Я. Станкевіч - Повесьці й апавяданьні беларускіх (крывіцкіх) летапісцаў

  1. Беларускія (крывіцкія) летапісцы
  2. Сьпіскі беларускіх летапісцаў
  3. Месца паўстаньня беларускага летапісцу, рэдактары й аўтары яго
  4. Повесьці й апавяданьні
  5. Перамога Беларусаў над Масквою
  6. Пахвала аб вялікім князю Вітаўту

Беларускія (крывіцкія) летапісцы

Паводле пары паўстаньня беларускія (крывіцкія) [1] летапісцы дзеляцца на тры вялікія групы: 1) летапісцы, паўсталыя да XIV стагодзьдзя; 2) летапісцы, паўсталыя ад XIV-XVII стаг. ўлучна і 3) летапісцы, паўсталыя ў XVIII стаг.

Мова будзе аб беларускіх летапісцах другое пары, г. зн. напісаных у XIV-XVII стаг. Гэта была пара, калі беларускі народ быў злучыўшыся ў вадным сваім гаспадарстве, ведамым пад назовам Вялікага Княства Літоўскага.

Сьпіскі беларускіх летапісцаў

Беларускія летапісцы захаваліся не асобна кожны, але ў зборніках. Арыгіналы летапісных зборнікаў узноў такі загінулі, а захаваліся сьпіскі - копіі з іх.

Назовы свае сьпіскі дасталі ад асобы ці месца, дзе былі знойдзены ў XIX і XX стаг., або ад месца, дзе яны цяпер ёсьцека. Гэтак, прыкл., сьп. Быхаўцаў у часе знаходу належыў да Аляксандры Быхаўца.

Падамо колькі ведамасьцяў аб сьпісках.

1. Сьпіс Супрасьльскі знойдзены ў 1820 г. ў зборніку Супрасьльскага манастыра (ля Беластоку); напісаў яго ў 1519 г., перапісуючы арыгінал летапіснага зборніка або ранейшую копію, Рыгор Івановіч, паповіч, слуга князя Сямёна Адзінцэвіча. Арыгінал гэтага зборніка складзены быў кім іншым у першай палавіне XV стаг.

2. Сьпіс Увараўскі дахаваўся ў зборніку графа А. Ўварава. У XVI стаг. Ён належыў да князёў Слуцкіх. Сьпісак напісаны ў канцы XV стаг.

3. Сьпіс Нікіфараўскі, паводле традыцыі, быў вывезены із Жыравіцкага манастыра, дахаваўся ён у зборніку Н. Нікіфарава.

4. Сьпіс. Віленскі або Аўраамкаў перад вайною быў у Віленскай публічнай бібліётэццы. Напісаў яго ў 1495 г. Ў Смаленску Аўраамка, асоба духоўная, што відаць із цытатаў яго із Сьв. Пісьма. Ён быў блізкі да япіскапа смаленскага Язэпа Баўгарыновіча, што бачым з гэткае прыпіскі: „У лета 7003 (1495) напісана бысьць сія кніга, глаголемы летапісец, у градзе Смаленсьце, пры дзяржаве вялікага князя Аляксандра, ізваленьням Божыем і павяленьням гаспадзіна ўладыкі япіскапа смаленскага Іосіфа, рукою мнагагрэшнага раба Божыя Аўраамкі”.

5. Сьпіс Патрыяршы напісаны ў канцы XVII стаг. Галоўна каля Воршы й Магілева. Арыгінал зборніка паўстаў у пач. XVII стаг. Часьць Патрыяршага сьпіску складае мясцовы Баркалабаўскі летапісец, абыймаючы час ад 1563-1608 г. І напісаны ў канцы XVI і пач. XVII стаг. Ў Баркалабаве, Быхаўскага пав. Аўтарамі яго былі два прав. Сьвяшчэньнікі: Аляксей Гаўрылавіч Мсьціславец і Хведар Піліповіч Магілевец, каторага прызнаюць так-жа ўкладчыкам усяго гэтага сьпіску (яго арыгіналу).

6. Сьпіс Рачынскага ў беларускім зборніку бібл. Рачынскага ў. Пазнані. Як і ўвесь зборнік, летапісец у XVI стаг. Належыў да Ўніхоўскіх з Наваградзкага пав. Напісаны каця 1580 г.

