Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Чацьвёрты і пяты пэрыоды XIX - XX ст.)

Чацьверты і пяты пэрыоды гісторыі Беларусі праходзяць у XIX і пачатку XX сталецьця. Чацьверты пэрыод складаецца з гісторыі Беларусі, якая ўвашла ў склад Расійскай імпэрыі. Ен канчаецца разам з развалам царскай Расіі, гэтай вялікай "турмы народаў". Рэволюцыя 1917 году пачынае сабою пяты пэрыод гісторыі Беларусі, каторы мы перажываем у бягучы момант. Гэтыя два пэрыоды гісторыі Беларусі апрацованы аўтарам у асобнай кніжцы, да якой мы і адсылаем тых, хто хоча дэтальна азнаёміцца з гісторыяй Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця. Тут у "Кароткім нарысе" мы зробім толькі конспэкцыйны абгляд гісторыі Беларуеі за IV і V перыоды.

Беларусь у складзе Расійскай імпэрыі

Пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай уся этнографічная Беларусь увашла ў склад царскай Расіі. З дзяржавы ўжо разваленай яна папала ў дзяржаву, каторая таксама паступова развальвалася. I Расія хварэла тою самаю панска-шляхецкаю хваробаю, ад каторай памерла Рэч Паспалітая. Доля працоўных мас Беларусі не палепшылася ад політычнай перамены.

Урад Катарыны II, прылучыўшы новыя землі, абвясьціў насельніцтву Беларусі, што "каждое состояние (сословие) из жителей присоединенных земель вступает с самого сего дня во все оному свойственные выгоды по всему пространству империи Российской". Выгады працоўных мас у Расіі нам добра вядомы. Зразумела, што гэтыя "выгады" не пасьміхаліся, напр., беларускаму сялянству. Іначай стаяла справа з беларускай шляхтай. Яна ня страціла прыгоннага права на сялян. У Расіі пакуль што яшчэ не было такіх моцных рэформістых, якія завяліся ў канцы XVIII сталецьця ў Польшчы і палохалі шляхту ўсялякімі проэктамі рэформ. Ня дарма панства прылучанай Беларусі паднясло рускаму ўраду адрас, у якім, паміж іншым, было сказана: "Живя не в Польше, мы чувствуем себя как-бы в Польше и даже лучше, чем в настоящей Польше".

Зусім іншым было палажэньне беларускага селяніна. Усе ачавідцы гавораць, што яно было вельмі цяжкае. Справа ў тым, што панская гаспадарка на захадзе вельмі рана хацела стаць на прамысловую ногу і вызваліць зямлю ад сялян, а сялян ад зямлі. Вось што піша па гэтым пытаньні ў сваіх запісках сучасьнік дэкабрыстых У. Тургенев: "Одно из самых возмутительных злоупотреблений замечается в белорусских провинциях, где крестьяне так несчастны, что вызывалин сострадание даже русских крепостных. В этих провинциях помещики отдавали своих крепостных сотнями и тысячами подрядчикам, которые исполняли землекопные работы во всех концах империи. Эти бедные люди употребляются главным образом на постройку болыших дорог и каналов. Помещик берет на себя обязательство поставить такоето количество людей по условленной плате, а подрядчик обязуется кормить их во время работы. Правительственные инженеры, наблюдающие за работами, не требуют от подрядчика в пользу этих несчастных ничего сверх того, что требуется для поддержания их жизни. Что-же касается до денег, которые получает за них помещик, то правительство не вмешивается в это. Эти несчастные провели дороги в окрестностях Царского Села". Да гэтага малюнку нам няма чаго дадаць. У Рэчы Паспалітай працоўныя масы Беларусі былі рабочым "быдлам", а ў царскай Расіі яны зрабіліся рабочым "скотом". Палажэньне мяшчан таксама пагоршылася. Майдэборскае права ў гарадох Беларусі павінна было зьніштожыцца, бо існаваньне яго супярэчыла агульнаму строю імпэрыі. Купцы, расьпісаныя па гільдыях, плацілі налогі з капіталу, а жыхары места, прыпісаныя да стану мяшчан, былі абложаны агульным падушным падаткам. У вадносінах да адбываньня вайсковай павіннасьці мяшчане былі прыроўнены да сялян. "Гарадзкое палажэньне" 1785 году канчаткова прыраўняла беларускія гарады да рускіх. Гэбрэйскае жыхарства гарадоў было абмяжована ў правох. Пачала ўстанаўляцца добра вядомая нам "мяжа гэбрэйскай аселасьці". Гэбрэі павінны былі плаціць амаль што падвойны падушны падатак. Пачынаецца тая спэцыфічна гэбрэйская політыка з аддачаю дзяцей у контаністыя і ўрэшце з пагромамі.

