі і праходзіў пад уздзеяннем сацыяльна-эканамічных, палітычных, геаграфічных, царкоўна-рэлігійных і іншых фактараў.

Умовы для фарміравання беларускай народнасці склаліся з сярэдзіны XIII ст. Аб'яднанне на працягу XIII - XVI стст. раздробленых зямель у складзе Вялікага Княства Літоўскага, падначаленне адзінай вярхоўнай уладзе прывяло да тэрытарыяльнай кансалідацыі і паслужыла штуршком для складвання этнічнай тэрыторыі беларусаў - тэрыторыі кампактнага рассялення народа, з якой звязаны яго фарміраванне і развіццё. Цэнтралізацыя дзяржавы (арганізацыя кіравання, ліквідацыя рзшткаў раздробленасці, уніфікацыя адміністрацыйнага падзелу, увядзенне адзінага заканадаўства, сімволікі) спрыяла больш цеснаму палітычнаму аб'яднанню беларускіх зямель і актыўнаму функцыяніраванню асноўнага для працэсу этнаўтварэння сацыяльна-эканамічнага фактару. 3 узмацненнем гандлёва-эканамічных сувязяў у межах Княства, складваннем агульнадзяржаўнай гаспадаркі, развіццём таварна-грашовых адносін, ростам гарадоў, пэўнай уніфікацыяй вагавых адзінак і грашовай сістэмы пераадольвалася лакальная замкнёнасць, пашыраліся ўнутрытэрытарыяль-ныя кантакты, нівеліраваліся некаторыя гаспадарчыя і бытавыя адрозненні, адбывалася моўная інтэграцыя. Прагрэс у вытворчасці ўздзейнічаў на фарміраванне саслоўна-класавай структуры этнасу - да сярэдзіны XVI ст. аформіліся шляхецкае, мяшчанскае, сялянскае саслоўі.

Палітычны і эканамічны фактары з'яўляліся "фонам", на якім адбывалася фарміраванне і развіццё беларускага этнасу. Палітычная і сацыяльна-эканамічная інтэграцыя ў межах адной дзяржавы стварыла амаль што аднолькавыя ўмовы для этнакультурнага развіцця розных зямель, прывяла да нівеліроўкі мясцовых асаблівасцяў. У першую чаргу і хутчэй моўная і культурная нівеліроўка адбывалася ў гарадах, асабліва ў найшльш значных. Там мацней, чым у сельскай мясцовасці, адчуваліся сувязі паміж асобнымі часткамі краіны.

Этнічная тэрыторыя Беларусі ахапіла пераважна ўсход-неславянскія землі, на якіх жылі нашчадкі крывічоў (Віцебшчына, Смаленшчына, Віленшчына, Гарадзеншчына, Невельшчына), дрыгавічоў (цэнтральная Беларусь, Палессе, Берасцейшчына), радзімічаў (Магілёўшчына, Гомельшчына, заходняя Браншчына). Гэтыя блізкія этнічныя аб'яднанні, якія ўвабралі шэраг балцкіх элементаў, але ў якіх пераважалі славянскія рысы, з'яўляюцца нашымі продкамі. Этнічная тэрыторыя кожнага народа вызначаецца ўстойлівасцю на працягу стагоддзяў. Яшчэ ў пачатку XX ст. беларусы насялялі Смаленшчыну, сумежжа Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Пскоўшчыны, Латгаліі, Падляшша і Віленскі край. У выніку наступных штучных падзелаў гэтыя землі апынуліся паза палітычнымі межамі Беларусі.

Існаваўшая гістарычная перспектыва спалучэння беларусаў у адзіны этнас з украінцамі, з якімі іх аб'дноўвала агульная назва "Русь", агульная мова і вера, блізкая культура, не была рэалізавана. Гэта звязана з далучэннем украінскіх зямель да Польскай дзяржавы і з'яўленнем на іх уласнага палітычнага і культурнага цэнтра - казацтва. Да каталіцкага хрышчэння Літвы зусім рэальным было фарміраванне агульнай беларуска-літоўскай этнічнай супольнасці, але з канца XIV ст. нацыянальна-культурнае развіццё гэтых народаў пайшло рознымі шляхамі.

