Дзесяць гадоў беларускай гістарыяграфіі

З развалам СССР звязаныя несумненна самыя значныя перамены ў беларускай гуманістыцы. Упершыню разам з атрыманнем дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і беларуская гістарыяграфія зрабілася самастойнай. Першыя гады пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці сталі парой яе бурнага разнявольвання і дэсаветыза цыі, інстытуцыйнага ўмацавання і актыўнага ўсталявання міжнародных кантактаў. Менавіта тады гісторыкі выступалі з найбольш смелымі гіпотэзамі і публікавалі сенсацыйныя дакументы, тады наладжваліся першыя міжнародныя канферэнцыі і круглыя сталы, у прыватнасці - з польскімі і літоўскімі калегамі, ствараліся супольныя камісіі для абмеркавання падручнікаў, нараджаліся новыя выдавецкія ініцыятывы. Па колькасці выдадзенай літаратуры і раптоўным узбагачэнні яе тэматыкі 1992-1994 г. можна лічыць своеасаблівым рэнесансам беларускай гуманістыкі. Рэнесансам, які, аднак, захутка скончыўся.

Аналіз сутнасці пераменаў у беларускім гісторыяпісанні мінулага дзесяцігоддзя з падрабязнай „інвентарыза цыяй" яго дасягненняў і стратаў, навацый і рэанімацый толькі набывае актуальнасць. Калі да яго дойдзе - гэта стане важным крокам росту нашай гуманістыкі. Паспрабую пакуль сцісла агледзець, што мянялася ў беларускай гістарыяграфіі пасля 1991 г. на ўзроўні яе структурных элементаў, такіх як 1) інстытуцыі, 2) кадры, 3) перыядычныя выданні, 4) тэорыя і метад, 5) актуальныя тэмы, стэрэатыпы і міфы.

1. Ад савецкай эпохі ў Беларусі захавалася інстытуцыйная адмежаванасць навукі ад адукацыі: першая лічыцца прыярытэтам акадэмічных інстытутаў, другая - устаноў вышэйшай школы. У галіне гістарычнай навукі вядучай установай быў і застаецца Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Разам з археолагамі, якія складаюць каля 1/3 калектыву вучоных, супрацоўнікі інстытута вядуць даследаванні толькі айчыннай гісторыі, ахапляючы ўвесь храналагічны дыяпазон - ад глыбокай старажытнасці да нашых дзён. Па-за Акадэміяй айчыннай гісторыяй ХХ ст. займаюцца ў створаным у 1992 г. Беларускім навукова-даследчым інстытуце дакументазнаўства і архіўнай справы. З 1999 г. функцыянуе Археаграфічная камісія Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве (раней свая археаграфічная камісія ў Беларусі існавала толькі пры Інстытуце Беларускай Культуры ў 1925-30 г.), хоць беларуская археаграфія застаецца ў зародкавым стане. Гістарычныя даследаванні ў меру магчымасцяў праводзяць таксама супрацоўнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. На жаль, да навуковых устаноў не выпадае аднесці гістарычныя музеі краіны, у якіх (за рэдкім выключэннем) даследчыцкая праца проста не практыкуецца.

У сістэме вышэйшай школы на 1991 г. існавала пяць гістарычных факультэтаў: тры універсітэцкія (у Мінску, Горадні і Гомелі) і два ў педінстытутах (у Мінску і Магілёве). У сярэдзіне 1990-х гадоў паўстаў Полацкі універсітэт, а Берасцейскі, Віцебскі, Магілёўскі і Мінскі педінстытуты, у якіх меліся гістфакі, атрымалі статус універсітэтаў. Такім чынам, цяпер спецыяльнасць гісторыка можна атрымаць у сямі універсітэтах краіны, сярод якіх вядучую ролю выконвае Беларускі дзяржаўны універсітэт у Мінску.

2. Прафесійна-кадравы патэнцыял айчыннай гістарыяграфіі фармальна ацэньваецца колькасцю падрыхтаваных і занятых у сферы навукі спецыялістаў. Па дадзеных на 1990 г. у Беларусі было 62 дaктары і 602 кандыдаты гістарычных навук. На працягу дзесяці гадоў іх колькасць пастаянна расла і на пачатку 2000 г. у краіне налічвалася ўжо 104 дaктары і больш за 700 кандыдатаў. Аднак далёка не ўсе падрыхтаваныя спецыялісты папаўнялі корпус гісторыкаў Беларусі. На той жа 2000 г. у навукова-даследчых установах і вышэйшай школе краіны было занята толькі крыху больш за 2/3 спецыялістаў з навуковымі ступенямі - 75 дактароў і 400 кандыдатаў навук1. Для параўнання: на пачатку „перабудовы" (1987 г.) даследчыцкай і навукова-педагагічнай працай у БССР у сферы гісторыі займалася 50 дактароў і 457 кандыдатаў навук2.

