Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (Трэці пэрыод XVI - XVIII ст.)

Агульны політычны абгляд

Люблінская вунія 1569 году, як мы ведаем, далучыла Літву і Беларусь у склад Рэчы Паспалітай Польскай. Літоўска-Беларускае гаспадарства павінна было перастаць існаваць незалежна. З гатага часу Беларусь жыве адным політычным жыцьцём з Польшчаю.

Праз тры гады пасьля Люблінскай вуніі памёр апошні кароль з дому Ягайлавага, Зыгмунд II Аўгуст. Гэта быў разам з тым і апошні насьледны кароль. З 1572 году пачалася эпоха выбраных соймам каралёў. Каралеўская ўлада часта перарываецца бескаралеўямі, каторыя цягнуцца ад сьмерці аднаго караля да абраньня яго заступніка. Бескаралёўі цягнуцца часам цэлыя гады і наносяць вялікую шкоду гаспадарству, аслабляючы цэнтральную дзяржаўную ўладу.

На першы пачатак бескаралёўе цягнулася больш году. Запоўнена яно політычным бязладзьдзем і анархіяй. Шляхта разьбілася на некалькі партый, змагаю-чыся адна з другою наўкола пытаньня аб каралі. Кож-ная з партый дамагалася здабыць каралеўскую карону свайму кандыдату. Найбольш вядомымі і популярнымі з кандыдатаў на польскі каралеўскі пасад былі такія: Фёдар царэвіч Маскоўскі, сын Івана IV Грознага, Эрнэст прынц Аўстрыйскі і Гэнрых Анжуйскі, прынц Францускі. Партыя Фёдара складалася з літвіноў і беларусаў, на чале яе стаяў менскі каштэлян Глебавіч. Перагаворы з Грозным наконт Фёдара не далі нічога. Палякі патрабавалі, каб Фёдар зрабіўся каталіком і каб да Рэчы Паспалітай былі далучаны Смаленск і Полацак. Грозны сьмяяўся з гэтага, гаворачы, што Фёдар "не красная девнца", што пасагу яму не належыць; лепш няхай палякі дадуць яму Кіеў. Проці гэтай кандыдатуры былі ўцекачы з Масквы - Курбскі, Цяцерын, Сарыгозін і інш. Яны ведалі добра слабавольны характар царэвіча Фёдара, поўную адсутнасьць у яго ня толькі політычнага, але й наогул звычайнага розуму, што гэта, па словах Грознага, "ня цар, а панамар". Яны разумелі, што, дзякуючы ўсяму гэтаму, каралём Польшчы быў-бы ня Фёдар, а яго бацька Іван Грозны, ад тэрору каторага яны і ўцяклі з Масквы. Не дагаварылася панства і з Эрнэстам Аўстрыйскім, каторы выяўляў рашучы характар. Пасьля доўгіх размоў і перагавораў быў абраны за караля Рэчы Паспалітай Гэнрых Францускі. Пракараляваў ён вельмі нядоўга (1573- 1574). Прыехаўшы ў Варшаву і пабачыўшы, што караляваць у Рэчы Паспалітай ня так лёгка, як, напрыклад, у Францыі, Гэнрых праз 6 месяцаў неспадзявана для палякаў таемна ўцёк з Польшчы на сваю бацькаўшчыну. Там ён хутка заняў каралеўскую пасаду пасьля сьмерці свайго старшага брата Карла IX.

Зноў пачалося бескаралеўе, каторае пагражала зацягнуцца на доўгі час. Толькі ў 1576 годзе каралём Полынчы быў абраны Сяміградзкі ваявода Стэфан Баторы (1576-1586). Гэта быў разумны і выдатны політычны дзеяч і вельмі здольны ваяка. З вялікаю карысьцю для Рэчы Паспалітай ён ваяваў з Масквою (працяг Лівонскай вайны 1579-1582). Уся вайна адбылася на тэрыторыі Беларусі. Найраней войскі Рэчы Паспалітай былі пакірованы на Полацак, каторы ў папярэднія часы адышоў да Маскоўскага гаспадарства. Войскі аблажылі Полацак. Вясьці аблогу было вельмі цяжка: горад меў вельмі моцныя муры і замчышчы, апроч таго, была вельмі мокрая восень, каторая перашкаджала акопным работам і падвозу харчоў для арміі. Аблога зацягнулася. Ведаючы аб вялікіх багацьцях гораду, вэнгры, каторыя былі ў войску Баторага, пастанавілі першымі ўварвацца ў Полацак, каб добра паграбаваць горад. Ня гледзячы на храбрую абарону, ім, урэшце, удалося дабіцца сваёй мэты, і Полацак быў узят. Баторы, паважаючы храбрасьць абароны, абяцаў тым, хто мае намер вярнуцца ў Маскоўшчыну, даць вольны выезд, а тым, хто захоча застацца, даць права вольнага жыцьця ў Полацку. Калі маскоўскія войскі безаружныя выходзілі з гораду, сам кароль даглядаў за тым, каб яго абяцаньне ня было парушана і каб ніхто не зрабіў яму якой крыўды.

