Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

Эпоха камянёў на Беларусі

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі, якое адбылося яшчэ ў палеаліце, супала з рэзкім пахаладаннем. На гарах Скандынавіі пачалі ўтварацца ледавікі таўшчынёй у многія сотні метраў, якія раз-пораз насоўваліся на Паўночную Еўропу, у тым ліку і на наш край. Вечная мерзлата скавала зямлю, якую пакрывала тундравая і халоднастэпавая расліннасць. Распаўсюдзіліся жывёлы прыледавіковай зоны, сярод якіх вылучаліся валасаты насарог і паўночны слон - мамант.

У некаторых месцах паўднёва-усходняй Беларусі знойдзены аднолькавыя каменныя (крамянёвага) вырабы архаічнага выгляду, якія датуюцца 100 - 35 тысячагоддзямі да нашых дзён. У гэты час Еўропу засялялі людзі даволі прымітыўнага тыпу - неандэртальцы. Аднак яны ўжо маглі вырабляць з крэмню прылады працы, валодалі членападзельнай мовай, пастаянна карысталіся агнём, будавалі сховы-жытлы. Менавіта неандэртальцы і рабілі спробы асвоіць непрыветныя абшары на ўзбярэжжах Дняпра, Сажа і Прыпяці.

Несумненныя сведчанні сталага засялення першабытным чалавекам паўднёвай Беларусі адносяцца да перыяду 27 - 24 тысячагоддзі назад, калі тут з'явіліся людзі сучаснага тыпу - краманьёнцы. Да гэтага часу адносяцца рэшткі доўгачасовых паселішчаў-стаянак, што захаваліся пад тоўшчамі земляных адкладаў у Юравічах Калінкавіцкага і каля Бердыжа Чачэрскага раёнаў.

Асноўным заняткам краманьёнцаў было загоннае паляванне, асабліва на мамантаў. З костак мамантаў, жэрдак і скур яны будавалі доўгачасовае жыллё з агнішчамі пасярэдзіне, запасы ежы захоўвалі ў ямах, выкапаных у вечнай мерзлаце, цела сваё прыкрывалі скураной вопраткай, што было неабходна ў суровым клімаце. Тагачасныя людзі выраблялі разнастайныя прылады працы і зброю - драўляныя дзіды, да якіх часам мацаваліся крамянёвыя наканечнікі, крамянёвыя скрабкі для апрацоўкі скур, разцы для работы па косці, нажы, праколкі. Некаторыя вырабы, асабліва іголкі, былі касцяныя. Пераважна з косці вырабляліся ўпрыгажэнні для цела і вопраткі. Жыхары познепалеалітычных стаянак выпрацавалі сістэму рэлігійных вераванняў, звязаных пераважна з паляўнічай магіяй, жаночай плоднасцю, уяўленнямі пра замагільнае жыццё. Існавала і мастацкая творчасць - з біўняў маманта выразалі фігуркі людзей і птушак, наразнымі ўзорамі арнаментавалі касцяныя вырабы, з зубоў і ракавінак майстравалі пацеркі. Мастацтва ў старажытнасці было непарыўна звязана з рэлігіяй.

Краманьёнцы, відавочна, былі арганізаваныя ў родавыя абшчыны, што аб'ядноўвалі у асноўным кроўных родзічаў. Важнае значэнне ў жыцці рода мела жанчына-маці, пра што сведчаць знаходкі жаночых статуэтак.

Каля 18 тысячагоддзяў назад ледавік дасягнуў раёнаў сённяшніх Гродна, Вілейкі, Оршы. На Беларусі ўсталяваліся настолькі неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, што край зноў цалкам абязлюдзеў. Аднак у хуткім часе пачалося імклівае пацяпленне і праз тры тысячагоддзі лёд пачаў адступаць ад нашага Паазер'я. Узгоркі і раўніны краю, зазелянелыя тундравай расліннасцю, запаланілі статкі паўночных аленяў. Склаліся спрыяльныя ўмовы і для чалавечага існавання.

