Святло і цені Бара. Барская канфедэрацыя на Беларусі: перадумовы і ход.

Discordia civitum plerumque
magnas civitates pessumdedit.
(Вялiкiя дзяржавы заўсёды губiла нязгода.)

Прадмова

Бадай, нямнога ёсць у гiсторыi Рэчы Паспалiтай XVIIІ ст. падзеяў, якiя выклiкалi i выклiкаюць столькi розных ацэнак у даследчыкаў, як Барская канфедэрацыя. I гэтыя ацэнкi вагаюцца ад цалкам негатыўных, у якіх Барскi чын квалiфiкуецца як "апошняя непасрэдная прычына першага падзелу Рэчы Паспалiтай " (8;187), да апалагiзацыi i гераiзацыi "барацьбiтоў з чужаземным гнётам". Так, напрыклад, Жан Жак Русо лiчыў, што "Барская канфедэрацыя, канаючы, выратавала айчыну".

Памiж гэтымi дзвюма супрацьлеглымi меркаваннямi iснуе цэлы спектр ацэнак Барскага чыну. Найбольш узважанай, хаця i далёка не бясспрэчнай з'яўляецца характарыстыка, дадзеная Ул.Канапчыньскiм, якi лiчыў, што "Бар не быў найлепшай школай для народнай палiтыкi… Не быў таксама добрай школай паўстання, калi вёў сваiх жаўнераў ад паразы да паразы, а сваiх палiтыкаў ад памылкi да памылкi, а закончыўся суцэльнай духоўнай дэпрэсiяй. У той жа час, што тычыцца развiцця нашага пачуцця i народнага самаўсведамлення, то выхаваўчы ўплыў Бара быў у вялікай ступенi дадатным" (10; XLI).

Што ж такое Барская канфедэрацыя i якi яе ўплыў на лёс РП у цэлым i Вялiкага Княства Лiтоўскага ў прыватнасцi? Якi водгук яна мела на беларускiх землях? Каб адказаць на гэтыя пытаннi, мы мусiм звярнуцца да падзеяў, што папярэднiчалi Барскай канфедэрацыi.

XVIII ст. - апошняе стагоддзе iснавання РП, перыяд агонii дзяржавы, даведзенай да стану анархii. Прычынаў заняпаду федэратыўнай дзяржавы было шмат. Сярод iх - паралiч заканадаўчай сiстэмы, выклiканы сумнавядомым правам liberum veto, калi адзiн чалавек мог сарваць працу ўсяго сойма i не дапусцiць прыняцця нiякiх законаў, што рабiла работу вышэйшага заканадаўчага органа крайне неэфектыўнай. Ненамнога эфектыўнейшай была i выканаўчая ўлада, на чале якой стаяў кароль. Слабасць манарха абумоўлiвалася не ў малой ступенi яго выбарнасцю. Пры кожнай новай элекцыi ён мусiў падпiсваць угоду са шляхтаю, што дамагалася ўсё большага павелiчэння сваiх i так фактычна неабмежаваных правоў за кошт суверэна. У гэтых умовах фактычная ўлада ў дзяржаве перайшла ў рукi магнатаў. Крынiцаю iх магутнасцi з'яўлялiся велiзарныя багаццi, неабсяжныя латыфундыi, уласныя войскi, сваяцкiя сувязi, умацаваныя замкi, шляхецкая клiентура, аб'яднаная вакол той цi iншай магнацкай фамiлii. Магнацкiя роды вялi бесперапынную барацьбу памiж сабою за дасягненне выключнага ўплыву ў краiне. Барацьба гэтая вялася пад рознымi палiтычнымi лозунгамi, але, як правiла, у аснове яе заўсёды ляжалi прыватныя, вузкакарыслiвыя iнтарэсы фамiлii. Не абмежаваныя, па-сутнасцi, у сваёй уладзе, магнаты былi ў цэлым незацiкаўленыя ў рэформах, накiраваных на аздараўленне дзяржаўнага ладу, што магло б значна зменшыць iх уплывы ў краi на карысць цэнтральнага ўрада.

