Ваеннае становішча ў Беларусі ў 1812 г.

Прычыны ўвядзення ваеннага становішча. Напярэдадні вайны 1812 г. перад расейскім урадам паўсталі дзве складаныя задачы - правесці нарыхтоўку правіянту і фуражу для арміі і забяспечыць фінансаванне надзвычайных ваенных выдаткаў. Але незадавальняючы стан фінансаў ускладняў вырашэнне гэтых пытанняў.

Да пачатку красавіка 1812 г. праблема нарыхтоўкі правіянту і фуражу ў заходніх губернях стала першачарговай сярод клопатаў расейскага урада. Як адзначаў у гэты час упраўляючы Ваенным міністэрствам генерал-лейтэнант князь Аляксей Гарчакоў, “никогда продовольствие войск не было столь затруднительно и не требовало такой попечительности, как теперь”. Па яго словах, з-за росту кошту правіянту і фуражу, толькі на забеспячэнне арміі харчаваннем неабходна да 12 млн руб., і яшчэ 13 млн руб. - на “экстраардынарныя выдаткі” па дзвюх Заходніх арміях да 1 мая. Усяго ваеннае ведамства неадкладна патрабавала 25 млн руб., што па словах міністра фінансаў Дзмітрыя Гур’ева, пераўзыходзіла ўсе магчымасці Казначэйства[2]. У выніку, войскі не атрымлівалі неабходных сродкаў.

У пачатку красавіка 1812 г. гарадзенскі грамадзянскі губернатар Васіль Ланскі прадставіў у Камітэт міністраў запіску О безнадежности продовольствия войск в Гродненской губернии обывательским провиантом и фуражом и о самовольном заборе оных. У ёй паведамлялася, што ў сувязі з няўродам 1811 г. маршалкі многіх паветаў з вялікай цяжкасцю могуць задаволіць патрэбы войскаў у правіянце і фуражу. Не маглі сувалодаць з гэтай праблемай і ваенныя камісіянеры. Таму палкі рабілі нарыхтоўку фуражу ўласнымі сіламі. Найчасцей мянялі месца дыслакацыі кавалерыйскія палкі, якія не паведамлялі пра гэта земскім судам. Уступіўшы ў паветы, яны гвалтоўна адбіралі ў жыхароў правіянт і фураж “без меры и весу” і замест грошаў выдавалі квітанцыі, “какие им заблагорассудится”. У выніку, мясцовыя жыхары прыгняталіся, і гублялі магчымасць выконваць свае павіннасці[3]. Як сведчыў губернатар, у многіх паветах Гарадзеншчыны не засталося аўса для пасева 1812 г. і сена для кармлення ўласнай жывёлы. Такім чынам, бескантрольнае самазабеспячэнне палкоў у месцах дыслакацыі абарочвалася голадам насельніцтва.

Крытычны стан з нарыхтоўкай правіянту і фуражу для арміі, выкліканы недахопам наяўных сродкаў, абмяркоўваўся на пасяджэнні Камітэта міністраў 10 красавіка 1812 г. У сваім дакладзе па гэтаму пытанню міністр фінансаў Дз.Гур’еў адзначыў, што на 1812 г. ваеннаму ведамству, разам з надзвычайнымі выдаткамі па Малдаўскай і Грузінскай арміях, выдзелена 153 млн руб.[4] Да 6 красавіка ў распараджэнне Ваеннага дэпартамента адпусцілі 48 млн. 300 тыс. руб. асігнацыямі і 361 тыс. руб. серабром. Але ваеннае ведамства па-ранейшаму мела цяжкасці ў забеспячэнні арміі харчаваннем і штодзень патрабавала новых паступленняў грашовых сродкаў. Між тым Міністэрства фінансаў не ведала патрэбаў арміі. Камітэт міністраў па прапанове Дз.Гур’ева даручыў князю А.Гарчакову зрабіць разлікі надзвычайных ваенных выдаткаў[5].

Акрамя таго, міністр фінансаў паведаміў пра істотны рост кошту срэбраных грошаў у Віленскай і сумежных з ёй губернях. За 100-рублёвую паперку давалі толькі 19 – 20 руб. срэбрам, а ў Рызе і таго менш. Прычыну непамернага павелічэння курса срэбранага рубля міністр бачыў у асобных “злоумышленных намерениях”. У якасці доказу Дз.Гур’еў спасылаўся на тое, што кошт золата і срэбра, якія ўрад скупляў у Рызе для іх адпраўкі ў заходнія губерні, не змяншаўся, а ўзрастаў. Больш таго, звонкая манета нават не з’яўлялася ў звароце. На думку міністра, гэта даказвала “неблагонамеренные усилия к накоплению в пограничных местах золота и серебра, вероятно, потаенным образом”. Дз.Гур’еў прагназаваў змяншэнне запасаў золата і срэбра ў краіне, і далейшае падзенне курса асігнацый. Таму ён прыпыніў адпраўку звонкай манеты на патрэбы арміі, каб захаваць яе на будучыню[6]. Каб зняць вастрыню праблемы з нарыхтоўкай правіянту і фуражу для Заходніх армій, міністр фінансаў прапанаваў перакласці забеспячэнне войскаў харчаваннем “на зямлю”. Такім чынам ён спадзяваўся зберагчы наяўныя сродкі. Замест іх прапанавалася ўвесці аблігацыі, выпуск якіх Аляксандр І дазволіў 9 красавіка 1812 г.[7] На думку Дз.Гур’ева, аблігацыі заменяць вялікую масу асігнацый, якіх па прычыне вайсковых выдаткаў зашмат накапілася ў памежных губернях, і што вяло да іх абясцэньвання[8].

Камітэт міністраў пагадзіўся з прапановай Дз.Гур’ева адносна перакладкі харчовага і фуражнага забеспячэння арміі на памежныя губерні. Але Камітэт палічыў за лепшае выкананне гэтага рашэння ўскласці на галоўнакамандуючых арміямі[9].

