Я. Новікаў - Уплыў вайны на развіццё грамадства (820-я - 970-я гг.)

  1. Ваенны фактар у палітычным развіцці грамадства
  2. Ваенны фактар у эканамічным развіцці грамадства
  3. Уплыў вайны на развіццё духоўнай культуры

Уплыў вайны на развіццё духоўнай культуры

Акрамя ўплыву вайны на палітыку і эканоміку мы мусім абавязкова даследаваць ролю ваеннага фактару ў развіцці духоўнай культуры беларускіх земляў. Гэта надзвычай вялікае і складанае пытанне. Паколькі аб'ём і задача нашай працы не дазваляюць нам канцэнтравацца на ім занадта дэталёва, мы пастараемся выбарачна асвятліць найбольш цікавыя для нас аспекты. Мы не будзем падрабязна спыняцца на такіх аб'ектыўных элементах культуры, як рэлігія ці эпас, грунтоўна разабраных у адпаведнай літаратуры. Рачэй мы засяродзімся на ўнёску вайны ў суб'ектыўны бок культуры, якую спавядалі тагачасныя жыхары беларускіх земляу, а менавгга іх погляд на навакольны свет, успрыманне гэтага свету і саміх сябе ў ім. Паколькі мы пагадзіліся з азначэннем вайны як палітычнай з'явы, гаворка будзе ісці не аб уплыве вайны на фармаванне мікракосму асобных людзей, а аб яе ўплыве на іх успрыняцце сябе як часткі палітычнай супольнасці і зваротным уплыве іх поглядаў на свядомае пераўтварэнне гэтай супольнасці.

У якасці эпізоду, які найбольш ярка адлюстроўвае ўплыў вайны на палітычную свядомасць людзей і грамадства, мы возьмем падзеі, звязаныя з першым кароткім перыядам самастойнага існавання Полацкага княства. Ён пачаўся паміж 931 і 945 гг. і скончыўся паміж 973 і 978 гг. узяццем Полацка кіеўскім князем Уладзімірам і забойствам першага вядомага нам полацкага князя Рагвалода. Гэты перыяд цікавіць нас хутчэй не сам па сабе, а як крыніца, з якой пачынаецца плынь многіх наступных па-дзей. Па-першае, тое адасабленне Полацка ад іншых рускіх земляў, падуладных нашчадкам Рурыка, стала прадвесцем яго самастойнасці ў будучыні. Ужо ў 1001 г. насуперак кіеўскай традыцыі пасля смерці сына Уладзіміра Ізяслава стол у Полацку заняў не іншы Уладзіміраў сын, a нехта з Ізяслававых сыноў: Усяслаў альбо Брачыслаў. У Полацку аднавілася самастойная княская дынастыя, і ён выпаў з палітычнай сістэмы дзяржавы Рурыкавічаў. На ўсім працягу існавання адзінай у палітычных адносінах Русі з цэнтрам у Кіеве ніводная іншая зямля не выйшла з падпарадкавання Кісву так рана і не захоўвала сваю самастойнасць так выразна. Па-другое, на перыяд княжання Рагвалода і гвалтоўнае яго перапыненне спасылаюцца гісторыкі ад аўтараў "Повести временных лет" да сучасных даследчыкаў дзеля тлумачэння традыцыі самастойнага існавання Полаччыны і каранёў гэтай самастойнасці. Менавіта з тых часоў, як заўважае Лаўрэнцьеўскі варыянт "Повести временных лет" пад 1128 г., "мечь взимають Рогволожи внуци протмву Ярославлихь внуковь" [203]. Нешта падобнае ў розных варыяцыях можна прачытаць і ў сучасных гістарычных даследаваннях.

