Cтруктура войска Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове ХІV–ХV ст.

Структура і прынцыпы камплектацыі войска Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове ХІV–ХV ст. адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах таго часу вельмі цмяна. У прывілеі, выдадзеным Ягайлам пасля заключэння Крэўскай уніі, у 1387 г., агаворваецца, што ў выпадку ўварвання непрыяцеля ў землі дзяржавы яе насельніцтва прыцягваецца "ad insequutionem huiusmodi, quod Pogonia uulgo dictur, non solum armigeri, uerum etiam omnis masculus, cujuscunque status aut conditions extiterit, dum modo arma bellicosa gestare poterit, proficici teneatur" [1, с. 2]. Слынны польскі даследчык Г.Лаўмяньскі атаясамляе згаданую "Пагоню" з паспалітым рушэннем, добра знаным як асноўная форма вайсковай арганізацыі Вялікага княства ў ХVI ст. [2, с.225]. Аднак той факт, што ў ёй мусілі браць удзел не толькі "armigeri", але і ўсё мужчынскае насельніцтва, здольнае насіць зброю, а таксама надзвычай вузка акрэсленыя функцыі (пераследванне адступаючага ворага) прымушае разглядаць яе не як спосаб камплектавання войска ў сціслым разуменні гэтага слова, а як форму арганізацыі мірнага па сутнасці насельніцтва, закліканага да падтрымання чыста вайсковых фармаванняў на этапе, калі разгром ворага быў, у асноўным, завершаны, альбо, прынамсі, было спынена яго прасоўванне ўглыб тэрыторыі. У іншых выпадках, пры вядзенні баявых дзеянняў на непрыяцельскіх землях, а тым больш у выпадку мабілізацыі ў маштабах усёй дзяржавы, падобная форма арганізацыі вайсковых сілаў наўрад ці была магчымай. Такім чынам, "Пагоня" хутчэй набліжалася не да паспалітага рушэння, а да г. зв. "абароны зямлі" (expeditio domestica, defensio terrae), добра вядомай, напрыклад, у Польшчы і сягаючай сваімі каранямі ў вельмі аддаленыя часы [3, с. 427; 4, с. 59–60; 5, с. 192–193].

Са згаданага прывілея Ягайлы вынікае, што апалчэнцы, якія бралі ўдзел у "Пагоні", узбройваліся за свой кошт. Можна меркаваць, што тая частка гэтых апалчэнцаў, для якой ваенная служба з’яўлялася не асноўным заняткам, а, хутчэй, акцыяй надзвычайнай, выкарыстоўвала ўсе падручныя сродкі, прыдатныя ў той ці іншай ступені для ваенных мэтаў, у тым ліку не толькі зброю, але і адпаведныя прылады працы. Прынамсі ніякіх дакументаў, рэгламентаваўшых узбраенне непрафесійных удзельнікаў апалчэння, на сённяшні дзень не выяўлена. Можна таксама меркаваць, што большасць такіх імправізаваных ваяроў павінна была складаць пешую частку "Пагоні".

Пэўную глебу для разважанняў аб магчымасці прыцягнення насельніцтва, змабілізаванага ў рамках "Пагоні", да ўдзелу ў доўгатэрміновых рэйдах даюць звесткі аб грунвальдскай выправе Вітаўта. Паводле ўскосных дадзеных, у ёй брала ўдзел як кавалерыя, так і пяхота. Так, комтур Рагнеты даносіў 27 лістапада 1409 г. маршалку Тэўтонскага ордэна, што вялікі князь загадаў кожнаму коннаму і пешаму ў рамках падрыхтоўкі да паходу мець свой правіянт; 18 снежня таго самага года комтур Астэродэ інфармаваў маршалка аб намерах Вітаўта і Ягайлы сабрацца ў Плоцку з конным і пешым войскамі [6, с. 204]. Разам з тым, Длугаш, падрабязна апісваючы шыхтаванне вялікакняжацкага войска, характарызуе яго як выключна коннае [7, с. 19–20]. Адсюль вынікае, што пяхота, калі яна на самай справе была ў арміі Вітаўта пад Грунвальдам, не складала якой-небудзь асобнай фармацыі, не знаходзілася ў баявых шыхтах, значыць, выконвала толькі дапаможныя функцыі, напрыклад, па ахове абозу альбо па дабіванню і пераследванню ўжо разгромленага праціўніка, інакш кажучы, такія, якія ўскладаліся на непрафесійных удзельнікаў "Пагоні". Паводле звестак Длугаша, спецыфічныя задачы выконвала пяхота падчас выправы Вітаўта на Ноўгарад у 1428 г. Каб забяспечыць войску магчымасць перасоўвання па балоцістай мясцовасці, вялікі князь выкарыстоўваў пехацінцаў (храніст называе лічбу 10 000 чалавек) для пабудовы грэблі ў Чорным Лесе [7, с. 362–363]. Трэба, аднак, заўважыць, што ў абодвух выпадках узнікаюць вялікія сумненні ў магчымасці татальнай мабілізацыі ўсяго мужчынскага насельніцтва, у выніку якой краіна засталася б не толькі без абаронцаў на выпадак узнікнення пагрозы з іншага боку, але і ўвогуле без працоўных рук. Таму з большай доляй верагоднасці можнa дапусціць зварот да абмежаванай мабілізацыі альбо да прыцягнення ў войска неваеннаабавязанага люду па-за рамкамі "Пагоні" і з вузка акрэсленымі задачамі, якія прадугледжвалі толькі дапаможна-тэхнічныя функцыі.