Свае разважанні адносна рашэння Камітэта міністраў у асобнай запісцы на імя Аляксандра I выказаў ваенны міністр[10]. Але Міхаіл Барклай дэ Толі не стаў чакаць адказа і прыступіў да абмеркавання пытання аб сродках забеспячэння арміі ўсім неабходным з губернскімі маршалкамі Віленскай, Гарадзенскай, Менскай губ. і Беластоцкай вобл. У выніку перагавораў 12 красавіка 1812 г. бакі прыйшлі да пагаднення аб пастаўцы харчавання і фуражу (гл. ніжэй).

Заключэнне пагаднення з прадстаўнікамі мясцовага дваранства дало падставу расейскім уладам увесці 16 красавіка 1812 г. ваеннае становішча ў памежных губернях. З гэтага часу пастаўкі харчавання і фуражу ажыццяўляліся шляхам рэквізіцый, а насельніцтву замест грошаў выдаваліся квітанцыі. І толькі 24 красавіка Аляксандр I дазволіў разлічвацца за фураж і харчаванне ў заходніх губернях аблігацыямі памерам ад 200 да 500 руб. Праз год яны павінны былі пагашацца асігнацыямі з выплатай 6% за кожныя 100 руб.[11] Такім чынам, прапановы міністра фінансаў уводзіліся ў дзеянне[12], але гэтыя мерапрыемствы спазніліся.

Механізм военнага становішча. Калі ўлады выявілі няздольнасць вырашыць праблему забеспячэння арміі харчаваннем і фуражом на дагаворна-падраднай аснове, расейскі ўрад звярнуўся да прымусовых мер – рэквізіцый. І хоць рэквізіцыі былі санкцыянаваны губернскімі маршаламі, дзеля “ваенных патрабаванняў” неабходна было ўвесці ў памежных губернях ваеннае (назвычайнае) становішча.

Паняцце ваеннага становішча[13] ўпершыню было сфармулявана ва Учреждении для управления Большой действующей армии, якое Аляксандр І зацвердзіў 27 студзеня 1812 г. У выпадку ўвядзення ваеннага становішча ўладныя паўнамоцтвы ў месцах дыслакацыі арміі пераходзілі да галоўнакамандуючага (“главнокомандующий представляет лицо императора и обличается его властью”), а г.зн., што ён адказваў за забеспячэнне арміі ўсім неабходным. З гэтага часу загады галоўнакамандуючага выконваліся як ў арміі, так і ўсімі чыноўнікамі памежных губерняў і абласцей, “яко высочайшие именные повеления”[14]. Такім чынам, Учреждение вызначала ўзаемаадносіны вышэйшага армейскага кіраўніцтва з памежнымі губернямі і агульныя функцыі ўладных асобаў ва ўмовах ваеннага становішча.

Канкрэтызацыя зместа Учреждения адбылася 13 сакавіка 1812 г. у імянным указе Сенату О правилах для управления Главнокомандующему действующей армии губерниями, в военном положении объявленными[15]. Разам з указам было разаслана таксама Учреждение для управления Большой действующей армии. Ва ўказе адзначалася, што памежныя губерні і вобласці па найвышэйшаму загаду могуць быць абвешчаны на ваенным становішчы. У гэтым выпадку тэрыторыі пераходзілі пад кіраванне галоўнакамандуючага дзеючай арміі ў пытаннях унутранай бяспекі і выканання “вайсковых патрабаванняў”. Начальнікі губерняў, абвешчаных на ваенным становішчы, абавязваліся выконваць яго загады “беспрекословно”. Пры гэтым галоўнакамандуючы не павінен быў умешвацца ў кіраванне губернямі па судовай і гаспадарчай частцы.

У выпадку атрымання “ваенных патрабаванняў” грамадзянскія губернатары дзейнічалі ў адпаведнасці з Учреждением[16], г.зн. сумесна з маршалкамі, гарадскімі думамі і магістратамі яны складалі “раскладки и уравнения”. Пры гэтым начальнікі губерняў неслі асабістую адказнасць за дакладнае і хуткае выкананне прадпісанняў галоўнакамандуючага па частцы паліцыі і дастаўлення “вайсковых патрабаванняў”. Акрамя таго, галоўнакамандуючы атрымліваў права сваёй уладай адхіляць чыноўнікаў гарадской і земскай паліцыі, а вінаватых аддаваць ваеннаму суду, які ствараўся і дзейнічаў паводле Учреждения). Пад юрысдыкцыю ваеннага суда, прыгаворы якога зацвярджаліся галоўнакамандуючым, падпадалі ўсе жыхары, у т.л. ваенныя чыноўнікі, а таксама чыноўнікі гарадской і земскай паліцыі[17]. Указ ад 13 сакавіка юрыдычна замацаваў паняцце ваеннага становішча.

Яго далейшае развіццё адбылося ў імянным указе ваеннаму міністру ад 16 сакавіка 1812 г. О предоставлении власти, изображенной в Учреждении для управления Большой действующей армии тем только Главнокомандующим, кои будут в сем звании утверждены или вновь назначены[18]. Паводле ўказу, усе асобы, якія не былі зацверджаны галоўнакамандуючымі, павінны былі скласці з сябе гэта званне. Мера іх улады надалей вызначалася асобнымі ўказамі. У гэты ж дзень Аляксандр I прызначыў ваеннага міністра М. Барклая дэ Толі галоўнакамандуючым 1-й Заходняй арміі і зацвердзіў князя Пятра Баграціёна і графа Міхаіла Кутузава галоўнакамандуючымі 2-й Заходняй і Дунайскай арміямі[19]. 31 сакавіка Сенат разаслаў грамадзянскім губернатарам указы аб ваенным становішчы, і аб прызначэнні галоўнакамандуючых[20]. Такім чынам, у сакавіку 1812 г. былі выдадзены ўсе неабходныя юрыдычныя акты, якія сталі падмуркам ваеннага становішча.

