І. Клюкоўскі - Успаміны аб падзеях паўстання 1830-1831 гадоў
- Паўстанне Ашмянскага павету
- Завілейскае паўстанне
- Аб'яднанне літоўскіх паўстанцаў з польскімі войскамі
- Эмісарства
- Варшава (2 жніў[ня] - 7 верас[ня])
- Выхад з Варшавы
- Блуканне
Паўстанне Ашмянскага павету
Караль Пшэздзецкі - адзін з арганізатараў ашмянскага выступлення, узначальваў апалчэнне, палкоўнік конных уланаў. Пасля паражэння пад Ашмянамі далучыўся да фарміравання Д. Хлапоўскага. З 15 чэрвеня 1831 года знаходзіўся пры штабе А. Гелгуда, з якім і перайшоў межы Прусіі....што адзначае гэты нечаканы адыход, аднак нідзе яго дагнаць не атрымалася. Амаль у міле ад Ашмян спаткаў шэфа штаба Язвінскага, які рухаўся разам з войскам, каторы мне паведаміў, што на ваеннай радзе, што адбылася пасля выхаду з Ашмян, было прынята рашэнне аб адступленні перад перавышаючай сілай праціўніка ў кірунку лясоў, абараняючыся да таго моманту, пакуль не будуць арганізаваны нашыя сілы. I што Пшэздзецкі, пакінуўшы войска без паведамлення, накіраваўся проста да Смаргоні.
У гэтай сітуацыі, калі паўстанцкае войска пакінуў кіраўнік, вопыт якога выклікаў поўны давер, натуральна, што мусіў аслабець духоўны настрой, хаця гэтага яшчэ зусім не выяўлялася. Крычалі болей аб здрадзе, недаверу ў распачатую справу і баязлівасць, але ні прыпыняць дзейнасць, ні адхіляцца ад мэты ўвесь натоўп нават не меркаваў. Вышэйшая вайсковая ўлада зноў была вернута Важынскаму, і зноў чакалі, бо яго яшчэ разам з войскам не было, і рабілі на яго паклёп, што таксама збег з Ашмян.
Калі ў такой няўпэўненасці рушыўся без усялякай мэты па мінскаму гасцінцу паўстанцкі натоўп, разам перамешаны, сялянства, узброенае пікамі і косамі, з конніцай і экіпажамі, спяваючы набожныя посныя песні; і калі ўсё шэсце болей мела падабенства да нейкай узброенай і набожнай працэсіі, чым да ваеннага хвалявання, калі мы ўжо аддаліліся ад Ашмян на паўтары мілі, завылі недалёка гарматы. Праз шматлюдныя шэрэнгі натоўпу прабег непакой, спыніліся спевы, і ў глухім нараканні мы вырашалі, у які бок падацца. Адныя жадалі на Смаргонь, другія на Баруны і Вішнева. У такім раздваенні поглядаў пры сталым гуку адлеглых гармат і марнай трывазе, узнятай баязлівым шэфам штабу Язвінскім, у праходзе праз лясныя мясціны разбеглася шмат сялянства, і цэлыя атрады паразміналіся ў дарозе. У разброд нам не верылася. I толькі ў вечары таго ж самага лня [3 красавіка] сабраліся хаатычна паразбеглыя і збіўшыяся са шляху атрады за Жупранскай пушчай у вёсцы Заблоць званай, куды раней прыбыў з атрадам Важынскі. Была створана наспех рада, і вырашана прасоўвацца ў кірунку лясоў каля Вішнева.
Пад час нашай дарогі ў малым мястэчку Суцькава застала нас паведамленне ад Пшэздзецкага, што ён моцна шкадуе аб тым, што застаўся адсунутым ад нас непрыяцельскім войскам, якое не пажадала за ім адступаць; што, як хутчэй з намі жадае аб'яднацца, што яго займае толькі распачатае паўстанне і г. д. Нягледзячы на тое, што было гэта звычайнай адгаворкай, гэта навіна ўзрадавала простых людзей, што яны хутка дачакаюцца свайго генерала. У сэрцах беднага сялянства ажыла надзея і ахвота. Хутка, як і абяцаў, прыбыў Пшэздзецкі. Была створана ваенная рада, на якой адныя прапаноўвалі аб'яднацца з вілейскімі паўстанцамі, а другія арганізоўвацца ў Вішнева. Якія довады скланялі да гэтага абодва бакі, убачым ніжэй. Зараз звернем увагу на дзень забойстваў і разні ў Ашмянах 3 красавіка.