Ядро кваліфікаваных гісторыкаў краіны, як і раней, засяроджана ў дзвюх установах - у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і на гістарычным факультэце БДУ. Фармальна іх кадравыя патэнцыялы прыкладна роўныя: на канец 1999 г. у першым было 15 дактароў і 48 кандыдатаў, а на гістфаку працавала 11 дактароў і 52 кандыдаты. Аднак захавалася істотная розніца ў спецыялізацыі кадраў і прыярытэтах дзейнасці: калі Інстытут гісторыі па-ранейшаму даследуе толькі айчынную гісторыю, то вучоныя універсітэтаў займаюцца і ўсеагульнай гісторыяй. На гістарычным факультэце БДУ, у прыватнасці, распрацоўваюцца праблемы антычнай гісторыі, старажытнага Ўсходу, новай і найноўшай гісторыі краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама пытанні метадалогіі гісторыі і тэарэтычнай гістарыяграфіі.

Важным паказнікам навуковага патэнцыялу лічыцца колькасць і якасць дысертацыйных даследаванняў. Падлічана, што калі ў сярэдзіне 1980-х - пачатку 1990-х г. у Беларусі кожны год абаранялася прыкладна па 5-6 дактароў і 24-25 кандыдатаў гістарычных навук, то ў сярэдзіне 1990-х выявіўся пэўны спад у падрыхтоўцы навуковых кадраў. У цэлым з 1991 па 1999 г. уключна ў краіне абаранілася 34 дaктары і 136 кандыдатаў гістарычных навук, г. зн. у сярэднім на кожны год прыпадае 3,5 доктарскіх і 17 кандыдацкіх дысертацый, што амаль у два разы менш, чым у папярэдняе дзесяцігоддзе 3. Гэты колькасны паказнік стаў расці толькі ў апошнія гады. Так, калі ў 1999 г. было абаронена 5 доктарскіх і 29 кандыдацкіх, то ў 2000 г. - адпаведна 8 і 364, а ў 2001 г. - 7 і 26 дысертацыйных даследаван няў5. Гэта прыкладна такія ж лічбы, як да распаду Савецкага Саюза.

На жаль, за тэндэнцыяй узрастання колькасці падрыхтаваных спецыялістаў хаваецца якаснае пагаршэнне іх кваліфікацыі. Яно абумоўлена зніжэннем як агульнага адукацыйнага ўзроўню, так і планкі патрабаванняў да дысертацыйнага даследавання. Апошняму паспрыяла, найверагод ней, стварэнне шэрагу спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый пры універсітэтах, як і аслабленне каардынацыйнай функцыі акадэмічнага цэнтра. Адбылася своеасаблівая дэвальвацыя навуковай ступені і „правінцыялі зацыя" гістарычнай навукі.

Затое змены ў спецыялізацыі кадраў, несумненна, станоўчыя. Калі ў 1980-х г. у Беларусі да 70% дысертацый прысвячалася партыйнай тэматыцы (камуністычнай партыі, рабочаму класу, прафсаюзам, камсамолу і г.д.)6 і адпавядала не столькі навуковым, колькі ідэалагічным патрабаван ням, то ў Рэспубліцы Беларусь гісторыя партыі як навуковая і навучальная дысцыпліна з 1992 г. скасаваная. З падрыхтаваных за 1990-я г. 34 дактароў і 136 кандыдатаў навук ужо больш за 2/3 спецыялізавалася па гісторыі Беларусі, а другое месца па колькасці абароненых дысертацый займала ўсеагульная гісторыя 7. Што праўда, пры ідэалагіч най нейтральнасці тэмаў дысертацыйных даследаванняў па айчыннай гісторыі яны ў абсалютнай большасці ўсё ж засталіся традыцыйныя.

Ва ўмовах недахопу кадраў большасць былых спецыялістаў па гісторыі партыі ўзялася выкладаць гісторыю Беларусі, што прывяло да зніжэння ўзроўню выкладаных ведаў, а нярэдка і да дыскрэдытацыі прадмета ў вачах студэнтаў. Станоўчым вопытам гістарычнага факультэта БДУ стала шырокая практыка запрашэння на выкладанне спецыялістаў з іншых навуковых устаноў. Частка акадэмічных гісторыкаў даўно вядзе свае курсы ў ВНУ, што спрыяе збліжэнню гістарычнай навукі з адукацыяй. Аднак працэс перадачы ведаў не просты, таму такое камбінаванне не заўсёды эфектыўнае. Увогуле ж сітуацыя з выкладаннем на гістфаках пагоршылася, пра што можна меркаваць не столькі па прыватных назіраннях, колькі па якасці новых дапаможнікаў для ВНУ. Некаторыя з іх да абурэння спрошчаныя і перапоўненыя нават фактаграфічнымі памылкамі 8. Напісаны яны, як правіла, на падставе толькі руска- і беларускамоўных выданняў, так што ад студэнтаў цяпер ужо не патрабуецца чытаць літаратуру на замежных мовах. Непасрэдным доказам гэтага заняпаду стала зніжэнне агульнага ўзроўню ведаў, якое апошнімі гадамі дэманструюць абітурыенты на ўступных экзаменах у аспірантуру пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Дакладна такую ж з'яву адзначаюць у сябе ўкраінскія калегі9.

