Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Чацьвёрты і пяты пэрыоды XIX - XX ст.)

Беларусь пасьля зьвяржэння царызму

Імпэрыялістычная вайна зрабіла з Беларусі фронт, на якім у імя імпэрыялістычных мэт адбываецца бойня працоўных мас Расіі, Нямеччыны, Аўстрыі і іншых краін. На працягу ўсёй гэтай бойні руйнуецца дабрабыт і без таго беднага краю. Зямля зрыта акопамі і рытвамі, абцягнута калючым дротам і напоена чалавечаю крывёю, пралітаю ў імя капіталу. Паляцца і руйнуюцца гарады і вёскі, гібеюць людзі і пустошацца палі. Для Беларусі пачынаюцца часы добра вядомага ўсім нам бежанства, якое ўпала ўсёй сваёю цяжкасьцю якраз на працоўныя, незаможныя групы жыхарства і якое не зьліквідована канчаткова яшчэ і да нашага часу. Па прыблізным падліку з Беларусі выехала і вышла каля мільёну з палавінаю людзей. Частка іх пачала свой цярністы бежанскі шлях па сваёй волі, зьняўшыся з сваіх наседжаных, дзедаўскіх гнёзд пад страхам тэрору імпэрыялістычнай бойні. Другая частка зьнялася з месца па загадах ваеннага камандваньня, якое чамусь лічыла, што пры адступленьні рускай арміі немагчыма астаўляць на месцы жыхароў Беларусі. Адыходзячы на ўсход, войскі палілі мястэчкі і вёскі і гналі беларускую і гэбрэйскую масу ў Цэнтральную Расію, дзе іх чакала цяжкая доля, асабліва сялян, рамесьнікаў і рабочых.

Зімою 1917-18 г. Беларускі Нацыянальны Комітэт у Маскве па заданьню Наркомнаца рабіў рэгістрацыю бежанцаў з Беларусі. У рэгістрацыйнай картачцы-анкеце была графа для абазначэньня тэй працы, якою займаліся і жылі ў момант рэгістрацыі бежанцы, якіх вайна выкінула за межы Беларусі. На падставе даных гэтай графы мы можам выявіць соцыяльны стан нашых бежанцаў. Графа дае такія матэрыялы: чорнарабочаю працаю зараблялі сабе хлеб 50 процантаў усёй бежанскай масы, былі рамесьнікамі 12,8 проц., займаліся земляробствам 23,6 проц. і працавалі ў інтэлігэнцкіх профэсіях 10,9 процанта. Адгэтуль ясна відаць, што бежанская доля выпала якраз на працоўныя нізы Беларусі. Найчасьцей гэта былі сяляне, адарваныя вайною ад сваіх загонаў. Меншая частка іх і ў бежанскім палажэньні неяк умудрылася сесьці на зямлю, а большая частка йшла на ўсялякія чорныя работы.

У той час, як лютаўская рэволюцыя нізьвергла з глінянымі нагамі кумір самаўладзтва, Беларусь апынулася падзеленаю імпэрыялістычным фронтам на дзьве часткі. Заходняя частка яе знаходзілася ў раёне так званай першай нямецкай окупацыі і ахранялася штыкамі кайзараўскай арміі. Сюды ўвашлі Горадзенская губэрня, большая частка Віленшчыны і невялічкая частка Меншчыны. За часы окупацыі з канца 1915 году там шырака разьвінулі сваю працу дробна-буржуазныя інтэлігэнцкія беларускія колы, высоўваючы думку аб беларускай дзяржаўнасьці. Прадстаўнікі беларускіх, літоўскіх, гэбрэйскіх і польскіх нацыяналістычных організацый абвясьцілі Конфэдэрацыю Вялікага Княства Літоўскага пад ахранаю Нямеччыны. Нічога з гэтай конфэдэрацыі ня вышла. "Узаемныя крыўды і свары", асабліва полёнізатарскі націск польскага панства, прывялі конфэдэрацыю да распаду, тым больш, што окупанты з ёю ня лічыліся. Тым ня менш культурна-грамадзянская беларуская праца тут даволі шырака разьвінулася. Адчыняюцца беларускія школы, друкуюцца кніжкі; выходзіць газэта "Гоман". Растуць культурна-асьветныя і нацыянальныя організацыі. Прадстаўнікі беларускіх організацый пабывалі нават у Лёзане на III конфэрэнцыі народаў, якая адбылася ў чэрвені 1916 году. Там яны падалі зложаны імі мэморыял, у якім даводзілі неабходнасьць існаваньня незалежнага Беларускага гаспадарства.

