Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Другі пэрыод XIII - XVI ст.)

Полацкая Русь за ўвесь час свайго папярэдняга існавання вяла амаль што не бесьперарыўную барацьбу з Русью Кіеўскай. Барацьба была ўпартая і крывавая. На яе трацілася шмат сілы і коштаў, гінулі людзі, жывёлы і маемасьць. Руйнавалася ў змаганьні ўсё тое, што было здабыткам цяжкай працы. У дамовым жыцьці тэрыторыі паступова вынікла і разгарэлася змаганьне дзьвюх соцыяльных кляс грамадзянства: на адным баку стаяла невялікая, але моцная група людзей лепшых, экономічнай і політычнай арыстократыі; проціў іх на другім баку выступала вялікая, але неорганізованая маса подлых, нізшых людзей працоўнай беднаты. Гэтае змаганьне таксама руйнуе экономічнае і політычнае палажэньне краю.

Да ўсяго гэтага трэба яшчэ дадаць, што пашла барацьба гарадоў паміж сабою, гарадоў з прыгарадамі; барацьба валасьцей і князёў паміж сабою і валасных князёў з вечамі. Стала цяжка жыць у Полаччыне, пачынаецца эміграцыя з краю. Людзі розных станаў грамадзянства, шукаючы лепшых умоў жыцьця ці проста жадаючы выратаваць сваю галаву і маемасьць, уцякаюць з краю як з некага гіблага месца. Эміграцыя пачала яшчэ больш пустошыць і нішчыць край. Эміграцыя йдзе ўва ўсе бакі і найчасьцей кіруецца на захад, у Літву. Бягуць у Літву прадстаўнікі розных груп грамадзянства. Ад сыстэматычнага ўціску мясцовага капіталу бяжыць у заходнія лясы і балоты прыгнечаная бедната. Асабліва многа ўцякае рабоў, каторыя ў уцёках знаходзяць магчымасьць атрымаць волю. Капітал, баючыся выбухаў народнай помсты, таксама йдзе пэўным крокам у непачатыя куты Літвы. Туды-ж бяжыць часам і князь з дружынаю, выгнаны з Полаччыны ці вечам, ці князем родзічам, ці князем, прышлым з Кіеўшчыны. Абжыўшыся ў Літве і набраўшы ў сваю дружыну новыя сілы з літвінаў, вяртаецца гэты пакрыўджаны" князь зноў у Полаччыну, каб зрабіць помсту і ўзяць назад тое, што ў яго адабралі. Сувязь полацкіх князёў з Літвою ў канцы XII і пачатку XIII сталецьця часта выяўляецца ўжо ў тым, што адтуль прывозяць яны з сабою і літвінскія іменьні, каторыя носяць поруч з ранейшымі хрысьціянска-полацкімі, a то і бяз іх.

Эміграцыя ў Літву, шкадлівая для інтарэсаў Полаччыны, пашла на карысць Літве. Там пачынаецца нейкі рух - як культурны, так і політычны. Літва пачынае злучацца і пачынае будаваць уласнае гаспадарства. Злучыўшы культурна і політычна асобныя пляменьні ў адзін дзяржаўны організм, яна будзе рабіць політычную справу і ў Полаччыне.

Разьвінуўшы асьвету, культуру і экономіку, Полацкая тэрыторыя ня здолела захаваць свайго асобнага дзяржаўнага жыцьця. Літва ўзяла ў Полаччыны яе асьвету, культуру і экономічны разьвітак і прышла на тэрыторыю будучай Беларусі, каб даць ёй новы політычны зьвязак і сувязь з сабою. Ідзе векавая супольная праца; на месцы зруйнованай політычна Полаччыны і на тэрыторыі Літвы будуецца вялікае і моцнае гаспадарства з літоўскаю ўладаю і полацкаю культурна-экономічнаю асноваю. Жыцьцё гэтага гаспадарства складае другі, Літоўска-Беларускі пэрыод гісторыі Беларусі.

Гэты пэрыод называюць яшчэ эпохаю Літоўска-Рускага гаспадарства. Мы лічым патрэбным назваць яго Літоўска-Беларускім пэрыодам. Справа ў тым, што якраз у працягу гэтага пэрыоду вынікла і разьвінулася тая дыфэрэнцыяцыя ўсходня-славянскага, рускага племя, якую мы бачым дагэтуль у асобе трох прадстаўнікоў рускага племя - вялікаруса, украінца і беларуса. Літва злучыла заходнія элементы рускага племя. Тут ішло сваё асобнае культурна-экономічнае і соцыяльна-політычнае будаўніцтва, над каторым у цэнтры новай дзяржавы працавалі беларусы з літвінамі, а на паўднёвай акраіне - украінцы. На ўсходзе ў гэты самы час збудавалася Маскоўскае гаспадарства, каторае злучыла ўсходнюю палавіну рускага племя. Тут таксама йшла асобная культурна-экономічная і соцыяльна-політычная праца вялікаруса.

Апроч гэтага, трэба прыняць пад увагу, што слова "рускі" ў тыя часы ўжывалася якраз для адзнакі заходняй часткі рускага племя, якая концэнтравалася з Літвою, а ўсходнія рускія звалі сябе масквічамі. Такім спосабам, калі ператлумачыць на наша сучаснае разуменьне слова "рускі", то яно і будзе роўназначна слову "беларускі", бо беларусы ў тыя часы якраз былі культурным цэнтрам на захадзе, у Літоўска-Рускім гаспадарстве.

Каментары чытачоў
Я.бук напiсаў(ла) 03.11.2009 09:48
добра мне спадабалася

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.