Гэта вымушае нас шукаць адказаў на наступнае пытанне: чым было выклікана такое ранняе імкненне Полацка да незалежнасці ад дзяржавы Рурыкавічаў і чаму адлік гэтай самастойнасці большасцю даследчыкаў традыцыйна адносіцца да падзей другой паловы X - пачатку XI стст.? Натуральна, пры спробе адказаць на гэтае пытанне на першае месца выходзіць ужо вядомая нам такая аб'ектыўная прычына: месцазнаходжанне Полацкай зямлі на Дзвінскім участку Дняпроўскага гандлёвага шляху. Пасля заняпаду гандлю па Волзе асноўная гандлёвая актыўнасць была перанесеная на Дняпроўскі шлях, які звязваў Візантыю і рынкі Блізкага Усходу з Балтыйскім рэгіёнам. Полацк, які кантраляваў найбольш зручны выхад з Дняпра ў Балтыйскае мора па Дзвіне, меў добрыя шанцы нарошчваць сваю палітычную і эканамічную магутнасць за гэты кошт. Таму полацкая палітычная эліта мела важкія прычыны дамагацца самастойнасці ад дзяржавы Рурыкавічаў і досыць сіл, каб справіцца са спробамі Рурыкавічаў гэтай самастойнасці перашкодзіць.

Але спасылка на гандлёвы шлях прапануе толькі частковы адказ на пытанне. Пры ўсёй важнасці гандлю, эканоміка таго часу засноўвалася пераважна на натуральнай сельскай гаспадарцы. У такіх умовах кожная тэрыторыя, якая была ў стане забяспечыць сябе харчам, так ці інакш імкнулася да эканамічнай аўтаркіі і была ў стане падтрымліваць сваю эканамічную адасобленасць і супраціўляцца спробам знешняга падпарадкавання. Таму само існаванне гандлёвага шляху яшчэ не было дастатковым апраўданнем існавання самастойнай дзяржавы.

Нічога не кажуць аб гэтым і летапісцы. Вядома, можнн было б прадставіць старажытных летапісцаў адарванымі ад жыцйя кніжнымі чарвякамі, якія наіўна і механічна пераносілі на пергамент пераказаныя ім кімсьці падзеі, аддаючы перавагу пералічэнню фактаў на шкоду іх асэнсаванню. Між тым, як нам паказаў аповед аб Святаславе, летапісцы дакладна вызначылі асноўныя прычыны ягонай актыўнай знешняй палітыкі на Балканах і мелі адэкватнаі' свайму часу ўяўленне аб прычынах рэчаў. Таму, каб зразумець сутнасць падзей на Полаччыне ў другой палове X пачатку XI стст. словам летапісцаў варта было б давяраць ніяк не менш, чым уласным спекуляцыям на гэтыя тэмы. Найбольш паказальным у гэтых адносінах з'яўляецца ўжо цытаваны запіс Лаўрэнцьеўскага летапісу пад 1128 г. Ён расказвае пра падзеі, што адбываліся неўзабаве пасля заваявання Уладзімірам Полацка. Звернемся да яго.

Будучы князем у Ноўгарадзе, яшчэ зусім малады Уладзімір з-за падбухторвання свайго дзядзькі Дабрыні пасватаўся да дачкі полацкага князя Рагвалода Рагнеды. Гордая Рагнеда адмовіла яму як "робичичу" з-за нізкага паходжання ягонай маці. Прыйшоўшы ў ярасць, Уладзімір выправіўся на Полацк, узяў яго, забіў Рагвалода і гвалтоўна ўзяў Рагнеду сабе за жонку, даўшы ёй новае імя Гарыславы. Ужо нарадзіўся ў іх сын Ізяслаў, калі Рагнеда задумала забіць Уладзіміра ўначы падчас сну. Але Уладзімір нечакана абудзіўся і адвёў яе руку. Ён загадаў Рагнедзе апрануцца ў тронны ўбор і чакаць ягонай волі. Рагнеда ж дала аголены меч у рукі малому Ізяславу, які быў гатовы абараніць маці. Убачыўшы гэта, Уладзімір стаў раіцца са сваімі баярамі, якія казалі яму не забіваць жонку і дзіця, але аднавіць іхнюю вотчыну і даць яе ім ва ўладанне. Уладзімір так і зрабіў, заснаваўшы горад Ізяслаўль (Заслаўе). I з таго часу пачалася варожасць паміж Рагвалодавічамі і Уладзіміравым родам [204].