У XIII - XVI стст. на этнічнай тэрыторыі Беларусі фарміруецца новая самастойная мова са сваімі спецыфічнымі фанетычнымі і сінтаксічнымі асаблівасцямі і лексічным складам, якая карэнным чынам адрозніваецца ад старажыт-наўсходнеславянскай, рускай і ўкраінскай моў. У галіне фанетыкі яе асаблівасцямі сталі "дзеканне", "цеканне", "аканне", "яканне", цвёрды гук "р", фрыкатыўнае вымаўленне "г", у сінтаксісе - выкарыстанне слоў "каб', "калі", часціц "ці", "чы" і інш. Пад уплывам новых з'яў у жыцці і запазычанняў узнікла новая лексіка з багатай тэрміналогіяй - назвамі феадальных павіннасцяў, службовых асоб, сельскагаспадарчымі, рамеснымі, гандлёвымі тэрмінамі (чынш, цягла, гвалты, талака, сенажаць, нарогі, борці, збожжа, цыбуля, каваль, чабатар, рымар, шынкар, мыта, перакупні і інш.). Характэрныя рысы старабеларускай мовы замацоўваюцца ў помніках пісьменнасці XV - XVI стст.

Развіццю беларускай мовы спрыяла тое, што ў XIV - XVII стст. яна была дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага. На ёй працавалі судовыя ўстановы, княжацкая канцылярыя, магістраты, пісаліся законы, летапісы, публіцыстычныя творы і мемуары. Яе ўжыванне ў афіцыйным справаводстве оыло заканадаўча замацавана Статутам 1588 г. Ф.Скарына ўвёў родную мову ў Біблію і гэтым самым паказаў яе раўнапраўе з класічнымі кананічнымі мовамі - лацінскай, грэчаскай, сгаражытнаяўрэйскай. Пранікненню беларускай мовы ў канфесійную літаратуру спрыяла Рэфармацыя. Яе ўнармаванню садзейнічала ўніяцкая царква, якая выкарыстоўвала мову карэннага этнасу нароўні з царкоўнаславянскай і лацінскай.

Дасягауўшы значнага развіцця, беларуская мова з другой паловы XVI ст. паступова пачала здаваць свае пазіцыі пад націскам польскай. У сувязі з перайманнем шляхтай чужой мовы ў сітуацыі двухмоўя наша мова пакрысе выцясняецца з ужытку. Рашэннем Сойма 1696 г. на тэрыторыі Княства сгатус дзяржаўнай быў замацаваны за польскай мовай.

У перыяд фарміравання беларускай народнасці развіліся і замацаваліся уласцівыя для яе этнічнай тэрыторыі спецыфічныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сацыяльна-эканамічныя ўмовы развіцця, кліматычныя асаблівасці, старажытныя традыцыі парадзілі характэрныя для Беларусі тыпы пасяленняў (мястэчкі, фальваркі, засценкі, ваколіцы) і жылля - зрубная хата з двума памяшканнямі (хата і сенцы). Распаўсюджваюцца аднолькавыя тыпы прылад працы (саха, драўляная барана), праяўляюцца асаблівасці ў гаспадарчых занятках. Устанаўліваецца характэрнае толькі для беларускай тэрыторыі народнае адзенне, складваецца своеасаблівая народная кухня.

Такім чынам, на працягу другой паловы XIII - XVI ст. на акрэсленай этнічнай тэрыторыі сфарміраваўся своеасаблівы агульнабеларускі комплекс традыцыйнай культуры і сісгэмы мовы, якія сведчылі пра нараджэнне новага этнасу.