Першымі прыйшлі родавыя абшчыны паляўнічых на паўночных аленяў, згрупаваныя ў плямёны. Рэшткі іх жыццядзейнасці - жытлы, прылады працы, а таксама пахаванні, - якія вызначаліся ўзаемападабенствам, існавалі на пэўнай тэрыторыі і ў акрэсленым прамежку часу, вучоныя аб'ядноўваюць у археалагічныя культуры. Лічыцца, што такія культуры маглі адпавядаць плямёнам з блізкай мовай або падобнымі дыялектамі.

Старажытнейшымі з гэтай трэцяй хвалі засялення тэрыторыі Беларусі былі плямёны лінгбійскай (названа па стаянцы ў мясцовасці Лінгбі ў Даніі) і грэнскай (па ўрочышчы Грэнск каля в.Ворнаўка на Кармяншчыне Гомельскай вобл.) культур. Першыя прыйшлі з тэрыторыі Польшчы 12 тысячагоддзяў назад і занялі значную частку заходняй Беларусі і паўднёва-заходняй Літвы. Другія прыкладна ў гэты ж час, а можа нават крыху раней, прасунуліся ка наша Падняпроўе з поўдня, з Украіны. Некалькі пазней, у канцы познепалеалітычнага часу, у заходняй і цэнтральнай Беларусі і на суседніх тэрьггорыях Польшчы, Украіны і Літвы запанавала насельніцтва свідэрскай культуры (па стаянцы ў мясцовасці Свідры Вельке пад Варшавай). Свідэрцы адьнралі вялікую ролю ў далейшым гістарычным развіцці земляў як Беларусі, так і паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі.

Вымушаныя часта перамяшчацца ўслед за міграцыямі паўночных аленяў людзі канца палеаліту закладалі на зручных прыбярэжных участках, часам непадалёку бродаў, кароткачасовыя сезонныя пасяленні-стаянкі, дзе будавалі лёгкія жытлы тыпу сібірскіх чумаў. Яны ўдасканальвалі крамянёвыя вырабы, сярод якіх асабліва шмат было разцоў. Шырока выкарыстоўваліся рогі і косткі, з якіх майстраваліся пераважна сякеры і гарпуны. Апошнія ў асноўным ужываліся як паляўнічая зброя.

Пры раскопках стаянак сустракаюцца чаранковыя ліставідныя наканечнікі стрэл. Гэта сведчыць пра з'яўленне і распаўсюджванне лука, які стаў эфектыўнай дальнабойнай зброяй пры паляванні. Лук быў першым механічным прыстасаваннем, вынайдзеным чалавекам. Дзякуючы яму магла весціся не толькі калектыўная загонная, але і індывідуальная здабыча дзічыны.

Каля 10 тысячагоддзяў назад ледавік растаў нават у Скандынавіі. З канцом ледавіковай эпохі завяршыўся старажытнакаменны век. Пачаўся сярэднекаменны век - мезаліт.

Клімат усё больш лагоднеў і к канцу мезаліту (6 тысячагоддзяў назад) стаў нават цяплейшым, чым зараз. Край пакрыўся лясамі, дзе было шмат дзічыны, тысячы азёр поўніліся рыбай, балоты сталі птушыным раем. Паўночныя алені, прызвычаеныя да холаду, адвандравалі на поўнач. За імі адышла частка мясцовага насельніцтва. Рэшта ж засталася, дастасоўваючыся да новых умоў, у лясной зоне. Пачалі паляваць на лясную і балотную жыўнасць, лавілі рыбу, для чаго выкарыстоўвалі не толькі вуды, гарпуны і розныя пасткі, але і сеткі. З дрэва выдзёўбвалі чоўны. У сярэднекаменны век, асабліва ў яго канцы, адбыўся росквіт збіральніцтва "дароў прыроды".

У сярэдзіне мезаліту на землі Беларусі з поўдня і паўднёвага захаду пачало перасяляцца новае насельніцтва, якое карысталася прыладамі працы, састаўленымі з дробных рэтушаваных крамнёў, так званых мікралітаў. Ужывалі і буйныя крамнёвыя вырабы, найбольш сякеры.