Да самага мястэчка болей чым з тысячай пяхоты, да пяцісот конных чаркесаў і кабардзінаў, з чатырма гарматамі, двума пазіцыйнымі і двума палявымі, набліжаўся Вярзілін. Усе адпаведна загадам адступілі. Адзін толькі Сцяльніцкі, якому ў паўстанні было даручана фарміраванне конніцы, ці ад таго, што не зразумеў распараджэння, ці з-за ўпартасці, ці дрэнна зразумелай адвагі, застаўся ў мястэчку з дваццаццю чалавекамі з конніцы і стральцоў, перамешаных з касінерамі.
Пачынаючы з восьмай гадзіны раніцы маскалі пачалі няспынна страляць з гармат па мястэчку, напэўна для запужвання паўстанцаў магутнасцю сваёй артылерыі. У хуткасці закацілі яны на Віленскую вуліцу палявую гармату. Сцяльніцкі атакаваў яе ўздоўж вуліцы, аднак некалькі выстралаў карцеччу разбілі і рассыпалі конніцу, якая налічвала каля дваццаці чалавек і добраахвотна кінулася на пагібель з-за неразумнага загаду асляплёнага кіраўніка.
Мацвей Храпавіцкі - віленскі і гродненскі ваенны губернатар, знят з пасады ў жніўні 1831 года за нерашучыя дзеянні па падаўленню паўстання.Пасля таго, як невялікі атрад Сцяльніцкага быў разбіты, неўтаймаваны зброд уварваўся ў горад, быццам яго захапілі штурмам, не прапускаючы ні слабога пола, ні састарэлых. Для іх не было нічога святога. Жанчыны і дзеці, схаваўшыяся пад боскай аховай у касцёле, палі ахвярай лютасці раз'юшаных дзікуноў. I была гэта ахвяра, апырсканая крывёю бязвінных! Не прыпыняліся забойствы на вуліцах. Былі забіты два ксяндзы, жыхары Завадскі, Ган і ш[мат] і[ншых]. Аднак сама смерць яшчэ не знішчала ў вачах полчышч акупантаў выступлення з узняццем зброі за вольнасць. Ім патрэбны былі яшчэ пакутніцкія забойствы. У якасці трафеяў перамогі варвараў над бяззбройным народам застанецца ўспарыванне нутра ў аднаго з жыхароў, калі дапытваліся ў яго пра грошы; рассяканне доктара Закржэўскага, і забойства каля двухсот простых жыхароў. Іх кроў цяжарам ляжа на галаву віноўніка ўсяго гэтага - Храпавіцкага, калі людскія паводзіны на зямлі паддаюцца вышэйшай наканаванасці, наўмысна паслаўшай зборышча катаў для таго, каб спалохаць паўстанцаў!
Закапаўшы шматлікія кучы няшчасных ахвяр, Вярзілін вярнуўся ў Вільна, а яго войска знаходзілася ў стане трыумфу, вартага часоў Тамерлана, займалася крадзяжом начыння з касцёлаў і прыватнай уласнасці забітых жыхароў. Так помсцілі бязвінным і бяззбройным у XIX стагоддзі! Але што значаць стагоддзі для варварскага ўрада? Любы дэспатызм ніколі не ведае мяжы і зменаў.
Пасля вяртання расійскай улады ў Ашмяны, разаслалі ў розныя бакі шукаць Тышкевіча, Важынскага і мяне, а нашы маёнткі трапілі пад канфіскацыю, каб спагнаць тую суму грошаў, якая была забрана з пошты на выдаткі паўстання. Члены Камітэта Ваньковіч і Сарока зніклі загадзя. 3 першым не ведаю, што стала, а другога злавілі чаркесы ў Крэва і, закаванага ў кайданы, адвезлі ў Вільна. Гэты паважаны стары, які некалькі разоў бачыў падымаючуюся з труны айчыну, адважна ішоў на насільніцкі суд, размаўляючы з сапраўднай шляхетнай адвагай: "Можаце адабраць апошнія дні майго жыцця, якое і так ужо хутка скончыцца. Не шмат чым мая смерць вам спатрэбіцца. А Польшча была і быць павінна".