Што датычна Ўсходняй Беларусі, то яна, як і ўся Расія, перажыўшы часы астатняй перадрэволюцыйнай рэакцыі і падзеньня царызму, увашла ў эпоху многа-глаголівага Керанскага. У Менску ўтварыўся Беларускі Нацыянальны Комітэт, каторы стаў на чале беларускага нацыянальнага руху. Комітэт трымаецца на расійскай орыентацыі дзеля тых магчымасьцяй, "якія адчыніліся з рэволюцыяй перад дэмократычнай Расіяй". У ліпені 1917 г. Нацыянальны Комітэт склікаў зьезд Беларускіх організацый і партый, каторы абраў Цэнтральную Раду беларускіх організацый і партый, каторая і стала на чале беларускага нацыянальнага руху.

Яшчэ з 4 чэрвеня ў Менску пачынае існаваць організацыя бальшавікоў асобна ад меншавікоў. Хутка расьце лік яе сяброў і пашыраецца ўплыў на салдацкія і рабоча-сялянскія масы. Апорным пунктам бальшавікоў зьяўляецца Менскі Гарадзкі Савет. Пры Гар. Савеце організуюцца сілы для правядзеньня на Беларусі соцыяльнай рэволюцыі. 15 верасьня ў Менску адбываецца першая Паўночна-Заходняя Абласная Конфэрэнцыя партыі бальшавікоў. Конфэрэнцыя абгаварыла пытаньне аб збройным паўстаньні і абрала Паўночна-Заходні Абласны Камітэт Партыі. Праз тры тыдні сабралаея яшчэ адна конфэрэнцыя партыі, якая прадстаўляла сабою каля 29 тысяч організованых членаў партыі і каля 30 тысяч прыхільнікаў. Партыя значна вырасла, яна ўжо гатова да перавароту на Беларусі.

Ужо 26 кастрычніка ў Менску ўтвараецца Ваенна-Рэволюцыйны Комітэт. К 1 лістападу ён ужо моцна забірае ўсю ўладу ў свае рукі. Вялікі Кастрычнік на Беларусі замацован. На Беларусі Кастрычніцкая рэволюцыя, разьвязаўшы соцыяльнае пытаньне, павінна была спаткацца і спаткалася з нацыянальным пытаньнем. Прынцып адзінага клясавага рэволюцыйнага фронту спатыкаецца з прынцыпам адзінага нацыянальнага фронту, на якім былі пабудованы нацыяналістычныя беларускія організацыі. На грунт адзінага нацыянальнага фронту стаў і Ўсебеларускі Конгрэс, каторы сабраўся ў сярэдзіне сьнежня 1917 году. Ен абвясьціў Беларусь Дэмократычнай Рэспублікай і разам з тым прызнаў Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў часоваю ўладаю на Беларусі. Мясцовай Савецкай улады ў асобе Абласнога Выканаўчага Комітэту Заходняга Фронту і яго камісараў Конгрэс ня прызнаў. Зразумела, што пасьля гэтага ён быў распушчан Абласным Комітэтам. Рада Конгрэсу схавалася ў падпольле і там распачала сваю працу, пакірованую проці мясцовай Савецкай улады. Нацыянальны рух на Беларусі, такім спосабам, адарваўся ад соцыяльнай рэволюцыі.

