Г. Сагановіч - Аршанская бітва 1514 г. — канфлікт гістарыяграфій і ідэнтычнасцяў

  1. Бітва 1514 г. у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі
  2. Бітва як значная падзея нацыянальнай гістарыяграфіі
  3. Інтэрпрэтацыя ў гістарыяграфіі незалежнай Беларусі
  4. Інтэрпрэтацыя бітвы як сутыкненне беларускай і (заходне)рускай ідэтычнасцяў
  5. Рэвізія падручнікаў і “новая” ідэалагічная інтэрпрэтацыя падзеі
  6. Бітва як адзін з сімвалаў сучаснага беларускага супраціву

Інтэрпрэтацыя ў гістарыяграфіі незалежнай Беларусі

У школьных падручніках па гісторыі ў Рэспубліцы Беларусь упершыню даўняя палітыка Масквы ў дачыненні да Беларусі была названа “адкрытай агрэсіяй”, а войнам пачатку ХVІ ст. прысвячаўся асобны параграф, красамоўна названы “Абаронай незалежнасці” (гл. дапаможнік П.Лойкі). Галоўнае месца ў ім атрымала бітва 1514 г., ацэненая як “вялікая перамога” воінаў, што “баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і”. Вучням прапаноўваўся і фрагмент песні ХVІ ст., якая ўслаўляла князя Астрожскага, так што разам “аршанскі” эпізод заняў каля дзвюх старонак падручніка! Паказальна, што і ў акадэмічнай гістарыяграфіі Беларусі пачатку 1990-х гадоў, што ўзяла на сябе і нацыянальна-асветніцкія задачы, выкладаліся тыя ж погляды на беларуска-расійскія адносіны ХVІ ст. У першай акадэмічнай сінтэзе, створанай у Беларусі пасля распаду СССР (1994), бітва пад Оршай трактавалася з тых жа пазіцый і з такім жа патрыятычным пафасам, як у цытаваным вышэй школьным падручніку.

Хоць спецыяльнага манаграфічнага даследавання Аршанскай бітвы ў Мінску не з’явілася, беларускія гісторыкі ў першыя гады незалежнасці выступілі з дзесяткам навукова-папулярных публікацый у выглядзе артыкулаў і брашур, у якіх вызначылася даволі звязная нацыянальная трактоўка падзеі.

Зразумела, у інтэрпрэтацыі беларускіх аўтараў акцэнтаваліся тыя моманты, якія дазвалялі максімальна звязаць бітву з беларускай гісторыяй, так бы мовіць, “прыватызаваць” яе. Перш за ўсё ў іх падкрэсліваліся: абарончы характар бітвы (1), значная або нават пераважальная прысутнасць беларусаў у арміі Астрожскага (2), ашаламляльнасць (грандыёзнасць) разгрому непрыяцеля (3), станоўчае ўспрыманне перамогі ў Беларусі і добрая памяць пра яе (4), урэшце - вялікае палітычнае і гістарычнае значэнне бітвы (5).

1. Абарончы, а значыць справядлівы характар бітвы заняў ключавую ролю ў беларускім гістарычным наратыве. Яна расцэньвалася як “вялікая перамога” беларускіх і літоўскіх воінаў, якія “баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і”. Пафас абароны айчыны аднолькава характарызаваў як публіцыстычныя, так і навуковыя публікацыі. Патрыятызм воінаў Астрожскага, якія выйшлі абараняць “сваю зямлю ад спусташэння маскоўскіх войскаў”, шэраг аўтараў называлі адным з фактараў іх перавагі ў няроўным міжбоі.

2. Адносна колькасці абедзьвюх армій беларускія гісторыкі прынялі дадзеныя хронік, прызнаваныя звычайна і ў расійскай гістарыяграфіі: маскоўскія сілы налічвалі каля 80 тыс., тады як войска Астрожскага - не больш за 30 - 35 тыс. Важна было падкрэсліць значную прысутнасць у ім беларусаў, аднак крыніцы сведчаць, што больш за палову апошняга маглі складаць палякі, а сілы ВКЛ прадстаўляла шляхецкае рушанне ўсіх земляў гэтай дзяржавы. Таму некаторыя даследчыкі апускалі пытанне этнічнага складу арміі Астрожскага, іншыя імкнуліся ўзмацніць беларускі элемент ускоснымі аргументамі: напрыклад, выказвалася гіпотэза, што колькасць польскіх аддзелаў магла не перавышаць 4 тыс. Патрэбны эфект давала таксама растаноўка адпаведных акцэнтаў пры апісанні бітвы, у якім галоўная роля адводзілася беларуска-літоўскай конніцы, тады як на польскую звярталася мала ўвагі, або адзначаліся даволі сімвалічныя рэчы: маўляў, прамова князя Астрожскага, звернутая да арміі перад бітвай, была “сказаная па-беларуску”. Толькі зрэдку адкрыта гаварылася пра “праваслаўных беларусаў”, якія складалі большасць пераможнага войска пад Оршай. Зразумела, праваслаўнае веравызнанне і гетмана, і часткі яго арміі стала істотным момантам беларускага наратыву, бо ён прынцыпова пярэчыў канцэпцыі “адзінай веры” як падставе “адзінага рускага народа”.

Урэшце, яшчэ адзін аргумент, які фіксаваў сувязь арміі Астрожскага з сучаснай Беларуссю, быў знойдзены на славутай карціне невядомага мастака “Бітва пад Оршай”: вымпелы на дзідах воінаў мелі такое ж спалучэнне колераў, як беларускі нацыянальны сцяг, і былі названы “прадвеснікамі нашага гістарычнага бела-чырвона-белага сцяга”.

