Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Другі пэрыод XIII - XVI ст.)

Політычны ўклад гаспадарства і царква

У той час, як у Маскоўскім гаспадарстве разьвівалася незнаёмае дагэтуль у рускіх тэрыторыях самаўладзства, Літоўска-Беларускае гаспадарства разьвівала далей політычную традыцыю Полацкай Русі, на аснове якой улада князя была абмяжована вечам. Гаспадар Літвы і Беларусі фактычна быў абмяжован, з аднаго боку, панамі, з другога боку, у адносінах да асобных тэрыторый,- мясцовымі прывілеямі. Вялікі князь, літоўска-беларускі гаспадар, абіраецца шляхэцкім станам Літвы і Беларусі. Ня гледзячы на вуніі, Польшча ня мае ўплыву на гэтыя выбары. Так былі абраны вялікія князі Вітаўт, Сьвідрыгайла; пасьля забойства Зыгманда Кэйстутавіча, пастаўленага Польшчаю, быў абраны Казімер, потым Аляксандар, Зыгмунд I i Зыгмунд II Аўгуст. Найгалоўнейшым абавязкам літоўска-беларускага гаспадара была абарона цэласьці тэрыторыі гаспадарства.

Ён стаіць на чале збройных сіл краю, ад яго імя выдаюцца законадаўчыя акты і ўтвараецца суд. Ен вядзе дыплёматычныя зносіны з суседзьмі, абвяшчае вайну і згоду; ён назначае на ўрады, раздае і кіруе дзяржаўнымі маёнткамі. Гарады знаходзяцца пад яго асабістаю апекаю і па яго прывілею атрымоўваюць Майдэборскае права.

Пры гаспадары знаходзіцца гаспадарская рада паноў. Рада вядзе свой пачатак з старажытных часоў, калі яна існавала пры ўсякім удзельным князі. Рада мае права дарадчае. Раней сябры гаспадарскай рады назначаліся гаспадаром па яго ўласным выбары. З цягам часу звычай устанавіў склад рады. У пачатку XVI сталецьця рада складаецца з каталіцкіх біскупаў, вышэйшых, цэнтральных ураднікаў, ваявод і стараст. Раней у склад рады ўводзіліся выключна каталікі, але спачатку XVI сталецьця мы сярод паноў рады знаходзім ужо і праваслаўных. Паступова значэньне і моц рады раслі, і яна, замест дарадчай установы пры вялікім князі, зрабілася дзяржаўнаю ўстановаю, якая ўжо юрыдычна абмяжоўвала ўладу гаспадара. На аснове прывілеяў, выдадзёных гаспадарамі ў 1492 і 1506 годзе, рада мае такія правы. Дыплёматычныя зносіны вядуцца гаспадаром толькі пасьля абгавору ў радзе. Бяз рады гаспадар ня мае права выдаваць законы і пастановы агульнага характару; ня мае права раздаваць і аднімаць урады, расходваць самастойна дзяржаўныя даходы і г. д. Хутка са складу рады выдзелілася невялікая частка самых заможных і радавітых паноў, каторая зрабілася заўжды прысутнаю пры гаспадары ўстановаю, у той час, як уся рада зьбіралася толькі некалькі раз у год і разьбірала толькі выдатнейшыя справы.

Ужо з самага пачатку XV сталецьця (1401 г.) побач з радаю зьяўляецца другая ўстанова - Вальны Сойм. Ен зьбіраецца толькі ў важнейшых выпадках, як, напрыклад, выбары гаспадара і абгаворваньне вуніі з Полынчаю. У пачатку сойм складаецца з усіх паноў (у тым ліку паноў рады) і шляхціцаў пагалоўна. Труднасьць сабраць такі сойм прывяла да патрэбы зрабіць яго прадстаўнічаю ўстановаю. Ужо ў 1512 годзе быў выдадзен гаспадарскі загад, каб перад Вальным Соймам зьбіраліся павятовыя соймікі з усіх паноў і шляхціцаў павету. На гэтых сойміках абіраюцца два прадстаўнікі ад кожнага павету. Апроч выбраных ад павету, маглі зьявіцца на сойм з пастаноўчым голасам больш вядомыя паны і шляхціцы павету па асабістым запрашэньні вялікага князя. Склад Вальнага Сойму канчаткова вызначыўся толькі к пачатку другой палавіны XVI сталецьця. Ен складаецца з гаспадарчай рады, каторую па польскім звычаі часам называюць Сэнатам, і з павятовых паслоў дэпутатаў, каторыя складаюць Пасольскую Ізбу. Пашыраецца і' компэнтэнцыя сойму, каторы бярэ сабе правы Гаспадарскай Рады. Гэты факт сьведчыць аб тым, што вырастае значэньне і моц сярэдняга і дробнага зямлеўласьніцтва, шляхецтва, каторае пачынае ўжо змагацца за ўладу з вялікімі зямляўласьнікамі, магнатамі-панамі.