Савецкая ўлада на Беларусі не магла доўга астацца. На Ўсход пашыралася моцная кайзараўская армія, каторая і заняла Менск 25 лютага 1918 году. На Беларусі ў цэлым, на заходняй і ўсходняй яе частцы ўстанавілася нямецкая окупацыя. Рада Усебеларускага Конгрэсу выходзіць з падпольля. Адну за аднэй яна выдае тры ўстаўныя граматы. Апошняя з іх, прынятая Радаю 25 сакавіка 1918 году, абвяшчае Беларусь незалежнай народнай рэспублікай. Рада Конгрэсу абвяшчае сябе Радай Беларускай Рэспублікі. Пасьля гэтага з Рады выступілі прадстаўнікі земстваў і гарадоў, каторыя не згаджаліся з незалежніцкімі тэндэнцыямі Рады Конгрэсу. Іх месца займае так званае "беларускае прадстаўніцтва г. Менску", вельмі правае па сваіх політычных і соцыяльных поглядах і складалася з зямляўласьнікаў, духавенства, чыноўнікаў і г. д. Правыя элемэнты Рады цягнуць яе на паклон да кайзара Вільгельма, ад якога Рада спадзяецца атрымаць апеку. Як вынік гэтага, 25 красавіка на імя Вільгельма пасылаецца тэлеграма, у якой Рада дзякуе яго за вызваленьне Беларусі ад бальшавікоў і просіць "імпэратарскую вялікасьць" аб абароне ў справе ўмацаваньня дзяржаўнай недалежнасьці і недзялімасьці краю ў зьвязку з Германскай імпэрыяй. "Толькі пад абаронаю Германскай імпэрыі бачыць край сваю добрую долю". Гэтая тэлеграма адкалола ад Рады нават тыя права-соцыялістычныя групоўкі, якія ў ёй былі. Асталося толькі некалькі чалавек "грамадаўцаў", каторыя забыліся, што лічацца соцыялістымі.

Між тым набліжаецца нямецкая рэволюцыя. Хвалі яе ўсё падымаюцца вышэй і вышэй. Яна нізьвяргае "яго імпэратарскую вялікасьць", крывавага кайзэра, вызваляе Беларусь ад окупацыі і разам з ёю і ад Рады. У сярэдзіне сьнежня 1918 году чырвоныя войскі вызваляюць Менск. Крыху пазьней, у дваццатых чыслах сьнежня, у Смаленску зьбіраецца VI паўночна-заходняя конфэрэнцыя Расійскай Компартыі. На працягу працы конфэрэнцыі выявілася, што партыя павінна дзеля бальшавізацыі беларускіх мас узяць у свае ўласныя рукі разьвязаньне нацпытаньня. Выходзячы з гэтых прадпасылак і маючы на мэце далейшы посьпех у барацьбе за Савецкую ўладу на Беларусі, конфэрэнцыя абвясьціла, што яна стаіць за ўтварэньне незалежнай Беларускай Савецкай Рэспублікі. Разам з тым яна абвясьціла сябе Першым Зьездам Комуністычнай Партыі Беларусі. Пасьля зьезду было абрана Цэнтральнае Бюро КПБ, каторае і пачало кіраваць партыйнай 1 савецкай працай на тэрыторыі Беларусі.

У ноч з 31 сьнежня 1918 году на 1 студзеня 1919 году быў выдан маніфэст да рабочых, беднага сялянства і чырвонаармейцаў Беларусі, каторы ўрачыста абвяшчаў утварэньне незалежнай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі Беларусі. У сакавіку маладая Савецкая Беларусь злучылася з Савецкай Літвой у адну Літоўска-Беларускую Савецкую Рэспубліку, каб лепш абараняць рабоча-сялянскія масы новых рэспублік ад толькі што адноўленай імпэрыялісткі - Польшчы, якая лічыла Літву і Беларусь сваімі провінцыямі. Хутка пачынаецца цяжкая барацьба працоўных мас Літвы і Беларусі з белым польскім арлом. Падтрыманы Антантай, ён ідзе ў наступ. Хутка кіпці яго ўпіваюцца ў жывое цела рабоча-сялянскай Беларусі і Літвы.