Калі адбывалася гэта ў мясцінах, пакінутых паўстанцамі, у Суцькава на ваеннай радзе атрымаў перамогу праект аб размяшчэнні ў Вішнева. Намер Язвінскага аб аб'яднанні з вілейскімі паўстанцамі быў адхілены.
Вішнева, размешчанае ў лясным атачэнні, давала добры прытулак яшчэ не сфарміраваным нашым сілам. Жалезаапрацоўчая фабрыка абяцала лёгкае забеспячэнне зброяй і карцеччу. Але найважнейшым было тое, што мы засталіся на тэрыторыі павета, займаліся арганізаваннем сваіх сіл, садзейнічалі ўзмацненню ў гэтых мясцінах духу, і раз'яднанню непрыяцельскіх сіл на значных прасторах. Наколькі гэты намер меў слушную перавагу над шкадлівым аб'яднаннем у вялікія масы, што супярэчыць прыродзе партызанскай вайны, выявіў вопыт. Бо, сабраўшыяся паўсюль у адным месцы, нявопытныя і дрэнна ўзброенныя натоўпы паўстанцаў былі разбіты і раз'яднаны ў адкрытых бітвах. I наадварот, найлепей распаўсюджвалася паўстанне, дзе паўстанцы праводзілі малую вайну невялікімі групамі, пазбягаючы шыкоўных бітваў. Аднак усё сапсавала баязлівасць і адсутнасць духу ў ваеннага кіраўніка.
Ежы Сарока - дзейнічаў у складзе ашмянскіх паўстанцаў, член ашмянскага ўрадавага камітэта. Арыштаваны, сядзеў у турме. Рашэннем ваеннага суда асуджаны да смяротнага пакарання. Памёр у турме.Перад самым выхадам з Суцькава ў Вішнева з Вільна прыбылі поўныя запалу ў поўным узбраенні больш за дваццаць акадэмікаў. (Усе гэтыя акадэмікі падзялялі ўсе цяжары нашага паўстання ажно да аб'яднання з рэгулярнымі польскімі войскамі, і пазней ажно да заканчэння вайны служылі айчыне як простыя салдаты. Варта, каб іх імёны былі запісаны. Былі гэта наступныя - Лазоўскі, Цэзарый Свянціцкі, Свентаржыцкі, М. Ленартовіч, Якубоўскі, Навіцкі, Адам Махвіц, Пятроўскі, Эрнест Вашкелевіч, Савіцкі, а з німі і іншая цывільная моладзь, Канстанцін Янкоўскі і шмат іншых, каторых прозвішча ў гэтую хвіліну прыгадаць не магу). Такі ўзнёслы дух моладзі ўзрадаваў усіх паўстанцаў. Выступілі мы ў вызначаным кірунку. Прыпыніліся на адзін дзень у Крэва, дзе мясцоваму кіраўніку Шаціле27, быўшаму калісьці легіянеру, было даручана фарміраванне і збор паўстанцаў Быў ён п'яніцай па прафесіі, як звычайна гэта адбываецца са старымі салдатамі, не шмат здолеў ён зрабіць, так як хутка яго, сапраўды п'янага, як мне паведамілі, засеклі чаркесы.
Адтуль рушылі мы, як было запланавана, спешным маршам у накірунку Вішнева. Прыпыніліся перад ім, а яўрэі, якія ўжо не аднойчы здраджвалі нашаму паўстанню, занепакоеныя нечаканым падыходам узброенных паўстанцаў у колькасці да паўтары тысячы, выйшлі да нас з хлебам і соллю.
Пасля адпачынку на працягу ночы і наступнага дня, у значным бязладдзі сабранага натоўпу паўстанцаў, выйшлі ўвечары і сталі біваком у полі. Гэта было першы раз, калі ўбачылі мы сапраўднае абознае вогнішча і войска наша размеркаванае і пастаўленае лагерам. Выставілі мы пікеты і заставы. Усё гэта ўпарадкоўваў Язвінскі. Ён адзін меў хоць якое ўяўленне аб вайсковай навуцы, будучы з гэтага часу душою і правадніком усяго. Без яго ўсё развалілася б ад бязладдзя.