Лібэральны ў пачатку ўрад Аляксандра I у 1807 годзе організуе на Беларусі Віленскую Вучэбную Акругу і засноўвае ў Вільні унівэрсытэт. Для польскай культуры быў адчынен шырокі шлях. Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што сярод апалячанай беларускай шляхты ў унівэрсытэце адчуваюцца мясцовыя сымпатыі. Устанаўляецца погляд на Беларусь, як на зусім асобную провінцыю Польшчы, што не падабаецца польскім патрыотам з Варшавы, каторыя зьяўляюцца абаронцамі адзінай і непадзельнай Польшчы. Шырака разьвіваюцца патайныя проціўрадавыя гурткі моладзі, на чале якіх становяцца Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан і інш. Уее гэтыя гурткі ў 20-х гадох былі разбураны Новасільцавым.

Вайна 1812 году да шчэнту спусташыла тэрыторыю Беларусі і пакрыла яе трупамі. Беларусь зрабілася нейкай сусьветнай трупярняй. Вядома, напрыклад, што на адну вярсту тэй дарогі, па якой выходзіла з Масквы наполеонаўская армія, прыходзілася ў сярэднім больш за сто трупаў. На Беларусі пачынаецца голад, насяленьне вымірае ад тыфусу, цынгі і халеры. Цэлыя вёскі стаяць пустымі. Карыстаючыся політычнай сытуацыяй, беларускае сялянства пачынае паліць маёнткі, выганяць і забіваць паноў. Як толькі рускі ўрад устанавіў парадак, то ён з вялікаю жорсткасьцю пачаў душыць паўстаньне і абараняць паноў, ня гледзячы на тое, што паны на Беларусі ў часы кампаніі выступілі проці рускага ўраду і ўтварылі незалежнае ад Расіі гаспадарства ў злучнасьці з Польшчай. Венскі Конгрэс у 1815 годзе аднаўляе Польскую дзяржаву. Літва і Беларусь у яе ўжо не ўвашлі, а асталіся ў складзе імпэрыі. Утварэньне Польскай дзяржавы дае палякам магчымасьць падгатаўляць паўстаньне 1830-31 году.

Паўстаньне кончылася няўдачай. Урад Мікалая I заняўся падаўленьнем і ліквідацыяй паўстаньня. Дасталося і шляхце, і сялянам, каторых рускі ўрад падазраваў у спачуцьці і падтрыманьні паўстаньня. Польшча, як дзяржава, скончыла сваё існаваньне. Віленская акруга была падзелена, унівэрсытэт зачынен. Пачалася русіфікацыя краю, якая ўдарыла ня столькі па моцнай польскай культуры, колькі па культуры беларускай, якая за астатнія часы зрабілася выключна культурай "мужыцкай". Палажэньне селяніна ў часы польскага паўстаньня было вельмі цяжкае. Калі ён ня йшоў у паўстаньне з панам, то пан рабіў яму помсту як свайму прыгоннаму; у праціўным выпадку яму даставалася ад расійскага ўраду. Пасьля ліквідацыі паўстаньня ўрад заняўся царкоўнай вуніяй. Калі ў свае часы вунія патрэбна была польскаму ўраду, то цяпер яна зусім была непатрэбна рускаму ўраду. Як і ў часы Польшчы, так і цяпер былі знойдзены патрэбныя епіскапы, каторыя і заняліся ліквідацыяй старой вуніі. На чале епіскапаў стаў Сямашка, каторы і давёў справу да канца. Зноў пачаліся гвалты. Зноў селяніна прымушалі мяняць веру. А калі ён не хацеў, то яго папросту секлі лозамі і запісвалі ў праваслаўныя. Ясна, якія вынікі маглі быць ад такога наварочваньня да праваслаўя. Сялянства, якое з вялікай цяжкасьцю выносіць прыгонную залежнасьць, яшчэ больш азлабляецца. Ня гледзячы на жорсткі рэжым, на Беларусі запальваюцца асобныя сялянскія бунты з падпаламі маёнткаў і забойствам паноў. Нават губарнатары (напр., менскі губарн. Доппэльмайер) даводзяць цэнтру ў сваіх данясеньнях, што так далей жыць няможна.