Урэшце, 16 красавіка 1812 г. паводле Учреждения для управления Большой действующей армии і ўказа ад 13 сакавіка 1812 г. у памежных губернях уводзілася ваеннае становішча. З гэтага часу Курляндская, Віленская, Менская, Гарадзенская, Кіеўская, Валынская і Падольская губ., а таксама Беластоцкая і Цярнопальская вобл. пераходзілі пад кіраўніцтва галоўнакамандуючых арміямі. Яны былі падзелены на дзве ваенныя акругі. Курляндская, Віленская[21], Менская[22], Гарадзенская губ. і Беластоцкая вобл. адносіліс да 1-й акругі 1-й Заходняй арміі, а астатнія – да 2-й акругі 2-й Заходняй арміі[23]. Адначасова ўводзіліся абмежаванні на ўезд і выезда з Расейскай імперыі[24].

“Беларускія” губерні (Віцебская і Магілёўская) у красавіку 1812 г. на ваеннае становішча не пераводзіліся, і іх кіраванне засталося на ранейшых умовах. І толькі з пачаткам вайны (12 чэрвеня) яны былі пераведзены на надзвычайнае становішча[25]. З гэтага часу Віцебская губ. належала да 1-й акругі 1-й Заходняй арміі, а Магілёўская – да 2-й акругі 2-й Заходняй арміі[26].

Стварэнне Галоўнага камітэта ваенных павіннасцей і яго мясцовых установаў. 12 красавіка 1812 г. у Вільні паміж М.Барклаем дэ Толі і губернскімі маршалкамі Віленскай, Гарадзенскай, Менскай губ. і Беластоцкай вобл. было заключана пагадненне адносна забеспячэння войскаў харчаваннем і фуражом і выпрацаваны адпаведныя правілы. Правілы распаўсюджваліся на тры заходнія губерні і вобласць. На гэтых тэрыторыях ствараліся губернскія і павятовыя ўстановы для ваенных павіннасцей.

Выпрацоўка ўмоваў раскладкі па губернях была даручана генерал-інтэнданту 1-й Заходняй арміі генерал-маёру Ягору Канкрыну і грамадзянскім губернатарам. Агульнае кіраўніцтва ўскладалася на літоўскага ваеннага губернатара генерала ад інфантэрыі Аляксандра Рымскага-Корсакава, якога прызначылі на гэтую пасаду 17 красавіка[27]. Менавіта на яго былі ўскладзены ўсе клопаты па забеспячэнню войскаў харчаваннем і фуражом.

Але наладзіць працу на пустым месцы было складана. Па-першае, у губернатараў часта з’яўляліся пытанні, за тлумачэннем якіх яны звярталіся да генерал-інтэнданта арміі[28]. 26 красавіка 1812 г. Я.Канкрын разаслаў ім спецыяльную запіску[29]. Па-другое, цяжкасці ўзнікалі пры стварэнні губернскіх і павятовых установаў і падборы кадраў. Кожны сябра такой установы прыносіў прысягу[30], таму многія памешчыкі адмаўляліся ад выканання “ганаровых” абавязкаў, спасылаючыся “на хваробу”[31]. Меў месца фактычны сабатаж дзейнасці новых структур з боку мясцовых памешчыкаў.

Механізм забеспячэння расейскіх войскаў харчаваннем і фуражом быў наступны. Генерал-інтэндант 1-й Заходняй арміі прадстаўляў “ваеннае патрабаванне”, якое раскладвалася губернскімі ўстановамі паміж паветамі. Паветы былі распісаны за карпусамі. Ураўняльная раскладка праводзілася па колькасці душ кожнага павета “па апошняй 6-й рэвізіі”[32]. За рэквізаванае харчаванне і фураж насельніцтву выдаваліся квітанцыі. Калі на жыхарах не было нядоімак, квітанцыі абменьваліся на аблігацыі Дзяржаўнага казначэйства (2/3 сумы) і асігнацыі (1/3 сумы). У іншым выпадку запазычанасці паменшаліся на адпаведную суму. Усе сабраныя запасы перадаваліся ў правіянцкае ведамства[33].

22 красавіка 1812 г. ваенны міністр загадаў, каб з кожнага павета, як мага хутчэй, была сабрана і перададзена ў правіянцкае ведамства пэўная колькасць “муки, круп и других предметов продовольствия”[34]. Хутчэй за ўсіх раскладку зрабілі ў Менскай губ. і Беластоцкай вобл. Горшай справа была ў Віленскай і Гарадзенскай губ. 27 красавіка ваенны міністр пісаў А.М. Рымскаму-Корсакаву: “К великому однако ж сожалению я не вижу по Виленской и Гродненской губерниям даже приступу к делу. О сю пору идет одна бесплодная переписка, между тем как в других губерниях раскладка военных требований уже кончена”[35]. Барклай дэ Толі заявіў, што ён не прымае ніякіх разважанняў губернскіх маршалкаў і чакае толькі аднаго – дакладнага выканання загадаў. Ваенны міністр прасіў А.Рымскага-Корсакава “о побуждении” губернатараў і маршалкаў да хутчэйшай раскладкі “ваенных патрабаванняў” і актыўнай здачы ў правіянцкае ведамства харчавання “на правилах предписанных”. У адваротным выпадку ўсе разлікі па харчаванні арміі будуць парушаны. Але віленскі грамадзянскі губернатар Аляксандр Лавінскі толькі 19 мая паведаміў аб раскладцы ваеннага патрабавання на 8 паветаў сваёй губерні[36].

27 красавіка у мэтах часовага забеспячэння войскаў харчаваннем у распараджэнне генерал-інтэнданта 1-й Заходняй арміі быў перададзены ўвесь хлеб назапашаны для продажы за мяжу. Для інвентарызацыі былі камандзіраваны земскія чыноўнікі ад губернскіх установаў, а таксама афіцэры ад 2-га, 3-га і 4-га карпусоў. Уладальнікам хлеба выдаваліся квітанцыі[37].