Сам акадэмічны флагман гістарычнай навукі, які папаўняецца лепшымі выпускнікамі гістфакаў, даўно перажывае інстытуцыйны крызіс. З аднаго боку, за постсавецкі перыяд у ім адбылася пэўная структурная перабудова: з'явіліся новыя аддзелы - нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі, ваеннай гісторыі, міжнародных адносін і спецыяльных гістарычных дысцыплін. З іншага ж боку, за гэты час у інстытуце значна скараціліся навуковыя кадры (амаль на 1/3)10, што звязана найперш з радыкальным пагаршэннем фінансавання. Частка гісторыкаў перайшла працаваць ва універсітэты, дзе і заробак вышэй, і становішча больш стабільнае, іншыя падаліся ў бізнэс або з'ехалі з Беларусі. З прычыны недахопу фінансавых сродкаў з сярэдзіны 1990-х г. асабліва адчувальна скараціліся аб'ёмы археалагічных даследаванняў і выданне навуковай літаратуры. З 1993 г. некаторыя даследаванні і выданні фінансаваў Беларускі фонд Сораса, але пасля яго выдалення з Беларусі (1996) гістарычная навука і адукацыя краіны сталі залежаць выключна ад дзяржаўнага фінансавання. Між тым, у апошнія гады яно звялося практычна толькі да фонду зарплаты. Пра даследчыцкія камандзіроўкі гісторыкі мусілі забыць. На выданне нават выкананых па дзяржаўнай праграме манаграфій акадэмічнае выдавецтва „Беларуская навука" прапануе аўтарам самім шукаць фінансаванне. Большая частка навуковай літаратуры па гісторыі ў другой палове 1990-х г. стала выходзіць не з дзяржаўных выдавецтваў ці прынамсі не за дзяржаўныя грошы. Не маючы ніякага менеджменту, навуковыя ўстановы гуманітарнага профілю проста не здольныя прыстасоўвацца да новых эканамічных умоў.

3. У адрозненне ад суседніх рэспублік, у Беларусі ў савецкія часы гісторыкі не мелі свайго навуковага перыядычнага выдання. Доўгі час магчымасці іх публікацый абмяжоўваліся танюткім бюлетэнем „Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", які толькі на хвалі „перабудовы" ў 1989 г. быў ператвораны ў гістарычна-культурны часопіс „Спадчына". Аддаючы належнае гэтаму старэйшаму перыёдыку, старонкі якога так ахвотна выкарыстоўвалі гісторыкі, нагадаю, што ён разлічваўся на масавую аўдыторыю і паслядоўна выконваў місію папулярызацыйна-асветніцкага выдання. Навуковыя ж гістарычныя часопісы з'явіліся ў Мінску адно пасля абвяшчэння краінай дзяржаўнага суверэнітэту.

Першы нумар „Беларускага гістарычнага часопіса", заснаванага флагманамі гістарычнай навукі, выйшаў у 1993 г. На яго справядліва глядзелі як на цэнтральны перыядычны орган гісторыкаў краіны. Такім яго бачылі і заснавальнікі, абяцаючы, што „часопіс будзе працаваць на станаўленне новай парадыгмы гісторыі" 11. На жаль, спадзяванні не спраўдзіліся: доўгачаканае выданне з першых жа нумароў стала захапляцца дыдактыкай, а потым і зусім абмежавалася чыста адукацыйнымі задачамі. Другі часопіс „Беларуская мінуўшчына", заснаваны таксама ў 1993 г., ад пачатку, па самой задуме яго стваральнікаў быў „гістарыч на-публіцыстыч ны", таму гісторыкі і не маглі шмат чакаць ад папулярызацыйнага выдання. „Беларуская мінуўшчына" праіснавала да 1998 г., а з 1999 г. замест яе сталі выходзіць „Архівы і справаводства" - вузка-ведамасны часопіс Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве. Расчарава насць у БГЧ і адсутнасць прафесійнага гістарычнага выдання прывялі да таго, што ў 1994 г. з прыватнай ініцыятывы паўстаў незалежны „Беларускі Гістарычны Агляд". Фактычна, толькі ён ставіў на мэце ажыўленне ды канцэптуальнае абнаўленне беларускай гістарыяграфіі 12 і кіраваўся гэтай задачай, культывуючы крытычныя рэцэнзіі на айчынныя выданні і знаёмячы чытачоў з немарксісцкай навукай, з новымі падыходамі ў заходняй гуманістыцы. З'явіліся таксама рэгіянальныя перыёдыкі гістарычнага профілю, з якіх найбольш варты ўвагі „Гістарычны альманах", што выдаецца з 1998 г. у Горадні (нядаўна ператвораны ў выданне „Беларускага Гістарычнага Таварыства").