Як ужо адзначалася, аснову ўзброеных сілаў Вялікага княства Літоўскага, ці ўласна войска, складала кавалерыя. Нават калі дапусціць, што непрафесійныя ваяры маглі раз-пораз выязджаць у "Пагоню" конна, то ўсё роўна давядзецца канстатаваць, што касцяк рэгулярнай конніцы дзяржавы фарміраваўся за кошт асоб, для якіх вайсковая служба з’яўлялася прафесійным абавязкам. Апроч згаданых у прывілеі 1387 г. рыцараў-"armigeri", гэта былі і прадстаўнікі некаторых іншых сацыяльных слаёў, валодаўшых зямельнай маёмасцю на рыцарскім праве. У ХVI ст. яны служылі асабіста і выводзілі атрады-почты прапарцыянальна колькасці сялянскіх службаў, што меліся ў іх распараджэнні. Умовы адбывання вaйсковай павіннасці ваенна-служылым людам раней, у другой палове ХIV–ХV ст., выглядаюць менш акрэсленымі, бо агульнадзяржаўных актаў, якія б яе рэгламентавалі, не было. Хутчэй за ўсё, нормы рыцарскай службы ў кожным канкрэтным выпадку залежалі ад двухбаковага пагаднення паміж сеньёрам і васалам, тады як адзінай нормы ўвогуле не існавала. У большасці зямельных наданняў ХV ст. пытанне асабістага ўдзелу васала ў вайсковых выправах сеньёра не закранаецца, альбо, што радзей, агаворваецца выключна колькасць выстаўляемых ім ваяроў, хаця ў шэрагу выпадкаў можна здагадацца і аб службе ўласнай персонай [8, с. 91; 9, с. 1286–1287; 10, с. 111]. На жаль, недахоп інфармацыі не дазваляе дакладна сказаць, ці існаваў у Вялікім княстве Літоўскім падзел на паспалітае рушэнне (expeditio generales), куды ўладальнік зямлі павінен ехаць асабіста, і выправу з маёнткаў, калі патрабавалася толькі выстаўленне адпаведнай колькасці ваяроў, як тое мела месца ў суседняй і саюзнай Польшчы [4, с. 56–60; 5, с. 192–193]. Уяўляецца, аднак, праўдападобным, што звычайнай была такая форма мабілізацыі, як паспалітае рушэнне, з патрабаваннем асабістай службы, тады як выстаўленне адных толькі почтаў практыкавалася, ізноў жа, у складзе паспалітага рушэння, у досыць рэдкіх, выключных выпадках, напрыклад, у выпадку старасці ці хваробы ваеннаабавязанай асобы, знаходжання маёнткаў у руках удоў альбо духавенства і г.д. Менавіта такая практыка фіксуецца нарматыўнымі актамі ўжо ў першай палове ХVI ст. [1, с. 170–173].

Надзвычай рэдка агаворваецца ў зямельных наданнях характар узбраення падчас вайсковай службы. Акрамя тых выпадкаў, калі яны абмяжоўваліся патрабаваннем служыць, без ніякіх іншых удакладненняў, тыповымі з’яўляюцца апеляцыі да традыцыі, г.зн. да нормаў службы, якія існавалі перад гэтым, альбо да нормаў, што прымяняліся ў дачыненні іншых землеўладальнікаў [8, с. 18, 19, 21, 25, 27–30, 40, 43, 47–48; 10, с. 49, 104, 186]. Разам з тым, шэраг згадак аб падставовых прынцыпах рэгламентацыі ўзбраення ўжо ў другой палове ХІV–ХV ст. дазваляе заўважыць існаванне ў Вялікім княстве Літоўскім у гэты час дзвюх асноўных катэгорый ваяроў. Так, Длугаш сцвярджае, што Ягайла ў 1383 г. здабываў Драгічын Надбужскі "cum triginta lanceis et sexaginta balistariis" [11, с. 133]. Паказальным з’яўляецца не толькі перaлічэнне капійнікаў і стральцоў, менавіта арбалетчыкаў, але і іх прапорцыя - 1:2, якая, на думку многіх аўтараў, лічылася на Захадзе стандартнай. У рэальнасці падобная прапорцыя магла вытрымлівацца не заўсёды і ў польскім войску, напрыклад, на аднаго капійніка ў сярэднім прыпадалі тры стральцы [4, с. 59–61; 5, с. 194].

Суадносіны капійнікаў і стральцоў у сярэднявечных еўрапейскіх арміях былі цесна звязаны з камплектацыяй драбнейшых арганізацыйных адзінак у выглядзе т.зв. "кап’я", якое складалася з аднаго цяжэй узброенага рыцара, забяспечанага дрэўкавай зброяй і спецыялізаванага выключна ў рукапашным баі, а таксама некалькіх лягчэйшых стральцоў. Верагодна, такія адзінкі, правобраз почтаў, вядомых у Вялікім княстве Літоўскім у ХVI ст., меў на ўвазе солтыс Жамойцкі, калі пісаў у 1409 г. Сунігайлу, старасце Ковенскаму, што ў яго адсутнасць у Жамойці ліцвіны аб’ездзілі гэты край, на той час падпарадкаваны крыжакам, уздоўж і ўпоперак - адны ў тры, а другія ў чатыры кані [6, с. 165].