13 мая Аляксандр І зацвердзіў распрацаваныя ваенным міністрам Дополнительные распоряжения к правилам о военных требованиях, определенные взаимными соглашениями между главнокомандующим 1-ю Западною армиею и губернскими маршалами дворянства[38]. Паводле іх у Вільні ствараўся Галоўны камітэт ваенных павіннасцей (далей - ГКВП) як орган каардынацыі збору харчавання ў губернях, прыпісаных да 1-й Заходняй арміі. Камітэт складаўся з чатырох дэпутатаў ад дваранства, а яго старшынёй быў прызначаны А.Рымскі-Корсакаў. Для забеспячэння бесперабойнай працы стваралася канцылярыя Камітэта[39].

На ГКВП ускладаліся вялікія спадзяванні, таму М.Б.Барклай дэ Толі[40] і Я.Ф.Канкрын[41] неаднаразова звярталіся да А.М.Рымскага-Корсакава спачатку з просьбамі паскорыць яго адкрыццё, а потым актывізаваць дзейнасць. Але ГКВП пачаў працу толькі 1 чэрвеня 1812 г. Падрыхтоўчыя мерапрыемствы да яго адкрыцця занялі два тыдні[42].

Асноўнымі пытаннямі ў дзейнасці ГКВП, акрамя забеспячэння збору правіанту і фуражу для войск, сталі пастаўкі віна і валоў, а таксама стварэнне рухомага армейскага магазіна. Аднак узніклі цяжкасці. Так, першую партыю (“аддзяленне”) правіянту ў рамках “ваенных патрабаванняў” планавалася выканаць да 20 мая. Запасы гэтай пастаўкі павінны былі забяспечыць армію да 10 чэрвеня – часу выканання другога “аддзялення”. Але тэрміны паставак зрываліся. “Доныне успехи чрезвычайно малы, – выказваў 27 мая М.Б.Барклай дэ Толі незадавальненне літоўскаму ваеннаму губернатару, – и я опасаюсь, что при дальнейшей медленности никакое благоразумие не вольно будет предупредить того недостатка, которым угрожается армия”. Ваенны міністр прымушаў А.Рымскага-Корсакава актывізаваць сваю дзейнасць, і дзеля гэтага дазваляў, калі патрэбна, ужываць “строжайшую военную экзекуцию”[43].

Але не паспелі памежныя губерні і вобласць выканаць першую пастаўку правіянту і фуражу, як на іх былі ускладзены новыя павіннасці. 21 мая 1812 г. па загаду ваеннага міністра А.Рымскаму-Корсакаву даручалася арганізаваць дадатковую пастаўку віна, буйной рагатай жывёлы і валоў “для салдацкіх вінных і мясных порцый”. Збор планавалася правесці па “ваенных патрабаваннях”, паколькі “приобретение покупкою… сопряжено со многими неудобствами”[44]. Адначасова імператар загадаў сфарміраваць рухомы армейскі правіянцкі магазін.

У адпаведнасці з Расписанием военного требования волов и вина по губерниям, армиею занимаемых[45], з Гарадзенскай, Віленскай, Менскай і Курляндскай[46] губ. і Беластоцкай вобл. патрабавалася сабраць 5200 валоў[47] і 64000 вёдзер віна. Пастаўка ажыццяўлялася ў межах “ваенных патрабаванняў” (Беластоцкая вобл., Менская і Курляндская губ.[48]) ці звыш яго (са свабодных паветаў Гарадзенскай і Віленскай губ.). Усе пастаўкі павінны былі рабіцца ў армію (3850 валоў і 46 825 вёдзер) ці непасрэдна ў 6-ы (750 і 9175) і 1-ы (600 і 7500) карпусы.

Для выканання паставак Я.Канкрын 21 мая выдаў Правила, на основании коих взимаются вино и волы, для армии из пяти губерний, оной занимаемых[49]. Тады ж былі зацверджаны Правила о учреждении подвижного магазейна чрез усиление положенного при армии парка обывательских подвод[50], а 31 мая – даклад О травяном продовольствии[51].

Улічваючы, што ГКВП мог пачаць сваю дзейнасць не раней 1 чэрвеня 1812 г. (як паведамляў А.Рымскі-Корсакаў), ваенны міністр загадаў сабраць ў Вільні губернскіх маршалкаў і скласці з іх “экстренное присутствие” камітэта пад старшынствам літоўскага ваеннага губернатара. Яно павінна было зрабіць ураўняльную раскладку (па кожнай губерні асобна, і па ўсіх разам), і неадкладна распарадзіцца пра збор павозак, коней і паганятых[52].

Але аператыўна выканаць гэты загад ваенны губернатар не мог. У Вільні не аказалася дадзеных пра колькасць душ у трох губернях і вобласці па 6-й рэвізіі. А без іх немагчыма было зрабіць ураўняльнюю раскладку. Таму А.Рымскі-Корсакаў загадаў грамадзянскім губернатарам неадкладна накіраваць у Вільню губернскіх маршалкаў з падрабязнымі звесткамі пра колькасць душ[53]. Але М. Барклай дэ Толі не стаў чакаць прыбыцця маршалкаў, і 25 мая загадаў А.Рымскаму-Корсакаву скласці раскладку самастойна[54]. На працягу двух дзён літоўскі ваенны губернатар выканаў раскладку (адпаведна колькасці душ у кожным павеце, але не падрабязную і не ўраўняльную) і разаслаў яе начальнікамі трох губерняў і вобласці[55]. Ён патрабаваў, каб павозкі і людзі былі сабраны не пазней двух-трох дзён, а віно і валы – не пазней 10 чэрвеня 1812 г.

Але больш за ўсё клопатаў А.Рымскаму-Корсакаву даставіў рухомы армейскі магазін. Да пачатку вайны 1812 г. расейская армія акрамя штатных вайсковых абозаў не мела перавозачных сродкаў. Гэта быў буйны пралік у падрыхтоўцы да вайны. Тое, што не дагледзелі за два гады, паспрабавалі навярстаць за тры тыдні.