Адным з галоўных вынікаў аб'яднальных этнічных працэсаў і асноўным паказчыкам ступені кансалідаванасці народа выступае этнічная самасвядомасць - усведамленне людзьмі прыналежнасці да свайго народа, яго адметнасці. Яна ўзнікла найперш у асяроддзі прагрэсіўна настроеных слаёў гараджан, шляхты, духавенсгва і праявілася ў любві да роднага края, народа, культуры, у зацікаўленасці іх мінулым, сучасным і будучым, у клопаце аб уратаванні нацыянальных формаў духоўнай культуры перад пагрозай дэнацыяналізацыі. У XVI ст., да 1596 г., этнічная самасвядомасць арыентавалася пераважна на свецкія формы. Надзвычай яскрава патрыятызм выявіўся ў беларускіх летапісах, літаратуры, грамадскай думцы. Думка аб нацыянальнай годнасці, гонары за сваю радзіму, народ, культуру ўпершыню была абгрунтавана ў творах М.Гусоўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага. Рэфармацыя садзейнічала абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці, цікавасці да нацыянальнай мовы. У 70 - 80-я гг. многія яе дзеячы праявілі вялікі нацыянальна-патрыятычны энтузіязм.

Істотныя зрухі ў сацыяльна-палітычнай і культурна-рэлігійнай сітуацыі на Беларусі на рубяжы XVI - XVII стст. нарадзілі іншую форму нацыянальнай самасвядомасці, у якой дамінуючую ролю адыгрываў рэлігійны кампанент. Яе носьбітамі былі С.Зізаній, М.Сматрыцкі, А.Філіповіч і іншыя барацьбіты супраць ваяўнічага каталіцызму і ўніі, апантаныя ідэяй рзлігійнай свабоды для праваслаўных. Уніяцкія дзеячы баранілі таксама нацыянальна-культурныя каштоўнасці беларускага народа (мову, абраднасць, святы), імкнучыся спалучыць іх з заходнееўрапейскімі.

Нацыянальная самасвядомасць беларусаў у далейшым падвяргалася дэфармацыі пад уздзеяннем спачатку паланізатарскіх, а потым русіфікатарскіх тэндэнцый.

Знешняй формай праяўлення самасвядомасці з'яўляецца назва народа - этнонім. У XIII - XVI стст. у дачыненні да насельніцтва Беларусі ўжываліся розныя этнонімы. Да XVII ст. абагульняючай для праваслаўнага насельніцтва Беларусі, Украіны, Масковіі і часткова Літвы, Польшчы, латгаліі з яўлялася назва "Русь", "рускія", "русіны". Хаця ў іх грамадскай свядомасці захоувалася ўяўленне аб асаблівай блізкасці ўсходнеславянскіх народаў, якое замацоўвала праваслаўная царква, насельніцтва Русі Літоўскай і Русі Маскоўскай лічыла менавіта сябе "сапраўднай" Руссю, а сваіх суседзяў назьюала "маскавітамі", "маскалямі" ці, адпаведна, "літвой". Беларускія "русіны" ўжо ў XV - XVI стст. адрознівалі сябе ад "маскавітаў" суседняй дзяржавы, называючы іх мову "маскоўскай", а сваю - "рускай". Этнонім "рускія людзі" меў больш стабільную распаўсюджанасць сярод жыхароў усходняй Беларусі і Смаленшчыны. У канцы XVI - XVII ст. ён трансфармаваўся ў назву "беларусцы".

Украінцы, рускія, палякі і іншыя еўрапейскія народы называлі беларусаў "ліцвінамі". У XIV - XV стст. "ліцвінамі" называлі сябе пераважна жыхары заходніх зямель Беларусі і ўсходу Літвы. У XVI і асабліва ў XVII - XVIII сгст. гэта назва распаўсюджваецца амаль на ўвесь беларускі этнас. Такая форма "нацыяльнага" самавызначэння насельніцтва Беларусі (асабліва шляхты) умацоўваецца пасля аб'яднання Вялікага Княсгва Літоўскага з Польскім каралеўствам у Рэч Паспалітую, якое разглядалася палякамі як "аб'яднанне дзвюх нацый у адзіную нацыю". Мясцовыя магнаты і шляхта доўгі час падкрэслівалі, што яны менавіта "ліцвіны", чым выказвалі даволі высокі ўзровень дзяржаўнанацыянальнай самасвядомасці. "Мы і палякі, хоць і брацьця, але зусім адменных звычаяў", - пісаў у канцы XVI ст. канцлер Л.Сапега. Назвы "ліцвіны", "літва", на думку даследчыкаў, былі найбольш абагульняючай формай этнічнай самасвядомасці і самавызначэння беларускага насельніцтва. Яны ўжываліся на нашых тэрыторыях больш пяцісот гадоў, а ў другой палове XIX ст. перамясціліся на паўночны захад і сталі найменнем суседняга балцкага народа і яго зямлі.