3. Факт разгрому вялікай арміі захопнікаў значна меншай колькасцю абаронцаў быў, зразумела, выйгрышным для нацыянальнай гістарыяграфіі Беларусі. Таму беларускія гісторыкі падкрэслівалі грандыёзны характар разгрому непрыяцеля, часам прыводзячы з летапісаў яўна завышаныя дадзеныя пра колькасць забітых і палонных маскавітаў. Ускосна маштаб перамогі і слава Астрожскага мусілі адцяняцца тым, што пра яе “даведалася ўся Еўропа”, і што яна была ўключана ў хрэстаматыі па ваеннай гісторыі.

4. З пункту гледжання беларускіх гісторыкаў, пра станоўчае ўспрыманне перамогі над маскоўскай арміяй сведчылі народная песня аб бітве, пахвала князю Астрожскаму ў беларуска-літоўскім летапісе (праваслаўны летапісец дзякаваў гетману за тое, што “яго справаю... маскоўскага ворага пабілі...”), урэшце - памяць пра сечу, зафіксаваная ў карэспандэнцыі ХVІ ст., у якой у гераічным кантэксце нярэдка згадвалася “вялікая бітва Аршанская”. Гістарычная беларуская песня “Слава Воршы ўжо ня горша”, паходжанне якой у сапраўднасці невядомае, прыводзілася ў публікацыях пра бітву настолькі часта, што пра гэты твор даведалася найшырэйшая аўдыторыя, і ён стаў выконвацца ў бардаўскім і харавым выкананні.

5. Гаворачы пра значэнне бітвы, беларускія гісторыкі найчасцей бачылі яго ў блізкай перспектыве - у тым, што яна спыніла маштабны наступ маскоўскай арміі ўглыб краю і дапамагла вызваліць ад яе гарады Усходняй Беларусі (Мсціслаў, Крычаў і Дуброўну). Іншымі словамі, яна хоць ненадоўга, але ўберагла Беларусь ад спусташэнняў маскоўскай арміі. Радзей адзначалася і стратэгічнае значэнне падзеі: што яна паспрыяла развалу небяспечнага ваеннага саюзу Габсбургаў з Масквою, скіраванага супраць дынастыі Ягайлавічаў, дзякуючы чаму сарваліся планы антыягелонскай кааліцыі па перакройванню дзяржаўных межаў Усходняй Еўропы. Некаторыя аўтары лічылі магчымым надаваць бітве яшчэ большае значэнне, сцвярджаючы, што перамогай Астрожскага пад Оршай “быў абаронены суверэнітэт дзяржавы”, г.зн. Вялікага Княства Літоўскага.

Адкрытая гісторыкамі для шырокай грамадскасці бітва пад Оршай стала адной з самых папулярных тэм перыядычнага друку. Вызваліўшыся ад савецкай сістэмы, якая навязліва пераконвала, што Беларусь - усяго толькі частка Расіі, беларусы ўспрынялі пераможную бітву 1514 г. як сатысфакцыю, убачылі ў ёй найважнейшы эпізод узаемаадносін з Расіяй. У сталіцы суверэннай Беларусі ў 1992 - 1994 гадах як у незалежных, так і ў дзяржаўных перыядычных выданнях, бітва адназначна ацэньвалася як “славутая старонка беларускай вайсковай гісторыі”, называлася “слаўнай перамогай продкаў над войскамі маскоўскіх захопнікаў”, з ёй звязваўся лёс Беларусі - бо яна надоўга ўратавала край ад уключэння ў склад Расіі і асіміляцыі. Перамога пад Оршай ацэньвалася і ў культурным вымярэнні. Пісалася, напрыклад, што калі б Канстанцін Астрожскі тады не спыніў наступ Масквы, то і першадрукар Францішак Скарына “наўрад ці змог бы вярнуцца на Радзіму ды распаўсюджваць свае выданні на Беларусі”.

Наогул, у першай палове 1990-х гадоў пра Аршанскую бітву ў Беларусі пісалі непараўнальна больш, чым пра якую іншую падзею даўняй гісторыі краіны. Падлікі паказваюць, што з 1992 г. колькасць публікацый пра бітву ў перыядычным друку кожны год падвойвалася і ў 1994 г. перасягнула 40 артыкулаў і зацемак. На жаль, ужо праз год, пасля ўсталявання прэзідэнцкай улады Лукашэнкі, імклівы рост колькасці такіх публікацый быў рэзка абарваны.

Невыпадкова дзень Аршанскай бітвы быў абраны для мерапрыемства вялікага грамадска-палітычнага значэння. Калі ў 1992 г. парламент Беларусі прыняў закон аб стварэнні беларускага войска, то былое савецкае афіцэрства байкатавала прысягу на вернасць Беларусі, апраўдваючы сваю пазіцыю тым, што прысяга даецца адзін раз, а яны, маўляў, прысягнулі Савецкаму Саюзу. І тады менавіта 8 верасня тысячы патрыятычна настроеных афіцэраў запаса сабраліся ў цэнтры Мінска на Плошчы Незалежнасці і распісаліся на прысяжных лістах - на вернасць Беларусі. Гэтае мерыпрыемства і стала першым адзначэннем дня Аршанскай перамогі як “Дня беларускай вайсковай славы”.

Дата публікацыі: 25.09.2008


Каментары чытачоў

Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.






Увядзіце код