Пасьля выйсьця маскоўскіх войск пачаўся грабеж гораду. Найбольш грабавалі вэнгры. У час грабяжу загінула ад пажару вялікая і каштоўная полацкая кнігарня. Сярод рукапісаў кнігарні загінулі такія цікавыя рукапісы, як, напрыклад, пераклад сьв. Шсаньня, напісаны рукою славянскіх апосталаў, братоў Кірылы і Мэфоды і летапіс Крывіцка-Полацкай зямлі. Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што раней, калі Полацак ад Польшчы перашоў у рукі Івана Грознага, шмат чаго было вывезена ў Маскву. Усё гэта, зразумела, нанасіла вялікую шкоду Беларускай зямлі.

Праз нейкі час войскі Стэфана Баторага ўзялі другарадныя крэпасьці Сокал і Сугну, каторыя былі пабудованы Іванам Грозным, а таксама і гарады Вяліж, Усьвят і Вялікія Лукі. У 1582 годзе Баторы пачаў аблогу моцнай маскоўскай крэпасьці Пскову, каторай ён ня здолеў ужо ўзяць. Абедзьве дзяржавы пасьля некалькіх год змаганьня былі вельмі аслаблены вайною, і распачаліся ўзаемныя перагаворы аб згодзе. Згода, урэшце, была падпісана тэю і другою стараною ў 1582 годзе. Маскоўскае гаспадарства павінна было прызнаць перамогу Рэчы Паспалітай і аддало ёй усю Лівонію і гарады Полацак і Вяліж.

Што датыча да Беларусі, то для яе гэтая вайна карыснай не магла быць, бо руйнаваўся яе набытак, што добра відаць з разгрому Полацку. Яшчэ відней гэта стане, калі мы дабавім, што, згодна весткам сучасьнікаў, увесь край, больш чым на 50 вёрст вакол Полацку, зрабіўся за часы Лівонскай вайны лясною пушчаю. Зьніклі вёскі, зьніклі нівы, зьнік і чалавек, працаваўшы тут у ранейшыя часы. А гэты чалавек меў мазольныя рукі і быў беларускім селянінам і рабочым. Зноў прышлося многа гадоў працоўнаму люду будаваць жыцьцё, каторае было зруйнована імпэрыялістычнаю крываваю барацьбою Рэчы Паспалітай і Масквы.

Па сьмерці Стэфана Баторага зноў пачалося бескаралеўе, каторае цягнулася каля году. На пасад Рэчы Паспалітай магнатамі і шляхтай быў абраны Зыгмунд III Аўгуст (1587-1632) са швэдзкай каралеўскай фаміліі Ваза. Гэта быў выхаванец і прыхільнік езуітаў, всльмі добры каталік і надта няздольны кароль. Ен даваў кірунак сваёй чыннасьці ня паводлуг політычных, дзяржаўных мэт, а паводлуг свайго рэлігійнага настрою. Гісторыя адчыніла яму вялікія магчымасьці для ўплыву.на жыцьцё Маскоўскага гаспадарства, але, дзякуючы сваёй някемнасьці політычнай, ён гэтых магчымасьцяй не скарыстаў як трэба. Масква якраз перажывала смутныя часы, вялікую соцыяльную і політычную разруху. На маскоўскі пасад быў абраны сын Зыгмунда Ўладыелаў. У разумнейшых політыкаў Рэчы Паспалітай, напрыклад, у вядомага гэтмана Жалкеўскага, вынік цікавы плян утварэньня славянскага гаспадарства, у склад каторага ўвашла-б і Масква і на чале каторага стала-б Польшча. Зыгмунд сапсаваў увесь імпэрыялістычны плян свайго гэтмана сваёй упартай каталіцкай політыкай. Ен больш цікавіўся пашырэньнем каталіцтва, чым пашырэньнем тэрыторыі гаспадарства.

У часы гэтага караля зноў на тэрыторыі Беларусі йшла крывавая вайна. З восені 1609 году да восені 1611 году йшла аблога Смаленску, і Зыгмунд з вялікім войскам стаяў пад горадам, пакуль урэшце ня ўзяў яго. Само сабой разумеецца, што гэтая армія кармілася тым, што можна было ўзяць з Беларусі. Потым на працягу 7 год праз Беларусь бесьперарыўна праходзілі войскі, каторыя йшлі ў Маскву і вярталіся адтуль у Польшчу. Усе гэтыя войскі таксама карміліся з Беларусі. Шмат народу было сарвана з тэрыторыі Беларусі як у рэгулярную армію, так і ў тыя прыпадковыя вайсковыя групы, каторыя з усіх канцоў цягнуліся праз Беларусь у Маскоўскае гаспадарства, каб там лавіць рыбу ў каламутнай вадзе. Трэба думаць, што мала хто з іх вярнуўся да сваёй хаты.

