25-га Сакавіка

Успаміны з Менску, Будслава, Вільні, Прагі, савецкай турмы

Гэтыя пяць абразкоў успамінаў - адзін з Першага Ўсебеларускага Кангрэсу й чатыры з сьвяткаваньня 25-га Сакавіка ў розных часох, розных мясцох і абставінах - прысьвячаюцца двум шэсьцьдзесяцігадовым юбілеям: Першага Ўсебеларускага Кангрэсу і абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Успаміны пра 25-га Сакавіка друкаваліся ў 1953 годзе ў Таронта, у газэце "Беларускі Эмігрант". У гэтым выданьні зроблены папраўкі й малыя зьмены.

Да пяцёх абразкоў успамінаў падаю дадаткі: сваю брашурку "БНР ці БССР" і тры Ўстаўныя Граматы Рады БНР, якія пазволіў сабе перадрукаваць з "Запісаў" БІНІМу No.13, 1975 г., каб папулярызаваць веду пра Беларускую Народную Рэспубліку й асновы ейнай канстытуцыі.

Пры канцы падаю карту Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была залучана да брашуры праф. Доўнар-Запольскага "Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі", выданай у 1919 г. ў Горадні на беларускай і францускай мовах. Мапа гэта была прадстаўлена Надзвычайнай Місіяй Б.Н.Р. на мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы ў 1919-20 г. Тут яна падаецца ў зьменшаным выглядзе, а францускія напісы заменены ангельскімі. Апрача таго паказаны межы БССР і якія беларускія тэрыторыі далучаны да суседніх рэспублікаў.

Аўтар

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.