Нягледзячы на існаванне пэўных стандартаў у камплектацыі коп’яў, іх рэальны склад залежаў найперш ад фінансавых магчымасцяў землеўладальнікаў, прычым найменшая ўніфікацыя назіралася ў колькасці стральцоў. Сустракаліся коп’і, складзеныя толькі з капійнікаў без стральцоў альбо нават выключна са стральцоў, прычым у апошнім выпадку стасаванне тэрміна "кап’ё" выглядае вельмі ўмоўным і выступае, фактычна, толькі як даніна традыцыі [4, с. 49–50]. Падобная сітуацыя, як падаецца, мела месца і ў Вялікім княстве Літоўскім. Так, у 1424 г. Свідрыгайла, тады князь Чарнігаўскі, надаў нейкаму Максіму Драгасінавічу вёску Косава і іншыя ўладанні ў Снятынскай воласці з тым, каб ён "с того села служити к нашей потребизне копьем а двемя стрелци", г.зн. камплектным кап’ём. У 1438 г. Геранім Стрэчэнавіч за атрыманыя ад Свідрыгайлы вёскі Белікоўцы і Слабодка ў Латычоўскім павеце абавязваўся служыць "с того именья копьем и где будет нам потребно". Ажно "двема копьи" павінен быў адбываць на карысць Свідрыгайлы вайсковую павіннасць кухмістр Пётр Мышковіч, які ў тым самым годзе атрымаў грамату на вёскі Баршчоўку, Барок і Кандзітава ў Крамянецкім павеце. У 1445 г. той самы князь жалаваў шляхціцу Фёдару Жуку з братам вотчыну Рычагаў, "а с того нам имают служити и нашим наместником двума стрелцема на заволаную войну, яко инии земяне служат". У 1425 г. Вітаўт надаў нейкаму Пятру з Гумова войтаўства Тыкоцінскае з патрабаваннем службы ад згаданага Пятра "et sui succesors ad omnes expeditiones generales cum uno balistario" [10, с. 49, 59; 12, с. 28, 35; 13, с. 156].

Коп’і-почты арганізоўваліся ў буйнейшыя атрады - харугвы, якія выступалі ў якасці асноўных арганізацыйна-тактычных адзінак войска Вялікага княства Літоўскага, таксама, як і войскаў яго галоўнага саюзніка і галоўнага праціўніка - Польшчы і Тэўтонскага ордэна. У Грунвальдскай бітве ўдзельнічала 40 харугваў Княства, з якіх Длугаш дакладна пералічвае 21. Харугвы арганізоўваліся паводле тэрытарыяльнай прыметы альбо выстаўляліся буйнейшымі землеўладальнікамі. Колькасны склад харугваў залежаў найперш, як можна меркаваць, ад мабілізацыйных магчымасцяў кожнага рэгіёну ці княжацкай вотчыны, хаця можна таксама дапусціць існаванне пэўнай стандартызацыі ў камплектаванні гэтых адзінак. Пра гэта сведчыць данясенне комтура Рагнеты комтуру Брандэнбурга і маршалку Ордэна напярэдадні грунвальдскай выправы (14 чэрвеня 1410 г.), у якім сцвярджаецца, што Вітаўт змабілізаваў на 5 тыдняў у Жамойці з кожнага краю па 300 чалавек, якія 13 чэрвеня ўжо рушылі ў паход. Не выключана, што падобная колькасць ваяроў з’яўлялася для харугваў ліцвінскага войска нормай [6, с. 209].

Формай баявога шыхтавання кожнай харугвы з’яўлялася звужаная наперадзе калона - клін. Длугаш інфармуе, што падчас маршу саюзных войскаў да межаў Ордэна ў рамках Вялікай вайны Вітаўт "Lithuanicum ordinat exercitum, et dividens illum vetusto patriae more per cuneos et turmas, in quolibet cuneo milites in equis humilioribus, aut parum bene armis vestitos, in medio constituit, quos alii in equitatu potiori et insigniter armati includebant. Cunei autem huiusmodi pressi et glomerati ordinum raritatem abhorrebant: unus taten cuneus ab altero per late patens ac distinctum spatium tendebatur... Hos tandem cuneos... quadraginta signis, quae banderia vocitamus, attribuit..." [7, с. 19–20].

Падобная пабудова войска была добра вядома ў некаторых краях тагачаснай Еўропы, у прыватнасці, у Германіі і Польшчы. Яе сутнасць заключалася ў размяшчэнні наперадзе калоны, а таксама, верагодна, па яе баках - найбольш баяздольных у рукапашнай сутычцы рыцараў - капійнікаў, якія пракладалі шлях у непрыяцельскіх шыхтах і падтрымліваліся стральцамі, страляўшымі з глыбіні калоны навесам, паверх галоў пярэдніх ліній [4, с. 85–88].

Інфармацыя Длугаша аб размешчаных усярэдзіне ліцвінскіх кліноў недастаткова ўзброеных ваярах на горшых канях і атачаўшых іх рыцарах, забяспечаных добрымі канямі і выдатным узбраеннем, а таксама звесткі, хаця і спарадычныя, аб існаванні ў Вялікім княстве Літоўскім капійнікаў і стральцоў дазваляюць дапусціць бытаванне тут цяжкай і лёгкай кавалерыі, якая адрознівалася не толькі наступальнай зброяй, але і комплексам ахоўных сродкаў і якасцю выкарыстоўваемых каней. Эліту войска ў такім разе павінны былі б складаць цяжкаўзброеныя капійнікі на вынослівых канях і ў найбольш надзейным засцерагальным узбраенні, як тое мела месца на Захадзе. Разам з тым, як паказваюць даследаванні апошняга часу, погляд на капійнікаў як на рыцараў, пагалоўна "закаваных у сталь", выглядае занадта спрошчаным; паміж гэтай катэгорыяй ваяроў і менш элітнымі стральцамі не існавала ў той час дакладнай мяжы ў плане выкарыстоўваемага ахоўнага ўзбраення, бо найлепш экіпіраваныя стральцы маглі набліжацца ў гэтым сэнсе да некаторых не самых заможных капійнікаў, аснову баявога касцюма якіх складалі шлем і кальчуга, толькі часткова дапоўненыя пласцінавымі элементамі, у тым ліку дэталямі пакрыццяў рук і ног [3, с. 425–426; 5, с. 194]. Калі ж гаварыць пра войска Вялікага княства Літоўскага, то насычанасць яго ўзбраеннем была, як падаецца, яшчэ ніжэйшай, чым у бліжэйшых заходніх суседзяў гэтай дзяржавы, на што звярталі ўвагу сучаснікі. А.Надольскі, імкнучыся рэабілітаваць Княства і абвергнуць сталае ўяўленне аб прымітыўнасці бытаваўшага тут узбраення, прапанаваў тэзіс аб яго "рускім", усходнееўрапейскім характары, за заходнееўрапейскі нічым не горшым, але іншым, прыстасаваным да адметных геастратэгічных умоў [4, с. 81–83].

