Аршанская бітва 1514 г. — канфлікт гістарыяграфій і ідэнтычнасцяў

Бітва 1514 г. у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі

Бітве 1514 г. пад Оршай, у якой колькасна меншае войска гетмана Канстанціна Астрожскага разбіла маскоўскую армію князя Васіля ІІІ, выпаў асаблівы лёс. Праз шмат стагоддзяў яна не проста стала беларускім lieux de memoire. Даўняя сеча апынулася ў цэнтры гістарыяграфічных баталій і ператварылася ў сімвал, які адным дае сілу і натхненне, другіх - раздражняе і раніць.

Для расійскай гістарыяграфіі гэтая бітва ад пачатку была нязручнай, некарыснай падзеяй. І не толькі з прычыны цяжкага паражэння маскоўскіх ваяводаў. Яшчэ больш прыкрым з’яўляўся факт разгрому іх праваслаўнай арміі такім жа праваслаўным князем Астрожскім на чале напалову праваслаўнага войска. Гэта зусім не ўпісвалася ў канцэпцыю аднаго славянарасійскага народу вялікарусаў, маларусаў і беларусаў. І ўсё ж у царскай Расіі бітва пад Оршай не выключалася з гісторыі. У сінтэзах патрыярхаў расійскай гістарыяграфіі Мікалая Карамзіна і Сяргея Салаўёва пра яе, хоць і мімаходзь, але гаварылася ў кантэксце вайны Васіля ІІІ супраць Літвы, у якой “рускія” б’юцца з “літоўцамі”. Пры ўсёй сцісласці апісання бітвы абодва расійскія класікі акцэнтавалі даволі істотны момант, ад якога пазней стала адмаўляцца расійская савецкая гістарыяграфія: паражэнне расіян было “страшнае”, і бітва мела кепскія для Масквы наступствы. У менш вядомых сінтэтычных аглядах і падручніках па гісторыі Расіі ў ХІХ ст. бітва пад Оршай таксама згадвалася, звычайна, праўда, адным радком і ў сувязі са здабычай Смаленска маскоўскай арміяй. На этнічную і канфесійную прыналежнасць ні воінаў Канстанціна Астрожскага, ні самога гетмана ўвага не звярталася, або наадварот - падкрэслівалася іх чужасць (літоўскасць).

Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі інтэрпрэтацыі гісторыі ў савецкай навуцы напрасткі залежалі ад ідэалогіі. Цэнтральнай ідэалагемай гісторыяпісання ў СССР пры Сталіне стала вучэнне пра “адзіную старажытнарускую народнасць”, якое ад пачатку 1950-х гадоў да канца існавання СССР вызначала марксісцка-ленінскае тлумачэнне айчыннай гісторыі. Ваенныя паходы маскоўскіх армій на суседнія княствы цяпер трактаваліся выключна ў кантэксце працэсу “воссоединения русских земель”, таму бітва пад Оршай калі і прыгадвалася, дык у якасці зусім маргінальнай падзеі, звязанай са здабываннем Смаленска ў 1514 г., якая не магла стрымаць “прагрэсіўнага” гістарычнага працэсу “ўз’яднання”.

Гэтаксама ў сучасных расійскіх падручніках па айчыннай гісторыі гэтая найбуйнейшая бітва застаецца маргінальнай падзеяй. Яна або не згадваецца ніводным словам нават тады, калі пра захоп Смаленска ў 1514 г. гаворыцца, або, калі аўтары не могуць яе не згадаць, маштаб і значэнне бітвы максімальна змяншаюцца. Пра “рускасць” самога гетмана і вялікай часткі яго ваяроў не гаворыцца, наадварот, паслядоўна падкрэсліваецца, што рускай арміі Васіля ІІІ заўжды супрацьстаялі “літоўцы” ці “польска-літоўская армія”. У цэлым, расійская гістарыяграфія пераняла і развіла імперскую мадэль тлумачэння гісторыі Усходняй Еўропы, адпаведна якой беларусы - той жа “рускі” народ, які, трапіўшы пад рэлігійна-нацыянальны прыгнёт літоўцаў і палякаў, са спадзяваннем глядзеў на Маскву і проста не мог ваяваць супраць расіян.

Гісторыкі царскай Расіі былі больш аб’ектыўнымі і не баяліся паказваць прыклады варажнечы паміж народамі і землямі былой Кіеўскай Русі. Дастаткова згадаць Мікалая Карамзіна, які адкрыта называў князя Канстанціна Астрожскага “братам расіян па царкве, але іх страшнага ворага ў полі”. У плане навуковасці сапраўдным выключэннем для сучаснай расійскай гістарыяграфіі можна лічыць працы Міхаіла Крома, які аб’ектыўна даследаваў войны паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ, аднак непасрэдна да аршанскай бітвы не звяртаўся.

Каментары чытачоў
Альгерд напiсаў(ла) 30.01.2012 17:04

Цiкавы артыкул па тэме змешчаны на сайце "Империя истории"  пад назвай "Страсти вокруг оршанского сражения" -

гл.http://historyclub.by/index.php?option=com_content&task=view&id=15&Itemid=34

Нямiра напiсаў(ла) 03.04.2014 16:12
http://inbelhist.org/?p=5947
гiстарычная канферэнцыя адбудзецца 7 верасня 2014 года

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.