Першая згада пра Беларуеь у дачыненні да ўласна беларускіх зямель змяшчаецца ў Іпац'еўскім летапісу і датавана 1305 годам. Гэта найменне спачатку замацавалася за ўсходнебеларускімі землямі (Віцебшчынай, Смаленшчынай, Магілёўшчынай) і толькі ў другой палове XIX ст. распаўсюдзілася на ўсю нашу Бацькаўшчыну.

Тлумачэнняў паходжання і сэнсу назвы "Белая Русь" безліч, але ўсе яны з'яўляюцца толькі здагадкамі. Паходжанне назвы звязваюць то з кліматычна-геаграфічнымі або этнаграфічнымі асаблівасцямі гэтых зямель, то са знешнепалітычнымі ці канфесійнымі фактарамі, то з іх своеасаблівым статусам у складзе Княства.

Згаданыя этнонімы ў залежнасці ад абставін маглі ўжывацца паасобку ці сумесна ("ліцвін рускага роду", "ліцвін беларусец"), але ўсе яны з'яўляліся элементамі этнічнай самасвядомасці беларускага народа.

Паступова складваўся і асобы беларускі менталітэт - склад розуму народа, лад яго мыслення, нацыянальны характар, псіхалогія. Ён складваўся пад звон мячоў і залпы гармат ва ўмовах шматсотгадовага процістаяння на нашых землях двух славянскіх цэнтраў - Польскага каралеўства і Маскоўскага царства. Да лепшых маральна-духоўных якасцяў беларусаў адносяцца нацыянальная і рэлігійная талерантнасць, памяркоўнасць, гасціннасць, лагоднасць, мяккасардэчнасць, вынослівасць, шчодрасць, кемлівасць,няпомслівасць, сумленнасць, добразычлівасць, рахманасць, паэтычнасць душы, працавітасць. Да адмоўных бакоў беларускага менталітэту можна аднесці пэўныя апатычнасць, нерашучасць, кансерватыўнасць, недаверлівасць, скрытнасць, пакорнасць. Абагульняючы партрэт народа дапаўняюць і такія рысы, як маўклівасць, дамаседства, неагрэсіўнасць, схільнасць да згоды, пошуку кампрамісаў і інш. Можна вызначыць некаторыя асаблівасці беларускай ментальнасці ў параўнанні з нацыянальнымі характарамі іншых народаў Беларусі. Так, ад яўрэяў беларусы адрозніваюцца меншымі энергічнасцю, знаходлівасцю, настойлівасцю, менш развітым уменнем прыстасоўвацца да жыццёвых абставін, большым індывідуалізмам, меншай згуртаванасцю. Беларусы найчасцей не маюць тых лёгкадумства і самахвальства, якія даволі часта ўласцівы палякам, асабліва шляхецкага паходжання. Heразвітае пачуццё помствы адрознівае іх ад украінцаў.

Менталітэт з'яўляецца ўстойлівай этнічнай прыкметай. Нарадзіўшыся ў выключна складаных умовах, прайшоўшы праз выпрабаванні лёсу, беларусы захавалі непаўторныя рысы свайго нацыянальнага характару, па якіх іх можна пазнаць і сёння.

Аснову беларускай этнічнай супольнасці склала ўсходнеславянскае насельніцтва. Але ў яе фарміраванні прымалі ўдзел іншыя этнічныя групы: заходнеславянскія (палякі), балцкія (прусы, борці, яцвягі, літоўцы, жамойцы, латгалы), цюркскія (татары). Яны аказалі ўплыў на мову, культуру, рэлігію беларускага этнасу. Акрамя таго, на землях Беларусі пражывалі таксама невялікія групы яўрэяў, цыган, караімаў, шатландцаў, французаў, немцаў, рускіх, украінцаў і інш.