З гэтым меркаваннем славутага польскага даследчыка можна пагадзіцца толькі з вельмі сур’ёзнымі агаворкамі. Несумненна, палажэнне аб значных уплывах рускага элемента на фарміраванне агульнага аблічча ліцвінскага войска немагчыма абвергнуць, асабліва прымаючы пад увагу тэрытарыяльную экспансію Вялікага княства Літоўскага на ўсход і ўключэнне вайсковых адзінак толькі што далучаных рускіх тэрыторый у вайсковую сістэму дзяржавы. Аднак у часы павелічэння тэрыторыі Княства за кошт рускіх зямель шляхі ў эвалюцыі сродкаў вайны на захадзе і ўсходзе Еўропы яшчэ не паспелі кардынальна разысціся. На Русі досыць шырока выкарыстоўваліся колкавыя даспехі, у тым ліку кальчужныя нагавіцы, пласцінкавыя даспехі "на аснове" і раменнага мацавання, коп’і, арбалеты, шчыты, мячы і г.д., прычым варта падкрэсліць, што некаторыя віды ўзбраення, трактуемыя часам як тыпова "рускія", такія, напрыклад, як лямелярныя даспехі, былі добра вядомы ў краях "лацінскай" Еўропы яшчэ ў канцы ХІV ст. Поўны пласцінавы даспех, які ў той час з’яўляўся найноўшым вынаходніцтвам заходняй платнерскай думкі, не атрымаў ва ўсходнерускіх княствах распаўсюджання, аднак, і традыцыйныя сродкі аховы дазвалялі стварыць тут дастаткова манументальнае пакрыццё ваяроў, у дачыненні якіх дакументы канца ХІV ст. адзначалі: "От глав их и до ногу все железно". Верагодна, атрады менавіта такіх байцоў акрэсліваюцца ў творах Кулікоўскага цыкла як "каваная раць". Акрамя таго, у гэтых творах узгадваюцца і элементы ўзбраення яўна заходняга паходжання - "суліцы нямецкія", "шаломы нямецкія", "корды ляцкія" і г.д. Нават калі дапусціць, што падобная зброя тычыцца перадусім ліцвінскіх атрадаў, прыведзеных на Кулікова поле Альгердавічамі, то і тады факт іх фіксацыі ўяўляецца вельмі паказальным, тым больш што Літва ў такім разе павінна была б выступаць як відавочны рэпрэзентант мілітарнай культуры Захаду [14].

Паміж іншым, гаворачы аб несумненных уплывах рускай вайсковай традыцыі на землях Вялікага княства Літоўскага, не варта іх занадта перабольшваць. Уяўляецца, што ў першую чаргу тут былі пашыраныя тыя элементы ўсходняга ўзбраення, у тым ліку, напэўна, не толькі рускага, якія па баявых якасцях набліжаліся да заходніх аналагаў - колкавыя і пласцінкавыя даспехі, адкрытыя шлемы-шаломы, абухова-ўдарная зброя і інш. Яны не толькі прыжыліся на мясцовай глебе, але ў шэрагу выпадкаў трансфармаваліся, з улікам адметных геастратэгічных варункаў, у самабытныя віды зброі. І "рускае", і "літоўскае" ўзбраенне, такое, як спічастыя шлемы "spiczenghelme" i "pekilhube", шчыты-павезы альбо кароткія коп’і-суліцы не толькі даказала сваю эфектыўнасць у барацьбе з заходнім праціўнікам, але нават было ў шэрагу выпадкаў ім перанятае. Калі ж закрануць тэзіс аб перавазе ў ліцвінскім войску ў другой палове ХІV - першай палове ХV ст. тых усходніх відаў зброі, якія не мелі аналагаў на Захадзе, то ён уяўляецца, хутчэй, вынікам непаразумення. Гэта тычыцца, напрыклад, шабляў, якія і ў другой палове ХVІ ст., калі засваенне падобнай клінковай зброі праходзіла асабліва шпаркімі тэмпамі, прычым не толькі ў Княстве, выразна дамінавалі толькі на поўдні дзяржавы. Прыярытэтнае выкарыстанне ў ліцвінскім войску мячоў, кордаў і цесакоў пацвярджаецца і археалагічнымі крыніцамі.

Няшмат можна сказаць аб працэнтных суадносінах у ліцвінскім войску лукаў і арбалетаў. Апошнія, несумненна, ужываліся тут ужо ў другой палове ХІV ст. даволі шырока. Сярод найбольш яскравых прыкладаў іх выкарыстання трэба назваць бітвы на Сініх Водах і на Ворскле, а таксама выправу Ягайлы на Драгічын Надбужскі (1383 г.). Такім чынам, лук не з’яўляўся манапалістам сярод ручных відаў кідальнай зброі, хаця як важны элемент рускай вайсковай традыцыі павінен прысутнічаць прынамсі на ўсходніх абшарах Княства. Разам з тым, лук нельга лічыць зброяй выключна ўсходняй. Ён быў добра вядомы, у тым ліку і як кавалерыйская прылада, у розных краях "лацінскай" Еўропы, уключаючы бліжэйшых заходніх суседзяў Вялікага княства Літоўскага, хаця і не заўсёды з’яўляўся там падставовым відам зброі далёкага бою [15, с. 28; 16, с. 215–216].