Фарміраванне рухомага магазіна пры 1-й Заходняй арміі ажыццяўлялася на тых жа прынцыпах, што і пастаўка харчавання. “Я обдумывал разные способы к устройству оного, – пісаў ваенны міністр А.Рымскаму-Корсакаву. – Желание мое было обойтиться без пособия земли, войсками занимаемой. Но все бывшие в виду при соображениях по сему предмету меры оказались или недостаточны или неудовлетворительны настоящим надобностям. Единственным средством признано, наконец, поставку недостающего количества повозок, лошадей и погонщиков возложить на обязанность губерний, к первому военному округу приписанных”[56]. Верагодна, на рашэнне М.Барклая дэ Толі паўплывала меркаванне галоўнакамандуючага 2-й Заходняй арміі. Князь П.Баграціён яшчэ 26 сакавіка 1812 г. інфармаваў міністра, што рухомыя армейскія магазіны можна сфарміраваць “без больших расходов и с поспешностью”. Ён паведамляў, што памешчыкі Падольскай і Валынскай губ., а таксама шляхта, што састаяла ў “поссесорах, экономиях и тому подобных званиях”, утрымліваюць на сваіх стайнях значна больш коней, чым раней. З гэтага князь рабіў выснову, што коні рыхтуюцца для перапраўкі ў Княства Варшаўскае, а таму іх неабходна канфіскаваць і выкарыстаць дзеля фарміравання рухомых правіянцкіх магазінаў[57].

Згодна Расписанию непременных парковых фур[58] (плану па збору ўсяго неабходнага для магазіна) пастаўкі павінны былі рабіцца ў армію, і асобна ў 1-ы і 6-ы карпусы. Усяго належала сабраць 3800 парных калёс (руск. - телег) з конямі і людзьмі, і запасных – 950 чалавек, 447 коней і 237 калёс. З іх па 500 павозак прызначалася для 1-га і 6-га карпусоў і 2800 – для арміі. Збор для арміі прызначаўся ў Свянцянах, для 1-га і 6-га карпусоў – у месцах, якія назавуць камандзіры. На кожную павозку планавалася нагрузіць па 3 чвэрці аўса (ці ячменя, ці 1/3 жытам – у лік “ваенных патрабаванняў”)[59].

Нягледзячы на своечасовасць мер, якія прымаў А.Рымскі-Корсакаў, ваенны міністр быў незадаволены працай ГКВП і яго старшыні. 3 чэрвеня М.Барклай дэ Толі абвінаваціў А.Рымскага-Корсакава ў бяздзейнасці. Стварэнне рухомага магазіна і пастаўка віна і валоў для арміі зрываліся. Асабліва незадавальняла галоўнакамандуючага невыкананне паставак харчавання і фуражу ў Віленскай губ. “Хотя к 20 мая надлежало поставить и отдать в провиантское ведомство или в полки столько предметов продовольствия, - пісаў міністр, - чтоб оными надежно войска обеспечены были с того времени до поступления остальных количеств, но все донесения показывают совсем тому противное, особливо по Виленской губернии”[60]. Таму міністр не хаваў свайго гневу, калі пісаў: “Я наконец не потерплю далее бездействия комитета и самою необходимостью приведен буду на меры, сильные заставить его исполнить долг свой”[61]. Барклай дэ Толі загадаў літоўскаму ваеннаму губернатару сабраць 4 чэрвеня 1812 г. сяброў камітэта, каб выказаць ім сваё незадавальненне.

Літоўскі ваенны губернатар быў пакрыўджаны абвінавачваннем. У рапарце міністру А.Рымскі-Корсакаў тлумачыў, што камітэт працуе толькі чацвёрты дзень, і большасць мер па арганізацыі рухомага магазіна і паставак харчавання і фуражу прынята менавіта ім, ваенным губернатарам. Тым больш, што пры выкананні загада сустрэліся вялікія перашкоды[62].

4 чэрвеня Барклай дэ Толі сустрэўся з членамі ГКВП, якія ўручылі яму запіску пра армейскі рухомы магазін. У ёй адзначаліся нязручнасці пры стварэнні магазіна з сялянскіх калёс, і перавагі пры фарміраванні яго з вольнанаёмных павозак і коней. Такім чынам, шляхта спрабавала перакласці страты на казну. Ваенны міністр адзначыў, што для яго няма розніцы, сялянскія ці вольнанаёмныя павозкі. Барклай дэ Толі нават пагаджаўся замяняць сялянскія калёсы наёмнымі павозкамі па меры іх паступлення. Але пры гэтым ён падкрэсліў, што “крестьянские ли или вольнонаёмные повозки и лошади войдут в состав армейского подвижного магазейна, казна не более заплатит за них и не обязывает давать другого содержания, кроме того, что в предварительных правилах определено. Все прочие издержки остаются на обязанности дворянства”[63]. Спадзяванні шляхты паменшыць свае выдаткі аказаліся падманлівымі.

Але і пасля нарады ў ваеннага міністра засталося шмат невырашаных пытанняў. Міжы тым 12 чэрвеня 1812 г. пачаліся ваенныя дзеянні. Праблема паставак ускладнялася тым, што Заходнія арміі павінны былі адыходзіць на ўсход, дзе запасы харчавання яшчэ не былі сфарміраваны. Таму перед ваеннымі ўладамі паўсталі дзве супрацьлеглыя задачы: з аднаго боку, трэба было хутчэй фарміраваць новыя правіянцкія базы па Заходняй Дзвіне, а з другога, знішчаць не вывезеныя запасы ў Гарадзенскай, Віленскай, Менскай губ. і Беластоцкай вобл.

Пра пастаўленую войскам задачу сведчаць радкі з сакрэтнай перапіскі П.Баграціёна з атаманам войска Данскога Мацвеем Платавым. “Я не щитаю нужным извиняться с вами нащот истребления запасов продовольствия, – гаварылася ў лісце ад 16 чэрвеня 1812 г., – ибо Ваше высокопревосходительство, как о сем, так и о уничтожении способов к транспортированию запасов, имеете, конечно повеление, и без сумнения, по тракту отступления вашего и вправо и влево, по возможности, воспользуетесь угнать и увезти с собою, а другое истребить”[64]. Платаў так і рабіў. Напрыклад, у с. Чырвлёным былі пакінуты баркі з казённым харчаваннем. Атаман загадаў іх часткова разгрузіць: рачныя судны ён адправіў назад да Беліцы, а тое, што было выгружана на бераг, спаліў[65]. Такім жа чынам паступалі і іншыя ар’ергардныя часткі. Але з кожным днём гэтую задачу выконваць станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. З аднако боку, сваімі хуткімі дзеяннямі перашкаджаў праціўнік, з другога, – беларускае насельніцтва[66].