Слабасць РП, "палiтычная паталогiя" (8;131) яе развiцця не маглi не выклiкаць адпаведнай рэакцыi суседнiх дзяржаў, не зацiкаўленых ва ўзмацненнi свайго патэнцыяльнага працiўнiка. У першай палове XVIII ст. памiж Аўстрыяй, Расiяй i Прусiяй неаднаразова заключалiся дамовы пра захаванне ў нязменным выглядзе ўнутрыпалiтычнага ладу РП. Дзiўным можа падацца такое яўнае ўмяшальнiцтва iншаземных краiнаў ва ўнутраную палiтыку суверэннай федэратыўнай дзяржавы. Але дзiўным - толькi на першы погляд. Замежныя двары здаўна пачувалiся тут упэўнена. У РП прысутнасць палiтыкi iншаземных дзяржаў мела даўнюю традыцыю. Галоўным апiрышчам для гэтага была элекцыйнасць манархаў, якая запанавала фактычна па згасаннi дынастыi Ягайлавiчаў, калi замежныя прэтэндэнты на карону стваралi сабе шляхам перакупстваў, абяцанняў i ўзнагародаў староннiцтвы сярод магнатэрыi i шляхты ды праз iх праводзiлi сваю палiтыку. Гэтая заганная практыка прывяла да таго, што ў васемнаццатым стагоддзi быць на ўтрыманнi iншаземных дзяржаў для шляхты стала не толькi не ганебным, але i ганаровым. Так, з незлiчонай колькасцi сведчанняў сучаснiкаў прывядзем толькi адно, датаванае 1756 г.: "Князь канцлер вялiкi лiтоўскi i ягоныя прыхiльнiкi, хочучы надаць сваёй партыi большага бляску, гавораць, што ўсе iх дзеяннi адбываюцца за кошт Расii i Англii i што абедзве дзяржавы гатовыя падтрымаць iх i даць iм яўную пратэкцыю…" (24; 62). Вось ужо сапраўды, "са свечкай трэба было б шукаць [у РП - Г.П.] …у XVIII ст. людзей з чыстымi рукамi. Не знойдзецца iх нi па адным, нi па другiм баку барыкады, анi ўверсе, анi ўнiзе. Апроч выключэнняў…" (24; 12). Мiж тым, як чужаземныя ўплывы праводзiлiся рукамi самой шляхты, гэтая згубная традыцыя стала адной з асноўных прычынаў унутранай слабасцi РП, падзеленай на варожыя групоўкi, што падтрымлiвалi той цi iншы замежны двор.

Калi ў XVI-XVII стст. барацьба вялася ў асноўным памiж прафранцузскiм i прааўстрыйскiм староннiцтвамi, то з канца XVII ст., у сувязi з iмклiвым ростам магутнасцi пятроўскай Расii, на ўнутраную палiтыку РП пачынае усё больш уплываць царскi двор. Гэта праявiлася ўжо пры элекцыi наступцы кароны пасля Яна III Сабескага, калi гвалтоўны захоп трону Аўгустам II (1697 г.) не ў малой ступенi быў забяспечаны пазiцыяй Масквы, якая прыгразiла вайной РП у выпадку неабрання саксонскага прэтэндэнта. Паўночная вайна, у якую ўцягнуў РП Аўгуст II, стала катастрофай для беларускiх земляў, дзе загiнуў кожны трэцi жыхар. Катастрафiчнымi былi таксама вынiкi гэтай вайны i для далейшага лёсу федэратыўнай дзяржавы. Менавiта ў гэты перыяд на тэрыторыi РП пачынаюць узнiкаць першыя сур'ёзныя прарасiйскiя партыi. Найбольш яркiм прыкладам такiх аб'яднанняў служыць г. зв. канфедэрацыя "Рэчы Паспалiтай Лiтоўскай", створаная ў 1702 г., якая фактычна аддавала ВКЛ пад пратэктарат цара, атрымлiваючы ад яго вайсковую дапамогу i велiзарную бязвыплатную рублёвую пазыку. Тады ж нарадзiўся прэцэдэнт запрашэння расiйскiх войскаў ў межы РП дзеля вырашэння ўнутрыпалiтычных праблемаў. Колькi было потым такiх запрашэнняў…