З улікам вышэйсказанага, традыцыйны набор узбраення ваяроў Вялікага княства Літоўскага можна трактаваць як дастаткова еўрапейскі, хаця і архаічны з пункту гледжання найноўшых дасягненняў тагачаснай тэхнічнай думкі Захаду. Дадаўшы да гэтага спецыфічныя арганізацыйна-тактычныя прынцыпы, якія ляжалі ў аснове фарміравання ліцвінскіх збройных сілаў, давядзецца прызнаць іх адметны характар у параўнанні з войскам Усходняй Русі. Вельмі паказальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца інфармацыя Патрыяршага альбо Ніканаўскага летапісу аб прыездзе на службу да вялікага князя маскоўскага ў 1435 г. Івана Бабы, "Дрютских князей, и той изрядив свой полк с копьи по-литовски" [17, с. 22]. Калі б атрад згаданага князя нічым не адрозніваўся ад маскоўскіх вайсковых адзінак, то наўрад ці была б патрэба акцэнтаваць увагу на яго "літоўскасці". Цікава таксама, што летапісец падкрэслівае капійнічы характар палка (харугвы?) Бабы, уласцівы, як вядома, і заходнім арміям. Няясна, праўда, што дакладна тут маецца на ўвазе пад коп’ямі: драбнейшыя арганізацыйныя адзінкі ці спецыфічны від дрэўкавай зброі, але, несумненна, гаворка не ідзе пра тыповыя для балтаў кароткія вошчапы-суліцы, для акрэслення якіх на Русі ўжываўся асобны тэрмін.

У адрозненне ад зямель Маскоўскай Русі, якая не сутыкалася непасрэдна з войскамі "лацінскай" Еўропы, Вялікае княства Літоўскае мела з імі справу пастаянна, што не толькі патрабавала імкнення да пэўнага стандарта баявога рыштунка, але і стварала магчымасці для здабыцця заходняга ўзбраення ў выглядзе трафеяў. Вядомым фактам з’яўляецца збядненне асартыменту крыжацкіх арсеналаў пасля Вялікай вайны [18, с. 92–93], прычым зброя палеглых у Грунвальдскай бітве братоў Ордэна мусіла трапіць у рукі не толькі палякаў, але і падданых Вітаўта, якія пэўна ж мелі ў ёй не меншую патрэбу. Здабыванне сродкаў вядзення вайны ў якасці трафея мела месца і пасля бітвы пад Вількамірам у 1435 г., калі, па словах Длугаша, палякі і ліцвіны ўзбагаціліся зброяй і канямі пераможаных прыхільнікаў Свідрыгайлы, сярод якіх былі, апроч русінаў і татараў, чэхі, сілезцы, інфлянцкія і прускія рыцары, а таксама наёмнікі з іншых краёў Еўропы [7, с. 565].

Падобныя факты ўяўляюцца вельмі важнымі, паколькі яны сведчаць аб тым, што заходняе ўзбраенне не разглядалася ў Вялікім княстве Літоўскім як нешта чужароднае, абсалютна непрыймальнае як з пункту гледжання адметнай вайсковай традыцыі, так і па ідэалагічных меркаваннях. У сувязі з гэтым варта прывесці адваротныя прыклады, калі па прашэсці амаль ста гадоў пасля Кулікоўскай бітвы, падчас якой рускія воі яшчэ не грэбавалі "чужынскай" зброяй, масквічы палілі баявы рыштунак наўгародцаў як непатрэбны трафей. Яшчэ больш красамоўным з’яўляецца кур’ёз, што адбыўся ў другой палове ХVI ст. падчас бітвы пад Чашнікамі ў 1564 г., калі войскі Вялікага княства Літоўскага перабілі маскоўскі атрад, які знаходзіўся на літоўскай службе, але змагаўся ў сваім нацыянальным узбраенні. З гэтай нагоды адзін з сучаснікаў не без з’едлівасці заўважыў: "каб тое прадбачылі няшчасныя, згадзіліся б хутчэй хоць на апрананне на спосаб бруншвіцкі, якога найбольш Масква ненавідзіць, чым загінуць ад сваіх, каторыя адзеннем прыведзеныя ў зман, за непрыяцеля іх палічылі" [19, с. 34–35].