Групы палякаў на этнічных беларускіх землях існавалі ўжо ў XII ст. У другой палове XIV ст. яны з'яўляюцца тут у якасці палонных пасля паходаў вялікіх літоўскіх князёў у Полынчу. Прыкметнай міграцыі палякаў на Беларусь у наступныя стагоддзі не было, бо законы Княства забаранялі ім займаць тут пасады і набываць зямлю.

Але на беларускіх землях пад уздзеяннем польскага этна-культурнага ўплыву, які ўзмацніўся пасля Люблінскай уніі, прадстаўнікі вышэйшага саслоўя падвяргаліся паланізацыі.

Ад палякаў Княства запазычыла адміністрацыйны падзел на ваяводствы, магдэбургскае права, новы каляндар, у асноўным з Польшчы пранікаў каталіцызм. Польская мова ўзбагаціла беларускую тапанімію і антрапанімію, аказала ўздзеянне на фарміраванне шэрага характэрных асаблівасцяў беларускай мовы.

Даволі хуткі працэс засваення польскай мовы і культуры, які пачынаецца ў 70-я гг. XVI ст., меў спачатку пазітыўны характар, бо дапамагаў знаёмству нашых продкаў з культурнымі і навуковымі дасягненнямі Заходняй Еўропы. Але менавіта адсюль бярэ вытокі той заняпад беларускай мовы і культуры, што адбыўся ў канцы XVII ст. Тады, у XVI ст., не бачылася ніякай небяспекі ад знаёмства перадавых, па-еўрапейску адукаваных беларусаў з лацінскай і польскай мовамі, на якіх яны пісалі свае творы. У гэты пачатковы перыяд паланізацыі польская мова пранікала на беларускія землі нібы сама па сабе, без дапамогі з боку палякаў. Яна ўвозілася ў Княства яго ўраджэнцамі. У гэтым галоўная асаблівасць і карэннае адрозненне паланізацыі пачатковага перыяду, які працягваўся да пачатку XVII ст., ад навязваемай каралеўствам паланізацыі XVII - XVIII стст.

Найбольшыя "поспехі" ў такім самастойным спалячванні зрабілі шляхта і магнаты. Штучная ліквідацыя з ужытку імі беларускай мовы вельмі адмоўна адбілася на далейшым жыцці беларусаў і істотна замарудзіла развіццё нацыянальнай самасвядомасці. Захавальнікам беларускай мовы і культуры стаў просты народ. Акаталічаны і апалячаны пануючы клас супрацьпаставіў сябе асноўнай масе насельніцтва не толькі ў сацыяльных, але і ў рэлігійных і культурна-этнічных адносінах.

У XIII - XIV стст. на Беларусь перамясцілася частка балтаў (прусаў, борцяў, жамойтаў), цяснімых крыжакамі. У заходніх раёнах беларускай этнічнай тэрыторыі пражывалі яцвягі (да канца XIII ст.) і літоўцы. Іх мова і культура цесна ўзаемадзейнічалі з беларускай. У пачатковы перыяд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага назіраецца тэндэнцыя да славянізацыі літоўскіх феадалаў, што аселі на беларускіх землях, і правячай балцкай дынастыі.

3 канца XIV ст. на Беларусі пачалі сяліцца татары. Спачатку гэта былі палонныя, захопленыя Гедымінам і Альгердам. Пазней тут знаходзілі прытулак эмігранты з Залатой Арды, пацярпеўшыя там паражэнне ў міжусобнай барацьбе. Першым быў хан Тахтамыш са сваімі прыхільнікамі. Іх надзялялі зямлёй і сялілі на Віленшчыне, Гародзеншчыне і Меншчыне. Агульная колькасць татарскага насельніцтва ў Княстве ў XVI ст. складала каля 40 тыс. чалавек. Татары неслі вайсковую службу, займаліся рамёствамі і перадавалі беларусам навыкі ў конегадоўлі, агародніцтве, гарбарстве, узбагацілі беларускую лексіку. Самі яны ўжо ў пачатку XVI ст. асіміляваліся, перанялі беларускую мову, забыўшы ўласную. Татарскія рэлігійныя кнігі Аль-Кітабы, пісаныя арабскімі літарамі на беларускай мове, з'яўляюцца ўнікальнымі помнікамі старадаўняй беларускай мовы.