Інстытут гісторыі недаравальна доўга абыходзіўся без свайго перыядычнага ці хоць бы серыйнага выдання. Не вытрымаўшы, археолагі інстытута з 1993 г. пачалі выпускаць свой „Гістарычна-археалагічны зборнік", надаўшы яму статус інстытуцкага 13. Толькі ў 1999 г., да 70-годдзя інстытута, у свет выйшаў першы нумар даўно чаканага „Штогодніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі", аднак працяг яго выдання няпэўны. У 2000 г. з'явіўся і „Беларускі археаграфічны штогоднік", выдаваны дзяржаўнымі архіўнымі службамі, які пакуль трымаецца ўпэўнена.

Не ставячы на мэце ацэнку ролі перыядычных выданняў у станаўленні сучаснай беларускай гістарыяграфіі, ужо цяпер можна беспамылкова казаць пра іх бясспрэчную заслугу ў актывізацыі гістарыяграфічнага працэсу і ўмацаванні ў ім самой крытычнай рэфлексіі. Хоць гістарычная перыёдыка ў Беларусі дасюль як след не ацэненая і (таму) - парадокс! - у большасці не запатрабаваная тымі, хто займаецца гісторыяй прафесійна.

4. Убоства гістарычнага матэрыялізму як тэорыі і метаду гістарычных даследаванняў для многіх гісторыкаў было відавочным задоўга да фактычнага распаду СССР. Крах савецкага блоку непазбежна вёў да пераасэнсавання і перапісвання гісторыі, пачаткам чаго мусіла стаць пераацэнка канцэпцый. Адмаўленне ад партыйнага і класавага падыходу азначала прызнанне прыярытэту агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцяў. Не дзіўна, што на ўзроўні агульных канцэптуальных прынцыпаў пераарыентацыя адбывалася хутка і бесканфліктна. За 1991-92 г. беларускія гісторыкі, найперш супрацоўнікі Інстытута гісторыі (пры галоўнай ролі Міхаіла Біча), распрацавалі новую канцэпцыю гісторыі, названую нацыянальна-дзяржаўнай 14. Яе асноўныя прынцыпы (дэпалітызацыя, дэідэалагізацыя, аб'ектыўнасць і да т.п.) паўтаралі набор стандартных патрабаванняў да кожнага навуковага даследавання, прынцыпова ж новым было прызнанне нацыянальна-дзяржаўных каштоўнасцяў у якасці крытэрыю ацэнкі15. Фактычна ўпершыню афіцыйна быў прадэклараваны курс на стварэнне нацыянальнай гістарыяграфіі як „свайго погляду на ўласны гістарычны шлях" (М.Біч). Натуральная місія новай канцэпцыі праглядалася ў гістарычным абгрунтаванні заканамернасці дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.

Прадстаўляючы асноўныя прынцыпы новай гістарычнай канцэпцыі на першым агульнабеларускім форуме гісторыкаў у 1993 г., дырэктар Інстытута гісторыі Міхаіл Касцюк падкрэсліў, што „прыйшоў час крытычных адносін да марксізма-ленінізма", і ў якасці актуальнай задачы гісторыкаў вызначыў стварэнне „дэідэалагізаванай" і „аб'ектыўнай гісторыі беларускага народа"16 . Дэкан гістарычнага факультэта БДУ Пётр Шупляк выказаўся больш вобразна: „Беларускім гісторыкам, даследчыкам і педагогам патрэбен свой, беларускі погляд на ўсеагульную гісторыю" 17.

У святле натуральнасці права народа мець свой погляд на гісторыю пафас гэтых слоў зразумелы. Аднак адкрытым заставалася пытанне, пры дапамозе якога метадалагічнага інструментарыя мусіла пісацца „аб'ектыўная гісторыя"? Што мусіла замяніць гістарычны матэрыялізм?

Склалася сітуацыя, якую называюць „метадалагічным вакуумам". Наіўна было б чакаць імплантацыі новых парадыгмаў на зусім непадрыхтаванай глебе. Адсутнічаў, можна сказаць, сам тэарэтычны дыскурс: за дзесяцігоддзе ў краіне з'явіліся адно лічаныя артыкулы метадалагічнага зместу, а да тэарэтычных дыскусій так і не дайшло. Чаму? Выявілася недастатковасць інтэлектуальнага рэсурсу. Сімптаматычна, што ніякай палемікі не справакавала нават востракрытычная рэцэнзія на першы дапаможнік па метадалогіі гісторыі, падрыхтаваны кафедрамі Мінскага і Гарадзенскага універсітэтаў 18.