Толькі ў 1618 годзе ў невялічкай вёсцы Дзяўліне (каля Масквы і Тройца-Сяргееўскай лаўры) адбылося часовае замірэньне паміж Масквою і Рэчаю Паспалітаю. Па гэтым замірэньні Смаленск увашоў у тэрыторыю Рэчы Паспалітай.

Але барацьба ня скончылася. Справа ў тым, што Ўладыслаў, абраны раней на Маскоўскі пасад, не хацеў адрачыся ад сваіх праў на Маскоўскае гаспадарства. З гэтым ня мог згадзіцца рускі цар Міхаіл Раманаў, абраны на Маскоўскую пасаду ў 1613 годзе. Калі каралём Польшчы зрабіўся вышэйназваны Ўладыслаў (Уладыслаў IV, 1632-1648), змаганьне пашло зноў, і зноў гэтае змаганьне адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

Моцнае Маскоўскае войска лікам у 32 тысячы людзей пачало руйнаваць Беларусь і аблажыла Смаленск. На дапамогу Смаленску з Польшчы прышоў Уладыслаў з арміяй, каторы і прымусіў масквічоў здацца. Вайна цягнулася і далей, але ўжо бяз усякай карысьці для Уладыслава. Пасьля двух год (1632- 1634) вайны пачаліся перагаворы аб згодзе. Паслы Масквы і Рэчы Паспалітай зьехаліся на памежнай рэчцы Палянаўцы і падпісалі "вечную згоду". Смаленск і другія гарады, згубленыя Масквою за часы смуты, засталіся зацьверджанымі за Рэчаю Паспалітаю. Уладыслаў, з свайго боку, адмовіўся ад праў на Маскоўскую пасаду. Здаволілася Польшча, здаволілася і Масква, але аб інтарэсах зьнішчанай Беларусі ніхто не паклапаціўся.

У палове XVII сталецьця скончыўся казацкі рух на Украіне. Ен скончыўся тым, што Украіна, на чале каторай стаў казацкі рэестравы старшыня, паддалася пад "цара ўсходняга праваслаўнага". Дзеля гэтага ў часы кіраваньня польскага караля Яна Казімера (1648- 1668) і маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча (1645-1676) зноў пачаліся войны паміж Масквою і Рэчаю Паспалітаю, а руйнавалася паводлуг звычаю зноў Беларусь, на тэрыторыі каторай ішло імпэрыялі-стычнае змаганьне. Руйнаваньне Беларусі йшло 17 год, з 1654 да 1667 году.

У Беларусь увашло маскоўскае войска амаль што ня ў 200 тысяч людзей. Яно разьбілася на чатыры часьці, Першая армія, на чале каторай стаяў сам цар, пашла на Смаленск і аблажыла горад. Другая армія праз усю цяперашнюю Віцебшчыну пашла на Полацак, трэцяя - на Магілеў, чацьвертая - на поўдзень ад Магілеву. Застагнала, задымілася ад надужыцьцяў і пажараў Беларусь, пакрылася крывёю чалавечаю. Уся праца спынілася; што было здабыта цяжкай працаю - руйнавалася. Найраней здаўся Смаленск, ваявода каторага Піліп Абуховіч быў падкуплены маскоўскім золатам. Цяпер былі насьцеж адчынены маскоўскаму войску вароты на ўсю Беларусь, і яно пашло ўперад, здабываючы ўсё новыя мясцовасьці і гарады. Прашло некалькі месяцаў, і ў руках маскоўскага гаспадара апынуліся гарады - Магілеў, Віцебск, Менск, Горадня, Коўна, Вільня і Трокі. У Троках быў забраны сілаю вядомы троцкі замак, каторага дагэтуль ніхто, нават і немцы ў свой час сілаю не маглі здабыць. I да нашага часу руіны гэтага замчышча сьведчаць аб працы маскоўскіх гармат. Усяго было ўзята Аляксеем Міхайлавічам больш чым 200 гарадоў, мястэчак і замкаў. Пасьля таго, як былі здабыты абедзьве сталіцы былога Літоўска-Беларускага гаспадарства - Вільня і Трокі, Маскоўскі гаспадар пачаў тытулаваць сябе "ўсея Вялікія, Малыя і Белыя Русі Самадзержцам".