Назаўтра, пасля таго як выйшлі мы ў поле, калі спакойна цэлым штабам абедалі ў Пшэздзецкага, пачуліся блізкія выстралы вартаўнікоў. Яны такім чынам паведамлялі, што падыходзяць маскалі. Як можна хутчэй падрыхтаваліся мы да бою, размясціўшы ў густых, каля дарогі зарасніках стральцоў, а кавалерыю выставіўшы недалёка ад гасцінца, на раўніне каля леса, а на дарозе - гарматкі. [8/20 красав[іка]. Маскалі супраць нас выслалі эскадрон гусараў і эскадрон уланаў, перамешаных з казакамі. Аднак пасля таго, як нашы стральцы пачалі страляць і падстрэлілі двух гусараў, астатнія разбегліся.
Перамога засталася за намі, і дух, які пахіснуўся, ажыў нязмерна. Аднак паведамленне аб падступаючай да мястэчка артылерыі, у склад якой уваходзіла дзесяць ці адзінаццаць гармат, а болей баязлівасць Пшэздзецкага, патрабавала ад нас адступлення ад Вішнева і пошуку больш бяспечнага месца.
Расіяне не пасмелі атакаваць нас у густых і забалочаных зарасніках, яны, налічвая каля тысячы пяхоты і кавалерыі, спакойна прыпыніліся ў Вішнева, заставіўшы гарматы ў болынай частцы ў дэмантаваным ці сапсаваным выглядзе з другога боку мястэчка. Мы са свайго боку адступілі да Бакштаў, а затым да Руму, шукаючы бяспечнага месца, дзе бы спакойна, падрыхтоўваючы наша паўстанне, маглі б затым стаць небяспечнымі і дзейнічаць у сваім павеце.
Людвік Барталамей Ясінскі - ксёндз Ашмянскага павета, скончыў школу ў Гродна. У 1824 прыняў сан, належаў да ордэна дамініканцаў. У паўстанні з сакавіка 1831 года, дзейнічаў сярод ашмянцаў. Пазней капелан 12-га ўланскага палка ў корпусе А. Гелгуда. Адышоў у Прусію.Праз тыдзень нашага побыту ў Руме пачаў сярод нас аднаўляцца парадак. Пачыналі мы фарміраваць новыя сілы, ці па меньшай меры рабілі для таго пасільныя намаганні. Намі былі сабраны запасы харчавання і ўсё неабходнае для прывядзення паўстанцаў у парадак. Гэтаму дапамагала блізкае размяшчэнне маёнтка Валожын, які належаў Тышкевічу, адкуль мы шляхам рэквізіцыі скарысталіся ўсім, што нам было патрэбна. Адным словам, арганізаваліся мы нанава.
Нечакана прыбылі ад вілейскага паўстання маршалак Гіцэвіч і Аскерка, адрэзаныя ад сваіх і жадаючыя ў сувязі з гэтым аб'яднацца з намі, ці шукаць прытулку. Яны сумавалі з-за слабасьці павятовых літоўскіх паўстанняў Адчувалі слабасць вілейскіх сіл, аднак і нашым давяраць не маглі, аглядаючы пазбіраны натоўп, які складаўся з людзей, не прыстасаваных для гэтай справы. I назаўтра яны пакінулі нас, жадаючы прабірацца да сваіх. Іх намерам з'яўлялася аб'яднанне абодвух паўстанняў памежных паветаў. Аднак сталы наш намер дзейнічаць у сваім павеце, і недавер з іх боку ў нашыя сілы да той ступені, каб маглі яны са сваім паўстаннем аддацца пад нашу апеку, як напачатку сабе ўяўлялі, разладзіла гэтае аб'яднанне і пакінула ўсё лёсу.