Гатоўнасць войска Вялікага княства Літоўскага да запазычання заходніх мадэляў узбраення яскрава праявілася таксама ў імпарце вайсковага рыштунку з Польшчы, які ў шырокіх маштабах разгарнуўся пасля заключэння Крэўскай уніі і знайшоў адлюстраванне ў наратыўных крыніцах і рахунках польскага каралеўскага двара. У асобных выпадках польскія майстры імкнуліся дагаджаць дастаткова спецыфічным, арыентальным густам заказчыкаў, аднак, у сваёй масе, як падаецца, пастаўлялася тыповае ўзбраенне, выкананае па заходняму cтандарту, асабліва ў выпадках высылкі буйных партый зброі. Разам з тым, як сведчаць рахункі, далёка не ва ўсіх выпадках на землі Вялікага княства Літоўскага завозіліся выключна найноўшыя элементы ўзбраення, рэпрэзентаваўшыя апошнія дасягненні заходняй тэхнічнай думкі, такія, напрыклад, як пласцінавыя даспехі ці агнястрэльная зброя. Сярод амуніцыі трапляліся і дастаткова шэраговыя рэчы - адкрытыя шлемы-шаломы альбо колкавыя панцыры, якія не былі нечым незвычайным і на ўсходнееўрапейскіх землях, прычым камплект набытага такім чынам асобнымі ліцвінамі ўзбраення мог быць даволі сціплым. Відавочна, што даўзбраенне вялікакняжацкага войска за кошт польскага імпарту мела на мэце не толькі забеспячэнне ваяроў Княства перадавой еўрапейскай зброяй, але і задавальненне вострай патрэбы ва ўзбраенні наогул. Размова пра пастаўку вайсковага рыштунку з Польшчы ў Літву была б няпоўнай без згадкі аб скарзе крыжакоў на Канстанцкім саборы ў 1416 г., дзе яны жаліліся, што палякі адпраўляюць літоўцам, схізматыкам і ерэтыкам вайсковыя прылады, у тым ліку "armis, armigeris, instrumentis variis bellicis, studiosis artibus, artificibus, thoracibus, cassidibus, loricis, pixidibus, bombardis, equis, gladiis, bombardarum pulveribus, balistis, machinis", і г.д. [6, с. 1027–1028].

Высветліць, з якой інтэнсіўнасцю ішло насычэнне войска Вялікага княства Літоўскага заходняй зброяй, на сённяшні дзень не ўяўляецца магчымым. Мелі яе, відавочна, прадстаўнікі палітычнай эліты дзяржавы, аб чым сведчаць выявы на пячатках літоўскіх князёў канца ХІV - першай паловы ХV ст., дзе адлюстраваны, між іншым, пласцінавыя даспехі, шаломы-баскінеты, прылбіцы, конскія папоны-"кропежы". Ужо на Грунвальдскім полі ўзбраенне, аналагічнае заходняму не толькі па баявых якасцях, але і па знешнім выглядзе, не з’яўлялася ў харугвах Вітаўта, як падаецца, нечым выключна рэдкім. На гэта ўказвае адзін з эпізодаў бітвы, калі палякі нейкі час прымалі атакуючыя крыжацкія рэзервы за ліцвінаў, якія вярталіся на поле бою, і толькі нападзенне ордэнскага даводца на Дабяслава Алясніцкага, выехаўшага яму насустрач, выявіла памылку [7, с. 59]. На ўзнікненне непаразумення ў дадзеным выпадку ў значнай меры паўплывала наяўнасць у крыжацкіх шыхтах вялікай колькасці лёгкіх коп’яў-суліц, аднак, калі б іншае іх узбраенне, у тым ліку засцерагальнае, кардынальна адрознівалася ад таго, якое палякі разлічвалі знайсці ў атрадах Вітаўта, блытаніна наўрад ці была б магчымай. Таму можна дапусціць, што прынамсі першыя лініі харугваў Вялікага княства Літоўскага былі ў дастатковай ступені ўкамплектаваны першакласным еўрапейскім узбраеннем, што, між іншым, не супярэчыць і ўжо прыведзенаму вышэй апісанню Длугашам ліцвінскіх кліноў, у якіх найлепш узброеныя рыцары размяшчаліся наперадзе і, верагодна, па флангах.

Адметную частку войска Вялікага княства Літоўскага, прынамсі, пачынаючы з часоў Вітаўта, складалі татары, без якіх не абыходзілася ніводная сур’ёзная экспедыцыя гэтага славутага вялікага князя [6]. На жаль, крыніцы не даюць матэрыялу для рэканструкцыі ўзбраення і вайсковай манеры менавіта літоўскіх татараў, аднак, прымаючы пад увагу той факт, што яны на мяжы ХІV–ХV ст. толькі з’явіліся на абшарах Княства і наўрад ці паспелі адразу ж адысці ад мілітарных традыцый сваіх качавых супляменнікаў, можна з дастатковай доляй верагоднасці апеляваць да адпаведных залатаардынскіх аналогій. Татарскае ўзбраенне ХІV–ХV ст. на сённяшні дзень даволі добра вывучана, прычым даследаванні абвяргаюць погляд на татарскіх ваяроў як на выключна лёгкіх коннікаў. Даказана, між іншым, што ў залежнасці ад сацыяльнай прыналежнасці і матэрыяльных магчымасцяў татары ўжывалі вельмі шырокі спектр узбраення, у тым ліку засцерагальнае, што дазваляе выдзеліць у іх асяроддзі лёгкую і цяжкую кавалерыю, хаця дакладную мяжу паміж першай і другой правесці цяжка. Да ахоўных сродкаў, вядомых татарам у другой палове ХІV - першай палове ХV ст., можна аднесці кальчугу, лямелярны і лямінарны даспехі, пласцінкі якіх вырабляліся як з жалеза, так і з цвёрдай скуры, камбінаваныя віды баявых пакрыццяў, у тым ліку колкава-пласцінкавыя, мяккія неметалічныя даспехі з лямцу, скуры ці тканіны, часам падбітыя металічнымі пласцінкамі, што набліжала іх да еўрапейскіх платаў. Бытавалі металічныя пакрыцці канечнасцяў і шчыты акруглай формы. Шлемы пераважна мелі сфераканічныя абрысы, хаця выкарыстоўваліся і нізкія яйкападобныя нагалоўі з кальчужнай аховай твару. Практыкавалася таксама пакрыццё даспехам баявых каней.