Праўдападобна, беларускія гісторыкі ў большасці застаюцца стыхійнымі пазітывістамі. Тыя недахопы, за якія крытыкавалася савецкая гістарыяграфія (у прыватнасці, эканамізм, прэзентызм, апрыярызм), дасюль характэрныя для нашых працаў. Даследаванняў, заснаваных на прынцыпова новых падыходах, у краіне пакуль не з'явілася, хоць, як вядома, заходняя навука даўно зыходзіць з таго, што і сацыяльную, і эканамічную праблематыку нельга даследаваць без уліку сферы адчуванняў і рэлігійных установак, індывідуальных інтарэсаў і маралі. Такія напрамкі сучаснай гуманістыкі, як сацыяльная гісторыя, гістарычная антрапалогія з яе складовай часткай гісторыяй ментальнасцяў, гісторыя штодзённасці ці мікрагісторыя, папулярныя ўжо і ў суседніх краінах, у Беларусі нічым выразна не прадстаўлены. На гістфаку БДУ ганарацца ўвядзеннем курсаў ды выданнем дапаможнікаў па гістарычнай інфарматыцы і даўно маргіналізаванай псіхагісторыі 19, але абарона дысертацыі і выданне дапаможніка - яшчэ не заснаванне новага кірунку гістарыяграфіі. Важней, думаю, даследчыцкая практыка. У гэтым сэнсе выгодней выглядае Цэнтр гендэрных даследаванняў, што існуе пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце з 1994 г., які, у прыватнасці, нядаўна выдаў салідны том матэрыялаў навуковай канферэнцыі па гендэрнай гісторыі 20. Калі не лічыць згаданых новаўвядзе нняў у БДУ, то гучнай мадэрнізацыяй 1990-х г. стала хіба што новая перыядызацыя, штучна перанесеная з заходнееўрапейскай гістарыяграфіі ў беларускую 21, і звязаная з ёй настойлівая апеляцыя да „цывілізацыйнага" падыходу, які так і не ўвайшоў у практыку. Цяпер зразумела, чаму і ў тэмах дысертацыйных даследаванняў не выявілася значных навацый.

Такім чынам, нядаўнія працэсы ў айчыннай гуманістыцы не выпадае характарызаваць як „змену парадыгмаў" 22. Гэта была б вельмі аптымістычная характарыстыка. На справе глыбокіх якасных зменаў не адбылося. Для большасці беларускіх гісторыкаў вопыт заходняй гуманістыкі невядомы, нават яе паняційны апарат малазразумелы. Магчыма, ізаляванасць беларускай гістарыяграфіі так марудна пераадольваецца з прычыны недастатковага валодання замежнымі мовамі, слабых міжнародных сувязяў і кепскага камплектавання бібліятэк новай замежнай літаратурай.

5. Патрэба „пісаць па-новаму" не была забяспечаная новым метадалагічным інструментарыем, таму нярэдка „навізна" зводзілася да замены тэрміналогіі і фактуры. Просты і эфектыўны выхад давала запаўненне „белых плямаў". Гісторыкі сталі пісаць пра тое, што не дазвалялася кранаць пры савецкай уладзе - найперш пра злачынствы сталінскага рэжыму, антыбальшавіцкія выступленні, калабарацы янізм у гады II сусветнай вайны, эміграцыю і г.д. Прыярытэтнымі напрамкамі даследаванняў сталі папулярныя з часоў „перабудовы" этнагенэз беларусаў, фармаванне беларускай нацыі, вытокі беларускай дзяржаўнасці, палітычная гісторыя ВКЛ і роля ў ім беларускага фактару (праўда, абагульняльнай працы дасюль не існуе), адносіны з Расіяй, беларуская гістарыяграфія і гістарычная памяць. Публікацыі беларускіх гісторыкаў па гэтых тэмах, блізкія да нацыянальнай канцэпцыі, вызначаліся радыкалізмам і паслядоўна канфрантавалі як з пазіцыямі расійскай гістарыяграфіі, так і з літоўскімі распрацоўкамі, датычнымі ўтварэння і характару ВКЛ.

Паказальна змяніўся набор стэрэатыпаў. Найбольш пацярпеў вобраз Расіі і рускіх. З сур'ёзнай гістарычнай літаратуры цалкам знік тэзіс пра „адзінства паходжання" беларусаў з велікарусамі і іх „адвечную цягу" да Масквы. Велікарусы, якія ў савецкай гістарыяграфіі выступалі ў іпастасі „старэйшага брата", займелі ролю агрэсіўных суседзяў, што ў ХVI-ХVII ст. вялі самыя знішчальныя для Беларусі войны. Невыпадкова „негатыўнае прачытанне гісторыі расійска-беларускіх адносін" як важную характарыстыку новай беларускай гістарыяграфіі, не прамінулі адзначыць у Маскве23. У вобразе Польшчы, наадварот, колькасць станоўчых або нейтральных характарыстык павялічылася. Менш за ўсё трансфармавалася візія Ўкраіны, у якой бадай самай істотнай зменай стаў адыход ад трафарэтнага паказу ўкраінскіх казакоў як абаронцаў беларускіх сялян у войнах ХVII ст.