З восені 1919 году на Беларусі пачынаецца Белапольская окупацыя. Войскі Пілсудзкага займаюць тэрыторыю Беларусі аж да Бярэзіны. "Начальнік" польскага гаспадарства вельмі шчодры на абяцанкі. Гэты абаронца Беларусі ад бальшавікоў усімі сіламі прагнецца прыцягнуць на свой бок беларускія нацыяналістычныя колы, што ў пачатку яму і ўдаецца. Зноў пачынае свае сходы Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, аднак, адразу-ж расколваецца на дзьве часткі па пытаньні аб давер'і да польскай окупацыйнай улады. Левая частка Рады, прадстаўленая партыяй беларускіх с.-р. і партыяй беларускіх соцыялістых-фэдэралістых, абвясьціла давер'е польскаму ўраду і ўтварыла асобную Раду. Правая частка вынесла пастанову, што яна згодна працаваць з окупантамі, і назвала сябе "Найвышэйшай Радай". Левая Рада пакідае тэрыторыю Беларусі і пакіроўваецца ў Літву, дзе прадае сябе на службу ўраду белай Літвы. А окупанты на Беларусі рабілі сваё. Хутка нават члены правай Рады, што трымаліся польскай орыентацыі і аставаліся ў Менску, павінны былі пераканацца, што з Пілсудзкім кашы зварыць ня можна.

Паміж тым зьверствы, зьдзекі і эксплёатацыя окупантаў у адносінах да рабочых і сялян Беларусі падымаюць у краі шырокі падпольны рух, які мае ня толькі соцыяльны, але і нацыянальны характар. Раней пад кіраўніцтвам падпольных работнікаў Компартыі Беларусі заварушыліся рабочыя ў гарадох. Хутка заварушылася і вясковая бедната. Да гэтага часу яна мела слабую сувязь з комуністычным рухам, але цяпер яна зразумела, з кім трэба ісьці. Працу на вёсцы разам з Компартыяй і пад яе кіраўніцтвам пачынае весьці падпольная Беларуская Комуністычная Організацыя, што вырасла сама сабою на каранёх беларускай вёскі. Яна складаецца найчасьцей з сялян і вясковых настаўнікаў. Організацыя працуе ў поўным падпарадквань-ні Компартыі. Толькі баявыя абставіны падпольля задзержваюць яе формальны прыём у партыю, каторы адложан да лепшых, больш спакойных дзён. Пад кіраўніцтвам Компартыі падпольны рух абхапляе ўсю тэрыторыю окупаванай Беларусі. У лясох і балотах забранага краю з'організавалася шмат партызанскіх, сялянскіх і рабочых па складу, атрадаў, якія падрываюць моц окупантаў на Беларусі. Слабеюць крылы і кіпцюры пражорлівага імпэрыялістычнага белага арла Польшчы.

Пры такіх умовах пачынаецца наступ на захад Чырвонай арміі, каторая 11 ліпеня 1920 году ўрэшце займае Менск, сталіцу Беларусі. Зноў імем паўстаўшых рабочых і сялян 1 жніўня 1920 году абвяшчаецца другі раз Савецкая Соцыялістычная Рэспубліка Беларусі. Яшчэ раз у кастрычніку 1920 году белы арол зрабіў пробу зьніштожыць рабоча-сялянскую Беларусь, але гэта яму не ўдалося. Савецкая Беларусь абараніла сваё існаваньне і існуе як заходні авангард Саюзу Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік.