У гэты самы час на Рэч Паспалітую з поўначы напалі швэды, а з поўдня - украінскія казакі. Гарады адзін за другім пераходзілі ў іх рукі. Польшча зусім гінула. Выратавалася гаспадарства толькі дзякуючы таму, што пачалася барацьба паміж швэдамі і маскоўскім царом, каторы зрабіў замірэньне з палякамі і пачаў вайну са швэдамі, а Рэч Паспалітая ў гэты час крыху паднялася на ногі, і справы яе пашлі лепш. Калі зноў, пасьля замірэньня, Масква пачала вайну з Рэчаю Паспалітаю, то ўжо яна ня мела вялікай для себе карысьці. Барацьба йшла з пераменным шчасьцем каля дзесяці год. Урэшце, змучаныя гаспадарствы павінны былі ў 1667 годзе зрабіць у Андрусаве (недалёка ад Смаленску) замірэньне на 13 1/2 год.

Умовы замірэньня былі такія. Маскоўскі гаспадар адмовіўся ад Літвы і Беларусі, здабытых яго войскамі, але затрымаў за сабою Смаленск з акалічнымі землямі, каторыя былі адабраны ад Масквы ў смутныя часы. Да Маеквы яшчэ адышла леваберагавая Украіна і на правым беразе Дняпра - Кіеў. Кіеў быў адступлен Маскве на два гады, але застаўся за ёю назаўсёды. Адзін з артыкулаў замірэньня даваў маскоўскаму гаспадару права заступніцтва за праваслаўных жыхароў Польшчы.

У часы кіраваньня каралёў: Міхала Вішнявецкага (1669-1673) і Яна Сабескага (1674-1696) барацьбы паміж Рэчаю Паспалітаю і Масквою ня было. Рэчы Паспалітай прышлося змагацца з туркамі. Каб атрымаць дапамогу Масквы ў гэтым змаганьні, Ян Сабескі ў 1686 г. згадзіўся падпісаць "вечную згоду" з Масквою на ўмовах Андрусаўскага замірэньня. Маскоўскі ўрад ужо адкрыта абвясьціў сябе патронам праваслаўных у Рэчы Паспалітай. У грамаце згоды абгаворана недатычнасьць праваслаўных епархій і пасьвячэньне епіскапаў кіеўскім мітрополітам, каторы залежаў ад Масквы. Гэтыя артыкулы давалі маскоўскаму ўраду права ўмешвацца ў хатнія справы Рэчы Паспалітай.

У часы кіраваньня караля Аўгуста II (1697-1733), сучасьніка Пятра Вялікага, на абшарах Беларусі, Украіны і Вялікарусі адбывалася добра вядомая ўсім Паўночная вайна. I тут паплацілася Беларусь за чужыя інтарэсы. Пётра, каб лепш падгатавацца да вайны ў сваіх межах, паслаў свае войскі на Беларусь, каб яны тут затрымлівалі швэдаў. З 1701 году аж да 1709 году Карл "увяз в Польше" і на Беларусі. Зноў руйнаваліся гарады і вёскі, зноў Беларусь была тэрыторыяй вайны. Расія карыстае са слабасьці Рэчы Паспалітай і ўмешваецца на грунце папярэдніх трактатаў у хатняе жыцьцё аслабелага суседа. Вядома, што, па запатрабаваньні Пятра, Аўгуст II ў 1720 годзе выдаў грамату, каторая забясьпечвала правы праваслаўнай беларускай епархіі. Па сьмерці Аўгуста II рускія войскі прыходзілі на Беларусь і Польшчу, каб пасадзіць на каралеўскую пасаду яго сына Аўгуста III (1733-1764). Гаспадарства ў часы яго кіраваньня перажывае хатнюю анархію, будуючы сабе труну. Кароль, ня маючы моцы спыніць бязладзьдзе, жыве ў сваёй бацькаўшчыне, Саксоніі, толькі часамі наяжджаючы ў Варшаву. Рэлігійны ўціск на Беларусі праваслаўных і протэстантаў прымусіў іх шукаць абароны свайго права за межамі Рэчы Паспалітай. Беларускі праваслаўны архіепіскап Ягоры Коніскі, езьдзіўшы ў Расію на каранацыю Кацярыны II, зьвярнуўся да яе з просьбаю аб абароне праваслаўнага насяленьня ў Рэчы Паспалітай. Тое самае рабілі прадстаўнікі польскіх протэстантаў у заходніх нямецкіх дзяржавах - Аўстрыі і Прусіі. Паступова падгатаўляўся той грунт, апіраючыся на каторы адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай у часы апошняга яе караля Станіслава Панятоўскага, які караляваў пад імем Аўгуста IV (1764-1795).

Каментары чытачоў
Roach42 напiсаў(ла) 27.06.2013 06:36
Неяк вельмі шмат памылак.

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.