З позняга палеаліту паходзяць толькі два паселішчы, пакуль што выяўленыя археолагамі на паўднёва-ўсходнім ускрайку Беларусі. У канцы палеаліту і ў мезаліце край наш нарэшце быў заселены цалкам, праўда, пакуль што па берагах буйнейшых вадаёмаў. На Дняпры, Прыпяці, Нёмане і іх значных прытоках знойдзены дзесяткі стаянак гэтага часу.

Рухомае, часта неўладкаванае жыццё як позняга палеаліту, так і мезаліту адлюстравалася ў характары першабытнага мастацтва. Касцяныя вырабы гравіруюцца дынамічнымі, наструненымі выявамі мужчын-паляўнічых і звяроў, пакрываюцца ломанымі, трывожнымі лініямі арнаментаў. К канцу мезаліту, з развіццём большай аседласці, мастацкі стыль набывае больш размераны і спакойны характар.

У 4-м тысячагоддзі да н.э. у развіцці першабытнага грамадства Беларусі пачынаецца заключны этап каменнага веку - неаліт. У гэты час, пераважна з нашчадкаў позне-мезалітычнага насельніцтва, пачынаюць фарміравацца супольнасці новакаменнага веку са сваёй адметнай матэрыяльнай і духоўнай культурай. Жыхары Беларусі навучыліся ляпіць гліняны посуд, які прызначаўся для гатавання ежы і захоўвання яе запасаў. У канцы эпохі ўжо выраблялі шліфаваныя каменныя прылады працы. Але галоўнае - у краі пачалі распаўсюджвацца прынцыпова новыя формы гаспадарання - земляробства і жывёлагадоўля. Яны значна папаўнялі запасы харчавання чалавека, рабілі яго больш незалежным ад прыроды. Усё гэта вяло да павелічэння колькасці жыхароў, а часам і да перанаселенасці і міграцый у пошуках урадлівейшых глеб. Змянялася матэрыяльная і духоўная культура, ускладняліся ўзаемаадносіны паміж чалавечымі калектывамі і асобнымі людзьмі.

Праўда, у адрозненне ад Паўднёвай і Заходняй Еўропы на Беларусі земляробства і жывёлагадоўля засвойваліся і распаўсюджваліся запаволена. У азёрна-лясной Беларусі і без іх працяглы час хапала спажывы з палявання, рыбалоўства і збіральніцтва.

Позненеалітычныя жыхары Беларусі гадавалі кароў, свіней, авечак і коз, коней. Сторажам пры статку і на паселішчы быў свойскі сабака. Першыя палеткі былі невялікія. Яны закладаліся на выгарынах сярод зараснікаў і апрацоўваліся палкамі або матыкамі. Вырошчвауся пераважна ячмень.

З далейшым развіццём земляробства, асабліва на захадзе краю, запатрабавалася вялікая колькасць сякер для высечкі лясоў. Яны ж вырабляліся з высакаякаснага крэменю, які залягаў у зямной тоўшчы ў адкладах вапняку або крэйды. Такі крэмень пачалі здабываць шахтавым спосабам.

Крэмнездабываючыя шахты на Беларусі вядомыя каля пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага р-на на ўзбярэжжах р.Рось. Большасць мясцовых гарняцкіх выпрацовак (а іх археолагамі выяўлены многія сотні) уяўляюць сабой вертыкальныя калодзежы глыбінёй у сярэднім да 2 - 3 м. Прабіўшыся праз крэйдавую тоўшчу і натрапіўшы на залежы крамянёвых камянёў-канкрэцый, старажытныя шахцёры пачыналі распрацоўваць іх пячорападобнымі падбоямі. Блізка размешчаныя выпрацоўкі нярэдка злучаліся праходамі-штрэкамі. Капанне шахтаў і здабыча крамянёвай сыравіны адбываліся з дапамогай розных прыстасаванняў - рагавых інструментаў, драўляных і касцяных лапат, кошыкаў і мяхоў, лесвіц.

Здабытая сыравіна апрацоўвалася ў размешчаных побач майстэрнях. З яе выраблялася мноства дасканалых сякер, якія шляхам абмену распаўсюджваліся на ўсім паўночным захадзе Беларусі.