Сялянская рэформа няўхільна. У 1861 годзе за яе прымаецца ўрад Аляксандра II. Беларускае панства лібэральнага настрою, якое ўжо адчувае дыханьне прамысловага капіталізму, вельмі рада выпадку вызваліць сялян ад зямлі і зямлю ад сялян. Яно ўсімі сіламі прагнецца зьменшыць колькасьць зямлі, якую трэба нарэзаць сялянству. Для іх новай панскай гаспадаркі патрэбен малазямельны селянін, каторы і пасьля вызваленьня аддаваў-бы ім свае рабочыя рукі па нізкай плаце. Апроч таго, для правільнае пастаноўкі новай прамысловай вясковай гаспадаркі ім патрэбен абаротны капітал. Для гэтай мэты тыя маленькія сялянскія надзелы, якія нарэзваюцца вызваленым сялянам, прадаюцца ім пры дапамозе выкупнай опэрацыі па павышанай на 25 % цане. Ясна, якія вынікі ад рэформы адбыліся для амаль што двухмільённай сялянскай масы на Беларусі. Вызваліўшыся юрыдычна ад улады пана, яна экономічна паранейшаму знаходзілася ў яго руках. Парваўся вялікі ланцуг прыгону; адным канцом ён лёгка пагладзіў пана, а другім канцом моцна ўдарыў па вызваленым мужыку.

У часы рэалізацыі сялянскай рэформы загарэлася другое польскае паўстаньне 1863 году. Яно значна ўскалыхнула і Беларусь, зрабіўшыся тут, з аднаго боку, рухам сялянскім, пакірованым проці паноў, з другога боку, політыка-вызваленчым, незалежніцкім рухам, пакірованым проці царызму. Адразу пасьля ўтварэньня ў Варшаве паўстанцкага ўраду і ў Вільні організуецца літоўска-беларускі паўстанцкі ўрад. Ен рэзка дзеліцца на дзьве часткі - белых і чырвоных. Белыя прадстаўлены вялікімі беларускімі панамі, якія стаяць за ўтварэньне вялікай Польшчы з захаваньнем старога соцыяльнага строю на Беларусі. Чырвоныя прадстаўлены дробнай шляхтай, часам ужо безьзямельнай, і розначынскай інтэлігэнцыяй, настроенай радыкальна-народніцкі. Яны ставяць сабе за мэту радыкальнае разьвязаньне на Беларусі сялянскага пытаньня і ўтварэньне незалежнай ад Расіі і Польшчы Беларускай рэспублікі. Супрацоўніцтва ў пачатку паўстаньня гэтых дзьвюх груповак тармозіць рух на Беларусі. Сяляне, бачачы ўдзел у паўстаньніі паноў, ня йдуць за паўстанцамі. Справа мяняецца, калі чырвоныя адлучаюцца ад белых і бяруць кіраўніцтва ў свае рукі. На чале паўстаньня на Беларусі тады становіцца рэволюцыянэр-народнік, чырвоны дыктатар Кастусь Каліноўскі. Рух прымае выразны процішляхецкі характар. Вось, напрыклад, словы, якія прыпісваюцца Каліноўскаму : "Сякера паўстанца не павінна затрымвацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяці". Апроч таго, Каліноўскі ня хоча слухаць Варшавы. "Такой бязмозглай галаве, як Варшава, немагчыма давяраць будучую долю Беларусі",- гаворыць ён. Сяляне пачынаюць прыслухоўвацца да поклічу чырвоных і прымаюць дзейны ўдзел у паўстаньні. Затое белая частка паўстанцаў адкрыта пераходзіць на старану вешальніка Мураўёва, прысланага на Беларусь для загашэньня паўстаньня. Чырвоныя не здаюцца і вядуць барацьбу на два фронты: проці белых здраднікаў і проці рускага ўраду. Такая барацьба непасільна для іх, і паўстаньне пакрысе пачынае заціхаць. У красавіку (7-20) 1864 г. быў павешан Каліноўскі. Да восені 1864 году паўстаньне было ўжо зьліквідавана. Беларусь пасьля гэтага надоўга робіцца арэнаю дзікай рэакцыі і бязупыннай русыфікацыі.