А вось нарыхтоўка харчовых і фуражных запасаў у Віцебскай губ. у час вайны ператварылася ў сапраўднае рабаванне. Канцэнтрацыя ўсёй 1-й Заходняй арміі ў Дрысенскім лагеры, а затым рух яе да Віцебска суправаджаўся такімі рэквізіцыямі, якіх не ведала ні адна губерня Беларусі. Напрыклад, толькі Люцынскі пав. выставіў па “ваеннаму патрабаванню” 20 тыс. коней[67]! У Дрысенскім пав. амаль усё насельніцтва было занята на перавозках і розных працах. Падводы з хлебнымі запасамі, які накіроўваліся да арміі, перахопліваліся асобнымі вайсковымі часткамі на падыходах да яе. Часта падводы разам з конямі забіраліся ў насельніцтва. Так, напрыклад было ў Оршы. “Дошло до моего сведения – гаварылася ў прадпісанні А.Рымскага-Корсакава маёру Падушкіну ад 2 ліпеня, – что некоторые нижние чины продают крестьянских и других лошадей, взятых войсками из Литвы”. Літоўскі ваенны губернатар загадваў, калі “таковое столь большое злоупотребление в Орше от кого делается, то брать такового под стражу, а лошадей отбирать”[68].

У выніку такога гаспадарання расейскіх войскаў у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня 1812 г. беларускае насельніцтва было ўжо на мяжы жыцця і смерці. Не дзіўна, што беларусы аказалі супраціў. Аб гэтым сведчыць, напр., кароткі загад А.Рымскага-Корсакава дрысенскаму павятоваму маршалку Рэдзіну ад 5 ліпеня аб арышце двух сялянаў памешчыка Храпавіцкага, якія забілі двух расейскіх салдат. “Заклепав в кандалы, – гаварылася ў ім, – отправить [их] при корпусе г. генерал-лейтенанта графа Витгенштейна к главной армии”[69]. Некаторыя расейскія салдаты ўласным жыццём заплацілі за рабаўніцтва.

Такім чынам, увядзенне ў красавіку 1812 г. ваеннага становішча на большай частцы тэрыторыі Беларусі было выклікана разладам фінансавай сістэмы Расейскай імперыі, жаданнем урада перакласці харчаванне арміі на насельніцтва памежных губерняў. Пры гэтым урад імкнуўся часткова стабілізаваць курс асігнацый за кошт захавання звонкай манеты ўнутры дзяржавы, выемкі абесцэненых асігнацый і абмена іх на 6% аблігацыі з гадавым тэрмінам пагашэння.

Стварэнне Галоўнага камітэта ваенных павіннасцей з’явілася кампрамісным рашэннем: з аднаго боку, яно дазволіла арганізаваць планамерную пастаўку харчавання, фуражу і падводаў для патрэбаў арміі, а з другога боку, абмежавала свавольства, рабаванне і гвалт, якія чынілі вайсковыя часткі ў губернях Беларусі ў часе самастойных фуражыровак. Тым не менш, стварэнне ГКВП, губернскіх і павятовых устаноў не вырашала ўсіх праблемаў у справе забеспячэння арміі ўсім неабходным, паколькі новыя структуры не спраўляліся з пастаўленымі задачамі. Таму ваеннае кіраўніцтва перайшло ад палітыкі “перніка” (заклікі да выканання абавязкаў, звароты да пачуцця патрыятызму), да палітыкі “бізуна” (пагрозы “употребить военную силу”). Але адміністрацыйныя меры вялі толькі да росту нездавальнення сярод жыхароў памежных губерняў. Сваімі дзеяннямі расейскія ўлады ўзмацнялі прафранцузскія настроі сярод беларускага насельніцтва.

Да пачатку ваенных дзеянняў расейскім уладам, за кошт жорсткай эксплуатацыі памежных губерняў, удалося вырашыць праблему з запасамі харчавання і фуражу ў месцах дыслакацыі Заходніх армій. Але ні пастаўка павозак у рухомы магазін, ні валоў і віна ў поўнай ступені выкананы не былі. Маруднасць у зборы рэквізіцый тлумачыцца, з аднаго боку, вялікай адлегласцю асобных паветаў ад месцаў збору, а з другога, – сабатажам з боку мясцовых памешчыкаў. У выніку, расейскія ўлады былі не здольны эвакуіраваць усе харчовыя і фуражныя запасы. Пспешнасць адступлення, а таксама супрацьдзеянне з боку беларускага насельніцтва, не дазволілі расейскім уладам поўнасцю знішчыць гэтыя запасы, якія дасталіся праціўніку.

