Слуцкае паўстаньне

(3 успамінаў удзельніка)
1953 г.

Пасьля няўдалае афэнзывы на "Аршаву" ўлетку 1920 г., бальшавіцкія горды вельмі хутка адкаціліся назад. На Случчыне яны затрымаліся ў 9-ці верстах на ўсход ад Слуцка, на рацэ Вясеі каля Кандратавічаў. А палякі, заняўшы Слуцак, далей на ўсход не пайшлі. Быў атрыманы загад аб спыненьні ваенных дзеяньняў, бо якраз у гэты час паміж палякамі й бальшавікамі пачаліся ў Рызе мірныя перагаворы, у выніку якіх быў падпісаны г. зв. Рыскі трактат аб міры. Гэтым ганебным трактатам жывое цела Беларусі было разрэзана на дзьве часткі, зь якіх большая прыпала Саветам. На Случчыне граніца паміж Польшчаю й Саветамі была вызначаная па рацэ Лані і гэткім чынам амаль уся Случчына заставалася Саветам. Палякі й бальшавікі былі гэтак задаволеныя з таго, што ім так добра ўдалося падзяліць скуру беларускага "мядзьведзя", што іхныя дэлегаты на мірнай канфэрэнцыі ў Рызе - жыд Іофэ і эндэк Домбскі, па падпісаньні трактату, навет пацалаваліся, прыпячатаўшы гэтым юдавым пацалункам падзел нашае бацькаўшчыны.

Зусім інакш зарэагавала на гэты ганебны падзел сама Беларусь, а перадусім Случчына, якой загражала новае паняволеньне крывавай бальшавіцкай дыктатуры. Вестка аб падпісаньні гэтага трактату выклікала на Случчыне вялікае абурэньне, уздым нацыянальнага пачуцьця і станоўчасьць збройна проціўставіцца новай навале бальшавіцкіх гордаў. Зь ініцыятывы Беларускага Нацыянальнага Камітэту на Случчыне пачалася гарачая праца па арганізацыі беларускай народнай міліцыі, якая, на думку арганізатараў, мела стацца зародкам беларускага вызвольнага войска. Палякі, якія хутка мелі адыйсьці на новую мяжу за раку Лань, не перашкаджалі ў гэтай працы, а некаторыя польскія абшарнікі, якія мелі на Случчыне вялікія маёнткі, навет спрыялі беларусам, бо спадзяваліся, што ў выпадку, калі б беларусам удалося адкінуць бальшавікоў хаця б за Бярэзіну, дык яны будуць магчы вярнуцца ў свае маёнткі.

Перад самым адыходам палякаў на новую мяжу, пайменна 21 лістапада 1920 году, у старых мурох Слуцкае гімназыі*, якая і ў часы царызму заўсёды лічылася рэвалюцыйнай і выхавала нямала беларускіх патрыётаў, адбыўся гістарычны зьезд прадстаўнікоў Случчыны. На зьездзе было звыш 100 дэлегатаў, у ліку якіх былі ня толькі прадстаўнікі іншых раёнаў нашае бацькаўшчыны, якія, уцякаючы ад бальшавікоў, выпадкова ў гэты час апынуліся ў Слуцку. Зьезд, які прайшоў зь вялікім нацыянальным уздымам, аднагалосна прыняў пастанову распачаць збройнае змаганьне з бальшавікамі з мэтаю здабыцьця вольнасьці й незалежнасьці для ўсёй Беларусі. Зьезд выдаў дэклярацыю, у якой абвяшчалася ўсяму сьвету аб тым, што беларускі народ распачынае змаганьне за вольную й незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах на аснове Акту 25 сакавіка 1918 году.

Кіраўніцтва паўстаньнем зьезд даручыў выбранай ім Радзе Случчыны, у якую ўвайшлі гэткія асобы: Уладзімер Пракулевіч, Васіль Русак, Паўлюк Жаўрыд, Юльян Сасноўскі, Радзюк, Мяшочак, Юрка Лістапад, Дубіна, Сяргей Бусел і яшчэ некалькі, усяго, здаецца, 17 сяброў.