У канцы XIV - XVI ст. ідзе масавая міграцыя на Беларусь яўрэяў з краін Заходняй Еўропы, дзе яны цярпелі цяжкі ўціск і вынішчэнне. Першыя іх суполкі ўзніклі ў канцы XIV ст. у Бярэсці і Гародні. 3 другой паловы XVI ст. яўрэі займаюць прыкметнае месца ў этнічнай структуры насельніцтва Беларусі. Большая частка іх сялілася ў гарадах і мястэчках і займалася рамёствамі, гандлем, дробным прадпрымальніцтам, ліхвярствам. Яны жылі замкнёнымі тэрытарыяльнымі абшчынамі - кагаламі і складалі ў гэты час да 20 % гарадскога насельніцтва.

Першыя групы рускіх мігрантаў на Беларусі з'явіліся ў XV -XVI стст. Сюды ўцякаюць ад праследаванняў апальныя князі і вальнадумцы (А.Курбскі, Ф.Касы, Арцемій і інш.), а з другой паловы XVII ст. ад здзекаў і ўціскаў - дзесяткі тысяч стараабрадцаў, сялян і гараджан. Рускія і ўкраінскія перасяленцы і ўцекачы адносна лёгка "ўпісваліся" ў роднаснае этнічнае асяроддзе і ўжо ў другім - трэцім пакаленні амаль нічым не адрозніваліся ад мясцовых жыхароў.

У сярэдзіне XV ст. на Беларусі з'явіліся цыганы. Тут яны, нягледзячы на некаторыя ганенні, атрымалі прызнанне як добрыя кавалі, ювеліры, каняводы, музыкі, спевакі, танцоры і дрэсіроўшчыкі звяроў, а жанчыны здабывалі славу варажбой і знахарствам. Большасць цыган вяла вандроўны спосаб жыцця. Галоўным месцам збора вандроўных груп была Зэльва. Урад Рэчы Паспалітай беспаспяхова спрабаваў прывучыць іх да аселага жыцця, прымацаваць да зямлі. Цыганы не прыжылісяу вёсцы, а ішлі ў гарады і мястэчкі, дзе звычайна сяліліся на ўскраінах. Аселыя цыганы пражывалі ў мястэчку Мір і займаліся рамёствамі. Цыганы жылі плямёнамі на чале з выбранымі войтамі ці ваяводамі, захоўвалі побытавую спецыфіку і выконвалі абрады як беларускага народа, сярод якога жылі, так і свае традыцыйныя.

Масавыя перасяленні ў Вялікае Княства Літоўскае ў XIV -XVII стст. іншых этнічных груп, якія цярпелі ўціск у сваіх краінах, сведчыць пра нацыянальную і рэлігійную талерантнасць гэтай дзяржавы. Нашчадкі мігрантаў жывуць на Беларусі да нашага часу. Сёння тут налічваецца 112 тыс. яўрэяў, 12 тыс. татараў, 8 тыс. цыганоў.

Такім чынам, перыяд канца XIII - сярэдзіны XVII ст. стаў для беларускай народнасці часам станаўлення, развіцця і ўздыму. Яе паспяховае развіццё абарвала вайна 1654 - 1667 гг, якая стала першай нацыянальнай катастрофай. У наступмыя часы ідзе працэс размывання і заняпаду беларускага этнасу, які выразіўся спачатку ў яго масавай паланізацыі, а потым у русіфікацыі.