  1. У беларускай гістарыяграфіі праблема ваеннага становішча раней не ўздымалася. Асобныя аспекты ўрадавай палітыкі вясной - летам 1812 г. паспрабавала адлюстраваць ў сваім артыкуле Ю.Літвіноўская (Унутраная палітыка ўрада Аляксандра І у Беларусі напярэдадні і ў час вайны 1812 года // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 5. С. 18–23). Але гэтая спроба аказалася не вельмі ўдалай. У артыкуле шмат памылак і скажэнняў.
  2. Журналы Комитета министров. Царствование императора Александра I. 1802-1826 гг. (Далей - ЖКМ). Т. II. 1810-1812 гг. Санкт-Петербург, 1891. С. 378.
  3. ЖКМ. Т. II. С. 383–384, 441.
  4. Без уліку надзвычайных авступленняў для Заходніх армій.
  5. ЖКМ. Т. II. С. 378.
  6. ЖКМ. Т. II. С. 378–379.
  7. Гл.: Полное собрание законов Российской империи с 1649 года. Собрание І. (Далей - ПСЗРИ – І.). Санкт-Петербург, 1830. Т. XXXII. № 25083.
  8. ЖКМ. Т. II. С. 379.
  9. Тамсама. Т. II. С. 379–380.
  10. Тамсама. Т. II. С. 380, 407–408.
  11. Сборник Русского исторического общества (Далей - Сборник РИО). Санкт-Петербург, 1909. Т. 128. С. 399; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 1537. Воп. 1. Ад.з. 1. Арк. 3–3 зв.
  12. У красавіку - маі 1812 г. гэта рашэнне было даведзена да ўсіх губернскіх і павятовых установаў. - Гл.: НГАБ у Менску. Ф. 1537. Воп. 1. Ад.з. 1. Арк. 2 зв., 6.
  13. У сучаснай літаратуры існуе шэраг трактовак гэтага паняцця. Гл. напр., Унифицированный словарь терминов, применяемых в пограничных войсках / Авт.-сост. А.Р.Залесский, В.Г.Соболевский. Минск, 2003. С. 22; Советский энциклопедический словарь. Москва, 1985. С. 235.
  14. ПСЗРИ – I. Т. XXXII. № 24975. С. 44–45.
  15. Тамсама. Т. XXXII. № 25035. С. 228–229.
  16. Тамсама. Т. XXXII. № 24975. Учреждение для управления Большой действующей армии. Ч. 3. Интендантское управление. Гл. 1. Отд. 6. Пар. 51. Ст. 2, 3, 4, 5; Гл. 2. Отд. 1. Пар. 59, 78, 89; Отд. 2. Пар. 106; Отд. 3. Пар. 112, 113, 114; Отд. 4. Пар. 124, 125, 129, 130.
  17. ПСЗРИ – I. Т. XXXII. № 25035. С. 229.
  18. Тамсама. Т. XXXII. № 25041. С. 234.
  19. НГАБ у Менску. Ф. 2001. Воп. 1. Ад.з. 21. Арк. 253. Па іншых дадзеных, 19 сакавіка. Гл.: Залесский К. Наполеоновские войны. 1799-1815: Биографический энциклопедический словарь. М., 2003. С. 225.
  20. НГАБ у Менску. Ф. 2001. Воп. 1. Ад.з. 21. Арк. 251-251 зв. Верагодна, што менавіта тады была ўведзена пасада часовага Менскага ваеннага губернатара.
  21. Віленская губ. з 16 красавіка пераходзіла пад непасрэднае кіраванне галоўнакамандуючага. Гл.: Сборник РИО. Т. 128. С. 398–399; ЖКМ. II. С. 406.
  22. Сборник РИО. Т. 128. С. 473.
  23. Виленский временник. Кн. V. Акты и документы архива виленского, ковенского и гродненского генерал-губернатоского управления, относящиеся к истории 1812-1813 гг. Ч. 1. Переписка по военной части. Вильна, 1912. С. 47.
  24. ЖКМ. Т. II. С. 406.
  25. Тамсама. Т. II. С. 508–509.
  26. Полоцко-Витебская старина. Витебск, 1916. Вып. 3. С. 244.
  27. 17 красавіка 1812 г. літоўскім ваенным губернатарам лічыўся галоўнакамандуючы Дунайскай арміі генерал М.Кутузаў.
  28. НГАБ у Менску. Ф. 1537. Воп. 1. Ад.з. 1. Арк. 255–255 зв.
  29. Тамсама. Ад.з. 1. Арк. 254–254 зв., 256–256 зв.
  30. Гл.: НГАБ у Менску. Ф. 1537. Воп. 1. Ад.з. 1. Арк. 25.
  31. Гл.: Тамсама. Ад.з. 1. Арк. 25, 29, 37, 53.
  32. Наколькі цяжкім было выкананне рэквізіцый па 6-й рэвізіі сведчаць шматлікія просьбы памешчыкаў і мяшчан аб выключэнні “мертвых” душ. - Гл.: НГАБ у Менску. Ф. 1537. Воп. 1.
  33. Гл.: НГАБ у Менску. Ф. 1537. Воп. 1. Ад.з. 1. Арк. 78. Больш падрабязна механізм рэквізіцый гл.: Виленский временник. Кн. V. Ч. 1. С. 88–94. Літвіноўская Ю. памылкова сцвярджае, што “казённыя палаты плацілі за правіант і фураж” (Літвіноўская Ю. Згад. тв. С. 20). На самой справе, квітанцыі нават не абменьваліся на аблігацыі і асігнацыі, паколькі гэта працэдура займала доўгі час, і большасць з іх была прад’яўлена да аплаты пасля вайны. Гл.: НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Ад.з. 45.
  34. Виленский временник. Кн. V. Ч. 1. С. 47.
  35. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 48.
  36. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 50–51.
  37. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 48–49.
  38. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 88–94.
  39. Яна фарміравалася шляхам адкамандзіроўкі служачых з губернскіх дваранскіх канцылярый.
  40. Виленский временник. Кн. V. Ч. 1. С. 49.
  41. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 54.
  42. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 50.
  43. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 54.
  44. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 98.
  45. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 99–100.
  46. Курляндская губ. не падпарадкоўвалася ГКВП. Аб пастаўцы правіанту, коней і паганятых з яе ваенны міністр аддаў уласныя загады курляндскаму грамадзянскаму губернатару. Гл., тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 98, 95.
  47. 5 чэрвеня М.Барклай дэ Толі дазволіў ГКВП збіраць замест валоў кароў, “в назначенном для быков весе и доброте”. Гл., тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 61–62.
  48. Акрамя Зельбургскага пав.
  49. Виленский временник. Кн. V. Ч. 1. С. 100–101.
  50. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 97–98; Гл.: “Исчисление вещей, нужных при каждой парковой повозке”, якое склаў Я.Канкрын. Гл., тамсама. С. 51–52.
  51. Виленский временник. Кн. V. Ч. 1. С. 55–56.
  52. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 95.
  53. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 58–59.
  54. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 52.
  55. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 52–53.
  56. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 94–95.
  57. Отечественная война 1812 года. Материалы Военно-ученого архива Главного штаба (ВУА). Отд. I. Переписка русских правительственных лиц и учреждений. Т. X. Подготовка к войне в 1812 г. (Март месяц). Санкт-Петербург, 1908. С. 219.
  58. Виленский временник. Кн. V. Ч. 1. С. 96.
  59. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 96.
  60. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 57.
  61. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 57–58.
  62. Гл.: Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 58–60.
  63. Виленский временник. Кн. V. Ч. 1. С. 60-61.
  64. 1812-1814: Секретная переписка генерала П.И.Багратиона. Личные письма генерала Н.Н.Раевского. Записки генерала М.С.Воронцова. Дневники офицеров Русской армии: Из собрания Государственного Исторического музея / Сост.: Ф.А.Петров и др. Москва, 1992. С. 33. Арфаграфія дакумента захавана.
  65. 1812-1814: Секретная переписка генерала П.И.Багратиона. С. 34.
  66. Гл.: Сборник РИО. Т. 128. С. 284; Краснянский В.Г. Минский департамент Великого княжества Литовского. Санкт-Петербург, 1902. С. 6.
  67. Виленский временник. Кн. V. Ч. 1. С. 83.
  68. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 106.
  69. Тамсама. Кн. V. Ч. 1. С. 106–107.