Што да цэнтральнай адміністрацыі, то на чале яе стаялі тры ўраднікі, каторыя паступова выдзеліліся з ураднікаў палацу. Першым з іх ёсьць канцлер, каторы трымае дзяржаўную пячатку і загадвае цэнтральнай дзяржаўнай канцылярыяй. За ім ідзе гэтман, каторы камандуе ў часе вайны арміяй, калі на чале яе не стаіць сам гаспадар. Загадчык дзяржаўнага скарбу насіў назву падскарбія земскага. Гэтыя тры вышэйшыя ўраднікі падлягалі беспасрэдна самаму вялікаму князю. Апроч іх пры асобе гаспадара знаходзіўся рад прыдворных ураднікаў. У ранейшыя часы яны нясьлі рэальныя абавязкі і іх было мала. З цягам часу лік іх значна павялічыўся і рэальнасьць іх абавязкаў адпала. Гэта былі проста пачэсныя ўрады. Да прыдворных урадаў належалі - маршалак дворны, чашнік, краўчы, стольнік, канюшы, мечнік і г. д.

Гаспадарства дзялілася на ваяводзтвы - Віленскае, Троцкае, Кіеўскае, Полацкае, Віцебскае і Смаленскае, староствы - Жмудзкае і Валынскае. На чале ваяводзтва і староства стаялі ваяводы і староствы, каторыя назначаліся на свае пасады гаспадаром дажывотна. Ваяводзтвы і староствы дзяліліся на паветы, на чале каторых стаялі дзяржаўцы.

Праваслаўе перашло ў Літоўска-Беларускую дзяржаву з Полацкай Русі. Іерархічна яно было зьвязана з Кіеўскім мітрополітам. У XIV сталецьці Кіеўскі мітрополіт пераехаў на жыцьцё ў Маскву і зрабіўся такім спосабам Маскоўскім мітрополітам. Але яму на падставе традыцыі падлягала і праваслаўная царква Літоўска-Беларускай дзяржавы. Зразумела, што з гэтым не магла згадзіцца політычная ўлада гаспадарства. Самастойнае політычнае гаспадарства патрабавала самастойнасьці і ў царкоўных адносінах. У пачатку XV сталецьця па пропозыцыі Вітаўта зьбіраецца сабор епіскапаў і выбіраюць мітрополітам Грыгора Цамблака. Масква вельмі была абурана гэтым фактам і пастаралася зрабіць уплыў на Царградзкага патрыарха, каб ён адмовіўся зацьвердзіць Грыгора. Але Грыгор астаўся мітрополітам, і потым мы спатыкаем яго на Констанцкім саборы як прадстаўніка праваслаўнай літоўска-беларускай царквы. З гэтага часу мы бачым, што іерархічная сувязь Літоўска-Беларускай мітрополіі з Маскоўскай мітрополіяй то парываецца, то зноў аднаўляецца, залежна ад таго, удаецца ці не ўдаецца гаспадару Літвы і Беларусі мець свайго мітрополіта. Так цягнулася да 1589 году, калі Маскоўскаму гаспадарству ўдалося пабіць суперніка ўстанаўленьнем патрыархату ў Маскве, чым юрыдычна зноў праваслаўная царква Літвы і Беларусі была пастаўлена ў іерархічнае падданства Маскве. Як процівага гэтаму ў 1596 годзе ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве вынікла і аформілася царкоўная вунія з панствам. Каталіцтва зьявілася ў гаспадарстве з часоў формальнага аб'яднаньня з Полынчаю ў 1386 годзе. Раней яно зьявілася ў Літве, потым перашло і на Беларусь. Іерархічна яно залежала ад папы і кіравалася Віленскім біскупам. На Беларусі значных посьпехаў яно доўга ня мела. Каталіцтва адразу, па дагаворы з Ягайлам, заняло прывілейнае палажэньне. Тым ня менш, дзякуючы таму, што праваслаўных у гаспадарстве было больш, чым каталікоў, гаспадары павінны былі падтрымліваць і праваслаўе. Праваслаўная царква мела сваё права, хоць і меншае ад каталіцкага. Наогул, політыка была даволі верацярплівая.

Каментары чытачоў
Я.бук напiсаў(ла) 03.11.2009 09:48
добра мне спадабалася

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.