Самым, бадай, катастрафiчным з iх стаў г. зв. "нямы сойм" 1717 г., якi меў на мэце замiрыць тарнагродскую канфедэрацыю, да якой далучылася большасць шляхты РП, у тым лiку i ўсё войска ВКЛ на чале з вялiкiм гетманам лiтоўскiм Л.Пацеем, з каралём, якi намагаўся ажыццявiць свае, урэшце, выратавальныя для дзяржавы, абсалютысцкiя планы. У якасці пасярэднiка ў справе пагаднення канфедэраты запрасiлi Пятра I з войскам. Менавiта адгэтуль прэцэдэнт збройнай медыяцыi Расii ў справах РП перарос у традыцыю (14; 214-217). Тым больш, што на гэтым самым сойме было вырашана скарацiць войска федэратыўнай дзяржавы да колькасцi 24000 чалавек (18000 каронных i 6000 вялiкакняскiх). РП фактычна раззбройвалася перад ростам ваеннай моцы суседнiх дзяржаваў - Расii, Прусii, Аўстрыi…

Прэцэдэнт збройнае медыяцыi Расii ў справах РП адыграў сваю ролю даволi хутка. Нягледзячы на тое, што 12.IХ.1733 г. на элекцыйным полi шляхта пераважнай большасцю галасоў абрала каралём Станiслава Ляшчынскага, расiйскiя войскi, разам з аўстрыйскiмi i саксонскiмi палкамi, на штыках прынеслi карону наступнаму прадстаўнiку саксонскай дынастыi - Аўгусту III. I афiцыйнай падставай для такога акта мiжнароднага гвалту стала выкананне рашэнняў "нямога сойма", рашэннi якога былi прынятыя пры ўдзеле Пецярбурга. Далей справа была ўжо лацвейшаю: наступны (i апошнi) кароль Станiслаў Аўгуст Панятоўскi быў пасаджаны на пасад царскiмi войскамi ўжо без усялякай спасылкi на нейкiя мiжнародныя нормы…

Увогуле, Паўночная вайна надзiва багатая на прэцэдэнты. Ужо само вядзенне баявых дзеянняў на тэрыторыi суседняй слабой, раздзёртай унутранымi супярэчнасцямi дзяржавы прывучыла "саюзны" Пецярбург да думкi пра заканамернасць знаходжання расiйскiх войскаў на тэрыторыi iншай краiны, што яскрава засведчылi турэцкая i Сямiгадовая войны, калi чужаземныя войскi свабодна праходзiлi па тэрыторыi РП, ператварыўшы яе ў сапраўдную "заезную карчму".

I рабiлася ўсё гэта не толькi i не столькi па злой волi Пецярбурга (бо палiтыка не любiць слабых i скарыстаць чыю-небудзь слабасць заўсёды спяшаюцца мацнейшыя), а перш за ўсё - па вiне магнатэрыi РП, якая iмкнулася выкарыстаць дапамогу моцнай Расii, у тым лiку i вайсковую, у барацьбе са сваiмi праціўнiкамi ва ўласнай краiне. У такiх умовах уплыў Расii на ўнутрыпалiтычнае жыццё федэратыўнай дзяржавы стаў вырашальным. Царскi пасол у Варшаве па сваёй волi мiлаваў i караў падданых чужой дзяржавы, накладаў секвестры на iх маёмасць, збройна падаўляў супрацiў нямногiх непакорных (7; 319-321; 334). Можна нават сцвярджаць, што ён адыгрываў ва ўнутрыпалiтычным жыццi краiны нашмат большую ролю за караля, якi мусiў выконваць усе загады з Пецярбурга.

Такiм чынам, РП усё больш i больш трапляла пад уплыў усходняга суседа. У такiх умовах i распачалося панаванне апошняга ў гiсторыi РП караля.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.