Краснасельскія шахцёры валодалі зачаткамі геалогіі, выкарыстоўвалі эканомныя і бяспечныя прыёмы праходкі пароды. Яны валодалі высокім майстэрствам расколу, аббіўкі і даводкі (рзтушавання) крамянёвых вырабаў. Краснасельскія шахты - унікальнейшы помнік нашай першабытнасці, адзіныя на усім усходзе Еўропы.

Плямёны, што ў раннім неаліце засялялі тэрыторыю Беларусі, карысталіся вастрадонным посудам, аздобленым штампаваным арнаментам. Выяўляецца блізкасць і ў крамянёвым інвентары. Гэта сведчыць, што яны былі між сабою роднасныя. Матэрыяльныя сляды іх жыцця археолагі аб'ядноўваюць у шэраг культур. Захад Беларусі засялялі плямёны нёманскай культуры, усходняе Палессе - дняпроўска-данецкай, Магілёўшчыну і поўнач Гомельшчыны - верхнедняпроўскай культур. У Паазер'і панавалі носьбіты нарвенскай культуры (названа па стаянцы каля г.Нарва ў Эстоніі). Гэтыя археалагічныя культуры распаўсюджваліся і на суседнія тэрыторыі - паўночную і цэнтральную Украіну, паўночна-ўсходнюю Польшчу, паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку, некаторыя вобласці захаду еўрапейскай Расіі.

У 3-м тысячагоддзі да н.э. у размераным гістарычным працэсе на тэрыторыі Беларусі наступілі радыкальныя змены. На ўзбярэжжы азёр і рэк нашай поўначы з-пад далёкай Фінскай затокі прасочваюцца групы насельніцтва з кругладонным тоўстасценным посудам, якіх лічаць далёкімі продкамі сённяшніх эстонцаў. Праўда, находнікі былі нешматлікія і праз некалькі стагоддзяў былі асіміляваныя тубыльцамі, надаўшы, аднак, мясцовай культуры своеасаблівасць.

Прыкладна ў гэты ж час на захад Беларусі з тэрыторыі Польшчы пранікае насельніцтва цэнтральна-еўрапейскіх культур, якое валодала даволі развітымі формам земляробства і жывёлагадоўлі. З іх з'яўленнем распачынаецца і мясцовая горназдабываючая справа. Уплыў прышлага люду быў адчувальны і спрычыніўся да далейшага развіцця позненеалітычнага насельніцтва берагоў Нёмана і Верхняй Прыпяці.

На Падняпроўі адчуваліся ўплывы з Волга-Окскага міжрэчча. Аднак тут, як і на Ніжняй Прыпяці, мясцовае насельніцтва стойка трымалася спрадвечных традыцый.

У новакаменным веку паселішчы-стаянкі сталі большымі па памерах і шматлюднейшымі. Пра апошняе сведчаць тоўстыя напластаванні гумуснай зямлі з чарапкамі посуду, каменнымі вырабамі, вуголлем ад вогнішчаў, з рэшткамі наземных драўляных жытлаў. На сухіх поплаўных грудах або на ўчастках надрэчных тэрас пры рыбных старыцах і затоках, у прывусцях прытокаў стаянкі нярэдка ўтваралі скапленні. Любімымі мясцінамі пасялення жыхароў поўначы былі нізкія азёрныя берагі непадалёку пратокаў. З часам з увільгатненнем клімату такія стаянкі затапіліся, а затым пакрыліся тарфянымі адкладамі. Пад торфам у бескіслародным асяроддзі захаваліся не толькі рэчы з каменя і абпаленай гліны, але і вырабы з рога.костак і дрэва. Такія тарфянікавыя стаянкі з'яўляюцца невычэрпнымі скарбонкамі інфармацыі для археолага.

У неалітычны час ужо праяўляецца нераўнамернасць у развіцці асобных рэгіёнаў. На поўдні раней з'явілася вытворная гаспадарка (земляробства, жывёлагадоўля), прышліфаваныя, а затым і цалкам загладжаныя сякеры, жніўныя нажы, трохкутныя наканечнікі стрэл. На поўначы на працягу ўсёй эпохі дамініравалі традыцыйныя для лясной зоны формы прысвойваючай гаспадаркі. Тут жа з-за адсутнасці мясцовых радовішчаў крэменю асабліва шырока апрацоўвалі косць і рог, з якіх выраблялі наканечнікі стрэл, кінжалы, гарпуны, рыбацкія кручкі, шылы, рубячыя прылады, а таксама ўпрыгажэнні - падвескі з зубоў жывёл, розныя арнаментаваныя пласцінкі.