Асноўным відам наступальнага ўзбраення татараў з’яўляўся складаны лук, які мелі ўсе ваяры. Досыць шырока ўжываліся коп’і, аднак, капійнікаў у еўрапейскім разуменні гэтага слова татары не ведалі, паколькі спалучэнне дрэўкавай зброі з лукам сведчыць, хутчэй, не аб капійнічым, а аб універсальным характары ўзбраення ўладальніка. Комплекс наступальных сродкаў дапаўняла клінковая зброя, у пераважнай большасці шаблі, абухова-ўдарная зброя і арканы [20].

Такім чынам, можна дапусціць існаванне ў Вялікім княстве Літоўскім да сярэдзіны ХV ст., прынамсі, трох відаў кавалерыі - капійнічай, стрэльчай і універсальнай. Разам з тым, адсутнасць у большасці надаўчых актаў, рэгламентаваўшых умовы вайсковай службы, якога б то ні было акрэслення баявых сродкаў, якія павінен быў мець кожны канкрэтны прадстаўнік ваенна-служылага люду, стварала ўмовы для надзвычайнай стракатасці войска. Асабліва гэта тычыцца засцерагальнага ўзбраення, якое ніяк не рэгламентавалася. У выніку аўтаматычнае атаясамленне капійнікаў з цяжкаўзброенымі, а стральцоў - з лёгкаўзброенымі кавалерыстамі можа разглядацца толькі як даніна традыцыі.

У сярэдзіне ХV ст. у рэгламентацыі ўзбраення ваяроў Вялікага княства Літоўскага на першае месца выступае новы прынцып - характар засцерагальных сродкаў. Ужо ў 1448 г. у грамаце вялікага князя Казіміра Ягелончыка магілёўскім баярам Ільінічам, валодаўшым Семянчыньскай зямлёй, прадпісывалася: "Нехай они нам по тому служат, как из своее отчизны, доспехом". За дазвол нейкаму Андрэю Івашковічу купіць у 1487 г. сяло ў Смаленскім павеце Казімір патрабаваў: "нехай от тое селцо держит, а нам с того служит трема панцыры". Несці вялікаму князю службу "доспешную" абавязваўся за наданне яму ў 1494 г. сяла Залатовіч у Смаленскім павеце пісар ваяводы Віленскага Сенка Цераховіч. У тым самым годзе намеснік Смаленскі Юры Глябовіч надаў смаленскаму баярыну Цішку Дукіну сяло Каханоўскае ў Еленскай воласці, з якога ішла "шчытная" служба. У 1495 г. быў выдадзены дазвол дваранам Яну Катовічу і Мікалаю Завішычу апекавацца маёнткамі сваіх будучых жонак, дачок Яна Мышковіча Яковіча, за што яны мусілі "с тых именей службу заступовати по осми коней у зброях". Годам пазней вялікі князь Аляксандр абавязваў служыць "доспехом, а конем" троцкага баярына Мікалая Яновіча і г.д. [8, с. 8, 24, 44, 48, 49, 90, 91].

Ва ўсіх прыведзеных выпадках "даспешная", "панцырная" і "шчытная" службы не з’яўляліся сінонімамі і абазначалі, відавочна, розныя мадэлі адбывання вайсковай павіннасці. На гэта выразна ўказвае складзены ў канцы ХV ст. "рэестр смаленскіх князёў, баяраў і слуг", на жаль, не датаваны дакладна. Характар службы князёў і баяраў у гэтым дакуменце не ўдакладняецца, затое слугі падзяляюцца на тры вышэйзгаданыя катэгорыі. Так, сярод слугаў "Радщинского пути" пералічаны 13 "даспешных" і 9 "шчытных", "Молоховского пути" - 8 "панцырных" і 16 "шчытных" слуг. "Слуги Светеславскии" неслі 14 "шчытных", 5 "панцырных" і 1 "даспешную" службу, "Мащинскии слуги" - 132 "панцырных" і 50 "шчытных" службаў і г.д. [21, к. 477–508].

Крытэрыі і прычыны выдзялення падобных катэгорый выглядаюць дастаткова зразумелымі. Рэгламентацыя засцерагальнага ўзбраення дазваляла вызначыць мінімальныя стандарты ў забеспячэнні ваяроў гэтым адным з найбольш каштоўных складнікаў баявога рыштунку і стварыць рэальныя грунты для падзелу кавалерыі на цяжкую і лёгкую. Аднак застаецца не да канца зразумелым, ці ўвязвалася рэгламентацыя засцерагальнага ўзбраення з характарам наступальнай зброі. Для высвятлення гэтага моманту можна звярнуцца да польскіх рэалій, а менавіта да распрацовак вядомага тэарэтыка арганізацыі войска Яна Астрарога. Падобны зварот тым больш апраўданы, што ў часы кіравання Казімірa Ягелончыка Польшча і Вялікае княства Літоўскае зноў аб’ядналіся пад уладай аднаго манарха, які пры раздаванні зямельнай маёмасці ў Літве мог агаворваць умовы вайсковай службы з улікам польскага вопыту, які пастаянна меў перад сабой. Паводле ўжо згаданых распрацовак Астрарога, зробленых ім, верагодна, у 1447–1454, альбо, што найпазней, у 1455–1460 г., выдзялялася некалькі катэгорый збройных з дакладна акрэсленым комплексам наступальнага і засцерагальнага ўзбраення. Ён лічыў, што капійнік павінен мець поўны даспех (arma integra), паўкапійнік (semihastarius) - кальчугу, нагруднік, абойчык, рукавіцы і шлем (galea et loricam, thoracem et torquem, vulgariter oboyczyk, cum chyrothecis), стралец - шлем, панцыр і ручніцу ці арбалет з 20 балтамі (galeam, loricam et bombardam vel balistam cum viginti sagittis). Асобна вылучае Астрарог таксама г.зв. "фехтавальшчыкаў" (gladiator), комплекс узбраення якіх складаўся са шлема, шчыта і мяча (galeam, scutum et ensem) [22, с. 256–257].