Каментары чытачоў
XiveZ напiсаў(ла) 03.06.2010 19:15
Ўсё добра, але у некаторых момантах ёсць памылкі(((
Максим напiсаў(ла) 27.09.2010 17:50
Добрае паведамленне...Вельми дапамагло у рэфераце па Гисторыi Беларусi...Дзякуй!!!
Алена напiсаў(ла) 15.10.2010 14:35
Дзякуй! Мне спадабауся матэр`ял. Таксама карысталася iм пры падрыхтоуцы рэферата па Гiсторыi Беларусi.
Андрусь напiсаў(ла) 28.10.2011 17:01
З кнігі Рады Увэ "Галасы Панямоньня: гісторыя, культура, лёсы аднаго еўранейскага абшару" (Мн., 2011, с.19) можна даведацца "Вялікае Княства не вылучалася аднароднасцю ні ў этнічным стасунку, ні ў канфесійным. Абсалютную бальшыню насельніцтва складалі не летувісы, якія вызнавалі каталіцкую ці паганску веру, а беларусы, пераважна праваслаўныя, якія называлі сябе тады "русінамі", або "рускімі". Таму ёсць важкія падставы разглядаць Вялікае княства як беларускую дзяржаўную фармацыю. У часы Вітаўта росквіт зазналі не толькі гарады на захадзе, такія, як Вільня і Горадня, але таксама і Менск, Віцебск, Полацк, Гомель і Пінск на ўсходзе. Афіцыйнай дзяржаўнай мовай у гэтай вялізнай дзяржаве была менавіта беларуская. Адпаведна многія беларускія шляхцічы ідэнтыфікавалі сябе як gente Ruthenus, natione Lithuanus ("паходжаньнем русін, паводле нацыянальнасці ліцвін").
Усяслаў напiсаў(ла) 20.11.2011 17:23

Радыё Свабода
Літоўскія інтэлектуалы Альгіс Міцкунас (Агаё, ЗША) і Віргініюс Савукінас (Вільня) выступілі з ідэяй стварэньня «Вялікай Літвы» ў разьдзеле «Рынг меркаваньняў» на інфармацыйным партале delfi.lt.

Яны вельмі трапна далі характарыстыку, кім з'ўляліся жыхары сярэднявечнай Літвы. Атрымліваецца, што ліцьвіны - гэта тэрмін палітычны, а не этнічны. Ліцьвіны - гэта жыхары Літвы (палякі, беларусы, украінцы, жмудзіны), а не якісьці асобны этнас.

Вялікая Літва

Ужо ад XIV стагодзьдзя існавалі дзьве Літвы: Lithuania і Lithuania propria. Апошняя азначае этнічныя літоўскія землі, а першая прызначаная для азначэньня ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. «Lithuania» не была толькі геаграфічнай прасторай – гэта ідэнтычнасьць. Бо ж русіны лічылі сябе «літвінамі», хоць і не гаварылі па-літоўску, яны выразна аддзялялі сябе ад «масквіцянаў». А гэтыя апошнія таксама праводзілі ясную розьніцу – нават праваслаўных, якія з-за тых або іншых прычынаў траплялі пад іх апеку, яны яшчэ раз перахрышчвалі ў праваслаўе, бо ж у ВКЛ жывуць «несапраўдныя праваслаўныя». Менавіта з думкай пра Літуанію – назавем яе «Вялікай Літвой» – Адам Міцкевіч напісаў несьмяротныя словы: “Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie”.

Вялікая Літва бясконца важная для палякаў. Выдатны гісторык Кшыштаф Бухоўскі ясна паказаў, што ўяўленьне пра Літву як пра мітычную прастору фармуецца ў польскай сьвядомасьці яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Літва, якая засталася хай і менш цывілізаванай, аднак захавала адвечную чысьціню, таямніцы прыроды – сьветлая, прыгожая краіна. Бо ж польская эліта, шляхта ганарылася паходжаньнем зь Літвы. Гэта быў як бы знак найвышэйшай пробы. Прыгадайма якога-небудзь славутага польскага дзеяча, і выявіцца, што яго карані зь Літвы. Пілсудзкі быў жмудзін, Жалігоўскі таксама лічыў сябе літвінам. А першым прэзыдэнтам Польшчы быў Габрыэль Нарутовіч – брат Станіславаса Нарутавічуса, падпісанта акту незалежнасьці Літвы. Бабуля папы Вайтылы таксама зь Віленшчыны, былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі таксама ўпіраецца каранямі ў Вільню, а продкі цяперашняга прэзыдэнта Камароўскага нават мелі ў Літве маёнтак.