Імкненне пазбавіцца старых міфаў спрыяла стварэнню новых, кансалідацыйных. Найбольш папулярныя з іх - балцкасць беларусаў (вызначальная роля балцкага субстратy ў этнагенэзе), Полацкае княства як „калыска" беларускай дзяржаўнасці, ВКЛ як беларуская дзяржава (і адсюль шмат вытворных), грэка-каталіцтва як беларуская нацыянальная рэлігія, Беларусь як мост паміж Усходам і Захадам. Прыкметна ўзрасла даследчыцкая ўвага да перыяду ВКЛ, з якім атаясамляўся „залаты век" Беларусі, хоць па-ранейшаму пераважная большасць гісторыкаў займаецца ХХ ст.

Новае асвятленне праблемаў этнагенэзу беларусаў, вытокаў беларускай дзяржаўнасці, узаемаадносін з Расіяй, палітыкі расійскага царызму на тэрыторыі Беларусі і асабліва крытыка савецкай рэчаіснасці - усё гэта не магло не выклікаць вострых дыскусій. Прыхільнікі старога ладу не хавалі свайго раздражнення новымі трактоўкамі гісторыі. Усталяванне рэжыму А.Лукашэнкі, які зрабіў стаўку на настальгію па савецкіх часах, абярнулася ваяўнічым саюзам людзей улады з маргінальнай часткай кансерватыўных гісторыкаў (пераважна - аматараў гісторыі). Пачалася зацятая барацьба гэтага альянсу супраць нацыянальнай гістарыяграфіі, і першай яе ахвярай сталі школьныя падручнікі. Праблема падручнікаў па гісторыі, як і перыпетыі згаданай барацьбы - тэма асобнага агляду24. Важна, што ў выніку і ў афіцыйнай праграме па гісторыі Беларусі для вышэйшай школы, прынятай ужо ў адпаведнасці з новай дзяржаўнай палітыкай у галіне гістарычнай адукацыі ў 2000 г., захаваліся пэўныя пазіцыі нацыянальнай канцэпцыі: ВКЛ фігуруе як „беларуска-літоўская дзяржава", гаворыцца пра дзяржаўны статус беларускай мовы ў гэтай дзяржаве, больш-менш цвяроза трактуецца „Наша Ніва", БНР і г.д.25

Палітычны ціск на вучоных падштурхнуў да самавызначэння нават апалітычных. У 1997 г. на II Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў Міхаіл Касцюк канстатаваў, што на пазіцыі нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі „стала абсалютная большасць гісторыкаў" 26. Да гонару беларускіх калегаў, гэта праўда. Але згаданая большасць, па трапнай заўвазе Райнэра Лінднэра, прорвай непаразумення аддзелена ад афіцыйнай гістарычнай культуры 27. У адпаведнасці з тэрміналогіяй той меншасці, якая карыстаецца цяпер поўным даверам і падтрымкай улады, гісторыкі Беларусі раздзеленыя на два лагеры - на „историков-националис тов" і „прогрессивных историков-патриотов". Першыя асвятляюць гісторыю Беларусі „необъективно, в духе русофобства и преклонения перед Западом", а другія пішуць „объективные учебные пособия по истории Беларуси с показом единства происхождения и дружбы белорусского народа с братским русским народом" 28.

Цяперашні раскол, замацаваны ўнутранай дзяржаўнай палітыкай, стратны для ўсёй нацыянальнай гістарыяграфіі. Можна пагадзіцца з суцяшальнай заўвагай старэйшага калегі, што, маўляў, „нічога катастрафічнага не адбылося", захаваліся асноўныя набыткі першай паловы 1990-х гадоў29 - свабода выбару тэмы даследавання, плюралізм меркаванняў і падыходаў і інш. Так, але рэальная палітычная сітуацыя, абумоўленая пазіцыяй дзяржавы, зводзіць практычную вартасць гэтых набыткаў да мінімуму. Магчымасці большасці намнога меншыя, чым меншасці...