Пра надзённасць рэкамендацый Астрарога ва ўмовах настойлівай неабходнасці ў больш акрэсленай рэгламентацыі засцерагальнага ўзбраення сведчыць ухвала аднаго з вялікапольскіх сеймікаў за 1458 г., якая абавязвала кожнага ўладальніка гадавога даходу ў 100 грывен выстаўляць на вайну аднаго капійніка ў поўным даспеху на добрым кані (hastarium in integris armis bene fulcitum in bonoequo) разам з двума коннымі стральцамі ў колкавых панцырах, абойчыках і шлемах (in loricis colleriis, galeis). Даход у 20 грывен прадугледжваў выстаўленне аднаго коннага стральца з арбалетам, у панцыры, абойчыку і шлеме, тады як асобы, якія не мелі даходаў з чыншу, выпраўлялі з кожных 20 ланаў пехтура са шчытом, шлемам і кордам (cum clipeo, galea et cultro) [23, с. 385].

Такім чынам, зыходзячы з тэндэнцый па ўнармаванню вайсковай павіннасці на землях бліжэйшага суседа і саюзніка, у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове ХV ст. пад "даспешнымі" варта разумець ранейшых капійнікаў, а пад "панцырнымі" - стральцоў. На жаль, недахоп надаўчых актаў з разгорнутым апісаннем вайсковага рыштунку не дазваляе прывесці больш вычарпальную аргументацыю на карысць гэтага дапушчэння. Выключэнне складае наданне ў 1469 г. Якубам Неміровічам Шчытом войтаўства ў сяле Баціковічы Бельскага павета ягонаму дзяку Фёдару, за што апошні абавязваўся "с нами або нашими наследки на войну с кушею у панцерю з обсеичом и с прилбицою на нашей справе служити, ...на своем коне добром..." [19, к. 1286–1287]. Калі ж гаварыць пра поўны даспех, то погляд на яго як на прыналежнасць капійніка замацаваўся настолькі стала, што ў дакументах Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ён у канцы ХV ст. і пазней выступае пераважна як "капійнічы даспех". Такі даспех з’яўляўся найбольш манументальным відам пакрыцця цела, які ахоўваў рыцара з ног да галавы і не патрабаваў дадатковага засцерагальнага элемента ў выглядзе шчыта, рэкамендуемага Астрарогам для ўжывання найлягчэйшым вершнікам, а згаданай ухвалай вялікапольскага сейміка - увогуле пехацінцам. Разам з тым, як сведчаць польскія рэаліі, шчыты працягвалі бытаваць нават у асяроддзі лёгкіх капійнікаў. Так, паводле статута 1474 г., прадстаўнікі гэтай катэгорыі кавалерыстаў, не меўшыя сялян, павінны былі служыць "cum iopula, torace, clipeo et pileo, glyczam habeat, in equo" [22, с. 268]. Мелі шчыты, раз-пораз, і польскія беспанцырныя стральцы. Таму можна меркаваць, што ў Вялікім княстве Літоўскім характар наступальнага ўзбраення "шчытных" таксама не быў ва ўсіх выпадках аднолькавы.

Нягледзячы на фіксацыю ў дакументах другой паловы ХV ст. катэгорый ваяроў, адметных па характару засцеpагальнага ўзбраення, большасць надаўчых актаў у вызначэнні нормаў вайсковай службы па-ранейшаму апелявала да традыцый, якія маглі быць трактаваны досыць шырока. Выдзеліць усе магчымыя мадэлі ўзбраення, бытаваўшыя ў гэты час у Княстве, не ўяўляецца магчымым, але верагодна, што сітуацыя тут у нечым нагадвала польскае паспалітае рушэнне, дзе пры існаванні ваяроў, забяспечаных дрэўкавай зброяй, зброяй далёкага бою, альбо толькі мячамі, налічвалася больш за дзесяць падвідаў кавалерыі, якія адрозніваліся найперш характарам ахоўных сродкаў, прычым некаторыя вершнікі не мелі іх зусім [24, с. 13]. Несумненна, што найлепш былі забяспечаны баявымі пакрыццямі цела заможныя феадалы і іх атрады. У якасці прыкладу можна прывесці адлюстраваны ў Пскоўскім першым летапісе эпізод, звязаны з ад’ездам з Пскова ў 1460 г. літоўскага князя Аляксандра Чартарыйскага і "двора его кованой рати боевых людей 300 человек, оприч кошевых" [25, с. 219].

Пры ўсім тым, што прынцыпы, якія абумовілі выдзяленне катэгорый ваяроў у другой палове ХV ст., не знайшлі адлюстравання ва ўсіх надаўчых актах гэтага часу, акцэнтаванне ўвагі на норме засцерагальнага ўзбраення вершнікаў лягло ў аснову нарматыўных патрабаванняў да вайсковага рыштунку ў пазнейшыя часы, калі рэгламентацыя баявых сродкаў замацоўвалася агульнадзяржаўнымі актамі.

Юрась Бохан

Каментары чытачоў
АнтонКрв напiсаў(ла) 04.08.2013 17:47
Интересная статья.

  В Самиздате - интересная повесть с позиций литвинов:

БИТВА ПОД ТАННЕНБЕРГОМ.
(Исторический роман в 4 частях) Часть 1. АГУЛЬНЫЙ ДОМ ЛИТВИНОВ.
http://samlib.ru/h/haritonchik_s_a/1aguln.shtml

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.