Палажэньне "вызваленага" сялянства на Беларусі ў другой палове XIX сталецьця вельмі цяжкае. Пан-зямляўласьнік сьціснуў сялянства з усіх бакоў. Недахват зямлі прымушаў яго шукаць прыработку на старане. Вольныя рабочыя рукі ён аддаваў за бясцэн пану-зямляўласьніку. Рэшта вольных рук ішла ў горад. А па гарадох на Беларусі работы ня было. "Мяжа аселасьці" сілком сабрала ў Беларусь гзбрэйскія масы. Так званыя "временные правила 1882 г." утварылі ў "мяжы аселасьці" яшчэ адну мяжу: гэбрэям і на тэрыторыі Беларусі было забаронена жыць за межамі гарадоў і мястэчак. Гарады і мястэчкі перапоўніліся гзбрэйскім жыхарствам. Гэбрэйская буржуазія знаходзіла цэлы шэраг магчымасьцяў парушаць абедзьве мяжы, але зусім іншым было палажэньне гэбрэйскай беднаты. Слаба разьвітая прамысловасьць не магла заняць усіх вольных рук. Аставалася рамясло і дробны гандаль, найчасьцей на пазычаны капітал.

Зразумела, што пры такіх умовах вёска, пролетарызуючыся, не магла спадзявацца на горад, бо і гэбрэйскай беднаце ня было чаго рабіць. Пачынаецца эміграцыя з Беларусі ва ўсе бакі: у Амэрыку, Сібір, Цэнтральную Расію і г. д. Усё, што ёсьць больш энэргічнага і здольнага з беднаты, пакідае Беларусь.

Побач з экономічным уціскам працоўныя масы Беларусі перажываюць і нацыянальны ўціск. Аб гэбрэйстве, зразумела, і гаварыць ня прыходзіцца. Што датычна да беларусаў, то тут нацыянальны ўціск супаў з соцыяльным. Беларус у сваёй масе быў селянінам. Яго культура і мова былі прызнаны "мужыцкімі". Ідзе і ўціск гэтай "мужыцкай" культуры і мовы. Кіруючыя колы адчуваюць опозыцыйнасьць беларускай культуры і беларускага настрою, што зусім зразумела, бо гэтыя культуры і настрой - мужыцкія і, як такія, ня могуць ня быць опозыцыйнымі, бо селянін знаходзіцца пад уціскам фэўдальна-бюрократычнай імпэрыі. Пачынае падгатаўляцца рэволюцыя 1905 году як у горадзе, так і на вёсцы. Для вёскі зьяўляецца тыповым народніцкі беларускі рух, завешчаны загінуўшым на мураўёўскай шыбеніцы Кастусём Каліноўскім. Рэакцыя накладвае пячатку на беларускае народніцтва апошніх часоў. З рэволюцыйнага яно робіцца проста радыкальным. Прадстаўлена яно розначыннай інтэлігэнцыяй. Уладаром дум народнікаў зьяўляецца пясьняр Францішак Багушэвіч, які піша пад псэўдонімам Мацея Бурачка ці Сымона Рзўкі. Друкуецца ён за граніцай, бо для Расіі яго творы занадта радыкальны; апроч таго, у Расіі беларускі друк забаронен. Пясьняр становіцца на абарону праў беларускага селяніна і яго культуры і мовы. Яскравымі хварбамі малюецца эксплёатацыя селяніна. Працуе ён да крывавага поту - арэ, сее, будуе палацы, цэрквы і касьцёлы, каторыя зьзяюць срэбрам і золатам, а сам жыве ў мокрай яме, заткнуўшы анучамі дзіркі ў хаце. Хата селяніна "і цячэ, і гніе, і крывая, у сярэдзіне гной і стаіць на гнаі". Ад цяжкай працы, ад холаду і голаду, ад цемры й беднасьці вымірае беларускі селянін. Разам з ім вымірае і яго мова, "каторую мужыцкай завуць, а завецца яна беларускай". Аўтар адмоўна адносіцца да так званай "эпохи великих реформ", якою захапляюцца рускія лібэралы. Вызваленьне сялян яго зусім не здавальняе. Вызвалены селянін ня вышаў на лепшы шлях. Па гэтым пытаньні Багушэвіч піша так: "А цяпер? Ой, штосьці кепска выходзіць! Цяпер ці ня болей настала паноў? Ня надта свабодна ў гэтай свабодзе. I давай я лічыць паноў новых зноў: стараста, соцкі, пісар, старшыня, пасрэднік, ураднік, асэсар і суд, зьезд міравы і сход... Аж паднялася са страху чупрына, аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот".