Вялікая Літва важная і для ўкраінцаў. Бо ж яны й дагэтуль узьнімаюць тосты за «наймякчэйшых акупантаў», г. зн. літоўцаў. Прыгадваючы сваю гісторыю, яны непазьбежна павінны прыгадаць і Літву. І гэта можа служыць магчымасьцю для таго, каб дамовіцца. Дарэчы, падчас «аранжавай рэвалюцыі» нават пісаліся стратэгічныя пляны, дзе згадвалася ВКЛ, а ўкраінская дэмакратызацыя мэтафарычна падавалася як працяг той эпохі.

Вялікая Літва важная і для габрэяў. Ужо ад пачатку ХІХ стагодзьдзя замацоўваецца тэрмін «літвак» – так называлі сябе габрэі, што жылі на тэрыторыі ВКЛ. Ці можна спадзявацца, што такі тэрмін прыжыўся б, калі б Літва – «Літа» – нічога для габрэяў ня значыла? Бо ж хоць царская адміністрацыя нашу краіну больш чым сто гадоў называла «Паўночна-заходнім краем», ніхто ні тады, ні сёньня сябе не называе «паўночназаходнекраёўцам». Вось і творчасьць Арбіта Блата вярнулася не куды-небудзь, а ў Вільню.

Вялікая Літва важная і для беларусаў – у гэтым ніхто не сумняваецца. Бо ж літоўцы нават злуюцца, калі яны Вітаўта Вялікага называюць геніяльным беларускім уладаром і наагул лічаць, што ВКЛ было беларускай, а не літоўскай дзяржавай. Апрача таго, прыгадаем, што гербам Беларусі было ня што іншае, як Пагоня. Гэты герб зьнішчыў Аляксандар Лукашэнка, вырашыўшы, што лепш сваю краіну арыентаваць не на глыбокую мінуўшчыну, а на недалёкую савецкую рэальнасьць. Праўда, сёньня геапалітычныя пазыцыі мяняюцца, і Беларусь паварочваецца да сваёй гісторыі, гісторыі ВКЛ. Дарэчы, на сёлетнім зьезьдзе арганізацыі “Santara-Šviesa” [сусьветны рух літоўскіх лібэральных інтэлектуалаў, да 90-х гадоў дзейнічаў на эміграцыі. – РС] прадстаўнік Беларусі нагадаў, што некалі ў Амэрыцы “Santara” мела лёзунг «тварам да Літвы», дык цяпер “Santara” ў Літве мусіць выступіць зь лёзунгам «тварам да Беларусі».

Тадэвуш напiсаў(ла) 02.12.2011 18:40

Цiкава характарызавалi лiцьвiнаў i яцьвягаў беларускiя народныя прыказкi:

"Яцьвягi згадваюцца ў наступных параўнаннях: "Лiцвiн, як лiн, яцвеж, як ёж, палавец - акунец", "Выгляда, як ядвiнга". У першым народным выразе ўказваецца на характар кожнага са згаданых народаў. Калi лiцьвiны былi слiзкiмi, г.зн. хiтрымi па свёй прыродзе, а яцвягi, наадварот, вельмi жорсткiмi, то полаўцы сумяшчалi ў сабе рысы адных i другiх, г.зн. былi як слiзкiмi, так i жорсткiмi адначасова, бо нагадвалi сабой, па народным уяўленнi, той гатунак рыбы, якой уласцiвы слiзкая луска i шыпы. Тое ж пра характар племенi гаворыць i наступнае: "Выгляда, як ялвiнга", г.зн. глядзiць з-за вугла як разбойнiк. Аўтар цiкавай публiкацыi пiша, што з iмем яцвяг "злучылi паняцце драпежнiк, рабаўнiк, разбойнiк" (гл. Лiтвiновiч А.Ф. Гуды i немцы ў народнай свядомасцi i фальклоры беларусаў// Актуальные проблемы германской истории, политики, экономики, культуры. Материалы международной научной конференции 14-16 октября 2004г. - Брест, 2004. - С.151-152).

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.