Дзесяць мінулых гадоў для гістарычнай навукі Беларусі былі надзвычай важным перыядам. Пры ўсіх цяжкасцях, наўрад ці апраўдана гаварыць пра яе крызіс, зыходзячы толькі з колькасці кадраў і пагаршэння іх матэрыяльных умоваў30. Цяпер толькі пры празмерна завышаных патрабаваннях можна было б канстатаваць неіснаванне беларускай гістарычнай навукі як самастойнай з'явы, як гэта робіць калега31, свядома завастраючы ўвагу на ідэалагіч ных аспектах. Адэкватна ацаніць рэальны стан айчыннай гістарычнай навукі наогул складана: яна размытая, не існуе ні дзейсных прафесійных аб'яднанняў агульнанацыяналь нага маштабу, ні цэнтральнага перыядычнага органа, ні нацыянальнай бібліяграфіі па гісторыі 32. Праявы крызісу, бясспрэчна, відавочныя, як відавочна і тое, што многія магчымасці развіцця, адкрытыя з набыццём дзяржаўнага суверэнітэту, даўно змарнаваліся. Што ж, станаўленне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі супала з эканамічным заняпадам, а потым і палітычнай рэакцыяй. Але нельга не заўважаць і важныя станоўчыя змены. Мінулае дзесяцігоддзе выразна ажывіла гістарыяграфічны працэс у Беларусі, узбагаціла айчынную навуку большым чым калі інтэлектуальна-гуманітарным рэсурсам і важным досведам крызіснага перыяду. Беларуская гістарыяграфія ўрэшце прадэманстравала пэўную ідэйную самастойнасць (няхай з выдаткамі малаканструкцыйнай канфрантацыі з суседзямі) і бадай упершыню выйшла на пазіцыі міжнароднага дыялогу. Так, у ёй яшчэ выразна дамінаваў папулярна-асветніцкі ўхіл, яе пазначаў нацыянальна-патрыятычны пафас, прычым апошні ахапляў нават акадэмічную навуку, якая пакуль не выконвала належнай ролі. Але падобны перакос можна лічыць здаровым адказам на запатрабаванне грамадства, абумоўленае адпаведнай стадыяй развіцця Беларусі, і ён - будзем спадзявацца - не парушыць працэсу натуральнага росту.

Генадзь Сагановіч
Крыніца: БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД, Том 8 Сшытак 1-2 (14-15) Снежань 2001