Пры аналізе гэтага кранальнага аповеду звяртае на сябе ўвагу наступная дэталь. Спроба Рагнеды забіць Уладзіміра, які ўжо быў яе законным мужам, у помсту за свайго бацьку і братоў паказвае, што ёй валодала пачуццё далучанасці да свайго роду. Яго гонар і інтарэсы яна ставіла вышэй за жыццс свайго мужа, бацькі сваіх дзяцей. У сваю чаргу малы Ізяслаў, апынуўшыся перад выбарам паміж адданасцю свайму бацьку і абаронай маці, стаў на яе бок. Гэты ўчынак у вачах сведкаў і сучаснікаў таксама мог стаць сімвалічным выбарам прынадежнасці да роду Рагвалода і Рагнеды ў супрацьвагу Уладзіміраву роду Рурыкавічаў. Такім чынам, па прыездзе ў Полацк Ізяслаў успрымаўся мясцовым паспольствам і вярхушкай як законны прадаўжальнік ранейшай дынастыі Рагвалода, нягледзячы на спадкаемства па жаночай лініі. У тыя часы, калі княская ўлада вянчала піраміду палітычнай іерархіі грамадства, дзяржава ўвасаблялася ў сімвалічнай і сакралізаванай асобе князя. Аднаўленне легітымнага нашчадка ранейшай дынастыі на полацкім стале значыла і аднаўлснне прэтэнзій на самастойнае дзяржаўнае існаванне.

Але і самастойная мясцовая дынастыя была не самым пераканаўчым аргументам на карысць адасобленага існавання Полаччыны. Асоба князя і трывалая дынастычная традыцыя яшчэ не давалі гарантый падтрымкі з боку паспольства. Сакралізацыя княскай улады была двувострай зброяй. Князь мог лічыцца абраннікам вышэйшых сіл і з гэтай прычыны карыстацца найвышэйшым аўтарытэтам свайго народу. Але такое становішча было трывалым толькі пакуль яму спрыялі поспех і ўдача. Няўдачы і паражэнні ўспрымаліся як знак таго, што вышэйшыя сілы звярнулі свой прыхільны позірк на іншы род і іншую асобу. Адпаведна, той, хто перамог і забіў князя, мог лічыцца законным спадкаемцам ягонай улады. У сувязі з гэтым цяжка растлумачыць прыхільнасць палачан да нашчадкаў Рагвалода, беручы пад увагу ягонае паражэнне ад рук Уладзіміра. Хутчэй за ўсё, нечаканую ролю адыграла ўсё тая ж сімвалізацыя асобай князя ўсёй дзяржавы. У такім святле помста Рагнеды за Рагвалода ў рэтраспектыве разглядалася і як помста за гвалтоўнае ўзяцце Полацка, як працяг лаяльнасці свайму княству. Таму і дынастыя, якая праявіла надзвычайную лаяльнасць да сваёй дзяржавы, карысталася надзвычайнай лаяльнасцю з боку паспольства гэтага княства.

Вялікае значэнне меў і сам факт узброенай барацьбы за Полацк, якая суправаджалася гібеллю ваяроў і мірных жыхароў. Гэта, несумненна, пакінула трывалы след у калектыўнай і індывідуальнай памяці палачан. Пасля ўзяцця Полацка з вялікім кровапраліццем пытанне самастойнасці выйшла з цалкам рацыянальнага вымярэння мэтазгоднасці існавання асобнага дзяржаўнага ўтварэння, абгрунтаванай палітычнымі ці эканамічнымі прычынамі. Яно набыло рэлігійную афарбоўку справы, аплочанай крывёй супляменнікаў і сваякоў, што само па сабе рабіла наступныя пакаленні спадкаемцамі гэтай справы і накладала на іх абавязкі па яе працягу і абароне. Самастойнасць станавілася неацэнным дарам, самадастатковай каштоўнасцю, якую нельга і не варта было губляць.