Зараз жа пасьля зьезду ўся міліцыя зь вёсак і мястэчкаў была сьцягнена ў Слуцак. На Базарным пляцы адбыўся мітынг, на якім выступіў старшыня Рады Случчыны Ў. Пракулевіч і прадстаўнікі ад вайскоўцаў. Усе яны заклікалі беларускую моладзь да ўступленьня ў рады беларускага вызвольнага войска, а насельніцтва - да ахвярнасьці і падтрыманьня гэтага войска. Пасьля гэтага адбыўся пераход паўстанцаў ў Семежава (40 клм. на захад ад Слуцка), дзе і прабывала потым Рада Случчыны й штаб паўстаньня. Ужо ў наступны дзень пасьля пераходу ў Семежава пачалі зьбірацца ахвотнікі, якіх было так многа, што, з прычыны нястачы зброі й амуніцыі, ня было магчымасьці прыняць усіх жадаючых. Фактычна прыймалі ўдзел у збройным паўстаньні каля 3 500-4 000 паўстанцаў, у той час, як ахвотнікаў зьявілася каля 10 000 чалавек. Пачалася гарачая арганізацыйная праца. Былі арганізаваныя два палкі: Слуцкі і Грозаўскі. Камандзерам Слуцкага палка спачатку быў назначаны капітан Чайка. Але хутка было сьцьверджана, што ён зьяўляецца правакатарам - бальшавіцкім агентам. Ён быў арыштаваны й адданы пад суд, але з-пад арышту яму ўдалося ўцячы да бальшавікоў. На яго месца камандзерам Слуцкага палка быў назначаны палкоўнік Гаўрыловіч, а камандаваньне Грозаўскага палка абняў капітан Семянюка**. 3 гэтых двух палкоў была ўтворана Беларуская Брыгада Случчыны, на чале якой стаў капітан Сокал-Кутылоўскі (пасьля апошняй вайны выдадзены амэрыканцамі Саветам). Дзякуючы прысутнасьці ў штабе дасьветчаных вайскоўцаў, нармальная праца наладзілася хутка. Быў зарганізаваны добры палявы шпіталь і розныя іншыя спэцыяльныя вайсковыя аддзелы. Яшчэ ў Семежаве пачалася арганізацыя вайсковага суду, які пазьней быў пераведзены ў вёску Грыцэвічы. Суд гэты быў твораны на ўзор нямецкіх судоў "шэфэнаў". На чале яго стаяў старшыня Янка Біруковіч, а, як радныя, уваходзілі два прадстаўнікі ад вайскоўцаў. Апрача гэтага быў пракурор і вайсковыя сьледчыя.

Пачалося няроўнае змаганьне. Без гарматаў, кулямётаў, а часта й зусім бяз зброі, слуцкія паўстанцы зь вялікай адвагай кінуліся ў бой за сьвятыя нацыянальныя ідэялы, за вольнасьць і незалежнасьць мілае бацькаўшчыны. Аўтару гэтых радкоў давялося ў сваім жыцьці быць сьветкам збройных змаганьняў розных партызанцкіх і паўстанцкіх аддзелаў, асабліва на Ўкраіне, але нідзе ня прышлося бачыць гэткай ахвярнасьці і гэткае сьведамасьці мэты змаганьня, як у слуцкіх паўстанцаў. Між іншым нельга не адцеміць аднае, можа і дробнае, але вельмі характэрнае рысы Слуцкага паўстаньня, якая хіба найлепей сьветчыць аб тым, якія глыбокія карані гэтае паўстаньне мела ў беларускім народзе, асабліва ў ягонай сялянскай масе. Гэта рыса - адсутнасьць рэквізыцыяў. Слуцкая Брыгада - гэта была пэўне адзіная ў сьвеце вайсковая фармацыя, якая нічога ня брала ў насельніцтва і не рабіла ніякіх рэквізыцыяў. У гэтым, урэшце, ня было й патрэбы, бо ўсё патрэбнае для войска, як прадукты, фураж, а навет вопратку, сяляне самі дабраахвотна прывозілі ў Семежава. Амаль што дня ў Семежава прыбывалі абозы з усім патрэбным і звычайна на першым возе красаваўся бел-чырвона-белы сьцяг.