Па разрозненых і нешматлікіх знаходках, што трапілі ў рукі археолагаў, можна ўзнавіць некаторыя асаблівасці светапогляду тагачасных людзей, іх вераванняў, мастацкіх схільнасцяў, а таксама рысы сацыяльнай арганізацыі.

Рэлігійныя вераванні, як і светапогляд цалкам, па-ранейшаму вызначаліся залежнасцю чалавека ад ляснога і воднага асяроддзя, якое было крыніцай існавання. Адсюль браліся вытокі культаў звяроў і птушак. Пра гэта сведчаць знаходкі касцяных статуэтак ласёў, змей, чарапах. Асабліва былі распаўсюджаны пластычныя і гравіраваныя выявы качак. Культ качкі, а таксама бусла сярод беларусаў захоўваўся да навейшага часу. Роды і цэлыя плямёны вялі сваё паходжанне ад гэтых і іншых стварэнняў, лічылі іх сваімі татэмамі.

Існаваў і культ продкаў. Найбольш слаўныя з іх з часам трансфармаваліся ў духаў-ахоўнікаў, а затым і божаствы. Іх скульптурныя выявы выразаліся з дрэва і косці. Знамянальна, што ўсе яны мужчыны. I гэта зразумела - менавіта ад мужчыны-паляўнічага залежаў дабрабыт роду і нават яго існаванне.

Вера ў жыццё "на тым свеце" знаходзіла сваё адлюстраванне ў пахаваннях. Праўда, большасць неалітычных плямён Беларусі практыкавала пахавальныя абрады, якія не пакідалі слядоў магіл. Позненеалітычнае ж прышлае насельніцтва з-пад Віслы, як сведчаць адкрыцці на Гродзеншчыне і ў Польшчы, памерлых хавалі у ямах, нярэдка абстаўленых каменнымі плітамі. У такія "дамоўкі" нябожчыкам складалі і ахвяры - упрыгажэнні, посуд, забітых жывёл, а часам і людзей.

Знаходкі на стаянках і ў пахаваннях арнаментаваных вырабаў, падвесак з зубоў жывёл і людзей сведчаць, што шэрагу прадметаў надаваўся магічны сэнс.

Сістэмы вераванняў, напэўна, ужо былі распрацаванымі і даволі складанымі. Яны маглі ўвасабляцца у паданнях і міфах. Мабыць, яшчэ з каменнага веку паходзяць міфы аб сусветным патопе або аб сувязі качкі і качынага яйка з пачаткам сусвету. На абломку неалітычнага гаршка з Юравіч Калінкавіцкага р-на выгравіраваны выявы качкі і героя як раўнапраўных дзеючых суб'ектаў аднаго з такіх міфаў.

Многія прадметы - сведчанні рэлігійных вераванняў - вылучаюцца высокімі мастацкімі вартасцямі. Асабліва гэта датычыць статуэтак. Некаторыя з іх настолькі дасканалыя, што могуць лічыцца скульптурнымі партрэтамі нашых далёкіх продкаў. Уражваюць гармонія і арнаменты на гліняным посудзе.

Пра сацыяльнае ўладкаванне неалітычных жыхароў Беларусі мы ведаем вельмі мала. Тыя ж статуэткі могуць сведчыць, якое важнае значэнне ў родзе і племені займаў мужчына - здабытчык мяса. Гэта, як паказваюць зтнаграфічныя назіранні, было характэрна для многіх паляўнічых супольнасцяў. Кожная асобная стаянка магла належаць канкрэтнаму калектыву - роду. Скапленні стаянак з падобнай матэрыяльнай культурай, верагодна, вызначалі тэрыторыю распаўсюджвання племя. Згодна з этнаграфічнымі назіраннямі роды познекаменнага веку не толькі вялі супольную гаспадарку, але і супольна спажывалі яе плён, клапаціліся пра старых, нямоглых і дзяцей.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.