Звяртае ўвагу тая акалічнасць, што ніводны з пералічаных фактараў, які надаваў лішнюю вагу справе полацкай самастойнасці, не быў аб'ектыўным. To бок, ён не дадаваў Полацку заўважных аб'ёмаў палітычнай ці эканамічнай магутнасці, якія можна было б узважыць у нейкіх рацыянальных велічынях. Усе гэтыя фактары грунтаваліся на суб'ектыўным успрыманні дзейнымі асобамі сябе і навакольнага асяроддзя: успрыманні палачанамі Рагнеды і Ізяслава як легітымных спадкаемцаў дынастыі Рагвало-да, спалучаным з іх уласным успрыманнем сябе ў гэтай якасці; адчуванні палачанамі і Рагвалодавічамі ўзаемнай лаяльнасці, нарэшце, адчуванні важнасці самастойнасці Полаччыны як справы, апраўданай крывёй. Калі аб'ектыўныя фактары сапраўды заклалі палітычныя і эканамічныя падмуркі незалежнасці Полацкай зямлі, суб'ектыўныя фактары стварылі саму ідэю гэтай незалежнасці. Яны адаптавалі яе да масавай свядомасці, персаніфікавалі ў асобах князёў Рагвалодавай дынастыі, убралі ў прыгожыя гераічныя шаты барацьбы з драпежным наўгародскім захопнікам, надалі ёй звышнатуральнае рэлігійнае адценне збаўлення крывёй продкаў і падалі яе як вартую змагання і абароны справу.

Паралелі гэтаму эпізоду беларускай гісторыі мы можам знайсці ў гісторыі Нарвегіі. У 1000 г. у бітве пры Свольдзе загінуў нарвежскі кароль Олаф Тругвасан, магчымы сын летапіснага Туры і, адпаведна, пляменнік Рагвалода і стрыечны брат Рагнеды. У 1030 г. бітва пры Стыкластадзіры скончылася паражэннем і смерцю для караля Олафа Святога. Імёны абодвух каралёў звязваюцца з барацьбой за аб'яднаную самастойную Нарвегію. 1х палітыка ў абодвух выпадках пацярпела няўдачу, а значная частка нарвежскага паспольства змагалася супраць іх у фатальных для іх бітвах (успомнім, што ў барацьбе Рагвалода з Уладзімірам з абодвух бакоў змагаліся нарманы і крывічы). Але менавіта іхнія імёны і іхняя праграма сталі сцягам прыхільнікаў аб'яднанай самастойнай Нарвегіі ў будучыні.

Ваенны канфлікт вакол Полацка дапоўніў пазітыўную ідэю полацкай самастойнасці негатыўным вымярзннем. Ваенныя дзеянні падштурхоўвалі палачан да ўсведамлення сябе ў навакольным свеце не толькі як станоўча самастойнай супольнасці, але і адмоўна супрацьлеглай Ноўгараду і Кіеву і выразна адрознай ад іх.

Такім чынам, у дадзенай сітуацыі вайна ізноў прадэманстравала сваю парадаксальную прыроду. Калі аб'ектыўна паражэнне Рагвалода ад Уладзіміра значыла перапыненне самастойнага існавання Полацка, ягоныя суб'ектыўныя вынікі былі цалкам супрацьлеглымі. Узніклае ў выніку вайны ўяўленне аб полацкай незалежнасці як аб справядлівай, але прайгранай справе ў будучыя часы служыла ёй фундаментам ці не лепшым за палітычныя і эканамічныя фактары.

  • [203] Лаврентьевская летопись. Ст. 301.
  • [204] Лаврентьевская летопись. Ст. 299-301.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Дата публікацыі: 05.04.2008


Каментары чытачоў

Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.






Увядзіце код