7. Сьпіс Быхаўцаў дахаваўся напісаны лацінскімі літарамі ў канцы XVI або пачатку XVII стаг. 3 фонэтыкі захаванае копіі відаць, што апошнім перапісавальнікам быў Украінец. Ф. Нарбут надрукаваў гэты сьпісак у сваёй працы „Pomnikiі do dziejow litewskich" (Вільня, 1846). Просьле гэтага сьпісак Быхаўцаў зьгінуў. Праўдзівасьць надрукаванага Нарбутам тэксту пацьвярджаецца шмат якімі мясцамі польскай хронікі Стрыйкоўскага, прыводжанымі ім з беларускіх летапісцаў.

Апрача вышменаваных ёсьць яшчэ гэткія сьпіскі беларускіх летапісцаў: Акадэмічны, Дуброўскага, Румянцаўскі, Красінскага, Археёлёгічны, Яўрэінаўскі, Ціханраваў і Альшэўскі-усяго 15 сьпіскаў. Пры гэтым трэба зацеміць, што сьпісак Альшэўскі захаваўся ў польскім перакладзе. Асобны летапісец (ня зборнік) пад назовам „Origo regis" захаваўся ў перакладзе лацінскім. Захавалася яшчэ сьпіскаў 9 радаводаў „вялікіх князёў літоўскіх".

Ня мала беларускіх летапісных сьпіскаў загінула. Сьведчаць аб гэтым польскія хроністыя Стрыйкоўскі й Бельскі, што карысталіся большай колькасьцяй беларускіх сьпіскаў, чымся мы маем цяперака.

Сьпіскі крывіцкага летапісцу не адразу сталі ведамы навуццы. Знойдзены яны былі ў часе ад 1820 г. да сусьветнае вайны. Апошнім быў знойдзены сьпісак Ціханраваў.

У меру знаходжаньня сьпіскі былі друкаваны, некаторыя па колькі разоў. Аднак выданьні іх мелі мноства заганаў. У 1907 г. выйшла поўнае й добрае выданьне беларускіх летапісцаў. Зрабіла яго Археёграфічная Комісія Пецярбурскай Акадэміі Навук пад рэд. С. Пташыцкага й А. Шахматава. Тут крывіцкія летапісцы XIV-XVII стаг. пад назовам „Западно-русские летописи" склалі XVII том „Полного собрания русских летописей", пазьней перавыданы. У выданьню Археёграфічнае Комісі надрукаваны ўсе сьпіскі крывіцкіх летапісцаў, з выняткам сьпіску Ціханрававага, знойдзенага пазьней; надрукаваны так-жа лацінскі тэкст „Origo regis", „Пахвала Вітаўту" паводле запісу 1428 г. і 9 сьпіскаў радаводаў „вялікіх князёў літоўскіх".

Знойдзены пазьней сьп. Ціханраваў выдаў С. Разанаў у час. „Украінський Науковий Збірник" (Масква, 1915).

Паводле XVII т. „Полн. собр. рус. лет." Вацлаў Ластоўскі перадрукаваў у Коўні 1925 г. сьпісак Рачынскага. Выданьне Ластоўскага з языкаведнага гледзішча не даволі ўважнае, языкаведнікі ім карыстацца ня будуць. Дзеля таго ня было патрэбы заховаваць у перадруку царкоўна-славянскага правапісу, што ў неспэцыялістых прыводзіць да хвалшывага прадстаўленьня аб фонэтыццы стара-беларускага языка.

Рэдакцыі крывіцкіх летапісцаў. Усе вышменаваныя сьпіскі дзеляцца на тры групы: 1) кароткія сьпіскі - Супрасьльскі, Увараўскі, Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі й Дуброўскага; 2) даўжэйшыя або пашыраныя сьпіскі-Красінскага, Патрыяршы, Рачынскага, Яўрэінаўскі, Румянцаўскі, Археёлёгічны, Ціханраваў і 3) адзін найвялікшы сьпісак - Быхаўцаў.