Калі ўсё гэта адбывалася, не ведалі мы аб тым, што недалёка знаходзіцца непрыяцель. [17/29 красавіка]. У вялікую пятніцу ранкам былі зняты нашыя пікеты; затым усе селі на коней. Я выехаў аглядаць нашыя заставы, а расійскія фарпосты ўжо набліжаліся прамой дарогай праз лес. Толькі я паспеў аб гэтым паведаміць Пшэздзецкага, як два гарматных выстралы абвясцілі пачатак атакі непрыяцеля на нашу конніцу, якая знаходзілася ў авангардзе. Руткоўскі з падраздзяленнем стральцоў і добраахвотнікаў з татараў, якому была даручана арганізацыя засады ў лесе, ці ад баязлівасці, ці ад несвядомасці, не выстраліўшы ніводнага разу, прапусціў эскадрон уланаў, які дзейнічаў для падстрахоўкі гармат. Пасля таго, як былі адрамантаваны на роўнай і сухой дарозе масткі, разбураныя намі, маскалі закацілі некалькі лёгкіх гармат і зрабіўшы некалькі выстралаў карцеччу, рассыпалі нашу пяхоту, складзеную пабольшасці з касінераў. А стральцы, якія знаходзіліся ў засадзе, без усялякіх выстралаў рассыпаліся перад маскоўскімі егерамі, якія іх высочвалі. Яшчэ абараняўся са сваім падраздзяленнем пяхоты адважны віленскі акадэмік Пудзіноўскі, які ўтрымліваў наш ар'ергард. Ён палажыў болей за дзесятак уланаў, якія імкнуліся прайсці наперад, аднак з падыходам перавышаючай па колькасці непрыяцельскай пяхоты быў вымушаны адыйсці і схавацца ў лесе. Такім чынам, пасля таго як былі разбіты нашы сілы, адышлі мы пад абстрэлам карцечы, налічваючы ледзь восемдзесят коннікаў, разам з Важынскім, Пшэздзецкім, Язвінскім, а таксама Ленартовічам і некалькімі дзесяткамі акадэмікаў праз раку ў брод і балоцісты луг. Услед нам маскалі бросілі яшчэ некалькі гранат, якія аднак не нанеслі нам ніякай шкоды.
Пасля гэтага Саф'янаў са сваім падраздзяленнем увайшоў у вёску Рум. Ад падпаленых ім сядзіб пачаўся пажар, які спаліў магазін, астаўлены намі. Не жадаючы ці не адважваючыся атакаваць таго, што засталося ад нас у лесе, накіраваўся ён да Бакштаў. Там ён перастрэльваўся яшчэ з невялікім нашым атрадам, пакінутым у Бакштах, і затым выступіў далей, у накірунку Вішнева.
Юзаф Зянковіч - памешчык з Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1831 эмісар ЦВПК, адзін з ініцыятараў выступлення ў Ашмянах, кіраваў конным палком ашмянскага апалчэння, затым капітан атрада познаньскай конніцы, 5-га палка лінейнай пяхоты, ад'ютант генерала Серакоўскага, у Варшаву прыбыў у складзе корпуса Г. Дэмбінскага. З 28 ліпеня маёр 16-га палка лінейнай пяхоты. 9 жніўня 1831 абраны паслом на сейм ад Ашмянскага павета, адзначаны залатым крыжам. Пасля паразы паўстання эміграваў у Францыю.Страціўшы ўсе нашыя сілы, і знаходзячыся ў натуральным бязладдзі з мноствам паклажы ў лесе, адправіліся мы рыссю на Яцкаў, што на мяжы Вілейскага павету. А парушаныя ў час адступлення, ці яшчэ раней, масты не дазволілі раз'яднаным нашым часткам аб'яднацца паміж сабой.
Пад час нашага адыходу на Яцкаў, у Завілейскі павет, калі мы праходзілі праз Доры, прыпыніліся мы ноччу ў маёнтку Куроўскага, дзе Язвінскі, які меў тут знаёмых, застаўся сам і пераканаў у гэтым Важынскага, з якім надалей разам хаваўся па лясах. У такім стане, калі ўсе перасварыліся, на створанай наспех радзе, пастанавілі, што ўсе, хто застаўся, павінны прасоўвацца ў Завілейскі павет і аб'ядноўвацца з мясцовым паўстаннем, так як вілейскае [выступленне] было разагнана і адсунута далей да Мінскай губерні, і не магло нам абяцаць ніякай дапамогі.