Такім чынам, Савецкая Беларусь радзілася сярод пяруноў і грознай буры Вялікага Кастрычніка. Радзілася яна як невялічкая рэспубліка ў складзе няпоўных шасьці паветаў былой Менскай губэрні. Заходняя частка этнографічнай Беларусі (Віленшчына, Горадзеншчына і частка Меншчыны) па Рыскай згодзе адышла да буржуазнай Польшчы. Усходняя частка Беларусі (Віцебшчына, Магілеўшчына і частка Смаленшчыны) яшчэ раней, у часы вострай рэволюцыйнай барацьбы, па сваёй добрай волі зьвязала сваё жыцьцё з Савецкай Расіяй. Маленькай Савецкай Беларусі трэба было правясьці падгатоўчую працу, каб здужаць абслугоўваць тыя беларускія тэрыторыі, якія часова абслугоўваліся Савецкай Расіяй. Тры гады было затрачана на гэтую падгатоўчую працу. Былі праведзены соцыяльныя і аграрныя мерапрыемствы, наладжаны цэнтральныя і мясцовыя органы ўлады, была падрабязна апрацована пастаноўка нацыянальнага пытаньня, падабраны культурныя сілы і сабраны культурныя сродкі. Якраз у гэты самы час стала пытаньне аб новым гаспадарчым і адміністрацыйным падзеле Савецкай Расіі ў сувязі з заданьнямі мірнага будаўніцтва. Усё гэта паставіла на чаргу дня пытаньне аб пашырэньні Беларусі, аб пабудоўлі яе політычна-дзяржаўнай тэрыторыі ў яе экономічна-этнографічных межах. Віцебскі, Гомельскі і Смаленскі губэрнскія зьезды Саветаў першымі вынесьлі ўхвалу аб прылучэньні да Беларусі тых частак сваіх губэрань, каторыя зьвязаны з Беларусьсю па сваіх экономічных і этнографічных прыметах. Потым сабраўся V-ы Зьезд Саветаў Беларусі, каторы прывітаў пастановы зьезду суседніх губэрань, згаджаючыся з імі. Тады першая сэсія Ўсерасійскага ЦВК (II скліканьня) і з свайго боку прыняла прынцыповую пастанову аб пашырэньні Беларусі і даручыла Прэзыдыуму канчаткова ўстанавіць межы паміж Беларусьсю і Расіяй. Прэзыдыум Усерасійскага ЦВК на сваім пасяджэньні 4 лютага 1924 году прыняў ніжэй-паданую пастанову па пытаньні аб пашырэньні Беларусі: "На аснове пастановы 1-ай сэсіі УЦВК па пытань-ні аб перадачы Беларусі раёнаў з пераважна беларускім жыхарствам Прэзыдыум ЦВК ухваляе: перадаць Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспубліцы: 1) Са складу Віцебскай губэрні, па межах старога адміністрацыйнага падзелу, паветы: Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Аршанскі, Полацкі, Сененскі і Сураскі. 2) Са складу Гомельскай губэрні - паветы: Магілеўскі, Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі і Чаўскі;і воласьці: Дзярновіцкую, Мухаедаўскую, Нараўлянскую, Дудзіцкую са ст. Калінкавічы, Круковіцкую (цяпер Савіцкая), Дамановіцкую, Карновіцкую цалком і часткі валасьцей: Аўцюцевіцкай, Юр'евіцкай і Якімаслабодзкай па межах вёсак: Баравікі, Шапейкі, Какуевічы, Аляксандраўка, Малыя Аўцюцевічы і вёску Дамарка. 3) Са складу Смаленскай губэрні: Горацкі павет поўнасьцю і воласьці: Шамаўскую, Старасельскую, Казімера-Слабодзкую і часткі Бахоцкай, Асьлянскай і Соенскай Мсьціслаўскага павету з гор. Мсьціславам.

Усе вышэйшыя пастановы былі зацьверджаны 7 красавіка 1924 году Прэзыдыумам ЦВК Саюзу ССР.

Так проста і дзелавіта адбыўся важны гістарычны акт. Пашыраная Беларусь, цьвёрда апіраючыся на працу рабочых і сялян, спакойна прыступае да далейшага будаўніцтва.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.