Вёска глуха шуміць. Опозыцыя забітай вёскі перадаецца вучнёўскай моладзі, якая "вышла ў людзі" з беларускай вёскі. З 90-х год у гарадох і мястэчках засноўваюцца рэволюцыйныя і соцыялістычныя гурткі, каторыя, вырасшы на народніцтве, тым ня менш знаёмяцца з марксызмам, які зашоў у гарады на Беларусь. К канцу XIX сталецьця вясковы рэволюцыйны рух расьце і мацнее. У 1902 годзе ўжо засноўваецца "Беларуская Рэволюцыйная Партыя", каторая ў 1903 годзе рэорганізуецца ў "Беларускую Соцыялістычную Грамаду". Вырасшы ў сутнасьці з народніцкіх каранёў, яна тым ня менш носіць на сабе і адзнакі марксызму.

Для беларускага гораду зьяўляецца тыповым марксысцкі рабочы рух, ахварбованы ў гэбрэйскі нацыянальны тон. Тут ужо з 80-х год зьявіліся культурна-асьветныя гурткі, каторыя потым вырасьлі ў масавыя рабочыя экономічныя організацыі, як, напрыклад, касы ўзаемадапамогі і стачачныя касы. Калі праца зрабілася масавай і спаткалася з масавым гэбрэйскім рабочым, то ў абыход гурткоў стала ўваходзіць гэбрэйская мова. Організацыі расьлі сярод рабочай, у падаўляючай большасьці, гэбрэйскай масы, будуючыся на клясавым грунце. Трэба было аформіць гэты pyx i ўтварыць для яго кіраўнічы цэнтр. У 1897 годзе гэта было дасягнута заснаваньнем "Агульнага Гэбрэйскага Рабочага Саюзу ў Літве і Польшчы", вядомага ўсім пад назваю "Бунду".