Крыніца: Гістарычны Альманах том 10 / 2004

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Стась напiсаў(ла) 19.03.2014 11:53
На сайце радыё Свабода патрапiлася наступная iнфармацыя, дзе указваецца вёска Зафранцузская грэбля. Магчыма вёска узнiкла пасля  1812 года?

ПРАКАПОВІЧ Аўгустын Ігнатавіч, нар. 1907 у в. Зафранцуская Грэбля Пухавіцкага р-ну, беларус, зь сялян, непісьменны, селянін, аднаасобная гаспадарка ў в. Зафранцуская Грэбля. Арыштаваны 32.05.06. Асуджаны 32.09.23 калегіяй ОГПУ за а/с агітацыю, як член к/р арганізацыі паводле арт. 58-2, 10 КК РСФСР на 5 гадоў ППЛ. 57.12.19 справа пераглядалася ВТ БВА. КГБ РБ 21002-с

Cтась напiсаў(ла) 15.04.2014 10:54

Максим Яковлевич фон Фок
(1777-1831)

ОСВЕДОМИТЕЛЬНЫЕ ПИСЬМА


Ваше Превосходительство,

Милостивый Государь!

На случай что Ваше Превосходительство не изволили еще читать в французских, цензурою задержанных ведомостях, Описание Суждения над некоторыми чиновниками тамошнего военного Министерства, которые были подкуплены нашим Посольством и передавали оному разные секретные бумаги; имею честь при сем препроводить подробный Список с следствия и приговора. Обстоятельство сие по верности своей заслуживает внимания и весьма любопытно.

К сему же осмеливаюсь присовокупить некоторые Городские слухи, мною собранные:

Чиновники Австрийского посольства единогласно уверяют, что Государь их расположен дружески к России, и что ополчается противу нас по принуждению Наполеона. Виртембергский двор сего же расположения, а прочие дворы Рейнского Союза разделены на два кромола, как и вся удрученная до крайности Германия.

Из дома Французского посла [25] разглашают, что хотя бы Государь Император и удвоил еще свою армию, то продолжительную войну вести не в силах, по причине недостатка в деньгах и неимении ни внутреннего ни внешнего кредита. Что обращение.

Ассигнаций в пограничных Губерниях вскоре совершенно прекратится; ибо постепенное унижение их достоинства, к чему все предпринятые французским Правительством меры способствуют, подорвут и последний их кредит; от чего непременный воспоследует в народе ропот. — Разве Россия полагает надежду на обманчивое золото Англии. Там же утверждают, что все сии обстоятельства подробно были объяснены при последнем свидании Лористона с Государственным Канцлером, который не упустит внушать Его Величеству о вредных происках Англии против Наполеона и о дружеском его расположении к России.Там же разсуждали о Сперанском, что невинность сего через Английские деньги погибшего человека в скором времени обнаружится.

Вестфальский посланник отзывался, что одно решительное сражение все окончит и что после Смерти Суворова и Каменскаго всякий Французский орел опытнее всякого Российского Генерала. Золотые же и Серебряные бомбы, коих Россия ожидает из Англии в Французских крепостях не подействуют и комендантов не прельстят.

Поляки, здесь проживающие, получили известие, что все войска наши спешат к Гродне, и что Гвардия идет форсированными маршами, из чего и заключают, что Манифест о войне там уже обнародован; но они же говорят, что все ополчения против Франции тщетны, хоть и в самом Герцогстве Варшавском находятся много недовольных Наполеоном и приверженных к России.

В Белорусских, Минской и других Польских Губерниях преданные Наполеону — коих между молодыми Поляками большое число — отличаются красными и белыми кафедратками и Сапожками a la Napoleon. — Сие известие заслуживает некоторое уважение, и меня уверяли что Виленские имеют белые и прочие красные шапки.

О Сперанском разглашают, что он в Нижнем Новгороде ходит свободно, что многие его там видели, что все обстоятельства его оправдают; ибо преступник такого рода, как о нем говорят, давно был бы наказан; что удалось токмо его неприятелям его от дел удалить и себя от надзора его избавить. — Говорят что он имеет партию в Гвардиях и между Губернаторами.

О Беке говорят, что он отравил себя ядом и что Магницкий вскоре последует его примеру.

Присем прилагаю рисунки сапогам a la Napoleon, которые весьма высоки и из самой толстой кожи.


С глубочайшим высокопочитанием и безпредель-ной приверженностью имею честь пребыть

Милостивый Государь,

Вашего Превосходительства

всепокорнейшим Слугою

Максим фон Фок

Апрель 28 д.

1812

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.