Калі мы ішлі для аб'яднання з завілейскім паўстаннем, Пшэздзецкі спаткаў у Аборку Гіцэвіча, які засцярог, што рассыпаныя ў гэтых мясцінах казакі не дазволяць нам ніякім спосабам здзейсніць запланаванае. Не маючы ніводнага спосабу вызваліцца і пазбавіцца ад помсты непрыяцеля, вырашылі мы ў прылягаючым засценку, Целяткі названым, размешчаным у недаступным лясным балоцістым месцы, схавацца на гой час, а затым паасобку шукаць прыстанішча ў завілейскіх паўстанцаў.
Закапаўшы дзве нашы гарматкі, астаткі амуніцыі і паперы, раздаўшы ксёндзу Ясінскаму, Францішку Чаховічу35 і іншым некаторую дапамогу, узяўшы пры гэтым 350 чырвоных злотых для мяне, Зянковіча і Ленартовіча з мэтай забеспячэння зброяй нанава і аказання дапамогі іншым у выпадку, калі яны з намі аб'яднаюцца, пакінуўшы таксама застаўшыяся грошы, што складала каля 40 000 зл[отых], Пшэздзецкаму для перадачы іх жмудскім паўстанцам для вайсковых патрэб, куды ён павінен быў трапіць, вырушылі мы прабірацца ў Завілейскі павет.
Пазней гэтыя грошы былі аддадзены Гелгуду, і, напэўна, без карысці для краіны аселі дзесьці ў Прусіі.
Тым часам часткі нашага паўстання рознымі невялікімі атрадамі прабіраліся ў Завілейскі павет. Я, Зянковіч, Каэтан Ленартовіч, Бутлер і некалькі акадэмікаў, апранутыя пасялянску, везлі ўпотайкі на ўдзельным возе нашу зброю. Прабіраліся мы па бездарожжу на Маркава, Шведы, Гануту, Войстан, Вішнева Сулістроўскай, Дубраўляны, Свір, Лынтупы - да Свянцян, куды прыбылі, наколькі сабе магу нагадаць, 22 красавіка г[этага] г[ода].
Пад час гэтай нашай дарогі заязджаў я разам з Зянковічам да Гюнтэра. Ён прымаў нас з вялікай расчуленасцю і ветлівасцю, аднак яго патрыятызм не пашыраўся настолькі, каб ахвяраваць [на агульную справу] свой маёнтак і сваю асобу. Як сам мне паведаміў, маючы ўзброенных і належным чынам апранутых людзей, не даставіў іх аднак вышэйшым уладам мясцавых паўстанняў, асцерагаючыся пераследавання расіян. Я не магу судзіць, ці рабіў ён гэта з-за разважлівасці, асцярогі, боязі ці з-за іншых якіх прычын, не ведаю ніякіх аб гэтых абставінах падрабязнасцяў. Ведаю толькі, што завілейскія паўстанцы адзываліся аб ім не найлепшым чынам.
I вось рэшткі ашмянскага паўстання, налічвае каля 40 коней і столькі ж пешых стральцоў, зліліся ў адно цэлае з завілейскім паўстаннем з намерам падзяляць далейшы лёс паўстаўшай Літвы.
Значыць, калі мы выратаваліся, маглі зноў быць карыснымі ў вайсковай службе для айчыны. Важынскі, які хаваўся па лясах і там шукаў сховішча ад перамагаючага ворага, трапіў яму ў рукі. Збіраючыся перабрацца са сваімі, служыўшымі ў яго людзьмі, з вілейскіх лясоў у Баруньскую пушчу, наблізіўся ён да свайго маёнтку Аляны. Асцерагаючыся там паказацца, ён выслаў з лесу свайго даверанага чалавека, каб той паведаміў жонцы пра месца яго знаходжання і правёў яе для спаткання. Аднак на няшчасце арэндатар яўрэй даведаўся аб гэтым і данёс казакам, якія стаялі недалёка. Яны прыбылі ў гэтае месца, схапілі прысланага чалавека і пачалі яго распытваць пра пана. А калі не атрымалася ні пагрозамі, ні розгамі нічога ад яго даведацца, паставілі няшчаснага басым на распаленую патэльню. Небарака ад нясцерпнага болю выдаў месца, дзе хаваўся яго пан, якога адразу ж выцягнулі з лесу, павезлі ў Вільню і пасадзілі ў турму. Што стала з ім далей, даведацца я не змог.
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.