У 1898 годзе ў Менску, пры ўдзеле Бунду, адбыўся ўстаноўчы зьезд РС-ДРП, каторая і пачала сваё існаваньне з гэтага часу. Бунд увашоў у РС-ДРП на правох аўтономнай адзінкі. Перажыўшы і зжыўшы са сьвету забастоўшчыну, каторая пабудавала свой цэнтр на Беларусі ў Менску, РС-ДРІІ і Бунд організавалі рабочыя масы на Беларусі. Бунд у тыя часы рабіў свой уплыў ня толькі на гэбрэйскія працоўныя масы. Вельмі часта ён організоўваў і рабочых негэбрэяў. Даволі ўзяць для прыкладу капыльскага гарбара, потым вядомага пролетарскага песьняра Цішку Гартнага (Д. Ф. Жылуновіча), каторы пачаў сваю рэволюцыйную і соцыялістычную "кар'еру" ў шэрагах Бунду. Наогул трэба сказаць, што і ў далейшыя часы РС-ДРП і Бунд рабілі марксысцкія ўплывы на Беларускую Соцыялістычную Грамаду, што вырасла з народніцкіх каранёў. Рэволюцыя 1905 году паступова падгатаўлялася ў горадзе і вёсцы, Вайна 1904 году выклікала на Беларусі прамысловы крызіс, зачыніўшы для яе фабрык усходні рынак. Па гарадох пашыралася беспрацоўе, зьмяншалася заработная плата. Учасьціліся забастоўкі. Незадаваленьне сялянства на вёсцы пачало выяўляцца організована. Годы 1904-1906 запоўнены аграрным рухам. Адбываюцца стачкі і забастоўкі, ідуць самавольныя парубкі казённага і панскага лесу, падпалы маёнткаў і г. д. Агульная забастоўка 1905 году прашла дружна па гарадох Беларусі і адгукнулася на вёсцы. Працягам яе быў цэлы рад асобных забастовак, як экономічных, так і політычных, па ўсіх гарадох Беларусі. Перажыўшы разам з Расіяй у еьнежні 1905 году найбольш рэволюцыйны пад'ём, які выявіўся ў маскоўскім паўстаньні рабочых, Беларусь потым павінна была перажываць і рэакцыю, якая ў партыйным жыцьці сказалася ў так званым легалізме і ліквідатарстве. Легалізм на Беларусі зьвязан з порчаю клясава-рэволюцыйнай сутнасьці партый і з узмацненьнем у іх культурна-нацыянальнай працы, як беларускай, так і гэбрэйскай. "Грамадаўцы" заснавалі ў Вільні першую легальную газэту, спачатку пад назваю "Наша Доля", а потым, пасьля яе забароны, пад назваю "Наша Ніва". Рэволюцыйна-клясавыя ідэалы тут заменены ідэаламі нацыянальнымі. Соцыялізм заменен тут радыкалізмам, а часам проста лібэралізмам Вось што чытаем мы, напрыклад, у перадавым артыкуле 1-га нумару "Нашай Долі": "Ня думайце, што мы хочам служыць толькі ці паном, ці адным мужыком. He, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму пакрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцьця, каб ад нас, як ад люстра, сьвет падаў у цёмнасьць. Мы будзем старацца, каб усе баларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсьць, зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы і памаглі нам у нашай рабоце". Далей у артыкуле вызначаецца і тактыка гэтай "нашай работы". Газэта абвяшчае, што яна будзе пісаць ня громка, а ціха і спакойна. Toe самае зрабілася і з Бундам. Ен паступова адрываўся ад РС-ДРП і таксама сьпешна пачаў зыходзіць з клясавага на нацыянальны грунт. Ён, напрыклад, прыняў жывы ўдзел у разьвязаньні такога пытаньня, як суботні дзень адпачынку ў гэбрэйскіх прадпрыемствах, якое было разьдзьмухана дробнай гэбрэйскай буржуазіяй. Бундаўская прэса перапоўнена артыкуламі аб разьвіцьці агульна-гэбрэйскай культуры і мовы "ідыш", аб барацьбе за "ідыш" і культурна-нацыянальную аўтономію, якую Бунд уставіў у сваю програму. Бунд прыйяў дзейны ўдзел ў тым руху, які падняўся наўкола пытаньня аб організацыі сьвецкай гэбрэйскай абшчыны. Бунд лічыў, што абшчына, абраная на аснове агульнага, роўнага, простага і патаемнага галасаваньня, будзе тэй базай, на якой можна будзе пабудаваць культурна-нацыянальную аўтономію. Усю сваю энэргію ён укладаў у працу ў легальных культурна-нацыянальных організацыях, як, напрыклад, літаратурна-музыкальныя, драматычныя гурткі, вячэрнія школы для рабочых, гэбрэйскае літаратурнае вобчаства, вобчаства пашырэньня пісьменнасьці сярод гэбрэяў і г. д.

А між тым сярод рабочых і сялянскіх мас царскай Расіі зноў пачынаецца пад'ём. Цяжкае экономічнае палажэньне нізоў, бязупынная эксплёатацыя і політычны зьдзек вярхоў робяць сваю справу. Зноў пачынаюцца забастоўкі прамысловых і вясковагаспадарчых рабочых. Сялянская вёска дзе-нідзе таксама выяўляе сваё нездаваленьне. Самаўладзтва заўзята абараняе інтарэсы фэўдалаў-паноў і фабрыкантаў. Запаўняюцца турмы, ідуць расстрэлы тых, хто падымае галаву проці рэжыму. Вайна 1914 году ломіць старыя рамкі жыцьця і пачынае сабою новы пэрыод гісторыі як Расіі, так і Беларусі.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.