Рада Случчыны выдала заклік да чырвонаармейцаў, каб яны здаваліся ў палон, гарантуючы ім бясьпеку й вольнасьць. Напачатку шмат іх здавалася. Першыя баі былі вельмі ўдачныя. Паўстанцы пасунуліся навет на лінію Грозава - Цімкавічы - Раманава - Вызна і наступалі ўжо на Старобін. Але бальшавікі кінулі супраць паўстанцаў вялікую сілу латышоў, кітайцаў і іншых "інародцаў", якія ў палон не здаваліся. Пасьля жорсткіх баёў, у якіх слуцкія паўстанцы выказалі многа гэраізму, яны змушаныя былі 28 сьнежня 1920 году адыйсьці за раку Лань, дзе і былі раззброеныя палякамі. Аднак шмат паўстанцаў засталося ў лясох Случчыны і там доўга яшчэ змагаліся з ворагамі бацькаўшчыны.

Трэба адцеміць выдатную помач, якую Слуцкім паўстанцам аказвала Беларуская Вайсковая Камісыя ў Горадні. У дапамогу паўстанцам яна прыслала выдатных вайскоўцаў: маёра Якубецкага, капітана Борыка, капітана Клюку й іншых, а беларускія жанчыны Горадзеншчыны ахвяравалі паўстанцам надта прыгожы сьцяг з надпісам: "Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына".

Слуцкае паўстаньне скончылася фізычнай перамогай ворагаў нашае бацькаўшчыны. Аднак чын Слуцкіх паўстанцаў мае вялізарнае значэньне ў гісторыі беларускага вызвольнага руху, бо гэтае паўстаньне было першым, арганізаваным у дзяржаўным маштабе, збройным змаганьнем за вызваленьне ўсей Беларусі. Хаця Слуцкае паўстаньне і было абмежаванае тэрытарыяльна толькі межамі Слуцкага павету, аднак яно ня было толькі мясцовым, лякальным паўстаньнем, але мела ўсе рысы ўсенароднага агульнабеларускага збройнага змаганьня ў дзяржаўным маштабе. І гэта ня толькі дзеля таго, што Рада Случчыны вяла змаганьне пад сьцягам Беларускае Народнае Рэспублікі і мэтай гэтага змаганьня паставіла сабе здабыцьцё незалежнасьці на аснове Акту 25 Сакавіка, але і дзеля таго, што ў радох Слуцкіх паўстанцаў фактычна змагаліся прадстаўнікі ўсей Беларусі: былі там беларусы з Магілеўшчыны, Віцебшчыны, Гомельшчыны і г. д., ня кажучы ўжо аб тых беларусах, якія паходзілі з часткі Беларусі, якая засталася ў межах Польшчы. Гэтаксама і на Слуцкім зьездзе, як ужо ўспаміналася вышэй, былі прадстаўнікі амаль усіх куткоў нашае бацькаўшчыны.

Слуцкае паўстаньне давяло ўсяму сьвету волю беларускага народу да самастойнага незалежнага жыцьця. Яно давяло, што беларускі народ рашуча й станоўка адкідае апеку "старэйшых братоў", як з Захаду, гэтак і з Усходу. 3 задаваленьнем можам сьцьвердзіць, што гэтыя слаўныя традыцыі Слуцкіх паўстанцаў жывуць далей і ў нашай эміграцыі, якая таксама рашуча адкідае розныя спробы гэтых няпрошаных "братоў" накінуць нашаму народу, пасьля вызваленьня ад бальшавізму, новае ярмо паняволеньня.

А. К.
Бацькаўшчына. 1953. 7 студзеня.

* Аўтар успамінаў памыляецца ў даце ды месцы правядзеньня Зьезду Случчыны. Зьезд адбываўся 14-15 лістапада 1920 г. у слуцкім доме Э.Вайніловіча.

** Маецца на ўвазе Лукаш Сяменік (Семянюк).

Крыніца: Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах - Мінск : Медысонт, 2006. - 400 с.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.