Першая група розьніцца ад абедзьвіх іншых тым, што стаіць у цеснай сувязі із смаленскім летапісаньням і ня мае выдуманай казачнай гісторыі беларускага народу. 3 усіх кароткіх сьпіскаў найпаўнейшыя Супрасьльскі й Увараўскі, прычым гэты старшы, але гэны найтыпічнейшы. Сярод групы пашыраных сьпіскаў найлепшы сьпісак Красінскага.

Сьпіскі першае групы вельмі падобныя адны да адных, яны маюць блізу аднолькавы тэкст; дзеля таго складаюць адну рэдакцьпо беларускіх летапісцаў, пайменна рэдакцыю кароткую.

Пашыраныя сьпіскі ладне розьняцца паміж сабою, але й яны на гэтулькі блізкія, што складаюць адну другую - пашыраную рэдакцыю беларускіх летапісцаў. Пашыраная рэдакцыя паўстала такім спосабам, што ў яе ўвайшоў увесь зьмест рэдакцыі кароткае, але ў хворме часта зьмененай, пераробленай ды дадана казачную гісторьпо крывіцкага народу і гістарычныя весьці з часоў просьле ўлажэньня кароткае рэдакцыі. Ёсьць і некаторыя іншыя розьніцы.

Сьпісак Быхаўцаў ёсьць цяпер адзіным прадстаўніком трэйцяе рэдакцыі беларускіх летапісцаў. Яна была ўкладзена з сьпіскаў кароткае й складанае рэдакцыі, пры чым менаваныя сьпіскі ў трэйцяй рэдакцыі былі компілятыўна ператвораны. Вельмі важным зьявішчам у трэйцяй рэдакцыі ёсьць тое, што летапісны зборнік быў вельмі пашыраны на аснове новага матар'ялу. Дык-жэ характэрнай асаблівасьцяй сьпіску Быхаўцавага ёсьць найпаўнейшае выкарыстаньне матар'ялаў з гісторыі беларускага народу і яго гаспадарства. Дзеля таго трэйцяя рздакцыя завеццарэдакцыяй поўнай.

Кароткая рэдакцыя летапісцу ёсьць адначасна рэдакцыяй найстаршай. Была яна складзена не пазьней 40-ых год XV стаг.

Дзьве другія рэдакцыі шмат пазьнейшыя за першую і бліжшыя адна да аднае. Другая рэдакцыя складзена не пазьней 1550 г., а трэйцяя ў 60-ых гг. XVI стаг.

Сьпіскі ўсіх трох рэдакцыяў прадстаўляюць сабою надзвычайна цікавае й характэрнае зьявішча. Абыймаюць яны 4 стагодзьдзі гісторыі беларускага народу, маюць тры рэдакцыі, у каторыя ўвайшло шмат асобных летапісцаў, пісаных аўтарамі, паходзячымі з розных мясцовасьцяў вялікага беларускага краю, а тым часам адзначаюцца яны вельмі выдзержаным нацыянальным характарам беларускім. Аўтары іх рупяцца аб долі свайго народу, цешацца з яго шчасьця, горача прыймаюць да сэрца ягонае гора, жьгвуць яго тугою й імкненьнямі. Заўсёды прадстаўляюць яны справу беларускую справам сваіх суседзяў, галоўна маскоўскай і польскай. На ўсім працягу беларускага летапісаньня нямашака прыкладу, каб які аўтар летапісцу разьмінуўся з імкненьнямі свайго народу або хоцьбы адносіўся да іх пасыўна. Зырка патрыётычны характар беларускіх летапісцаў - гэта найгалаўнейшая іх характэрная рыса.

3 апісаваных у летапісцах падзеяў і суб'ектыўных адносінаў да іх аўтараў відаць, што існавала ў той час вялікае грамадзянства беларускае, каторае з нацыянальнага боку было моцна арганізаванае душэўна і сьвядомае сваіх нацыянальных патрэбаў.

Праслаўляючы гэроеў свае бацькаўшчыны, аўтары летапісцаў дарогаю ўзьвялічэньня гэроеў узьвялічаюць прадстаўлены імі народ. У гэткім разуменьню бел. летапісцы зусім чыста гаспадарсьцьвеныя [2]. Дык-жэ, бел. летапісцы сьведчаць, што тагачасныя Беларусы (Крывічы) Вялікае Княства Літоўскае ўважалі за гаспадарства сваё собскае, беларускае. Каб ня было іншых довадаў, дык стала-б аднаго гэтага на тое, што Вялікае Княства Літоўскае было гаспадарствам беларускім. Ня можа быць, каб нашыя прэдкі, грамадзяне гэтага гаспадарства, мыліліся ў працягу 4-х вякоў.