  1. Міхнюк У. Кадры гісторыкаў Беларусі: стан і перспектывы // Гістарычная навука ў Белдзяржуніверсітэце на рубяжы тысячагоддзяў. Мінск, 2000. С.156.
  2. Михнюк В., Петриков П. Историческая наука Белорусской ССР в 80-е годы. Минск, 1987. С.10.
  3. Міхнюк У. З кандыдацкай дысертацыяй у навуку ўваходзяць, а з доктарскай - выходзяць // Беларуская думка. 2000. №3. С.102.
  4. Скеп'ян А. Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2000 г. // Беларускі Гістарычны Агляд (далей - БГА). Т.7 (2000). Сш.2 (13). С.616-618.
  5. Скеп'ян А. Дысертацыі па гісторыі, абароненыя ў Беларусі ў 2001 г. // БГА. Т.8 (2001). Сш.1-2 (14-15). С.372-374.
  6. Гл.: Докторские и кандидатские диссертации по историческим наукам БССР. 1944-1987 гг. / Сост. В.Михнюк, Л.Новицкая. Минск, 1988.
  7. Міхнюк У. Кадры гісторыкаў Беларусі: стан і перспектывы. С.156.
  8. Яскравым прыкладам такога дапаможніка можна лічыць адыёзную кнігу: Гісторыя Беларусі: у 2 частках / Пад рэд. Я.Новіка, Г.Марцуля. Мінск, 1998.
  9. Касьянов Г. Ще не вмерла укра¿нська історіографія // Критика. 2002. №4.
  10. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Да 70-годдзя ўтварэння / Пад рэд. М.Касцюка. Мінск, 1999. С.53.
  11. Гл.: Беларускі гістарычны часопіс. 1993. №1. С.12.
  12. Гл.: Ад рэдакцыі // БГА. Т. 1 (1994). Сш. 1. С.4.
  13. У 1994 г. складальнікі зборніка абвясцілі, што іх выданне - пераемнік інбелкультаўскага „Гістарычна-археалягічнага зборніка", першы і адзіны нумар якога выйшаў у 1927 г. У адпаведнасці з такой нумарацыяй у 2001 свет пабачыў ужо 16-ты выпуск ГАЗа.
  14. Біч М. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. №1. С.15-24.
  15. Тамсама. С.18.
  16. Касцюк М. Нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі: асноўныя падыходы // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (Новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3-5 лютага 1993 г. Частка 1. Мінск, 1994. С.5, 8.
  17. Шупляк П. Праблемы гістарычнай адукацыі ў ВНУ Рэспублікі Беларусь // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (Новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3-5 лютага 1993 г. Частка 2. Мінск, 1995. С.6.
  18. Методология истории. Учебное пособие для студентов. Под ред. А.Алпеева и др. Минск, 1996. Рэц.: Сакалова М. Першы дапаможнік па метадалогіі // БГА. Т. 4 (1997). Сш. 6-7. С.217-228. У 2001 г. гэтае выданне выйшла другім накладам.
  19. Историческая информатика: Учебное пособие / Под ред. В.Сидорцова, Л.Бородкина. Минск, 1998; Шутова О. Психоистория: школа и методы. Минск, 1997. Гл.: Карев Д., Нечухрин А. Развитие историчес ких исследований в Республике Беларусь: общие тенденции // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта. Сер.1. 2000. №1 (3). С.15.
  20. Гендерные истории Восточной Европы. Под ред. Е.Гаповой, А.Усмановой, А.Пето. Минск, 2002.
  21. Сагановіч Г. У пошуках Сярэднявечча // БГА. Т. 4 (1997). Сш.6-7. С. 3-17.
  22. Сідарцоў У. Да пытання аб стане беларускай гістарыяграфіі: праблемы, тэорыі, жанры // Гісторыя штодзённасці і правы чалавека: Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, 1-5 снежня 1999, Мінск / Уклад. П.Садоўскі, М.Тэлюс. Мінск, 2000. С.36.
  23. Национальные истории в советском и постсоветском государствах. Под ред. К. Аймермахера и Г. Бордюгова. Москва, 199. С. 90, 92.
  24. Падрабязней гл.: Лінднэр Р. Падручнікі па гісторыі ў Беларусі // Гісторыя штодзённасці і правы чалавека: Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. С.47-72; ён жа, Нацыянальныя і „прыдворныя" гісторыкі „лукашэнкаўскай" Беларусі // Гістарычны альманах. Т.4 (2001). С.198-215. Сагановіч Г. Вайна з беларускай гісторыяй // АRCHE. 2001. №3(17). С.11-18; ён жа, The War Against Belarusian History // Education in Russia, the independent states and Eastern Europe. V.20. nr.1. Spring 2002. P.18-27
  25. Гл.: История Беларуси. Учебная программа для высших учебных заведений. Минск, 2000.
  26. Касцюк М. Асноўныя вынікі і задачы даследавання гісторыі Беларусі // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы развіцця. Матэрыялы II Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў. Мінск, 10-11 красавіка 1997 г. Мінск, 1999. С. 4.
  27. Лінднэр Р. Падручнікі па гісторыі ў Беларусі. С.58.
  28. Милованов В. Об альтернативных („паралельных") учебных пособиях по истории Беларуси для средней школы // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця / Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Інстытута гісторыі НАН Беларусі (Мінск, 6-7 кастрычніка 1999 г.). Мінск, 2000. С.205-208 (у друку).
  29. Шупляк П. Усеагульная гісторыя ў Беларусі: дасягненні, праблемы, перспектывы // Гістарычны альманах. Том 4 (2001). С.45.
  30. Міхнюк У. Кадры гісторыкаў Беларусі. С.160.
  31. Краўцэвіч А. Праблемы гістарычнай навукі на Беларусі // Гістарычны альманах. Т.4 (2001). С.12.
  32. Пасля таго, як на 1992 г. спынілася выданне бібліяграфічных паказальнікаў „Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках", рыхтаваных Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, у нас не засталося ніякіх выданняў па гістарычнай бібліяграфіі.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Богдан напiсаў(ла) 16.08.2010 09:12
По существу, в совеременной историографии сохраняются два направления - "западнофилы" и "славянофилы". Задача №1 для наших историков создать направление "белоруссофилов".
Алена напiсаў(ла) 25.10.2010 15:33
На сайце www.belinstitute.eu змешчана цiкавае даследваньне Таццяны Астроускай "Генеалогия исторической памяти белорусов в контексте образовательных практик". Даследчыца адлюстравала змену поглядау на айчынную гiсторыю праз прызму школьных падручнiкау з моманту набыцця краiнай незалежнасцi.
Падбярэзкi напiсаў(ла) 29.10.2010 15:58
Змястоунае даследваньне па беларускай гiстарыяграфii змешчана на сайце http://www.rsijournal.net/page.php?id=224 - Козляков В.Е. "Современная историография Беларуси: некоторые тенденции в изучении отечественной истории".
Magnus Dux напiсаў(ла) 03.11.2010 13:53
Памёр гiсторык Павел Лойка. Разам зь iм адышла ў небыццё цэлая эпоха беларускай гiстарычнай навукi http://www.svaboda.org/content/article/2198615.html
Алесь напiсаў(ла) 11.04.2014 14:57
"Наша история никогда не была красивой сказкой. Беларусь - перекресток европейских и азиатских дорог, по которому не раз прокатывались войны и интервенции. Но сколько ни пытались - никто не смог поработить этот мужественный народ. Благодаря вере и духовной силе предков Беларусь возрождалась из руин словно Феникс из пепла", - отметил А. Лукашенко на церемонии вручения премии "За духовное возрождение" (11 студзеня 2014г.).

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.