Беларусы за Вялікім Княствам Літоўскага самі сябе звалі Ліцьвінамі, а сваё гаспадарства Літвою, а ў такім прыпадку палітычная (гаспадарсьцьвеная) асыміляцыя Беларусаў магла-б быць адно тады, калі-б настала асыміляцыя культурна-нацыянальная.

Але ня можа быць гутаркі аб культурна-нацыянальнай асыміляцыі тагачасных Беларусаў Ліцьвінамі (паводле цяперашняе тэрмінолёгіі), бо даўнейшыя Беларусы ў поўнай меры жылі сваім культурна-нацыянальным жыцьцём. Апрача таго дыспропорцыя паміж культурнай роўняй Ліцьвіноў і Беларусаў была вялізарная і не на карысьць Ліцьвіноў.

Дык Вял. Кн. Літоўскае, уважанае нашымі прэдкамі гаспадарствам сваім, і было запраўды такім - іхнім і нашым, беларускім.

Сваім стылям нашыя летапісцы, ня гледзячы на свой назоў, бліжэй падыходзяць да хронікаў (напару яны й назоў маюць „кройнікі"), бо запісаў па гадох маюць ня.шмат, а часьцей цэлыя апавяданьні. Гэтым беларускія летапісцы розьняцца ад летапісцаў маскоўскіх і ўкраінскіх. Дзеля гэтае свае асаблівасьці бел. летапісцы чытаюцца лёгка. Мова іх чыста беларуская [3], як і ўся ўрадовая й літаратурная мова Вял. Кн. Літоўскага, і адно ў колькіх старшых апавяданьнях ёсьць шмат элемэнтаў мовы царкоўна-славянскае.

Значэньне беларускіх летапісцаў вялізарнае. У стара-беларускай літаратуры гістарычнай яны займаюць такое месца, як Літоўскі Статут у стара-беларускай літаратуры праўнай. У часы беларускай гаспадарсьцьвенасьці нашыя летапісцы былі пашыраны паміж усяе беларускае інтэлігенцыі: духавенства, паноў, рыцарства, мяшчанаў.

Няма дзіва, што такія важныя гістарычньія творы рабілі ўплыў на гістарычныя працы суседніх народаў. Польскія хроністыя - Длугаш, Мехавіта, Бельскі, Стрьшкоўскі - асабліва апошнія два - імі шырака карысталіся. Стрыйкоўскі часта карыстаўся з розных сьпіскаў беларускіх летапісцаў, на'т паўнейшых, як ведамыя нам цяперака. Мы відзелі вышэй, што адзін з сьпіскаў пераклалі Палякі на сваю мову. Мелі ўплыў крывіцкія летапісцы так-жа на ўкраінскае летапісаньне XVII стаг. Затое малы ўплыў нашых летапісцаў на летапісаньне маскоўскае (расейскае).

У навуковай літаратуры беларускія летапісцы ведамы пад колькімі назовамі. Адныя завуць іх беларускімі, прыкл., М. Кастамараў, Карскі, іншыя - заходне-рускімі. Другі назоў чыста штучны, але часта ўжываецца ў расейскай навуццы, асабліва ў вадносінах да беларускае мінуласьці; радзей гэты назоў ужываецца ў літаратуры ўкраінскай.

Часта завуць беларускія летапісцы літоўскімі, бо й рэдактары летапісцаў іх гэтак назвалі. Ад пал. XIV-XVIII стаг. ўлучна назоў „Ліцьвін", „Літва" і г. д. адносіўся наўперад да народу беларускага. Аб гэтым я пісаў у сваім артыкуле „Czas powstania narodow bialoruskiego i litewskiego" (Sprawy narodowsciowe, 1931, № 4-5, бач. 447). Гэтта дадам адно крышачку. Выглядае, што назоў „Ліцьвін", „Літва" і г. д. спачатку адносіўся толькі да невялічкай часьці цяперашняе Літвы (часьці Аўкштоты) [4]. Памалу гэты назоў пашыраецца на суседнія землі беларускія і іншыя часьці Аўкштоты [5], так што ад пал. XIV стаг. абыймае ўжо блізу ўсю Беларусь і Аўкштоту. Жамойць ніколі ў мінуласьці ня звалася Літвою і адно гэты назоў на яе быў пашыраны ў ХГХ і XX стаг. адраджэнскім рухам літоўскім. Значыцца, адначасна Беларусы й Аўкштотцы зваліся Ліцьвінамі, адныя былі Ліцьвіны балтыцкія, другія - славянскія. Дзеля таго, што Беларусы былі ў Вял. Кн. Літоўскім запраўды народам гаспадарсьцьвеным, дык яны засланілі сабою Аўкштотцаў, і назоў „Ліцьвін" і г. д. звычайна адносіўся да Беларусаў. Калі хто хацеў ужыць назоў „Ліцьвін" да Ліцьвіноў балтыцкіх, дык мусіў дадаваць розныя паясьненьні, бо накш яго аднесьлі-б да Беларусаў. Прыкладам, гэтак польскі хроністы М. Бельскі пісаў у XVI стаг.: (Prusom) "jezyka zadny nie rozumie, jedno sami sobie; jam slyszal ich rzech, gdym bywal we Gdansku, bardzo podobna litewskiej, tej Litwy, ktore zowa Kurowie (bardzo trafna i sluszna uwaga! - дадае А. Брыкнэр)... to ci Kurowie jednego narodu ze staremi Prusy sa" [6].

Пашырэньне назову ад народу негаспадарсьцьвенага на народ гаспадарсьцьвены ў гісторыі нярэдка сустракаецца. Гэтак, прыкладам, Немцы, заваяваўшы балтыцкіх Прусаў, самі памалу сталі звацца Прусакамі. У XVI-XVIII стаг., а на'т раней назоў „Прусы", „Прусакі" адносіўся да Немцаў прускіх, хбць у той самы час жылі яшчэ Прусы балтыцкія і таксама гэтак называліся. Значыцца было зусім так, як паміж Беларусамі й Ліцьвінамі.

Дзеля таго што цяперака беларускі народ завуць адно даволі часта Украінцы і просты народ маскоўскі Ліцьвінамі, а іншыя завуць Беларусамі або Крывічамі, дык можна было-б і назоў „Ліцьвін", „літоўскі" і г. д., часта сустраканы ў вапавяданьнях летапісных, замяніць на сучасны назоў беларускага народу. Але, з другога боку, назоў „Літва" і г. д. у вадносінах да Беларусаў у мінуласьці так заўсёды ўжываўся, такім ён там ёсьцека сваім, прыродным, што замяняць яго ў летапісных апавяданьнях назовам сучасным значыла-б рабіць крывавую апэрацыю. Дзеля таго назоў „Літва", „літоўскі" і г. д. пакінены ў ніжэй друкаваных апавяданьнях.

  • [1] Назвы „Крывіч", „крывіцкі" і г. д. і „Беларус", „беларускі" і г. д. ужываюцца ў тым самым значэньню.
  • [2] Прыр.: И. Тихомиров. О составе западно-русских так называемых литовских летописей (ЖМНП, 1901, № 3 й 5).
  • [3] Прыр.: Я. Карскі. О языке т. н. литовских летописей (Варш. Ун. Изв. 1894, №11).
  • [4] H. Lowmianski. Studia nad poczatkami spoleczenstwa i panstwa litewskiego. Вільня, 1931.
  • [5] Аўкштота палітоўску значыць „верх", аЖамойць - „ніз". Этымолёгічнае значэньне слова „Літва" няведамае, алеў слове „ліцьвін" суфікс „ін"- беларускі. У літоўскай мове гэтыя назовы маюць крыху накшую хворму - Lietuva (=Літва), lietuvis (=ліцьвін).
  • [6] A. Brukner. Z dziejow jez. Polskiego, I, бач. 39.
Дата публікацыі: 17.12.2008


Каментары чытачоў

Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.






Увядзіце код